Каўка А. “УСХОД” І “ЗАХАД” У МАСТАЦКІМ СВЕТАБАЧАННІ ЯНКІ КУПАЛЫ
Цэтлікі: заход, нацыянальная самасвядомасць, усход, Янка Купала
Катэгорыі: Беларуская літаратура
У кожнага народа, як і ўасобнага чалавека,— свой непаўторны лёс. Адметнасць беларускага лёсу, Беларускага Шляху – у замаруджанасці, незавершанасці нацыянальнатворчага працэсу і, як вынік, у нікласці самасцвярджальных, волевыяўленчых якасцяў беларускай супольнасці. Драматычная, з трагікамічным адценнемдылема паміж тэрыторыяй і нацыяй, насельніцтвам і народам, ускраінай і краінай, тутэйшасцю і нацыянальнасцю гэтак жа востра, як і на пачатку ХХ ст., на заходзе яго працінае розум і сэрца ледзь не кожнага свядомага беларуса. І сучасны паэт-пачатковец лішні раз прыгадаў нам пра надзённасць Купалавага пытання (“А хто там ідзе?..”): “Згорбленая бабулька-Доля блукае на мяжы Расеі і Польшчы. / Дзе тая краіна, што шукала шчасця? / Дзе той народ, які абвясціў, што ідзе?” [1]. Гэтая ж праблема кволасці беларускага “я”, няпэўнасці нацыянальна-палітычнага і духоўнага самавызначэння і самасцвярджэння жыхароў “прамежкавай” (паміж Усходам і Захадам) краіны апошнім часам не сыходзіць з праграм навуковых канфярэнцый, з старонак манаграфічных і публіцыстычных прац, не кажучы пра надзвычайна павышаны патрыятычны неспакой беларускага мастацкага слова. На фоне разняволенай грамадска-творчай думкі адвечны дэфіцыт Беларушчыны ў Беларусі – ці не найвастрэйшы зусіх іншых нястач – не здаецца нам неадольным. Здабыванне ўласнай Бацькаўшчыны, шлях беларуса да Беларусі – якім не быў бы ён цярністым, задоўжаным – завершыцца гістарычнай перамогай. А значыць, і Беларушчына ў Беларусі – разняволенае нацыянальнае жыццё ва ўсёй паўнаце (мова, культура, палітыка, эканоміка, увесь грамадскі лад) – з традыцыйна напружанага, змагарнага стану “віхуры і націску”, “мужнасці і геройства” набудзе ўрэшце натуральны, унармаваны характар. А посткаланіяльны абшар на геаграфічным стыку еўрапейскага Ўсходу і Захаду, заны ў свеце, ад нядаўняга,пад фармальнай назвай Рэспубліка Беларусь, пачне прывабліваць тоеснасцю нацыянальнага аблічча, адэкватным саманазве спосабам і стылем жыцця.
На карысць аптымістычнага зыходу ў беларускім, скрозь яшчэ адкрытым пытанні сведчаць этнічная жыццяўстойлівасць беларусаў, загартаваная ў шматвяковым процістаянні асімілятарскаму націску суседніх польскага і, асабліва, рускага этнасаў [2]. Сведчыць немалы крытычны досвед, назапашаны ў беларускім вызвольным Слове, а найперш у класічнай спадчыне нашых пісьменнікаў, Янкі Купалы ў прыватнасці.
Агульна кажучы, праблема “Усходу” і “Захаду” – пастаянны, адзін з вядучых маціваў гісторыка-філасофскай рэфлексіі, мастацкай фантазіі паэта, прыкметная тыпалагічная рыса Купалавай адраджэнцкай легенды, купалавага вызваленчага нацыяналізму, што пасля доўгіх гадоў маны і знявагі, праз уз’юшаны супраціў далакопаў беларушчыны ўсё ж зноў прамаўляе да слыху і сумлення беларускага чалавека. З гледзішча той жа самай праблемы асэнсоўваецца ім гістарычны, па большасці драматычны шлях краіны, абумоўлены у многім яе прамежкавым геацывілізацыйным становішчам, канкрэтна – паміж “праваслаўнай” Расіяй і “каталіцкай” Польшчай у проціборстве і ўзаемадзеянні з якімі Беларусь на працягу стагоддзяў мусіла бараніць сваю этнакультурную індывідуальнасць, уласнае права на суб’ектна дзейсную ролю ў гістарычным працэсе.
