А. І. Падлужны. ЦЯЖКІЯ ВЫПАДКІ ПРАВАПІСУ Е, Я Ў НЕНАЦІСКНЫХ СКЛАДАХ
Цэтлікі: арфаграфія, чаргаванне галосных
Катэгорыі: Беларуская мова
У “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” адносна напісання літары я гаворыцца “Карэннае я пішацца нязменна...” [1] Гэта правіла лёгка рэалізуецца на пісьме толькі ў тых выпадках, калі шляхам падбору аднакарэнных слоў, або змяненнем слова склад з я можа аказацца пад націскам: дзесяць – дзесяты, цяжкавата – цяжка, вязаць – вяжаш і г. д. Калі ж такая праверка немагчыма, выкананне правіла напісання карэннага я можа зводзіцца проста да запамінання вялікай колькасці слоў (тысяча, яскравы, дзеянне і г. д.), або прымушае звяртацца да этымалогіі. У апошнім выпадку вызначыць напісанне таго або іншага слова не заўсёды ўдаецца адназначна.
У 1977 г. выдавецтвам “Мастацкая літаратура” выдадзена кніга аповесцей і апавяданняў І. Навуменкі “Замяць жоўталісця”. Назва, бясспрэчна, паэтычная, але яна ўражвае тым, што слова замяць напісана з я, хоць ва ўсіх слоўніках (Русско-белорусский словарь, 1982; Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, 1978; Белорусско-русский словарь, 1962) яно пішацца з е – замець.
Чым выкліканы такі разнабой у напісанні і ў якой ступені ён апраўданы? Безумоўна, слова замець славянскага паходжання і таму можа быць і ў іншых славянскіх мовах. У 17-томным слоўніку рускай мовы пададзены два варыянты гэтага слова – заметь і замять. Варыянт замять ілюструецца сказамі з творчасці С. Ясеніна і М. С. Ляскова. У слоўніку польскай мовы падаецца zamie?, аналагічнае па значэнню бел. замець.
Зразумела, што ў рускай мове, калі напісана я, яно ў гэтым слове карэннае, бо ў гэтай мове вядучым з’яўляецца марфалагічны прынцып напісання. І сапраўды, калі звярнуць увагу на тое, што да замяць у тлумачальных слоўніках рускай і беларускай моў пададзены як сінонімы завіруха, мяцеліца, можна заключыць, што гэта слова можа звязвацца з такім гняздом слоў, у якое ўваходзяць сумяціца, сумятня, мяцеж, рус. смута, бел. смутак, рус. выражэнне мятущаяся душа і інш. У прыкладзе з С. Ясеніна ў 17-томным слоўніку рускай мовы Снежная замять дробится и колется, сверху озябшая смотрит луна якраз і прасочваецца значэнне ‘змешваць, круціць, віхурыць’, блізкае да значэння гэтага гнязда генетычна родасных слоў, якія ўзыходзяць да агульнаславянскага м#тити. Варта заўважыць, што “Толковый словарь русского литературного языка” пад рэдакцыяй М. Д. Ушакова як варыянт прыводзіць напісанне мятелица, чым падкрэслівае існаванне ўнутраных сувязей м#тити і гэтага слова.
З прыкладаў Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы вынікае, што значэнне ‘змешваць, круціць, віхурыць’ таксама ўласціва слову замець (На дварэ круціла замець, зямля курылася халодным белым дымам (А. Шашкоў)), хоць спецыяльна і не выдзяляецца.
На што ж тады павінна абапірацца напісанне? Аўтары беларускіх слоўнікаў безумоўна, улічылі не столькі этымалогію слова замець, колькі яго жывыя сувязі ў мове. А яны вядуць да слова месці. Разнабой жа ў напісанні ўзнікае таму, што ўсё ж магчыма шляхам аналізу ўзнавіць і былыя сувязі з м#тити, а найбольш адчувальныя да мовы людзі (у першую чаргу пісьменнікі і паэты) інтуітыўна ўлоўліваюць гэтую сувязь. Такое дваякая разуменне ўнутранай формы слова замець тым больш магчыма, што гта яркі выпадак, калі ўстанавіць галосны кораня шляхам падбору яўна родасных слоў, дзе б гэты галосны аказаўся пад націскам, немагчыма.
У аповесці І. Навуменка, якая дала назву кнізе, ідзе размова аб смуце ў душы героя, і таму аўтар напісаннем у загалоўку замець хацеў падкрэсліць паралелізм з’яў у прыродзе і ў жыцці чалавека. Гэта слова аказалася семантычна моцна нагружаным, і пісьменнік не без падстаў асэнсаваў усю глыбіню яго ўнутраных сувязяў. І іменна ў гэтым плане адступленне ад агульнапрынятага напісання з’яўляецца цалкам апраўданым. Аднак яго нельга разглядаць інакш, як аказіянальнае, ужытае для канкрэтнага выпадку і з канкрэтнай мэтай.
