У. Свяжынскі. БАЛТЫ Й БАЛЦКІЯ ГАВОРКІ Ў СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСІ

Чцв, 19 сакавіка 2009

Мовы Еўропы

Цэтлікі: балты, глотагенез

Катэгорыі: Мовы Еўропы

У той час як мовы іншых індаэўрапейскіх народаў далёка адышлі ў сваім развіцці ад сваёй прамаці — праіндаэўрапейскае мовы, мовы балтаў захавалі ў сваёй граматыцы, лексыцы амаль усе адметнасці індаэўрапейскае мовы. На думку навукоўцаў, гэтаму спрыяў прыродны чыннік: балты, асеўшы на доўгі час сярод пушчаў і балатоў, як бы захаваліся тут ад культурна-гістарычнага руху і ад культурных уплываў (1).

На тэрыторыі Беларусі ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі (сучасныя Гомельская і Магілёўская вобласці, усход Берасцейскай, поўдзень Менскай) у эпоху ранняга жалезнага веку (

VII-III стст. да н. э.) была пашыраная  г. зв. мілаградзкая культура (ад назвы гарадзішча Мілаград у Рэчыцкім раёне). Бальшыня навукоўцаў лічыць гэтую культуру балцкай. На поўнач ад арэалу балцкае культуры, у сярэдняй частцы цяперашняе рэспублікі ў VII-VI стст. да н. э. — IV-V стст. н.э.) размяшчаліся плямёны культуры штрыхаванай керамікі (усходнелітоўскія, ці ўсходнябалцкія), якія зніклі, не пакінуўшы пасля сябе нават назвы. На поўначы Беларусі, у Віцебскай вобласці й суседніх раёнах, у VIII ст. да н. э. — IV ст. н. э. жылі плямёны днепра-дзвінскае культуры, якія належалі, як і плямёны штрыхаванай керамікі, да балтамоўнага насельніцтва. З канца І тысячагоддзя да н.э. у Верхнім і Сярэднім Падняпроўі, там, дзе раней знаходзіўся асноўны арэал мілаградзкай культуры (Гомельская, Магілёўская, часткі Берасцейскай і Менскай вобласцяў) склалася зарубінецкая культура. Адны навукоўцы лічаць плямёны зарубінецкай культуры продкамі славянаў Падняпроўя, іншыя — плямёнамі, мова якіх займала прамежкавае становішча паміж славянскай мовай і блізкімі да яе заходнябалцкімі гаворкамі (2).

У сярэдзіне І тысячагоддзя на Беларусі культура штрыхаванай керамікі й днепра-дзвінская змяняюцца  г. зв. банцараўскай (ад назвы гарадзішча Банцараўшчына, што пад Менскам). На думку беларускага этноляга Ф.Клімчука, плямёны банцараўскай культуры зьяўляюцца непасрэднымі продкамі беларусаў (3). Другая археалягічная культура трэцяй чвэрці І тысячагоддзя  н. э. дастала назоў калочынскай (ад назвы в.Калочын Рэчыцкага р-ну). На думку навукоўцаў, гэта — мадыфікаваная балцкая культура (4).

Сярэдневечныя польскія краністыя М.Бельскі й М.Стрыйкоўскі сцвярджаюць у сваіх кроніках, што сваю назву Белавеская пушча атрымала ад старажытнага замку з белымі вежамі, пабудаванага адным з яцвяскіх князёў. Як піша ў сваіх падарожных нататках вядомы этнограф П.Шпілеўскі, месца, дзе быў гэты замак, за ягоных часоў мела выгляд даволі ўзвышанага насыпу, абкружанага з усіх бакоў капцамі, курганамі і валатоўкамі (старажытнымі паганскімі магіламі), і было ведамае пад імем Замчышча, або Займішча. Некаторыя з гэтых капцоў і валатовак раскапаныя, і ў іх знойдзеныя цэлыя шкілеты чалавечыя і рознай велічыні гліняныя сасуды, відавочна, урны — ясны доказ, што пушча ў часы яцвяскага язычніцтва была заселеная (5).

Вядомы літоўскі археоляг Адольфас Таўтавічус, абагульніўшы вынікі даследаванняў гісторыі балтаў на Беларусі і дадзеныя гістарычных крыніцаў, у сваім падсумавальным артыкуле «Яцвягі, дайновы, судовы, паляксены і…» зрабіў спробу высветліць этнічны склад балцкага насельніцтва польска-беларуска-літоўскага памежжа й яго гістарычны лёс (6). Ён, у прыватнасці, піша, што пасля зьяўлення працаў гісторыкаў С.Заянчкоўскага, А.Камінскага, В.Пашуты, археолягаў Е.Антаневіча, Я.Ясканіса, М.Качынскага, Я.Акуліча, В.Сядова, мовазнаўцаў В.Мажуліса, Я.Налепы ды інш. запанавала думка, што групу яцвяскіх плямёнаў, значнай часткі былога балцкага насельніцтва Беларусі, утварылі чатыры буйнейшыя плямёны. На паўночным ускрайку тэрыторыі іх пражывання жылі дайновы, на поўдні яны былі суседзямі літоўцаў. На паўночна-заходнім ускрайку пражывалі судовы. Тэрыторыі іх пражывання мяжуюць з Надровай і перш за ўсё з Бартай — прускімі плямёнамі. У паўднёва-заходняй частцы — на рацэ Элка (Лыха) пражывалі паляксены — суседзі галіндаў (голядзі) і мазураў. Яны раней былі больш моцнымі і шматлікімі і шкодзілі мазурскім князям, а пазней і польскім правіцелям. А ў цэнтральнай і ўсходняй частках пражывалі яцвягі, якія раней за ўсіх сутыкнуліся з пашыраючай у Х-ХІ стст. сваю ўладу на поўнач Кіеўскай Руссю, а пазней — з галіцка-валынскімі князямі. Вядома, што паміж імі маглі быць і больш дробныя плямёны, найменні якіх, аднак, не захаваліся.

