Я. Лёсік. НЕКАТОРЫЯ ЎВАГІ ДА БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ МОВЫ (V)
Цэтлікі: дапаўненні, сінтаксіс, склоны
Катэгорыі: Беларуская мова
V. Дапаўненьні
Кожны ўкосны склон назоўніка называецца дапаўненьнем (парасійску: “Всякий косвенный падеж существительного называется дополнением”). Дапаўненьне ў мове выражае розныя адносіны паміж прадметамі. Гэтыя адносіны могуць быць самыя разнастайныя, як прадметныя (татар’яльныя), так і не прадметныя (разумовыя).
Дапаўненьні бываюць простыя й складаныя. Дапаўненьне называецца простым, калі пры ім няма прыназоўніка (предлога), а дапаўненьне з прыназоўнікам называецца складаным, бо яно складаецца з прыназоўніка плюс простае дапаўненьне. Напрыклад:
Працаю сілы прыроды к людзям у слугі йдуць.
Тут словы- назоўнікі “працаю”, “прыроды” ёсьць простыя дапаўненьні, а “к людзям”, “у слугі” – складаныя дапаўненьні.
Дапаўненьнем можа быць і прыметнік, і кожнае скланяльнае слова, калі яно падмяняе назоўнік, напр.:
Бачу сьляпога, пашкадуй малога, ня б’юць ляжачага.
Раз дапаўненьне ёсьць назоўнік у форме ўкоснага склону, то яно можа быць вінавальнага, роднага, давальнага, прыладнага й меснага склону з прыназоўнікам ці без прыназоўніка (простае або складанае).
Калі пазнаёміцца з значэньнем у мове простага дапаўненьня, то ў складаным дапаўненьні застанецца толькі пазнаёміцца з прыназоўнікам, бо яно складаецца з простага плюс прыназоўнік, а калі адна частка разгледжана, то застаецца неразгледжанай другая. Вось чаму, калі сынтакс знаёміць з складаным дапаўненьнем, то мае справу толькі з прыназоўнікам.
Разумеецца, ў гэтых кароткіх увагах да літаратурнае мовы нельга разгледзіць усіх беларускіх дапаўненьняў. Аб гэтым дакладна гаворыць сынтакс беларускае мовы. ; тут-жа будуць паказаны толькі найбольш цікавыя формы нашых дапаўненьняў, а пры зручнасьці, дзе гэта стане да рэчы, будзе зьвернута ўвага на некаторыя іншыя сынтаксычныя факты беларускае мовы, зьвязаныя з дапаўненьнем.
Аб складаных дапаўненьнях гутарка пойдзе потым (бач VI Прыназоўнікі), а спачатку аб простых дапаўненьнях, што без прыназоўнікаў у парадку склонаў (падежей).
1. Вінавальны склон
Вінавальны склон адказвае на пытаньні: каго? што? (бачу); ён абазначае той прадмет, што на яго праходзіць дзеяньне. Першае пытаньне вінавальнага склону – гэта пытаньне роднага склону для прадметаў жывых (няма каго? брата, каня); другое патаньне (што?) – гэта пытаньне назоўнага склону для прадметаў няжывых (што? – кол, камень, акно).
Што гэта значыць? Гэта значыць, што інавальны склон ня мае свае ўласнае граматычнае формы; яго форма часам падобна да формы назоўнага (именительного) склону, а часам да роднага склону. Напрыклад: Паставілі стол, разьбілі акно, падралі кнігі; тут словы “стол”, “акно”, “кнігі” стаяць у вінавальным склоне, бо дзеяньне “паставілі”, “разьбілі”, “падралі” пераходзіць на гэтыя прадметы, а разам з тым гэта формы і назоўнага склону, бо толькі ў назоўнымі склоне ставіцца назоў прадмета (стол, акно, кнігі). Далей, калі мы скажам: бачу брата, пасу каня, то тут словы “брата”, “каня” – гэта формы і роднага склону (каго няма? брата, каня).
У беларускай мове вінавальны склон мае сваю пэўную форму (канчатак –у, -ю) толькі ад назоўнікаў іменных (существительных именных) жаночн. роду, адзіночн. ліку, ва ўсіх іншых разох ён супадае часам з назоўным, часам з родным склонам, а ў некаторых разох (вельмі рэдка) з клічным склонам.Гэта трэба мець на ўвазе пры знаёмстве з сынтаксычнымі фактамі вінавальнага склону.
У праславянскай мове вінавальны склон множн. ліку меў форму (канчатак “ы”) сучаснага назоўнага склону множн. ліку, а назоўны склон меў канчатак “і”. Такія сучасныя словы, як: людзі, чэрці, суседзі, а часам – вароці, боці гэта формы праславянскага назоўнага склону множн. ліку; цяпер бы трэба было сказаць: люды, чарты (а, чарты яго бяры!), суседы, а вароты, боты так звычайна і гавораць; вароці, боці (селі на вароцех у чырвоных боцех) знаходзім толькі ў песьнях, дзе верш трымае іх у старой форме. Далей, напрыклад, слова “стол” у назоўным склоне множнага ліку мела форму з канчаткам на “і” – столі, як людзі, а ў вінавальным склоне была форма сталы (канчатак “ы”). Цяпер формы назоўнага склону мн. л. адмерлі, а іх месца заступілі формы праславянскага вінавальнага склону на “ы” (сталы, валы, браты і т. далей).
