Ф. Клімчук. ДА ГЛОТАГЕНЕЗУ БЕЛАРУСАЎ

Аўт, 17 лютага 2009

Беларуская мова

Цэтлікі: глотагенез, паходжанне мовы

Катэгорыі: Беларуская мова

            Паняцце “беларуская мова” ўключае як пісьмова-літаратурную мову, так і народныя гаворкі. 
            Фармаванне новай беларускай літаратурнай мовы адбывалася з канца XVIII да пачатку ХХ ст. Склалася яна на аснове народных гаворак. У яе фармаванні значную ролю адыграла так званае кайнэ – г. зн. такая разнавіднасць вуснага маўлення, якой карыстаіся пры зносінах носьбіты розных блізкіх паміж сабой народных гаворак.

            Захавалася вялікая колькасць помнікаў старабеларускай пісьмова-ліаратурнай мовы XIIIXVIII стст. Яна склалася ў выніку ўзаемадзеяння беларускіх народных гаворак, старажытнарускай і царкоўнаславянскай моўных сістэм пры вялікім уплыве кніжных традіцый. Пра тыповую старабеларускую літаратурную мову можна гаварыць не раней канца XIV ст. Мову помнікаў ХІІІ  XIV ст., для якой характэрны асобныя беларускія рысы, часам называюць “полацка-смаленскім дыялектам”. Можна яе называць таксама беларускім варыянтам старажытнарускай пісьмова-літаратурнай кніжнай мовы.

            Хоць у аснове старабеларускай кніжнай мовы яжаць беларускія народныя гаворкі, аднак а апошніх яна істотна адрозніваецца старажытнарускім, царкоўнаславянскім, нярэдка яшчэ і польскім кампанентамі. У ёй таксама напісанне часта не адпавядае вымаленню. Напрыклад, такія тыповыя беларускія рысы, як аканне і цеканне-дзеканне ў старабеларускай кніжнай мове, як правіла, на пісьме не адлюстроўваюцца.

            Раней, у ХІ – ХІІІ стст., у эпоху Кіеўскай Русі, на ўсходнеславянскіх землях, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, функцыянавалі дзве кніжныя мовы: старажытнаруская і царкоўнаславянская. Царкоўнаславянская належыць да паўднёваславянскіх моваў; яна прыйшла на Русь разам з хрысціянствам. Што да старажытнарускай кніжнай мовы, на якой, у прыватнасці, напісаны “Аповесць мінулых гадоў” (“Повесть временных лет”), “Руская праўда” і іншыя помнікі, дык у ёй відаць два кампаненты – усходнеславянскі і паўднёваславянскі. Ужо такая двухкампанентнасць старажытнарускай пісьмовай мовы, калі розныя кампаненты належаць да розных моўных груп, з’яўляецца яркай прыкметай таго, што гэта мова кніжная, што ад жывога народнага маўлення яна адрозніваецца істотна. Паўднёваславянскі кампанент старажытнарускай кніжнай мовы ўзыходзіць да мовы царкоўнаславянскай. Што датычыцца яе ўсходнеславянскага кампанента, дык ён усходзіць да пэўных усходнеславянскіх гаворак таго часу. Якія гэта маглі быць гаворкі? Канкрэтныя звесткі пра ўсходнеславянскія гаворкі ХІ – ХІІІ стст. адсутнічаюць. Але ж пэўныя элементы тагачасных гаворак захаваліся і да нашага часу ў гаворках сучасных. Таму супастаўленне сістэмы старажытнарускай кніжнай мовы, якая мае фундаментальныя навуковыя апісанні, з сістэмамі сучасных гаворак дазволіць зрабіць пэўныя вывады хаця б на ўзроўні гіпотэзы. Дасць магчымасць выказаць  нейкія меркаванні адносна пастаўленага пытання і ўлік палітычнай сітуацыі ХІ – ХІІІ стст. Як вядома, сталіцай Русі таго часу з’яўляўся Кіеў, а другім па значэнні буйным цэнтрам быў Ноўгарад. Таму можна дапусціць, што на фармаванне старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мовы, у прыватнасці яе ўсходнеславянскага кампанента, найбольшы ўплыў аказалі гаворкі Кіеўскай зямлі. Але, відаць, не абыходзілася і без уплыву ноўгарадскай гаворкі. Спрыяла, магчыма, гэтаму тое, што славянскае насельніцтва ноўгарадскай зямлі ў значнай ступені фармавалася ў выніку міграцый з поўдня па р. Дзясне і верхнім Дняпры.

