Тарасюк Л. БЕЛАРУСКАЯ ПАЭЗІЯ ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ Ў КАНТЭКСЦЕ ЕЎРАПЕЙСКІХ МАСТАЦКІХ ПЛЫНЯЎ: ДА ПАСТАНОЎКІ ПРАБЛЕМЫ

Аўт, 18 студзеня 2011

Беларуская літаратура

Цэтлікі: Багдановіч, мадэрнізм, неарамантызм, паэзія

Катэгорыі: Беларуская літаратура

У якасці галоўнага тэзіса тут можа прыдацца вядомая думка М. Багдановіча з яго артыкула “Забыты шлях” (1915): “...За восем – дзевяць год свайго праўдзівага існавання наша паэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасці і сцежкі, каторыя паэзія еўрапейская пратаптывала болей ста год […] Сентыменталізм, рамантызм, рэалізм і натуралізм, урэсьце, мадэрнізм – усё гэтае, іншы раз нават у іхрожных кірунках, адбіла наша паэзія, праўда, найчасцей бегла, няпоўна, але ўсё ж такі адбіла” [1].

Асноўныя напрамкі мастацкага развіцця пазначаны Багдановічам дастаткава выразна, і гэтае вызначэнне маголо стаць перспектыўнай праграмай літаратуразнаўчага даследавання. Літаратурная крытыка 20-х гадоў (А. Бабарэка, М. Пятуховіч) звяртала ўвагу на эстэтычную праблематыку творчасці самога Багдановіча (праблемы пра адносіны паэта да літаратуры дэкадансу, імпрэсіянізм паэзіі Багдановіча). На жаль, сама пастаноўка такіх праблем неўзабаве згубіла актуальнасць пад напорам сацыяльна-вульгарызатарскіх падыходаў.

І толькі ў заходнебеларускай Вільні Антон Навіна (Луцкевіч) надрукаваў у 1933 г. цікавую працу “Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі”, дзе даў такую характарыстыку літаратрнаму руху пачатку стагоддзя: “Супрацоўніцтва ў “Нашай Ніве”, злучаючы маладых аўтараў на грунце адраджэнскае ідэалогіі, зусім не зацірала індывідуальных рысаў і ўласцівасцяў кожнага з іх і не вытварыла нейкага адзінага з фармальнага боку літаратурнага цячэння. І ў сям’і “Нашаніўцаў” дужа добра ўжываліся побач прадстаўнікі народніцкага натуралізму і рамантызму, рацыяналізму і містыцызму, пралетарскай барацбы і эстэтызму, канчаючы разнароднымі плынямі неарамантызму” [2].

У далейшым ужо толькі ў 60-я гады акталізаваліся пытанні мастацкай адметнаці літаратурнага руху пачатку стагоддзя, але выключна ў рэчышчы эстэтычных антыномій рэалізму і рамантызму. Лепшыя здабыткі айчыннага літаратуразнаўства звязаны найперш з вывучэннем беларускага рамантызму (працы Р. Бярозкіна, В. Каваленкі, У. Калесніка, У. Казберука, А. Лойкі, У. Навуменкі, М. Яраша, з маладзейшых – І. Багдановіч). Але праблема рамантызму ставілася і ставіцца амаль выключна ў дачыненні да паэзіі Янкі Купалы. Застаецца нераспрацаванай гісторыя беларускага рамантызму, а таксама пытанні яго нацыянальнай спецыфікі. Без уліку гэтых праблем цяжка даць характарыстыку літаратурнага руху пачатку ХХ ст.

Толькі адна паэзія Янкі Купалы як самая багатая і складаная эстэтычная з’ява пачатку стагоддзя вымагае аб’ёмнага і шматузроўневага аналізу з улікам нацыяальных паэтычных традыцый і еўрапейскага літаратурнага кантэксту. І менавіта ў дачыненні да Янкі Купалы паўстае пытанне пра характар беларускага рамантызму. М. Багдановіч пісаў: “Купала ўваскрашае сто год назад пахаваны рамантызм” [3]. Але ж не толькі “ўваскрашае”, а творыць нібы нанава, з улікам новай гістарычна-літаратурнай сітуацыі і патрэб нацыянальна-культурнага адраджэння. Таму яго рамантызм нясе ў сабе адначасова “старыя” якасці класічнага рамантызму і элементы новага мастацкага мыслення, якое ўвасобілася ў новых мастацкіх плынях, што аб’ядноўваюцца паняццямі “мадэрнізм” ці “неарамантызм”. У мастацкім досведзе Янкі Купалы счасныя даследчыкі (П. Васючэнка, Вінц. Каваленка) вылучаюць праявы сімвалізму, падкрэсліваючы прытым, што “шмат якія вобразы, матывы, сюжэтныя лініі, выкананыя Купалам бясспрэчна ў сімвалічным ключы, часта запісваліся на рахунак рамантызму” [4].