Склоны, як і ўсе іншыя факты мовы, знаходзяцца ў стане нясупыннай зьмены: адны факты зьмяняюцца, другія адміраюць, а на іх месцы вырастаюць новыя. У вангельскай мове, напрыклад, засталося толькі два, ці што, склоны, а ўсе іншыя паадміралі. У сучасных, бліжэйшых да нас славянскіх мовах, як і ў нашай мове адмёр праславянскі месны (предложный) склон. Даўней, напрыклад, маглі сказаць: “А што той грамаце пісана”... “Пасадзілі на вялікім княжэньні Вільні”, “Жыве Кіеве” і так далей, дзе словы “грамаце”, “Вільні”, “Кіеве” стаяць у месным склоне. Цяпер мы так сказаць ня можам, а ставім пры гэтых простых дапаўненьнях прыназоўнік “у” (у грамаце, у Вільні, у Кіеве), бо цяпер няма меснага склонубез прыназоўніка. Вось чаму расійскія школьныя падручнікі называюць месны склон предложным, панашаму прыназоўным, бо мы предлог – гэта старасьвецкі беларускі граматычны тэрмін (расейцы яго пазычылі ў нас) называем прыназоўнікам (у граматыцы Б. Тарашкевіча “прыймя”), бо ён заўсёды стаіць пры назоўніках (сществительных), іменных, лічэбных і займенных. Пры другой часьціне мовы прыназоўнік стаяць ня можа; ён заўсёды вытварае з назоўнікам складанае дапаўненьне.
Вінавальны склон ад прадметаў жывых найчасьцей падобен да роднага склону, і тады адказвае на пытаньне “каго”, а ад прадметаў няжывых – да назоўнага склону, і тады адказвае на пытаньне “што?”. Але ў беларускай мове сьціслай разьмяжованасьці тут ня бывае: можа жывы прадмет стаіць у форме назоўнага склону, а няжывы— ў форме роднага, і наадварот.
У нашай мове вінавальны склон, як і некаторыя іншыя, пазнаецца толькі па свайму значэньню, а не па форме. Вось чаму нашы дапаўненьні вінавальнага склону, апроч свайго агульнага значэньня, і з гэтага боку маюць асаблівасьці проціў, напрыклад, расійскай мовы.
Паю коні, пасу авечкі, ганю валы. Мяняе быкі на індыкі. Певень жытам куры частуе. У новай стайніцы коні сядлае. Запрагай, братка, пара (і пару!) коняй (тут вінавальна-назоўны склон будзе “пара”, а слова “пара”, як лічэбнік зборны, заўсёды кіруе родным склонам – “коняй” – родны склон парнага ліку). Запрагайце сівы коні ў чорныя кочы (вазок з будой), павязём мы дзяўчыначку цёмнае ночы. Арол напаў гусі, давай мардаваці. Ваўкі падушылі авечкі. І сава свае дзеці хваліць. Багатаму чорт дзеці калыша. А хто дзеці мае, няхай навучае, позна да карчомкі гуляць не пускае. Ой пайду я даганяць леты маладыя.
Само сабою разумеецца, што ў такіх разох і складанае дапаўненьне стаіць у вінавальным склоне, напр.: “Сабака брахаў на ваўкі”.
Нават пры асобе, чалавеку, знаходзім часам дапаўненьне з пераходным дзеясловам у вінвальна-назоўным склоне, напр.:
Прывяла яна два сыны. Пісала-б лісты – ня ўмею, паслала-б паслы (замест “паслоў”) – ня сьмею. А хто дачкі (можа быць і родн. ск. “дачок”) мае, няхай навучае, позна да карчомкі гуляць не пускае. Наймай кавалі (замест “кавалёў”) даражэнькія, куй сярпочкі залаценькія да шлі жнейкі маладзенькія (хоць можа быць і “жнеек”).
Тут патрэбаю верша нельга нічога аб’ясьняць, перш-на-перш, дзеля таго, што для верша ўсё роўна, ці будзе будзе стаяць тут родны склон, ці вінавальны, а потым, навогул, верш нічога не аб’ясьняе, бо тыды можна запытаць: чаму-ж мова пазваляе строіць такія вершы? Прычынаю тут ня верш, а ймкненьне мовы падпарадкаваць аднолькавыя факты аднолькавай форме.
2) Але дапаўненьне ад асобы, чалавека множн. ліку, а таксама назовы прадметаў жывых адзіночн. ліку звычайна стаяць у вінавальна-родным склоне на пытаньне “каго?”, напр.:
Бачу братоў, частую сватоў, не сьмяшы людзей. Ён частуе, ён вяльбуе (выхваляе, узьвялічвае) дарагіх гасьцей. Толькі выслала наша гаспадынька сыноў сакалоў да нявестак лябёдак, толькі выслала.
А поруч з гэтым знаходзім ужо і слова “коні” ў форме роднага склону, напр.:
Коняй не тамі, людзей не турбуй: як прыдзе пара, прыеду сама. Коняй патапілі, плацьця памачылі. Запражэце, залажэце семярых вараных (коняй), адвязеце майго кума дамоў.
У такіх сказах, як “Парэзала многа курэй, гусей для сваіх для любых гасьцей. Спарадзіла чачотачка сямёра дачок, спарадзіла невялічкіх сямёра малых. Запрагайце пара (ці пару) коняй. Наймала чачотачка многа музыкі” – падчыркнутыя дапаўненьні пры пераходных дзеясловах стаяць у родным склоне дзеля таго, што ўсе зборныя лічэбнікі і неазначальныя прыслоўі (многа, мала і інш.) заўсёды кіруюць родным склонам, а значыць самі падмяняюць або мысьляцца ў вінавальным склоне.
