Я. Лёсік. НЕКАТОРЫЯ ЎВАГІ ДА БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ МОВЫ (IV)
Цэтлікі: злучнік
Катэгорыі: Беларуская мова
IV. Злучнікі
У нашай мове ёсьць шмат злучнікаў (саюзаў), падобных да расійскіх ці польскіх, але ёсьць і свае, беларускія. У некаторых разох ужываньне паасобных злучнікаў супадае з ужываньнем іх у іншых славянскіх мовах, а ў некаторых— не супадае.
Наша мова багата на свае ўласныя звароты з злучнікамі, на што літаратурная мова павінна зьвярнуць належную ўвагу. Тут мы затрымаеіся на тых злучніках, што часта ўжываюцца ў літаратурнай мове не ў беларускім значэньні.
1. Каторы. Звароты ў нашай мове, што ў расійскай мове перадаюцца адноснымі займеньнікамі “который”, “какой”, а ў польскай kt?ry, jaki, зусім не падобны да расійскіх ці польскіх. Калі часам у запісах вуснай народнай творчасьці сустракаецца слова “каторы” ў значэньні расійскага злучніка, то гэта трэба лічыць уплывам расійскае ці польскае літаратурнае мовы на таго, хто запісваў. Напрыклад, такія звароты, як: “У моры гаду ёсьць, каторому ў ліку няма”. “Замкнуў такімі замкамі, каторых няма й ня будзе мацней” (запіс этн. Раманава), — не беларускія. Выясьняючы той ці іншы факт мовы, пасылацца на запісы прозаю рызыкоўна, бо яны рабіліся людзьмі, слаба знаёмымі з беларускай мовай, або выгадаванымі ў расійскай ці польскай мове. Яны часам несьвядома, а часам не разумеючы беларускага звароту ў мове ці формы слова, запісвалі пасвоему, уносячы ў свае запісы элемэнты расійскай ці польскай мовы, у залежнасьці ад культуры запісчыка. У Шэйна, напрыклад, бадай што нідзе ня сустрэнеш нашай праславянскай формы загаднага ладу: нясеце, кажэце, а заўсёды стаіць расійская форма: нясіце, кажыце.
Выясьняючы той ці іншы сынтаксычны факт, трэба зварачацца да больш цьвёрдай народнай мовы. Такую цьвёрдую і найбольш поўную народную мову становяць народныя песьні, прыказкі, загадкі, а ня казкі. У песьнях і прыказках, а таксама ў некаторых загадках і прымаўках мова прыбрана вершам, нібы закована ў верш, а гэта не пазваляе перакручваць яе на свой лад, падмяняць яе зваротаў зваротамі чужымі, а калі-б што і трапілася, то па вершу ці па іншаму тэксту лёгка выправіць. Шкода, што наша вусная народная творчасьць запісавалася не самімі беларусамі, а людзьмі чужымі, або перакінчыкамі: яны часам нават наўмысьля перакручвалі мову.
І вот, у песеннай мове, у мове прыказак, прымавак, загадак, ці ў іншых вершаваных народных творах (вялікодныя ці калядныя “рацы”, напрыклад, або вясельныя прамовы, што перадаюцца традыцыйна) мы нідзе ня знойдзем зваротаў з словам “каторы” ў расійскім ці польскім значэньні. У беларускай мове такія звароты заўсёды перадаюцца злучнікам “што”, напрыкл.:
Пакажэце мне тую кветку, што расьце зімой і ўлетку. У канцы грэблі шумяць вербы, што я пасадзіла,— няма майго міленькага, што я палюбіла. Суседкі, суседачкі, што ў нашай бяседачцы. А дзе-ж тая галубачка, што з намі лятала? Гэта той, што хораша грае. Той, што ў аблавухавай шапцы. Няма мілага, чорнабрывага, што верна кахала. Ой, пі, маці, тую воду, што я нанасіла, любі, маці, таго друга, што я палюбіла. Цясовыя столікі засланыя, што Ганулькай натканыя; залатыя кубкі палітыя, што Пракопам ня пітыя.
