Я. Лёсік. НЕКАТОРЫЯ ЎВАГІ ДА БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ МОВЫ (VI— VIII)

Сер, 27 студзеня 2010

Беларуская мова

Цэтлікі: дапаўненні, прыназоўнікі, прыслоўі

Катэгорыі: Беларуская мова

VI. Дапаўненьні з прыназоўнікамі

Вышэй ужо зазначалася, што ў дапаўненьнях з прыназоўнікамі (складаыя дапаўненьні) разглядаецца ня форма таго склону, пры якім стаіць прыназоўнік, а значэньне самога прыназоўніка. Тут выясьняюцца адценьні ў сэнсе, што надаюцца таму ці іншаму склону тым ці іншым прыназоўнікам.

Разумеецца, тут, як і вышэй, можна затрымацца на значэньні некаторых толькі прыназоўнікаў, што маюць практычны характар, каб выясьніць іх сапраўднае значэньне і правільнае ўжываньне ў разгаворнай і пісьменнай мове.

1. Прыназоўнікі аб, а. Прыназоўнік “аб” злучаецца з месным склонам і вінавальным склонам. Трапляецца злучэньне гэтага прыназоўніка й з давальным склонам. Розьніцы ў значэньні “аб” і “а” няма ніякой, толькі прыназоўнік “аб” часьцей ужываецца.  

1) З месным склонам прыназоўнік “аб” злучаецца ў значэньні “кругом чаго”, або “навокала чаго”, але ў прасторавым значэньні цяпер ня ўжываецца, апроч абазначэньня часу. У пераносным сэнсе месны склон, а часам і давальны, ставіцца для паказаньня на прадмет разгавору. Напрыклад:

а) для абазначэньня прадмета мовы, разгавору; Ведама, з гульні толькі аб бабах (а бабах) і думае. Баязьлівага й думка аб волку палохае. А той зусім ня ведаў аб гэтым зладзействе. Расказаў яму казку аб вельмі разумным хлопцу. З радасьці забыўся аб тым лычку. Пайдзі і даведайся аб гэтай прычыне. Раскажы там аба мне, аб нас. Аб чым тут уздумаць? Той даў яму грошаў і аб тым разышліся. Не, чалавечку, не аб тым цябе пытаю. А гаспадар аб нічым ня ведаў, што там такое. Казка аб ксяндзу, аб папу, аб рыцару, аб мярцу. Ня дбайце аб нас,— мы не галодныя. А пустаце гаворым! Ясны месяц высока – айцец-маці далёка, а брацейка на вайне – ня думае аба мне. Ці буду твая, ці не – ня тужы, сэрца, аба мне. А той усё спаў і а белым сьвеце ніога ня ведаў. Захацелася яму аб сваёй патрэбе. Пагаварым а прыгодзе.

Форма давальнага ў гэтайпазіцыі аб’ясняецца тым, што назоўнікі йменныя жаноч. роду адзіночнага ліку заўсёды аднолькавыя з месным склонам; па падабенству з імі вельмі часта мужчын. род ставіцца ў давальным склоне, хоць прыметнік-азначэньне стаіць у месным склоне (казка аб разумным хлопцу, аб дурным папу).

Пры “мне” прыназоўнік “аб” заўсёды стаіць у форме “аба”: Ня думай аба мне. У песьнях, дзеля вершу, можа стаяць “а”:

б) для абазначэньня часу: Аб Пятры на Дняпры Дунай замёрз. Прачнулася мачыха аб поўначы. І жылі там людзі ў ласцы, у згодзе; увесь дзянёчак гаварылі, працавалі, а аб ночы спачывалі.  Заўтра, аб гэтай пары. Дзела было аб восені. Аб ночы пашоў цёплы дожджык. Жджы мяне, маці, аб зялёным сьвяце. Усіх, каго а сюм сьвеце знаў, усіх успомніў.

2) Вінавальны склон пасьля “аб” ужываецца:

а) таксама для абазначэньня прадмета мовы, разгавору, напр.:

На вуліцы хлопцы гуляюць, аб мяне, маладу, гукаюць. Бадай таму тры леты хварэці, хто судзіць і гаворыць аб чужыя дзеці! А капейку нечага спорыць! А сваё кожан стаіць. Падышлі да нас ды зноў аб дарогу пытаюць. Давай закладзёмся аб тры шчаўчкі. Збаяў байку аб лася – вот і байка ўся. Яна яму расказала аб сваё дзела. Пад сакрэтам расказаў жонцы аб сакала. Сабраліся мужыкі ды гавораць аб жанкі. Шэры гусі ляцелі аб ягадкі гаварылі. Хлеб я маю, аб солі ня дбаю. Ня сходзяцца аб цану. Пытае аб сваю згубу.  