Ворыг польскі і рускі
Шчыра множыў курганы,—
Не было Беларусі.
Толькі быў “Край забраны”.
Расіяне, палякі
Ды французы і шведы
Беларускай крывёю
Палівалі край гэты.
Летапіснае. 1928 [3]
Вельмі паказальнае, для купалавай паэтыкі наогул характэрнае сэнсава-рытмічнае сугучча вобразных паняццяў “курганы” – “забраны”, дзе ландшафтна-сімвалічнае, “курганнае” ўвасабленне роднага краю накладваецца на яго пад’ярэмны скурганены стан. Але гэта – знешняя, панарамна разгорнутая карціна Беларускага Лёсу, за покрывам якой кіпяць роспаччу і пратэстам патаемныя глыбіні знявечанай ды ўсё ж нескоранай Беларускай натуры.
Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!
Для беларуса цана ім адна.
Усе вы, панове, аднакай натуры:
З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.
Вашу карысць нам і вашы паслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ,
Добра вядомы і путы і пугі,
Песціў якімі ваш захад і ўсход
Годзе... 1912 (216)
Дзёрзкі, не пазбаўлены пэўнага эпатажу паэтычны выклік сумежным краінам Беларусі паўстае ў якасці сваеасаблівага мастацкага сінтэзу адносна ролі “Захаду” і “Усходу”, а дакладней – фактычных наступстваў панавання ў краі іншаземшчыны, пры якім сістэма культурнага ўземадзеяння падмяняецца і падмінаецца сістэмай ушчамлення і выцяснення культуры карэннай, беларускай, палітыкай асіміляцыйнага абалваньвання абарыгенаў. Купала наўрад ці перабольшваў. ЯкубКолас у аналагічным пытанні выказаўся не меньш “нелицеприятно” (“З двух бакоў айцы дубінай заганялі нас у рай”). Як і Ігнат Абдзіраловіч (І. Канчэўскі) – у сваім філасафічным абагульненні той жа самай праблемы: “Уплывы Захаду і Усходу ў перакручаных... часам карыкатурных выразах круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнны, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае” [4]. Пэўна ж і Купалава паэтычная апазіцыя прадыктавана ў дадзеным выпадку не самім фактам, але дэфармаванай, “перакручанай” прысутнасцю іншаземных культур у Беларусі, іхнім місіянерствам, спрэчным з ідэяй самацэннасці кожнай нацыянальнай культуры, духоўнай дасканаласці, генетычна закладзенай у кожным народзе. Спусташальныя наступствы гэтага місіянерства на беларускім абшары, падмацаванага стараімперскім “Divide et impera”, занадта білі ў вочы, ранілі свядомасць ці не кожнага душою не атлусцелага грамадзяніна, каб не заўважыць іх, не назваць дакладным імем:
Што вы прынеслі? Што? ... Загляньце
Да беларуса сумных хат ...
З тых самых лык пляце ён лапці,
Якія плёў сто год назад.
Апекунам. 1909 (104)
“Лапцюжная” Беларусь у выяўленчай сістэме Купалы – гэта не толькі, не столькі нават метафарычнае ўвасабленне ейнага сацыяльнага заняпаду. Перад чытачом – не проста алегарычны вобраз, але мастацкая сімволіка надзіва ёмістай грамадска-гістарычнай і філасофскай насычанасці, якая не толькі засяроджвае цытацкую ўвагу на тых ці іншых рэаліях, але яшчэ больш засцерагае па-прарочаму суродзічаў ад духоўнага паярэмлення – “лапцюжніцтва” (“абуванне ў лапці”) і жабрацтва, – варушачы і падкрэліваючы больш агульную ідэю нацыянальнай тоеснасці, годнасці чалавека.
Такім самым, падкрэслена сімвалічнай назвай і зместам успрымаецца і верш “Хаўруснікам” (1913), зроджаны з колішняй канкрэтнае практыкі асімілятарства ў Беларусі польскага і рускага друку (газеты “Gazeta codzienna”, «Виленский вестник»), аднак, як можна заўважыць, насычаны невычэрпным сэнсам адносна беларкскай ідэі як ідэі самавызначэння і самарэалізацыі народа пры пастаянным асіміляцыйным націску звонку:
“Gazeta” бармоча:
“Нех бэндзе ён ляхам”.
