А. Я. Супрун. ЛЕКСІЧНАЯ СТРУКТУРА ВЕРША ЯКУБА КОЛАСА “РУЧЭЙ”

Чцв, 19 сакавіка 2009

Беларуская мова

Цэтлікі: лексіка, стылістыка

Катэгорыі: Беларуская мова

Верш Якуба Коласа «Ручэй» быў упершыню надрукаваны ў першым зборы твораў паэта (1928) [Колас 1928], а напісаны амаль за два дзесяцігоддзі да гэтай публікацыі, у 1909 г., калі Якуб Колас быў у турме. Успамін пра родную прыроду, відаць, саграваў у астрозе душу маладога паэта. Аб гэтым сведчаць, напрыклад, верш «Сон у турме» і пейзажныя замалёўкі, што з’яўляліся ў «Нашай ніве» (№ 3, 5, 18, 19 і інш. за 1909 г. [Наша ніва 1909/1996]). У першым зборніку «Песні жальбы» [Колас 1910/1982], што выйшаў з друку ў 1910 г., другі раздзел «Родныя абразы» змяшчае карціны роднай прыроды. У гэтым настроі быў напісаны і верш пад назвай «Ручэй» (прыводзіцца паводле чатырнаццацітомнага збору твораў [Колас 1972, 169; 497]):

      • Ручэй

Між алешын, кустоў,

Дзе пяе салавей,

І шуміць і грыміць

Срэбразвонны ручэй.

Як матулька, вярба

Хіліць голаў над ім,

І глядзяцца кусты

Пышным верхам сваім.

Абступаюць яго

Чараты, асака,

Падыходзіць мурог

Да яго здаляка.

Часам зорка ўначы

На яго кіне ўзрок,

І хмурынка не раз

Зазірне ў ручаёк.

І схіляе трава

Над ім пасмы-брыжы,

А ён, жэўжык-пястун,

Гучным смехам дрыжыць.

То заскочыць у гай,

То курган абаўе,

Дзе сярдзіта бубніць,

Дзе лагодна пяе.

Люба слухаць той спеў,

Несціханы, густы,

І ад песні яго

Адпачынеш і ты.

Верш, што змяшчаецца ў 28 кароткіх радках, уяўляе сабой 7 складаных сказаў, якія супадаюць са строфамі; у тэксце 88 словаўжыванняў (+ 1 словаўжыванне ў загалоўку) 69 розных слоў, 60 з якіх не паўтараюцца. Паўтараюцца ў вершы галоўным чынам непаўназначныя словы: 7 разоў адзначаны формы займенніка ён (яго, ім), а таксама злучнік і. Тройчы ўжыта пры-слоўе дзе, у тым ліку адзін раз — у функцыі злучальнага слова. Па два разы сустрэліся прыназоўнікі над, у, пералічальна-размеркавальны злучнік то (па сутнасці, гэта адно ўжыванне парнага злучніка), а таксама тры паўназначныя словы: дзеяслоў пець (у форме 3-й асобы адзіночнага ліку пяе) і назоўнікі куст (кусты, кустоў), а таксама ручэй (у тым ліку адзін раз у загалоўку).

Усе тры двойчы ўжытыя паўназначныя словы куст, пець і ручэй/ручай належаць да параўнальна частых слоў беларускай мовы: на паўтара мільёны словаўжыванняў, улічаных у пяці выпусках беларускага частотнага слоўніка [Мажэйка, Супрун 1976; 1979; 1982; 1989; 1992], яны сустрэліся: 320 разоў (пець), 266 разоў (куст) і 72 разы (ручай), прычым ва ўсіх пяці жанравых разнавіднасцях мовы, прадстаўленых у выпусках слоўніка. Праўда, ручай у публіцыстыцы зафіксаваны ўсяго 1 раз, у гутарковай мове — 6 разоў, у фальклоры — 11 разоў, у мастацкай прозе — 13 разоў; пець прадстаўлена ў публіцыстыцы 4 разы, а ў мастацкай прозе — 6 разоў; куст у публіцыстыцы адзначаны ў 11 выпадках. Але ўсе гэтыя словы трапілі ў першую тысячу слоў паводле частаты ў беларускай паэзіi, сустрэўшыся адпаведна 64, 125 і 41 (37 ручай +4 ручэй) раз.

