КІПЕЛЬ З. БЕЛАРУСКАЯ ПЕРАКЛАДНАЯ ЛІТАРАТУРА XV – XVI СТСТ. ЯК МОСТ ПАМІЖ УСХОДАМ І ЗАХАДАМ

Няд, 24 ліпня 2011

Беларуская літаратура

Цэтлікі: перакладная літаратура, Рэнесанс, Сярэднявеччы

Катэгорыі: Беларуская літаратура

(Беларусь паміж Усходам і Захадам. – Ч. 2. – Мінск, 1997. – С. 175— 181)

Важнасьць беларускай перакладной літаратуры XV – XVI стст. Велізарная ў агульным літаратурным працэсе ўсходняга славянства. На вялікі жаль, перакладной літаратуры таго перыяду пакідалася мала мейсца ў літаратурных досьледах ХІХ ст. Тым больш роля беларускай літаратуры альбо зусім ігнаравалася, альбо была гэтак замаскаваная заблытанай тэрміналйгіяй (“северо-западная”, “юго-западная”, “літоўска-руская”, “польска-руская”, найчасьцей – “руская” і толькі зрэдку з’яўлялася беларускае “наречие” ), што літаратураведы проста абыходзілі гэтае пытаньне, ці, у лепшым выпадку, успаміналі мімаходзь.
Дазвольце тут зрабіць невялікую зацемку, што да тэрміну “рускі”, які ўвёў найбольш канфузу ў беларускай гісторыі ды літаратуры, у XV – XVI стст. У Маскоўшчыне пісьмовая літаратуная мова ніколі не называлася “рускай” – гэты тэрмін стасаваўся да літаратуры беларускай і ўкраінскай.
У пачатку ХХ ст., калі беларускія навукоўцы пачалі цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры як цэласьцяй – перакладной літаратуры пэрыяду XV – XVI стст. аддалася належная вартасьць. Аднак уплыў яе на разьвіццё іншых усходнеславянскіх літаратураў яшчэ і да цяпер мала падкрэсьліваецца.
Росквіт беларускай літаратуры XV – пачатку XVI стст., калі выявілася зацікаўленьне сьвецкай тэматыкай, быў безумоўна пад уплывам заходне-эўрапейскай культуры, праз пасярэдніцтва заходне-славянскай. Уплыў Захаду й заходняга Рэнесансу ў Беларусі выявіўся пераважна ў тым, што заквітнела літаратура на роднай мове – лаціна і царкоўна-славяншчына ўступіла месца беларускай мове. У заходніх славянаў – чэхаў і палякаў, гэты працэс пачаўся раней: у XV ст. – у Чэхіі, а хутка затым і ў Польшчы пачала разьвівацца літаратура на нацыянальных мовах, што неўзабаве паўплывала і на Беларусь. Як трапна заўважыў праф. М. Янчук у сваёй кнізе “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” (Мн.,1922) “Блізкае суседства з Польшчай, апрача пэўных нявыгадаў, мела і дадатныя рэзультаты для Беларусі. Польшча, якая знаходзілася ў вельмі блізкіх і цесных зносінах з Захадамяшчэ ў тойчас, калі ўсходняя славяншчына баялася яго як чумы, пачала вельмі рана пераймаць заходнюю культуру і асьвету... яна сталася пасярэднікам паміж намі й Захадам”.
Беларуская літаратура, у сваю чаргу, сталася мастом, пасярэднікам паміж Захадам і Расіяй.
У XV ст. у Маскоўшчыне знаёмства з заходне-славянскай літаратурай яшчэ блізу не існавала. У XVІ ст. яна лічылася “иностранной”, але паступова, праз пасрэдніцтва беларускай перакладной літаратуры, уплывы заходнія дасягаюць і маскоўскай кніжнасьці і чытача.