б) для абазначэньня прадлогу, прычыны, мэты, спосабу дзеяньня:

Аб раз зьбегаю (зн. у момант зьбегаю). Аб адну сэрца баліць. Аб што ты прышоў? А капейку ня варта спорыць! Запрысягаўся мне аб гэтую рэч. Ішло ў іх аб некую рэч.

в) Мы бачылі вышэй, што пры займеньніку “мне” прыназоўнік “аб” стаіць у форме “аба” (аба мне), каб ухіліцца ад немілагучнага зьбегу (злучэньня) трох зычных (аб мне). Пры займеньніку “што” часта ставіцца складаны прыназоўнік “абво”, напр.:

Абво-шта ты выцяўся (ударыўся)? Абво-шта ў вас тут спор? Абво-шта закладзёмся?

Абодва гэтыя прыназоўнікі злажыліся аб+а(о); пры займеньніку “мне” знаходзім “аба”, бо тут націск прыходзіцца на займеньнік, і другая частка прыназоўніка (о) пераходзіць на “а”. Пры займеньніку “што” бывае наадварот: тут на прыназоўнік “о” прыходзіцца націск і ён злучаецца з “аб” з прыдыханьнем “в”, бо націскное “о”, стоячы на пачатку складу, заўсёды прымае прыдыханьне “в”. Такім спосабам вытварыўся прыназоўнік “абво” які мае ўжо памоцненае значэньне. Стоячы заўсёды пры займеньніку “што” без канкрэтнага зьместу, прыназоўнік “абво” выражае ўвесь зьмест сказу: Абво што ў вас тут спор? Доўга ён думаў, покі дагадаўся, абво што ў іх гутарка йшла.

г) вінавальны склон з “аб”, “а (о)” для выражэньня часу: Аб ноч вярнуўся дадому. А тры дні вярнуўся. Паміраюць людзі з голаду, бы аб восень мухі. У прасторавым значэньні прыназоўнік “аб” злучаецца з вінавальным склонам для абазначэньня сумежнасьці, граніцы дзеяньня, напр.: Ці саву аб пень, ці пень аб саву –  усё саве баліць. Пад націскам прыназоўнік “аб” знаходзім у форме “воб”, напр.: за валасы ды воб землю!

2. Прыназоўнікі для, дзеля. Гэта два розных сваім паходжаньнем прыназоўнікі часта сустракаюцца ў форме “ля”, “лі” і нават у некаторых (не літаратурных) гутарках у відзе “зьле”, дзе “д” з фонэтычных прычын падмянілася гукам “з”, а гук “е” ў канцы мог вытварыцца з ненаціскнога “я” або па аналёгіі з “по-дле”. Абодва яны злучаюцца толькі з родным склонам – “для” для выражэньня мэты дзеяньня на чыю-небудзь карысьць або шкоду, а “дзеля” выражае больш прычыннасьць з значэньнем ц. -славянскага “ради”; у рэдкіх выпадках значэньне гэтых прыназоўнікаў супадае.

У нашай літаратурнай мове можна заўважыць тэндэнцыю падмяняць прыназоўнік “для” прыназоўнікам “дзеля”, а часам “дзеля” ставіцца там, дзе ён зусім стаяць ня можа, як, прыкладам, у такой канструкцыі: “Сшытак дзеля дыктоўкі” замест “сшытак на дыктоўкі”. Падмену прыназоўніка “для” прыназоўнікам “дзеля” можна аб’ясьніць сабе незнаёмствам з фактамі роднае мовы; мабыць некаторыя думаюць, што ў беларускай мове зусім няма прыназоўніка “для”.

