Г. А. Цыхун. ПРА ЗАХОДНЕПАЛЕСКУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ МІКРАМОВУ (ПРАЕКТ М. ШЕЛЯГОВІЧА)

Няд, 26 верасня 2010

Мовы Еўропы

Цэтлікі: палеская мікрамова

Катэгорыі: Мовы Еўропы

Дазволю сабе пачаць з даволі вялікай цытаты са стаўшай ужо класічнай працы Пятра Бузука «Спроба лінгвістычнае геаграфіі Беларусі», якая калісьці натхніла Лешка Асоўскага на даследаванне заходнепалескіх гаворак: "Калі з якіх-небудзь прычын тэй ці іншай славянскай гутарцы (можа, нават, гутарцы якога-небудзь гораду) пашанцавала зрабіцца мовай літаратуры, а таксама мовай дзяржаўна-экономічных зносін, да яе тады пачынаюць цягацець суседнія гутаркі. Такія цэнтры аб'яднаньня маглі зьяўляцца ў розных мясцох. Разыходзячыся праменьнямі, сіла гэтых аб'яднаўчых фактараў, чым далей ад цэнтру, усё больш слабее, і нарэшце ў некаторым месцы гэта сіла павінна зраўняцца з сілай цягаценьня да іншага суседняга цэнтру. Вось тут і можна правесці граніцу паміж данымі дзьвюма мовамі.
Калі ж культурна-дзяржаўныя цэнтры ўтварыліся-б у іншых мясцох, ясна, што ў сувязі з гэтым перасунуліся-б і граніцы між мовамі. Ёсць, напр., нямала зьяў, агульных у паўдн. -беларускіх і паўн. -украінскіх дыялектах, і калі-б чамусьці цэнтр політычнай і культурнай організацыі зьявіўся-б недзе ў Палесьсі, бясспрэчна, на тэрыторыі пераходных беларуска-украінскіх гутарак утварылася-б і новая палеская мова"1.
Здаецца, што такому сцвярджэнню Пятра Бузука можна верыць, бо ён быў выдатным знаўцам як гісторыі і дыялектаў украінскай мовы, так гісторыі і лінгвістычнай геаграфіі Беларусі. Застаецца толькі дадаць, што праблема правядзення ў практычным плане мяжы паміж дзвюма мовамі да гэтага часу не вырашана, бо няма крытэрыяў, паводле якіх можна было б вызначыць лінію на карце, на якой «сілы цягаценьня» двух цэнтраў былі б роўныя. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што немагчыма вызначыць «цану» асобнай моўнай рысы; гэта дало б, у сваю чаргу, магчымасць, склаўшы і падзяліўшы «суму цэнаў» усіх (ці асноўных) моўных рысаў, устанавіць праекцыю на карту «сярэдняй велічыні». У сувязі з гэтым, імкненне прыпісаць адной якой-небудзь рысе рашаючае значэнне (напрыклад, цеканню/дзеканню, як гэта рабіў Лешак Асоўскі)2 ці арыфметычны падлік рысаў, якія звязваюць заходнепалескія гаворкі з асобнымі літаратурнымі мовамі3, не могуць вырашыць гэтую праблему, не гаворачы ўжо пра тое, што пры гэтым не ўлічваюцца палітычныя, эканамічныя, гістарычныя і іншыя экстралінгвістычныя фактары, якія істотным чынам уплываюць на распаўсюджанне тых або іншых моўных з'яў. Апошнім часам гэта выдатна прадэманстраваў Курт Вулхайзер у сваім дакладзе на ІІІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў (Мінск, 2000 г.), дзе на матэрыяле гаворак па абодва бакі беларуска-польскай мяжы робіцца выснова аб усталяванні новых ізаглосных межаў, супадаючых з дзяржаўнай мяжой4.
Дарэчы, падобны пункт погляду на падзел палескіх гаворак выказваў яшчэ ў 20-я гады і П.Бузук: "Коли-б на території ціеї переходової смуги, через які-небудь политичні та економічні умови утворилась-би окрема держава, це мабуть, об'еднало-б також і ці переходові діялекти в окрему мову, напр., у яку-небудь поліську. Але-ж такої «поліської» мови поки-що нема, а е всетаки окремі укр. та блр. мови, бо об'еднавчі державні та культурні чинники з'явились зовсім в инших місцях; концентрація-ж укр. та блр. говорів, себ-то їх тяжіння до цих центрів, одбулась так, що поліські говори розділились поміж обома мовами"5.