Сапраўды, мастацкая адметнасць паэзіі Янкі Купалы вымагае істотных удакладненняў да вядомых характарыстык яго творчасці як сінтэзу рэалістычных і рамантычных тэндэнцый. Значны плён у новым прачытанні купалаўскай спадчыны дае зварот да эстэтыкі сімвалізму, як магутнейшай мастацкай плыні канца ХІХ – пачатку ХХ ст. у заходнееўрапейскай і рускай літаратурах. Але генезіс гэтай з’явы ў паэзіі Янкі Купалы можа выводзіцца з рамантызму – з агульнай для гэтых плыняў канцэптуальна-светапагляднай асновы, з стылявых тэндэнцый суб’ектыўна-ацэначнай экспрэсіўнасці, метафарычнай шматзначнасці і асацыятыўнасці паэтычнага выказвання. Пра відавочную сувязь купалаўскага сімвалізму і славянскага рамантызмуўкосна сведчаць і цікавыя, нечаканыя назіранні некаторых даследчыкаў. Да прыкладу, Вунцук Каваленка бачыць у вершы Янкі Купалы “Паліліся мае слёзы...” ўплывы паэтыкі К. Бальмонта, хоць гэты купалаўскі верш лічыцца наследаваннем лірычнага шэдэўра А. Міцкевіча [5].

Акрэсліваючы сістэу мастацкіх каардынат паэзіі Янкі Купалы, варта, на маю думку, не толькі вылучаць і размяжоўваць яе важнейшыя вектары (рамантызм і сімвалізм), але і шукаць іх сінтэз у мастацкім выніку творчасці. Ёсць сэнс вярнуцца да паняцця “неарамантызм”. Тут мы маем на ўвазе не столькі храналагічнае акрэсленне пэўнай мастацкай з’явы мінулай гістарычна-літаратурнай эпохі ў новых культуралагічных умовах (у гэтым значенні тэрмін “неарамантызм” традыцыйна выкарыстоўваецца ва ўкраінскім літаратуразнаўстве,— яшчэ Леся Украінка пісала пра “новарамантызм”), колькі выяўленне новых эстэтычных якасцей літаратурнага працэсу, што належыць да больш прынятаго ў літаратуразнаўчай практыцы тэрміну “мадэрнізм”.

Увогуле ж паняцце “мадэрнізм” звычайна распаўсюджваецца на пазнейшыя мастацкія з’явы (сюды, як правіла, адносяцца экспрэсіянізм, футурызм, сюрррэалізм і некаторыя іншыя). Але ў творчай практыцы нацыянальных літаратур, асабліва тых, дзе гістарычна-літаратурны працэс “выстройваецца” непаслядоўа, з пэўнымі прагаламі, ён сінанімічна замяшчае комплекс мастацкіх з’яў, якія падпадаюць пад вызначэнне неарамантычных. Звяртаюць увагу самастойныя, але сэнсава сінанімічныя азначэнні, якія даюць аднатыпным (ці наогул адным і тым жа) з’явам М. Багдановіч і А. Навіна: Багдановіч называе як адзін з мастацкіх кірункаў беларускай літаратуры мадэрнізм, А. Навіна жа піша: неарамантызм.

