Э. Блінава. ЛІНГВІСТЫЧНЫ АНАЛІЗ ПАЭМЫ “ЭНЕІДА НАВЫВАРАТ”

Няд, 12 красавіка 2009

Беларуская мова

Цэтлікі: гісторыя беларускай мовы, Энеіда навыварат

Катэгорыі: Беларуская мова

Парадыйная паэма “Энеіда навыварат” – адзін з ранніх твораў беларускай літаратуры – была створана ў пачатку ХІХ ст. (каля 20-х гг.) і да публікацыі доўгі час распаўсюджвалася вусным шляхам. Вялікі ўрывак з паэмы ўпершню надрукаваны ў 1845 г. у пецярбургскім часопісе “Маяк” пад назвай “Отрывок из Энеиды наизнанку на белорусском крестьянском наречии”, больш поўны яе спіс апублікаваны ў 1890 г. у газеце “Смоленский вестник” (№№ 10, 11). Гэтая паэма ўвайшла ў беларускую літаратуру як ананімны твор, хоць яшчэ ў 1905 г. Яўхім Карскі выказаў думку пра аўтарства Вікенція Равінскага, якую пацвердзіў у працы “Беларусы” [10]. Складальнікі хрэстаматыі “Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя” (1988) і аўтары каментараў да яе Алег Лойка і Вячаслаў Рагойша сцвярджаюць, што “сучасны ўзровень беларускага літаратуразнаўства аўтарам ананімнай паэмы “Энеіда навыварат” дазваляе лічыць В. Равінскага” (1786 – 1855) [1], і таму змясцілі тэкст не ў раздзеле “Ананімная літаратура”, а ў раздзеле “Пачынальнікі”. Аднак хто бы не быў аўтарам паэмы, значэнне яе надзвычай важнае ў працэсе фармавання беларускай літаратурнай мовы. На працягу больш чым стагоддзя пісьмовая беларуская літаратурная мова не развівалася. З’яўленне ананімных твораў у пачатку ХІХ ст. было выклікана абуджэнне грамадскай свядомасці беларускага народа, імкненнем мець літаратуру на роднай мове. Ананімныя паэмы “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат” сталі першымі ўзорамі сучаснай літаратурнай мовы.
У кантэксце сказанага асаблівае значэнне набывае лінгвістычны аналіз аднаго з самых ранніх беларускіх літаратурных твораў – паэмы “Энеіда навыварат”.
Глыбокае разуменне твора, вызначэнне фактаў, якія абумовілі выбар моўных сродкаў у паэтычным кантэксце, магчымыя пры аналізе яго мовы на ўсіх узроўнях – лексіка-семантычным, граматычным, фанетычным. Аднак самы важны і прадуктыўны – гэта лексічны (лексіка-семантычны) ўзровень, бо менавіта ў слове заключаецца інфармацыйнае і ацэначна-экспрэсіўнае значэнне, праз слова рэалізуецца эстэтычная функцыя мовы твора.
Слова стварае аснову твора, перадае яго змест. Каб асэнсаваць гэты змест, зразумець яго, неабходнае тлумачэнне асобных слоў і выразаўякія па розных прычынах цяжкія для разумення. Так званых моўных цяжкасцяў у паэме шмат: устарэлыя словы і выразы, дыялектныя і прастамоўныя словы, уласныя імёны, геаграфічныя назвы (апошнія патрабуюць і экстралінгвістычнага каментару).