а) Прыназоўнік “дзеля” з значэньнем расійскага “из-за”, “ради”:  

Па канец сталу нвстаялася, ўсім піцюхны надавалася: і старому і малому, і роўнаму і няроўнаму; старому дзеля старасьці, малому дзеля маласьці, роўнаму дзеля роўнасьці, а нялюбаму дзеля любасьці. Дзеля дружбы цыган павесіўся. Дзеля сына я двару вярнуся. Дзеля свайго ўсё зробіш. Сын вярнуўся дзеля бацькі. А потым і гаварыц ня мог дзеля дыму. Я ведаю, дзеля чаго ты мяне пытаешся: дзеля таго, мусіць, што-б толькі пасьмяяцца.

б) Прыназоўнік “для”:

Для друга няма круга. Дай нам, браце, чырван злоты, бо мы жалі для ахвоты. Нарэзала многа курэй і гусей для сваіх для любых гасьцей. Ня плач, дзеўча, ня плач, сэрца, не клапаці ты галованькі: вазьму цябе, не пакіну для людзкой пагаворанькі. Ляцелі гусанькі цераз сад, крыкнулі-гукнулі на ўвесь сад: час табе, дзеванька, на пасад! Што-ж вам, гусанькі, да таго? Ёсьць у мяне ойченька для таго. Што ня можа ўтаіцца, як у мяшку шыла? Можна скора дагадацца, што для каго міла. Гэта кветка не для твайго носу.

в) У некаторых разох прыназоўнікі “дзеля”, “для” супадаюць, а часам сустракаюцца поплеч у вадным сказе, напр.:

Хлеба-солі не шкадуй добраму дзеля (для) добрасьці, а злому для злосьці. Для сораму дзеля.

3. Прыназоўнікі “да”, “к”. Вельмі часта ў нашай літаратурнай мове прыназоўнік “да” (пад націскам – до) ставіцца там, дзе ў народнай мове стаіць прыназоўнік “к”. У народнай мове “к” ставіцца ў тых разох, калі трэба паказаць на кірунак або на час (сьвята); у іншых выпадках ставіцца прыназоўнік “да”. Такога падзелу трэба трымацца і ў літаратурнай мове.

а) Прыклады на прыназоўнік “к”:

Прыбралі ў хаце к вялікаму сьвяту. Сястра к брату ў госьці ехала. Брат к сястрыцы ліст па лісту піша. Кукавала зязюлечка ў садочку, прылажыўшы галоўку к лісточку. К поўдню стала хмурыцца. Месяц узыходзіць – па вячорках ходзіць, а к беламу сьвету да мяне прыходзіць. Чакалі яго к калядам, а ён і на каляды не прыехаў. Закалолі сьвіньню к калядам. Зьбірайся род к роду! Гатавала дзеванька вячэру – ждала к сабе сужанька ў нядзелю. Наехалі к нам госьці. Прывязаў коніка к плоту. Панаехала мужыкоў-чужакоў к нам на двор, стукаюць-грукаюць на дварэ, дзверы ломяць яны ў хату к табе (Зь вясельнае песьни).

б) Прыназоўнік “да” (до) злучаецца з родным склонам ды абазначае граніцу, да каторай даходзіць дзеяньне ў прасторы ці ў часе; як відаць з прыкладаў, “к” можа злучацца толькі з давальным склонам ды абазначае кірунак і час (сьвята), мэту, дзеля якой адбываецца дзеяньне (ломяць дзверы к табе) або такі прадмет ці стан, куды накірована дзеяньне. Часам прыназоўнік “да” можа стаяць на месцы “к”, але ніколі не ставіцца ў часоўнай позыцыі такой конструкцыі: к поўдню, к сьвятам; яна шые, вышывае і к вясельлейку сьпяшае; яна шые і гаптуе і к вясельлейку гатуе. У апошніх двух прыкладах выражаецца мэта дзеяньня, дзе таксама заўсёды стаіць прыназоўнік “к”.

Прыклады на прыназоўнік “да”:

Схіляйся, вярба, з верху да долу! Што-ж вам, гусанькі, да таго? Ёсьць у мяне брацейка для таго. У цябе, Анэтка, матак многа – роднае ніводнае; ёсьць каму весяліціся, да няма каму журыціся; ёсць каму піці, есьці, да некаму да ладу весьці. Да работанькі ня меў ахвотанькі. Хадзіла да броду па воду. Будзем гуляці да сьвету! Прышоў да дому. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго к гаю (да гаю). Кліча казак дзяўчыну к сабе на параду.