Адсутнасць комплекснага падыходу пры разглядзе названай праблемы зводзіць яе да ўсё той жа задачы "дзялення без рэшты"6.
Аднак для нас важнае значэнне мае факт, што пры пэўных умовах Бузук усё ж дапускаў утварэнне на тэрыторыі пераходных беларуска-ўкраінскіх гаворак асобнай літаратурнай мовы, хаця і лічыў такую магчымасць гіпатэтычнай, бо, на яго думку, тут адсутнічае «цэнтр палітычнай і культурнай арганізацыі». Сцвярджаючы гэта, ён меў, відаць, на ўвазе класічны тып полівалентнай літаратурнай мовы, у першую чаргу, вылучаны Янам Бадуэнам дэ Куртэнэ тып т.зв. адміністрацыйна-літаратурнай мовы. Аднак той жа Бадуэн дэ Куртэнэ вылучаў і мовы літаратурныя ў вузкім сэнсе гэтага слова, "ограничивающиеся небогатой изящной литературой (беллетристикой) и публицистикой"7
. Да такіх моў ён адносіў на той час кашубскую літаратурную мову, «літаратура» якой, на думку Бадуэна, залежыць ад дзейнасці аднаго чалавека, Фларыяна Цановы8(Florjana Ceynowy). З нечым падобным мы сустракаемся ў пачатку 80-х гадоў у стасунку да мовы Заходняга Палесся, толькі тут стваральнікам такой літаратурнай мовы, якая пазней атрымала назву «літаратурнай мікрамовы» ці «паэтычнай мовы» стаў Мікола Шэляговіч (іншыя варыянты прозвішча— Шаляговіч, Шыляговіч). Трэба адзначыць, што, у адрозненне ад некаторых адміністратараў і культурных дзеячаў, славянская лінгвістыка з прыхільнасцю сустрэла з'яўленне яшчэ адной літаратурнай мікрамовы. Адным з першых разгляду новай мікрамовы ў шырокім славянскім кантэксце прысвяціў артыкул Мікіта Талстой, які лічыў што гэта— "пока только опыт, опыт интересный"9. Пазней з'явіліся грунтоўныя публікацыі Аляксандра Дулічэнкі10 і Алега Палякова11.
Некалькі слоў пра назву адзначанага феномену. Акрамя варыянтаў назвы «заходнепалеская (літаратурная) мова (мікрамова)», у славістыцы выкарыстоўваюцца назвы «русінска-палеская» (М.Талстой, А.Дулічэнка), «палеска-русінская» (М.Талстой) ці проста «палеская» або «русінская». Апошнюю назву выкарыстаў М.Шэляговіч у адной з публікацый у газеце «Голас Радзімы» (1987 г.)— «Русінская арфаэпія». Наогул, працэс выпрацоўкі назвы на працягу ўсяго перыяду складвання літаратурнай мікрамовы і яе прапагандавання шмат што можа асвятліць у яе гісторыі. А пра тое, што «праект Шэляговіча» ўжо трапіў у гісторыю славістыкі, сведчыць цікавасць да яго ў шырокіх колах мовазнаўцаў-славістаў. Цікавы ён і для тэорыі літаратурных моў, на што мы хочам звярнуць увагу ў гэтым артыкуле.