            Калі рабіць супастаўленні сістэм старажытнарускай пісьмова-літаратурнай з сучаснымі гаворкамі, дык выяўляецца наступнае. У старажытнарускай пісьмовай мове адсутнічаюць найбольш яркія рысы сучасных усходнеславянскіх моваў: беларускае цеканне-дзеканне, беларускае і паўднёварускае аканне, украінскі ікавізм і інш. Найбольш блізкія па сваёй структуры да старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мовы (перш за ўсё па фанектычных рысах) усходнеславянскія гаворкі часцей за ўсё можна сустрэць на беларуска-ўкраінскім моўным паграніччы, г. зн. у Палессі, зрэдку таксама на поўначы Расіі. Але такія гаворкі астраўныя. Хутчэй за ўсё, гэта невялічкія “асколкі” некалі буйных масіваў. Чаму гаворкі гэтых масіваў маглі актыўна ўплываць на старажытнарускую кніжную мову? Відаць, таму, што яны ўключалі наваколлі Кіева, сталіцы Русі, і Ноўгарада. Старажытнаруская пісьмова-літаратурная мова хутчэй за ўсё арыентавалася не на ўсе ўсходнеславянскія гаворкі, а на нейкія прэстыжныя дыялекты.

            Мову значнай колькасці помнікаў XIII – XIV стст., як ужо гаварылася, нярэдка называюць “полацка-смаленскім дыялектам”. Напісаны яны пераважна на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Аснова гэтай мовы тая ж, што і іншых усходнеславянскіх помнікаў таго часу, напісаных старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мовай. Аднак у кніжным “полацка-смаленскім дыялекце” ёсць беларускія моўныя рысы.

            Жывая беларуская народная мова найбольш поўна адлюстроўваецца ў шматлікіх запісах дыялектных тэкстаў ХІХ – ХХ стст. Да іх прымыкаюць розныя дыялектныя слоўнікі і аапісанні гаворак. Далей ідуць мастацкія творы, напісаныя ў канцы XVIII, XIX і на пачатку ХХ ст. Мова гэтых твораў блізкая да тых ці іншых народных гаворак. Ды і сучасная беларуская літаратурная мова, у першую чаргу мова многіх іастацкіх твораў, не вельмі адрозніваецца ад беларускіх народных гаворак, у першую чаргу цэнтральных.

            Беларуская мова інтэрмедый XVIXVIII стст. – гэта фактычна жывая народная гаворка з невялікай стылізацыяй [1]. Адрозненне гэтай мовы ад мовы дыялектных тэкстаў ХІХ – ХХ стст. нязначнае.

            Існуе багатая літаратура XVIXVIII стст. на беларускай народнай мове, пісаная арабскім пісьмом [2]. Стварылі яе беларускія (беларуска-літоўскія) татары, якія рана згубілі татарскую мову і перайшлі ў большасці на мову беларускую.

            Такім чынам, самыя старадаўнія зафіксаваныя ўзоры тыповай беларускай мовы адносяцца да XVI ст. З таго часу прайшлі чатыры стагоддзі, а беларуская народная мова практычна не змянілася. Праўда, для нашага часу гэта датычыцца традыцыйнай гаворкі. Мы не ўлічваем разнавіднасцей так званай  трасянкі, якая цяпер шырока бытуе не толькі ў горадзе, але і ў вёсцы.

            Калі за апошнія чатыры стагоддзі ў беларускай народнай мове не адбылося якіх-небудзь глабальных змен, дык можна меркаваць, што падобнае назіралася і ў папярэднія 400 гадоў (XIIXV стст.), і ў ранейшыя 400 гадоў (VIIIXI стст.).

            “Рэвалюцыі” магчымы толькі ў пісьмова-літаратурнай мове. Адбываюцца яны дзякуючы розным “рэформам”, знешнім уплывам, аўтарытэтам культурных дзеячаў і г. д. У народнай мове такіх “рэвалюцый” не можа быць. Народнай мовай карыстаецца абсалютная большасць людзей таго ці іншага населенага пункта, таго ці іншага рэгіёна, прычым паўсядзённа. Прымусіць людзей рэзка змяніць структуру сваёй гаворкі немагчыма. Калі ў нейкай мясцовасці жыве адно і тое ж насельніцтва, што змяняецца ў пакаленнях, дык змены ў яго гаворцы адбываюцца вельмі павольна. Унукі ледзь заўважаюць розніцу ў сваім маўленні і маўленні сваіх дзядоў. Хутчэй можа адбыцца замена адной мовы другой мовай, чым утварыцца нейкая зусім новая асаблівасць у гаворцы.

