І. Гапоненка. КАМБІНАВАНЫЯ ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ

Чцв, 30 ліпня 2009

Беларуская мова

Цэтлікі: знакі прыпынку, пунктуацыя

Катэгорыі: Беларуская мова

Камбінаваны (састаўны) пунктуацыйны знак узнікае тады, калі на пісьме для дакладнай арганізацыі складанай думкі або перадачы інтанацыйных асаблівасцяў у непасрэднай блізкасці ўжываюцца як мінімум два самастойныя знакі.
У старажытнапісьмовых славянскіх тэкстах такіх знакавых спалучэнняў не назіралася, але існавалі знакі складанай канфігурацыі, знешне падобныя да састаўных. Напрыклад, прыпынкі больш доўгія, чым тыя, на якія ў тэксце ўказвае коска, маглі абазначацца знакамі прибавленая (!/), положительнаа (.\) або кендема (.\\). У канцы вялікага тэксту ставіліся знакі слогия (слогня) (.?), статиа (:?), стишица (:~), отрикаль (.~) [1].
Граматыка Лаўрэнція Зізанія (1569) і Мялеція Сматрыцкага (1618), буквары XVII – XVIII стст., “Россійская грамматика” Міхаіла Ламаносава камбінаваных знакаў не падавалі. Упершню ў навучальна-інфарматыўных выданнях пунктуацыйныя камбінацыі агаворваюцца ў “Русском правописании” Якава Грота. У гэтым выданні называюцц наступныя сітуацыі, дзе патрабуюцца састаўныя знакі: калі прыводзяцца чужыя словы, то словы адной асобы аддзяляюцца ад слоў другой працяжнікам пры кропцы, клічніку і пытальніку [2]; калі сказ заключае ў сабе пытанне і выгук, то адзін за адным ставяцца пытальнік і клічнік [3]. Я Грот таксама прапаноўваў ужываць двукроп’е з двукоссем для перадачы простай мовы, хоцт і неадносіў такое спалучэнне да знакавых камбінацый [4].
Прыём сумеснага выкарыстання некалькіх знакаў быў добра знаёмы беларускім пісьменнікам і выдаўцам перыяду станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы: Oto heto tak sprawiedliwo??! – No szto? kai Maskal spyniu Manichwiest Ka?ciuszki (К. Каліноўскі. Мужыцкая праўда №2); Boh nam dapamo?e!!! (таксама, №3); Бедная, бедная мая ты паненачка! Можа там табе німа з кім і ў карты паіграць?.. Вечны табе пакой!! (Ядвігін Ш. Жывы нябошчык. Наша Ніва, 1909, №8).
Нягледзячы на дастаткова шырокае распаўсюджанне пунктуацыйных камбінацый у пісьмовай мове ХІХ – пачатку ХХ ст., Браніслаў Тарашкевіч, які ў прынцыпе з увагай ставіўся да стыхійных пісьмовых напрацовак, не агаворваў правілаў іх выкарыстання ў пунктуацыйным раздзеле “Беларускай граматыкі для школ” (1918), бо, відаць, не лічыў спалучэнні знакаў за самастойныя пунктуацыйныя адзінкі.
А вось у правапісным “Проекце” Беларускай Акадэміі навук (1930) камбінаваныя знакі ўжо зафіксаваныя. Згодна з правіламі “Проекта”, узмоцненая пытальная, або клічная інтанацыя павінна перадавацца з дапамогай двух ці нават трох пытальнікаў (??; ???) або клічнікаў (!!; !!!) [5]. Да таго ж “у выпадках складанае пытальна-клічнае інтанацыі ставяцца абодвы знакі – пытальнік і клічнік (?!) ці наадварот (!?)” [6].
У сучаснай беларускай мове падрабязна тлумачацца сітуацыі ўжывання састаўных пунктуацыйных знакаў і канкрэтныя правілы іх пастаноўкі. Так, вядомы беларускі сінтаксіст Леанід Бурак адносіў да састаўных знакаў наступныя спалучэнні:
,— (выкарыстоўваецца пры афармленні складаных выпадкаў з устаўнымі, пабочнымі канструкцыямі і інш.);
?! (служыць для афармлення пытальнага сказа, які суправаджаецца яркай эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай);
?..(ужываецца, калі пытальны сказ не закончаны граматычна, або сэнсава);
!.. (ставіцца, калі клічны, або пабуджальны сказ не закончаны граматычна, або сэнсава);
?!. (выкарыстоўваецца, калі пытальны сказ з яркай эспрэсіўнай афарбоўкай не закончаны граматычна або сэнсава) [7].
У галоўным нарматыўным выданні “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ёсць спецыяльны раздзел “Аб спалучэнні знакаў прыпынку”, у якім падрабязна апісваецца ўзаемаразмяшчэнне знакаў прыпынку ў складзе знакавых камбінацый:
— калі неабходна ўжыць працяжнік з пытальнікам, клічнікам, коскай, кропкай або шматкроп’ем, то працяжнік пішацца пасля гэтых знакаў;
— кропка, коска, кропка з коскай, двукроп’е і працяжнік не пішуцца перад двукоссем, якое закрываецца;
— пытальнік, клічнік, шматкроп’е пішуцца пасля двукосся, якое закрываецца, калі яны адносяцца да ўсяго сказа, і перад ім, калі адносяцца да слоў, узятых у двукоссе;
— коска, кропка з коскай, двукроп’е і працяжнік ставяцца толькі пасля дужкі, якая закрываецца;
— кропка, пытальнік, клічнік і шматкроп’е ставяцца пасля дужкі, якая закрываецца, калі яны адносяцца да ўсяго сказа, і перад ёй, калі адносяцца да слоў, узятых у дужкі. Пры гэтым у канцы сказа пасля дужкі ставіцца знак прыпынку, які патрабуецца сказам у цэлым, незалежна ад таго, які сказ стаіць перад дужкай [8].

ЛІТАРАТУРА

1. Черепнин Л. Русская палеография. – Москва: Госполитиздат, 1956. – С. 374 – 375.
2. Грот Я. Русское правописаніе. – С. -Петербург: Тип. Импер. АН, 1885. – С. 110.
3. Таксама. – С. 113.
4. Таксама. – С. 97.
5. Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны правапіснай камісіяй Беларускае Акадэміі навук. – Менск, 1930. – С. 40.
6. Таксама. – С. 41.
7. Бурак Л. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. – Мінск: Універсітэцкае, 1987. – С. 309 – 313.
8. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск: Выд-ва АН БССР, 1959. – С. 109 – 112.

(Роднае слова. – 2004.— № 12. – С. 50)