Названыя словы не былі ўключаны ў спіс слоў-стымулаў існуючага беларускага асацыятыўнага слоўніка [Цітова 1981], але з’явіліся ў якасці адказаў-рэакцый на іншыя стымулы: слова куст інфарманты выдалі ў адказ на стымул зялёны, слова пець — на стымул свістаць, а ручай — у адказ аж на 4 стымулы: горны — 59 разоў (трэцяе месца сярод асацыятаў), глыбокі — 37 разоў, вясна — 16 разоў і рака — 11 разоў. Гэта азначае наяўнасць глыбокіх асацыятыўных сувязей усіх двойчы ўжытых у вершы слоў з іншымі элементамі беларускага слоўніка.

Назва верша — «Ручэй», прычым менавіта гэта форма (а не прадстаўленая ў большасці беларускіх слоўнікаў ручай) пацвярджаецца ў чацвёртым радку верша, дзе яна рыфмуецца са словам салавей. Многія беларускія слоўнікі, у тым ліку пяцітомны і аднатомны тлумачальныя слоўнікі [Тлумачальны слоўнік 1977— 1984], аднатомны нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы» [Слоўнік беларускай мовы 1987], даюць толькі форму ручай. Толькі ручай сустракаецца ў акадэмічных беларуска-рускім [Беларуска-рускі слоўнік 1989, 412] (пачынаючы з першага выдання 1962 г.) і руска-беларускім [Руска-беларускі слоўнік 1982] (пачынаючы з 1953 г.) слоўніках. Да гэтых слоўнікаў трэба далучыць і беларуска-рускія слоўнікі М. Байкова і С. Некрашэвіча [Байкоў, Некрашэвіч 1925, 280], а таксама Я. Станкевіча [Станкевіч]. Такая рыгарыстычная лексічная нарматыўнасць слоўнікаў практычна абарочваецца абмежаванасцю і непавагай да класіка.

Якуб Колас назваў свой верш «Ручэй». Гэта нельга не прымаць пад ўвагу. Для Якуба Коласа другі галосны пад націскам у гэтым слове мог вымаўляцца i як э, а не толькі як а. І гэта пацвярджаецца слоўнікам І. І. Насовіча [Насовіч 1983, 569], які абедзве формы даў як асобныя артыкулы, прычым форма ручей пацвярджаецца формамі ўскосных склонаў ручча і руччу. В. Ластоўскі [Ластоўскі 1924] у сваім руска-беларускім слоўніку прыводзіў у якасці перакладу рускага слова ручей формы руччэй, руччы і не ўказваў ручай. У томе «Частотнага cлоўніка беларускай мовы», прысвечаным паэзіі [Мажэйка, Супрун 1992], побач з 37 ужываннямі формы ручай у 32 фрагментах тэкстаў у 4 фрагментах засведчаны 4 ужыванні формы ручэй. Відаць, у паэзіі форму ручэй ад рэдактараў-нармалізатараў ратавала рыфма. Форма ручэй засведчана ў беларускіх дыялектных слоўніках, хоць літаратурная норма ў гэтых адносінах не спрыяе фіксацыі слова, якое лічыцца, відаць, фанетычным варыянтам літаратурнай формы гэтага слова ручай. Паказальны ў гэтых адносінах «Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны» І. К. Бялькевіча [Бялькевіч 1970, 392]. Тут як асобныя словы падаюцца і форма ручай, і форма ручэй. Апошняя з iх пацвярджаецца і прыслоўем у форме руччом 'ручаём'. Цікава, што тут пераклады-тлумачэнні на літаратурную мову абедзвюх дыялектных форм даюцца формамі «ручэй, ручай». Ручэй як варыянт да формы ручай прыводзіць «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» пад рэд. Ю. Ф. Мацкевіч [Слоўнік беларускіх гаворак 1984, 319; 321]. У беларускіх гаворках форма ручэй не менш пашыраная, чым ручай. У «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» форма ручай зафіксавана ў 23 пунктах, а ручэй — у 37, прычым арэалы іх распаўсюджання вельмі спецыфічныя [Лексічны атлас 1994, 126]. Дарэчы, пэўная дыялектная абмежаванасць ёсць і ў некаторых беларускіх літаратурных слоў, напрыклад лотаць, жабурынне, ланцуг, бадзяцца, ляда, буякі, кнігаўка [Толстая 1995, 263—273].