            Аднак народныя гаворкі, хоць і павольна, але мяняліся. У сувязі з гэтыі паўстае пытанне: якія гаворкі, што існавалі на тэрыторыі Беларусі ў старадаўнія часы, можна назваць беларускімі?

            Прывядзём аналогіі з нашага часа. Гаворкам Тураўшчыны не ўласціва такая беларуская моўная рыса, як аканне. Тым не менш даследчыкі без усякіх агаворак адносяць іх да беларускіх, паколькі абсалютная большасць іх рысаў тая ж, што і ў іншых гаворках асноўнага масіву беларускай мовы. У некаторых гаворках паўднёвай часткі Нараўлянскага раёна адсутнічае цеканне-дзеканне, хоць для іх характэрна аканне і іншыя тыповыя беларускія моўныя рысы. Гэтыя гаворкі таксама ўсе даследчыкі адносяць да беларускіх. На поўдні Жыткавіцкага раёна ёсць гаворкі, у якіх адсутнічае як аканне, так і цеканне-дзеканне. Але па асноўных рысах гэтыя гаворкі аб’ядноўваюцца з гаворкамі асноўнага масіву беларускай мовы. Таму даследчыкі адносяць гэтыя гаворкі да беларускіх.

            Такі крытэрый мы можам перанесці і на мінулае. Беларускімі мы будзем лічыць тыя старажытныя гаворкі, якія хоць і адрозніваюцца істотна ад сучасных, але, па-першае, паводле комплекса рысаў аб’ядноўваюцца з сучаснымі беларускімі гаворкамі, а, па-другое, таксама па комплексах рысаў адрозніваліся ад сінхронных ім родасных дыялектных груп на тэрыторыі асноўнай часткі Украіны і асноўнай часткі Расіі.

            Якія ж рысы, характэрныя для сучасных беларускіх гаворак, існавалі ў старадаўніх беларускіх гаворках, а якія не? Адказаць на гэтае пытанне не можам з-за адсутнасці канкрэтных звестак пра старадаўнія гаворкі. Каб даць хоць частковы адказ, патрэбны шматлікія навуковыя даследаванні, якія былі б прысвечаны асобным моўным з’явам, асобным словам і г. д. Між тым няма яснасці нават у кардынальных пытаннях. Напрыклад, такія характэрныя для беларускай мовы рысы, як аканне і дзеканне-цеканне, адны даследчыкі лічаць з’явамі параўнальна поздняга часу, другія, наадварот, дапускаюць, што яны ў частцы гаворак пашырыліся яшчэ ў праславянскі час. Тым не менш адсутнасць у старадаўніх гаворках на тэрыторыі Беларусі пэўных рысаў, якія сучасным беларускім гаворкам уласцівы, і наяўнасць у іх рысаў, якія для сучасных гаворак не характэрны, не заўсёды даюць падставы для таго, каб гэтыя гаворкі беларускімі не лічыць.  

            Як вядома, кожная пісьмова-літаратурная мова так ці інакш узыходзіць да мовы народнай. Таму гаворачы пра ўзнікненне беларускай мовы, як мовы этнасу ці субэтнасу, мы павінны мець на ўвазе перш за ўсё ўзнікненне беларускай мовы як сістэмы гаворак.

            Як ужо гаварылася, самыя раннія звесткі пра некаторыя асаблівасці беларускай мовы мы знаходзім толькі ў помніках ХІІІ ст., а больш-менш іх сістэмны комплекс – толькі з канца XIV ст. Але канец  XIV ст. – гэта ўжо пройдзены этап, беларуская мова як сістэма ўжо зафіксавана. Народная ж мова мяняецца павольна. Таму час канчаткавага выдзялення беларускай моўнай сістэмы з усходнеславянскага моўнага кантынууму мы павінны аднесці на некалькі стагоддзяў раней.

            Удакладніць жа некаторыя моманты ранняга беларускага этна- і глотагенезу нам, магчыма, дапаможа аналіз розных экстралінгвістычных фактаў.