Першапачатковым стымулам для пошукаў назвы, як піша М.Шэляговіч у сваёй ранняй публікацыі ў газеце «Голас Радзімы» (25 лістапада 1982 г.), паслужыла гіпотэза Г.Хабургаева, а таксама У.Іванова і У.Тапарова аб тым, што «славянская мова ўтварылася як дыялект старажытнабалцкай». Паколькі пазней ад змяшэння з фіна-вугорскімі плямёнамі ўзнік, паводле У.Даля, «вялікарускі народ», а ад змяшэння з балтамі— беларусы, то сённяшнія заходнія палешукі, чыя гаворка адрозніваецца ад тыповай беларускай, павінны былі мець свой «корань». І ён быў знойдзены: «Балцкія плямёны яцвягаў, якія на працягу Х-ХІІІ стагоддзяў канчаткова перамяшаліся з славянамі, а значыцца, і страцілі сваю спрадвечную мову!..» Яе нашчадкам стала «яцвяжская рэмза», якая «мае многа старажытнаславянскіх элементаў— болей за іншыя сучасныя славянскія мовы», што дае падставу «лічыць яцвяжскую рэмзу таксама і самастойнай мовай». Слова «рэмза» у значэнні «мова», паводле М.Шэляговіча,— новатвор ад дзеяслова рэмзаты— гаварыць, мовіць, што, несумненна, з'яўляецца аўтарскай інтэрпрэтацыяй экспрэсіўнага дзеяслова, параўн. тураўскае рэмзаць 'плакаць, румзаць; крычаць (пра малое дзіця); раўці, рыкаць; выдаваць гук, падобны на плач', рэмза, рэмжа 'плакса'. Так быў створаны міф пра паходжанне заходнепалескай мовы, што, дарэчы, часта назіралася і ў гісторыі ўзнікнення іншых славянскіх моў. «Балцкі міф» стаў прычынай з'яўлення яшчэ аднаго тэрміна са значэннем 'заходнепалеская мова'— jітвjежа волода або проста волода (параўн. назву артыкула М.Шэляговіча ў першым выпуску старонкі «Балесы Полісься» у газеце «Чырвоная змена» ад 16 ліпеня 1988 г.— «Скарбы володы»), што, відаць, узнік у выніку пераасэнсавання дзеяслова володаты 'валодаць (у тым ліку— пэўнай мовай)' пад уплывам латышскага vаloda 'мова, маўленне'. У далейшым назоўнікі «рэмза» і «валода» адышлі на задні план, а ў якасці універсальнай назвы стала выступаць назва jітвjeжа (поліська, заходышнополіська) лытырацька мова. У сучаснай лінгвістыцы літаратурны праект М.Шэляговіча ўключаецца ў больш шырокае паняцце «заходнепалеская літаратурная мікрамова», што аб'ядноўвае розныя тыпы тэкстаў, асновай якіх з'яўляюцца брэсцка-пінскія гаворкі12.
Варта спецыяльна адзначыць, што росквіт заходнепалескай літаратурнай мовы прыпадае на гады адраджэння беларускай мовы (1986—1995 гг.) і раптоўна згортваецца пасля вядомага рэферэндума, які пазбавіў апошнюю статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі. Гэта сведчыць, пра пэўную залежнасць, якая існуе паміж названымі двума ідыёмамі. Магчыма, таксама, што гэта звязана з узрастаннем ролі рускай мовы, што, як вядома, працягвае царкоўнаславянскую моўную традыцыю, якая, паводле М.Талстога, "не допускала возникновения областных литературных языков и микроязыков"13.
Якія ж яшчэ агульнатэарэтычныя высновы можна зрабіць, аналізуючы моўна-літаратурны эксперымент М.Шэляговіча? Ці былі ўнутраныя прычыны яго заняпаду?
Несумненна, існуюць аб'ектыўныя падставы для перыядычнага з'яўлення ўсё новых спроб адлюстравання ў літаратурна-пісьмовай форме моўнай своеасаблівасці і багацця Заходняя Палесся. Мае рацыю Алег Дзярновіч, які ў спецыяльным выпуску інфармацыйна-культурнага бюлетэня «Форум», прысвечаным праблемам рэгіяналізму, сцвярджае:
"Нявырашанасьць праблемы этнічнага статусу насельніцтва Заходняга Палесься як лінгвістычнай меншасьці стварае пагрозу далейшаму існаваньню самабытнай культуры і моўных традыцый Заходняга Палесься. Той комплекс моўна-этнаграфічна-культурных адметнасьцяў, якія вылучаюць заходніх палешукоў сярод іншых аўтахтонных жыхароў Беларусі, зьяўляецца самакаштоўным"14.