3) Тут цікава яшчэ вось што, што ў беларускай мове родны склон можа ставіцца замест вінавальнага і ад прадметаў няжывых як адзіночнага, так і множнага ліку, напр.:
Ражна зьясі, калі ня хочаш хлеба (тут родны склон “ражна” мог стаць па падабенству з словам “хлеба”, дзе родны склон пры пераходным дзеяслове азначае частку прадмета падзельнага). Дык яна гэта ўваткнула яму рубля (замест “рубель”). Вазьмі замка (як “каня”, “вала”), паддай мяшка, сьсячы гэтага дуба. Твайму Яначку вянок з дабра, а нам дасі на трох рубля. Стаіць явар над вадою, явара вада мые. Камяні, ідзеце тапароў тупіць! Толькі выслала цёмная тучка дробнага дажджу і ціхага ветру, толькі выслала. Хадзеце, дзевакі, у лес гуляці, зялёных вянкоў завіваці (і тут-жа знаходзім вінавльны склон, “а мы ўжо вяночкі завілі і гарэлачку папілі”). На раніцу цар кажа слугам: “Ідзеце й выкіньце касьцей часавога”. Пі, маці, таго піва, што я наварыла; любі, маці, таго зяця, што я палюбіла.
Такім чынам, вінавальны склон, ня маючы свае формы, можа ва ўсіх выпадках падмяняцца родным або назоўным склонам, але, прымаючы не ўласьцівую сабе форму, ён разам з тым выражае іншае адценьне ў сваім значэньні. Калі ставіцца, напрыклад, родны склон замест вінавальнага ад прадметаў няжывых, то гэтым выражаецца неазначальнасьць, і тады мысьліцца, як-бы ня ўвесь прадмет ці прадметы, што павінна быць, а толькі частка іх (“вянкоў віць”).
4) Вінавальны склон сумесна з назоўным знаходзім ад слова “палавіна”, напр.:
Палавіну сад цьвіце, палавіну вяне. Палавіну садоў цьвіце, што зелена разьвіваюцца; палавіну шлюбаў бяруць, што верна кахаюцца. Палавіна саду цьвіце, палавіна вяне. Палавіну саду цьвіце, палавіну разьвіваецца; палавіну шлюб бяруць, палавіну раскіаюцца.
5) Вінавальны склон часу на пытаньне “калі?”, напр.:
Яго гэтую ноч возьмуць. Тую пару мой брат з вайны ехаў. Пачакай тут трошку! Што дзень пры дні ў карчомцы п’е. А бадай ты, казачанька, той час (параўн. расійскае “сейчас”) ажаніўся, як у млыне на камені куколь урадзіўся! Была мая кашулька што нядзелю бялюсенька. Што суботку вымывалася, што нядзельку убіралася.
Вінавальны часу на пытаньне “калі?” можа падмяняцца родным склонам часу, напр.:
Пачакай тут трошкі. Яго гэтае ночы возьмуць. Тае пары мой брат з вайны ехаў. Што суботы вымывалася, што нядзелі прыбіралася. Аднаго разу паехалі мы ў лес па дровы. Тады (як “пары”) тое будзе. Бадай ты, дзяўчынка, тады замуж вышла, як па бітай дарожачцы рута-мята ўзышла. Галоднага лета людзі ўміралі. Астатняга году зіма была халодная. Штадня варкатня. Аднае нядзелі, тых дзён, таго часу. Няхай жонка вып’е гэтага адвару, дык таго часу мець будзе (дзіця).
З роднага часу вытварыліся такія прыслоўі: сёлета, сёньні=сёньня, штадня, летась, пазалетась (лета+сь) і інш., але вінавальны часу з пытаньнем “колькі” не падмяняецца родным часу, напр.:
Усю ноч байкі баяў. Пабыў тры ні ды паехаў. Жыла яна так тры годы. Пражыў з намі цэлы год. Я многа нацярпеўся.
6) Вінавальна-таўтолёгічны. Нашай літаратурнай мове варта мець на ўвазе вельмі пашыраныя ў народнай, так званыя, таўтолёгічныя звароты з вінавальным і іншымі склонамі. Калі хочуць падвысіць, памацніць тое ці іншае слова ў сказе, найчасьцей дзеяслоў-выказьнік, то, замест памацняльных прыслоўяў (вельмі, надта, аей-як), ставяць таўтолёгічныя звароты, г. зн. ставяць іменьнік аднаго кораню з дзеясловам, напр.:
Думу думаць, гора гараваць, век векаваць, мост масьціць, гаць гаціць, суды судзіць, права правіць. Няўжо дырэктар так заўзяты, што будзе права свае правіць і на калені штадзень ставіць?! (Я. Кол.). Буду зіму зімаваць, вясны-лецейка чакаць. Куплю сабе звонкі званочак. Паехаў уды судзіць, раду радзіць. Бадай мы здаровы, плён плянавалі, бадай мы здаровы за рок дачакалі.
Вінавальна-таўтолёгічны можа быць з прыназоўнікам у значэньні спосабу дзеяньня, напр.:
У крык крычыць, у стук стукае. Маці сына правяла (сын ехаў казакаваць), на век вечны пракляла.
Вельмі часта таўтолёгічныя звароты ставяцца з прыладным склонам, напр.:
Пытам пыталі, жадам жадала, рэвам раўці, крыкам крычаць, плачам плакаць, рогатам рагатаць, ходарам хадзіць. Хата ходарам ходзіць. Яго двары тынам тынены да сырым дубам. Яго дорня брукам брукавана, а тынам тынавана. Розным торгам таргавала. Твой дварочак мостам мошчан. З доляю даляваць будзеш, а з паненкаю панаваць будзеш. Да я тую крынічанку тыччом ператычу да сваю дзяўчынку к сабе пераклічу.
Таўтолёгічныя звароты бываюць з назоўным склонам, напр.:
Гром грыміць, званы званяць. Да ўжо вечар вечарэе. Стары старым, а малады маладым. Старое старыцца, а маладое расьце. Дзень добры, дзяўчына – бель бяліці! Ой сваты, сватове!