Пытанне пра паходжанне яцвягаў застаецца нявырашаным. Польскія археолягі лічаць, што гэтыя плямёны ўтварыліся ў пачатку І ст. да н.э., калі ў край характэрнай для ўсходніх балтаў курганнай культуры праніклі прыхадні з вобласці мілаградзкай культуры (басэйну Прыпяці). Магчыма, што неаднолькавая колькасць прыхадняў перадвызначыла, што ўзнікла некалькі родавых плямёнаў і некалькі плямёнаў, або груп, якія падзяліліся, а прыхадні з тэрыторыі культуры штрыхаванай керамікі і перадвызначылі ўтварэнне племя дайноваў і іх прыкметную блізкасць да літоўцаў. Большасць даследнікаў пільнуецца думкі, што ў ІІ ст. згаданыя ў «Геаграфіі» К.Пталамэя судзіны і галінды ёсць тыя самыя судовы і іх суседзі галінды. Такім чынам, у пачатку н. э. гэтыя плямёны ўжо існавалі. З археалягічных звестак вядома, што і ў ІІ-ІІІ стст. уласцівыя групам плямёнаў звычаі хавання нябожчыкаў адрозніваліся некаторымі рысамі іншае культуры. Напрыклад, у той час судовы ваколіц Сувалкаў хавалі нябожчыкаў у курганах няспаленымі, а над магільнай ямай накладвалі каменную крушню. Яцвягі, што жылі ў ваколіцах Аўгустова, сваіх нябожчыкаў хавалі спаленымі, у урнах. Тут мацнейшым быў уплыў прускай культуры ці рэліктаў курганнай культуры заходніх балтаў з больш ранняга пэрыяду. Не стае дадзеных, каб ахарактарызаваць узаемныя адносіны дайноваў, судоваў, яцвягаў і паляксенаў, ня ясна, чаму яны не спрабавалі ў ХІІІ ст. стварыць свае дзяржавы або аб’яднацца з Літвой. Пісьмовыя звесткі аб культуры гэтых плямёнаў з ХІІ-ХІІІ стст. вельмі супярэчлівыя. Цяжка і ўстанавіць мяжу тэрыторыяў іх пражывання, таму што па гэтым пытанні таксама не стае звестак — і пісьмовых, і лінгвістычных, і археалягічных, а іншы раз гэтыя звесткі супярэчаць адны адным.

На падставе ўсяго комплексу дадзеных, якія ёсць па гэтаму пытанню, А.Таўтавічус спрабуе наблізіцца да развязання даволі складанага пытання — акрэсліць межы пражывання разгляданых ім балцкіх плямён. Аўтар зазначае, што яшчэ ў 1965 г. вядомы літоўскі археоляг і гісторык культуры Пузінас, разглядаючы асобныя думкі розных аўтараў, зазначыў, што межы тэрыторыяў пражывання яцвягаў змяняліся са стагоддзямі.

Найбольш выразна вызначаная заходняя мяжа. Яна праходзіць па польскай і літоўскай тэрыторыях (у іх сучасным стане) — пачынаючы ад Бебжы (правага прытоку Нарава) на паўночны захад ад вялікіх мазурскіх балатоў, далей па іх усходнім баку, а яшчэ далей яна паварочвае на паўночны ўсход у кірунку возера Вішціціс, перасякаючы лес Рамінта. Ад возера Вішціціс гэтая мяжа ідзе па былой мяжы паміж Літвой і Нямеччынай да ніжняга цячэння Нёмана. Праўда, і тут яшчэ з-за недаследаванасці археалягічных помнікаў галіндаў, бартаў і надроваў мяжа паміж гэтымі плямёнамі і яцвягамі застаецца няпэўнай.

Пільнуючыся думкі Я.Длугаша, што сталіцай яцвягаў быў Драгічын на Бугу, большасць гісторыкаў спрабуе правесці паўднёвую мяжу тэрыторыі пражывання яцвягаў да Буга (паміж Брэстам і Драгічынам). Вядомы літоўскі мовазнаўца Ґяруліс сцвярджае, што яцвягі жылі і далей на поўдзень ад Буга. Расейскі лінгвіст В.Тапароў лічыць, што яцвягі жылі і на поўдзень ад Нарава і Буга. Думкі, што паўднёвай мяжой тэрыторыі пражывання яцвягаў быў Буг, не абвяргае і выдатны расейскі археоляг В. Сядоў, які з расейсікх археолягаў бадай найбольш цікавіўся гісторыяй яцвягаў. Даследчыкі М.Цёпэн, А.Камінскі, М.Гімбутэне, В.Мажуліс, Г.Лаўмяньскі, іншыя літоўскія і польскія гісторыкі і археолягі пільнуюцца думкі, што найбольш верагоднай мяжой пражывання яцвягаў зьяўляюцца Буг, яго прыток Нараў і, нарэшце, Бебжа, прыток Нарава.