Застаецца адкрытым пытанне пра тое, у якіх літаратурна-моўных формах і на якой аснове павінна знайсці адлюстраванне самабытная культура і моўныя традыцыі Заходняга Палесся. З усяго апублікаванага ў рамках «праекту М.Шэляговіча» найбольшую вартасць (і гэта адзначаюць усе даследчыкі феномена) маюць паэтычныя творы, што характарызуюцца высокімі мастацкімі якасцямі, непасрэднасцю ўспрыняцця свету і моўным багаццем15. І гэта натуральна, бо ў паэзіі адбываецца сінтэз прыроды, мовы і ўсёй ментальнасці народа. Характэрна, што паэтычныя творы, апублікаваныя на старонках «Балесы Полісься» і ў іншых падборках, у найменшай ступені дапускалі пэўныя спробы «літаратурнай апрацоўкі» з боку ініцыятара праекту і часта друкаваліся на гаворках. Аднак проза і асабліва публіцыстыка, што знайшла сваё месца на старонках газеты «Збудінне»(1989—1994гг.), у значнай ступені страціла названыя якасці і не знайшла дарогі да шырокага чытача. Такім чынам, спроба ператварыць «паэтычную мову» ў мову «адміністрацыйна-літаратурную» сустрэлася с пэўнымі цяжкасцямі, якія маюць часткова аб'ектыўныя, а часткова суб'ектыўныя прычыны.
Аб'ектыўныя прычыны заключаны ў самой прыродзе арэальнай зоны, якая прадстаўляе Заходняе Палессе. У параўнальным плане гэта— пераважна архаічная зона16, дакладней, рэшткі больш шырокай архаічнай зоны, якую ў найменшай ступені ахапілі інавацыйныя працэсы, што зыходзілі з аддаленых у прасторы цэнтраў на поўдні і поўначы. Вось як характарызаваў гэту зону на пэўным этапе яе гісторыі выдатны знаўца Заходняга Палесся, асабліва яго «польскай» часткі, Уладыслаў Курашкевіч:
"Wobec tego caly teren pomiedzy Luckiem i Minskiem w obrebie Rusi zachodniej musimy w owym czasie traktowac jako narzecze «srodkowe», przynajmniej w zakresie jezyka pisanego, odrozniajace sie dosyc silnie z jednej strony od narzecza poludniowego (halicko-moldawskiego), odpowiadajacego dzisiejszym gwarom poludniowo-maloruskim, a z drugiej strony od narzecza polnocnego, obejmyjacego dzisiejsze gwary polnocno-bialoruskie"17.
Яшчэ больш выразна акрэсліў характар фарміравання гэтай зоны ня менш знаны ўкраініст і славіст Юры Шавялёў: "Власне внаслідок поступового ширення «литовських», себто в суті речі протобілоруських рис і інновацій, з одного боку, і києво-подільсько-галицьких, з другого, терен КП [Кіева-Палескага. - Г.Ц.] реґіону звужувався, і з півдня і з півночі відбувалося розмивання поліського ядра. Коли факт входження до протобілоруської мови на півночі і до протоукраїнської мови на півдні став наявним, в осередку поліських говірок виник термин-самоозначення тутейші (тутэйшыя), себто ті, що «тут» споконвічі і опираються обом експансіям— з півночі і з півдня"18.

А як вядома, для фарміравання літаратурных моў характэрна ўтварэнне пераважна інавацыйнага арэальнага ядра, нечага накшталт маленькага крышталіка ў насычаным растворы, з якога пачынаецца яго крышталізацыя і ўтварэнне новай структуры. Такое арэальнае ядро канцэнтруе ў сабе розныя інавацыйныя імпульсы, што прыходзяць з розных напрамкаў, і тым самым аб'ядноўвае акаляючую моўную прастору. Нягледзячы на сваё цэнтральнае становішча, т.зв. паўднёваянаўскія гаворкі, на якіх грунтуецца праект літаратурнай мікрамовы М.Шэляговіча, паводле сваіх уласцівасцяў не могуць прэтэндаваць на такую ролю19.
Да суб'ектыўных прычын «згасання» літаратурна-моўнага праекта М.Шэляговіча трэба аднесці папаўненне слоўнікавага складу і некаторых іншых рысаў за кошт архаізмаў і індывідуальных наватвораў. На гэту небяспеку звярнуў увагу пад час «яцвяжскай» канферэнцыі адзін з яе удзельнікаў: "Желание подчеркнуть самобытность языка и с этой целью «брать в первую очередь то, что свойственно лишь полешукам, чего нет у других» (Балесы Полісься, 5, с. 6) может привести к преимущественному употреблению слов узкодиалектных, не известных широкому кругу читателей"20.