У іншых славянскіх мовах засведчаны абедзве формы. Форма з -е— прадстаўлена ў рускай, балгарскай (ручей), чэшскай, верхнялужыцкай (ru?ej) мовах; славацкая мова ў норме мае ru?aj, але ў гаворках (слоўнік Калала) вядомае і ru?ej. У польскай і ўкраінскай мовах пашыраныя формы з -а-: ruczaj, ручай. Можа, гэта і паслужыла прычынай адмоўных адносін беларускіх нармалізатараў да формы ручэй. Але ж то польская і ўкраінская мовы, а адзін з першых беларускіх слоўнікаў і адзін з найбольш аўтарытэтных класікаў беларускай мовы ўжываюць форму ручэй. Гэтага цалкам дастаткова, каб лічыць у беларускай мове форму ручэй варыянтнай побач з ручай. Боязь русізма тут не толькі бяссэнсавая, але і беспадстаўная. У рускіх архангельскіх гаворках адзначаюць форму ручай; У. І. Даль [Даль 1955, 122] побач з ручей прыводзіў як устарэлую форму ручай. А ў старажытнарускай мове, паводле даных І. І. Сразнеўскага [Срезневский 1958, 199—200], сустракаліся абедзве формы (ручай і ручей/ручии). Тут варта, відаць, адзначыць, што ў тэксце верша «Ручэй» зафіксавана яшчэ адзін раз памяншальная форма ручаёк, якая можа быць утворана як ад ручай, так і ад ручэй. Падалося неабходным грунтоўна спыніцца спецыяльна на варыянце ручэй, бо, магчыма, менавіта «ненарматыўнасць» назвы паслужыла прычынай недаацэнкі цудоўнага верша ў традыцыі рэцэпцыі (успрымання) коласаўскай паэзіі.

Назоўнік ручэй мае пры сабе эпітэт срэбразвонны, які трэба лічыць аўтарскім неалагізмам. Прыметнік срэбразвонны як азначэнне да назоўніка пажар выкарыстаў Максім Лужанін [Прыгодзіч 1995, 57]. Слова срэбра наогул у моўным уяўленні звязана з паняццямі меладычнасці і чысціні гуку, аб чым сведчаць прыклады з Тлумачальнага слоўніка [Тлумачальны слоўнік 1977—1984, т. 5, кн. 1, 289; 451—452]: Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце (Чорны); А над намі льюцца срэбрам птушак галасы (Журба). Гэтыя асацыяцыі звязваюцца і з прыметнікам сярэбраны [Тлумачальны слоўнік 1977—1984, т. 5, кн. 1, 452]: На зямлю палілася яго [жаваранка] сярэбраная песня (Алешка); Голас яе [дзяўчыны] звонкі, сярэбраны (Каваль). Можна, дарэчы, адзначыць, што сярэбраным называлі, напрыклад, голас жаваранка Рэймант, Чэхаў. Срэбнарэхім назваў свой верш сучасны паэт (М.Пазнякоў) [Басава, Прыгодзіч 1995, 62]. Пашырана думка, што дадатак срэбра да металу паляпшае гучанне звонаў, духавых музычных інструментаў. З гэтымі ўяўленнямі пра мілагучнасць сярэбранага звону звязаны і коласаўскі неалагізм, які разам з тым добра суадносіцца з тэндэнцыямі мастацкага словаскладання, якія адзначаюцца ў сучасных напісанню верша рускай, украінскай i польскай паэзіях. Якуб Колас выкарыстаў у сваёй паэзіі яшчэ адзін мастацкі неалагізм з кампанентам срэбра- , ужытым, аднак, не ў метафарычным аўдытыўна-акустычным, а хутчэй у візуальна-аптычным сэнсе: срэбраводны.