У апошніх прыкладах “да” й “к” могуць стаяць з аднолькавым значэньнем (Клікаў к сабе і да сябе на параду). Часам прыназоўнік “да” ставіцца замест “у” з значэньнем руху ў сярэдзіну чаго-небудзь на пытаньне “куды?”, напр.: Пашоў да пакояў. Такую позыцыю прыназоўніка “да” трэба прызнаць польскім зваротам. Такія звароты з прыназоўнікам “да” часта пападаюцца ў старсьвецкай беларускай літаратурнай мове (у Скарыны, прыкладам) і мабыць даўно трапілі ў народную мову, бо і ў народнай мове, хоць і вельмі рэдка, але можна сустрэць прыназоўнік “да” з такім значэньнем. Напрыклад, калі згарыць дабро, то, каб не сказаць слова “пожар”, звычайна кажуць так: “Пашло да неба сьвечкаю”.

4. Прыназоўнік за. Гэты прыназоўнік, вельмі багаты сваім значэньнем і рознымі адценьнямі ў сэнсе, аб чым дакладна гаворыць сынтакса, сустракаецца ў беларускай мове ў вельмі цікавай позыцыі, невядомай, мабыць, нашай літаратурнай мове, бо пісьменьнікамі ня ўжываецца.    

Прыклады: Ня мала было пахопных, разалютных (скорых, бойкіх – польскія словы), а жадзен з іх на тую купіну, за вялікаю валною на вадзе, дастацца ня мог (Казка Федароўскага, т. ІІ, ч. І). Ехаў ён, ехаў ды, за парадаю свайго каня , заехаў у велькае месца (адтуль-жа).

Гэткімі зваротамі з прыназоўнікам “за” лёгка перадаюцца такія штучныя расійскія звароты: вследствие чего, по совету кого.              

5. Прыназоўнікі проці(ў), супраць-супраціў. Апроч свайго звычайнага значэньня, гэтыя прыназоўнікі цікавыя тым, што могуць перадаваць расійскія прыназоўнікавыя звароты: «по сравнению», «сравнительно с чем», якія сучасная беларуская літаратурная мова перакладае так: «у параўнаньню з...», «параўнальна з...». Гэта зусім не беларускія звароты. Дзе гэта можна, то пабеларуску трэба казаць так:

Што ты значыш супраць (ці— супраціў) мяне? Менск супраць Вільні— мястэчка, а ня горад. Проціў яго ён яшчэ блазан. Проці яго ты нішто. Горшую проці мяне ўзяў.

Часам зваротам з прыназоўнікам «проці» можна выразіць час, што парасейску перадаецца словам «накануне», напр.:

Заручылі дзеўку проці панядзелку. Проці пятніцы ня можна шлюб браць. Не скажу проці ночы, а то яшчэ прысьніцца. Узяў ды выбраўся проці ночы ў дарогу. Проці новага лета песенька сьпета.

6.      Прыназоўнікі пра, праз. Прыназоўнік “пра” злучаецца з вінавальным склонам у значэньні “пра што” ці “пра каго” гутарка, як і прыназоўнік “аб” , напр.:

Пра воўка памоўка, а воўк тут. Пра адны дрожджы не гавораць трожджы (некалькі раз, трэйчы). А пра зямлю й забыўся. 

Гэты прыназоўнік ужываецца яшчэ ў значэньні “для”, “на”, напр.: Вазьмі рукавіцы пра запас. Запішы сабе пра памяць. Хавай капейку пра ліхую гадзіну. Трэба ўзяць пра запас.

Прыназоўнік “праз” злучаецца таксама з вінавальным склонам і часта ставіцца ў значэньні прыназоўніка “цераз”, прыкладам: Пераскочыў праз калоду. Праз роў была кладка. Праз лес дарога. Ня едзь праз мост, а лепей у брод.  Улез праз акно.

