A. Кіклевіч, A. Пацехіна. БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ НОРМА: ДЫНАМІК I IНАВАЫІ (ПА МАТЭРЫЯЛАХ СУЧАСНАГА БЕЛАРУСКАГА ДРУКУ)

Суб, 21 лютага 2009

Беларуская мова,Навіны

Цэтлікі: норма, стыль

Катэгорыі: Беларуская мова, Навіны

1. Уступ

Змены палітычных, сацыяльных i эканамічных адносін у беларускім грамадстве ў другой палове 80-х – пачатку 90-х гадоў суправаджаліся актыўнымі працэсамі ў беларускай мове, якія, галоўным чынам, датычыліся пашырэння сферы яе выкарыстання, а таксама характару яе кадыфікацыі. Стаўленне да літаратурнай нормы падзяліла беларускую iнтэлігенцыю на два лагеры: «кансерватараў» i «рэфарматараў» (Bieder 1995, 410). Апошнія iмкнуліся да таго, каб змяніць iснуючыя моўныя нормы, перш за ўсё – арфаграфічныя. Пры гэтым яны абапіраліся на выдадзеную ў 1918 годзе «Беларускую граматыку для школ» Б.Тарашкевіча (Тарашкевіч 1929/1991), па ацэнцы «рэфарматараў» – «die klassische und beispielhafte Variante der wei?russischen Standartsprache» (Bieder 1995, 410). У кароткай прадмове да факсімільнага выдання Граматыкі Тарашкевіча нават даволі памяркоўны прыхільнік моўных рэформ акадэмік А.I.Падлужны звяртаў увагу на тое, што яе шырокае вывучэнне не толькі адкрые магчымасць “пазнаёміцца ў поўным аб’ёмё з правапіснымі i граматычнымі нормамі 20-х гадоў, параўнаць iх з iснуючымі зараз, зрабіць ацэнку граматычнай тэрміналогіi таго перыяду i цяперашнюю”, але таксама дазволіць “ацаніць, што можна ў з н а в i ц ь (разрадка наша. – А.П., А.К.) з былых часоў”.

Акадэмічная граматыка i выдадзеныя на яе аснове падручнікі беларускай мовы крытыкаваліся як русіфікатарскія. Афіцыйная літаратурная норма, перш за ўсё сістэма арфаграфіi, якая была зацверджана рэформай 1933 года – так званая «наркамаўка», супрацьпастаўлялася «тарашкевіцы» – новай норме, якая, на думку, «рэфарматараў» не мела рыс савецкасці i рускасці. У беларускамоўных перыядычных выданнях пачаўся перыяд арфаграфічнага валюнтарызму (Шуба 1998): адны кіраваліся «наркамаўкай», другія – «тарашкевіцай», што часам сустракалася нават на старонках аднаго i таго ж выдання. Так, аўтары часопіса «Спадчына» мелі права па ўласнаму жаданню выбіраць адну з дзвюх версій арфаграфіi.

Рэформа беларускага правапісу шырока абмяркоўвалася ў грамадстве – на шматлікіх канферэнцыях, семінарах, сходах. У дыскусіях прымалі ўдзел не толькі, а нават не столькі прафесійныя лінгвісты, колькі аматары – стыхійныя беларусісты: настаўнікі, студэнты, рабочыя, вайскоўцы, пенсіянеры... Была створана дзяржаўная камісія па рэформе правапісу. Аднак здзяйсненне рэформы аказалася справай даволі складанай, тым больш што ні «кансерватары», ні «рэфарматары» не прадугледжвалі кампрамісных рашэнняў, таму выпрацаванне новага, “кампраміснага” правапісу – адно з рашэнняў акадэмічнай канферэнцыі 1992 году – так і не было зрэалізавана. Гэта ў рэшце рэшт прывяло да сумнай высновы: «Трэба змірыцца з суіснаваннем дзвюх правапісных нормаў» (Цыхун 1993).

Рэфарматары прапаноўвалі не толькі змены ў арфаграфіi, але i значныя iнавацыі ў галіне лексікі i марфалогіi. Такім чынам, беларуская мова павінна была р а д ы к а л ь н а пашырыць сферу ўжывання ў р а д ы к а л ь н а новай, нязвыклай для грамадства версіi, што ва ўмовах высокай энтрапійнасці (фактычна – дэструктыўнасці) пераходнага перыяду, а таксама пад уплывам іншых фактараў проста не магло мець шансаў на поспех (Kiklevic 1997, 87).

Iснаванне двух літаратурных стандартаў пры вельмі слабай сацыяльнай дыферэнцыяцыі мовы – толькі адзін з парадоксаў моўнай сітуацыі ў Беларусі ў перыяд так званага Другога беларускага адраджэння. Iншы парадокс ў тым, што iнавацыйная норма ў цэлым не абапіралася на рэальную маўленчую практыку, успрымалася як штучная – яна як бы ўзвышалася над грамадствам i насіла элітарны характар.

