Ф. Вячорка. ЗАМКНЁНЫЯ ГРУПЫ НАЗВАЎ КЛАСІЧНАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ
Цэтлікі: замкнёныя групы словаў, літаратурная мова
Катэгорыі: Беларуская мова
Роднае слова— 2003.— № 12.— С. 52--56
Беларуская мова— каштоўны сацыяльна-культурны скарб нацыі, нацыянальная мова беларускага народа. Мова— прыкмета, па якой мяркуюць пра ўзровень культуры чалавека, яго iнтэлект, жаданні i захапленні. Маўленне— учынак, які можа стаць падставай для пахвалы ці асуджэння; гэта не толькі спосаб абмену думкамі, але i форма ўздзеяння на свядомасць людзей, што можа выклікаць розную рэакцыю і эмоцыі. Таму важна ў час маўлення важна захоўваць і арфаграфічныя, і лексічныя, i граматычныя нормы. А гэта магчыма пры ўмове, калі людзі будуць свядома разумець, як лепш гаварыць i піcаць у кожнай жыццёвай сітуацыі.
Беларуская мова— вельмі асаблівая і разнастайная, багатая на лексічны запас. За час свайго існавання яна шмат чаго страціла і шмат чаго набыла. За гады савецкай улады ў XX стагоддзі наша мова шмат згубіла з свае адметнасці і самабытнасці. Гэта адбылося з-за спробы набліжэння моў рэспублік да рускай. Знішчэнне адбывалася паступова, усё пачалося са стварэння «адзінага лексічнага фонду грамадска-палітычнай тэрміналогіі» з мэтай паказаць «адзінства савецкага народа», а значыць уся лексіка павінна быць падобная. Спрадвечна беларускія словы вынішчалі, не шкадуючы, замяняючы іх пры гэтым на рускія. Напрыклад (23, с. 118): слова «падлік» мянялі на «учёт», слова «супраць» адпаведна «проціў». Пасля савецкага «рэдагавання» мовы яна ператварылася ў своеасаблівую «трасянку», дзе адно слова беларускае, а іншае— якое-небудзь калькаванае з рускай мовы, ці проста адтуль перанесенае без змен. Гэтую «папраўленую лексіку» замацоўвалі ў слоўніках. Такімі слоўнікамі былі слоўнікі 30-ых гадоў, «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (1977—1984), а таксама двухтомавы «Беларуска-рускі слоўнік» (1988—1989). Лексічны запас беларускай мовы пасля гэтай працэдуры папоўніўся такімі адзінкамі (23, с. 118): аддзелаць, адтаргаць, безагаворачна, безрэзультатны, брусчатка, бумажнік, быстра, водпаведзь, вузы, вызаў, вырасціць (дзяцей), граза, гразіць, дварэц, запрос, паступак, пустыр, пусцяк, рабяты, рызіна, распалагацца, саветнік, самадзельны, саставіць, стакан. А на старонцы 290 другога тома «Беларуска-рускага слоўніка» чытаем: «Проціў: праставіць адзнакі проціў прозвішчаў— проставить отметки против фамилий; Хто проціў?— кто против?». У «Тлумачальным слоўніку» 1996-а года выдання шмат што зменена і вернута, але на 155 старонцы цудоўны прыклад савецкай спадчыны: «Граза. Тое, што наводзіць страх. Партызаны білі гразой нямецкіх захопнікаў». Як слушна заўважыў доктар філалагічных навук, прафесар Гарадзенскага універсітэта Павел Сцяцко: «беларускія словы заганяліся ў цёмны закутак рознымі стылістычнымі паметамі» (23, с. 118). Вельмі негатыўна рэагавалі на гэта беларускія пісьменнікі. Максім Танк у 1977 годзе занатаваў: «Узяўся гартаць слоўнікі. Бясконцая і бяздумная запазычанасць чужых слоў, як у нас, не можа не пагражаць дэградацыяй самой мове» (32).