Беларуская перакладная літаратура XV – XVI стст. была багатай і тэматычна разнастайнай – пакрывала амаль усе літаратурныя жанры: была і рэлігійная і псэўда-рэлігійная— як апокрыфы і жыцця сьвятых, геаграфічна-апісальная і гістарычная, і навукова-папулярная ды, што найцікавей, літаратура для займальнага чытаньня – навэлы, рыцарскія раманы, зборы апавяданьняў рознага зьместу. Усё гэта, зазумела, не магло не імпанаваць кніжнікам у Расіі. Перакладалася гэтая літаратура пераважна беларусаміці людзьмі беларускага паходжаньня, што жылі ў Расіі. На пачатку XVІІ ст. у Маскве нават сфармавалася свайго роду карпарацыя беларусаў і ўкраінцаў, якія галоўным чынам перакладалі ўсялякія афіцыйныя дакументы, аднак рабілі і літаратурныя пераклады.
Шляхамі, якімі заходне-эўрапейская літаратура ішла ў Беларусь дв зь Беларусі далей на Усход, і якія сьведчаць пра шырыню і плённасьць беларускіх літаратурных дачыненьняў з іншымі літаратурамі, былі наступныя:
1. Праз Польшчу, як ужо зазначалася вышэй;
2. Праз Чэхію – непасрэдна альбо праз пасрэдніцтва Польшчы;
3. Праз пасрэдніцтва паўдзённых славянаў, перадусім сэрбаў;
4. Праз гэбрайскую літаратуру.
Нярэдка тыя ці іншыя творы прыходзілі да нас зь некалькіх крыніцаў, а часам нават цяжка з пэўнасьць сказаць адкуль.
Я пастараюся коратка разглядзець творы беларускай перакладной літаратуры, якія такімі шляхамі прыйшлі да нас з Захаду, засяроджваючыся толькі на тых, што ў сваю чаргу перайшлі ад нас у Расію.
1. Непасрэдна з Польшчы да нас прыйшлі: “Хроніка ўсяго сьвету” Марціна Бельскага. Упершню яна зьявілася на польскай мове ў 1554 г. У 1654 г. Выйшла новае выданьне, зь якога і быў зроблены беларускі пераклад недзе паміж 1564 – 1572 гг. Расійскі пераклад Хронікі быў зроблены зь беларускага ў 1584 г. Між іншым, з гэтай хронікі ўсходнія славяне даведаліся і пра Амэрыку. Важна таксама заўважыць, што Хроніка Бельскага праз Беларусь трапіла ў Сэрбію.
У 1582 г. зьявілася другая гістарычная кніга – “Хроніка Польская, Літоўская і Жамойцкая” Мацея Стрыйкоўскага, якая пакрывала землі Кіеўскія і Маскоўскія. Была яна таксама перакладзена зь беларускай мовы на расійскую.
“Жыцці Святых” (“?ywoty ?wi?tych”) Пётры Скаргі ўпершню былі надрукаваныя ў Вільні ў 1579 г. Кніга была вельмі папулярная ў Беларусі – было некалькі перакладных сьпіскаў XV і XVIІ стст. Праз беларускія пераклады дайшлі да Расіі ў XVIІ ст.
“Гісторыя пра Атылу, караля Вугорскага” (“Vita Attilae”) мадзярскага гуманіста Гікалая Олага (Nicolas Olahus) – твлр рэнесанснай літаратуры на лацінскай мове. У 1574 г. перакладзены Цыпрыянам Базылікам на польскую мову і надукаваны ў К ракаве. Беларускі пераклад быў ведамы ў рукапісе 1580 г., а пазьней ведамы і ў Маскоўшчыне.
“Вялікае Зерцала” (“Spectrum Magnum”) уключае апавяданьні на розныя тэмы, пераважна дыдактычнага характару. На працягу стагоддзяў апавяданьні дадаваліся, і да XVІ ст. колькасьць іх вырасла да 2000. Лацінскі арыгінал гэтага зборніку быў выдазены ў 1488 г. у Нідэрляндах. У 1677 г. перакладзены з польскага рукапіснага тэксту на расійскую мову выхадцам з Беларусі.
“Мукі Хрыстовы” (“Passio Christi”) і “Аповесьць аб трох Каралях” у Беларусі былі перакладзеныя ў XV альбо пачатку XVІ ст. з польскіх рукапісаў, якія ў сваю чаргу зьяўляліся перакладам лацінскіх тэкстаў, шырока распаўсюджаных на Захадзе. “Мукі Хрыстовы” былі ў XVІІ – XVІІІ стст. ведамыя і вельмі папулярныя ў Расіі (некаторыя выданні друкаваліся ў Супрасьлі ў патаемных друкарнях старавераў).