Вядома, што ў сваім гістарычным развіцці літаратурная беларуская мова фарміравалася, галоўным чынам, на аснове ўласных (пераважна – сярэднебеларускіх) дыялектаў. Важным фактарам яе фарміравання – у залежнасці ад розных грамадска-палітычных умоў – было таксама ўзаемадзеянне з рускай i польскай мовамі.

Iнавацыйная ж норма арыентавалася:

а) на заходнебеларускія гаворкі,
б) на мову Першага беларускага адраджэння (у прыватнасці, на Граматыку Тарашкевіча) i
в) на польскую мову.

Апошняму з гэтых фактараў i будзе прысвечана наша ўвага ў дадзеным артыкуле.

Польская i беларуская мова звыш 300 гадоў суіснавалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, а потым – на тэрыторыі так званых паўночна-усходніх “крэсаў” Рэчы Паспалітай. Значная частка беларускай шляхты i iнтэлігенцыі пасля раздзелу Польшчы да самага канца 20 ст. у штодзённым побыце карысталася абедзвюма мовамі.

Ад часоў Першага беларускага адраджэння (другая палова 19 ст. – 30-я гады 20 ст.) да цяперашняга часу адносіны да польскай мовы ў Беларусі складаліся па-рознаму: у адных выпадках можна назіраць нават прыняцце польскай графікі (напрыклад, В.Дунінам-Марцінкевічам, Ф.Багушэвічам або iнш.), у iншых (напрыклад, ў працах В.Ластоўскага або Я.Станкевіча) – рашучае адмаўленне ад усіх элементаў польскасці.

У перыяд паміж 30–80-мі гадамі 20 ст. моўна-культурныя кантакты паміж Польшчай i Беларуссю былі абмежаванымі, а беларуская літаратурная мова знаходзілася пераважна пад уплывам рускай, хаця трэба адзначыць, што ў

60-я гады праявілася выразная тэндэнцыя да развіцця літаратурнай нормы за кошт уласных, перш за ўсё дыялектных, а таксама гістарычных крыніц. Менавіта ў гэты час узнавіліся актыўныя лінгвістычныя даследаванні старабеларускай мовы, пачаў збірацца матэрыял для гістарычнага слоўніка, з’явілася грунтоўная праца аб арфаграфічнай сістэме старажытнай беларускай мовы (Булыка 1970).

Уплыў польскай мовы на беларускую найбольш выразна адчуваўся ва ўмовах білінгвізму, асабліва – у вуснай i пісьмовай мове беларускага насельніцтва на тэрыторыі Польшчы, галоўным чынам – на Беласточчыне, што стала прадметам даследавання ў кандыдацкай дысертацыі: Федорук 1986. Прааналізаваўшы выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку (літаратурныя альманахі “Белавежа”, беларускія календары, нумары газеты “Ніва” за 1970, 1974, 1977—1980, 1983, першае паўгоддзе 1985 гг. i iншыя крыніцы), даследчыца выявіла шматлікія польскія элементы ў беларускай мове гэтых выданняў. Шырока прадстаўлены польскія лексічныя iнкарпарацыі, напрыклад:

пралька: Атрымалі яны каштоўныя рэчавыя ўзнагароды: пыласосы, пралькі (“Ніва” 1974/1, 5); польск. pralka, бел. пральная машына;

навачэсны: Простай мове прыйшоў крах у навачэсных гарадах (“Ніва” 1984/19, 5); польск. nowoczesny, бел. сучасны;

застанаўляцца: Калі вялікі б’е малога, дык доўга не застанаўляйся i стань на сторану слабога (А.Барскі); польск. zastanawia? si?, бел. задумвацца.

Вельмі цікавая з’ява – перадача польскіх абрэвіятур, якія часцей за ўсё захоўваюць свой зыходны фанетычны выгляд, пар.:

ПКС: На 2800 км дарог ездзяць аўтобусы ПКС (“Беларускі каляндар” 1984, 77); польск. PKS – Panstwowa Komunikacja Samochodowa, бел. Дзяржаўны аўтатранспарт;

ПОП: Яшчэ ў Вульцы быў ён сакратаром ПОП (“Беларускі каляндар” 1981, 77); польск. POP – Podstawowa Organizacja Partyjna, бел. пярвічная партыйная арганізацыя (партарганізацыя).

Сярод марфалагічных паланізмаў I.Фядорук адзначае даволі распаўсюджаныя змены граматычных значэнняў i форм назоўнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў i iншых часцін мовы, якія датычацца як уласна беларускіх, так i запазычаных слоў, напрыклад:

грыпа: ...Хай качае мужа ў ложку грыпа (“Ніва” 1977/12, 7); польск. grypa – жаночы род, бел. грып – мужчынскі род;

мэблі: Падлогу такую нішчаць танцы, перасоўванне мэбляў (“Беларускі каляндар” 1984, 210); польск. meble – множны лік, бел. мэбля – адзіночны лік;

буду жыла: З кім я буду жыла (“Ніва” 1978/36, 5); польск. b?d? ?y?a, бел. буду жыць.