Апроч гэтага “праз” ставіцца для абазначэньня часу (Праз усю ноч ліў дождж), прычыны (Згінуў праз сваю нядбаласьць. Праз цябе няслава на мяне), заместа паслаць што кім: Паслаў праз вернага чалавека 

VII. Звароты з прыслоўямі

1. У нас чамусь ухіляюцца ўжываць слова “проша”, думаючы, мабыць, што гэта польскі дзеяслоў prosz?. Гэта – непаразуменьне. Беларускае слова “проша” гэта не перайначаны польскі дзеяслоў prosz? = прашу, а дзеяслоўнае прыслоўе пажадальнага характару. Такіх дзеяслоўных прыслоўяў цяперашняга часу ў беларускай мове многа, толькі яны перасталі выражаць час (цяперашні) ды абярнуліся ў звычайныя прыслоўі. У расійскай літаратурнай мове такія формы дзеяслоўных прыслоўяў цяперашн. часу ўжываюцца і цяпер: стоя, глядя, смотря, шурша і г. д. У нас такія формы сустракаюцца толькі ў песьнях, напр.:

Васіль пайшоў плача, Васіліса скача. Пеша пайду. Я ня пеша пайду, а каня запрагу. Як пайду я, маладая, па чыстаму полю, сея, расьсявая сваю горку долю. Едзе ён поле ваюя, а другое едзе хабаруе.  Выхвалялася чырвона каліна, у цёмным лесе стоя. Гэта конча трэба зрабіць.

У сучаснай жывой мове дзеяпрыслоўі на а (я) ня ўжываюцца, а тыя, што ўжываюцца, сталі звычайнымі прыслоўямі, г. зн. перасталі зьмяняцца ў часе. Да такіх прыслоўяў, што дзеяпрыслоўяў цяперашн. часу на а (я), належаць словы “проша”, а таксама – пеша, конча, наўмысьля, загадзя, спакваля, пасьля, посьля, хаця, акрамя і некат. іншыя.

Адгэтуль відаць, што прыслоўя “проша” мае сваё ўласнае, прыслоўнае значэньне і ня можа падмяняцца дзеясловам “прашу”, а тым больш, яго аніяк нельга прымаць за перайначаны польскі дзеяслоў prosz?. “Проша” – гэта беларускае прыслоўе пажадальнага характару; з гэтым значэньнем яно і ўжываецца ў нашай мове, напр.:

Можна ўвайсьці? – Проша! – А вы, каляднічкі, проша ад нас! А вы, малойчыкі, проша к нам! Проша, музыканце, перастаць іграць: будзем княгіню бослаўляць! Проша есьці! Проша за стол! Проша закусіць! Проша, слаўны гаспадару!

Калі супрацьставіць такія два сказы, як “Проша закусіць!” і “Прашу закусіць!”, то кожны заўважыць іх розьніцу. Першым сказам выражаецца просьба для другой асобы, а другім просьба для першае асобы, для самога сябе: я прашу даць мне закусіць.

Гэтага значэньня слоў “проша” і “прашу” народная мова ніколі не абагульняе, і там, дзе трэба выразіць просьбу для сябе, заўсёды стаіць дзеяслоў “прашу”, а ня прыслоўя “проша”, напр.:

Я прашу цябе, мая свацейка, з павагі,

Каб ня было майму дзіцяці зьнявагі,

Каб не стаяла ў цёмну ночку пад акном,

Каб ня ўцірала дрробных сьлёзак рукавом,

Каб ня была ей паветка за хатку,

Каб ня была ёй суседка за матку!

Калі прыслоўе “проша” ставіцца для выражэньня просьбы для самога сябе, то носіць характар уласьцівай для беларускай мовы гасьціннасьці, ветласьці, якая ня любіць зваротаў з асабовымі займеньнікамі. Напрыклад, пабеларуску лепш сказаць “Проша даць і мне!”, як “Прашу даць і мне!”.

Характар беларускіх асабовых зваротаў вымагае ўхіляцца ад асабовых займеньнікаў, калі малодшы зварачаецца да старэйшых або калі размова адбываецца паміж малазнаёмымі людзьмі. Калі той, хто гаворыць ставіцца з павагай і пашанаю да асобы-дзейніка, то граматычны дзейнік выражаецца прыметнікам займенным “ваша”, напр.: “Сваволіш, ваша! Нядобра, ваша, кажаш!” Даўней пры слове “ваша” ставіўся назоўнік іменны “міласьць”.

Да такіх слоў, як “міласьць” належаць: ягомасьць, ягамосьці, імасьць, імосьцейка, вашаць – вашэць, і нек. іншыя.  Усе яны ўжываюцца з дзеясловамі 2-ой і нават 3-яй асобы, напр.:

Што ягомасьць робіш? або – Што ягомасьць робіць. Імасьць сама ведае – ведаеш, што гэта няпраўда. Ня тое вашаць кажа – кажаш. Чаго імасьць шукае – шукаеш?