Усходняя мяжа, як і паўднёвая, застаецца спрэчнай. З апублікаваных цяпер дадзеных (М.Цёпэн, Г.Лаўмяньскі, Ц.Энгель, А.Камінскі, Я.Налепа, М.Гімбутэне, К.Буга, В.Сядоў, Я.Звяруга) вынікае, што на тэрыторыю паміж верхнім цячэннем Нёмана і Прыпяццю групы яцвягаў перасяляліся і будаваліся тут толькі ў ХІ-ХІV стст. З цягам часу іх часткова асымілявалі беларусы, а адзін апошні астравок застаўся да канца ХІХ — пачатку ХХ ст.

Пры вызначэнні паўночнай мяжы большасць аўтараў (М.Цёпэн, Я.Самбжыцкі, Г.Лаўмяньскі, Ц.Энгель, А.Камінскі, М.Гімбутэне, Я.Акуліч ды інш.) пільнуюцца ўстаноўленай заключаным у 1422г. у Мельне пагадненнем мяжы паміж Літвой і Прусіяй да Нёмана. Даводзіцца пагадзіцца з В.Сядовым, што мяжу тэрыторыяў пражывання яцвяскіх плямёнаў можна высветліць паводле пашырэння характэрных для іх курганоў. З праведзеных у ваколіцах Сувалкаў польскімі археолягамі даследаванняў вядома, што ў ІІ-IV стст. судовы хавалі нябожчыкаў з даволі шматлікімі мэталічнымі пахавальнымі ўбраннямі (упрыгожаннямі, зброяй, некаторымі прыладамі). У магільнай яме памерлых абкладвалі камянямі, а паверх іх складалі купу камянёў, запаўнялі яе зямлёю, а насып абкружалі каменным вянцом. Таму гэтыя курганы й названыя каменнымі курганамі, крушнямі. У VI-VII стст. і пазней рэшткі спаленага нябожчыка ссыпалі ў гліняную урну й змяшчалі ў насыпаным з камянёў і зямлі кургане. Магілы судоваў-яцвягаў VIII-IX стст. менш вядомыя, але памерлых і надалей хавалі спаленымі ў курганах або ў абкладзеных камянямі магілах. У паўночнай частцы Занямоння і каля нізоўяў Нёмана, а таксама Дубісы й Нявежы такія магілы, складзеных з камянёў, ня знойдзеныя. Тут у І-IV стст. памерлых хавалі таксама няспаленымі, але без ніякіх каменных насцілаў або насыпаў паверх магільных ямаў. Такія магілы ўтвараюць аўкштайцкую групу могілак і дазваляюць сцвярджаць, што на ўзбярэжжы Нёмана ніжэй за Коўна на паўночнай ускраіне Занямоння ўжо з пачатку новай эры жылі аўкштайты. Звесткі праведзеных даследаванняў паказваюць, што ў ІІ-ХІІ стст. яцвягі ў Занямонні жылі толькі на поўдзень ад сярэдняга цячэння Прэны — Шылавоты і Шашупэ. На Мяркіне-Прэнскім участку Нёмана, а можа, і далей на поўдзень, у ІІ-IV стст. усходнімі суседзямі яцвягаў былі плямёны культуры штрыхаванай керамікі. Іх паселішчы знаходзіліся на правым і левым берагох Нёмана і далей на усход, да ваколіцаў Менску.

Такім чынам, зазначае А.Таўтавічус, звесткі, якія цяпер ёсць, дазваляюць сцвярджаць, што паўночна-ўсходняя мяжа тэрыторыяў пражывання яцвягаў некалькі разоў змянялася. Усходняя й паўночная частка Літвы да ХІІІ ст. была заселена толькі літоўцамі і далей на поўдзень ад іх — іх родзічамі дайновамі, якія асталяваліся тут у IV-X стст.

Як вядома, лёс яцвягаў аказаўся трагічным. Мяркуючы паводле гістарычных фактаў, яны самі ў пэўнай ступені яго прадвызначылі. У сваіх нататках П.Шпілеўскі згадвае паданне, згодна з якім у Белавежскай пушчы пераважна жыло некалі вядомае балцкае племя яцвягаў, якое апраналася ў мядзведжыя шкуры; тут некалі атрымаў вядомасць сваімі набегамі на суседнія ўладанні Старажытнай Русі і Польшчы князь іх, Камят, справы якога дагэтуль апяваюцца ў народных песнях Гродзеншчыны й Ковеншчыны (7). Такім чынам, мяркуючы па гэтаму і шматлікіх іншых звестках, яцвягі былі вельмі ваяўнічымі.