Таўтолёгічныя звароты знаходзім і з кожнай іншай часьцінаю мовы, напр.:
Устань рана ранюсенька, мыйся бела бялюсенька. Застаўся голым голы, босым босы. А я млода маладзюсенька за табою прапала. Як бель бялюткі. Сарочка чорна чарнюсенька. Дарожка біта таптана.
Блізкія значэньнем да таўтолёгічных зваротаў тыя звароты, дзе прыметнік памацняецца другім другім прыметнікам з адмоўнасьцю “не”, але з адваротным значэньнем, напр.:
Ой цёмна ночка нявідная! Смуцен мой сакол, смуцен невясёл. Дурна, дзеўка неразумна, што ня ўмела адказаці. Густы гаю, густы гаю, гурты не прагляну. Ой высока да ня нізкагарох на лагчыне, ой далёка да ня блізка казак на Ўкраіне!
Асабліва любіць народная мова выражаць выказьнік (сказуемое) двума рознымі дзеясловамі, але такімі, што перадаюць адно дзеяньне, адно паняцьце, напр.:
Пакінь, дзеванька, думаць-гадаці, пашлі, дзеванька, краскі рваці. Затужыў-занудзіў малады малойчык. Хаджу-блуджу, як то сонца ў крузе, куды пайду, ці што раблю, а ўсё сэрца ў тузе. Ой ляцелі жураўлі, селі-палі на ральлі. Пад ёлкаю-верабінкаю малойчык ляжыць, сам ня знае, сам ня ведае, што ў яго баліць. Ляцелі гусанькі цераз сад, крыкнулі-гукнулі на ўвесь сад. Буду піці-выпіваці, і каплі ня пушчу,— тады, ліл, цябе забуду, як вочы заплюшчу. Ой ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны палі на ціхім Дунаі. Будзь ты, нявехна, вумна-разумна: распусьці долю па майму полю, а прыдольлейка па застольлейку. Ці ня відзелі, ці ня бачылі п’янічэнькі йдучы?
Калі Якуб колас умее трапна ўжываць таўтолёгічныя звароты з рознымі склонамі, то Янка Купала багата выкарыстаў асаблівасьць народнае мовы з дваякімі выказьнікамі, напр.:
Папараць-кветка, думкі-гадкі, траўка-мураўка, шчука-рыба, пацеха-забава, хлеб-соль, песьня-дума, вясельле-разгул, пушча-лес, салавей-птушка, рыба-плотка, каліна-маліна, песьня-весялушка, хлопцы-малойцы, малодкі-лябёдкі, браточкі-сакалочкі, рута-мята. Ой у полі клён-дзярэўца розна. Ой за лозамі, за бярозамі рута-мята ня ўсходзіць. Бягай, міла, да гаю, шукай зельля-размаю. Міла к гаю не дайшла, размай-зельлейка знайшла. Узялі Яся парубалі, срэбра-злота адабралі. Плача, плача айцец-маці, па роднаму дзіцяці. У нядзелю рана не ў дудачкі граюць, ня ў трубачкі трубяць: айцец-мамачка плачуць каля Дунаю ходзячы, у Дунаю просячы. Зачула Ганулька ў сьвятліцы седзячы, срэбра-злота дзержачы. А я роду вялікага, айца-маткі багатага. Ясны месяц далёка, айцец-матка далёка. Як стаяла, у Дунай пала, шчуку-рыбу накарміла, а шчадра да напаіла.
Я наўмысьля падаў многа прыкладаў на злучэньне “айцец-маці”, улюбёнае нашай народнай паэзіяй, а народная паэзія мае густ і добра ведае сваю мову. Тымчасам, наша літаратурная мова чамусь ухіляецца ад слова “айцец”, думаючы, мабыць, што яно польскае, ды ўсюды ставіць будзёнае слова “бацька” або “бацькі”.
Праўда, і попольску будзе “ойцец”, але справа тут ня ў польскасьці: У славян шмат аднолькавых слоў. Справа тут вось у чым: у беларускай мове ёсьць такі закон чарадаваньня (падмены) зычных: калі дзь ці ць стануць перад зычным (даўней перад “ць”), то гэтае злучэньне зычных падяняецца ётам (й), напр.:
Маладзец-малайчына, малойчык (замест “малодзцык”; у праславянскай мове “ц” было толькі мяккім ), малайцы, малайцом; райцы (ад “радзіць”, “рада”, “парада” – радзьці – райцы), зрайцы (= “зрадзьці” ад “зрадзіць”); айца (= “оцьця”); войчым, ойчанька; адгэтуль ужо айцец, куды ён перайшшоў, як кажа акад. Карскі, з укосных склонаў (айца, айцом і т. д.); сюды трэба аднесьці вельмі пашыранае ў беларускай мове слова трэйці замест “трэцьці” (цяпер пішам “трэці”, хоць лепш гаварыць і пісаць “трэйці”).
Значыць словы “айцец” ці “ойцец”; “ойчанька” ці “войчанька” бясспрэчна словы беларускія, хоць яны могуць быць і ў польскай мове. Адгэтуль ужо маем такія словы: ойчаства (расійск.: “отчество”), айчына (рас. “отечество”, польск. “ойчызна”, а некалі расейцы пісалі “отчизна” на стара-беларускі лад пад уплывам польскага слова).
Тут яшчэ трэба заўважыць вось што: словы “ойчанька”, “ойцец” з націскам на “о” рэдка ўжываюцца з прыдыханьнем “в” , якое, як ведама, заўсёды з’яўляецца перад націскнымі “о” ці “у” (восень, вокны, вуліца, вугаль). Ёт (й) стаўшы пасьля “о” адкідае прыдыханьне; яно ў такіх разох становіцца непатрэбным. Вось чаму мы звычайна кажам “ой”, а не “вой”, хоць можа быць і прыдыханьне, але тут ужо прыдыханьне ставіцца па падабенству, а не з фонэтычнай прычыны. Чаму гэта так – аб гэтым дакладна гаворыць граматыка (фонэтыка).