Ухваляючы этымалагічныя і сэнсавыя пошукі пісьменніка, усё ж напісанне замяць нельга рэкамендаваць, як нарматыўнае, бо для большасці носьбітаў мовы яно не з’яўляецца абгрунтаваным з пункту погляду сэнсавых сувязей слоў, якія існуюць у мове на сучасным этапе яе развіцця.
Падобныя цяжкасці ў выбары напісання маглі б узнікнуць і са словам памяць, бо шляхам унутрымоўных супастаўленняў нельга ўстанавіць, ці з’яўляецца ў ім я карэнным. Але, калі ўлічыць, што насавому галоснаму ? польскай мовы рэгулярна адпавядае я ва ўсходнеславянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай, то становіцца відавочным, што напісанне памяць з я адзіна правільнае. Гэта тым больш справядліва, што з якімі-небудзь каранямі з е слова памяць у сучаснай беларускай мове сувязі не мае, як не маюць такіх сувязей тысяча, яскравы і інш. Складаней выбраць варыянт напісання позех або позях, бо сувязі гэтага слова вельмі бедныя: апроч дзеяслова зяхаць, нельга падабраць аднакарэнных слоўі такім чынам праверыць, я ці е з’яўляюцца карэннымі. Прынятае напісанне позех можна абгрунтаваць толькі з пункту погляду этымалогіі. А яна гаворыць за тое, што зяхаць гістарычна ўзыходзіць да таго ж кораня, што і шырока прадстаўлеыя ў славянскіх мовах зеў, зяваць.
Асобую праблему складае напісанне е або я ў коранях досыць вялікага раду дзеясловаў, у якіх у другой асобе множнага ліку націск пераходзіць на канчатак: сасцябнуць – сасцябняце, глядзець – гледзіце, клясці – кленяце, кіпяціць – кіпеціце, бляяць – блеяце, яршыцца – яршыцеся і г. д. Безумоўна, другая асоба множага ліку дзеясловаў не адносіцца да частых у звязнай мове. Аднак яна сустракаецца, і абыходзіць яе напісанне, як гэта робіцца ў некаторых мовазнаўчых даведніках, было б зусім няправільна. Твм больш, што цяжкасці з напісаннем я або е ў корані ў гэтым выпадку прывялі да разнабою, аб чым сведчаць і прыведзеныя прыклады, узятыя са слоўніка беларускай мовы (1987).
Чаму гэтыя цяжкасці ўзнікаюць? Як вядома, большасць правіл беларускай мовы, якія рэгулююць напісанне галосных у корані, абапіраюцца на вымаўленне. Правіла ж аб захаванні карэннага я на пісьме з’яўляецца марфалагічным па сваёй сутнасці. Згодна з правіламі беларускага вымаўлення, вымаўленне галосных пасля мяккіх зычных характарызуецца няпоўным яканнем недысімілятыўнага тыпу. Гэта азначае, што ў няпершым пераднаціскным складзе і ў занаціскных складах захоўваецца вымаўленне [е] на месцы [е], [o] націскных: [з’ел’ен’] – [падз’ел’ан’іць], [б’егац’], [б’еган’іна], [аз’оры] – [воз’ера]. Галосны [a] тут можа захоўвацца толькі ў выпадку, калі ён узыходзіць да этымалагічнага [a]: [п’атачок], [л’аскатан’н’е], [пам’ац’], [зайац], хоць звычайна, згодна з Ф. М. Янкоўскім (“Беларускае літаратурнае вымаўленне”. Мн., 1976. С. 29 – 30), “у іншых пераднаціскных складах е, я пасля мяккіх зычных вымаўляюцца так, як е, у большай ці меньшай меры набліжанае да я.”
Аколькі арфаэпічныя правілы звычайна строга паслядоўныя у адносінах незапазычанай лексікі, напісанні тыпу лямантаваць, ляскатаць, заяц і г. д. Успрымаюцца як не супадаючыя з вымаўленнем. Таму ўжо адно гэта можа выклікаць цяжкасці ў напісанні.
З другога боку, мы прызвычаіліся да напісання некаторых слоў з я, хоць яно і не з’яўляецца карэнным. Напрыклад, відавочна, што ў назоўніку япрук, прыметніку япруковы гістарычны корань той жа, што і ў назоўніку вепр, аднак незалежна ад націску агульнапрынята захаванне на пісьме я. Тое ж можна сказаць і адносна і адносна формы другой асобы множнага ліку дзеяслова яршыць і вытворных ад яго, хоць корань тут несумненна ёрш. На захаванне я ў гэтых выпадках уплывае і той факт, што напісанні тыпу епруковы, епрука ўспрымаюцца як скажэнне графічнага вобліка с слоў.
Напісанне е, я ў форме другой асобы множнага ліку азначанага тыпу дзеясловаўускладняецца наяўнасцю дуплетных форм, гістарычных чаргаванняў націскных галосных, немагчымасцю выяўлення шляхам унутрымоўных супастаўленняў родасных слоў, у якіх галосны з’яўляецца карэнным.