            Як вядома, паскараюць моўныя працэсы і змены міграцыйныя рухі і змешванне на адной і той жа тэрыторыі разнамоўнага і рознадыялектнага насельніцтва. На тэрыторыі Беларусі здаўна, на працягу стагоддзяў адбываліся кантакты славян і балтаў. У рэшце рэшт тут перамог славянскі моўны кампанент. І ўсё ж асіміляцыя балтаў адбывалася даволі павольна. На працягу апошніх двух тысячагоддзяў найбольш інтэнсіўныя міграцыйныя рухі на беларускай этнічнай тэрыторыі характэрны для двух перыядаў: сярэдзіна І тыс. н. э. і VIIIX стст. Сярэдзіна І тыс. н. э. – гэта каец эпохі вялікага перасялення народаў. Пазней, у V – VIII стст., на асноўнай частцы тэрыторыі Беларусі і ў сумежных рэгіёнах наступіла пэўная стабільнасць – тут склалася археалагічная супольнасць банцараўскага ці калочынска-банцараўска-тушамлянскага тыпу [3]. Міграцыі  VIIIX стст. на тэрыторыі Беларусі адбываліся галоўным чынам у двух напрамках [4]. Першы – з сярэдняга Надпрыпяцця (раён Турава – Мазыра) на поўнач, у раён Слуцка, Мінска, Барысава, адсюль, з раёна Слуцка і Мінска, на захад, у верхняе Панямонне. Другі накірунак – з поўначы на поўдзень – з раёна Пскова ў раён Полацка, затым на Барысаў і Магілёў. Першы накірунак звязан з фармаваннем дрыгавічоў, другі – з фармаваннем крывічоў. Ёсць падставы меркаваць, што азначаныя міграцыйныя рухі VIIIX стст. адыгралі пэўную ролю ў будучым дзяленні беларускага моўнага арэалу на два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні.

Найбольш пашыраны пункт гледжання навуковай і вучэбнай літаратуры адносна паходжання беларускай мовы як сістэмы гаворак наступны. У эпоху Кіеўскай Русі амаль поўнасцю сцёрліся былыя адрозненні паміж усходнеславянскімі гаворкамі. Новыя рысы, якія адрозніваюць сучасныя ўсходнеславянскія мовы, узніклі пазней.

Беларуская мова як сістэма гаворак склалася ў XIVXVI стст., у эпоху Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Зараджэнне жа асобных беларускіх моўных рысаў адбылося не раней чым другая палова ХІІІ ст. Тэорыя гэтая, на нашу думку, спрошчаная. Па-першая, паводле яе, фактычна атаясамліваюцца кніжная і народная мовы ўсходніх славян часоў Кіеўскай Русі і больш позніх. Па-другое ж, яна зводзіцца ўсяго да адной прычыны, якая быццам бы вычленіла з усходнеславянскага кантынууму баларускі моўны арэал – да адасаблення часткі ўсходніх славян у межах Вялікага Княства Літоўскага.Эпоха гэтая, безумоўна, вельмі ў гісторыі Беларусі. У гэты час завяршыўся працэс фармавання беларускай народнасці, склалася старабеларуская пісьмова-літаратурная мова, у нейкай ступені можна гаварыць і пра завяршэнне фармавання беларускай мовы, як дыялектнай сістэмы. Аднак нельга згадзіцца з тым, што на працягу ўсяго толькі аднаго стагоддзя, уключаючы другую палову ХІІІ і першую палову XIV ст., на тэрыторыі Беларусі, як і на тэрыторыі Украіны і Расіі, адбыліся нейкія “рэвалюцыйныя” ці “глабальныя” змены – замест адной старажытнарускай мовы штварыліся не толькі тры пісьмова-літаратурныя, але і тры народныя ўсходнеславянскія мовы – беларуская, руская і ўкраінская. Згодна з дадзенай тэорыяй, у эпоху Кіеўскай Русі ўсходнеславянскія гаворкі адрозніваліся паміж сабой зусім нязначна. Але ці ёсць падставы для такога сцвярджэння? Многія вучоныя тыя працэсы, якія адбываліся ў старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мове, апрыёры пераносяць на ўсходнеславянскія гаворкі таго часу. Між тым старажытнаруская пісьмова-літаратурная мова і ўсходнеславянскія гаворкі ІХ – ХІІІ стст. – гэта розныя рэчы. Пра апошнія (народныя гаворкі) мы ведаем мала. Гэта, па-першае, усходнеславянскі кампанент у старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мове, які арыентаваўся пераважна толькі на некаторыя, прэстыжныя ў той час гаворкі, а па-другое – гэта ўсходнеславянізмы ў царкоўнаславянскіх тэкстах.