Трэба абавязкова ўзгадаць людзей, якія ўсё жыццё паклалі на вывучэнне самабытнай лексікі беларускай мовы і яе замацаванне. У першую чаргу гэта быў Вацлаў Ластоўскі, беларускі гісторык, мовазнавец, пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч. Сталенне В. Ластоўскага як даследчыка прыпала на часы ўздыму беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку 20 ст. Ён быў адным з ідэолагаў нацыянальнага рамантызму— ідэйнай плыні беларускага адраджэння, якая выразна выявілася ў мастацкай і навуковай творчасці К. Каганца, Я. Купалы, М. Багдановіча, З. Бядулі, Я. Станкевіча, Я. Драздовіча. У мовазнаўстве нацыянальны рамантызм зазначыўся праявамі моўнага пурызму— імкнення захаваць нацыянальную індывідуальнасць беларускай мовы, надаць ёй кірунак развіцця, мабілізаваць у моватворчасці ўласнабеларускія моўныя рэсурсы.
Аб'ектам сталых зацікаўленняў Вацлава Ластоўскага былі замкнёныя лексічныя групы: беларускі паганскі пантэон, назвы дзён тыдня, бакоў свету, пальцаў, шахматных фігур. Даследуючы паходжанне беларусаў па матэрыяле мовы, анамастыкі (раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны), духоўнай і матэрыяльнай культуры, менавіта Ластоўскі размежаваў значэнні сінонімаў ведаць— знаць, цяпер— зараз, усякі— усялякі. Плёнам яго шматгадовай працы па вывучэнні лексікі беларускай мовы можна лічыць выданне ў Коўне ў 1924 годзе «Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка» (30). Мы звяртаемся да перавыдання гэтага слоўніка (1991).
Назвы месяцаў.
Разгледзім тыя самыя замкнёныя лексічныя групы слоў: назвы месяцаў года і дзён тыдня, пальцаў рук, а таксама шахматных фігур. Як вядома, змены ў любой мове непазбежныя, але ж захаваць лексічны падмурак можна. Гэта рабіў Ластоўскі ў дачыненні да такіх груп.
Месяцы ў розныя часы народ называў па-рознаму. Пісьменнікі і паэты падбіралі свае назвы. Такім чынам атрымалася, што паводле слоўніка Ластоўскага дванаццаты месяц года завецца сьнежнем, а Скарына выкарыстоўваў дзве назвы декаврий (так і пісаў у сваіх кнігах) і назву славянскую просинець. У беларускай мове XVI стагоддзя вельмі часта выкарыстоўваліся лацінскія назвы. Мы ж з вамі выкарыстоўваем толькі першы варыянт— снежань, паколькі вельмі проста растлумачыць: паходзіць ад слова снег, снежны. У «Беларуска-расійскім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча гэты месяц таксама завецца сьнежнем. Калі звярнуцца да заходнееўрапейскіх моў, то мы не сустрэнем народных назваў месяцаў, паколькі яны ўсе утвораныя ад лацінскіх: па-італьянску— dicembre, па-французску— decembre, па-нямецку— dezember. Затое ўжо ў паўднёваславянскай харвацкай мове— просінац. Prosinec і па-чэску. Яшчэ на ўсход: і па-польску— grudzie?, а па-ўкраінску— грудень. Па-беларуску ж— сьнежань.
Пра назву першага месяца года Ластоўскі пісаў так: ...студзень— першы месяц у годзе, а больш згодна было-бы з духам нашай мовы сьцюдзень. І праўда: паходзіць ад слова сцюдзіць або сцюжа. Скарына ж студзень называў генуарем і стычнем (менавіта так студзень называецца цяпер у палякаў).
А вось у пятага месяца года назва не адна і абедзве можна патлумачыць: (Ласт.) «...пяты месяц у годзе; травень, май. Май, такжа назова зелені, асабліва лісьцястых дрэў. Наламай маю. Маіць, умаіць хату, прыбраць зеленьню». Хаця бывалі і выпадкі, што Вацлаў Ластоўскі ўжываў слова ярэц (31), як абазначэнне гэтага месяца, паколькі слова май ужываецца ў польскай і рускай мове, а Ластоўскі імкнуўся да моўнага пурызму.
Назва месяца верасень гучыць таксама па-рознаму. У Скарыны гэта септеврий, ці па-старабеларуску— вресень ці врешень. Па-ўкраінску— вересень, у Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усходнеславянскія формы з поўнагалоссем з'явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресень— запазычанае слова з польскай wrzesien (ад назвы расліны верас), але ж існуюць і думкі, што вересень выводзіцца прама ад назвы расліны верес. Неверагодная версія І. Дабрадомава (35), які звязвае славянскае versьnь з дзеясловам, падобным на рускае верещать.