У летапісе Нестара запісана, што вялікі князь кіеўскі Уладзімір, пашыраючы сваю ўладу, падначаліў яцвягаў, вяцічаў і радзімічаў, у 983г. ён пайшоў супраць яцвягаў і забраў іх землі. Аднак перамога над яцвягамі была, відаць, кароткачасовай, бо яго сын Яраслаў Мудры ў 1038 і 1040 гг. ізноў уварваўся ў яцвяскую зямлю (апошні напад закранула і Літву). Ад пачатку ХІІ ст., пашыраючы сваю ўладу на поўнач, пачалі войны з яцвягамі князі Валыні ды Галічу: у 1112г. на яцвягаў ідзе Яраслаў, у 1196г. — яго сын Раман, а ў 1227—1256 гг. асабліва настойліва пакарыць яцвягаў стараўся сын апошняга Даніла. Ён у 1227г. ужо біў яцвягаў пад Берасцем, у 1251г. выступіў супраць іх з Драгічыну. У Іпацьеўскім летапісе сцвярджаецца, што і ў 1251г. яцвягі і войска Данілы аказвалі дапамогу жамойцкаму князю Вікінту, калі той напаў на замак Міндаўга Варуту. Значыць, амаль у тым сама годзе адна частка яцвягаў ваявала з галіцка-валынскім князем, а другая — разам з тым жа войскам Данілы дапамагала Вікінту. У рускіх летапісах і іншых дакумантах яцвягаў называюць рознымі варыянтамі гэтага наймення, але часцей за ўсё — «ятвяги», «ятвязи».

Правіцель Польшчы Баляслаў IV (правіў у 1146—1178 гг.) каля 1166г. спрабаваў пакарыць паляксенаў, якія летапісцам называюцца страшнымі праціўнікамі. У бітвах і непраходных балотах тады быццам загінула шмат палякаў і паляксенаў, якіх летапісец назваў яшчэ і ґятамі. Другі правіцель Польшчы — Казімір Справядлівы ў 1192г. нібы зноў спрабаваў заняволіць паляксенаў, якія, паводле летапісання, зьяўляліся родзічамі прусаў.

У сярэдзіне ХІІІ ст. у гістарычных крыніцах неаднойчы згадваецца найменне дайноваў. У кроніцы Быхаўца паведамляецца, што вялікі князь Нарымонт зрабіў свайго брата Трайдзеня правіцелем яцвягаў. Трайдзень заснаваў Райґардас, паспяхова ваяваў з польскімі князямі. Зноў дайнова згадваецца ў дакумантах Міндаўга. Нямецкі ордэн, які перасяліўся ў Прусію і падначаліў яе сабе, у сваіх дакумантах, кроніках не ўжываў найменняў ні яцвягаў, ні дайноваў, ні паляксенаў, а ўсе гэтыя плямёны называў судовамі. Думаецца, што так сапраўды называлася адно племя яцвягаў, якое жыло раней у паўночна-заходняй частцы іхных земляў побач з надровамі й прусамі. Гэтыя плямёны не меркавалі аб’яднацца, стварыць сваю дзяржаву.

Міндаўг таксама ня меў намеру далучыць іх да Літоўскае дзяржавы. А ў трэцяй чвэрці ХІІІ ст. пачынаюцца асабліва жорсткія войны. У 1254г. згаданы галіцка-валынскі князь Даніла, мазурскі князь Земавіт і Нямецкі ордэн стварылі саюз супраць яцвягаў, дамовіліся, што дзве траціны яцвяскае зямлі дасталіся б Нямецкаму ордэну, а астатнюю траціну падзялілі б міжсобку іншыя ўдзельнікі гэтага хаўрусу. Пачаліся зацятыя бітвы. Нягледзячы на спробы асобных яцвяскіх князёў аб’яднаць усе іх сілы і адбіць наступы, праціўнікі пачалі спусташаць ня толькі ўскраіны гэтага краю, але дасягалі і цэнтральных зямель. Так, князь Даніла ў 1256г. разбіў аб’яднанае яцвяскае войска пры Прывішчы (знаходзілася на адлегласці блізу 15 км на захад ад сучаснага Аўгустова). У 1264г. яцвяжскі край спустошыла войска караля Польшчы Баляслава V Сарамлівага. Яцвягі паспрабавалі падтрымаць паўсталых супраць Нямецкага ордэну прусаў, але ордэн задушыў паўстанне і ў 1277—1283 гг. канчаткова спустошыў гэты край — гарады, сёлы былі спаленыя, частка людзей знішчаная, іншыя ўцяклі ў Літву, некаторых войска Нямецкага ордэну вывела ў няволю, частку пасялілі ў Самбіі, на захад ад Караляўца (Кёніґсбэрга).

Так у канцы ХІІІ ст. трагічна закончылася гісторыя яцвягаў. У пачатку XIV ст. краніст Нямецкага ордэну Пётр Дусбург у «Кроніцы Прускае зямлі» напісаў, што судовы (яцвягі) былі самыя высакародныя з усіх плямёнаў, якія жылі ў Прусіі. Яны пераўзыходзілі ўсіх іншых ня толькі высакароднасцю звычаяў і багаццем, але і сваёй магутнасцю. Іх войска было самым шматлікім: судовы мелі 6000 вершнікаў і мноства іншых вояў. Гэты факт побач са згаданым вышэй паданнем пра Камята сведчыць аб незвычайнай ваяўнічасці яцвягаў. Іх частыя набегі на суседнія плямёны выклікалі адэкватныя меры ў адказ, што пры адсутнасці ў іх сваедзяржавы і прадвызначыла іх гістарычны лёс як асобнай этнатэрытарыяльнай супольнасці, — дзякуючы двом згаданым суб’ектыўным чыннікам гэты народ і стаў здабычай больш згуртаваных суседзяў, ня будучы ў стане ў рашвырашальныаючы момант абараніць сябе ад знішчэння.