У тых разох, дзе ў расійскай мове стаіць злучнік “каторы” з прыназоўнікам, пабеларуску стпіць злучнік-прыслоўе “дзе”, а на месцы расійскага “который бы” стаіць “каб хто”, напр.:
Павей, ветру, з таго краю, дзе мой мілы, што кахаю (зноў “што”, а не “каторага”). Гаспадар лёг у тэй хаце, дзе вячэралі, а нас паслаў у клець. Тады падашлі яны к таму слупу, дзе замураваны быў музыканта (замест расійскага “в котором”). Падбегла ліса да таго дрэва, дзе было дзятлава гняздо. Я такіх людзей ня знаю, каб каму аддаць дзяцей у навуку (расійск.: “которым бы”).
І вялікаруская народная мовы ня любіць зваротаў з “каторы”, а зьвязвае такія сказы злучнікам “што”; параўнайце, напр.: “Спас, што на песках”. Звароты з “каторы” ў расійскай літаратурнай мове штучныя, ц. -славянскія. Значыць, нашай маладой літаратурнай мове такіх злучэньняў сказаў ужываць няможна, бо гэта будзе не пабеларуску, а па ц. -славянску.
У беларускай мове займеньнік “каторы” – рэдка калі злучае сказы (“Ёсьць такі каменьчык, цераз каторы можна дастаць, чаго хочаш”). Калі займеньнік “каторы” не пачынае сабою пытаньня (“Катора гадзіна?” “Пытаецца сын у маці, каторую браці?”), то ён абазначае тое, што парасійску выражаецца словамі “который из двух” або “один из многих”, напр.:
Шчыпай, кума, ягадкі, каторы салодкі, а каторыя горкі, то для мае жонкі. Як каторы – адзін навучыцца, а другі не. Каторыя самі не пашлі, а каторых бацькі не пусьцілі. Чаго яны (дзеці) там плачуць, ці ня скінулася каторае? Вядома, калі хто каторую ўпадабае, то й думае, што яна лепшая за ўсіх. Часам неспадзявана выбежыць каторы з хаты...
2. Які. Злучнік “які” ставіцца для выражэньня якасьці: у такіх разох яму апавядае слова “такі”, напр.:
Які дзень, такі й пажытак. Якія мы самі, такія й нашы сані. Якая яда, такая й хада. Якое дзерава, такі й клін; які бацька, такі й сын.
3. Што як. Расійскі злучальны зварот, “так что” пабеларуску можна перадаць злучнікам “што як”, напр.:
Зьбегалася зайцоў ня то што некалькі тысяч, а некалькі мільёнаў, што як беглі яны цераз лес, дык лапкамі карэньне павыбіралі, што аж лес паўсыхаў.
4. Як да. Расійскія звароты “смотря по тому”, “в зависимости от того” пабеларуску часта можна перадаць зваротам “як да чаго”, напр.:
Як да чалавека – адзін пусьціць, а другі ня пусьціць. Ці дорага быдла? – Як да скаціны. Як да густу – адным падабаецца, а другому – не.
5. Што да. Расійскі зварот “а что касается” (папольску co si? tyczy) пабеларуску лёгка перадаецца так: “што да мяне”, “як на мяне”, напр.:
Што да мяне, дык... як на мяне, дык я й з малым дзіцём гаварыць буду. Па мне хоць воўк траву еж.
6. Толькі-як. Расійскае “как только”, “лишь только”, “едва лишь” пабеларуску перадаецца “толькі-як”, напр.:
Толькі мы выехалі з лесу, як стала сьвітаць.
7. Што-то. Расійскаму “чем-тем” у беларускай мове апавядае “што-то” поплеч з “чым-тым”; апошняе мае больш прадметнае значэньне, напрыклад:
Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Чым далей, тым сьмялей. Чым хата багата, тым і рада.
8. Што – памацняльны злучнік. Каб жывей перац думку, што выражаецца заданым сказам, вельмі часта ў народнай мове перад злучнікамі “як”, “які”, “ці”, “куды” ставіцца яшчэ злучнік “што”— для памацненьня, напр.:
І ўсе дзівіліся, што як ён будзе жыць. Стала думаць, што ці не застаўся ён там начаваць. Усе хвалілі, кажучы, што які ён разумны. А прадучы ўсё думала, што калі-ж гэта ён вернецца.
