Рыч В. ЗВЕСТКІ ПРА БЕЛАРУСЬ У ІСЛАНДСКІХ САГАХ

Пят, 4 лютага 2011

Замежная літаратура

Цэтлікі: летапісы, Полацк, сагі

Катэгорыі: Замежная літаратура

На важнасць ісландскіх сагаў для вывучэння ранняй гісторыі зямель, якія сёння называюцца Беларусь і Украіна, упершню звярнуў увагу беларускі вучоны Язэп-Юліян Сянкоўскі ў 1834 г. Гэты выдатны, талентавіты чалавек, акрамя ўсяго іншага , быў заснавальнікам “Библиотеки для чтения” – першага “тоўстага” літаратурнага ячасопіса ў Расійскай імперыі. Самы першы нумар “Библиотеки...” змяшчаў пераклад на рускую мову Сагі пра Эймунда Грынгсана, а таксама артыкул самога Сянкоўскага, прысвечаны сагам, як крыніцам па ранняй гісторыі Русі. Скандынаўскія вучоныя палічылі артыкул Сянкоўскага настолькі важным, што ён быў перакладзены на дацкую мову і апублікаваны ў “Annalen for Nordisk oldkjundighed og historie” (“Аналы Паўночнай старажытнасці і гісторыі”). Ён таксама паслужыў штуршком для Ц. Рафна ў напісанні працы “Старажытныя Русы” – зборы ўсіх матэрыялаў паводле сагаў, якія маюць дачыненне да славянскіх зямель і народаў, з паралельным перакладам на лацінскую мову і каментарыямі па-французску. І, вядома ж, гэта выклікала вялікую плынь “нарманістычных” даследаванняў этнічных каранёў князёў Русі.
Бадай, з самага пачатку трэба адзначыць, што ў сагах фактычна не сказана нічога канкрэтнага пра паходжанне князёў Русі. Некаторыя вучоныя – асабліва рускі эмігрант Бяляеў – спрабавалі ідэнтыфікаваць Рурыка з Гродрыкам Ютландскім, а Рагвалода Полацкага з Ронгвальдам, які знікае з гісторыі Поўначы у сярэдзіне Х ст. – прыкладна ў той час, калі ў адпаведнасці з летапісамі Русі, Рагвалод прыяжджае ў Полацк. Але такое атаясамліванне вельмі няпэўнае. Што да Рагвалода, дык галоўны аргумент Бяляева грунтуецца на факце, што нарвежскі Ронгвальд быў чараўніком, а нашчадак Рагвалода Усяслаў Полацкі таксама меў рэпутацыю чарадзея. З гэтага Бяляеў робіць выснову, што ў родзе князёў полацкіх была традыцыя чарадзейства, нягледзячы на тое, што ні скандынаўскія, ні славянскія крыніцы не даюць гэтаму доказаў у наступных пакаленнях, наадварот, хронікі сведчаць што дачка Рагвалода Рагнеда ўрэшце пайшла ў манастыр, а свайго сына Ізяслава называла “прававерным”. Я вельмі моцна сумняваюся, што такія спробы атаясаміць Рагвалода з канкрэтным Ронгвальдам маюць падставы, бо імя Ронгвальд было надзвычай пашыранае, асабліва ў Нарвегіі і Оркніі, адкуль яно перайшло ў шатландскую, а пасля ў англійскую і амерыканскую анамастычную традыцыю ў варыянце Рональд. Старанарвежскае значэнне гэтага імя – “богападобны валадар”, а Рогнэйтр (старанарвежскі варыянт імені Рагнеда) азначае “прыгожая быццам багіня”. Мне, безумоўна, вядома, што многія беларускія вучоныя аддаюць перавагу этымалогіі імя Рагвалода ад славянскіх каранёў “рог” і “валод”, і я не збіраюся з гэтым спрачацца. Але я хацела б адзначыць, што да гэтага часу ніводзін з тых, хто адстойвае славянскае паходжанне імя Рагвалод не знайшоў ніякой прыймальнай славянскай этымалогіі для імя Рагнеда.
Але давайце лепш звернемся да таго, што гавораць сагі, замест таго, каб весці гаворку, пра што яны не кажуць. Сагі, варта адзначыць, – гэта празаічныя творы, напісаныя па-ісландску ў канцы ХІІ – пачатку ХІІІ ст. Яны ахопліваюць шырокае кола тэм – свецкую гісторыю, жыцці святых, гісторыю славутных родаў Ісландыі – і часам чыста літаратурныя сюжэты, так званыя ілжывыя сагі, якія, як казалі тагачасныя ісландцы, былі найцікавейшыя. Зрэшты, элементы літаратурнасці былі абавязковыя, бо сагі пісаліся для таго, каб іх чыталі ўголас доўгімі зімовымі вечарамі для забавы і адпачынку, а ў Ісландыі ў сярэдзіне зімы цёмна 22 гадзіны ў суткі з 24! Гісторыі, апісаныя ў сагах, адбываліся за два стагоддзі і больш ад часу напісання. Таму няма нічога дзіўнага, што ў іх ёсць элементы выдумкі і іншасказання.