Аднак ёсць звесткі, што няшчасці яцвягаў на гэтым не закончыліся. У прыватнасці, П.Шпілеўскі ў сваіх нататках прыводзіць паданне, згодна з якім у Белавескай пушчы, у напрамку да Горадні, быў невялікі ўзгорак, вядомы пад назвай Баторавай гары, дзе, як кажа паданне, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Сцяпан Батура (а гэта ўжо другая палова XVІ ст.) паляваў на яцвягаў і страляў іх, як зуброў або мядзведзяў (8). У гістарычных крыніцах назвы Палессе, Падлессе супрацьпастаўляюцца тапонімам «Літва», «Белая Русь», «Валынь», «Жмудзь», «Кіеўская зямля», «Падняпроўе» (9).

Паказальна таксама выкарыстанне некаторымі польскімі гісторыкамі-сучаснікамі, напрыклад, Длугашам і Кадлубкам, асобнай этнанімічнай формы «палясяне» для вызначэння насельніцтва гэтага рэгіёну, а таксама жыхароў Падляшша (10). Ёсць думка, што назва «палякшане» («паляксяне», «палясяне»), якой у XIV — пачатку ХХ ст. вызначаліся жыхары заходніх раёнаў Берасцейшчыны й сумежных земляў Падляшша, ґенэтычна ўзыходзіць да мікраэтноніма аднаго з плямёнаў заходнебалцкага звязу яцвягаў (11). Як піша П.Шпілеўскі, палескія пасяляне і пасялянкі адрозніваюцца сваймі касцюмамі ад іншых плямёнаў Расіі. Асабліва арыгінальныя і мудрагелістыя ўборы замужніх жанчын. Так званая світка (верхняе адзенне) іх з цёмна-сіняга сукна мае крой дамскага паліто з таліяй, з разрэзамі ўнізе і са шматлікімі на грудзях і каля кішэняў узорамі з шарсцяных тасёмак, пераважна чырвоных і пунсовых. Рукавы шырокія, з абшлагамі, аблямаванымі каляровымі шнуркамі; каўняры стаячыя, па краях закругленыя; на нагах — казловыя чаравікі з высокімі абцасамі, іншы раз чырвонымі, і востраканцовымі насамі. Галава паляшанкі ўпрыгожваецца белым вялізным з крыллямі па баках, якія развяваюцца, пакрывалам, падобным на покрыва старажытных літоўскіх або яцвяскіх вэсталак і жрыц (12).

На Ўсход і Паўночны ўсход ад яцвягаў размяшчалася Літва. Літва ўяўляла сабой адзін са шматлікіх балцкіх народаў побач з цявягамі, прусамі, жамойтамі, куршамі, земгаламі, селамі і латгаламі. Р.К.Валкайце-Кулікаўскене, В.Сядоў, У.Пашута, Г.Лаўмяньскі і інш. звязваюць Літву ХІ ст. з археалягічнай культурай усходнелітоўскіх курганоў, арэал якой ахоплівае тэрыторыю ад сярэдняга цячэння  р.Нёмана і р.Швянтойі да Свіра, Паставаў, Маладэчна. Паводле летапісных звестак ХІІ-ХІІІ стст. і пазнейшай тапаніміі М.Ермаловіч лякалізуе летапісную Літву каля Менску на ўсход, Наваградка на захад, Маладэчна на поўнач і Ляхавічаў на поўдзень (13). Вядома, што межы сярэднявечных гістарычных вобласцяў, у тым ліку Літвы, не супадалі з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Вялікага Княства Літоўскага, межамі княстваў фэўдальнай раздробленасці. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэднявечнай Літвы з арэалам культуры штрыхаванай керамікі на познім этапе (пачатак новай эры). У такім разе ўзнікненне назвы гістарычнай вобласці Літва датуецца пачаткам новай эры. Характэрна, што размытасць межаў культуры штрыхаванай керамікі на сучаснай Гродзеншчыне аналягічная становішчу з заходнімі межамі гістарычнай Літвы (14).