Асноўныя персанажы “Энеіды навыварат” , пародыі на “Энеіду” рымскага паэта Вергілія (І ст. да н. э.), старажытнагрэцкія багі і героі. Адсюль шматлікае ўжыванне міфалагічных імёнаў – лексем кніжнага паходжання, якія паірабуюць спецыяльнага тлумачэння (некаторыя іх маюць фанетычнае адрозненне ў розных рэдакцыях): Зеўс (Зевес, Зявес) – вярхоўны бог, цар і бацька багоў і людзей; Юнона – багіня сяейнага дабрабыту, апякунка жанчын і шлюбу, жонка Зеўса; Венера (Вянера) – багіня кахання і хараства, дачка Зеўса; Эол (Яол) – бог вятроў; Барэй – бог паўночнага ветру; Нот (Норд) – бог паўднёвага ветру; Эўр (Явул) – бог усходняга ветру; Зефір – бог заходняга ветру; Нептун (Няптун) – бог мораў; Эней, Энеянка, Яней (Янеюшка) – легендарны герой Траянскай вайны; Дыдона (Дзідона) – міфалагічная заснавальніца Карфагена (Карпагена).
У спісе першай рэдакцыі 1845 г. пачатковае э паслядоўна перадаецца згодна з беларускім жывым вымаўленнем праз я, у рэдакцыі 1890 г. – праз э (гэтак пададзенаі ў хрэстаматыі 1988 г.). У неўласцівым жывой мове збегу зычных ўс (Зеўс) паміж зычнымі ўзнікае галосны поўнага ўтварэння [e] Зевес, Зявес. У публікацыі 1845 г. перадаецца яканне і дзеканне (Няптун, Вянера, Зявес, Яней, Дзідона), устаўны [в] перад [у] (Явул), замена гука [ф] на [п] (Карпаген). На нашу думку, і ў сучасных выданнях паэмы трэба захоўваць перадачу імёнаў згодна з тагачасным вымаўленнем, што больш апавядае першасным варыянтам паэмы, калі ўлічваць непасрэдную сувязь мовы паэмы з народнай гаворкай. Асобнага тлумачэння патрабуюць назвы Бакціха (Бахціха), Чыжаўскія харомы, Шчучча (Шутца). У літаратуры яны тлумачацца неадназначна. Разгледзім кожную назву і прывядзем іх у кантэксце выданняў 1845 г. [5] і 1953 г. [7] – апошняе з’яўляецца зводнай рэдакцыяй, у аснову якой пакладзены тэкст брашуры Я. Карскага “Белорусская Энеида наизнанку” (Харкаў, 1908). Звернемся да паэмы:
Кали хто видзеу, як Бахциха
Нямецко пиво задаетсь?
Подымется яно, якъ лихо,
Запенитса, чаны ажъ розно претсь... (1945)
Паводле: Хрэстаматыя па беларускай мове. Ч. 2. Мінск: Выд. АН БССР
Калі хто відзеў, як Бакціха
Нямецка піва задаець,
Яко яно падымець ліха,
Запеніцца ды розна прэць...(1953)
Паводле: Энеіда навыварат. Тарас на Парнсе. Мінск: Дзярж. вуч. -пед. выд-ва БССР, 1953.
У заўвагах да паэмы (выд. 1953 г.) Бакціха тлумачыцца як прозвішчаўтрымальніцы піўнога склепа ў Бешанковічах. Але ёсць і іншае тлумачэнне: Бакціха – гэта не ўласнае імя, а занятак жанчыны – гандляркі півам [6]. Сама жа назва бярэ пачатак ад імя міфалагічнага бога вясёласці, віна – Бахуса. П. Шаўцоў выказвае і іншую версію: піва прадавалася ў вялікіх куфлях, якія называліся бакшты і выраблялія з гліны, дрэва, шкла ў многіх мясцінах Беларусі. Майстроў, якія займаліся бакштарскім рамяством, называлі бакштарамі. Захаваліся і тапанімічныя назвы Бакшты (вёскі ў Іўеўскім і Шчучынскім раёнах) ад наймення прафесіі жыхароў. Аўтары каментараў да хрэстаматыі 1988 г. звязваюць назву з прозвішчам вядомага смаленскага півавара Баха.
Звернем увагу на тое, што ў слоўніку Івана Насовіча зафіксавана лексема Бахус ‘1) пьяница; 2) высокорослый, дородный мужчина’ [3]. Калі людзі з вёскі не ведалі пра бога Бахуса, то слова бахус (п’яніца) было вядома на магілёўшчыне. Чытаем паэму далей:
Дапрець Янеюшка да Рима,
И тама будзець ёнъ Царемъ;
Палепши Чижовских хоромъ
Поставитсь камены полаты… (1845)