У адносінах да наватвораў значную негатыўную ролю адыграў «балцкі міф», які звязваў этнагенетычную аснову праекта з яцвягамі.
Як вядома, сумесныя інавацыі. распаўсюджваючыся на значнай тэрыторыі, утвараюць суцэльны арэал і тым самым аб'ядноўваюць розныя гаворкі. Архаізмы ж у арэальным плане звычайна ўтвараюць мазаіку невялікіх астраўных арэалаў і тым самым раз'ядноўваюць масіў блізкіх гаворак. У гэтым плане аўтар праекта несумненна аддаваў перавагу архаізмам:
"-Яку лэксыку, фонытыцькы и гынчы мовны особлывыны— старишы чы новішы— маjіця взеты за норму?
— Маjіця браты всэ, шоб ныц нызагубылоса, шоб ныц нызгэбло... Пэвны-ж мы в одному— откыдаты старое, шо воно пашчи забутэ чы надто ридкэ, ныможна, нырозумно j ныпогосподарыцьку: бо так мы од усёго могчимо хутко откынутыс"21.
Тыповым выпадкам такога архаізму быў злучнік кэ 'і', які захаваўся як рэлікт у асобных палескіх гаворках і не ўтварае суцэльнага арэала22. «Рэанімацыя» і навязванне навязванне гэтага рэлікта з боку аўтара праекта маглі толькі адпіхнуць ад яго патэнцыяльных карыстальнікаў. Вельмі важна, каб пэўная архаічная ці занадта рэдкая рыса не выклікала чыста эмацыянальнага непрыняцця, як гэта было з «еканнем» (ек замест як, чес замест час і інш.). В.Гарбачук заўважае, што гэтая рыса характэрна далёка не для ўсіх гаворак Палесся, а носьбітамі суседніх гаворак успрымаецца нават "с некоторым оттенком иронии"23.
Падводзячы вынікі разгляду «праекта М.Шэляговіча», трэба канстатаваць, што яго аўтар дакладна «улавіў» неабходнасць і час стварэння заходнепалескай літаратурнай мікрамовы, правільна з пункту погляду тэорыі літаратурных моў вызначыў некаторыя прынцыпы (напрыклад, фанетычны прынцып правапісу, неабходнасць увядзення новых графем і г.д., што адпавядае т.зв. копітараўскай традыцыі славянскіх літаратурных моў), аднак не заўсёды улічваў некаторыя агульнатэарэтычныя палажэнні і сацыялінгвістычныя фактары, што ў пэўнай ступені паўплывала на перспектыўнасць названага літаратурна-моўнага праекта.

Літаратура

1 Бузук П. Спроба лінгвістычнае географіi Беларусі. Менск, 1928. Ч.I. Вып. 1. С. 3-4.
2 Параўн.: «... выбор одного какого-нибудь явления в качестве критерия для проведения границы по своей сущности представляет совершенно произвольный акт» (Бузук П. К вопросу о составлении диалектологической карты белорусского языка// Сб. статей в честь акад. А.И.Соболевского [Сб. ОРЯС. Т. 101. №3]. Ленинград, 1928. С. 215).
3 Параўн. апошнія па часе спробы такога рашэння названай праблемы: Luft A. Das Westpolessische: Sprachliche Besonderheiten und Abgrenzung vom Weіssrussischen und Ukrainischen. Diplomarbeit Universitat Munchen, 1997; Bieder H. Zur Abgrenzung der weissrussischen und ukrainischen Dialekte auf dem Gebiet des weissrussischen Westpolessien// Слово в диахронии и синхронии: Сб. науч. статей к 80-летию М.Г.Булахова. Минск, 1999. С. 3-20.
4 Вулхайзер К. Ад межаў да iзаглосаў: Дыялектная дыферэнцыяцыя ў беларускіх гаворках сучаснага польска-беларускага пагранічча (у друку).
