Г. А. Цыхун. КРЭАЛИЗАВАНЫ ПРАДУКТ (ТРАСЯНКА, ЯК АБ'ЕКТ ЛІНГВІСТЫЧНАГА ДАСЛЕДАВАННЯ)

Няд, 26 верасня 2010

Беларуская мова

Цэтлікі: соцыалінгвістыка, трасянка

Катэгорыі: Беларуская мова

Феномен трасянкі не можа не выклікаць цікавасці ў лінгвіста. Сама назва «трасянка»— гэта тэрміналагічная метафара, створаная ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Першапачатковай асновай тэрміну стала, відаць, спалучэнне «моўная трасянка», падобнае да іншых аказіянальных словазлучэнняў, што выкарыстоўваюцца для азначэння гэтага феномену ў публіцыстыцы: «моўная жвачка» («Пакажам беларусам іхнюю моўную жвачку— можа, хоць пасмяюцца над сабой», Круг, 4.04.96), «моўны гібрыд» (А.Бубала, Наша слова, 9.04.94), «моўны сурагат» (С.Законнікаў, Народная газета, 25.01.95), «моўная хімера» (В.Грыцкевіч, Наша слова, 14.07.99). Першасны сэнс слова «трасянка» многія забыліся, яно ўжо патрабуе разгорнутых тлумачэнняў, як, напрыклад, у каментары да «Трасянка-беларуска-рускага слоўніка», што пачала друкаваць у свой час праваабарончая газета «Круг»: «Тэрмін трасянка пайшоў ад назвы корму для буйнай рагатай жывёлы, гэта значыць каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з`ядае трасянку. Праўда, малака не прыбаўляе. Так і беларусы:сваёй жудаснай трасянкі не заўважаюць ні ў хаце, ні ў аўтобусе, ні ў Вярхоўным Савеце» (Круг, 4.04.96). Аб часе ўзнікнення тэрміну-метафары няма дакладных звестак, але вядома, што яшчэ ў 20-я гады Ластоўскі, наведаўшы падчас Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926 г.) Савецкую Беларусь, называў гэты феномен чаўнёй (відаць, з «чаўпня», што ад дзеяслова «чаўпсці»— гаварыць лухту, плявузгаць). Мадэллю для ўтварэння тэрміну «трасянка», мусіць, стаў адпаведны ўкраінскі тэрмін— «суржик», які азначае сумесь жыта, пшаніцы, ячменю, аўса або нізка-якасную муку з рознага збожжа. Хаця можна дапусціць і цалкам самастойнае развіццё, бо ідэя змяшэння і нізкай якасці прысутная ва ўсіх назвах аналагічных утварэнняў. Яркая эмацыйнасць метафары і дазволіла тэрміну «трасянка» замацавацца ў беларускай лінгвістыцы. Іншыя абазначэнні— «мешаніна» (Я.Мірановіч), «ламаніна» (А.Бяляцкі), «тарабаршчына» (А.Казловіч)— пры ўсёй іх экспрэсіўнасці маюць занадта агульны характар і не паддаюцца тэрміналагізацыі. Што ж уяўляе па сваёй сутнасці трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, што ўзнік шляхам механічнага змяшэння ў розных прапорцыях злементаў матэрыі і формы дзвюх моваў— расійскай і беларускай. Трасянка— гэта кантамінацыя. Тыповы прадукт кантамінацыі— крэольскія мовы, аднымі з найбольш яркіх прадстаўнікоў якіх з'яўляюцца піджыны. Аб вонкавых прычынах іх узнікнення расійскі даследчык М.Дзьячкоў у сваёй кнізе «Креольские языки», што выйшла ў Маскве ў 1987 годзе, пісаў наступнае: ,Мабыць, можна лічыць, што гвалтоўнае паняволенне адных народаў другімі, масавыя міграцыі, нераўнапраўныя адносіны між рознымі этнасамі складаюць той гістарычны фон, на якім фармуюцца піджыны". Зразумела, няма падстаў поўнасцю атаясамліваць трасянку з піджынамі ці нават крэольскімі мовамі, найперш таму, што тут ідзе гутарка аб узаемадзеянні блізкароднасных моў, у той час як пры ўтварэнні апошніх узаемадзейнічалі звы-чайна далёкія ў генетычным і тыпалагічным плане мовы. Яе можна вызначыць хутчэй як крэалізаваную мову ці, дакладней, крэалізаваны варыянт беларускай мовы. Пытанне аб моўнай базе трасянкі, здаецца, не