Тлумачэнні назвы месяца кастрычніка таксама розныя. Скарына заўсёды пісаў октяврий, але быў упэўнены, што менавіта гэты месяц павінен называцца таксама лістопадам, а не наступны, але ж гістарычна назва гэтага месяца цесна звязана з іншай назвай 10-га месяца ва ўсходніх славян— паздерник, у некаторых беларускіх крыніцах так і даецца паздзернік. Апошняе з'яўляецца запазычаннем з польскай мовы— pa?dziernik (21, т. 4, с. 297-298). Польскае слова, таксама сербскае і харвацкае дыялектнае паздерник, відавочна, з'яўляюцца вытворнымі ад pazderьje «адходы ільну, які апрацоўваецца восенню». Дзіўна, што назвы гэтага месяца ў чэскай (??jen) і ўкраінскай мове (жовтень) зусім не падобныя на беларускія. Уплывы ж польскай мовы на беларускую былі значнымі і праяўляліся не толькі ў прамым запазычанні, а і ў калькаванні. Такой калькай можна лічыць беларускае кастрычнік (кастрыца; слав. kostrica), што калькуе паланізм паздзернік.
Назвы пальцаў рук.
Таксама вельмі цікава прааналізаваць назвы пальцаў рук, інакш кажучы, іх «імёны». Як вядома, пальцаў пяць, а значыць і пяць назваў: (Ласт.) вялікі або пянцюх; спаказны; сярэдні; пярсьцяк, які паводле слоўніка Станкевіча гучыць як пярсьцец; мезенік або мезяны. На нагах: вялікі або ступель і чатыры малыя пялюхі. А ў кнізе «Анатамічныя назвы», якая была выдадзеная Інстытутам беларускае культуры на 2 гады пазней, чым «Расійска-крыўскі слоўнік», можна ўбачыць скарэктаваныя назвы Ластоўскага: (Смол.) адзінец, паказальнік, сярэднік, персьцянец, мезены палец. Відавочна, што назвы не змянілі свой сэнс, а толькі набылі форму назоўніка. У выдадзеным у канцы ?? стагоддзя слоўніку доктара Станкевіча апошні палец даецца як мйзінец.
Па-лацінску вялікі палец гучыць pollex, -icis. Менавіта гэтае слова з'яўляецца роднасным беларускаму палец. А па-чэску пянцюх так і называецца palec, па-сербскахарвацку palac. Сярэдні палец ёсць сярэдні ва ўсіх славянскіх мовах, і па-лацінску— digitus medius, гэтаксама як паказальны. Напрыклад: па-руску— указательный, а ў сербаў— кажипрст (прст перакладаецца як палец, інакш кажучы— палец, які паказвае). Гэтая назва з'яўляецца роднаснай лац. index, што абазначае паказчык або напрамак. Пярсцяк розныя народы называюць па-рознаму: у рускіх— безымянный (лац.: Digitus annullaris), у сербаў або харватаў— гэта домали (знаходзіцца да малога, перад малым). Самы малы палец па-беларуску завецца мезеным, па-ўкраінску— мізинець, па-руску— мизинец, па-сербска-харвацку— мали, па-чэску— маl??ek, па-лацінску— digitus minimus.
Назвы шахматных фігур.
Цяпер звернемся да класічнай групы назваў шахматных фігураў. Варыянт, які прапануецца ў «Тлумачальным слоўніку», цалкам скалькаваны з рускай мовы. Вацлаў Ластоўскі паспрабаваў даць свае варыянты: пешка— ніжнік, офицер— вышнік, лошадь— конь, царица— краля, царь— кароль. Разгледзім назву кожнай фігуры паасобку.
Самая простая фігура ў шахматах— ніжнік. Назва вельмі трапная. Гэта пешая частка войска, якая выходзіць наперад і стаіць знізу, наперадзе войска. Таму і ніжнік.
Вышнік— фігура, якая стаіць паміж канём і каралём з краляй. Вышнікам Вацлаў Ластоўскі называў таксама ў картах Караля. Магчыма, ён скарыстаў гэтую назву для абазначэння вайсковага звання ў шахматах. Як было сказана раней, ён стараўся захаваць індывідуальнасць беларускай мовы, прытрымліваўся моўнага пурызму. Існуе яшчэ адзін варыянт назвы гэтай фігуры— вершнік. Вершнік стаіць каля каня, конны воін. Паколькі ў кожнай мове свая назва прывілеяванага ваеннага звання, то ў беларускай гэта хутчэй за ўсё вершнік.