Нам, у прыватнасці, імпануе думка тых даследчыкаў, якія гавораць, што нельга сцвярджаць, нібы ўсходнеславянскія гаворкі часоў Кіеўскай Русі адрозніваліся паміж сабою менш ці больш, чым усходнеславянскія гаворкі нашага часу.

Зноў вяртаемся да эпохі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У XIVXVI стст. у яго склад уваходзілі ўсходнеславянскія землі, дзе жылі нашчадкі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў, севяран, палян кіеўскіх, улічаў, паўднёвых бужан, валынян. Калі б адзінай прычынай вычлянення беларускага этнасу з усходнеславянскага кантынуума з’яўлялася адасабленне той часткі ўсходніх славян, якія жылі ў межах Вялікага Княства Літоўскага, дык на ўсіх адзначаных землях былі б пашыраны беларускія гаворкі. Гэтага, аднак, не адбылося. Беларускі моўна-этнічны катынуум у асноўным абмежаваўся былымі землямі дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў. Як вядома, збліжаюцца, кансалідуюцца ў першую чаргу тыя кампаненты, якія і раней былі блізкімі. Гэта прымушае думаць, што гаворкі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў уяўлялі сабой пэўную блізкародасную групу, якая супрацьпастаўлялася іншым славянскім гаворкам.

Такому сцвярджэнню, аднак, нібы нібы супярэчаць звесткі археалогіі [5]. Так, паводле дадзеных археалагічнай навукі, крывічы, дрыгавічы і радзімічы не ўтваралі нейкую блізкародасную групу ўнутры ўсходнеславянскага арэала. Культура крывічоў характарызавалася значнай спецыфікай. Радзімічы былі блізкія да вяцічаў і севяран. Дрыгавіча жа ўваходзілі ў адну групу (паўднёва-заходнюю, ці паўднёвую) разам з драўлянамі, кіеўскімі палянамі і валынянамі.

Археалагічныя факты, а таксама дыялектныя рысы паўднёва-заходняга беларускага дыялекту (шэраг яго асаблівасцей з’яўляюцца агульнымі і для паўночнаўкраінскіх гаворак) прывялі некаторых вучоных да думкі, што продкі носьбітаў паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы і паўночнаўкраінскіх гаворак у мінулым складалі адно цэлае – так званую паўднёвую зону старажытнарускай мовы [6]. І толькі потым, у часы Вялікага Княства Літоўскага, гаворкі паўднёва-заходняй Беларусі быццам былі асіміляваны ўласна беларускімі гаворкамі паўднёва-заходняй Беларусі. Ці магло такое адбыцца? На нашу думку гэта немагчыма. У часы Вялікага Княства Літоўскага паўночна-ўсходняя Беларусь не займала нейкае прывілеяванае становішча ў адносінах да Беларусі паўднёва-заходняй. А калі і займала б, дык паўднёва-заходняя Беларусь – гэта вялікая тэрыторыя, і моўная асіміляцыя ў параўнальна кароткі час тут была б немагчымай.

Матэрыяльная культура, духоўная культура, мова – гэта ўсё розныя рэчы. У арэальным плане яны могуць істотна адрознівацца. У якасці прыкладу можна назваць паўночную галіну данскіх казакоў і разанскіх расіян у ХІХ ст. – гаворкі амаль аднолькавыя, а матэрыяльная і духоўная культуры адрозніваюцца вельмі істотна. Усё гэта сведчыць на карысць думкі, што гаворкі крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў былі блізкія і маглі ўтвараць пэўную еднасць на ўсходнеславянскім кантынууме, хоць па археалагічных прыкметах гэтыя плямёны адрозніваліся паміж сабой істотна.