“Траянская гісторыя” – рамана-сэрбскія паданьні пра Траянскую вайну, што адлюстроўвалі распаўсюджаны сюжэт, былі ведамыя ў Беларусі ў XV ст.
Найбольшую ж папулярнасьць, аднак, набыла ў нас перакладзеная ў канцы XV – пачатку XVІ ст. з лацінскай XVІовы праз пасрэдніцтва польскай, як найчасьцей уважаецца, а можа і чэскай “Гісторыя Траянскай вайны” (“Historia destrucionis Troiae”) сіцылійца Гвіда дэ Калумна (Guido de Columna). Антычны сюжэт гэтага твору меньш выразны – гэта ўжо больш рыцарскі раман. Кнігі гэтыя перайшлі ад нас у Расію, бо ўпамінаюцца ўжо ў 1537 г., а ў пачатку XVІІІ ст. былі надрукаваныя ў Маскве – гэта была адна з першых друкаваных гражданкай кнігаў Пятроўскай пары.
Між іншым, варта зазначыць, што “Траянская хроніка” Гвіда дэ Калумна была першай друкаванай кнігай на чэскай мове (1468), таму чэскае пасрэдніцтва тут зусім магчымае, але яшчэ з пэўнасьцю не дасьледаванае.
Адной з самых цікавых і шырока распаўсюджаных кнігаў зьяўляецца “Александрыя”. У беларускай навуцы яна добра дасьледаваная і апісаная праф. У Анічэнкам, і я доўга ня буду на ёй затрымоўвацца. Але трэба зазначыць, што “Александрыя” прыходзіла ў Беларусь двума шляхамі. Найперш , у XV ст. праз Сэрбію – так званая сэрбская “Александрыя” і пазьней праз польскі перклад лацінскай вэрсіі (Historia de Proeliis). Было некалькі польскіх друкаваных выданьняў (1550, 1611, 1701 і пазьнейшыя). Праўдападобна, што беларускія пераклады паўсталі з выданьня 1550 г., аднак аўтар беларускага перакладу карыстаўся і другімі матэр’яламі, бо рабіў некаторыя дабаўленьні, ці часам скароты. Ад нас гэтая вэрсія ў XVІІ ст дайшла да Расіі. Тэксты сэрбскай “Александрыі” былі ведамыя у Расіі з канца XV ст. Можна меркаваць, што і яны дайшлі да Расіі праз беларускае пасрэдніцтва.
2. З Чэхіі літаратурныя ўплывы на Усход ішлі двума шляхамі: адзін – вакольным шляхам праз Польшчу, а другі непасрэдна ў Беларусь, а тады ўжо ў Расію. Трэба зазначыць, што польская мова таго часу была вельмі падобнай а чэскай, і беларускі перакладчык мог свабодна карыстацца абодвума тэкстамі.
Першым этапам непасрэнага ўспрыманьня пісьменных тэкстаў у Беларусі быў XV і пачатак XVІ ст. Дагэтага пэрыяду адносяцца “Таўдаль” і “Аляксей, чалавек Божы”.
“Кнігу пра Таўдаля рыцара” (“Viso Tundali”), перкладзеную ў XVІ ст. з лацінскага арыгіналу, важна адзначыць, хоць і сумнеўна, ці папала яна ад нас у Маскоўшчыну. Адны аўтары прыпушчаюць, што так, але другія сьцвярджаюць, што “Таўдаль” у Расію не дайшоў. Пра гэты твор хочацца ўспомніць з другой прычыны, а менавіта таму, што ён у чэскім арыгінале не захаваўся, як на жаль загінуў у пажары Другой сусьветнай вайны ў Варшаве і адзіны ведамы беларускі рукапіс, што ніколі ня быў цалкам выдадзены. Вось жа масты, якімі праходзяць творы з адной мовы ў другую, з адной краіны ў другую, бываюць часам канчальна спаленыя.