Дзеці зварачаюцца да бацькой на “вы”, хоць і не заўсёды; найчасьцей-жа дзеці зварачаюцца да старэйшых – да бацькоў, сваякоў ці знаёмых – без асабовых займеньнікаў з дзеясловамі ў 3-яй асобе, напр.:

Куды татка паедзе? Дзе тата быў? Няхай мама дасьць яму есьці (замест – Мама, дай яму есьці!).

Здараюцца звароты малодшых да старэйшых у множным ліку, напр.: Стойце, дзядзьку, не пад’яжджайце! Нават завочна кажуць: Мой тата паехалі, мая мама пашлі і г. д.

Такімі зваротамі з характарам ветласьці аб’ясьняецца вытварэньне слова “проша”, якое, як прыслоўе, служыць найлепшым выражэньнем безасабовасьці.

2. Прыслоўе зараз. Гэта прыслоўе пад уплывам расійскае мовыняправільна ўжываецца ў значэньні расійскага прыслоўя “сейчас”. Кажуць, прыкладам, так: “Зараз тут адбываецца нарада ці засяданьне”. Або – “Зараз ня маю часу”, замест “Цяпер ня маю часу”.

Расійскае прыслоўе “сейчас” мае два значэньні: 1) яно выражае безадкладнасьць дзеяньня, напр.: “Сейчас-же приду”! “Сейчас-же написал письмо и отправил . “Сейчас-же пишу письмо и несу на почту”; 2) яно мае значэньне прыслоўя “цяпер”: Сейчас я занят.

Такога падвойнага значэньня беларускае “зараз” ня мае. Яно ўжываецца толькі ў першым значэньні расійскага “сейчас”, а другое значэньне расійскага  “сейчас” перадаецца беларускім “цяпер”: Цяпер я  вольны. Цяпер адбываецца нарада (але: Зараз-жа адбудзецца нарада). Скажы, што зараз прыду (парасійску: Скажи, что сейчас приду). Дзе трэба паказаць, што што нешта адбываецца ў гэты момант, то можна сказаць так: якраз цяпер, вот цяпер.

3. Прыслоўе пагатоў. Расійскі зварот “тем более,особенно” у канцы сказу дакладна перадаецца беларускім прыслоўем “і пагатоў”, напр.:

Ён бацькі не слухае, а мяне й пагатоў. Я піва ня п’ю, а гарэлкі й пагатоў. Ня грагала варона ў гару лятучы, а ўніз і пагатоў.

4. Прыслоўі: увелькі, ушыркі і падоб. Часта кажуць: «Сукно ў два аршыны шырынёю. Калодзеж у тры сажні глыбінёю». Пабеларуску ў такіх разох лепш ставіць прыслоўі, што выражаюць меру параўнаньня, напр.:

Сабака ўвелькі з воўка. Сукно на два аршыны (локці) ушыркі. Сажа ні ўдаўжкі, а 2 локці ўшыркі.

Яшчэ кажуць удоўж, ушыр, утоўшч, углыб, ушыркі: Аршын— і ўдоўж, і ўшыр. Які ўдоўж, такі ўтоўшч.

5. Прыслоўе прыблізна. Такога прыслоўя ў беларускай мове няма; гэта нязграбны пераклад расейскага прыслоўя «приблизительно». Пабеларуску замест «прыблізна» трэба казаць так:

Гэта было гадоў з дваццаць назад. Воўк як завыў, дык туды зьбеглася ваўкоў нешта з трыццаць. У мяне было рублёў з пятнаццаць.

6. Замест расійскага “ничуть” лепш казаць “ані званьня”, напр.: Ані званьня не баліць. Няма ані званьня. Ці-ж гэта не пашкодзіць яму? – Ані званьня.

Тут дарэчы будзе сказаць, што беларуская мова вельмі багата на звароты з памацняльнымі адмоўнымі дапаможнікамі, якія перадаюць самыя тонкія адценьніпры выражэньні адмоўнасьці, напр.:

А ў тых пакоях ані жывога духу ня было. Ані сесьці, ані зьесьці. Жыла сабе баба ані гадкі. Ані-ні няма! Ані расінкі не было ў роце. А лісьцік на дрэве, травінка пад кусьцікам, каласок у полі ані скалыхнуцца. Ляжыць ваяк на купіне...