Ёсць яшчэ адно слова, што патрабуе дадатковага тлумачэння. Гэта слова голаў. Яно сустрэлася ў Коласа прынамсі яшчэ чатыры разы ў складзе фразеалагізмаў голаў не баліць, закруціць голаў, зламаць голаў, палажыць голаў [Фразеалагічны слоўнік 1993, 133]; ёсць у Коласа і часцейшыя варыянты: (па)ламаць галаву, палажыць галаву; галава баліць, круціць, (за)кружыць галаву [Фразеалагічны слоўнік 1993, 113; 119]. М. В. Абабурка [Абабурка 1979, 27] слова голаў ацэньвае як дыялектызм у творах пісьменнікаў; прыклад ён прыводзіць з П. Галавача, які родам з Бабруйшчыны. Але слова засведчана ў розных беларускіх гаворках, напрыклад у слоўніках Гродзеншчыны [Сцяшковіч 1972, 124], дзе гэтае слова мужчынскага роду (свой голаў), і Тураўшчыны, дзе занатаваны фразеалагізм не ў голоў (браць) [Тураўскі слоўнік 1982, 212]. Прадстаўлена форма голаў і ў выпусках частотнага слоўніка беларускай мовы [Мажэйка, Супрун 1976; 1979; 1982; 1989; 1992], прысвечаных мастацкай прозе (10 разоў), фальклору (15), паэзіі (17), размоўнай мове (4). М. Байкоў і С. Некрашэвіч [Байкоў, Некрашэвіч 1925, 82], абапіраючыся на Купалаў пераклад «Песні аб паходзе Ігара», уключылі голаў як асобнае загаловачнае слова ў свой «Беларуска-расійскі слоўнік» са спасылкай на слова галава. Прыклад з Янкі Купалы, безумоўна, жаночага роду (сваю голаў); гэтаксама ў адным з фразеалагізмаў у Якуба Коласа — паложыш сваю голаў. У іншых прыведзеных выпадках род назоўніка не выяўлены. Цытат з Купалы, Коласа, дзесятка іншых пісьменнікаў і паэтаў нармалізатарам недастаткова дзеля таго, каб уключыць слова ў слоўнікі. Я. Станкевіч і беларускія акадэмічныя лексікографы выключаюць голаў са складу сваіх слоўнікаў, дбаючы хутчэй пра абмежаванне, чым пра рэальнае багацце лексікону роднай літаратурнай мовы. А між тым гэтае вельмі цікавае, магчыма, эксклюзіўна (выключна) беларускае слова наўрад ці патрабавала такой жорсткай ацэнкі.

Але вернемся да верша “Ручэй”. Паводле прыналежнасці да граматычных класаў (часцін мовы) 69 розных слоў, што складаюць лексікон тэксту, размеркаваныя так: 25 назоўнікаў, ужытыя 27 разоў; 16 дзеясловаў (17 словаўжыванняў); 7 прыслоўяў; 5 прыметнікаў і 17 так званых непаўназначных слоў (33 словаўжыванні): 4 займеннікі (10 словаўжыванняў), 6 прыназоўнікаў (8 словаўжыванняў), 4 злучнікі і 1 злучальнае слова (разам 12 словаўжыванняў), 2 часціцы (3 словаўжыванні).

У тэматычных i семантычных адносінах лексічны склад верша засяроджаны натуральна на словах, што характарызуюць прыродныя з'явы. Лексіка-тэматычная дамінанта верша — найменні прыродных з’яў. 8 слоў — гэта назвы раслін і іх сукупнасцей: алешына, вярба, гай, куст, асака, чараты, трава, мурог. Гэтыя словы адносна раўнамерна размеркаваныя па ўсім тэксце: яны сустракаюцца ў першай (2 словы), другой (2 словы), трэцяй (3 словы), пятай (1 слова), шостай (1 слова) строфах. Расліннасць навакол пышная, яна імкнецца абступіць ручэй. Толькі ў чацвёртай і сёмай строфах няма назваў расліннага свету. У чацвёртай страфе выступаюць назвы з’яў нежывой прыроды: зорка, хмурынка. Ёсць такая назва і ў шостай страфе верша, тут, праўда, з’ява штучнага паходжання: курган. Гэтыя словы ствараюць разам з некаторымі іншымі візуальна-аптычны вобраз мясціны, дзе працякае ручэй, названы яшчэ ручайком. Пэўная частка слоў прама звязана з візуальным успрыманнем рэчаіснасці: глядзецца, зазірнуць, кінуць узрок; трэба адзначыць пэўны збег ужывання, ці, як кажуць у статыстыцы, згушчэнне гэтых слоў менавіта ў чацвёртай страфе.

Паэт не абмяжоўваецца чыста аптычным адлюстраваннем прыроды; ён імкнецца стварыць комплексны сінэстэтычны вобраз. Ён і яго чытач не толькі бачаць, але і чуюць ручэй. Група слоў мае дачыненне да аўдытыўна-акустычнага ўспрымання прадмета верша: сярдзіта бубнець, грымець, шумець; пець, песні, спеў; салавей; смех; гучны, несціханы; слухаць; ужо абмеркаванае слова срэбразвонны. Гукавыя вобразы засяроджаны ў першай страфе і ў трох апошніх (пасля таго як у чацвёртай страфе асабліва яркай была візуальная замалёўка), прычым акустычны эфект узрастае: у пятай страфе толькі згадваецца гучны смех ручча, у шостай ручэй папераменна то сярдзіта бубніць, то лагодна пяе. У першай страфе згаданы салавей, што, як яму наканавана ў паэзіі, пяе. Гэты дзеяслоў выкарыстаны ў вершы двойчы: першы раз ён характарызуе дзеянне салаўя, а другі (у шостай страфе) — ручча. Узнікае своеасаблівае кола з назваў мілагучнага спеву, што звязвае пачатак і канец верша, жывую і нежывую прыроду ў адзінае цэлае. У апошняй страфе чуваць несціханы спеў, тут метафарычна ўжыты эпітэт густы ў прымяненні да гукаў і ўрэшце выказваецца думка пра адпачынак (адпачынеш і ты), якая прыходзіць да лірычнага героя на фоне натуральнага спеву ручая, яго песень.