“Аляксей, чалавек Божы” (уключаны ў “Legenda Aurea Jacobi a Voragine”) – гэта легэнда, перакладзеная з лацінскага арыгіналу ХІІІ – XІV стст.: ведамая ў чэскіх рукапісных зборніках XІV – XV стст. У Беларусь прыйшла ў XV – XVІ стст. (некаторыя аўтары прыпушчаюць, што нават непасрэдна з лацінскіх тэкстаў), а ад нас у Маскоўшчыну, дзе была пазьней вельмі папулярная.
“Сказ аб Сыбільлі Прарочыцы” (“Oraccula Sibillina”) – апавяданьне аб прароцтвах Сыбільлі пра прыход Хрыста і інш. Апавяданьні, з лацінскага арыгіналу на ў XV ст. перакладзенае на чэскую мову, а з чэскай у XV ст. на беларускую. Захаваліся два чэскія спіскі, але наш, беларускі, хоць і вельмі блізкі, але не зусім супадае зь імі. Дзеля гэтага ёсьць меркаваньне, што быў яшчэ нейкі тэкст, магчыма і прамежкавы польскі, якім карыстаўся наш перакладчык. Сыбільлі былі вельмі папулярныя ў Расіі ў XVІІ ст. У 1673 г. зьявілася “Книга о Сивиллах” Мікалая Спафарыя.
“Рымскія Дзеі” (“Gesta Romanorum”) – збор апавяданьняў ХІІІ ст. з рымскай гісторыі (сярод іх – Апалён Тырскі).
Да зборніку з гадамі дадаваліся розныя іншыя апавяданьні, і колькасьць іх узрастала. У XV ст. зборнік быў перакладзены на чэскую мову, а ў XVІ – на польскую. Польскі пераклад захаваў толькі 39 апавяданьняў. Расійскае выданьне 1681 г. праз пасрэдніцтва беларускага было кампіляцыяй польскага выданьня 1663 г. , якое не захавалася, як не захаваўся і беларускі пасярэднік. Захаваўся, аднак, іншы еларускі тэкст перакладу “Рымскіх Дзеяў”, які ў 1688 г. рыхтаваўся да друку ў Магілёве, але быў надрукаваны амаль праз сто гадоў пасьля, у 1877 – 1878 гг. у Пецярбургу, і ведамы ў літаратуры як “рускі пераклад з беларусіцызмамі”.
“Апалён Тырскі” (“Historia Apollonii Tyri”), як ужо гаварылася вышэй, быў часткай “Рымскіх Дзеяў” (173 разьдзел у лацінскім зборніку). Гэтая сярэднявяковая перапрацоўка грэцкага апавяданьня, нягледзячы на антычны сюжэт, належыць да літаратуры рэнэсансу. У Беларсь прыйшла праз чэскі пераклад, а ад нас – у Расію.
3. З твораў, якія дайшлі праз сэрбскае пасрэдніцтва, важна адзначыць перадусім аповесьць пра Баву “Гісторыя аб княжаці Гвідоне” (Bovo d’Antona). Першпачаткавая крыніца – італьянскі рыцарскі раман, што ў XVІ ст. дайшоў да Беларусі . Сэрбская вэрсія не захавалася. Ад нас раман перакінўся ў Расію. У XVІІ ст. у расійскай вэрсіі ўключаюцца фальклёрныя, лубачныя элемэнты з рускіх народных казак. У XVІІІ ст. ён быў надрукаваны і стаў адным з самых папулярных твораз у Расіі.
“Гісторыя Варлаама і Іаасафа” (“Barlam et Iosaphat”) мае доўгую і заблытаную гэнеалёгію. Арыгінал аповесьці ўсходні – пэрсідскі ці індускі. Былі ведамыя грэцкія і лацінскія вэрсіі. Да нас “Гісторыя” дайшла праз паўднёваславянскае пасрэдніцтва, дзе была ведама ўжо ў XІV ст. Рукапісныя сьпісы, асобныя прытчы, урыўкі былі ведамыя ў нас рана, але шырокае распаўсюджаньне аповесьць набыла толькі ў XVІІ ст., калі “Гісторыя” інтэрпрэтуецца як легэнда, нанава перакладзеная з дапамогай лацінскіх тэкстаў. Беларускі пераклад быў надрукаваны ў Куцейне ў 1637 г., а праз сорак зь лішкам гадоў у 1681 г. – у Маскве, у рэдакцыі Сімяона Полацкага, які карыстаўся куцейненскім тэкстам. Сьледам за нашым выданьнем Сімяон падзяліў аповесьць на разьдзелы і ўказаў зьмест кожнага зь іх (гэта ёсьць і ў лацінскіх тэкстах, але няма ў ранейшых сэрбскіх і славянскіх рукапісах).