Дапрэць Энеянка да Рыму
І будзе тама ён Царом;
Палепшы Чыжаўскіх харом
Паставіць каменны палаты... (1953)

Чыжаўскія харомы – раскошны палац князя Пацёміна на яго радзіме, у вёсцы Чыжава Духаўскай акругі на Смаленшчыне. У гэтым выпадку аўтар закладае вертыкальны кантэкст: пад Чыжаўскімі харомамі зашыфравана імя князя Пацёмкіна, фаварыта Кацярыны ІІ, якога люта ненавідзеў народ.
І далей:
«Глядзи, яки то оборванцы! Цы смоль вы у Шутца везитсё» (1845).
“Глядзі, які-ж то абарванцы! Ці смоль вы з Шчучча вязіцё?!” (1953). У каментарах 1953 г. чытаем: смоль – ‘смала’, у хрэстаматыі 1988 г. тлумачэння няма. П. Шаўцоў зазначае, што смоль – гэта сыравіна (сухое смалістае дрэва, пні, карчы, сукі хваёвых дрэў), з якой рабілі дзёгаць [6]. У. Даль падае лексему смольё , адно са значэнняў якой ‘пни, комли и корни хвойные, из которых добывают смолу’ [9].
Лексему Шчучча аўтары каментараў да выданняў 1953 г. і 1988 г. тлумачаць як уласную назву мясцовасці на Смаленшчыне – ‘назва возера і сяла на яго беразе ў суседнім з Духаўскім Парэцкім павеце’ [1]. Звернемся і да іншых выданняў: да тэксту брашуры Я. Карскага ў “Смаленскім весніку”, да спіса Б. Залескага [6]. Лексема Шчучча падаецца то як уласная назва, то як агульная, ва ўсіх ранніх спісах гэтай назвы няма.
Удумаемся ў змест твора. Чыму Дыдона называе траянцаў абарванцамі? Ды і самі яны пра сябе гавораць:
Глядзі, як мы парасшарпалісь,
Аж сорам свеціцца наскрозь,
Ўсе лапці розна растапталісь,
Сарочкі чорныя, як вось.

Калі прыняць пад увагу, што смоль – гэта ‘сыравіна’, то ў час нарыхтоўкі яе з сучча, пнёў, карчоў, хваёвых дрэў вельмі абдзіралася і абшарпвалася адзенне і абутак. Вось чаму Дыдона вырашыла, што незнаёмыя ёй людзі – нарыхтоўшчыкі сыравіны.
Рознае гучанне лексемы – Шчучча, Шутца, Шутча, ошутча – наводзіць на думку, што гэта – перайначанае сучча.Тады радкі з паэмы трэба разумець так: “Глядзі, што гэта за абарванцы! Ці смоль вы з сучча везіцё?”. На карысць гэтай думкі сведчыць той факт, што ў першай публікацыі 1845 г. ёсць прыклады замены гука [ч] на [ц], так званае цоканне: кацатыхъ – качатыг (лапатнае шыла, спіца), пецке – печке, на перапецке – на перапечкі, вецно – вечна, за цемъ – за чым. Элементы цокання сустракаюцца ў гаворках на самай поўначы Віцебскай і Магілёўскай вобласці. У лексеме Шутца [ц] – вынік змянення [ч] на [ц]. У іншых выданнях – Шутча, ошутча. Пачаткавы [ш] – таксама змяненне с > ш. У паслярэвалюцыйных публікацыях невыразную лексему Шутца, шутча звязалі з геаграфічнай назвай Шчучча.
Лексіка-семантычны аналіз паэмы паказвае, што ў творы шмат слоў і выразаў, граматычных формаў, якія не ўжываюцца ў сучаснай літаратурнай мове. Многія з іх уласцівы народна-дыялектнай мове, ёсць гістарызмы. Такі аналіз патрабуе цеснай сувязі са зместам твора.
У самым пачатку паэмы ўжываюцца словы, якіх сёння няма ў літаратурнай мове.