Шмат назваў у фігуры, якая стаіць па левую руку ад караля. Самая распаўсюджаная— каралева, ці княгіня, ці краля. Так лічаць, паколькі гэтая фігура формы кароны ці мае галаўны ўбор, знешне падобны на карону. Кароны носяць заўсёды ці то каралі, ці то каралевы. Але што робіць каралева на полі бою? Складана растлумачыць. Можа яна і дапамагае кіраваць войскамі каралю, але ж гэтым павінна займацца іншая асоба— гетман, а значыць і фігура павінна мець назоў гетман.
А цяпер разгледзім фігуру, пра якую В. Ластоўскі у сваім слоўніку змаўчаў. Па-руску гэтая фігура называецца ладья, але ж па-нямецку— turm, па-літоўску— bok?tas, па-сербску— топ, па-харвацку— кула, па-польску— wie?a (ва ўсіх выпадках перакладаецца як вежа). Фігура не мае пэўнага, адзінага назову. Невядома, якой формы была гэтая фігура ў Індыі, але відаць, іх рабілі рознымі: там, дзе быў добры флот— яна выглядала як карабель; у краінах, дзе сярэднявечныя замкі служылі абаронай ад ворага, рабілі гэтую фігуру формай вежы. Для Беларусі, мне здаецца, назва ладдзя, якая даецца ў Тлумачальным слоўніку (1996), зусім не падыходзіць, паколькі ў нашай краіне няма флоту, у нас і выхаду да мора няма. А вось назва вежа ў самы раз. У нас жа краіна рыцараў і замкаў, а значыць, гэта павінна адпаведна адлюстроўвацца і на назвах прадметаў.
Назвы дзён тыдня.
Відаць, не ўсе ведаюць, што Ластоўскі працаваў і над беларускімі назвамі дзён тыдня. Разбярэм назву кожнага дня і параўнаем іх з назвамі іншых індаеўрапейскіх моў.
Дні тыдня | Англійская | Лацінская | Нямецкая | Чэская | Польская | (Ласт.) |
Панядзелак | Monday | Dies Lunae | Montag | Pond?l? | Poniedzialek | МЕСІЧ |
Аўторак | Tuesday | Dies Martis | Dienstag | ?ter? | Wtorek | ЯРЭЦ |
Серада | Wednesday | Dies Mercurii | Mittwoch | St?eda | ?roda | РАДАЎНІК |
Чацвер | Thursday | Dies Iovis | Donnerstag | ?tvrtek | Czwartek | ПЯРУНЕЦ |
Пятніца | Friday | Dies Veneris | Freitag | P?tek | Pi?tek | ГРАМНІЦА |
Субота | Saturday | Dies Saturni | Sonnabend | Sobota | Sobota | ЛАДЗІЧ |
Нядзеля | Sunday | Dominica | Sonntag | Ned?le | Niedziela | СОЎНІК |
Нагадаем, што першымі склалі каляндар з днямі тыдня вавіланяне. Кожны дзень атрымаў назву аднаго з вавілонскіх цудатворцаў: Ninurta, Marduk, Nergal, Shamash, Ishtar, Nebo і Sin. Бліжэй за ўсё да гістарычнага варыянту лацінская мова, дзе дні атрымалі назвы планет, якія сімвалізуюць багоў.
Панядзелак. Англійскае Monday утворана ад слоў moon (месяц) і day (дзень), інакш кажучы дзень месяца. Параўнаем з лацінскім Dies Lunae — гэта таксама абазначае дзень месяца. Таму Ластоўскі і назваў яго месіч. Сімвал жа месяц у агульнаіндаеўрапейскай міфалогіі носіць багіня, якую рымляне звалі Diana.