выклікае пярэчанняў— большасць даследчыкаў лічаць яе аснову беларускай. Адзін з чытачоў газеты «Звязда» нават сцвярджае: «Яшчэ трэба дзякаваць Богу, што мы хоць і на „трасянцы“, але ўсё ж размаўляем па-беларуску» (13.06.96). Пэўныя разыходжанні ўзнікаюць пры спробах вызначыць яе лінгвістычны характар, напрыклад, пры трактоўцы трасянкі як мовы ці маўлення ў аднаго і таго ж даследчыка: «Трасянку составляет множество стихийно и по-разному организованных индивидуальных вариантов белорусской речи»,— піша мовазнаўца Ніна Мячкоўская,— і «так называемые трасянка (в белорусском) и суржик (в украинском) т.е. стихийно и по-разному русифицированные варианты национального языка». Як і кожны крэалізаваны моўны прадукт трасянка ўзнікла першапачаткова з неабходнасці падтрымання камунікацыі паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і расійскамоўным адміністрацыйна- партыйным чыноўніцтвам, што мела больш высокі грамадскі статус, з другога. Шматлікія сведчанні пра гэта абагульнена выказаў Рыгор Барадулін: «Дэкласаванае бальшавікамі сялянства разам з „класавымі“ рысамі страціла і рысы нацыянальныя. У новых умовах жыцця яно лёгка паддалося прыезджым начальнікам, якіх баіцца і ад якіх пакутуе... Так, моўнае асяроддзе разбурана, а тут яшчэ такі фактар, як гарады, якія камплектаваліся за кошт расійскіх чыноўнікаў і грамадзян» (Наша слова, 22.02.95). Вельмі каларытна апісаў канкрэтныя ўмовы, што выклікаюць «моўны канфармізм», чытач газеты «Наша Ніва» Ўладзіслаў Гарбацкі: «50-я гады. Савецка-беларуская правінцыя. Ворша. Ужо тады вясковая беларускасьць разьбівалася аб новабэтонную расейскую савецкасьць. Наіўныя беларусы хаваліся на гарадзкіх звалках ці ўцякалі назад ад кожнага выбуху агрэсіі ці проста незадаволенасьці з боку ўсялякага кшталту старшыняў, кіраўнікоў і іншых „адукаваных“ людзей. А незадаволеныя яны былі часьцяком, і асабліва прастатой і вясковай натуральнасьцю. Ці, у залежнасьці ад дрэннага настрою, „вульгарнай інтанацыяй“ беларускай мовы. Ці негарадзкой выпраўкай наведнікаў у мірыядах кабінэтаў у пошуках паперак, даведак, у пошуках паратунку. Вось тады і нарадзілася канчаткова трасянка— савецкая пачвара, якая пачала выскокваць зь беларускіх целаў, парушаных і абваропаных савецкімі экспэрымэнтамі» (19.06.2000). Значную ролю ў паскораным фармаванні трасянкі адыгралі рэпрэсіі 20-30-х гадоў, скіраваныя супроць т.зв. нацдэмаў, калі фактычна пад уздзеяннем паноўнай тады атмасферы тэрору адбываўся масавы пераход на расійскую мову беларускамоўнай часткі жыхароў гарадоў і мястэчкаў. Як сведчыць патрыярх беларускай літаратуры Максім Лужанін, «не было каму гаварыць па-беларуску, а хто ўмеў і любіў, ад страху падстройваўся пад начальства, тое— трымалася і мовы свае, і клопату свайго. Каб выслужыцца, усе мясцовыя адзін перад адным перасталі ўжываць родную мову» (Маладосць. 1994. №10). Пэўную лепту ў гэтую справу ўнесла і вайна. Вось як апісвае моўную сітуацыю ў вызваленым Менску тэатральны крытык Барыс Бур'ян: «Парадаксальна, але мне помніцца, што ў сорак чацвёртым, калі мае франтавыя пабрацімы ўваходзілі ў Мінск, беларускае слова на тым жа Суражскім рынку альбо ў натоўпе вакол прывакзальнай царквы ў гонар Казанскай іконы Маці Божай... сярод падлеткаў, якія тады— у верасні 44-га— збягаліся да ацалелых школьных будынкаў,— паўсюдна яно гучала як нешта натуральнае, звыклае, жывое. Толькі вось я (або хто паафіцэрысцей за