Шырока прадстаўлены i фанетычныя паланізмы:

млека: Кісель аўсяны з маслам, або яблыкі з... млекам (“Белавежа” 1965, 93); польск. mleko, бел. малако;

очы: Не пытай, чаго заплаканы очы (“Ніва” 1983/31, 8); польск. oczy, бел. вочы;

актор: ...Гледач i актор – удзельнікі шумнай арэны (“Белавежа” 1971, 27); польск. aktor, бел. акцёр.

Значнае месца займаюць таксама (слабей адлюстраваныя ў працы I.Фядорук) запазычаныя з польскай мовы сінтаксічныя з’явы. Адна з распаўсюджаных памылак у тэкстах польскіх беларускамоўных выданняў – парушэнне правіл кіравання ў дзеяслоўных i iменных словазлучэннях, пра што сведчаць прыклады з нашай уласнай картатэкі:

Хлопец нідзе не працаваў, i жылі выключна з яе грошай i з таго, што давалі iм бацькі (“Ніва” 1989); польск. ?y? z + Gen, бел. жыць на + Acc;

Карыстанне з рускай мовы выклікана многімі фактарамі (“Ніва” 1989); польск. korzysta? z + Gen, бел. карыстацца + Instr;

Мачыха мела сваіх двое дзяцей, але яны засталіся жыць пры старой бабулі (“Ніва” 1989); польск. zy? przy + Loc, бел. жыць з + Instr/у + Loc;

Амерыканскі сатырык Марк Твэн, адказваючы на ліст маладога кандыдата на пісьменніка, напісаў... (“Ніва” 1989); польск. kandydat na + Acc, бел. кандыдат у + Acc;

Пчолы працавіта выбіраюць з кветак нектар i перапрацоўваюць яго на мёд (“Ніва” 1989); польск. przerobi? Acc + na + Acc, бел. перапрацаваць Acc + у + Acc.

У гады Другога беларускага адраджэння стаўленне да польскай мовы ў беларускім грамадстве радыкальна змянілася: мова сучасных сродкаў масавай iнфармацыі, перад усім – «апазіцыйных» (газет «Наша ніва», «Свабода» i iнш., а таксама беларускай рэдакцыі радыё «Свабода») стала насіць выразныя рысы польскасці, на што звярталася ўвага ў літаратуры (Шуба 1998, 34). Элементы польскага ўплыву назіраюцца на ўсіх моўных узроўнях: у фанетыцы, лексіцы, словаўтварэнні, словазмяненні, сінтаксісе. Разгледзім гэтыя з’явы на канкрэтным фактычным матэрыяле (моўныя факты выбіраліся з газет «Наша ніва», «Свабода» i «Наша слова» за 1997 год).

2. Фанетычныя з'явы

Як вядома, асноўным у беларускай арфаграфіi з’яўляецца фанетычны прынцып, згодна з якім літара адпавядае гуку, а змены ў арфаэпіi непасрэдна адлюстроўваюцца ў арфаграфіi. Разам з тым значную ролю ў беларускім правапісе адыгрывае таксама марфалагічны (або фаналагічны) прынцып, згодна з якім літара адпавядае моцнаму варыянту фанемы, як, напрыклад, пры напісанні канчатковых зычных у назоўніках з нулявой флексіяй, пар.: дуб, нож, мароз, бераг i iнш., або пры напісанні суфікса -ск- , пар.: ленінградскі, каўказскі, варонежскі i iнш. У адпаведнасці з iнавацыйнай літаратурнай нормай, якая шырока прадстаўлена ў «апазіцыйных» сродках масавай iнфармацыі, пашыраецца сфера дзейнасці фанетычнага прынцыпа арфаграфіi.

2.1. У сучаснай беларускай літаратурнай мове цвёрдаму зубному [л] адпавядае палаталізаваны [л']. Як правіла, спалучэнні [ла], [ло] у запазычаных словах перадаюцца з цвёрдым [л], хаця ў некаторых ранейшых запазычаннях праз пасрэдніцтва польскай мовы ў літаратурнай норме замацаваўся мяккі зычны [л'], які якраз адпавядае польскаму альвеалярнаму (пярэднепаднябеннаму) [l'], пар.: лямпа, лямантаваць, лямец.