Аўторак. Звернемся да варыянту Ластоўскага ярэц, відаць, у гонар паганскага бога Ярылы. Лацінская назва аўторка Dies Martis (dies - дзень, Martis — Марс)— дзень Марса. Паводле язычніцкай міфалогіі сімвалам бога Ярылы з'яўляецца зорка Марс, а таму і такая адпаведнасць варыянту Ластоўскага да назвы гэтага месяца ў лацінскай мове. Многія лічаць, што англійская назва гэтага дня Tuesday утвораная ад слоў другі дзень, другі дзень тыдня. На самай справе Tuesday утварылася ад старажытнагерманскага Tiwesdaeg, якая паступова ператварылася ў тое слова, якое мы чуем цяпер. Германскія багі Tyr ці Tiw адпавядаюць Марсу, богу вайны, што пацвярджае лацінская назва.
Серада. У розных мовах яе назва гучыць па-рознаму, у некаторых яна названая як дзень, які стаіць пасярод тыдня, у некаторых як дзень паганскага бога Радзігоста і яго сімвала— зоркі Меркурыя. Варыянт, прапанаваны В. Ластоўскім— Радаўнік, параўнай лацінскую назву Dies Mercurii (бог— Mercurius).
Чацвер. Дзень герм. бога Тора, уладара маланак. Па-беларуску дзень Перуна. Назва Ластоўскага— пярунец, у гонар паганскага бога Перуна-Грамавіка, сімвал якога - зорка Юпітэр. У індаеўрапейскай міфалогіі Пярун-Грамавік вядомы як гр. ????, лац. Jupiter (родны склон — Jovi), ад чаго і пайшлі такія раманскія назвы чацвярга: Jeudi (фр.), Giovedi (іт.), Jueves (ісп.); ад герм. Thor пайшла Thursday.
Пятніца. Варыянт Ластоўскага— грамніца, у гонар багіні Грамавіцы. Па-лацінску— Dies Veneris, а зорка Венера і птушка зязюля з'яўляюцца сімваламі Грамавіцы. Ды не толькі ў лацінскай мове гэты дзень названы ў гонар гэтай паганскай багіні: Viernes (ісп.), Vendredi (фр.), Venerdi (іт.). Англійская назва Friday утвораная таксама ад багіні Venus-Freya.
Субота. Ластоўскі даў ёй назву ладзіч, ад бога Ладона. Яго сімвал— зорка Сатурн, таму і па-лацінску— Saturni Dies. У габрэйскай мове, дзе дні тыдня проста пранумараваныя, субота мае сваю назву— Шаббат (Sabbath). Па-арабску— as-Sabt. У сучаснай грэцкай мове так і засталося— Sabbath (Savvato). Цяпер жа ў мовах індаеўрапейскай сям'і выкарыстоўваецца або назва дзень Сатурна (Saturni Dies), або назва Sabbath (Sabbatum or Sabbati dies). Ад апошняга і паходзіць слова субота.
А дзень нядзеля асаблівы тым, што ў розных мовах ён розны дзень па ліку ў тыдні. Трэба нагадаць, што некаторыя мовы выкарыстоўваюць лічбы як назвы дзён. У габрэйскай, грэцкай, ісландскай, партугальскай і арабскай дні пранумараваныя пачынаючы з нядзелі, як і было ў старажытным Вавілоне. Але ў рускай, беларускай, польскай, чэскай, баўгарскай і кітайскай адлік пачынаецца з панядзелка. Навукоўцы пакуль не могуць патлумачыць такое несупадзенне, за выключэннем таго, што гэта «гістарычная памылка» (25). Ластоўскі прытрымліваўся першага варыянту. Прааналізуем назву нядзелі, прапанаваную В. Ластоўскім— соўнік. Вельмі прыемная на слых, кароткая і дакладная. Дакладная таму, што дзень нядзеля заўсёды быў днём сонца, па-англійску захавалася— Sunday (sun - сонца, day - дзень), а корань у слове соўнік і з'яўляецца коранем слова сонца: соўнік - соўнейка, сонца. Калі прыйшло хрысціянства, то гэты дзень індаеўрапейскія народы пачалі называць Dominica (і падобныя), што абазначае: дзень пана, дзень уладара. Інакш кажучы, дзень Бога.