Яней дзяцюкъ вишъ быу хупавый,
Парнюкъ няувошта украсіу
И пак удауся нелукавый:
Даступен, весел, не спясіу,
А Греки вайну нарабили,
Як ляда Трою так спалили… (1845)

Жыў-быў Эней, дзяцюк хупавы,
Хлапец няўвошта украсіў;
Хоць пан, але удаўсь ласкавы,
Даступен, вецел, неграбліў.
Ды грэкі вуйму нарабілі:
Як ляда Трою ўсю спалілі. (1953)

Слова хупавы ‘спрытны’, няўвошта ‘надта, вельмі’, украсіў ‘прыгожы’, неграбліў ‘неганарлівы, нефанабэрысты’ не зафіксаваны ў сучасных абласных слоўніках. Лексема вуйма ‘шмат, многа’ руская, але перадаецца ў беларускай агласоўцы з прыстаўным [в]. Швыдка зафіксавана ў І. Насовіча са значэннем ‘скора’ [3]. Ёсць аднакаранёвы прыметнік швыдкі ‘спрытны, праворны, бойкі’ і ў сучасных абласных слоўніках.
Слова тарадзейка сустракаецца толькі ў выданні 1845 г.

Швыдчэй насоуку дай мне, Геба!
Да у торбу паложь мне хлеба,
Впряги паулина у торадзейку
Спряги яичню да индзейку...

Слоўнік І. Насовіча падае іншы фанетычны варыянт: тарадайка ‘лёгкая летняя павозка’ [3]. Магчыма, фанетычная змена ў паэме выклікана рыфмай – тарадзейка / індзейка. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” занатавана як размоўная лексема таратайка ‘лёгкая на двух колах павозка’.
Выданне 1845 г.: Ахъ! Ты лякруцина, зладзей! У выданні 1890 г. Ахъ ты, някруцина, зладзей! Зразумела, што словы лякруціна, някруціна утварыліся ад рэкрут ‘у дарэформеннай царскай Расеі салдат-навабранец’. Але ў паэме лексема мае іншы, негатыўны сэнс— ‘шэльма, кепскі чалавек’. Змены ў гучанні адбыліся ў выніку асіміляцыі, праглядаецца яшчэ і сувязь з народнай этымалогіяй – той хто круціць, прахвост. Патрабуюць тлумачэння і шматлікія словы ў наступных радках:

Ачухаўшысь, ўскрычаў Эней:
“О, цар-царэвіч, тат Нептун!
Не буду прад табой брахці,
Змілуйся, мора ты зміры.
Картузнай я прышлю цяртухі,
Сударскай моцнае сівухі,
А грошы з тайстры сам бяры!”

(У выданні 1845 г. – кабашной цяртухи; смашныя сивухи; а грошы сам зъ машны бяри.)
Цяртуха ‘нюхацельная табака’, картузная цяртуха ‘табака найлепшага гатунку, якая захоўвалася ў картузе’. Сударскай (гасударскай) і кабашной – паняцці сінанімічныя, яны маюць значэнне ‘дзяржаўнай, царскай, якую прадаюць у кабаках’. Тайстра – фанетычны варыянт лексемы кайстра ‘мяшэчак’, машна – ‘грошавы мяшок’.
Персанажы паэмы – старажытнагрэцкія багі і героі, дзеянні таксама адбываюцца не на беларускай зямлі. Але, скарыстаўшы парадыйную форму, аўтар паказаў характэрныя асаблівасці жыцця свайго народа на пачатку ХІХ ст. Сцяпан Майхровіч, вядомы беларускі літаратуразнаўца, у 60-я гг. мінулага стагоддзя пісаў, што “гэта чыста народная паэма па духу і па форме... помнік беларускай мовы... Аўтар надаў сваёй пародыі прыкметны нацыянальны каларыт... адлюстраваў таксама некаторыя тыповыя рысы сялянскага побыту...” [7]. У паэме гучаць не толькі антычныя імёны. Траянцы паказаныя як простыя сяляне, завуцца па-беларуску – Апанас, Піліп, Пракоп, Саўка:
Пашпорты-жъ дзержытсь Апанасъ
............................................................
Пилипъ нашъ лепитсь горлачи,
Пракопъ же къ ступе талкачи;
А Саука зелье усяка знаетсь,
Дзицём ёнъ вогник атсекаетсь... (1845)