Слова “ойцец”, ці “айцец” дзеля павагі ці ўрачыстасьці часта ўжываецца зьлітна з словам “пан” – “панойцец”, а ласкальнае ад “ойцец” маем “ойчанька”; клічныя формы: ойча (адзін. лік), айцове (множн. лік); з клічнае формы множнага ліку вытварылася цікавая форма множн. ліку назоўнага склону – айцовы. Прыклады: Ня вінны нашы гловы, а вінны нашы айцовы (бацькі). Тут табе, лазіца, не векаваці, а мне ў панойца не зімаваці! Табе зімаваці ў клеці на паліцы, а мне векаваці чужога чужаніцы (з вясельнае песьні). Да ляцелі гусанькі цераз сад – час табе, дзеванька, на пасад. Што-ж вам, гусанькі, да таго, ёсьць у мяне ойчанька для таго. Засьцілайце камлі – я паду; благаславі панойцец – я сяду. Ойчанька мой родненькі! Што-ж там да за пыл курыць? – Гэта-ж твой маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні.
Складаныя йменьнікі й дзеясловы ці іншыя часьціны мовы адпавядаюць таўтолёгіі, асабліва калі зложаны два блізкія паняцьці, а часам з аднолькавым коранем, як, напрыклад: чужы-чужаніца, ждаці-паждаці, клясьці-праклінаці. Будзь ты, нявехна, вумна-разумна: распусьці долю па майму полю, а прыдольлейка – па застольлейку.
Абагульненьне двух працілежлых паняцьцяў з адмоўнасьцю “не” знаходзім у такіх зваротах, вельмі пашыраных у народнай паэзіі, напр.:
Ці стаяла- не стаяла, толькі тая слава. Хоць маліся-не маліся, а есьці ня будзеш. Ой ці змыта, ці ня змыта, абы не прабіта. Ой ці чула, ці ня чула – не адзывалася, бо на цябе, мой міленькі, не спазявалася. Хоць прыляцела, хоць не прыляцела – не скажам.
Тут цікава параўнаць гэты факт з такімі прыслоўямі: калі-ні-калі, дзе-ня-дзе, як-ні-як і інш.
7. Вінавальны-клічны. Здараецца, хоць і вельмі рэдка, у ролі простага дапаўненьня вінавальнага склону клічная форма, напр.: Яшчар паночку, аддай мой вяночку.
Гэта аб’ясьняецца не ўплывам вершу, а тым, што вінавальны склон у некаторых разох, як мы бачылі, падобен да назоўнага, а назоўны склон цяпер часта стаіць на месцы клічнага, а дзве велічыні, роўныя паасобку трэцяй, роўныя паміж сабой. Значыць, калі форма назоўнага склону можа выступаць у ролі дапаўненьня вінавальнага склону, то й клічная форма пры патрэбе можа стаць простым дапаўненьнем вінавальнага склону.
Разумеецца, ў прыведзеным прыкладзе форма “вяночку” пастаўлена дзеля рыфмы, але тут цікава тое, што мова дапускае дапаўненьне ў форме клічнага склону, бо зрыфмаваць можна было бы й так: паночак-вяночак.
8. Аб другім вінавальным гаварылася ўжо вышэй (бач ІІ. Дзеяпрыслоўнікі).
2. Родны склон.
Родны склон можа стаяць пры дзеясловах (хачу хлеба), пры назоўніках (кусок хлеба) і пры некаторых прыслоўях (шмат грошаў, многа гора). Гэта значыць, што форма роднага склону залежыць альбо ад дзеяслова, альбо ад прыназоўніка, а часам ад прыслоўя.
1. Родны прыналежнасьці. Сюды належаць такія звароты ў мове: “хата бацькі, хустка маткі, творы Коласа, творы Купалы, тэорыя Дарвіна, табліца Лінэя, гняздо птушкі” і так далей. У ткіх зваротах родны склон называе ттой прадмет, або тую асобу, што ім прыналежыць нешта; тут прыналежнасьць выражаецца назоўнікам у форме роднага склону.
Але ў беларускай мове такія звароты з родным прыналежнасьці хоць трапляюцца, але вельмі й вельмі рэдка. Вучоныя кажуць, што гэта нават не славянскія звароты. У беларускай мове прыналежнасьць найчасьцей і звычайна выражаецца прыметнікам, напр.: бацькава хата, матчына хустка, птушынае гняздо, Пётрава шапка, Вольчына стужка, хлопцава кніжка, а адгэтуль ужо трэба казаць: Дарвінава тэорыя, Лінэева табліца, Ньютонаў біном, Коласавы ці Купалавы творы і т. далей. Прыклады з народнай мовы:
Ганульчыны ўборы, да не Ганульчыны ўклоны. Чую, чую,— ня мамчыным голасам пяеш! Васілёвага сына забілі на вайне. Прыехалі на цесьцяў двор. Бацькава даравньне – на сьняданьне, а матчына – на абед. Пашла замуж на кавалёвага сына. Барсукова гара. Кірылава магіла. Матчын дар. Музыкава доля.
З гэтых прыметнікаў прыналежнасьці вытварыліся з часам назовы пераважнай большасьці нашых гарадоў: Барысаў, Мсьціслаў, Слуцак, Полацк, Даўгінаў, Друцак, Пінск, Віцебск, Смаленск, менск і шмат іншых. Даўней гэтыя назовы-прыметнікі ўжываліся з словам “горад” або “места”: Барысаў горад, места Пінска (о), Пінскі горад. Але гэтыя словы паступова забыліся, або не называліся, і даўнейшыя прыналежныя прыметнікі абярнуліся ў назоўнікі (существительные).