Зубная артыкуляцыя палатальнага [l] характэрна для так званай polszczyzny kresowej. Да рэформы беларускай арфаграфіi 1930 г. iншамоўныя словы са спалучэннямі [ла], [ло] пісаліся з улікам мяккага зубнога вымаўлення [л'] (зараз цяжка з упэўненасцю сцвярджаць, ці было такое вымаўленне шырока распаўсюджаным, ці мела, хутчэй за ўсё, характар своеасаблівага iнтэлігенцкага арго), пар. такія напісанні, як: філёзофія, філёлёгія, лёгічны i iнш. Але пры гэтым не бралася пад увагу тое, што беларускай мове ўласціва змяненне галосных у ненаціскных складах, у тым ліку – i ў першым складзе перад націскам. Гэта значыць, што павінна было б быць не філёзофія, а філязофія, не філёлёгія, а філялёгія, не лёгічны, а лягічны. Арфаграфія ў дадзеным выпадку цалкам арыентавана на польскую мову, пар. польск.: filozofia, filologia, logiczny.

Не выклікае сумнення, што формы першага i другога тыпу выглядаюць як штучныя. Паводле усходнеславянскай кніжнай традыцыі спалучэнні [ла], [ло] у словах iншамоўнага паходжання перадаюцца з цвёрдым зычным, тады як [л'] ужываецца перад галоснымі пярэдняга раду [э], [i]. Так, у адпаведнасці з сучаснай афіцыйнай літаратурнай нормай патрабуецца цвёрдае вымаўленне зычнага перад непярэднімі галоснымі, пар.: філасофія, філалогія, лагічны.

Iнавацыйная норма вяртае нас да старой арфаграфіi (i арфаэпіi), але мае цікавую асаблівасць: з аднаго боку, спалучэнні [ла], [ло] перадаюцца з мяккім [л'], пар.: шакаляд – замест літаратурнага шакалад, пілёт – замест літаратурнага пілот, дэклямаваць – замест літаратурнага дэкламаваць, блёк – замест літаратурнага блок, але, з другога боку, захоўваецца аканне, пар.: філялёгія, лягічны.

2.2. Адной з адметных рыс беларускай мовы з'яўляецца «дзеканне» i «цеканне» – мяккае вымаўленне [з'], [с'], [дз'] i [ц'] з дарсальнай артыкуляцыяй у адрозненне ад апікальнай артыкуляцыі парных iм цвёрдых зычных [з], [с], [дз] i [ц].

Згодна з нормай беларускага літаратурнага вымаўлення ў iншамоўных словах перад галоснымі пярэдняга раду захоўваюцца цвёрдыя [т] i [д] (пар.: тэарэма, дыстанцыя), тады як [з] i [с] вымаўляюцца мякка, пар.: сістэма, прэзідэнт. У польскай мове ў такім самым становішчы прадстаўлены цвёрдыя [z] i [s], пар.: system, prezydent. Гэты ж прынцып перадачы [з], [с] у запазычаных словах прапануе iнавацыйная норма, пар.: сылюэт – замест літаратурнага сілуэт, прэзыдэнт – замест літаратурнага прэзідэнт, сытуацыя – замест літаратурнага сітуацыя, фізычны – замест літаратурнага фізічны.

2.3. Сучаснае беларускае літаратурнае вымаўленне грунтуецца на сярэднебеларускіх гаворках, якім уласціва памякчэнне губных [п], [м] [б], губна-зубнога [в], а таксама [н] перад галоснымі пярэдняга раду (гл. ДАБМ). Паводле iнавацыйнай нормы, гэтыя зычныя ў iншамоўных словах, перш за ўсё ў спалучэннях з галосным [э], павінны вымаўляцца цвёрдa, пар.: пэйзаж – замест літаратурнага пейзаж, iнвэнтар – замест літаратурнага iнвентар, фэдэральны – замест літаратурнага федэральны (пар. польскія pejza?, inwentarz, federalny). Гэта датычыцца нават запазычанняў з рускай мовы: пэрыёдыка – замест літаратурнага перыёдыка, рэспэктабельны – замест літаратурнага рэспектабельны. Iніцыятары зазначаных змен, аднак, не заўсёды захоўваюць паслядоўнасць, як у выпадку з прыметнікам эўрапейскі (літаратурнае – еўрапейскі): можна было б чакаць форму эўрапэйскі (з цвёрдым [п]).

