А. Забаштанская. МЕТАТЭЗА Ў БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯЛЕКТНАЙ МОВЕ

Аўт, 3 сакавіка 2009

Беларуская мова

Цэтлікі: беларускія дыялекты, метатэза

Катэгорыі: Беларуская мова

Большасць нерэгулярных фанетычных з’яваў у мове прадстаўлена якаснымі зменамі, таму ў межах адной дыялектнай сістэмы суіснуюць фанематычныя варыянты аднаго слова: цюхляк – чухляк ‘сяннік’, сыраежка – сыравежка і г. д. Але ў выніку розных фанематычных працэсаў у дыялектнай мове ўзнікае шмат слоў з колькасна-дыстрыбуцыйнай варыянтнасцю, калі пара такіх варыянтаў адрозніваецца колькасцю або размеркаваннем фане у слове. Сярод падобных працэсаў, якія з’яўляюцца прычынамі шэрагу нерэгулярных зменаў, можна вылучыць пратэзу, эпентэзу, дфярэзу і метатэзу. Метатэза – узаемная перастаноўка гукаў у межах аднаго слова – фанетфчная з’ява, якая сустракаецца ў розных мовах свету. Часцей за ўсё яна ўзнікае пры засваенні запазычаных слоў і ў дзіцячым маўленні. Адной з галоўных прычын метатэзы лічыцца асаблівасць псіхалагічнага ўспрымання моўцы, пры якой актуальная не паслядоўнасць гукаў, а іх якасць і колькасць [6]. Дзве апошнія прыметы лягчэй узнавіць у памяці і маўленні. Метатэзы нярэдка ўзнікаюць у дыялектнай мове, але адзначаюцца выпадкі іх пранікнення ў літаратурную мову і замацавання ў якасці нормы. Так, у наступных выпадках беларуская літаратурная мова захавала спрадвечныя спалучэнні гукаў, у той час як у рускай пашырыліся прастамоўныя варыянты з метатэзай: параўн. бел. талерка (лац. taliare), мармур (лац. marmor), далонь (ст. -сл. длань ) і рус. тарелка, мрамор, ладонь і г. д.
Як вядома, метатэзыпадзяляюцца на гукавыя (адбываецца перастаноўка гукаў) і складовыя (перастаноўка складоў). Акрамя таго, метатэзы могуць быць кантактнымі, г. зн. закранаць гукі ці склады, якія знаходзяцца побач, і дыстактнымі, калі адбываецца перастаноўка адпаведных элементаў на адлегласці (у беларускай мове гэта, як правіла, гукі розных складоў). Метатэзы могуць мець рэгулярны характар і з’яўляцца вынікам рэалізацыі пэўных фанетычных заканамернасцяў, як, напрыклад, рэфлексы праславянскіх спалучэнняў галосных с плаўнымі ў сучасных славянскіх мовах і дыялектах. Матэрыялы этымалагічных слоўнікаў сведчыць, што метатэзы ў якасці нерэгулярных з’яваў суправажалі дыялектную мову ўсходніх славян на працягу ўсяго гістарычнага развіцця. Пра распаўсюджанне метатэзы ў сучаснай беларускай мове сведчаць прыклады з усіх беларускіх лексікаграфічных выданняў. Мэта дадзенага артыкула – прасачыць асноўныя тэнэнцыі, звязаныя з метатэзамі ў беларускіх гаворках. Асновай для даследавання сталі карты “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” і каментары да іх, а таксама матэрыялы некаторых дыялектных слоўнікаў.
Нягледзячы на прыкметны ўплыў псіхалінгвістычнага фактару, пры ўважлівым аналізе канкрэтных выпадкаў з’явы можна заўважыць некаторыя заканамернасці, цесна звязаныя з фанетычнай структурай слова. Пакажам гэта на прыкладах.
Метатэзы гукавыя дыстактныя. Дадзеная разнавіднасць метатэзы адбываецца па схеме “зычны – зычны”. У залежнасці ад характару гукаў, што задзейнічаны ў гэтым фанетычным працэсе, можна вылучыць пяць асобных падгруп.