Лексіка паэмы пераважна побытавая, якая адлюстроўвае мову беларускага селяніна, яго нацыянальныя рысы. Дастаткава прыгадаць назвы адзення Венеры: андарак з насоўкай (у выд. 1845 г. – кабатъ съ насоўкай), кавярзні з падплётам (у выд. 1845 г. – съ наплётомъ), анучкі рабыя, кужэльны балахон, папранік. Лексемы андарак ‘саматканая ў палоску або ў клетку спадніца’, анучкі ‘кавалак тканіны абгортваць ногі’ шырока бытуюць на ўсёй моўнай тэрыторыі Беларусі і ўвайшлі ў слоўнікі літаратурнай мовы. Балахон (вопратка шырокага крою, якую раней насілі сяляне) у Венеры самы просты, з кужалю, паверх адзення яна апранула насоўку – накідку, на нагах у яе лапці, падплеценыя для трываласці скуранымі раменьчыкамі – кавярэзні, пад хустку ўлажыла папранік ‘абручык, абцягнуты матэрыялам, які надзяваецца на галаву’. У слоўніку І. Насовіча лексема попряник тлумачыцца як пернік. Магчыма, выраз папранік ў хустачку ўлажыла мае іншы сэнс – уклала ў хустачку гасцінец, калі ішла да Зеўса на паклон.
Беларускай сялянскай кабетай малюе аўтар і багіню кахання і хараства Юнону. Як і Венера яна апранаецца ў народны строй:

Панёву швыдка нахапіла,
Кашэль сачнямі налажыла,
Ў калёсы села, пакацілась,
Якраз ў Эола апынілась.

Панёва ‘спадніца, якая складаецца з некалькіх, нашытых у даўжыню палосак’. І. Насовіч адзначае, што панёвы насілі ў некаторых мясцінах Магілёўскай і Мінскай губерняў [3]. Арэчы, не з пустымі рукамі ехала Юнона да Эола, а везла падарунак – кашэль з сачнямі. У гэтай сувязі, відаць, і пернік быў гасьцінцам Зеўсу, да якога “пайшла на паклон” Венера. Звернем увагу на тое, што ўсе персанажы – і багі і траянцы – абуты толькі ў лапці – сялянскі абутак.
Траянцы ў паэме – гэта простыя людзі, беларускія прыгонныя сяляне:

Мы ўсе з траянскага прыходу
Сударскі [зяржаўныя] перад тым былі...

Занятак у траянцаў сялянскі, пра што сведчаць лексемы, якія абазначаюць розныя промыслы і дзеянні, звязаныя з імі:

Мы ўсяку паншчыну смякаем:
У бровара глязець як, знаем,
Загнеткі, сундукі рабіць,
На бочкі абручы набіць.
Піліп наш лепіць гарлачы,
Пракоп-жа ступы, таўкачы... (1953).

Глядзець у бровар ‘працаваць на вінакурным заводзе’, рабіць загнеткі ‘ямкі на прыпечку, куды зграбаюць жар з печы’, гарлач ‘гліняны збанок’, рабіць ступы, таўкачы. З пералічаных лексем гарлач і загнетка тэрытарыяльна абмежаваныя, яны ўласцівыя гаворкам усходніх раёнаў Магілёўшчыны [8].
У паэме шмат назваў страў беларускай кухні: глазуха ‘яешня’, гушча ‘суп з ячных круп і бобу’, жур ‘аўсяны кісель’, камы ‘бульбяная каша’, крупеня ‘густы крупяны суп’, кулага ‘густа звараная жытняя мука’, мякотнае ‘страва з нацёртай бульбы, морквы’, мялянік ‘пірог’, перапечкі ‘праснакі’, руднік ‘кісель’, саладуха ‘ежа, прыгатаваная з жытняй мукі, заквашанае, рэдка разведзенае цеста’, смажэня ‘варэнне’ (у І. Насовіча ‘варенье, сок’ [3]). Мязга – гэта гарбузовыя семачкі, мязюм – разынкі.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што мялянік – гэта малітоўнік, які быў настольнай кнігай у кожнай хаце. Уважліва прачытаем тэкст:

Ўзышлі ў святліцу, пераксцілісь,
Эней і “Вотча” прачытаў.
За стол ўсе порадам садзілісь,
Мялянік на стале ляжаў.
Дыдона варыва ўлівала,
Шматкамі мяса ў місы клала
І забяляла малаком.
Трупаціла яна крупеню,
Яечню, руднік, жур, смажэню,
Каму пячэню з часнаком;
Былі й салодкія пацешкі:
Вяземскі пернікі, арэшкі,
Мязгі й мязюму рашаты. (1953)

Калі прсачыць за паслядоўнасцю падачы страў, то ўбачым, што кісялі, варэнне, пячэнне, пернікі Юнона падала ў другую чаргу, рэшаты семачак і разынак на закуску. Дык чаму няма сярод страў мяляніка? Калі і як яго елі? Відаць, ёсць рацыя лічыць мялянік не назвай стравы, а малітоўнікам, тым больш, што ў “Смаленскім весніку” (1890) падаецца назва мяленік, блізкая да маленне, маліцца.
Для стварэння моўных вобразаў аўтар выкарыстаў разнастайныя прыёмы і срдкі, што дало магчымасць намаляваць праўдзівыя карціны жыцця народа, яго побыт. Ён уела адбіраў з тагачаснай жывой мовы яркія, каларытныя, ёмкія, эмацыйна афарбаваныя словы і выразы, прастамоўныя і часам нават грубаватыя. Так, характаразуючы Энея, Юнона гаворыць Эолу: Эней – то зводнік, буянец, злодзей, канаводнік. Траянцы таксама ўсе латрыгі (гультаі, распуста), усе абібокі і юрыгі (распуснікі, юрлівыя).
Ужыванне прастамоўных слоў, вульгарызмаў – характэрная асаблівасць парадыйнага, бурлескнага жанру, які мае на мэце зніжаць, спрашчаць тое, што пра што ў класічных паэмах гаварылася высокім стылем. Адсюль і арыентацыя на гутаркова-побытавую народную мову. Апісваючы багоў і іншых герояў, аўтар імкнуся звесці іх з Алімпа на зямлю, паказаць як простых людзей з іх стаоўчымі і адмоўнымі рысамі, наблізіць твор да жывога народнага апавядання, з старонак якога паўставалі б карціны народнага побыту, чулася б вясковая гаворка. Дзеянні багоў перадаюцца праз дзеясловы часцей з стылістычна зніжаным адценнем: Эол лапці лыкам падплятаў... заскробся, барадой патрос, разгладзіў вусы, пацёр нос, зажыў у ноздру табаку, зачхаўся ўвесь, замармытаў; а Зеўс тады сядзеў у клеці,— гарэлку з мёдам там сцябаў, без сораму, як малы дзеці, з падоння пальцам калупаў; Эней пачухаўся, паскробся, на ногі лапці падвязаў, з палацей да кута дагробся...; Расхарапушыўся Эней, аж іскры сыплюць ад лапцей... (расхарапушыўся ‘разышоўся’).
Крыніцай творчасці аўтара паэмы былі жывыя народныя гаворкі і мова фальклору. З іх ён чэрпаў шматлікія параўнанні, фразеалагізмы, асобныя моўныя звароты: вось я скручу цябе ў табаку; з траянцаў выцісну алею; скаштуеце дубіны; ноздры ражном утруць; падпусціць хвігля; закруціць галаву; булькаць будзе пузырамі [утопіцца]; са свету звесці; са ўсіх глуздоў іх сцебане; Барэй з пахмелля як вапер [вепр, кабан], ляжыць ў святліцы на казёнцы; ражном у мора, як сабаку; дзявухну украсіву, салодкую як з мёдам сліву; ды, як у трасцы, ён завыў; сарочкі чорныя, як вось; дуда вярлюем [мядзведзем] тут равела; сапелка [дудачка] гусыняй шыпела і інш.
Некаторыя параўнанні маюць сацыяльна завостраны змест: А як Юнона была злая, як паня наша, так ліхая (1845) – у пазнейшых выданнях: Але Юнона, баба злая, адроддзя панскага, ліхая!; [траянцы] бягуць, як батракі з прыгону.