2.4. Варта звярнуць увагу таксама на шэраг слоў кніжнага паходжання. Паводле руска-царкоўнаславянскай традыцыі ў грэчаскіх запазычаннях літара «?» (бэта) часцей за ўсё перадаецца як «в», а літара «?» – як «ф», пар. рус. Варвара, Фаддей i iнш. Польская кніжная традыцыя мае лацінскія карані i транслітаруе «?» як «b», а «?» – як «t», пар.: symbol, Barbara, Tadeusz, mit. На старонках «Нашай нівы» знаходзім:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
сымбаль (літар. сімвал) symbol символ
па-барбарску (літар. па-варварску) po barbarzy?sku по-варварски
міт (літар. міф) mit миф
бізантыйскі(літар. візантыйскі) bizantyjski византийский

2.5. Польскім уплывам, на наш погляд, трэба тлумачыць таксама i некаторыя змены арфаграфіi прыметнікаў суфіксальнага ўтварэння. На стыку кораня i суфікса паводле законаў беларускай марфаналогіi адбываецца асіміляцыя, якая ў сучаснай нарматыўнай арфаграфіi адлюстроўваецца непаслядоўна, пар.:

Парыж – парыжскі
Прага – пражскі
чэх – чэшскі
горад – гарадскі,
але:
Баранавічы – баранавіцкі
студэнт – студэнцкі

Iнавацыйная норма прапануе змены, якія накіраваны на тое, каб павялічыць рэгулярнасць словаўтваральных мадэлей, адбываецца ж гэта за кошт пашырэння сферы дзеяння фанетычнага прынцыпу арфаграфіi – суфіксальныя ад’ектыўныя дэрываты адлюстроўваюцца на пісьме ў адпаведнасці з iх вымаўленнем, а таксама ў адпаведнасці з польскімі паралелямі, пар.: праскі, чэскі – польск. praski, czeski. Аднак нельга не заўважыць, што i новая версія правапісу застаецца непаслядоўнай: на нашу думку, няма патрэбы ўводзіць напісанні тыпу людзкі, бэлградзкі, грамадзтва, вытокі якіх можна знайсці ў арфаграфіi 20-х гадоў (пар. польск. belgradzki, grodzki), паколькі беларускай мове ўвогуле не ўласціва прагрэсіўная асіміляцыя зычных – дарэчы, як i польскай, дзе адпаведныя напісанні засноўваюцца на традыцыі.

2.6. Дынаміка літаратурнай нормы датычыцца таксама націску. Шырока распаўсюджаным стала ўжыванне назвы валюты ЗША ў форме да'ляр або да'ляраў, тады як традыцыйна націск ставіўся на першым складзе: 'долар, 'долараў. Відавочна, што новая форма, менавіта – да'ляраў, узнікла пад уплывам польскай мовы, пар.: 'dolardo'lar?w. Польскі націск на перадапошнім складзе адлюстроўваецца ў субстантываваным прыметніку вы'ходны (дзень) пры нарматыўным выхад'ны, пар. польск. wychodne.

2.7. У новым фанетычным выглядзе выступаюць амаль усе іншаземныя тапонімы, этнонімы, а таксама iх дэрываты:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
Швайцарыя/Швэйцарыя (літар. Швейцарыя) Szwajcaria Швейцария
Гішпанія, гішпанскі (літар. Iспанія, iспанскі) Hiszpania Испания
Бэлград, бэлградзкі (літар. Белград, белградскі) Belgrad Белград
Эўропа (літар. Еўропа) Europa Европа
Чачэнія (літар. Чачня) Czeczenia Чечня

3. Словаўтваральныя з’явы

У сферы словаўтварэння можна гаварыць пра актывізацыю працэсаў дэрывацыі ва ўсіх часцінах мовы, а таксама пра ўтварэнне новых форм па мадэлях, якія раней лічыліся непрадуктыўнымі, напрыклад:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
міліцыянт (літар. міліцыянер) milicjant милиционер
вучэльня (літар. вучылішча) uczelnia училище
барокавы (літар.барочны) barokowy барочный
рэжысэр (літар. рэжысёр) re?yser режиссер

Некалькі год таму назад на старонках часопісаў «Родная мова» i «Беларуская лінгвістыка», а таксама газеты «Наша слова» разгарнулася дыскусія пра неабходнасць ужывання дзеясловаў i дзеяслоўных дэрыватаў з фармантам -iр-/-ыр- пры суфіксах -ава-/-ева- (Пацехіна, Дзяжко 1996). Праблема гэта абмяркоўвалася ўжо ў 40–50-х гадах у Расіi i ў 60-х гадах на Украіне. Але, як вядома, фармант застаўся на сваім месцы – ліквідаваць яго не ўдалося.

Паводле iнавацыйнай нормы, формы дзеясловаў рэгулярна ўтвараюцца без «рускага» фарманта – яны арыентуюцца на польскі ўзор:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
дэзавуяваць (літ. дэзавуіраваць) dezawuowa? дезавуировать
дэфармавацца (літ. дэфарміраваць) deformowa? si? деформировать
санкцыянаваны (літ. санкцыяніраваны) sankcjonowa? санкционированный
замаскаваны (літ. замаскіраваны) maskowa? замаскированный

Але пры гэтым без змен застаюцца аддзеяслоўныя назоўнікі: маскіроўка, а не маскоўка – тут узнікала б “непажаданая” асацыяцыя з Масквой; стажыроўка, а не стажоўка – зноў жа пагражае непатрэбная асацыяцыя, цяпер – са стогам.