Напрыклад, мы маем дзве версіі апісання Торнвальда Кандрасона – адна ў Хрысцінсазе (сага пра хрысціанізацыю Ісландыі) і ў “найдаўжэйшай” Сазе пра святога Олафа. Абедзве ўтрымліваюць вершы, і я сумняваюся, што Бранд быў прафесійным паэтам, але пісанне вершаў было адной з васьмі або дзевяці традыцыйных навук скандынаўскага арыстакрата. Бранд расказвае нам, што ў час сваіх падарожжаў ён наведаў месца, якое называецца Драфн або Дропн (у двух варыянтах па-рознаму), дзе Торнвальду, сыну Кодрана, “Хрыстос дараваў спакой”, і дзе цела Кодрана пахавалі ў царкве Яна Хрысціцеля. Празаічная Хрысцінсага расказвае нам, як Торнвальд, які адыграў галоўную ролю ў падзеях, што прывялі да хрысціянізацыі Ісландыі, у годзе “М” (г. зн. у 1000), адправіўся ў паломніцтва ў Іерусалім, а на шляху назад памёр і быў пахаваны ў месцы Драфн, якое “побач з Палтэскіяй”. Палтэскія – гэта, несумненна, Полацк: скандынавы мелі вялікія цяжкасці з перадачай славянскіх назваў.
Версія Сагі святога Олафа значна больш дакладная. Калі з Хрысцінсагі вынікае, што Торнвальд проста праходзіў праз Полацк, то Сага святога Олафа сведчыць: “Царква Яна Хрысціцеля” – манастыр, які Торнвальд заснаваў на свае сродкі і дзе ён пасьля смерці быў абвешчаны святым заснавальнікам. Два варыянты не дужа супярэчаць адзін аднаму, але тым не меньш на адрозненні варта глянуць больш уважліва.
Не дзіва, што ў абедзьвюх версіях прыведзены верш Бранда. Старанардычная паэзія засноўвалася на вельмі складанай сістэме алітэрацый, рыфмаў, паўрыфмаў, так што напісаны аднойчы верш было практычна немагчыма змяніць так, каб гэтыя змены не сталі адразу відавочнымі. Так што, як адзначаў найвялікшы сагапісальнік Сноры Стурласон, вершы, напісаныя ў гонар каралёў або князёў, даюць вельмі важныя гістарычныя звесткі, і хоць гэта справа аўтара – ухваляць або ганіць князя, гаварыць абсалютную праўду, ці не, – вершы пераходзілі да наступных пакаленняў нязменнымі. Вершаваныя цытаты ў сагах сталі традыцыяй – нават адносна слабыя, накшталт Брандавага верша.
Але вернемся да Сянкоўскага. Няма нічога дзіўнага, што для друку ў “Библиотеке для чтения” ён выбраў менавіта Сагу пра Эймунда. Бо нават тыя вучоныя, якія ўпэўнена называюць Сянкоўскага вучоным рускім або польскім, вымушаны прызнаць, што ён быў сынам маці-напаўбеларускі і беларуса бацькі, а княства Полацкая вельмі часта фігуруе ў тэксце гэтай сагі.
Калі сказаць коратка, сюжэт сагі наступны. Эймунд, сын Грынга, з нарвежскай шляхты, воляй лёсу адпраўляецца на пошукі шчасця за мора. Пачуўшы, што “кароль Вальдэмар” з краю “Гардарыкі” (г. зн. Русі) памёр і што яго сыны змагаюцца за ўладу, Эймунд з дружынай нарвежскіхі ісландскіх вояў пайшоў у Гардарыкі і стаў на службу князю “Ярызлайфу” – Яраславу Мудраму. Яны ўзялі ўдзел у вайне супраць яго брата “Бурызлайфа” – гэтае імя па шэрагу прычын нардычныя крыніцы ўжываюць не толькі ў дачыненн і да Баляслава Харобрага Польскага, але і да яго зяця Святаполка. Эймунд і яго дружына праследавалі і забілі Бурызлайфа. (Летапісы Русі, нагадаем, пакідаюць смерць Святаполка загадкавай, надаючы ёй рысы “гневу Гасподняга”, – цалкам зразумелая самацэнзура з боку летапісца). Яраслаў тым не меньш не змог заплаціць сваім скандынаўскім памагатым (здаецца, яму хранічна не хапала грошаў да сярэдзіны 1030-х гадоў, але гэта ўжо іншая, таксама звязаная з сагамі гісторыя). У выніку Эймунд змяніў свае сімпатыі на карысць Яраслававага “брата” – а фактычна пляменніка – Брачыслава Полацкага, чыё імя аўтар сагі падае як “Вартылаф”. Паміж гэтымі князямі пачынаецца вайна, але ўрэшце яна вырашаецца пры ўдзеле шведскай жонкі Яраслава, Інгігерд, якая адыграла вялікую ролю ў мірных перамовах. Гардарыкі падзяліліся на тры часткі паміж Ярызлайфам, Вартылайфам і Эймундам, прычым Эймунд стаў валадаром Полацка. З пункту