Успамінаючы пра Сімяона Полацкага, творчасьць якога ў Беларусі, дарэчы, выдатна дасьледаваная Лолай Званаровай, важна таксама зазначыць, што Барока ў яго чысьцейшай форме было прынесенае ў Расію ў XVІІ ст. якраз Сімяонам Полацкім.
4. Нарэшце, чацвёртым шляхам, праз габрэйскае пасрэдніцтва, да нас дайшлі творы астранамічныя, астралягічныя, філязофскія. Кнігі гэтыя праз Беларусь і Ноўгарад былі перанесеныя і ў Маскоўшчыну, дзе набылі бірку “жыдоўствуюшчых” і былі забароненія царкоўнымі ўладамі, як кнігі “отреченные”. Нягледзячы, аднак, на забароны, яны былі даволі папулярныя. Праўда, у Маскве яны не перакладаліся, а толькі перапісваліся.
Найважнейшая тут была “Тайна Тайнаў” (“Secreta Secretorum”), твор псэда-арыстотэлеў, нібыта напісаны ім для Аляксандра Вялікага. Першапачаткова – арабскі філязофскі твор, які трактаваў характэрныя асаблівасьці чалавека. У ХІІІ ст. быў перакладзены на лацінскую мову. Буў ведамы ў XV ст. і ў чэскім перакладзе. Беларускі тэкст перакладзены з гэбрайскага арыгіналу, з дадаткавым матэр’ялам з твораз філёзафа Майманіда, арабскага лекара ІХ – Х стст. Алразі ды грэцкага лекара Галена (ІІ ст.); у наш тэкст уключаныя і мэдычныя і дыетычныя парады. З прыемнасьцю, але разам з тым і з жалем, зазначаю, што гэты – адзіны з усіх успомненых у нашым аглядзе рукапісны твор, які знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Астатнія ж рукапісы раскіданыя на ўсе бакі сьвету.
“Шастакрыл” – кіга астранамічнага характару, табліца месяцаў, разьдзеленая на шэсць частак-крылаў. Першапачаткава разьлічаная для ўстанаўленьня Вялікадня, пазьней ужывалася як кніга для варажбы. Аўтар яе, Імануэл-Бэн-Якаб,— італьянскі гэбрай. Наш пераклад, праўдападобна, быў зроблены з гэбрайскага, боў тэксьце шмат гэбраізмаў.
“Логіка” Майманіда-Аль-Газалі з гэбрайска-арабскага арыгіналу ў XVІ ст. была перакладзеная на беларускую мову. Пры гэтым у тэкст уводзілася шмат нэалягізмаў, каб ператлумачыць чытачу ацягненыя, абстрактныя філязофскія паняцьці.
Шмат яшчэ твораў можна было б уключыць у гэты разгляд. Але яабмежавалася найбольш характэрнымі, якія ад нас дайшлі ў Маскоўшчыну, ды найменьш спрэчнымі, бо няварта нам ісьці па сьлядох неаб’ектыўных дасьледчыкаў і дапускаць новыя канфузы і кантравэрсіі. Нам важна засыгналізаваць сваё ды вывучаці і адстойваць яго, бо нашая перакладная літаратура настолькі багатая і разнастайная, што змагла заняць прагрэсыўную ролю ў пераходзе адной культуры ў другую, быць мастом паміж Захадам і Усходам.
На вялікі жаль (выбааце за такія, можа, банальныя метафары) , нашая перакладная літаратура сапраўды стала “мастом”, праз які хадзілі туды-сюды, пераносілі з аднаго мейсца ў другое. Ды многае заставалася на адным ці другім баку маста, вельмі часта гублялася пры пераносе,— а на масьце нічога не засталося.
Прыйшоў час вярнуць нам нашу літаратурную спадчыну, у тым ліку і перакладную, на цьвёрдую беларускую глебу ў поўным складзе.