Аналіз паэтычнага твора на лексіка-семантычным узроўні паказаў, што ў паэме шмат рэгіяналізмаў, характэрных для гаворак паўночнага ўсходу Беларусі. Ёсць у тэксце паэмы фанетычныя і граматычныя рэгіяналізмы. Больш шырока яны адлюстраваны ў дарэвалюцыйных выданнях. У публікацыях 70 – 90 гг. ХХ ст. мясцовыя моўныя рысы, фанетычныя і граматычныя, “прычасаны” пад правілы сучаснай арфаграфіі і граматыкі і не даюць дастаткавага матэрыялу для высвятлення асаблівасцяў складвання літаратурнай мовы на яе раннім этапе.
У дарэвалюцыйных выданнях паэмы засведчана дысіміляцыйнае яканне (ина, нихай, дзисяцкаго, сцибаў, змикаемъ, визицё, цибе, сибе, восинь, маишь, знаишь), адрозненне цвёрдага і мяккага [р] (царъ, рожномъ, крупеня, харты і зарявела, спрягла, бряхун, горя, впряги); захаванне заднеязычных перад галоснымі пярэдняга рада (к жёнке, на казёнке, воки, спряги, впряги); ужыванне канчатка –іць (-ець, -эць) у дзеясловах 3-й асобы адзіночнага ліку І спражэння цяперашняга і будучага часу (будзіць, сцягніць, знаіць, адклікаіць, задаець, завядзець, плывець, прэць, дапрэць); постфікса –сь у зваротных дзеясловах (вярнулась, пакланілась, парасшарпалась, растапталісь, ачуцілісь, прыелась); поўнага канчатка прыметнікаў мужчынскага роду (хупавый, нелукавый). Усе гэтыя рысы – асаблівасці віцебска-магілёўскай групы гаворак, паўночн-ўсходняга дыялекту, якія адыгрывалі галоўную ролю на пачатку фармавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Лінгвістычнае прачытанне тэксту паэмы “Энеіда навыварат” дае падставы зрабіць наступныя высновы: не маючы ўзораў беларускай літаратурнай мовы, аўтар паэмы выступіў на літаратурнай ніве як наватар, узяўшы за аснову жывую гутарковую мову фальклорных твораў, стварыў першы буйны твор беларускай літаратуры. У адборы моўных выяўленчых сродкаў аўтар ішоў у кірунку максімальнага выкарыстання элементаў народна-гутарковай мовы, творча апрацоўваючы іх. Аналіз мовы паэмы дае каштоўны матэрыял для высвятлення асаблівасцяў фармавання літаратурнай мовы беларускай нацыі.

ЛІТАРАТУРА

1. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. – Мінск: Выш. шк., 1988. – С. 65 – 69, 454 – 455.
2. Бялькевіч І. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. – Мінск: Навука і тэхніка, 1970.
3. Насовіч І. Слоўнік беларускай мовы. – Мінск: БелСЭ, 1983 (факс. выд.).
4. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т. 1 – 5. – Мінск: Навука і тэхніка, 1979 – 1986.
5. Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 2. – Мінск: Выд. АН БССР, 1962.
6. Шаўцоў П. Спрадвечнае. – Мінск: Маст. літ., 1973. – С. 32 – 33, 78 – 87.
7. Энеіда навыварат. Тарас на Парнасе. – Мінск: Дзярж. вуч-пед. выд-ва БССР, 1953.
8. Юрчанка Г. Дыялектны слоўнік: З гаворак Магілёўшчыны. – Мінск, Навука і тэхніка, 1966.
9. Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1 – 4. – Москва: Гос. изд-во иностранных и национальных словарей, 1955.
10. Карский Е. Белорусы: Очерки словесности белорусского племени. І. Народная поэзия. Т. 3. – Москва, 1916.

(Роднае слова. – 2005.— № 12. – С. 31— 34)