Такім чынам, падвядзем рысу пад аналізам замкнёных груп назваў класічнай літаратурнай мовы. Выдатны мовазнаўца Вацлаў Ластоўскі ствараў лексіку, або перапрацоўваў існуючую. Ён яе ствараў паводле народных назоваў, даваў назовы паводле паганскай міфалогіі, як гэта было ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Можна вылучыць дзве групы назваў прадметаў: спрадвечныя і неспрадвечныя. Спрадвечныя — гэта словы, якія існавалі заўсёды. Напрыклад: ногі, рукі, пальцы, дрэвы, зямля, звяры, коні, месяцы. А неспрадвечныя, гэта, напрыклад, дэталі кампутара, шахматныя фігуры, медыцынскія прылады і іншае. У гэтым выпадку складана знайсці спрадвечную назву, таму Ластоўскі калькаваў замежную.
Франак Вячорка
Умоўныя абазначэнні.
(Ласт.)— матэрыял са слоўніка Ластоўскага.
(Смол.)— матэрыял са слоўніка Смоліча.
Выкарыстаная літаратура.
- Аракин В., Выгодская З., Ильина Н. Англо-русский словарь. М., 1992.
- Байкоў М., Некрашэвіч С. Беларуска-расійскі слоўнік. Мн., 1925.
- Булыка А. Слоўнік іншамоўных слоў. Мн., 1983.
- Winniczuk L. Ma?y s?ownik polsko-?acinski. W-wa., 1995.
- Gintere H., ?iezens A., Karpova K., Marauska L., ?ukovs L. Krievu-latvie?u v?rdn?ca skol?m. R?g?, 1984.
- Иванович С., Петранович И... Русско-сербскохорватский словарь. М., 1976.
- Kelley L. Ross. The Days of the Week // http://friesian.com/week.htm
- Лабынцаў Ю. Скарынаўскі каляндар. Мн., 1988.
- Ластоўскі В. Расійска-крыўскі (Беларускі) слоўнік. Коўна, 1924.
- Ластоўскі В. Творы. Мюнхен, 1956.
- Лепешаў І. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Мн., 1981.
- Лепинг А. Русско-немецкий словарь. М., 1975.
- Лемхенас Х. Русско-литовский словарь (Rus?-Lietavi? kalb? ?odynas). 1949.
- Манаенкова А. Словарь русских говоров Белоруссии. Мн., 1989.
- pr. Mirowicz А. S?ownik rosyjsko-polski. М.— В-ва, 1967.
- Митронова И., Синицина Г., Липкес Г. S?ownik kieszonkowy polsko-rosyjski i rosyjsko-polski. M., 1973.
- Некрашэвіч C., Байкоў М. Расійска-беларускі слоўнік. Мн., 1928.
- Насовіч І. Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983.
- ?roufkov? M., Plesk? R., Vencovsk? M. Rusko-?esk?, ?esko-rusk? slovn?k. Praha, 1988.
- Др.Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. NY.
- ?he students and faculty of Anglo-Saxon at The University of Georgia. THE FOUR GODS OF THE WEEK // Matheliende. 1995.
- Суднік М., Крыўко М. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1996.
- Сцяцко П. Праблемы нормы, культуры мовы. Гр., 1998.
- Толстой И. Сербскохорватско-русский словарь. М., 1976.
- The only Weekly Word-origin Webzine. Melanie & Mike say... October 10, 2000.
- Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. т. 1-3. 1987.
- Чириков А. Словарь русско-итальянский, итальяно-русский разговорный язык. М., 1989.
- Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: Акадэмія навук БССР (Беларусі). т. 1 (Мн., 1978), т. 2 (Мн., 1980), т. 3 (Мн., 1985), т. 4 (Мн., 1988), т. 5 (Мн., 1989), т. 7 (Мн., 1991), т. 8 (Мн., 1993).
- Академия наук СССР, институт русского языка. Этимологический словарь славянских языков. М., 1983.
- Вячорка В., Шупа С. Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 287-289.
- Беларускі кнігазбор. Вацлаў Ластоўскі— выбраныя творы. Мн., 1997.
- Дзённікі // Полымя. 1997. No.6 с.161.
- Інстытут беларускае культуры (медычная секцыя). NOMINA ANATOMICA ALBORUTHENICA. Мн., 1926.
- Навукова-рэдакцыйны савет выдавецтва «Советская энциклопедия», інстытут мовазнаўства АН СССР // «Лингвистический энциклопедический словарь», Масква— 1990.
- РР, 1967, No.5, 57.
- «Рядянська школа» // «Русско-украинский словарь для средней школы», Кіеў— 1962.
Пнд, 15 жніўня 2011
Беларуская мова