Ані труны, ані ямы,

Ані айца, ані мамы.  

Ні бацька спраўляў, ні сын носіць. Хто мяне любіць ні я таго.

7. Неабходна. Гэтае слова, як і “прыблізна”, ёсьць таксама нязграбны пераклад расійскага слова “необходимо”. Яно ўжываецца людзьмі, што думаюць парасійску і нядбала ставяцца да роднае мовы.

Расійцы слова  “необходимо” ставяць часта там, дзе яно зусім ня значыць “необходимо”. Пабеларуску слова “необходимо” перадаецца словамі “канечна трэба”, а “необходимость” – канечнасьць. Калі расіец кажа “Необходимо (нужно) выяснить этот вопрос”, то панашаму слова  “необходимо”  ў такім звароце перадаецца прыслоўным назоўнікам “трэба” або скарочаным “трэ’ ”.

 

VIII ПААСОБНЫЯ СЛОВЫ Й ЗВАРОТЫ Ў МОВЕ

1. Маецца. Часта дзеяслоў “маецца” ставяць з такім значэньнем: “На абед падаюць місачку стравы, у якой маецца паўтары бульбіны” (з газэты). Гэта – недарэчнасьць. Расійскага дзеяслова “имеется” ня можна перадаваць нашым “маецца”, бо беларускае “маецца” выражае матэрыяльны стан асобы, або стан здароўя, а ня што іншае, напр.: Як маешся? Як маецца жонка, ці здаровы дзеткі вашы? і г. д. Калі расіец кажа: “У меня имеется три тубля”, то панашаму трэба сказаць: “Я маю тры  рублі” або – “У мяне ёсьць тры рублі”.

2. Асабісты, асаблівы. У нас часта блутаюць значэньне слоў асабісты й асаблівы. “Асабісты” – гэта пэрсональны, расійскае “личный” (Гэта мая асабістая справа); “асаблівы” – гэта спэцыяльны, расійскае “особый” (кожная мова мае свае асаблівасьці).  

3. Адчыняць, зачыняць замест адкрываць, закрываць. Часта пішуць: “Курсы адчыніліся ці зачыніліся”. Тымчасам у народнай мове “адчыніць”, “зачыніць” значаць те самае, што расійскія “отворить”, “затворить”. Адчыніць ці зачыніць можна дзверы, вокны, хату, але ня курсы ці засяданьне; можна зачыніць ці адчыніць банкі, крамы, але пра курсы ці засяданьні лепш сказаць адкрыць ці закрыць, бо гэтыя словы маюць агульнейшае значэньне.

4. Вінен – вінават. Гэтыя прыметнікі ў народнай мове ўжываюцца з аднолькавым значэньнем, напр.: Ігнат не вінават, і Аўгіньня не вінна. А ці-ж я ў тым вінна? Вінават я, што ня ўзоркі?!

5. Віншаваць. Пад уплывам расійскіх зваротаў у нас кажуць: віншаваць з новым годам, з імянінамі, тымчасам у народнай мове пасьля “віншаваць”, як і пасьля “частаваць”ставіцца прыладны склон без прыназоўніка “з”, напр.: Віншую вас вянком, а вы мяне мядком. Віншую вас новым годам, новым шчасьцем.

6. Блізка таго. Гэты зварот ставіцца ў мове ў значэньні “сапраўды”, “праўдападобна”, “можа быць” і вельмі пашыраны. Можна пачуць у такіх разох: “Хмурыцца. Напэўна будзе дождж” – “Блізка таго”.

7. Ваенны, вайсковы. У расійскай мове ёсьць толькі адзін прыметнік “военный”, а беларуская мова, як і польская, мае два прыметнікі: “ваенны” й “вайсковы”. Першы выводзіцца ад слова “вайна”, а другі ад слова “войска”. Прыметнік “ваенны” проціваставіцца прыметніку “мірны”, а прыметнік “вайсковы” – прыметніку “цывільны”. Гэта зусім два асобныя прыметнікі з асобным значэньнем. Можна сказаць, напрыклад, ваеннае права і права вайсковае; ваенная дысцыпліна і дысцыпліна вайсковая, але першае стасуецца да цывільных асоб у ваенныя часы, а другое толькі да вайсковых у спакойныя, мірныя часы. Такім парадкам, пабеларуску нельга сказаць “ваенная акадэмія”, “ваенная служба”, “ваенны суд”, “ваенны доктар”, “ваенны клюб”, “ваенная музыка”; у такіх разох усюды трэба ставіць прыметнік “вайсковы”. “Вайсковыя суды” бываюць пастаянныя, а “ваенныя” – часовыя, толькі ў часе вайны, на прасторы, абнятай ваенным правам. Могуць быць, аднак, караблі, цягнікі ваенныя, г. зн., такія, што ўжываюцца толькі на вайне, у часе бітвы, але не для перавозу нават войска. Можа быць “ваенны стан”, “ваенная аблога”, “ваенны запал” і гэтым “ваенным запалам” можа захапіцца чалавек і не вайсковы, але “ваеннага чалавека” не бывае.

