Т. Маслюкоў БЕЛАРУСКІЯ МІКРАТАПОНІМЫ Ў ПОЛЬСКАМОЎНЫХ ДАКУМЕНТАХ XVII ст
Цэтлікі: геаграфічныя назвы, мікратапанімія
Катэгорыі: Беларуская мова
У апошнія гады не толькі сярод спецыялістаў, але і ў колах краязнаўчай грамадскасці пашырылася цікавасць да мікратапонімаў – назваў невялікіх прыродна-геаграфічных аб’ектаў: малых рэчак і ручаёў, балот, лясоў, палеткаў. Да мікратапонімаў адносяцца таксама і найменні асобных участкаў мясцовасці, палян у лесе, узгоркаў, вялізных камянёў. Мікратапонімы з’яўляюцца сваеасаблівай мовай зямлі, яны – частка культуры народа. І хоць вывучэннем як мікратапонімаў, так і ўсіх тапонімаў (геаграфічных назваў) займаецца тапанімія – спецыяльная частка анамастыкі, але без удзелу спецыялістаў іншых філалагічных навук, а таксама гісторыкаў, краязнаўцаў немагчыма сабраць і захаваць тую вялікую моўную спадчыну, якую пакінуі нам мінулыя стагоддзі ў выглядзе мікратапонімаў.
Часцей за ўсё даследчыкі збіраюць і сістэматызуюць мікратапонімы, што існуюць на дадзены час у вусным варыянце, ці зафіксаваныя пісьмова. Паколькі гэтай работай звычайна займаюцца спецыялісты-філолагі, у поле зроку навукоўцаў не заўсёды трапляюць мікратапонімы, якія сустракаюцца ў пісьмовых гістарычных крыніцах. У сваю чаргу гісторыкі пры рабоце з архіўнымі дакументамі, надаючы больш увагі сацыяльна-эканамічным, ваенным і іншым пытанням пры даследаванні мінулага той ці іншай мясцовасці, значна меньш увагі надаюць мікратапаніміцы, асабліва таму, што мікратапонімы раскіданы ў тэкстах без якой-небудзь сістэмы.
Але ў пісьмовых крыніцах XVI – XVII стст. утрымліваецца вельмі аб’ёмны па памерах і цікавы па змесце мікратапанімічны матэрыял. Асабліва гэта датычыцца такіх гістарычных дакументаў, як інвентарныя вопісы старостваў (воласцей) адміністрацыйна-гаспадарчых адзінак у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, якія ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Вопісы праводзіліся ў сувязі з зямельнай рэформай – валочнай памерай. Паколькі староствы займалі ўсю гісторыю сучаснай Беларусі, па інвентарных вопісах можна скласці даволі падрабязную мікратапанімічную карту многіх мясцовасцей і цэлых рэгіёнаў па стане на XVI – XVIII стст. Для збору мікратапонімаў важнай з’яўляецца і тая акалічнасць, што опісы старостваў праводзіліся перыядычна. Напрыклад, вопісы Бабруйскага староства Мінскага ваяводства былі праведзеныя 1600, 1639, 1671 гадах і дапаўняюцца вопісамі асобных двароў у 1668 г., а таксама рэестрамі падаткаў староства 1620 і 1671 гг. Такім чынам, па вопісах можна прасачыць дынаміку функцыянавання мікратапонімаў на працягу стагоддзя.
Для сістэматызацыі мікратапонімаў той ці іншай мясцовасці па інвентарных вопісах важна таксакма і тое, што ў часы Вялікага Кнгяства і Рэчы Паспалітай рэвізоры, што праводзілі вопісы, звычайна перадавалі гучанне мікратапонімаў без скажэнняў (хоць асобныя памылкі не выключаны). Яны не ставілі перад сабой мэты стварць новыя назвы для ўчасткаў мясцовасці, запісы рабіліся даволі дэталёва і дакладна. У тыя часы мясцовасці яшчэ не былі змененыя ў выніку правядзення шасейных і чыгуначных шляхоў, меліярацыі і іншых работ. Гэтага нельга сказаць пра дакументы часоў Расійскай дзяржавы. Тут – у выніку як адміністрацыйных пераўладкаванняў, так і змянення межаў маёнткаў, перадачы зямельных валоданняў новым уладальнікам – на геаметрычных планах з’яўляюцца адмыслова прыдуманыя найменні ўчасткаў мясцовасцей.
Значная частка інвентарных дакументаў па староствах была скадзена на польскай мове, якая з’яўлялася асноўнай у справаводстве Рэчы Паспалітай. Таму транслітарацыя мікратапонімаў павінна весціся з улікам беларускіх гукавых нормаў.
Прывядзем прыклад мікратапонімаў у наваколлях аднаго толькі населенага пункта – вёскі Шацілкі (цяпер горад Светлагорск), па польскамоўным інвентарным вопісе Бабруйскага староства1639 г. (апублікаваны ў “Актах Виленской комиссии”). У той час Шацілкі ўвахлдзілі ў склад Парыцкага двара (дваром тут называецца частка староства). Усяго ў раздзеле вопісу, прысвечанага Шацілкам, згадваецца 25 мікратапонімаў. З іх дзесяць адносяцца да сенажацей (Алоса, Асава, Града, Грушкі, Дзеравянка, Душэнкі, Істопц, Лешгавец, Рабчыцкі Востраў, Уборыя), чатыры найменні абазначаюць палі (Баброва Навіна, Іванава, Навіна Дуброўка, Максімава Навіна). Шацілкаўскія балоты прадстаўленыя з назовамі: Галы Узрэўскія, Даманіха, Перавор. Маецца ў дакуменце назва лесу – Стражоўскі Бор. Астатнія сем мікратапонімаў прадметна не акрэслены, але іх таксама можна ідэнтыфікаваць: Галы Стражовіцкія, Жарэла Драгоцкае – несумненна балоты; Доўгія Нівы, Цярэшкава Навіна – верагодна, палі; Вярбу, Зуеў Дуб – магчыма асобныя дрэвы, назвы якіх перайшлі на ўчасткі мясцовасці; Вярхі – напэўна, ўзгоркавы ўчастак мясцовасці. Дарэчы, некаторыя з мікратапонімаў пазней увасобіліся ў назвах населеных пунктаў. Напрыклад, найменне Остапц (сенажаць) – вёска Істопкі (Жлобінскі р-н).
Пры спробе параўнаць пададзныя ў вопісах мікратапонімы з сучаснымі вуснымі найменнямі участкаў ландшафту адразу былі выяўлены шэсць супадзенняў.
(Беларусь паміж усходам і захадам. – Ч. 2. – Мн., 1997. – С. 170— 171)
Сер, 18 лютага 2009
Беларуская мова