5 Бузук П. Взаємовідносини між україньскою та білоруською мовами (методологічний нарис) // Записки Історично-Філологічного Відділу Української Академії Наук. 1926. Т. 7-8. С. 425
6 Параўн.: «Дыялекталагічныя даследаванні апошняга часу і ўласныя меркаванні прывялі мяне да высновы, што тэзіс А.Дулічэнкі <...> і А.Палякова <...>пра тое, што Заходняе Палессе з'яўляецца этнамоўнай пераходнай зонай беларускай і ўкраінскай моў. не справядлівы, у прыватнасці, адносна загарадскіх гаворак» (Бідэр Г. Моўная сітуацыя на Заходнім Палессі // Язык и социум: Материалы ІІІ Международной научной конференции. Минск, 2000. С. 30).
7 Гутшмидт К. Взгляды И.А.Бодуэна де Куртенэ на природу и функции славянских литературных языков// Festschrift fur G. Hutl-Folter zum sechzigsten Geburtstag [Wiener Slawistischer Almanach. 1984. Bd. 13]. S. 83. Згодна з сучаснай канцэпцыяй славянскіх моўных ідыёмаў А. Фурдаля, гэта можа быць другая ці трэцяя ступень у шкале літаратурная мова— дыялект: «jezyk, w ktorym istnieje literatura piekna i niektore inne teksty», «jezyk lub dialekt, w ktorym powstaja utwory literackie» (Furdal A. Z zagadnien klasyfikacji kulturowej jezykow slowianskich // Z polskich studiow slawistycznych. Seria VI: Jezykoznawstwo. Warszawa, 1983. S.108).
8 Гуштмидт К. Взгляды И.А. Бодуэна дe Куртенэ... С.83
9 Толстой Н.И. Новый славянский литературный микроязык?// Res philologia. Филологические исследования: Памяти Г.В.Степанова. Москва-Ленинград, 1990. С. 272 (У перадруку: Н.И.Толстой. Избранные труды. Москва, 1998. Т. 2. С. 506).
10 Dulicenko A.D. The West Polesian Litetary Language// Language, Minority, Migration: Yearbook 1994/ 1995 from the Centre for Multiethnic Research. Uppsala, 1995. P. 119-131.
11 Poljakov O. Das Westpolesische// Slavistica Vilnensis 1998 [Kalbotyra 47(2)]. Vilnius, 1998. S. 29-42.
12 Klimcuk F.D. Некоторые особенности письменной традиции Полесья// Modernisierung des Wortschatzes europaischer Regional- und Minderheitensprachen. Tubingen, 1999. S. 86, 91.
13 Толстой Н.И. Избранные труды. Москва, 1998. Т. 2. С. 498.
14 Дзярновіч А. Фармуляваньне асноўных праблем дасьледаваньня Заходняга Палесься// Форум. 1995—1996. №2. С. 6.
15 Тычына М.А. Этнічная і эстэтычная самасвядомасць моладаяцвягаў і працэсы духоўнага адраджэння // Jітвjежа (Заходышнополіська) штудіjно-прахтыцька конфырэнция: Матырjелы. Пынськ, 1990. С. 13.
16 Пра гэта, дарэчы, сведчыць і т.зв. палеска-карпацкі ізаглосны пояс, параўн.: Лучыц-Федарэц І.І. Мовы ў Заходнім Палессі // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе ХХ стагоддзя. Мінск, 1998. С. 460-461.
17 Kuraszkiewicz W. Ruthenica. Warszawa, 1985. S. 285.
18 Шевельов Ю. Чому общерусский язык, а не вібчоруська мова? З проблем східнослов'янської глотогонії // Другий Міжнародний конгрес україністів: Доповіді і повідомлення. Мовознавство. Львів, 1993. С. 60.
19 Klimcuk F.D. Некоторые особенности письменной традиции Полесья. С. 91.
20 Горбачук В.Т. О некоторых проблемах формирования полешуцкого литературного языка// Jітвjежа (поліська) штудіjно-прахтыцька конфырэнция. С. 94.
21 Шыляговыч М. Пытанне— отказ// Балесы Полісься. Вып. 2 [Чырвоная змена, 16 ліпеня 1988 г.]. С. 13.
22 Цыхун Г.А. Бел. ке, кі 'і, ды'// Беларуская лінгвістыка. 1985. Вып. 28. С. 64-65.
23 Горбачук В.Т. О некоторых проблемах формирования полешуцкого литературного языка. С. 95.