Г. А. Гваздовіч. БЕЛАРУСКАЯ ЛІНГВІСТЫЧНАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ Ў ПЕРШАЙ ЧВЭРЦІ ХХ СТАГОДДЗЯ

Чцв, 23 красавіка 2009

Беларуская мова

Цэтлікі: Беларуская мова, лінгвістычная тэрміналогія

Катэгорыі: Беларуская мова

Навуковае даследаванне беларускай мовы пачалося ў першай чвэрці ХІX стагоддзя. Працы пра новую беларускую мову Ф. Калайдовіча, І.І.Даля, І.І.Сразнеўскага, А.І.Сабалеўскага і іншых вучоных паказалі, што цікавасць да вывучэння новай беларускай мовы і старабеларускай п1сьмовай мовы нарастала з кожным дзесяцігоддзем. Да гэтага перыяду адносіцца вялікая колькасць запісаў вуснай народнай творчасці розных мясцовасцей Беларусі. Гэтыя нататкі суправаджаліся ўступнымі артыкуламі і нарысамі фальклорна-этнаграфічнага характару, прычым у іх адначасова закраналіся граматычныя пытанні беларускай мовы. Ствараліся і слоўнікі беларускай мовы, асабліва вялікім аб'ёмам вылучаўся “Словарь белорусского наречия” І.І.Насовіча. Усё гэта паступова акрэслівала задачу стварэння лінгвістычнай тэрміналогіі ў прымяненні да новай беларускай мовы.

Як вядома, у часы існавання ВКЛ старабеларуская мова мела статус дзяржаўнай. Я.Ф.Карскі зазначае, што ў Літоўскім Статуце 1588 г. на стар. 122 ёсць наступны запіс: “А писаръ земсъки маетъ пор ск литерами и словы р скими вси листы, выписы ипозвы писати, анеиншимъ езыкомъ исловы”.(3,135).У гэты перыяд былі надрукаваны такія працы па мове, як “Граммат1ка Словенска съвершенного искуства осм1 част1й слова… Ново съставлена LZ , В Вилни. Въ друкарни братской. Року божого 1596.” Л.Зизания, “Грамматики словенския правилное синтагма” (1619г.) М.Сматрыцкага, засталася рукапіснай створаная І.Ужэвічам “Грамматыка Словенская” (Парыж,1643, Арас, 1645). У першых дзвюх працах сістэматызуюцца і асэнсоўваюцца факты царкоўна-славянскай мовы, аднак прадмовы да іх напісаны на “простай мове”.

Да сённяшняга дня з'яўляецца нявырашаным пытанне: якой мове належыць граматыка І.Ужэвіча, напісаная на латыні. Сучасныя даследчыкі, напрыклад, Беладзед І.К., Кудрыцкі Е.М., лічаць, што гэта ўкраінская граматыка; Н.Б.Мячкоўская зазначае: “из-за ограниченности языкового материала грамматики Ужевича (достаточно сказать, что в грамматике нет текстов, превышающих предложение; законченные предложения также крайне немногочисленны) вопрос отом, какой язык описан в грамматике – украинский или белорусский,— едва ли разрешим”.(6,46); А.А.Яскевіч схіляецца да думкі, што І.Ужэвіч імкнуўся праз “граматыку роднай мовы на лаціне … даць уяўленне Еўропе аб сваім народзе, аб славутай старабеларускай мове, дзяржаўнай мове Вялікага Княства Літоўскага” (7,51)

Тэксты вышэйназваных граматык сведчаць аб высокім узроўні развіцця граматычнай думкі ў Беларусі ў гэты перыяд, сістэма лінгвістычных тэрмінаў, абапіраючыся на вопыт папярэдніх граматычных прац, цалкам задавальняла патрэбнасці навукі аб мове. Як вядома, пераемніцай лінгвістычных намінацый названых прац стала руская мова. Грамадскія ж і палітычныя ўмовы існавання беларускага народа не спрыялі далейшаму ўдасканаленню і развіццю беларускай мовы. Адным з вынікаў аб'яднання ВКЛ з Польшчай стала пастанова ад 1696 года “въ отм ну изв стного положения Литовского Статута … о том, что “Pisarz powinien po Polsku, f nie po Rusku pisac” (2,83)

Адраджэнне беларускіх граматычных традыцый пачалося толькі ў пачатку ХХстагоддзя. Гэтаму папярэднічала, як гаварылася вышэй, вывучэнне жывой беларускай мовы, якая існавала доўгі час у вуснай форме сярод сялян, часткова гараджан і ў невялікай ступені выкарыстоўвалася ў мастацкай літаратуры і царкоўна-рэлігійнай сферы. Навуковы стыль новай беларускай мовы таксама пачаў фарміравацца у пачатку ХХ ст... Абмеркаванне фактаў беларускай мовы, яе лексічных, арфаэпічных і арфаграфічных асаблівасцей садзейеічала выпрацоўцы і станаўленню нацыянальнай лінгвістычнвй тэрміналогіі. Гэтыя пытанні знайшлі адлюстраванне ў такіх выданнях, як “Беларускі лемэнтар, або першая навука чытання” (аўтарства прыпісваецца К,Каганцу; у самім лемантары імя аўтара не указана), (Пбг., 1906г.), “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі (Пбг., 1906), “Рады для эмігрантаў, каторые едуць у Амэрыку, а также размовы беларуска-англіцкіе” (Вільня, 1912 г.) і інш.