А “Вестник” – пусть лучше
Московским прёт шляхом.
Спрачаліся доўга,
Як край наш раскрасці,
Дый спеліся ўрэшце:
Парваць на дзве часці.
Адна часць Варшаве
Лізаць ногі будзе,
Маскве хай другая
Нясе свае грудзі.
Забыліся толькі
Хаўрусьнікі ночы
Спытаць беларуса,
Чым сам ён быць хоча.
(231 – 232)
З усяго вышэйсказанага напрошваецца агульная выснова. Сустрэча, узаемадзеянне, а больш дакладна – процідзеянне Усходу і Захаду на беларускіх землях абярнулася для іх трагікамічным, бязглуздым (“дурным”) сінтэзам: палітычнай смерцю, культурным заняпадам, дэфармацыяй нацыянальнай свядомасці беларуса. Мастацкі аналіз недарэчнага, пад “чужацкай апекай” памірання Беларушчыны ў Беларусі здзейснены Купалам праз пераважна “малыя” жанравыя формы (лірычны верш, эпіграма, байка, памфлет), на мінімальнай, звычайна паэтычнай “плошчы”. Аднак жа высокі энергійны зарад і адпаведную выбуховую сілу нясуцуць у сабе вобразы і думкі, што стартуюць з невялічкай мастацкай “пляцоўкі”. Падамо некалькі лапідарных, даволі прадстаўнічых вобразных абагульненняў, здатных, як здаецца, сілай Мастацкай Праўды спаборнічаць з Праўдай гістарычнай навукі і, натуральна, стымуляваць беларускіх Карамзіных і Салаўёвых на стварэнне праўдзівай, паўнавартаснай гісторыі сваёй краіны. Вось ён, усходне-заходні сінтэз у Беларусі ў Купалавай мастацкай рэдакцыі: “Сотні лет непрыяцелем-братам прыбітая...” (“Беларушчына”, 19098); “Так спіш, так жывеш мімаходам / Мой край, як сцяпная магіла / З сваім незавідным народам, / З патухшай і славай і сілай” (“Мой край”, 1910); “Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава / Торг гругановы вядуць між сабою” (“Над Нёманам”, 1911 – 1912); “Працай жывяцца нашай прыблуднікі, / А мы толькі ўздыхаем і плачам” (“Не для нас...”, 1911 – 1912); “На батракоў здаліся ўнукі / На вольнай прадзедаў зямлі, / Пайшлі ў няволю без прынукі, / Як па вяровачцы пайшлі” (Гарыслава, 1912); “Чужынцы зарэглі народ у прыгон, / А песню аддалі на здзекі” (“Казка аб песні”, 1905 – 1916); “Упаў народ, змарнеў народ, забыўся, / Як Бацькаўшчыну яго завуць” (“Свайму народу”, 1918); “Не на пацеху дзеці даны / Матулі, што іх сцеражэ, / Усё адно, сусед паганы / У плуг жалезны запражэ” (“Як цені...”, 1918); “І душыць кліч: “Ці доўга будзе нам заломам / Варшава панская і рабская [5] Масква” (“Наша гаспадарка”, 1918). І ўрэшце – штосці істотнае пра беларускую, дужа хваленую сціпласць-талерантнасць: “Аграбленыя з гонару й кашулі, / З свайго прыпыну выгнаныя вон, / Мы дзякуем, што торбы апранулі / На нас ды з нашых нітак-валакон” (“Перад будучыняй”, 1922).
Змрочным увасабленем незайздроснага “заломнага” лёсу Беларусі паўстае з Купалавых старонак збіральны вобраз-сімвал “чужака” з мноствам сумежных вобразаў-іпастасяў: “апекуны”, “хаўруснікі ночы”, “сваякі-суседзі”, “блізкія і далёкія”, “непрыяцель-брат”, “чужынец-дзікун”, “сусед паганы”, “трутні, падкія на соты” , “ваш захад і ўсход” і г. д.