мяне)— чалавек у вайсковым убранні— абуджаў у суразмоўніка-мінчука, здаралася, недарэчную збянтэжаную паўзу. На пэўны момант вінаватая з'яўлялася ўсмешка: маўляў, даруйце, я тут па-свойму, як мы ўжо прывыкаць пачалі пры немцах, а вы ж разумееце толькі па-руску, па-маскоўску... І чалавек лёгка пераходзіў на „простите“, „благодарю вас“, „держитесь берега Свислочи“... Па- першае, нас, прышэльцаў з Усходу, ды яшчэ вызваліцеляў, нетутэйшых, здзіўляла гатоўнасць мінчука размаўляць не па-свойму, а па-іхняму... І мне такая манера весці размову падалася не такой і выпадковай. Відаць, „яны“ тут падчас акупацыі, каб дагадзіць чужынцам-германцам, адракліся ад расійскай сутнасці і перайшлі на беларускую мову» (Полымя. 1994. №5.). Вядомы сталінскі тэзіс аб здрадніцтве ўсіх, хто быў пад акупацыяй, зноў ствараў «нераўнапраўныя адносіны між рознымі этнасамі».
У далейшым, у выніку небывалых па маштабах міграцый, у першую чаргу вяскоўцаў у горад, сфера выкарыстання трасянкі пашырылася, паколькі яна ўжо пачала ўспрымацца як абавязковы элемент гарадской моўнай сітуацыі, на якую арыентаваліся прыезджыя. У выніку, як піша рэдактар часопіса «Маладосць» Генрых Далідовіч, «вяскоўцы літаральна запаланілі нашы гарады (кажуць, нас, гэткіх, у адным Мінску болей мільёна), але не абеларусілі іх... У нашых гарадах цяпер дзве мовы: руская і абрушаная трасянка» (Літаратура і мастацтва, 31.05.96). Наяўнасць такога «дзвюхмоўя» не дала падстаў для замацавання трасянкі ў якасці асноўнага сродку зносін, бо яна нават у вачах яе носьбітаў успрымалася як «некультурная мова», нягледзячы на тое, што гарантавала высокі ўзровень моўнай інтэграцыі ў гарадскім асяроддзі. Аднак гэты ўзровень дасягаўся за кошт прымітывізацыі зыходных структур беларускай і расійскай моваў пры моўным узаемадзеянні, чым і тлумачылі непаўнавартасць трасянкі людзі, што валодаюць дзвюма (ці хаця б адной) «чыстымі» мовамі. Нягледзячы на пастаянную карэкцыю з боку гэтых носьбітаў (пераважна— расійскамоўных) шляхам высмейвання і напамінання аб вясковым паходжанні («дзярэўня»), а таксама ўздзеяння расійскага радыё, тэлебачання і школы, трасянка застаецца «самай папулярнай мовай» (Літаратура і мастацтва, 16.02.96). Як прадукт крэалізацыі яна характарызуецца малой прадказальнасцю з'яўлення ў працэсе маўлення тых або іншых элементаў кожнай з моў, якія ўзаемадзейючаюць у час самога моўнага акту. Яны залежаць ад шмат якіх фактараў, найважнейшыя з якіх— ступень асіміляцыі гаворачых і канкрэтныя ўмовы камунікацыі. Найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці, што і дае падставы большасці назіральнікаў ацэньваць маўленне як беларускае: «Але цяпер тут [у так званым прыватным сектары Менску. - Аўт.] пануе трасянка: і ў словах, і, тым больш, у вымаўленні, якое заўсёды заставалася беларускім» (Асташонак, Полымя. 1994. №11). З пункту погляду гаворачых, у тым, што яны гавораць на расійскай мове,— сумнення не можа быць. Найбольш выразнымі сведчаннямі гэтага з'яўляюцца маркіровачныя элементы (звычайна— найбольш частотныя), якія маюць, на іх думку, выключна расійскі характар. Гэта словы тыпу да, вот, іменна, эта, как і падобныя, якія з'яўляюцца ў трасянцы найбольш прадказальнымі. І наадварот, непрадказальньмі з'яўляюцца спалучэнні слоў, рэпрэзентуючых розныя моўныя сістэмы; пры гэтьм адбываюцца некантраляваныя працэсы, вядомыя ў лінгвістыцы пад назвай «змена коду» («code-switching»).