Працы па беларускай мове былі параўнальна невялікія, яны мелі чыста практычнае прызначэнне. Лінгвістычная тэрміналогія, зафіксаваная ў іх, не мела адпаведнага адзінства; для яе характэрна шырокая варыятыўнасць і сінанімічнасць тэрмінаў: аўтары вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове пры абазначэнні адных і тых жа граматычных паняццяў карысталіся рознымі тэрмінамі ці варыянтамі тэрміна, якія адрозніваліся афіксамі. Часам нават адзін і той жа аўтар дапаможніка выкарыстоўваў тэрміны-дублеты, напрыклад, такія, як знак і літара, зык і гук, мова і дыялект (зафіксаваны ў “Беларускім лемантары… і рукапісе К.Каганца, якая захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пад шыфрам 091/42972). Трэба адзначыць, што частка тэрмінаў з рукапісу К.Каганца ўвайшла ў сучасную лінгвістычную сістэму беларускай мовы (слова, склад, прыметнік, аснова слова), некаторыя ж не знайшлі шырокага распаўсюджвання (чыннік, зык, кончар).

Варыятыўнасць і сінанімічнасць (дублетнасць) ў лінгвістычнай тэрміналагічнай сістэме беларускай мовы ў пачатку ХХ ст. часткова тлумачыцца “маладосцю” самой сістэмы, а таксама тым, што беларуская літаратурная мова яшчэ не выпрацавала строгіх правіл словаўтварэння, не кажучы ўжо пра тэрмінаўтварэнне. Прычынай сінанімічнасці з'яўлялася і тое, што нярэдка тэрміны-сінонімы былі рознага паходжання. Напрыклад, з рускай мовы прыйшоў тэрмін сінтаксіс, з польскай – складня, на аснове роднай мовы было ўтворана словазлучэнне склад мовы. У выніку для абазначэння аднаго і тагож лінгвістычнага паняцця існавала тры тэрміны: сінтаксіс, складня, склад мовы. (Красней 1969,21).Да ўсяго сказанага можна дадаць, што беларусы амаль поўнасцю адмовіліся ад выкарыстання тых тэрмінаў, што былі зафіксаваны ў названых вышэй царкоўна-славянскіх граматыках.

У другім дзесяцігоддзі ХХ ст. у школах і вну Беларусі было ўведзена вывучэнне беларускай мовы, што патрабавала выдання граматык і слоўнікаў, стварэння лінгвістычнай тэрміналогіі першапачаткова ў аб'ёме, які мог бы забяспечыць выкладанне на роднай мове. Ужо ў 1917—1918гг. выйшлі з друку наступныя выданні: “Як правільна пісаць па-беларускі” (Вільно, 1917г.); “Просты спосаб стацца ў каротеім часе граматным” (Бреславль,1918г.); “Беларускіправапіс” (Вільно, 1918г.). Апошнюю напісаў В. Пачобка. Адзінства тэрміналагічнай сістэмы у названых працах не назіраецца, яе характэрнай рысай, як і раней, з'яўляецца варыятыўнасць і сінанімічнасць тэрмінаў: зык і гук, чыннік і глагол, іменне і іменнік і г.д. Побач з новатворамі (часці сказа, сказ безабсудны, часці мовы, глагол, прадметнік і інш.) функцыянавалі і традыцыйныя намінацыі (зык, мова, прыметнік, займя і інш.).

У 1918 г. выходзіць вучэбны дапаможнік Б.Тарашкевіча “Беларуская граматыка”. На працягу 10 гадоў яны вытрымала пяць выданняў. Назвы часцін мовы, якія выдзяляліся ў граматыцы, наступныя: імя, прымета, чысло, займя, дзеяслоў, прыслоўе, прыймя, злуч, кліч. Тэрмін дзесятай часціны мовы – часціца – Б.Тарашкевічам не фіксуецца. Тэрміналогія гэта, як амаль і ўся марфалагічная, аўтарам стваралася нанава: тыя тэрміны, што меліся для абазначэння пэўных часцін мовы (прыметнік, чыннік, іменнік і інш.), ім не выкарыстоўваюцца. Некаторая пераемнасць у выбары таго ці іншага тэрміна ў некаторых выпадках назіраецца, напрыклад, у галіне фанетыкі, дзе Б.Тарашкевіч ужывае такія існаваўшыя раней тэрміны, як галосны, зычны, зык, паўгалосны. і інш...