Што ж магло прывесці да супольнасці крывіцкіх, дрыгавіцкіх і радзіміцкіх гаворак, якая хутчэй за ўсё існавала? Безумоўна гэта была моўна-этнічная супольнасць, якая склалася яшчэ да ўтварэння летапісных крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, паколькі ў эпохі існавання гэтых плямён дамінавала тэндэнцыя раздзялення насельніцтва, якое жыло на тэрыторыі сучаснай Беларусі, на крывіцкую, дрыгавіцкую і радзіміцкую часткі, а не яго кансалідацыі.

Летапісным крывічам, дрыгавічам, радзімічам папярэднічае так званая банцараўская (інакш – “банцараўска-тушамлянска-калочынская”) эпоха. Гэта была эпоха пэўнай стабілізацыі і згуртавання насельніцтва, паколькі ў той час на асноўнай тэрыторыі Беларусі і ў прылягаючых раёнах (Смаленшчына, заходняя Браншчына і інш.) існавала аднастайная культурная еднасць. Банцараўская эпоха, якая скончылася ў першай палове VIII ст.,— гэта, безумоўна, важны этап у гісторыі беларускага этна- і глотагенезу. У VIII ст. пачалося ўжо раздзяленне банцараўскай супольнасці на крывіцкую і дрыгавіцкую зоны. Гэты “падзел” закончыўся ў Х ст., але ён не закрануў паўднёвага ўсходу Беларусі, дзе сфармаваліся радзімічы.

На нашу думку, беларуская дыялектная супольнасць і беларускі этнадыялектны арэал да VIII стагоддзя ўжо склаліся. Безумоўна, тагачасныя славянскія гаворкі на тэрыторыі Беларусі істотна, відаць, адрозніваліся ад сучасных. Але прынцыпова сітуацыі гэта не мяняе. Які навуковы “статус” надаць беларускай дыялектнай супольнасці VIII ст. для нас неістотна. Для адных, магчыма, будзе больш прымальны статус – “беларуская мова”, другія аддадуць перавагу статусу “ўсходнеславянскі беларускі дыялект” ці “беларускі дыялект старажытнарускай мовы”. Усё гэта ўжо больш залежыць ад канцэпцыі даследчыка, чым ад самой сітуацыі.

Такім чынам, разгледжаны матэрыял дае падставы дапускаць, што беларусы як этнас ці субэтнас з яго мовай, як сістэмай гаворак, з яго тэрыторыяй, якая параўнальна блізкая да тэрыторыі рассялення этнічных беларусаў у ХІХ – ХХ стст., склаўся ў VVIII стст. Гэта не выключае таго, што вытокі беларускай мовы можна аднесці да больш ранняга часу. Так, В. Мартынаў, у прыватнасці, піша: “Дыялект, на якім пабудавана сённяшняя новая беларуская мова, узнік вельмі рана, не ў XІV стагоддзі, а дзесці на пачатку нашай эры” [7].

 

ЛІТАРАТУРА

1)      Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. – Мн., 1985. – Т. 2. – С 590; Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. – Мн., 1980. – С. 148 – 208; Intermedia wschodnios?owia?skie XVIXVIII wieku. – Wroc?aw etc., 1967.

2)      Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. – Вильнюс, 1968; Антонович А. К. Краткий обзор белорусских текстов, писанных арабским письмом // Полесье: Лингвистика, археология, топонимика. – М., 1968. – С. 256 – 299.

3)      Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. – Мн., 1993. – С. 72 – 73, 297, 570 – 571, 619; Седов В. В. Восточные славяне в VI – XIII вв. // Археология СССР. – М., 1982. – С. 29 – 41; Чарняўскі М. М. Славяне, неўры, гуты, балты // Народн. газ. – 1991. – 19 сак.; Ён жа, Неўры, гуты, балты славяне // Эўрыка: Нарысы. Мн., 1993. – С. 3 – 11.

4)      Седов В. В. Восточные славяне в VI – XIII вв. – С. 46 – 58, 114 – 116, 119 – 122.

5)      Седов В. В. Восточные славяне в VI – XIII вв. – С. 46 – 58, 90 – 122, 133 – 140, 143 – 169.

6)      Хабургаев Г. А. Этнонимы «Повести временных лет» в связи с задачами реконструкции восточнославянского глоттогенеза. М., 1979. – С. 51 – 68.

7)      Мартынаў В. У. Канцэпцыя трохмоўнай калыскі не вытрымлівае крытыкі // Наша слова, 1994, 2 сак. 

(Беларусь паміж усходам і захадам. – Ч. 2. – Мн., 1997. – С. 126— 133)