Родны прыналежнасьці, г. значыць назоўнік, а ня прыметнік, можна ўжываць толькі ў тых разох, калі ён паўтараецца: творы Коласа, Купалы, Багдановіча, Ядвігіна Ш., Гаруна і т. далей, або калі асабовая назва дае ў прыметніку цяжкую форму (Дуніна-Марцінкевічавы творы), хоць можа быць і так: Ядвігінавы Ш. творы.
Родны прыналежнасьці заўсёды будзе тады, калі перад ім стаіць ужо прыметнік, або ўласнае імя асобы, напр.: творы вялікага Дарвіна, поэзія Якуба Коласа, Комуністычны Маніфэст Караля Маркса і т. далей.
У народнай мове сустракаецца часам родны прыналежнасьці і ў такіх зваротах: Добрага бацькі дзеці. Дурні вы ня нашага бога. Гэты родны падобен да роднага прыналежнасьці, але ён азначае якасьць прадмета часовую або пастаянную, пры ім заўсёды стаіць прыметнік або назоўнік лічэбны, напр.:
Чалавек высокага росту. Мужчына лет можа сараку. Надзенеш ты боты нямецкай работы. На ім боты сьвіное работы, на ім кажух з рыжых цялух. Алёнка добрага роду, зьняважыла нам роду, а пакрасіла два двары: адзін дварочак сьвякраткін, а другі дварок таткін.
2. Родны об'ектыўны й суб'ектыўны. Сюды належаць такія звароты з родным склонам: забойства бацькі, страх сьмерці, жаль увагі ня мае, а далей— жыцьцё расьліны, цела чалавека, утварэньне клеткі, адход цягніка, спосабы барацьбы з сухотамі і іншыя.
Гэтыя апошнія звароты з родным склонам мала адпавядаюць сынтаксу беларускае мовы: іх лепш замяніць, дзе гэта можна, зваротамі з прыметнікамі або апісовымі зваротамі, напр.: расьліннае жыцьцё, чалавечае цела, як гадаваць скаціну (замест «гадоўля скаціны»), як бароцца з сухотамі і т. далей.
Замест таго, каб паставіць гэты родны склон пасьля дзеяслоўнага назоўніка на «ньне» (чытаньне кнігі), лепш ставіць звароты з дзеяпрыслоўнікамі— гэта больш адпавядае духу нашае мовы, напрыклад: замест «пры чытаньні кнігі»— «чытаючы кнігу»; замест «па сканчэньню дасьледзін»— «скончыўшы дасьледзіны».
Але нашая мова ня любіць толькі злучаць дзеяслоўных назоўнікаў з «пры», «па», «для», а з прыназоўнікамі «на», «за» яны злучаюцца вельмі часта, але ў іншых зваротах, напр.:
Пазычаньне на неадданьне. Залаты персьцень— то на мяняньне, пярловы вяночак— то на вянчаньне, шаўковы платочак— то на ўціраньне. За яго панаваньне (заміж «пры яго панаваньні»). Бач. інфінітывы з «на».
Разумеецца, калі падмена роднага склону прыметнікам зьмяняе значэньне звароту, то такое падмены быць ня можа, напр.: «мова поэзіі— поэтычная мова», «значэньне падобнасьці— падобнае значэньне» і т. далей.
Калі родны склон выражае азначэньне таго прадмета, пры якім стаіць, а падмена яго прыметнікам выражае шырэйшае паняцьце, то такі родны склон азначэньня можна абмінуць з прыназоўнікамі «на», «у», напрыкл.:
Гарады Беларусі— гарады ў Беларусі (беларускія гарады— шырэйшае паняцьце); пачуцьце чалавека— пачуцьце ў чалавека; замест «Полацкі павет Віцебшчыны», трэба сказаць: «Полацкі павет на Віцебшчыне»; «насяленьне Польшчы й Беларусі»— «насяленьне ў Польшчы й Беларусі» і т. далей.
У літаратурна-навуковай мове нельга, разумеецца, зусім абмінуць роднага склону суб'ектыўнага й об'ектыўнага, але ў мове прыгожага пісьменства зрабіць гэта можна й трэба.
3. Родны склон часу. Аб гэтым гаварылася ўжо вышэй (бач. вінавальны склон часу); тут трэба дадаць яшчэ, што звароты з родным склонам на азначэньне часу ня маюць пэўнага часоўнага характару ў выражэньні мінуласьці, цяперашнасьці ці прышласьці (наступнага, «будучага» часу), напр.:
Спарадзіла яна сына цёмнае ночы (замест «у цёмную ноч»). Вядзі мяне, тапі мяне цёмнае ночы.
Беларускія звароты з родным склонам часу маюць неазначальны характар, а выражэньне часу вінавальным склонам з прыназоўнікам «ў» мае больш сьціслы характар, напр.: Браў мяне ты ў дзень, ні ў ночы— дзе-ж тады меў свае вочы?
Выражэньне часу родным склонам з характарам прамінуласьці ў звароце з прыназоўнікам «за», напр.:
За караля Саса было хлеба й мяса, а настаў Панятоўскі, стаў хлеб не такоўскі. За жыцьця яшчэ адпісаў яму сваё дабро. Не за нас гэта пачалося, не за нас і перастане.
Але гэты родны часу так цесна зьліўся з вінавальным часу з прыназоўнікам «за», што лепш тут вінавальны склон часу, як:
Гэта было яшчэ за прыгон, за паншчыну, за палякоў. За восень трэба ўправіцца. За нагоду трэба ўправіцца з сенам. Каб добра спажывалі да за год прычакалі.