Дынамічная няўрымслівасць ручая адлюстроўваецца не толькі ў самым факце ўжывання ў вершы вялікай колькасці дзеясловаў, але і ў семантыцы пэўнай часткі слоў тэксту. Некаторыя словы, што адносяцца да ручча, перадаюць рух: дрыжаць, абвіць, хіліць, заскочыць; цікава, што дынамічнымі дзеясловамі перадаюцца і некаторыя «паводзіны» навакольных раслін (хіліць, абступаць, падыходзіць, схіляць). Магчыма, рухавасць ручая найлепей перадаецца выкарыстаннем для яго абазначэння складанай намінацыі жэўжык-пястун, першая частка якой тлумачыцца як 'свавольнік, гарэза', а другая — 'той, хто любіць песціцца, балаўнік; той, каго вельмі песцяць, распешчваюць'. Пэўным кантрастам да жвавасці і гарэзлівасці галоўнага «героя» верша стаў апошні радок пра адпачынак.

28-ы радок верша Адпачынеш і ты хутчэй за ўсё трэба разглядаць як рэмінісцэнцыю апошняга радка папулярнага пераспеву Лермантава «З Гётэ» («Горные вершины»): Отдохнёшь и ты. Асновай такога супастаўлення можна лічыць не толькі агульную пейзажную тэму, што праходзіць праз абодва тэксты, але і супадзенне граматычнай і лексічнай структуры гэтых выказванняў. Зразумела, можна па-рознаму тлумачыць глыбінны сэнс радка, напісанага за год да трагічнай смерці маладога рускага паэта, але хутчэй за ўсё Якуб Колас (як і большасць чытачоў) успрымаў гэты радок у непасрэдным прамым значэнні. Трэба адзначыць, што ў першым выданні верша гэты апошні радок чытаўся іначай: «Адпачыне твой дух». Такая абстрактная перспектыва на канцы даволі канкрэтнага верша падалася, відаць, Коласу няўдалай, і ён замяніў яе больш канкрэтным і моцным радком, навеяным лермантаўскай паэзіяй.

У тэксце своеасаблівыя суадносіны часу i прасторы. Вобразатвор верша арыентаваны на зрокавае ўспрыманне, што абумоўлівае шырокае выкарыстанне ў тэксце слоў з прасторавым значэннем. Назоўнікі, дзеясловы, такія, як верх, куст, гай ці хмурынка або падыходзіць, заскочыць, абвіць, так ці іначай звязваюцца з уяўленнямі аб прасторы. Пэўныя словы непасрэдна перадаюць прасторавыя адносіны і вымярэнні, напрыклад прыслоўе здаляка, непаўназначныя словы дзе, між, над, да, на, у. У адрозненне ад раскіданых па ўсім творы прасторавых характарыстык прыроды, якія дамінуюць у тэксце, канкрэтныя згадкі пра час у вершы з'явіліся толькі ў чацвёртай страфе, дзе ўжытыя словы часам, уначы.

Агульная ацэначная накіраванасць верша праяўляецца ў выкарыстанні ацэначных словаўтваральных элементаў і ў прамых ацэнках. Варта спыніцца на цікавым, блізкім да народнай творчасці параўнанні вярбы, што хіліць голаў над руччом, з матулькай. Тыповую для народнай паэзіі памяншальную форму маюць у вершы яшчэ і назоўнікі, якія абазначаюць з’явы нежывой прыроды: ручаёк, хмурынка. Станоўчая аўтарская ацэнка гукавага фону замалёўкі адбілася ў падборы ў шостай і сёмай строфах ацэначных прыслоўяў да дзеясловаў, звязаных з успрыманнем гукаў, — лагодна, люба.