Адваротны бок чужацкага “медалю”, абсурдны працяг і завяршэнне іншаземнага панавання ў краіне звязаны з распладненнем, засіллем у дэнацыяналізаваным беларускім грамадстве халопскай ідэалогіі і псіхалогіі, сервілістычнага рабалепства перад чужацкімі прыхамацямі. Гэтай жа акалічнасцю спароджаны не меньш распаўсюджаны тып беларускага адшчапенца-перакіньчыка, таго самага нутранага халопа, у кім зацятая практыка асімілятарства ледзь не дашчэнту выпетрыла і амярцвіла нацыянальныя кляйноты і імпульсы, учыніўшы з яго адданага “апалагета і панегірыста” (М. Грушэўскі) сваіх парабаціцеляў і, ў хаўрусе з апошнімі, цынічнага глуміцеля беларушчыны: ”Свае таргуюць і чужыя табой, няшчасны беларусе!”(“Апекунам”); “З ярэмнай збыўшы стараны / Царыць чужынец, а ў паслугах / Хто? – Беларускія сыны!” (“Беларускія сыны”, 1919).
У адрас дамарослых, нацыянальна акалечаных валанцёраў чужацкіх інтарэсаў у родным краі скіравана востра публіцыстычнае, у біблейска-прытчавым стылі, слова пісьменніка, які ўзрушана і пераканаўча даводзіць сучаснікам і нашчадкам аб вячыстым, непадуладным непадуладным аніякаму рэнегацтву ідэале Беларуска-Грамадзяніна – барацьбіта і гаранта свабоднай, незалежнай Бацькаўшчыны: “На беларускай зямлі было і цяпер ёсць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам, але гэтага няма чаго баяцца... Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыдуць новыя людзі, новыя прарокі і будуць па-божаму над фальшывымі прарокамі і прадажнымі душамі суды судзіць, з пакалення ў пакаленне пракляццямі ўспамінаць […] Перуновым голасам будзем гаварыць з суседзямі сваімі, бліскавічнымі літарамі будзем упісваць сваю гісторыю ў векавечную кнігу гісторыі народаў […] Змагайся і стань вольным, Беларускі народ!” (“Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы”, 1920).
У кантэксце адмоўнага сінтэзу “Усход – Захад” нельга абысці ўвагай парадыйна-камічныя, на побытавым узроўні праявы беларускай рэчаіснасці, выніклыя з вонкава-прымітыўнага прыпадабнення мясцовага правінцыяла да “польскай” або “рускай” культуры. І тут на змену Купале-лірыку, публіцысту прыходзіць ці, правільней, таго і другога не меньш бліскуча давяршае Купала-камедыёграф, насяляючы мастацкі абшар краіны каларытнымі фігурамі Адольфа Быкоўскага, Пустарэвіча (камедыя “Паўлінка”), Мікіты Зносака, Усходняга Вучонага, Заходняга Вучонага (трагіфарс “Тутэйшыя”) – увечненымі ў смехатворных эмблемах іхняй “культурнасці”: пустарэвічавым “вось-цо-да”, зноскавым “между протчым”.
На гэты раз, асабліва у “Тутэйшых”, бескампраміснаму мастацкаму суду падвергнута адна з самых вострых праблем беларускага нацыянальнага самапачуцця – так званая тутэйшасць. Яна – як праблема субкаланіяльнага або постімперскага ідэйна-бытавога хранатопу ў беларускім жыцці, канкрэтна – у разнавіднасці “знасілоўшчыны” – намі ўжо закраналася [6]. Гэтым разам хацелася б толькі падкрэсліць сімвалічны, інакш – шматзначны, невычэрпны сэнс створанага Купалам трагіфарса і перадусім – прароча-засцярожлівае стаўленне драматурга да мімікрыстычных здольнасцей нашага Зносака-Знасіловіча, аднолькава гатовага, як памятаем, служыць ці прыслугоўваць і справе чарнасоценца Пурышкевіча, свайго ідэйнага бацькі, і, пры змене абставін, нават “беларускаму асэсарству”, паколькі, як цынічна ён заўважае, і пад беларускім сцягам “можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію ісціныя прынцыпы аб ядынасці, непадзельнасці расейскай, между протчым, імпэрыі” (Дз. IV, з’ява 2).