У межах арэала Літвы ці побач вылучаліся Аўкшайція, Дзяволтва і Нальшчаны . Паводле карты В.Насевіча, Нальшчаны займалі значную частку тэрыторыі цяперашняй Беларусі на захад ад Браслава, Лагойску, на ўсход ад ракі Вілія, Крэва (15). У Жамойці, як сведчаць старажытнарускія летапісы ХІІ ст., меліся такія ж тэрытарыяльныя адзінкі, як у землях самастойных балцкіх народаў (Цекліс, Коршаў і інш.), што дазваляе лічыць яе насельніцтва не малым племенем, а асобным этнасам, некалі заваяваным літоўцамі. На тэрыторыі сучаснай Літвы ў ХІІІ ст. існавалі два розныя культурныя арэалы: заходні і ўсходні. Першы, які амаль супадаў з тэрыторыяй Жамойцкай зямлі больш позніх часоў, вызначаецца выключна грунтовымі пахаваннямі без курганных насыпаў. Другі ахопліваў усходнюю палову сучаснай Літвы і прылеглыя часткі Беларусі (да возера Нарач, Налібоцкай пушчы і правабярэжжа Нёмана ў раёне Ліды). Гэта была культура  г. зв. усходнелітоўскіх курганоў — бясспрэчна балцкай паводле пахавальнага інвэнтару (16). Некаторыя групы жамойтаў, ратуючыся ад крыжакоў, мігравалі на тэрыторыю суседніх Аўкштайціі, Беларусі, Польшчы. З 1413г. (афіцыйная дата прыняцця жамойтамі хрысціянства) да сярэдзіны XVI ст. былі паступова хрысціянізаваныя літоўскімі, польскімі і беларускімі каталіцкімі місыянэрамі (17). Аўкштайты — група балцкіх плямёнаў, што жылі ў басэйне ракі Нявежыс і нізоўях Віліі (Нярыс). Суседзямі іх былі на поўначы земгалы, на ўсходзе і паўночным усходзе — Літва, на поўдні — яцвягі, на захадзе — жамойты. Такім чынам, тэрыторыя рассялення аўкштайтаў уключала значную частку паўночнага захаду сучаснае Беларусі (18).

Моўнае аславяньванне групаў балтамоўнага насельніцтва часам працягвалася да 1920—1930-х гг. У сярэдзіне ХІХ ст. жыхары некаторых вёсак Ашмянскага, Лідзкага і Слонімскага паветаў карысталіся яшчэ балцкімі гаворкамі (19). Валынскі летапіс паведамляе, што ў 1276 г. пад націскам крыжакоў у раёны Гародні, Слоніма, Камянца, Турыйска эмігравалі вялікія групы заходнябалцкіх плямёнаў борцяў і прусаў (20).

Рэтраспэктыўнае вывучэнне гісторыі адной з балтамоўных групаў на землях Усходняй Беларусі, што жылі ў воласці Абольцы сучаснага Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, Гайне Лагойскага раёна Менскай вобласці, зрабіў польскі вучоны Е.Ахманьскі. Грунтуючыся на гістарычных і лінгвістычных звестках, Е.Ахманьскі здолеў паказаць, што ў XIV ст. там сапраўды пражывала дастаткова кампактная балтамоўная група, якая ў XVI ст. была ўцягнутая ў працэс асыміляцыі (21). Актыўную асыміляцыю балтамоўных выспаў, што сустракаліся ў межах асноўнага этнічнага масыву беларусаў, спраўджваюць матэрыялы і іншых польскіх гісторыкаў-мэдыявістаў (22).

Калі яшчэ ў першай палове XIV ст., паводле карты В. Насевіча, існавалі асобныя літоўскія княствы — Нальшчаны, Дзяволва і Упіта (23), то ў працэсе далейшай кансалідацыі народа ў ВКЛ на месцы гэтых княстваў ужо ў другой палове XIV ст. зьяўляецца адзіная Літва (побач з Жамойцю), якая ператварылася ў аднайменную гістарычную вобласць, поліэтнічную, з доляй іншаэтнічнага насельніцтва (24). На месцы ж Дзяволтвы, Нальшчанаў, Упіты па аналёгіі з Жамойцю (г.зн. Ніжняй) узнікла гістарычная вобласць этнічнай Літвы Аўкштайція (Верхняя), значная частка якой знаходзілася ў межах цяперашняе Беларусі (25).

Адасабленне літоўскага ды славянскага моўных арэалаў у сілу складанай моўнай сытуацыі ў дадзенай вобласці аказваецца даволі цяжкай задачай: «Усходняя мяжа тэрыторыі літоўскай мовы вельмі няясная», піша З.Зінкявічус (26). Уздоўж усяе Літвы й Беларусі, ад паўночнага ўсходу да паўднёвага захаду цягнецца ланцужок астраўных балцкіх гаворак, акружаных цяпер беларускім асяроддзем (27). У прыватнасці, дыялекталагічныя экспэдыцыі Інстытуту літоўскае мовы й літаратуры 1956 і 1958 гг. засведчылі прысутнасць літоўскае мовы прыкладна ў 50 вёсках Браслаўскага й Відзаўскага раёнаў Віцебскай вобласці, сканцэнтраваных галоўным чынам каля мястэчка Опса. Літоўская мова захоўваецца і ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці (у вёсках наваколля Лынтупаў, Камаяў, Свіры на мяжы з Гродзенскай вобласцю). На Гродзеншчыне — у Гервятах і яшчэ дзесятку вёсак (Астравецкі раён), Лаздунах і некалькіх суседніх вёсках (Іўеўскі раён), Рамашканцах, Дайнаве, Бялюнцах і інш. вёсках, што прымыкаюць да Дзевянішкеса, у ваколіцах Радуні — у вёсках Жырмуны, Бастуны, Пеляса, Забалацце і інш., ад Радуні аж да Ліды цягнецца кампактная паласа вёсак, якія захоўваюць літоўскую гаворку (Воранаўскі раён), у Дзятлаве (Зяцела), у вёсках Засецце, Пагіры, Гожа і Прывалкі (28). Раней гэты арэал быў большы. Пэўны ўдзел у фармаванні моўнай сытуацыі ў старажытнасці на Беларусі бралі й латыскія гаворкі.

Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з глыбокай старажытнасці (ІІІ-ІІ тысячагоддзі да н.э.) пражывалі продкі цэлага шэрагу балцкіх плямёнаў — яцвягі (дайновы, судовы, паляксены), аўкштайты, прусы, латышы (латгалы). Адпаведна былі пашыраны гаворкі ў большай ступені яцвягаў, аўкштайтаў, у меншай — прусаў, латгалаў. Неаднолькавасць пашырэння гэтых гаворак тлумачылася рознай ступенню рассялення таго або іншага балцкага племя ў межах Беларусі.

У працах З.Зінкявічуса апісаны цікавы дакумант, які ўяўляе з сябе сучасную копію з невялікага двухмоўнага слоўніка, пераплеценага з лацінскім малітоўнікам (29). Польскім словам тут адпавядаюць словы нейкіх «gwar poganskich z Narewu». Паколькі балтыцкі характар бальшыні лексэмаў, як было высветлена, зьяўляецца несумнеўным (30), на падставе аналізу матэрыялаў слоўніка навукоўцамі была рэканструяваная яцвяская мова, якая, як высветлілася, займае прамежкавае становішча паміж заходне- і ўсходнебалтыцкімі мовамі (31).

Але яшчэ раней асноўныя асаблівасці мовы яцвягаў на падставе аналізу рэліктавых тапонімаў балцкага паходжання ў межах былой тэрыторыі пражывання яцвяжскіх плямён (гл. вышэй) былі выяўлены Я.Атрэмбскім: а) дыфтонг еі адпаведна літоўскаму іе (leipa — liepa ’ліпа’); б) s, z адпаведна літ. ?, ? (zuvys — ?uvys ’рыба’); в) c, dz адпаведна літ. ?, d?; г) t’, d’ адпаведна літ. k, g (jauteliai — jaukeliai ’бычкі’, dalazinis — gele?inis ’жалезны’); д) лексычныя адрозненні, адпаведна: kirsna — juodas ’чорны’, gaila — baltas ’белы’, dulgas — ilgas ’доўгі’ (32).

Пад вока Я.Атрэмбскага ня трапіў, на жаль, цікавы тапонім Зэльва. Яшчэ В.Жучкевіч меркаваў, што ён мае яцвяскае паходжанне (33). На тэрыторыі Прусіі, паводле карты З.Зінкявічуса, значыўся тапонім ?elva (Жялва) (34). Паколькі, паводле Я.Атрэмбскага, літоўскім ?, ? у яцвяскай мове адпавядалі z, s (35), то тапонім Зэльва трэба разглядаць як яцвяскі адпаведнік літоўскаму ?elva ’рыжык’. На карысць гэтага сведчыць і выступленне адпаведнікаў у ролі тапонімаў.

Атрыманыя звесткі дазволілі Я.Атрэмбскаму зрабіць істотную выснову аб тым, што мова яцвягаў як частка балтыцкай моўнай групы бліжэйшая да прускай, чым да літоўскай і латыскай. З іншага боку, мове яцвягаў уласцівы некаторыя важныя асаблівасці, характэрныя для славянскіх моваў: наяўнасць s, z (як у прускай) замест літоўскіх ?, ? c, dz, з tj, dj (як у польскай), ператварэнне палятальных зычных ’t, d’ y k’, g’ (і адваротная замена k’ g’ y t; d’, як, прыкладам, ува ўсходне- й паўднёваславянскіх мовах). Па наяўных звестках лексыка яцвяскай мовы судакранаецца са славянскай.

Зыходзячы з усяго гэтага, можна меркаваць, што мова яцвягаў зьяўляецца пераходнай паміж балтыцкімі й славянскімі мовамі, у кожным разе яна зьяўляецца такой у нашмат большай ступені, чым мова пруская, якой, як вядома, таксама не чужыя асаблівасці, характэрныя для славянскіх моваў.

Паводле лінгвагеаграфічнай карты З.Зінкявічуса, выспавыя гаворкі літоўскае мовы на тэрыторыі Беларусі належаць да наступных групаў, асноўны масыў якіх знаходзіцца на тэрыторыі Літвы: гаворкі Радуні, Пелясы і Рамашканцаў — да паўднёвай групы аўкштайцкіх гаворак, Дзятлава — заходнеаўкштайцкіх, Опсы, Гервят, Лаздунаў — усходнеаўкштайцкіх (36).