Большасць даведнікаў па мове падаюць напісанне дзеяслова ляскатаць з я. Аднак тыя ж даведнікі засведчылі наяўнасць двух назоўнікаў ляскат і лёскат, у якіх галосны кораня знаходзіцца пад націскам. У Тлумачальным слоўніку беларускай мовы ляскат – “дзеянне паводле дзеяслова ляскаць,а таксама гукі гэтага дзеяння”; лёскат – “дзеянне паводле знач. дзеяслова ляскатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння”. Не спыняючыся на дакладнасці вызначэння семантычных адрозненняў паміж дзеясловамі ляскаць і ляскатаць, відавочна, што корань у іх адзін і той жа. слова. Але які? Як утварылася слова лёскат, калі яно ўсё ж звязана з ляскат? У слоўніку У. Даля знаходзім лескать, ляскать.
Лескать – ‘хлопать бичём, хлестать, бить плашмя по воде’, якое распаўсюджана ў паўднёвых і заходніх зонах рускай мовы. Там жа прыводзяцца і словы лескъ, лескотъ. Такім чынам, лёскат суадносіцца з варыянтам варыянтам лескать, а ляскат – з ляскать. Улічваючы гэта, неабходна прызнаць адначасова правільным напісанне ляскатаць і лескатаць і, магчыма, прыняць пад увагу, што ляскатаць можа семантычна суадносіцца з рус. лязг, што не знайшло дастаткава выразнага адлюстравання ў тлумачальным слоўніку.
У дзеяслове клясці з пункту погляду погляду сучаснай мовы я з’яўляецца карэнным. Паколькі ў формах гэтага назоўніка паяўляецца н, карэнны галосны ўзыходзіць да агульнаславянскага ? насавога, што і гістарычна пацвярджае зыходнасць я. Аднак у беларускай мове ёсць і праклён, вядома абласное кленічы, якія маюць безумоўную сувязь з агульнавядомым праклінаць. У гэтым дзеяслове ненаціскны [і] можа ўзыходзіць толькі да націскнога [е], а не [а], як у парах блеск – блішчэць, свет – світаць, прыветна – прывітаць. З гістарычнага пункту погляду прасочваецца сувязь клясці і праклінаць з кленчыць – ‘станавіцца на калені’ і клянчыць – ‘назойліва выпрошваць’, а таксама заклінаць. Такім чынам, аддаць перавагу аднаму з напісанняў кляняце ці кленяце – зусім не простая справа.
Аналагічныя праблемы ўзнікаюць і пры аналізе напісанняў гледзіце і глядзіце. Побач са словамі з коранем –гляд– ёсць і словы з коранем –глед–. Да першай групы адносяцца, напрыклад, агляд, аглянуць, да другой – агледзіны, агледзець. У большасці выпадкаў, гэта проста фанетычныя варыянты, цалкам супадаючыя па значэнню, якія ўзніклі ў выніку рознамясцовасці націску, параўн.: загледзецца і заглядзецца, разгледзіце і разлядзіце, прыгледзіце і прыглядзіце і г. д. У сувязі з гэтым, відавочна, варта дапусціць два варыянты і для гэтай формы дзеяслова глядзець, хоць ён і не мае варыянта. Гэта азначае, што трэба лічыць правільнымі напісанні глядзіце і гледзіце, углядзіцеся і угледзіцеся. Што датычыць напісанняў галоснага я ў гэтым корані ў занаціскных пазіцыях тыпу выгляд, выглянуць, выглядзець, дык іх трэба разглядаць як традыцыйныя. Такім жа чынам трэба адносіцца і да напісання е ва ўкосных склонах множнага ліку назоўніка глядач: гледача, гледачу, гледачом, гледачы, гледачоў і г. д.
Аналіз прыведзеных прыкладаў сведчыць, што ў большасці выпадкаў з каранямі дзеясловаў устанавіць, ці з’яўляецца я карэным, справа цяжкая. Разнабой у напісанні тут непазбежны, бо ён падтрымліваецца не толькі няпоўнай яснасцю гістарычных суадносін, але і фанетычнымі прычынамі, якія псіхалагічна падштурхоўваюць да напісання той, абоіншай літары. Да таго ж, з-за рэдкасці форм другой асобы множнага ліку ў тэксце, той хто піша, не заўсёды здольны сканцэнтраваць на іх дастаткавую ўвагу. Зразумела, што ў далейшым трэба думаць, як правілы аб напісанні е, я зрабіць больш дакладнымі і зручнымі для карыстання. Гэта тым больш неабходна, што тут разгледжаны тлькі некаторыя цяжкія выпадкі, хоць ёсць і шматлікія іншыя.
(Беларуская лінгвістыка, 1988. Вып. 33. С. 71 – 74)
Чцв, 20 студзеня 2011
Беларуская мова