Гукавы бок верша вызначаецца тым, што ён складзены дзвюхстопным анапестам са звышсхемнымі націскамі. Паслядоўна рыфмуюцца цотныя радкі; рыфма мужчынская, звычайна неглыбокая: рыфмуюцца апошні галосны і адзін зычны; толькі ў 2, 3 і 5-й строфах рыфма двухскладовая (над ім — сваім; асака — здаляка; брыжы — дрыжыць); у другой страфе рыфма не вельмі дакладная, у пятай — даволі цікавая, ахоплівае па дзве галосныя і дзве зычныя, а да таго ж выбух зычнага перад р. Гукапіс у вершы звязаны з чаргаваннем згушчэнняў гукаў р (4 ужыванні ў першай страфе, 6 разоў у чацвёртай страфе), ж (4 разы ў пятай страфе), н (6 ужыванняў цвёрдага і мяккага варыянтаў у чацвёртай страфе і 5 — у сёмай страфе), м (5 разоў у другой страфе); мяккае і цвёрдае с сустрэлася 4 разы ў пятай страфе і 5 разоў у апошняй, сёмай страфе, да чаго можна дадаць 5 ужываняў цвёрдага і мяккага варыянтаў з у чацвёртай страфе. Сярэдняя даўжыня слова — каля двух складоў, аднак аж пяць слоў удвая даўжэйшыя i маюць па чатыры склады: адно — у першай страфе, два — у трэцяй і два — у сёмай строфах (срэбразвонны; абступаюць, падыходзіць; несціханы, адпачынеш), а 14 слоў — трохскладовыя, што звязана з рытмам, якога прытрымліваецца паэт у вершы. Такім чынам, гукавы бок (розныя па даўжыні словы; чаргаванні згушчэнняў гука р, насавых, шыпячых і свісцячых гукаў; павярхоўныя і глыбокія рыфмы) адлюстроўвае спакойную, але зусім не аднастайную, аніяк не манатонную сутнасць ручая, што цячэ праз прыгожую родную зямлю так, як людзі ідуць праз зусім не спакойнае жыццё.

Літаратура

    Абабурка М. В. Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік. Мн., 1979.

    Байкоў М., Некрашэвіч С. Беларуска-расійскі слоўнік. Мн., 1925.

    Басава Г., Прыгодзіч М. Аўтарскія неалагізмы // Роднае слова. 1995. № 12.

    Беларуска-рускі слоўнік: У 2 т. 2-е выд. 2. Мн., 1989. Т. 2.

    Бялькевіч І. К. Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны. Мн., 1970.

    Даль В. И. Толковый словарь живого великорусского языка. М., 1955. Т. 4.

    Колас Якуб. Збор твораў. Вып. 1. Мн., 1928. Т. 1.

    Колас Якуб. Збор твораў: У 14 т. Мн., 1972. Т. 1.

    Колас Якуб. Песьні жальбы. Вільня, 1910 [Факсімільнае перавыданне. Мн., 1982].

    Ластоўскі В. Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924 [Факсімільнае перавыданне].

    Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: У 5 т. Мн., 1994. Т. 2, карта № 338.

    Мажэйка Н. С., Супрун А. Я. Частотны слоўнік беларускай мовы: Мастацкая проза. Мн., 1976; Публіцыстыка. Мн., 1979; Вусная народная творчасць. Мн., 1982; Гутарковая мова. Мн., 1989; Паэзія. Мн., 1992.

    Насовіч І. І. Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 [Факсімільнае перавыданне].

    Наша ніва. Вып. 2, 1909 [Факсімільнае выданне. Мн., 1996].

    Прыгодзіч М. Сэнс у іх хаваецца яшчэ большы, чым паэзія: Аўтарскія неалагізмы як факт мовы // Роднае слова. 1995. № 8.

    Руска-беларускі слоўнік. У 2 т. 2-е выд. Мн., 1982.

    Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне. Мн., 1987.

    Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5 т. Мн., 1984. Т. 4.

    Срезневский И. И. Материалы для словаря древнерусского языка. М., 1958. Т. 3 [Факсимильное переиздание].

    Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Велікалітоўска-расійскі) слоўнік. New York, без даты.

    Сцяшковіч Г. Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. Мн., 1972.

    Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. Мн., 1977—1984.

    Толстая С. М. Диалектные ареалы литературных слов (Заметки на полях «Лексического атласа белорусского языка») // Dialectologia Slavica: Сборник к 85-летию С. Б. Бернштейна. М., 1995.

    Тураўскі слоўнік: У 5 т. Мн., 1982. Т. 1.

    Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа. Мн., 1993.

    Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981.

    ( Роднае слова. 1999. № 10. С. 80—88)