У цэлым можна адзначыць, што лінгвістычная тэрміналогія дапаможнікаў па беларускай мове была разнароднай, кожны аўтар дапаможніка ствараў тэрміны па ўласнаму разуменню, гэта значыць такім чынам і спосабам, які яму здаваўся больш мэтазгодным, прадуктыўным і правільным. З мэтай упарадкавання намінатыўных адзінак, што меліся ў мове, і дзелястварэння новых тэрмінаў ў 1919г. па даручэнні Народнага камісарыята група настаўнікаў распрацавала тэрміналогію для пачатковай школы.

У 1921г. Навукова-тэрміналагічеая камісія, якая складалася з гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай секцый.За кароткі тэрмін беларускаялінгвістычная тэрміналогія была прыведзена ў адпаведную сістэму і затым надрукавана ў “Весніку Нарднага Камісарыята Асветы” (1921г.,/2) па тыпу двухмоўнага слоўніка: спачатку падаецца лінгвістычны тэрмін, а затым яго эквівалент у беларускай мове: буква – літара; время – час; действительный залог – дзейны (актыўны) стан; согласный звук – зычны, сугалосны гук, і г.д.; усяго зарэгістравана 307 тэрмінаў.

Аднак на гэтым мэтанакіраваная праца па удасканаленні і стварэнні беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі не спынілася, яна знайшла свой працяг у заснаваным у 1922г. Інстытуце беларускай культуры, дзе была створана спецыяльная камісія, якая падрыхтавала і надрукавала “Слоўнік граматычна-лінгвістычнае термінолёгіі” /проект/ (Мінск,1927г.) таксама ў форме руска-беларускага слоўніка; тут ужо зафіксавана 1592 тэрміны. Як бачым, за шэсць гадоў, што прайшлі пасля выдання першага вопыту даведніка па беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі, склад яе значна папоўніўся, абнавіўся; былі зроблены пэўныя крокі ў накірунку уніфікацыі словаўтваральных мадэлей тэрмінаў. Пакажам гэта на прыкладах:

Рускія беларускія беларускія

Тэрміны тэрміны (1921г.) тэрміны (1927г.)

Причастие дзеяслоўная прымета дзеяпрыметнік

Имя прилагательное імя прыметнае прыметнік

Имя существительное імя назоўнае іменьнік

Имя числительное імя лічэбнае лічэбнік

Местоимение займя займеньнік

Междометие выклічча выклічнік

Многоточие многакроп'е,недаказ шматкроп'е, кропкі .

Аналіз тэрміналогіі дазваляе выявіць наяўнасць дзвюх тэндэнцый, двух накірункаў ў развіцці лінгвістычнай тэрміналогіі гэтага перыяду: выкарыстанне традыцыйных агульнаўсходнеславянскіх намінацый і стварэнне на гэтай аснове (часта шляхам калькіравання) новых тэрмінаў беларускай мовы; імкненне знайсці ўласна беларускія па паходжанні эквіваленты.

Пры стварэнні беларускіх тэрмінаў выкарыстоўваліся ў першую чаргу словы, якія ўжо існавалі ў жывой народнай мове: лік, коска, дзейнік, кропка. Праўда, прынцып гэты паслядоўна не мог быть вытрыманы, тамушто патрэбнае слова часам не знаходзілася. Тады, па прыкладу чэхаў, было вырашана, што замест адсутнічаючых у жывой беларускай мове тэрмінаў лепш ствараць згодна з законамі беларускага словаўтварэння і на базе ўжо існуючых у мове слоў неалагізмы, чым браць неўласцівыя беларускай мове словы і выразы. (1,142-151; 4, 212-218)

Пры стварэнні тэрміналогіі моваведы звярталіся таксама і да некаторых намінацый з сярэдневяковага граматычнага фонду (скланенне, род, спражэнне,), але ў сучасны склад беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі іх увайшло параўнальна мала.

Тэрміны іншаземнага паходжання прымаліся толькі пры ўмове, што адпаведнага рускага, украінскага ці беларускага слова не было, а ўтвараемыя неалагізмы пакідалі ўражанне празмернай штучнасці. Такім чынам, у сістэму беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі часткова ўводзіліся інтэрнацыянальныя намінацыі: арфаграфія, суфікс, фанетыка і інш. Асноўнай жа крыніцай пры распрацоўцы навуковай тэрміналогіі ў акрэслены перыяд быў лексічны састаў народнай беларускай мовы.


1.Байкоў М. Аб нашай мовазнаўчай тэрміналогіі. – Полымя, 1928, /3,с.142-151.

2.Карский Е.Ф.Белорусы. т.111. Очерки словесности б лорусского племени. 2. Старая западно-русская письменность. – Петроградъ: Академия Наук, 1921. – 247с.

3. Карский Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. –М.:Изд-во АН СССР,1962 – 712 с.

4.Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. – Мінск, 1968, т.2. – 342с.

5. Красней В.П. Беларуская філалагічная тэрміналогія пачатку ХХ стагоддзя. – Дыс. … канд. філал. Навук. – Мінск, 1969. – 283с.

6. Мечковская Н.Б. Ранние восточнославянские грамматики. – Мн.: Белгосуниверситет, 1984. – 147с...

7. Яскевіч А.А. Старабеларускія граматыкі. – Мінск: Беларуская навука, 1966. – 351с.