Сутнасць і пафас купалавай думкі ў яе мастацка-вобразнай праяве зводзіцца, рэзюмуючы, да наступнага.
1. Успрыманне “Усходу” і “Захаду”, вузей – суседніх Расеі і Польшчы дэтэрмінавана характарам і наступствамі іх удзеяння на жыццёвыя лёсы Беларусі і Беларушчыны, удзеяння ў агульным і гістарычным балансе адмоўнага, з неаблічальнымі стратамі для беларускага нацыянальнага будаўніцтва.
2. Выйсце – ва ўрухаменні ўласных дзеятворчых рэсурсаў: беларускай палітыкі, культуры, нацыянальнай годнасці і самапавагі і, у першую чаргу, самастойнай, незалежнай беларускай дзяржавы – “калі не хочам згінуць, калі не хочам быць вечнымі рабамі” (“Больш самачыннасці”, 1991).
3. Дэфармацыя “заходняй” і “ўсходняй” культур на беларускім абсягу не засланіла ад купалавых вачэй найлепшых гуманістычных традыцый Захаду і Усходу, іхняга ўзаемнага ўзаімапранікнення, адбытага не ў апошнюю чаргу за пасрэдніцтвам таксама Беларусі, старабеларускай культуры.
Уся справа палягае ў тым, каб знешнія ўплывы не прыніжалі, не прышчымлялі, а стымулявалі развіццё, узбагачэнне культуры айчыннай. Яскравы доказ таму – асабісты творчы вопыт Янкі Купалы, які ўзорна спалучыў Беларускае Адраджэнцкае Слова, беларускую самабытнасць з рускай рэалістычнай літаратурнай школай (Пушкін, Някрасаў), украінскай і польскай вызваленчай рамантыкай (Шаўчэнка, Міцкевіч), заходнееўрапейскім сімвалізмам (Пшыбышэўскі, Метэрлінк, Ібсэн), узбагаціўшы беларускую культурную традыцыю, ад Скарыны і Гусоўскага пралеглую,— выйсці ў шырокі свет, застаючыся сабой.
ЛІТАРАТУРА
1. Пракаповіч І. Дзе тая краіна? // Літ. і мастацтва.1993. 9 крас.
2. У. Старчанка, выказваючы цікавыя, даволі пераканаўчыя заўвагі адносна стратных вынікаў працяглай, мэтанакіраванай асіміляцыйнай палітыкі ў Беларусі (дэфармацыя нацыянальнай свядомасці, моўны нігілізм, прымітыўнае перайманне чужаземнай культуры і г. д.), тым не меньш фармулюе аптымістычны вывад аб кардынальнай устойлівасці генетычных рысаў у нацыянальным характары беларусаў: “Нават забыўшыся на беларускую мову, не ведаючы гісторыі свайго народа, беларус паводзіць сябе менавіта як беларус. Гэта малазаўважна ў зрусіфікаваным беларускім культурным асяроддзі, але калі беларус трапляе ў сапраўды рускае культурнае асяроддзе за межамі сваёй Бацькаўшчыны, ён лёгка пераконваецца ў сваёй адметнасці” (Старчанка У. Мадэль нацыянальнай культуры. Гомель, 1994. С. 7 – 8).
3. Купала Я. Жыве Беларусь: Вершы, артыкулы / Склад. В. Рагойша. Мн., 1993. С. 428. (далей спасылкі на гэтае выданне ў тэксце, у дужках нумар старонкі).
4. Абзіралавіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветапогляду. Мн., 1993. С. 11.
5. “рабская” – так у першапублікацыі верша (газета “Звон”, 1919, № 26); у зборніку “Спадчына” (Менск, 1922; рэпрынт, 1992) на месцы гэтага слова – шматкроп’е; у цытаваным зборніку “Жыве Беларусь!” – “царская”.
6. Каўка А. Драма асобы – драма ідэі: Пра паэтычны лёс Янкі Купалы // Полымя. 1994. № 9. С. 213 – 215.
(Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. – Частка 2. – Мінск, 1997. – С. 184 – 191)
Аўт, 18 студзеня 2011
Беларуская літаратура