Такія даданыя сказы вытвараліся з простых пытаньняў. У беларускай народнай мове, калі чужаслоўе перадаецца дадана-залежным сказам, то такія сказы хахоўваюць форму простае мовы: напр.:
Казаў, што покі жыў буду, не забуду. (Казаў: “Покі жыў буду, не забуду”). Спачатку пахваляўся, што новую хату пастаўлю на дзве палавіне, а потым і старая развалілася.
9. І. Злучнік “і” можа быць памацняльным словам, напр.:
Вось і ўсё. Вось і добра. І туз часам воду возіць.
Часам “і” мае значэньне “нават”, “таксама”, напр.:
“Няўжо ж ты й гэтага ня ведаеш?!” У гэтым сказе “і” мае значэньне памацняльнага прыслоўя “нават” або “таксама”.
Калі “і” служыць памацняльным словам або прыслоўем, то пасьля галоснага перад зычным скарачаецца ў “й” г. зн. перастае быць складавым ды вымаўляецца злітна (разам) з папярэднім словам, напр.:
То й добра! Галоднаму й пушынка малінка. Сіла й салому ломіць. Вот табе й на! Прыйшла й восень.
Калі на памацняльнае “і” прыходзіцца націск, то яно не скарачаецца, хоць-бы сабе стаяла паміж галосным і зычным, напр.:
Галоднаму каню і дубіна ня страшна. Аднаму і ў кашы ня спорна (тут “і” стаіць нават паміж галоснымі, “ў” стала ў залежнасьці ад галоснага “і”).
Будучы злучнікам, “і” скарачаецца толькі ў тых разох, калі злучае аднолькавыя часьціны злітага сказу, што ня маюць пры сабе паясьняльных слоў г. зн. у тых толькі разох, калі “і” злучае голыя аднолькавыя часьціны злітага сказу, напр.:
Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Ціха й плаўна коцяцца воды. А цемната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Тут поплеч рэчка й поле. Пуста й гола ўсюды. Бацька й маці вярнуліся з поля.
Але калі паміж аднолькавымі часьцінамі зьлітага сказу стаіць якое-небудзь паясьняльнае слова або калі пры пералічэньні ў зьлітым сказе робіцца перапынак (паўза) ў голасе (на пісьме гэтая паўза абазначаецца коскай), то “і” не скарачаецца, напр.:
Яны разам вучыліся, і разам пасьвілі скацінку ў полі. Ён цяпер мае ўжо сваю сямейку, свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба. Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Ідзе жняя і весела пяе. Тут былі – і старыя, і малыя, і бабы, і дзеці.
У вершах, дзеля складу, “і” ў такіх разох можа і не скарачацца (слова “скарачаецца” трэба разумець так, што “і” перастае тварыць асобны склад г. зн. перастае быць галосным, ды падмяняецца ётам “й”), напрыклад:
Стогне, плача і галосіць завіруха злая (Я. Колас). Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі (Я. Кол.). У стуку і груку забудзем мы муку працы свае (Я. Кол.).
У такіх сказах, як: “Адны вочы і плачуць і сьмяюцца”, “Ён яго і корміць і поіць” , першае “і” трэба разглядаць як памацняльнае слова пад націскам, тое самае, што ў сказе: “Ляніваму каню й дубіна ня страшна”.
10. Ды. Злучнік “ды”, агулам кажучы, мае аднолькавае значэньне з злучнікам “і”. Розьніца між імі тая, што злучнік “і” мае больш агульнае значэньне; ён зьвязвае як далейшыя, так і бліжэйшыя паняцьці, а злучнік “ды” ўжываецца толькі для цясьнейшага злучэньня слоў.