Універсальны спосаб апісання новых мастацкіх з’яў мяжы стагоддзяў прапануе калектыў аўтараў сучаснага даследавання па літаратуры Маладой Польшчы [6]. Там адзначаецца варыянтнасць тэрміналогіі, якая можа быць прыдатнай для характарыстыкі тагачаснага літаратурнага працэсу. У залежнасці ад сэнсавай дамінанты могуць выкарыстоўвацца, акрамя універсальнага азначэння “Маладая Польшча”, што мае адносіны да самасвядомасці эпохі, таксама светапаглядныя характарыстыкі (мадэрнізм, дэкадэнцтва), уласна мастацтвазнаўчыя (сімвалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм) і гістарычна-літаратурныя, звязаныя з гісторыяй “вяртання” традыцыі (неарамантызм). Такім чынам, у залежнасці ад светапагляднай і мастацкай традыцыі прапануецца выкарыстоўваць тэрміны “мадэрнізм” і “неарамантызм”, напаўняючы іх больш канкрэтным, па-мастацку акрэсленым зместам (сімвалам і інш.). Такі падыход дае магчымвсць “паразумець” купалаўскую традыцыю рамантызму з рысамі сімвалісцкай эстэтыкі ў адзіным уяўленні пра неарамантызм. Да гэтага мастацкага вопыту з перавагай імпрэсіяністычнасці вельмі блізкія К. Буйло і Ясакар (С. Плаўнік, больш вядомы як З. Бядуля).

Істотна ўзбагачае агульную характарыстыку мастацкіх плыняў сваёй эпохі М.Багдановіч. Па-першае, у яго мастацкай эвалюцыі амаль адсутнічае вектар польскіх уплываў і традыцый, вельмі моцны ў творчасуі Янкі Купалы. І значна большая вага надаецца мастацкаму вопыту тагачасных рускіх пісьменнікаў, перадусім В. Брусава, К. Бальмонта (у Янкі Купалы – Л. Андрэева, А. Блока). “Заходні” вектар тагачасных літаратурных уплываў пазначаны ў творчасці М. Багдановіча паэзіяй французскіх сімвалістаў (імпрэсіяністаў), асабліва П. Верлена.

Па-другое, мастацкае асэнсаванне сучасных яму іншанацыянальных літаратурных з’яў адбываецца ў творчасці М.Багдановіча па-за сувяззю з рамантызмам, прыхільнікам якога ён не быў, што пацвярджаецца і яго літаратурна-крытычнымі працамі. Паводле аналізу М. Мушынскага, літаратуразнаўчыя погляды М. Багдановіча адпавядалі метадалогіі і практыцы культурна-гістарычнай школы, якая недаацэньвала рамантычныя “формы адлюстравання” [7].

Такім чынам, увага М. Багдановіча-паэта да т. зв. нерэалістычных плыняў мастацтва (у яго ўласнай паэтычнай творчасці гэта сімвалізм, імпрэсіянізм, акмеізм) магла мець іншую, чым у Янкі Купалы, аснову. Яна была найперш вынікам вынікам рацыянальнай устаноўкі на мастацкі універсалізм, які культываваў Багдановіч сваім “Вянком”. Пэўныя праявы сімвалісцкай эстэтыкі ў яго творчасці спалучаюцца не з класічным рамантызмам, а, хутчэй, з класіцызмам (сваеасаблівай неакласікай, як у позняга В. Брусава), а таксама з антычнай і рэнесанснай эстэтыкай.

З творчай практыкі буйнейшых мастакоў слова Беларусі пачатку ХХ ст., калі выпрацоўваўся класічны фонд нацыянальнай літаратуры, вынікае, што праблема мастацкіх плыняў, вядомых еўрапейскай эстэтыцы, палягае не столькі ў іх недавыяўленасці ці неакрэсленасці, колькі ў нацыянальнай адметнасці формаў іх узаемадзеяння, узаемадапаўнення і нават сінтэзу.

ЛІТАРАТУРА

1. Багдановіч М. Поўн. зб. тв. Мн., 1993. Т. 2. С. 287.
2. Навіна А. Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі. Вільня, 1933. С. 9.
3. Багдановіч М. Поўн. зб. тв. Мн., 1993. Т. 2. С. 500.
4. Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы: Вопыт сучаснага прачытання. Мн., 1994. С. 11.
5. Гл.: Каваленка Вінцук. Вяртанне да Купалы // Літ. і мастацтва. 1993. 22 студз.
6. Гл.: Kulczyka-Saloni J., Maciejewska J., Makowiecki A. Z., Taborski R. M?oda Polska/ Warszawa, 1992.
7. Мушынскі М. І. Навуковая і літаратурна-крытычная спадчына М. Багдановіча // Багдановіч М. Поўн. зб. тв. Мн., 1993. Т. 2. С. 447.

(Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. – Частка 2. – Мінск, 1997. – С. 181— 184)