Як з'ява індывідуалізаваная, трасянка ўзнікае ў выніку стыхійнага засваення расійскай мовы непасрэдна ў працэсе моўных зносін з яе носьбітамі, а не ў працэсе паступовага арганізаванага навучання вымовы і правілаў граматыкі людзьмі, выгадаванымі ў беларускамоўньм вясковым асяроддзі. Звычайна гэта было звязана з перасяленнем у горад або раптоўным павышэннем грамадскага статусу, г.зн. зноў жа перамяшчэннем, толькі ў сацыяльным плане. Дасканалае авалоданне іншай мовай гэткім прамым метадам магчыма толькі ў вельмі раннім веку, у іншых выпадках дасягнуць яго без пастаноўкі вымаўлення, свядомага вывучэння граматычнай будовы не ўдаецца.
Недастатковаму валоданню другаснай моўнай сістэмай нярэдка спадарожнічае з'ява, якую ў амерыканскай лінгвістыцы называюць «selfhatred», пагарда і нянавісць да роднай мовы; апошнюю пачынаюць лічыць асноўнай прычынай сваёй загнанасці і нягодаў. Пры гэтым можа адбывацца разбурэнне і першаснай моўнай сістэмы, у выніку чаго становіцца немагчымым ці вельмі ўскладненым і маўленне па-беларуску. Фактычна чалавек, незалежна ад яго жадання, прадукуе толькі «трасянкавы тэкст». Носьбіты т.зв. сумешчанага двухмоўя адчуваюць, што ступень валодання кожнай з дзвюх моў не адпавядае патрэбам «раскаваных» зносін. Таму яны пазбягаюць гаварыць на пэўнай мове ў афіцыйных сферах жыцця, набываюць своеасаблівы комплекс «моўнай непаўнавартасці». Такім чынам, трасянка як бы паралізуе моўную дзейнасць індывідуума, выштурхоўвае яго за межы актыўнага грамадскага жыцця. Зрэшты, у сітуацыі, калі трасянка становіцца звыкльм сродкам зносін, губляючы свой крэалізаваны характар, што можна часта назіраць у нашых умовах, яна ператвараецца ў своеасаблівы сродак ідэнтыфікацыі або групавой салідарнасці яе носьбітаў. Неўнармаванасць трасянкі, яе аморфны і плынны характар, даюць яе носьбітам у некаторых сітуацыях падставу процістаўляць сябе як прыхільнікаў разняволення ці прагматызму ў моўнай сферы карыстальнікам літаратурнай мовы з жорсткай нормай, што патрабуе пэўных намаганняў для яе засваення. Але часцей за ўсё такі аргумент ужываецца толькі ў якасці аднаго з апраўданняў няведання беларускай літаратурнай мовы, бо суб'ектыўна большасць «трасяначнікаў» імкнецца да таго, каб іх ідэнтыфікавалі з носьбітамі расійскай мовы. Што датычыць апошніх, то іх рэакцыя на т.зв. моўныя памылкі «трасяначнікаў» у залежнасці ад культурна-гістарычных і сацыяльна- палітычных фактараў можа вагацца ад непрыхільнай варожасці праз дабрадушную іронію да абсалютнай моўнай талерантнасці. У апошнім выпадку ідэнтыфікацыя ці збліжэнне адбываецца на іншай глебе (палітычнай, ідэалагічнай, прагматычнай і г.д.), а не на моўнай (як у прыведзеным вышэй выказванні аднаго з расійскіх пісьменнікаў). Мяркуецца, што гэта— непазбежнае зло на шляху да такой ідэнтыфікацыі, якое з цягам часу будзе пераадолена ў індывідуальным парадку.