Найчасьцей гэтым злучнікам зьвязваюцца выказьнікі (сказуемые), надаючы ім характару большай чыннасьці, руху і лёгкага працістаўленьня. Злучнік “ды” заўсёды стаіць там, дзе трэба выразіць паступовасьць, згоднасьць, асабліва тады, калі наступнік выказьнік зьяўляецца як-бы вынікам першага, напр.:
Напісаў прашэньне ды да міравога. Увайшоў ды моўчкі стаў каля дзвярэй. А ён узяў ды расказаў усё чыста. Запрэгла яна шэсьць камарыкаў, ды паехала ў сьвет. Выбраў воўк найвялікшага барана ды кажа яму. Паскакаў мароз каля яе, а як разумнае гутаркі не пачуў, дык узяў ды замарозіў. Воўк схапіў віёрку ды хацеў яе зьесьці.
Злучнік “ды” можа мець пасьля сябе памацняльнае “і”, калі трэба надаць выказьніку большай сілы й значэньня, напр.:
Глянуў дый заплакаў. Узяў дый пабіў яе (скрыпку) на друзгі. Што-ж? Кажа баран (воўку):— такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга, дый табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, дык стань у лагчынцы ды разьзяўся, а я ўзьбягу на прыгорак, разганюся ды ўскочу табе ў горла цалкам.
11. Да. Наша літаратурная мова як-бы сумысьля ўхіляецца ад злучніка “да”, адносячы яе да русіцызмаў, а тымчасам гэты злучнік у народнай мове ўжываецца даволі шырока, і мае свае цікавыя асаблівасьці.
1) У зьлітым сказе “да” ставіцца, калі злучаюцца аднолькавыя часьціны, выражаныя назоўнікамі йменнымі (существительными) ці прыметнікамі, у значэньні дабаўденьня (плюса), напр.:
Знае пра тое купец да мама (купец+мама). Пяць да чатыры, да пяць, да адзін. Казаўся наш сьвет багаты, аж толькі рызы да латы. Стаяла бярозка тонка да высока, лісьцем шірока.
2) У сладана-злучаным (сочинённом) сказе “да” ставіцца замест “але” для абазначэньня неспадзяванай супярэчнасьці, напр.:
Вялік панок, да малы дварок. Поле роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Люблю цябе, да ня так, як сябе. Гульня, да не штадня. Хацеў-бы, да ня змога. Гаварыў бы каток, да рот караток. Купіў бы сяло, да грошаў гало. Вачом завідна, да жывату не пажытачна. Ня дуж, да дасуж.
3) Часта “да” ставіцца ў мове як памацняльнае слова, каб падвысіць значэньне таго слова, пры якім стаіць, напр.:
Брацейка мой, родненькі! Едзь у луг да па каліну да па калінавы лісточак да мне маладзенькай на вяночак. Радзіманька мая! Да не зракайся ты на мяне, не зракайся ты на мяне да прыбудзь ты ка мне. Ты мае дзетачкі да пасіраціла. Добры вечар да суседка мая! Ці здарова да сямейка твая? Ой што-ж там да за пыл курыць? Што-ж там да за дым дыміць? У горы расла, ў горы замуж пашла. Я й думала, мне палепшае, работанькі мне паменшае, аж мне да пагоршала, работанькі мне да пабольшала. Усё на рыначку да валяецца, сваім родам зухваляецца, маім родам папракаецца.
4) Злучнік “да” часта ставіцца паміж дзейнікам (подлежащим) і выказьнікам (сказуемым). У такіх разох ён, разумеецца, перастае быць злучнікам, а, стоячы паміж дзейнікам і выказьнікам, зьлёгка проціставіць чыннасьць ці прымету, што ў выказьніку, асобе, што ў дзейніку, напрыклад:
А той дзед да быў калека, да шчэ й нямы. Яго гаспадар да бярэ к сабе ў прымы. Хоча, каб я замест Янкі да пашла за яго.
Крошку з іншым адценьнем ужываецца ў нашай мове злучнік “дык”, напрыклад:
А я дык не люблю гароху. Той дык хоць старанны, а гэты – гультай, абібок да ‘шчэ й дурань. А вот я дык пайду.
(Лёсік Я. 1921 – 1930. Збор твораў. – Мінск, 2003. – С. 129 – 133)
Суб, 23 студзеня 2010
Беларуская мова