Вінавальны часу з прыназоўнікам «за» ўжываецца поплеч з прыладным (творительным) часу з гэтым прыназоўнікам, напр.:
За гэтым каралём нос можна ўцерці й рукавом. За нагодаю трэба ўправіцца з сенам. Гэта было за прыгонам, за паншчынай. За царом Мікалаем служылі 25 год. Не за намі гэта сталася, не за намі й перастане.
Калі вінавальным склонам з прыназоўнікам «за» выражаецца пэўная мера часу, то ён зваротам з прыладным склонам не падмяняецца, напр.: за год, за дзень, за ноч, за зіму, за лета і т. далей.
Вінавальны склон часу з прыназоўнікам «у» таксама можа ў некаторых разох падмяняцца прыладным склонам, але без прыназоўніка, напр.: шчасьліваю гадзінаю замест «у шчасьлівую гадзіну». Цьвіце рожа пры дарозе чырвоненькім цьветам— ехаў казак да дзяўчыны бялюсенькім сьветам.
Адгэтуль маем такія прыслоўі ў форме прыладнага склону: вясною, зімою, леткам, ноччу. (Што ты знаеш, ноччу радзіўшыся?); а поплеч з гэтым ужываецца і вінавальны склон часу з «у», напр.: у дзень, у ночы (Браў мяне ты ў дзень, ня ў ночы— дзе-ж тады меў свае вочы?), у летку, у восень, у зімку. (Пакажэце мне тую кветку, што цьвіце зімой і ў летку), а часам ставяць нават прыназоўнік «у» з прыладным склонам часу, напр.: увясною, узімою, як у восень, у ночы і т. далей.
Ёсьць яшчэ шмат зваротаў з ускоснымі склонамі на выражэньне часу (бач. VІ. Прыназоўнікі). Часовыя звароты належаць да тых моўных фактаў, дзе тонкасьці граматычныя пераходзяць у тонкасьці стылістычныя (Пакажэце мне такую кветку, што расьце зімой і ў летку), дзеля гэтага трудна правілам разьмежаваць, калі каторы зварот ужываецца.
4. Родны поклічу. Сюды належаць такія звароты: Дык ён тады ходу! Едзь, сынку,— такое бяды! Такое бяды! Найму сакала. Ці-ж гэта праўды было? Ой, ня праўдачкі гэта. Ня праўдачкі сказалі.
Родны поклічу ставіцца замест назоўнага або вінавальнага склону.
5. Родны часьці. Ён залежыць ад іменьнікаў: Пражыў ён веку сто год.
Гэты склон, хоць вельмі рэдка, сустракаецца нават пры параўнальнай ступені, напр.:
Скланю я галоўку ніжэй вас. Цёмна, цёмна на дварэ, цямней таго за дваром. Рана, рана сонца ўставала,— раней таго пава лятала. Ой рана, рана трое курэй пела, раней таго вароты скрыпелі.
Тут родны склон выражан займеньнікам «той», калі-ж у такіх разох павінен стаяць іменьнік, то ў беларускай мове параўнальнасьць выражаецца родным склонам з прыназоўнікамі «за», «ад», «над», напр.:
Ён старэйшы за яе. Няма зьвера дужэйшага за лева. Яго ручанькі гарачэй ад агню. Няма горшага ката над нашага брата: ён-жа маю косаньку распусьціў, ён-жа мяне маладзеньку ня ўзьлюбіў (з вясельнае песьні). Сядзь сабе бліжэй за ўсіх, будзе табе мілей ад усіх.
6. Родны склон з дзеясловамі: глядзець, пільнаваць, сьцерагчы, даглядаць, хаваць і іншых, напр.:
Пільнуй, сватку, парадку! Даглядае саду. Папільнуй дзяўчынкі, каб яна ня скінулася. Не паслухаў мае рады, дык цяпер рабі, як сам знаеш. Устань, стары, устань, абач маяго цела: да ўжо маё цела крывёю скіпела. Пашый, дзеванька, шырокія рукавы, што-б было дзе класьці нявіннае славы.
З дзеясловамі: вучыць, вучыцца, навучыцца, слухаць, напр.:
Навучайцеся муштру добрага. Лепей дома цэпам бухаць, як на вайне муштраў слухаць. Трэба яго розуму навучаць. Не даюць мне веры (расейск. «не верят мне»). Пусьці, пусьці, маці, гуселек паслухаць і песенек наўчыцца! Ня пушчу, дзіцятка, гуселек слухаць і песенек вучыцца: тыя цябе гуселькі маладу з ума зьвядуць.
Але пры гэтых дзеясловах можа быць і давальны склон, напр.:
Будзем сына пісьму вучыць, а дачушку шоўкам шыць. Ты рады просіш? Вот табе мая рада: ня трымай дзяцей пры сабе, бо сьпесьцяцца, разгультаюцца, а аддай іх лепей у навуку: кола людзей патруцца— рабоце навучацца. Аддалі вучыцца кавальству— прыбыльная работа; аддалі вучыцца сталярству, бандарству— дзятлы к бандарству здольны (з казкі).
Адгэтуль ужо прыслоўі ў форме давальнага склону прыметніка з «па», напр.:
Паруску, папольску, панямецку, пагультайску, часам у поўнай прыметнікавай форме: пакашачаму, пачалавечаму. Што за панове, што за сватове— паруску, ходзяць, папольску мовяць? Гэты Марцін Глінскі навучыўся гаварыць пакашачаму, а кот навучыўся гаварыць пачалавечаму (з казкі).