8. Заробак. Гэта польскае слова; пабеларуску, як і парасійску, трэба казаць заработак, напр.: Пашоў у заработкі; няма ў нас ніякіх заработкаў і г. далей.

9. Здэтонавацца – слова лацінска-францускага паходжаньня, значыць: зьбіцца з тону, або, як часта кажуць, зьбіцца з панталыку; заміж “здэтонавацца”, лепш сказаць: Зьмяшацца, анясьмеліцца, а ў гіранічным значэньні—  зьбіцца з панталыку, хоць слова “панталык” для мяне цёмнае.

10. Брудная бялізна. Так называюць часта плацьце, што мяняецца кожны тыдзень; пабеларуску трэба сказаць “чорнае плацьце”, “чорная сарочка, кашуля”, г. зн. ношаная, не памытая. “Брудная бялізна” – гэта назоў польскі.  

11. Буйны. Добры беларускі прыметнік, але ў нас часта надужываюць яго значэньнем. Прыметнік буйны (з націскам на канчатку) проціваставіцца прыметніку “дробны”. У нас, напрылад, скажуць: дробныя грошы, буйныя вішні, буйное зерня, але ня скажуць “буйны пан” у значэньні расійскага “крупный помещик”.

12. Францускі, французкі. Часта ня ведаюць, як пісаць гэтыя словы – з літараю “с” ці “з”. Яны пішуцца і так і гэтак. Правапіс гэтых слоў залежыць ад іх значэньня. “Францускі” – гэта прыметнік, і тут, як вядома з граматыкі, павінна быць “скі” , як у слове боскі, а слова “французкі” (ад “французка” – бонна, настаўніца) – гэта назоўнік іменны ў форме роднага склону, як “казкі” ад “казка”, дзе асыміляцыя на пісьме не азначаецца.

13. Гамтаць, згомтаць. Гэта дзеясловы, вытвараныя з выклічніка “гам” або “гом”. Ужываюцца яны ў значэньні: зьмяць, скамячыць паперу ці хустку, напрыклад. Могуць сказаць так: “У тваёй шуфлядзе нічога нельга знайсьці: усё там згамтана”, г. зн. зьмяшана, перавернута, у непарадку.

14. Які. Гэты прыметнік займенны часта ставіцца там, дзе ён стаяць ня можа. Напрыклад, у нас часта пішуць так: “Кніжкі, якія я ўчора купіў, вельмі цікавыя”. У такіх зваротах трэба ставіць не займеньнік “які”, а “каторы” або “што”. А калі мы скажам: “Кніжкі былі такія цікавыя, якіх я ніколі не чытаў”, то тут займеньнік “які” стаіць правільна. Трэба адрожніваць займеньнікі які й каторы, напр.: якая то кніжка і катора то кніжка? На першае пытаньне трэба адказаць: беларуская, цікавая, тоўстая, малая, падраная (г. зн. прыметнікам іменным), а на другое пытаньне трэба адказаць прыметнікам лічэбным: першая, другая і г. далей.

15. Мала таго, парасійску “сверх того”. У нас могуць сказаць: “Я зрабіў усё, што мне трэба было. Мала таго, я пасьпеў яшчэ зьбегаць дадому і вярнуцца назад”.

16. Столкі. Гэты назоўнік іменны ставіцца толькі ў множным ліку, напр.:  

Злажы хустку ў две столкі! Папера зложана была ў чатыры столкі.  Зложана ў пяць столак.

(Лёсік Я. 1921 – 1930. Збор твораў. – Мінск, 2003. – С. 148 – 156)