Шырокае выкарыстанне трасянкі можа істотным чынам паўплываць як на культуру расійскамоўнага, так і беларускамоўнага маўлення. Пагрозу трасянка нясе найперш для далейшага лёсу беларускай літаратурнай мовы. Стыхійны ціск на яе ці свядомае патрабаванне «не адрывацца ад жывой мовы» вядуць да разбурэння складзеных нормаў, страты свайго «аблічча» і небяспечнага збліжэння з расійскай мовай, што адразу ставіць пад сумлеў само існаванне асобнай літаратурнай мовы. Гэта добра разумелі тыя, хто ў 30-я гады справакаваў (як паказалі архіўныя матэрыялы, тут дзейнічаў добра падрыхтаваны агент) вядомае выступленне Я.Воўка-Левановіча з прапановамі аб увядзенні некаторых асаблівасцяў трасянкі ў якасці нормы ў беларускую літаратурную мову: «...16 снежня 1929 года ён выступіў у Акадэміі навук БССР з дакладам „Пра некаторыя важнейшыя недахопы беларускай літаратурнай мовы“. Даклад разам з правільнымі палажэннямі меў і шэраг памылковых. Напрыклад, аўтар абгрунтаваў неабходнасць перадачы на пісьме ва ўсіх іншамоўных словах змякчэння д і т перад галоснымі пярэдняга раду (ідзеал, інцярэсы, ліцература, мацер'я, сціль, цеатр, церміналогія) і замены ўжо прынятых у беларускай літаратурнай мове слоў рускімі адпаведнікамі (аб'яўленне, апрэль, аўгуст, гасударства, знамя, случай, срэдства, фяўраль, шчот, январ і г.д.) на той падставе, штоўмове часткі беларускага насельніцтва, асабліва гарадскога, яны ўжываюцца.
Вяртаючыся да вызначэння лінгвістычнай сутнасці трасянкі, трэба прызнаць, што датуль, дакуль у межах гэтай з'явы захоўваецца здольнасць да асіміляцыі чужых моўных структур (фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных), можна казаць пра яе беларускі характар. Паводле Барбары Шыдлоўскай-Цэглёвай, знанай даследчыцы „згаслай“ палабскай мовы, прыстасаванне сваіх слоў, перш за ўсё ў марфалагічным плане, да структуры экспансіўнай мовы ёсць сігнал пераходу на адзіны код (чужамоўны).
Застаюцца нявысветленымі ў тэарэтычным плане адносіны феномену трасянкі да тыпалагічна падобнай з'явы, выніку беларуска-польскага моўнага ўзаемадзеяння, зафіксаванага на пісьме ў знаным „Дзённіку“ Ф.Еўлашоўскага або „Дыярыюшы“ М.К.Радзівіла. На думку некаторых даследчыкаў, сюды ж адносіцца і т.зв. проста мова, на якой пісалі І.Вышанскі, З.Капысценскі, М.Сматрыцкі, П.Бярында, І.Ужэвіч і іншыя бела-руска-ўкраінскія пісьменнікі сярэднявечча. У.Свяжынскі нават сцвярджае, што мова твораў Ф.Скарыны з'яўляецца адным з ранніх выпадкаў фіксацыі беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі11. Але нам здаецца, што такое пашырэнне тэрміну „трасянка“ на пісьмовую мову не мае падстаў. Усе славянскія літаратурныя мовы, якія развіваліся ў рамках царкоўнаславянскай традыцыі, у сілу сваёй спецыфікі, якая характарызавалася пераемнасцю, спалучалі ў сабе элементы народныя з царкоўнаславянскімі. Але, незалежна ад гэтага, ім была ўласціва больш або менш выразная норма, што зусім не характэрна для трасянкі, якая— з ліку непісьмовых моў. З'яўленне ж у апошні час тэкстаў, стылізаваных пад трасянку, трэба разглядаць як мастацкі прыём, накіраваны на дасягненне пэўнага эфекту, часцей за ўсё, адмоўнай або камічнай характарыстыкі персанажа— яе носьбіта.