Ёсьць прыслоўе з «па» ў форме роднага склону: палатыні. Такім парадкам пабеларуску можна сказаць:
«І чужому навучайцеся, і свайго не цурайцеся». «Вучыцца беларускае мовы» (родны скл.) і— «вучыцца беларускай мове» (давальны склон).
7. Родны аддаленьня пры дзеясловах: выракацца, цурацца, ухіляцца, баяцца і іншых, блізкіх з імі сваім значэньнем, напр.:
Хоць і надзеў жупан, але ня цурайся сьвіткі. Выракся мяне айцец, выраклася й маці роднага дзіцяці. Выракаецца свайго слова, сваіх слоў. Не зракайся ты мяне да прыбудзь ты ка мне. Адрокся бацькі.
Але такі родны аддаленьня найчасьцей ужываецца з прыназоўнікам «ад», напр.:
Ня ўхіляйся ад работы. Адрокся ад свайго бацькі й маці. Ледзьве схаваліся ад ваўкоў.
8. Формы роднага склону множ. ліку. У нашай літаратурнай мове вельмі часта ставяць іменьнікі жаночага й ніякага роду множнага ліку з канчаткамі “аў, -яў” (пад націскам “-оў, -ёў”). Гэта канчатак мужчынскага роду множнага ліку. Назоўнікі йменныя, або йменьнікі (существительные именные), жаночага і ніякага роду множнага ліку ў родным склоне маюць форму голае асновы, г. зн. яны ня маюць ніякага канчатку (кніг, рук, ног, нянек, шапак, зямель і т. далей) і толькі ў рэдкіх выпадках прыймаюць канчаткі муж. роду “-аў, -яў”, і наадварот, іменьнікі муж. роду множн. ліку ў родн. склоне толькі ў рэдкіх выпадках маюць форму голай асновы (дзён, пяць год). Трэба яшчэ ведаць, што фанэтыка беларускае мовы вымагае, што калі аснова йменьніка жаноч. ці ніякага роду канчаецца на два (можа быць і больш) зычных гукі, то ў родным склоне множн. ліку гэтыя зычныя разьбіваюцца галоснымі гукамі, каб лягчэй было вымаўляць, напр.: зямель замест земль, песень замест песьнь сясьцёр замест сёстр, вокан замест вокн, вядзёр замест вёдр і так далей.
Народная мова бадай-што ніколі ня ўжывае гэтых іменьнікаў у родным склоне з канчаткамі, а заўсёды знаходзім адну голую аснову, напр.:
З сямі поль пшанічанька, з васьмі крыніц вадзічанька, дзевяці кароў масла і яек паўтараста. А з суботы да нядзелі – гадзіна, – сабралася нявесьціна радзіна; зьнясьлі, зьвязьлі сем коп яец, сем фасак масла да на каравай. Іграй, дудачка, з сёл да сёл, каб мой міленькі быў вясёл. Сама-ж я ня знаю, што ў гэтым караваю: сямі поль пшанічанька, сямі рэк вадзічанька, дзесяці кароў масла, да яец паўтараста. У мяне баліць галоўка трэці дзень: ня відзела Іванькі сем нядзель. Пілі-пілі ў панядзелак, а прапілі сорак дзевак; пілі-пілі ў аўторак, а прапілі сорак жонак. Лятала стада курапат (ад “курапата”) па полю.
У мужчыньскім родзе заўсёды знаходзім родны склон з канчаткам:
Ехала казакоў сем палкоў. Сем хунтаў шафрану – к караваю прыправу. Я й да конікаў канюх, я й да статачак (ніякі род) пастух, я й да вутачак (жаноч. род) стралец, я й да дзевак маладзец.
9. Прыметнікі ў родным склоне. Пры лічэбніках “два”, “тры”, “чатыры” знаходзім родны склон іменьніка адзіночн. ліку ці назоўны множн. ліку з прыметнікам у родным склоне множн. ліку, напр.:
Зрабіў дзве труны каменных. У Андрэйкі два брацейкі родненькіх. Запражы, братка, тры кані сваіх. Тры месяцы ясных – тры малойцы красных.
10. Лічэбнікі ў родным склоне. У беларускай мове назоўнікі лічэбныя, пачынаючы з 2 і канчаючы 99, калі ім прыходзіцца злучацца з назовамі асобы чалавека, склагняюцца так, як паказана ў “Граматыцы для школ” Б. Тарашкевіча:
1. назоўны – вінав.: тры, пяць, дзесяць.
2. родны – він. – месн.: трох, пяцёх, дзесяцёх.
3. давальны: тром, пяцём, дзесяцём.
4. творны (прыладны): трыма, пяцьма, дзесяцьма.
Такое скланеньне бывае ў тых разох, калі гэтым лічэбнікам прыходзіцца злучацца з назоўнікамі йменнымі, што азначаюць прадметы жывыя, асабліва – асобу чалавека, напр.: адзін на дзесяцёх не запаможашся; пяцёх гаспадароў, пяцёх гусянят. Але калі назоўнікам лічэбным прыходзіцца злучацца з назовамі іншых прадметаў, то яны скланяюцца так, як у старой славянскай мове (як у расійскай літаратурнай мове).
У старой славянскай мове лічэбнікі, пачынаючы з 5 і да 99, скланяліся, як “косьць” ці “сьмерць”, г. зн. як сучасныя назоўнікі йменныя жаноч. роду з асноваю на зычны, бо яны былі назоўнікамі жаноч. роду, што відаць з старое беларускае літаратурнае мовы, напр.: тую пяць рублёў, усю тую дваццаць тысяч, тую пяцьдзесят коп грошаў, пашлі другія сем (прыклады ўзяты з “Белар.” т. ІІ, 2, стр. 329).
Пнд, 25 студзеня 2010
Беларуская мова