У Іпацьеўскім летапісе пад 1276 г. ёсць запіс: «Придоша проуси ко Троиденеви и своеи земли неволею передъ немци, он же прия е к собе и посади часть и(х) в Городне а часть ихъ посади во Вслониме». Паколькі ў свой час летапісцы не заўсёды выразна адрознівалі яцвягаў і прусаў, па сваім месцы пражывання яцвягі былі нібы працягам прусаў, па мове ж яны ўяўлялі сабой нібы разнавіднасць прускіх сукрэвічаў. Апошнімі нашчадкамі яцвягаў, пасаджаных, па верагодным сведчанні летапісу, у Слоніме, зьяўляецца менавіта тое жыхарства, што яшчэ пражывае ў ваколіцах Дзятлава (Зяцелы), а менавіта ў вёсцы Засецце. Доказам, відаць, служыць ужыванае ў іхным дыялекце слова zаsis: літар. ??sis ’гусь’. Яцвягі засвоілі літоўскую мову, але толькі з вялікай цяжкасцю пачалі вымаўляць літоўскі зычныя ?, ? замест s, z сваёй мовы. У дыялекце вёскі Засецце маюцца і іншыя словы з z замест чакаемага ? bazni?a, літар. ba?ny?ia ’касцёл’, zv?ris замест літар. ?v?ris ’звер’ (37).


Літаратура

  1. Бондалетов В. Д. Социальная лингвистика. М., 1987. С. 68.
  2. Нарысы гісторыі Беларусі. Мн., 1994. Ч. 1. С. 40—49.
  3. Клімчук Ф. Беларусы — нашчадкі банцараўцаў? // Спадчына. 1996. № 1. С. 162—180.
  4. Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. С. 42—50.
  5. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Мн., 1992. С. 40.
  6. Tautavicius A. Jotvingiai, dainaviai, suduviai, poleksenai ir… // Lietuvos mokslas. Vilnius, 1994. II t., 1 (2) kn. P. 4—14. Там жа і літаратура.
  7. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. С. 40.
  8. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. С. 40.
  9. Акты Литовско-Русского государства. Ч. 2. С. 456, 466, 502; Литовская метрика: Книга публичных дел. Ч. ІХ. С. 59—60; Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Т. 1. С. 337, 338.
  10. Этнаграфія беларусаў. Мн., 1985. С. 77.
  11. Nalepa J. Polekszanie (Polexiani), plemie jacwieskie u poіnocnowschodnich granic Polski // Rocznik Bialostocki. Bialystok, 1968. T. VII. S. 3—74.
  12. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. С. 39.
  13. Ермаловіч М. І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1991. 2-е выд. С. 43.
  14. Зайкоўскі Э. Літва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1997. Т. 4. С. 380—381.
  15. Вялікае княства Літоўскае // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1994. Т. 2. С. 388.
  16. Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. С. 19.
  17. Чаквін І. У. Жэмайты // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993. С. 256.
  18. Звяруга Я. Г. Аўкштайты // Тамсама. С. 63.
  19. Карашчанка І. В. Літоўцы // Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. Мн., 1989. С. 292—293.
  20. ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. С. 871, 874, 877.
  21. Ochmanski J. Ludnosc litewska we wlosci Obolce na Bialorusi Wschodniej w XIV-XVI wieku // Acta Baltico-Slavica. Bialystok, 1967. T. 5. S. 147—157.
  22. Lowmianski H. Uwagi w sprawie podloza spolecznego i gospodarczego do unii Jagiellonskiej // Ksiega pamiatkowa ku uczczeniu czterechsetnej rocznicy wydania pierwszego Statutu Litewskiego. Wilno, 1934. S. 66.
  23. Вялікае княства Літоўскае // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. С. 388 (карта).
  24. Lowmianski H. Studia nad poczatkami spoleczenstwa i panstwa litewskiego. T. 1. S. 17—19; T. 2. S. 105—109.
  25. Нарысы гісторыі Беларусі. Мн., 1994. Ч. 1. С. 65 (карта).
  26. Zinkevicius Z. Lietuviu dialektologija. Vilnius, 1966. P. 24.
  27. Тамсама. С. 25—27.
  28. Гл.: Судник Т. М. Диалекты литовско-славянского пограничья. М., 1975. Там жа і літаратура.
  29. Зинкявичюс З. Польско-ятвяжский словарик? // Балто-славянские исследования 1983. М., 1984. С. 3—29; Zinkevicius  Z. Lenku-jotvingiu zodinelis? // Baltistica. 1985. XX (1). P. 61—82; 1985. XX (2). P. 184—193.
  30. Орёл В. Э., Хелимский Е. А. Наблюдения над балтийским языком польско-«ятвяжского» словарика // Балто-славянские исследования 1985. М., 1987. С. 121.
  31. Зинкявичюс З. Польско-ятвяжский словарик? // Балто-славянские исследования 1983. С. 11; Toporow V. N. Lit. yra, lett. ir und ihre Vergangenheit im Lichte der Linguistischen Typologie // Zietschrirt fur Slawistik, 1978. Bd 23. H. 5.
  32. Отрембский Я.С. Язык ятвягов // Вопросы славянского языкознания. 1961. № 5. С. 3—8.
  33. Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь. С. 140.
  34. Zinkevicius Zigmas. Lietuviu kalbos istorija. Vilnius, 1988. T. 3. P. 17.
  35. Отрембский Я.С. Язык ятвягов. С. 3.
  36. Zinkevicius Z. Lietuviu dialektologija. Vilnius, 1966. Zemelapis  I.
  37. Отрембский Я. С. Язык ятвягов. С. 7—8.