1. Метатэзы, пры якіх мяняюцца месцамі плаўныя гукі [р] і [л]: талерка – тарэлка, талірочка – тарілочка, рудлёўка – людроўка ‘жалезная рыдлёўка’, серадольшы – селядоршы ‘сярэдні сын’, калаўрот – караўлот, калаўродак – караўлодак ‘самапрадка’, клямра – крамля ‘спражка’. Нарэдка з’ява метатэзы выклікае пазіцыйныя чаргаванні [л] – [ў]: парпліца – паўпрыца ‘калодачка для млёна ў верхнім жарне’, паркліца – паўкрыца ‘металічная планка ў адтуліне верхняга жарна’, мармула – маўмура ‘малчун’.
2. Метатэзы, пры якіх у слове адбываецца мена плаўнага і іншага санорнага: [л] – [н]: канаплі – калапні, каноплі – калопні ‘каноплі’, канаплянае – калапнянае; [м] – [р]: жамерыны – жареміні; [й] – [л]: яжэль [йажэл’] – ляжай ‘яжджаль’; [р] – [й]: аер [айэр] – арэй ‘аер’, юра [йура] – руя [руйа] ‘зграя ваўкоў’ (варыянт руя этымолагі тлумачаць запазычаннем з польскай мовы, параўн. польск. ruja, літ. ?uja, прасл. *rojь ‘цячэнне, паток’, польск. jurny ‘распусны’, рус. юровой ‘бойкі, жвавы’ [5, 3, 496; 2, 30]). Варта звярнуць асаблівую ўвагу на тое, што метатэза з наступнай сэнсавай дывергенцыяй адбылася яшчэ ў праславянскі перыяд, хоць механізм яе мог быць задзейнічаны і на беларускай дыялектнай моўнай глебе, напрыклад: [йурок] – [руйок] ‘вірок, прыстасаванне, пры дапамозе якога звіваюць ніткі’. Фанетычны варыянт юрок пашыраны на тэрыторыі ўсёй Беларусі, а руёк адзначаны толькі ў Рэчыцкім раёне і, хутчэй за ўсё, уяўляе з сябе нядаўняе ўтварэнне па аналогіі з варыянтамі руя [руйа] – юра [йура] ‘зграя ваўкоў’, якія таксакма сустракаюцца менавіта ў гаворках Усходняга Палесся.
3. Выпадкі мены плаўнага і шумнага: дзяруга – радзюга, дзярушка – радзюшка, сыровадка – сыродаўка, жаваранак – жараванак, скаварада – скаравада ‘патэльня’, скавароднік – скараводнік, скарач – раскач ‘трапкач’, лесьвіца – весьліца ‘драбіны’, далонь – ладонь, палонік – лапонік.
4. Метатэзы з менай няплаўнага санорнага і шумнага: мядзведзіца – вядзмедзіца, макуха – камуха ‘жамерыны’, нагавіцы – ганавіцы ‘споднікі’, жорнавы – жорваны, жорнаўка – жорванка.
5. Выпадкі мены шумных. Пры гэтым плаўны можа прысутнічаць у складзе слова: закаблук – казаблук ‘дзяржанне ў кошыку’, палукашак – калупашак, сыровадка – сыродаўка, крапіва – проківа, крапів? – проків?. У іншых прыкладах, аднесеных намі да гэтай падгрупы, плаўны адсутнічае: стацівіны – ставіціны ‘бакавіцы ткацкага станка’, цеч – чэць ‘частка ракі, якая зімой не замярзае’. У першых трох парах слоў, як мы бачым, усё ж прысутнічае плаўны, які не задзейнічаны ў змене, але, магчыма, выконвае ролю сваеасаблівага каталізатара дадзенага фанетычнага працэсу. На карысць такога меркавання, а менавіта – актыўнай ролі плаўных у дыстактных гукавых метатэзах, указвае той факт, што сярод прааналізаванага намі матэрыялу мены па схеме “шумны— шумны” без удзелу ці наяўнасці ў слове санорнага плаўнага прадстаўлены рэдкімі выпадкамі, якія лягчэй за астатнія растлумачыць іншымі фанетычнымі працэсамі: цеч – чэць [магчыма працэс асіміляцыйна-дысіміляцыйнага характару паміж двума афрыкатамі; на карысць гэтага ўказвае паралельнае ўжыванне варыянтаў чэч, цеч і чэць у гаворцы адной вёскі (Луткі Столінскага р-на)]; стацівіны – ставіціны (тут магчыма ўплыў народнай этымалогіі пры засваеннні іншамоўнага слова).