гледжання славянскіх крыніц, гэта не можа быць праўдай: ні адзін летапіс не фіксуе ніводнага полацкага князя па імені Эймунд. Аднак зусім невялікая змена знакаў прыпынку ў ісландскім тэксце прыводзіць сагу ў адпаведнасць з летапісам: Яраслаў займае Ноўгарад і Кіеў, а Брачыслаў – Полацк. З другога боку, Эймунд сапраўды нейкі час заставаўся ў Полацку, але не як князь, а як кіраўнік Брачыслававага войска, таму пасля вяртання на Поўнач пра яго гаварылі як пра “кіраўніка” ў Полацку. Зрэшты, паказальна, што сага падкрэслівае: Эймунд у хуткім часе памёр, не пакінуўшы сына – г. зн. ягонае “праўленне”, як бы мы яго не інтэрпрэтавалі, не дало новай дынастыі.
Але пошук ўсіх тлумачэнняў сведчыць, што, па нашым меркаванні, сага ўвогуле засноўваецца на праўдзе. Доля гэтай праўды – тэма для навуковых дыскусій. Тыя, хто імкнецца мінімізаваць праўдзівасць асобных месцаў сагі, спасылаюцца на фальклорныя матывы. Але нават калі мы бачым пэўныя фальклорныя паралелі, гэта яшчэ не значыць, што фальклор паўплываў на тэкст, а не наадварот – што герой карыстаўся фальклорнай традыцыяй. Возьмем сучасны прыклад: мы не ведаем, наколькі праўдзівая гісторыя пра Траянскага каня. Тым не меньш Гамерава апісанне каня – драўляной фігуры, у якой мог схавацца чалавек, натхніла адну з класічных “уцякацкіх” гісторый Другой сусветнай вайны – брытанскія ваеннапалонныя выкарыстоўвалі гімнастычнага “каня”, каб схаваць падкоп з лагера.
Другі аргумент супраць праўдзівасці Сагі пра Эймунда Грынгсана – той факт, што іншы Эймунд, Эймунд Олафсан, фігуруе ў іншай сазе (Сага пра Інгвара Вандроўніка). У ёй два скандынавы, Інгвар і Эймунд, наведваюць двор Яраслава і Інгігерд і ідуць далей на ўсход, у цяперашнюю Расію, дзе ім сустракаюцца ўсякага роду дзівосы – амазонкі, казачныя жывёлы, горад абнесены дзіўнай сцяной з чыстага белага мармуру. Такія вучоныя, як Герман Палсан (шэсць гадоў таму ён апублікаваў англійскі пераклад абедзьвях сагаў у адным зборніку) даводзяць, што абедзве гісторыі, па сутнасці, з’яўляюцца варыянтамі адной тэмы. А паколькі версія пра Інгвара і Эймунда Олафсана –чыстая літаратура, дык і Сага пра Эймунда Грынгсана павінна быць выдуманай.
Але я не магу пагадзіцца з гэтым абсалютна. Ісландцы да сённяшняга дня застаюцца адзінай нацыяй у Еўропе, якая не мае афіцыйных прозвішчаў. Яны добра ведалі і ведаюць сваю генеалогію. Недакладнасці, якія часам сустракаюцца ў сагах, можна вытлумачыць, засноўваючыся на іншых крыніцах. Як бачым, Сага пра Эймунда робіць Вартылайфа Полацкага сынам, а не ўнукам Вальдэмара Кіеўскага. Але гэта асаблівы выпадак – бацька Брачыслава хутка памёр, а ён сам браў удзел у барацьбе за ўладу са сваімі дзядзькамі. (Можна параўнаць, да прыкладу, пачатак Кнігі Макавеяў, дзе гаворка ідзе пра “сыноў” Аляксандра Вялікага, якія развалілі імперыю, хоць у сапраўднасці той пакінуў толькі адно ненароджанае дзіця, загубілі каралеўства яго генералы.)
Старажытныя скандынавы добра ведалі “б’ярманцаў”, не раз ваявалі з імі (Б’ярма – басейн Паўночнай Дзвіны). Гэта быў дзікі край – зусім не “каралеўства гарадоў”. Яны былі вельмі зацікаўленыя ў паўднёвых і ўсходніх землях, якія адкрывалі шлях у Азію па Волзе і Каспію. Але гэта быў для іх нязнаны свет, terra incognita, дзе, прынамсі ва ўяўленні падарожнікаў, можна было сустрэць усе віды цудаў. І Полацк, або Палтэскію з Хрысцінсагі, можна параўнаць з Ёркам у Англіі, які пад назвай Ёрвіка быў цесна звязаны з скандынаўскай прыгодніцкай традыцыяй і пэўны час знаходзіўся пад уладай скандынаваў. І сёння ўсё гэта дае не толькі матэрыял для сур’ёзных навуковых даследаванняў, але таксама прываблівае турыстаў.

(Беларусь паміж Усходам і Захадам.— Ч. ІІ.— Мінск, 1997.— С. 171— 175)

-10764"> Michael Says:

Алексей Юрьевич!

Поздравляю с открытием сайта. Теперь буду периодически заходить и на него.