Утварэнні з -iр-/-ыр- выклікаюць складанасці не толькі ў звычайных носьбітаў мовы, але i ў лінгвістаў, што праявілася, напрыклад, пры ўкладанні «Палітэхнічнага слоўніка». Дзеясловы i iх дэрываты з названым фармантам належаць, у асноўным, да грамадска-палітычнай або спецыяльнай (прафесійнай) лексікі, якая, галоўным чынам, запазычвалася (па зразумелых прычынах) з рускай мовы. У старабеларускай мове падобныя словы выступалі як запазычанні з польскай, таму ў спадчыну сучаснай беларускай мове засталіся ўтварэнні без лацінска-нямецкага -iр-/-ыр- . Перагляд усёй групы названай лексікі патрабаваў бы вельмі карпатлівай работы даследчыкаў, бо яна налічвае больш за дзве тысячы слоў.

Адзначым, што знікненне суфіксаў -iр-/-ыр- можа ў некаторых выпадках прывесці да непажаданай аманіміi, пар.: апанаваць = 'авалодаць' або 'апаніраваць'.

4. Лексічныя з’явы

Даволі актыўна запазычваецца з польскай мовы лексіка, пераважна – назоўнікі. Як правіла, мэта такіх запазычанняў – замена iснуючых беларускіх лексем, якія ацэньваюцца як русізмы.

Цікава звярнуць увагу на тое, што цэлы шэраг слоў запазычваецца другі раз: некаторыя з такіх лексем былі раней ужо зафіксаваны ў слоўніках Насовіча, Байкова, Некрашэвіча i iнш. Але аб другасных запазычаннях варта было б правесці асобнае даследаванне.

Запазычваюцца як лексемы ўласна польскага, так i iншамоўнага паходжання, напрыклад:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Беларуская мова
(літаратурная норма)
Польская мова
амбасадар пасол ambasador
чыньнік фактар czynnik
мапа карта mapa
шкіцы накід, эскіз szkice
дрэварыт ксілаграфія, гравюра drzeworyt
кіроўца вадзіцель kierowca
мурын негр Murzyn

5. Словазмяняльныя з’явы

Граматыка, як вядома, складае найбольш кансерватыўную, устойлівую, рэгламентаваную моўную субсістэму, але iнавацыйная норма прапануе даволі вялікія i разнастайныя змены ў галіне словазмянення, якія ў пэўнай ступені набліжаюць беларускую мову да польскай.

5.1. Выбар флексіi меснага склону назоўнікаў мужчынскага роду ў адзіночным ліку дыктуецца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове характарам канцавога зычнага асновы (цвёрды – зацвярдзелы – мяккі; заднеязычны – не заднеязычны), а таксама прыналежнасцю да пэўнай лексіка-семантычнай групы (асабовы – неасабовы, канкрэтны – абстрактны). Але ў «Нашай ніве» знаходзім: у ценю (замест літаратурнага у цені / у цяні) – пад уплывам польскай формы w cieniu; у «Доктару Фаўстусу», у Норману (замест літаратурных форм у «Доктары Фаўстусе», у Нормане) – па аналогіi.

5.2. Вызначэнне канчаткаў -а/-у ў родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду рэгламентуецца ў польскай i беларускай мовах, паміж iншым, лексіка-семантычнай прыналежнасцю слова, пры гэтым правілы, адпаведна якім той ці iншы канчатак суадносіцца з той ці iншай лексіка-семантычнай групай, часткова супадаюць. Iнавацыйная норма пашырае сферу ўжывання флексіi -у – перш за ўсё ў тых выпадках, калі тую самую флексію маюць польскія лексічныя адпаведнікі, пар.:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Беларуская мова
(літаратурная норма)
Польская мова
iнстытуту iнстытута instytutu
універсітэту універсітэта uniwersytetu
тэатру тэатра teatru
спэктаклю спектакля spektaklu

6. Сінтаксічныя з'явы

У канструкцыях з прыназоўнікам па ўжываюцца формы давальнага або меснага склону для назоўнікаў адзіночнага ліку i толькі формы меснага склону для назоўнікаў множнага ліку, пар.: iсці па лесе, лекцыі па мовазнаўствухадзіць па лясах, лекцыі па праблемах мавазнаўства. Гэта асаблівасць разглядаецца некаторымі даследчыкамі як адна з характэрных рыс беларускай мовы (Топоров 1961, 88). На думку У.М.Тапарова, цэлы шэраг прыкладаў з помнікаў старабеларускай мовы, дзе прыназоўнік па ўжываецца з месным склонам замест давальнага, можна аднесці да польскіх ці чэшскіх запазычанняў.