Літаратура:

1. Параўн. эмацыянальную ацэнку сутнасці трасянкі С.Прохаравай:»Трасянка— чудо-вищная смесь языков— не только показатель низкогокультурного уровня страны— это система формировання акультурныхлнчностей с сумятицей в душах и головах" (Аргументы и факты: Аргументыи факты в Беларусн. 1997. №38).
2. Мечковская Н.Б. Языковая ситуация в Беларуси: Этические коллизии двуязычия // Russian Linguistics. 1994. Vol.18. P.312 (перадрук артыкулу гл. у кн.: Сацыякультурная прастора мовы (сацыяльныя і культурныя аспекты вывучэння беларускай мовы). Менск, 1998). Як «прамежкавую» («intermediate») або «змяшаную» («mixed») форму маўлення разглядае трасянку К.Вулхайзер, гл.: Woolhiser C... The sociolinguistic study of language contact and bilingualism in the former Soviet Union: The case of Belarus// When East Meet West: Sociolinguistics in the Former Socialist Bloc. Ed. by Jeffrey Harlig, Csaba Pleh. Berlin, New York, 1995.
3. Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. Изд. 2-е, исправ. Москва, 1996. С.108. Некаторыя даследчыкі называюць гэты феномен «паўмовай» («semilanguage»), гл.: Gustavsson S. Belarus: A Multilingual State in Eastern Europe//Language, Minority, Migration: Yearbook 1994/1995 from the Centre for Multiethnic Research.Uppsala, 1995.
4. Н.Мячкоўская сцвярджае, што ў трасянкі, у адрозненне ад дыялекту, цалкам адсутнічае маўленчы узус, параўн.: Мечковская Н.Б. Языковая ситуация в Беларуси.
5. Выгонная Л.Ц. Псіхалінгвістычныя аспекты беларуска-рускага білінгвізму // Беларус-кая лінгвістыка. 1996. Вып.45.
6. «В октябре 1929 г. я уговорил Волк-Левоновича выступить со своим докладом в Академии о белорусском языке. Великодержавные шовинистические установки В. -Левоновича... мне были известны и ранее, но от поправок и замечаний к докладу я воздержался. После доклада В.— Левоновича я пошёл к Мамчицу и возмущённо говорил ему, как это никто не реагирует на выступление В. -Левоновича. И группа начинает действовать... В Минске распускаются слухи по поводу доклада и, конечно, от В. -Левоновича остались рожки да ножки» (Платонаў Р. Агляд настрояў; Гартаючы старонкі дакладаў «сакрэтнага супрацоўніка»// Полымя. 1994. №4.).
7. Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Менск, 1985.
8. Параўн.: Törnquist-Plewa B. Sprek och identitet i Vitryssland. Lund, 1997.
9. Szydlowska-Ceglowa B. O niektórych wyznacznikach dwujezycznosci (na przykladzie jezyków zachodnioslowianskich)// Z polskich studiów slawistycznych. Jezykoznawstwo. Warszawa,1988. S. 442.
10. Moser M. Anmerkungen zur Prosta mova // Slavia. 1995. Roc. 64. Гл. таксама: Moser M. Die polnische, ukrainische und weißrussische Interferenzschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts. Frankfurt a M., 1998.
11. Свяжынскі У. З гісторыі беларускай «трасянкі» // Наша слова. 1990. № 2.