Сярод фанетычных варыянтаў дыстрыбуцыйнага характару зрэдка сустракаюцца прыклады, якія толькі нагадваюць дыстактную гуавую метатэзу: лягушка – люгашка са значэннямі ‘жаба і рапуха’. Але форма люгашка ўзнікла ў выніку натуральных фанетычных працэсаў [2, 145].
Метатэзы гукавыя кантактныя. Гэтая група ў беларускай дыялектнай мовемае дзве разнавіднасці. Перастаноўка гукаў у метатэзах першай разнавіднасці адбываецца па схеме “зычны – галосны” і ўключае дзве падгрупы.
1. Метатэзы плаўных санорных і галосных: махамор – амхамор, страчок – старчок ‘смаржок канічны’, кракавінне – каркавінне ‘жабурынне’, громада – гормада ‘лоўж’, портлыця – протлыця ‘металічная планка ў адтуліне верхняга жарна’, скарвада – скравада ‘патэльня’, кульшня – клюшня ‘сцягно’. Некаторыя выпадкі – гэта рэфлексы страты рэдукаваных і складавых плаўных: тырса – трыса ‘пілавінне’, злыгаць – салгаць, глыток – галток, глытаць – галтаць, імгла – мігла ‘дробны дождж’ (варыянт мігла лічыцца балцкім субстратам [4, 7, 33; 3, 3, 65]). У некаторых выпадках метатэза адбывалася не на беларускай моўнай глебе, а, напрыклад, на польскай і паслс стала здабыткам беларускай дыялектнай мовы ў выніку запазычання абедзвюх фанетычных формаў ці толькі апошняй: брунэляк – бурнэляк, бурнэлька – брунэлька ‘гарлянка’, сельдзь – следзь ‘селядзец’.
2. Метатэзы з удзелам зычных шумных і галосных. У некаторых варыянтах метатэза адбываецца ў суседстве з плаўным: сыракваша – сыркаваша, огрэх— горэх ‘агрэх’, огріх – горіх ‘тс’, гарабіна – аграбіна ‘рабіна’.
Параўнальна рэдка ў беларускай дыялектнай мове сустракаецца метатэза з удзелам санорных няплаўных: ячменная [йачм’еннайа] – айчменная. Такім чынам, у кантактных метатэзах дадзенай падгрупы выразна назіраецца такая самя заканамернасць, што і ў метатэзах дыстактнай групы. У пераважнай большасці фанетычных зменаў у слове задзейнічаны плаўны, а ў некаторых выпадках – іншыя санорныя. Усе галосныя, што падпадаюць пад працэс метатэзы,— каранёвыя непярэдняга рада. Выключэнне складае толькі адна пара варыянтаў: імгла – мігла, у якой галосны пярэдняга рада пратэтычны.
Другая разнавіднасць кантактных гукавых метатэз адбываецца па схеме “зычны – зычны” і таксама ўключае ў сябе некалькі падгруп.
1. Метатэза плаўнага і шумнага зычнага: зіркаты – зікраты, жаўранак – жарванак, жаўранка – жарванка, кадлуп – калдуп ‘бочка, выдзеўбаная з калоды’, глынуць – лыгнуты (параўн. укр. лигнути).
2. Метатэза няплаўнага санорнага і шумнага зычнага: бондар – боднар, кунпяк— копняк ‘шынка’.
3. Метатэза шумнага і шумнага: лазбень – лабзень ‘драўляная пасудзіна на мёд’, вушакты – ошвакты ‘вушакі, бакавыя часткі ў праёме дзвярэй’, нагбом – набгом. У другой разнавіднасці кантактных метатэз мены плаўных складаюць каля паловы ўсіх занатаваных намі выпадкаў.
Складавыя метатэзы. Разгляданыя метатэзы ў беларускай дыялектнай мове надзвычай рэдкія, сустракаюцца толькі адзінкавыя выпадкі: лупаваты – валупаты ‘зіркаты’, шалупайкі – лушупайкі ‘шалупіны’. Класіфікацыя такіх метатэз складае пэўныя цяжкасці, якія ў першую чаргу звязаныя з адрозненнем іх ад дыстактных гукавых метатэз у тым выпадку, калі перамяшчэнне гукаў адбываецца ў вакалічна аднатыпных складах: жаваранак – скаварада. На нашу думку, падобныя фанетычныя з’явы варта ўсёж адносіць менавіта да гукавых метатэз, бо пераканальна даказаць перамяшчэнне складоў у гэтых словах на дадзены момант не ўяўляецца магчымым.