Склон назоўніка ў канструкцыях тыпу па + S вызначаецца паводле семантыкі словазлучэння, а таксама семантыкі прыназоўніка. Аднак амаль кожны з прыкладаў ужывання гэтай канструкцыі дапускае варыянтныя формы. Таму ў перыядычным друку i ў iншых сродках масавай iнфармацыі сустракаем: чэмпіянат па футболу або па футболе, размаўляць па тэлефону або тэлефоне, спаборніцтвы па тэнісу або тэнісе i iнш. Iнавацыйная норма прапаноўвае паслядоўнае, рэгулярнае ўжыванне ў такіх канструкцыях форм меснага склону: арганізацыя пабудавана па тэрытарыяльным прынцыпе, паплечнікі па ордэне i г.д.

У польскай літаратурнай мове ў прыназоўнікавых канструкцыях po + S ужываецца форма меснага склону, акрамя выражэнняў са значэннем мэты (i?? po gazet?). Такім чынам, распаўсюджанне беларускіх лакатыўных канструкцый з прыназоўнікам па зноў жа мае заходнія карані: уніфікацыя форм назоўнікаў у гэтых канструкцыях адбываецца пад выразным уплывам польскай мовы.

7. Заключэнне

Польскі ўплыў на змены сучаснай беларускай літаратурнай нормы абумоўлены цалкам натуральнымі фактарамі, а перад усім – неабходнасцю адлюстраваць тыя культурныя, эканамічныя i палітычныя з’явы ў беларускім грамадстве, якія радыкальна змянілі семіясферу сучаснай беларускай мовы. I факт саперніцтва дзвюх норм у пэўным аспекце можна ацаніць станоўча: ён якраз сведчыць пра тое, што беларуская мова зусім не страціла свайго функцыянальнага патэнцыялу, а наадварот – дзякуючы грамадскім пераменам, набыла стымулы для далейшага развіцця.

Пашырэнне польскіх элементаў у мове сродкаў масавай камунікацыі абгрунтоўваецца таксама тым, што шматлікія культурныя, эканамічныя i, у меньшай ступені, палітычныя iнавацыі маюць заходнія крыніцы, i выглядае цалкам зразумелым, што адпаведныя iнавацыйныя намінацыі запазычваюцца з польскай (а не з рускай) мовы, дзе яны маюць большую ступень падабенства да заходніх арыгіналаў, большую ступень натуральнасці, аўтэнтычнасці i дзе семіёзіс больш прыстасаваны да iх адаптацыі. Акрамя таго трэба ўлічваць i тое, што польская культура заўсёды ў вачах беларусаў была, ў параўнанні з рускай, больш прыярытэтнай (Radzik 1996, 489).

Саперніцтва дзвюх норм – гэта толькі адзін ракурс iх разглядання. Калі ж да iнавацыйных з’яў у сучаснай беларускай мове падыходзіць не з пазіцый жорстка-дэтэрміністычнага, а з пазіцый верагоднасна-дыялектычнага падыходу, то яны не будуць уяўляць сабой альтэрнатыўнай, канкурэнтнай нормы, а будуць разглядацца як элементы ўдасканалення iснуючага стандарта. Пры такім падыходзе павінны – ва ўсякім разе адносна пэўнай часткі iнавацый – знікнуць дыхатамічныя крытэрыі тыпу “можна – нельга”, “дапушчальна – недапушчальна”, “добра – дрэнна”, “свой – чужы (варожы)” i да г.п. Iх месца павінны заняць градуальныя катэгорыі, прымяненне якіх дазволіла б выявіць ступень дапушчальнасці тых або iншых iнавацый, як i, зрэшты, неабходнасць паступовага аднаўлення нормы i частковай замены кадыфікаваных з’яў новымі. Не было б нічога крамольнага ў тым, калі б пэўную ролю ў гэтым працэсе iграла польская мова. I хаця адзін з класікаў польскага мовазнаўства Юзэф Мразіньскі пісаў: “Prawid?a dla j?zyka mog? by? wprowadzone tylko z mechanizmu tego? j?zyka” (Mrozi?ski 1986, 91), – гістарычная блізкасць двух народаў дае падставу для ўспрымання “чужога” як “свайго”.

Каб узаемадзеянне розных варыянтаў моўнага літаратурнага стандарта было паспяховым i жыватворчым, неабходна не вайна (няхай i “халодная”) двух лагераў, а супрацоўніцтва спецыялістаў, iх канструктыўныя дыскусіi i канкрэтныя практычныя рэкамендацыі. Галоўным жа суддзёй i фактарам развіцця нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, як i ў выпадку з кожнай iншай жывой этнічнай мовай, з’яўляецца шматжанравая маўленчая практыка. Мультыплікацыя варыянтаў нормы не можа кампенсаваць адсутнасці сацыяльных i iндывідуальных варыянтаў мовы, бо норма сама па сабе – адзін з такіх варыянтаў, хаця i прыярытэтны, абавязковы для большасці членаў грамадства. Пры адсутнасці функцыянальнай базы i без адпаведнай сацыяльнай дыферэнцыраванасці мовы норма прыпамінала б літаратурнага персанажа з “Маленькага прынца”, які правіў планетай, дзе не было ніводнага жыхара...