У шэрагу выпадкаў метатэза можа суправаджацца іншымі фанетычнымі працэсамі ў слове – колькаснымі і якаснымі зменамі нерэгулярнага характару:
прарэх – праерх (кантактная гукавая метатэза прыводзіць да з’яўлення дадаткавага [й]);
пундэлік – бундэляк (дыстактная гукавая метатэза носіць цалкам якасны характар, паколькі тут назіраецца не перастаноўка саміх гукаў, а змена іх якасці па зонкасці— глухасці);
печурыца – чэрапіца ‘шампіньён’ (дыстактная гукавая метатэза закранае не два, як звычайна, а тры гукі; у гэтым прыкладзе, на наш погляд, магчымы ўплыў наіўнай этымалогіі);
крапіва – проківа – пакрыва (у некаторых выпадках метатэза ў межах аднаго слова можа мець нават ступенчаты характар, так, дадзены прыклад дазваляе прасачыць паслядоўнасць узнікнення першаснай і другаснай метатэзы).
Некаторыя з прыведзеных слоў пашыраны на значнай тэрыторыі Беларусі і ў розных гаворках, напрыклад: ладонь, ганавіцы, караўлот, селядоршы. Гэты факт сведчыць пра больш старажытны час узнікнення дадзеных фанетычных варыянтаў Але многія прыклады метатэзы маюць вузка лакальны характар. Так, словы бондар, жаваранак пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, боднар сустракаецца ў Кобрынскім і Драгічынскім раёнах, дзе адзначаецца рэдкае ўжыванне гэтага фанетычнага варыянта [1, 3, к. 223]. Слова жараванак занатавана ў Светлагорскім раёне [1, 1, к. 117]. Нярэдка ў межах аднаго і таго населенага пункта паралельна функцыянуюць абадва варыянты слова, як з наяўнасцю, так і з адсутнасцю метатэзы, што указвае, відаць, на больш позняе, ці нават аказіянальнае паходжанне гэтай фанетычнай з’явы.
З прааналізаванага матэрыялу вынікае, што найбольш пашырана ў беларускіх гаворках дыстактная гукавая метатэза. Яна з’яўляецца найбольш разнастайнай і шматколькаснай. У ёй, як правіла, пераважаюць метатэзы з удзелам плаўных, а таксама некаторых іншых санантаў. Кантактныя метатэзы ў большасці выпадкаў адбываюцца па схеме “галосны— зычны”.
Такім чынам, фактычна ў беларускай дыялектнай мове на сёння выразна захоўваецца тэндэнцыя, пры якой большасць метатэз розных тыпаў закранае санорныя і ў першую чаргу плаўныя зычныя гукі. Асноўная прычына гэтага, відавочна, звязана з высокай гучнасцю дадзеных фанем, што ў выніку прыводзіь да акцэнтавання ўвагі на іх у сітуацыі вуснага маўлення. Акрамя таго, варта адзначыць і, у пэўным сэнсе, храналагічную неаднароднасць прааналізаваных метатэз. Нярэдкія сярод іх субстратныя з’явы, асобныя запазычанні, а таксама магчымыя рэшткі і больш старажытных фанетычных працэсаў.

ЛІТАРАТУРА

1. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: У 5 т. – Мінск, Выд-ва АН Беларусі, 1993 – 1998.
2. Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет. – Мінск, Навука і тэхніка, 1995.
3. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5 т. – Мінск, Навука і тэхніка, 1979 – 1986.
4. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. – т. 1 – 8. – Мінск, Навука і тэхніка, 1978 – 1993.
5. Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В 4 т. – Москва, Прогресс, 1986 – 1987.
6. Языкознание: Энциклопедический словарь. 2-е изд. – Москва, Изд-во «Большая российская энциклопедия», 1998.

(Роднае слова. – 2005.— № 12. – С. 36 – 38)