* * *

Калі гэты артыкул быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што 29 мая 1998 г. Дзяржаўны камітэт па друку Рэспублікі Беларусь папярэдзіў газету “Наша Ніва” аб парушэнні пункту артыкула 6 Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі“, які сцвярджае, што ў сродках масавай інфармацыі “не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы” (ARTICLE 1998). Палажэнне артыкула 6, на падставе якога грунтуецца папярэджанне “Нашай Ніве”, было ўведзена папраўкай, што ўступіла ў сілу ў студзені 1998 г. і стала першым заканадаўчым актам, які абавязвае прэсу выкарыстоўваць зацверджаную “форму мовы”.

Яшчэ раней (у маі 1997 г.) “Наша Ніва” папярэджвалася за парушэнні артыкула 5 новай версіi Закона “Аб друку”.

У чэрвені 1998 года пасля вынясення папярэджання “Нашай Ніве” Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь прыняў новы Закон аб мове, які быў падпісаны прэзідэнтам Лукашэнкам 17 ліпеня 1998 г. Згодна з артыкулам 27 гэтага Закону, “(1) Мовай сродкаў масавай інфармацыі <...> можа быць беларуская і/альбо руская, а таксама мовы іншых нацыянальнасцей, прадстаўнікі якіх пражываюць на тэрыторыі рэспублікі; (2) У сродках масавай інфармацыі не дазваляецца скажэнне агульнапрынятых норм мовы”.

“Наша Ніва” падала апеляцыю ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд, патрабуючы адмяніць папярэджанне Беларускага дзяржаўнага камітэту па друку. Аднак 12 жніўня 1998 г. у Мінску над газетай “Наша Ніва” адбыўся суд. Далейшы лёс газеты будзе залежыць ад рашэння лінгвістычнай экспертызы, якую, згодна з рашэннем суда, будзе праводзіць Iнстутыт мовазнаўства Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, а таксама некалькі спецыялістаў, прапанавых “Нашай Нівай”.

Якім бы ні было канчатковае рашэнне суда, відавочна адзінае: нават на планеце, дзе няма ніводнага жыхара, можа быць толькі адзін правіцель. Зрэшты, так яно павінна і быць, бо ці можна “нішто” падзяліць на часткі?

 


 

ЛІТАРАТУРА

  • БУЛЫКА, А.М.: Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мінск “Навука i тэхніка”, 1970.
  • ПАЦЕХІНА, А.А./ДЗЯЖКО, I.В.: Асаблівасці ўжывання беларускіх лексем з фармантам -ір(ава) // Беларуская лінгвістыка, 1996, вып. 45, 38-43.
  • ТАРАШКЕВІЧ, Б.: Беларуская граматыка для школ. Вільня 1929 / Факсім. выданне: Мінск “Народная асвета”, 1991.
  • ТОПОРОВ, В.Н.: Локатив в славянских языках. Москва “Изд-во АН СССР”, 1961.
  • ФЕДОРУК, И.: Польские языковые элементы в белорусском языке Белостотчины (На материале изданий Белорусского общественно-культурного общества в Белостоке). Автореферат кандидатской диссертации. Минск 1986.
  • ЦЫХУН, Г.А.: Трэба змірыцца з суіснаваннем дзвюх правапісных нормаў // Наша слова 1993/15, 2.
  • ШУБА, П.П.: Мова сродкаў масавай iнфармацыі з пункту гледжання нормы // Материалы II международной научной конференции “Язык и социум”. Ч. 1. Минск 1988, 34-35.
  • ARTICLE 1998: Суд над беларускай мовай. Даклад Міжнароднага цэнтра супраць цэнзуры “Article 19” ад 05.08.1998 // Наша Ніва. 1998, № 15, 2-3.
  • BIEDER, H.: Soziolinguistische Aspekte der wei?russischen Sprache // Zeitschrift f?r Slavistik, 1995, Bd. 40/4, 398-414.
  • KIKLEVI?, A.: Zur aktuellen Situation der Hochschulen in Wei?ru?land // Innovative Ausbildung – neue Eliten? Bildungsprozesse in Wei?ru?land. Hrsg. K. Eimermacher, A. Hartmann. Bochum 1997, 85- 94.
  • MROZI?SKI, J.: Dzie?a wszystkie. T. 1. Wroc?aw etc. 1986.
  • RADZIK, R.: Polacy – Bia?orusini: wzajemne stereotypy w okresie zabor?w // Slavia Orientalis, XLV, 1996, nr 4, 479-490.

Slavia Orientalis, XLIX, Nr 1, s. 93-105.