Акушэвіч А. А. БІБЛЕЙСКІЯ ЦЫТАТЫ Ў ПРАДМОВАХ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ ДА ПЯЦІКНІЖЖА МАЙСЕЯ

Суб, 20 жніўня 2011

Беларуская літаратура

Цэтлікі: Біблія, прадмовы, Францыск Скарына

Катэгорыі: Беларуская літаратура

Сборник работ 66-й научной конфкренции  студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. - С. 167 – 170)

Францыск Скарына – адна з цэнтральных асоб эпохі Адраджэння. Творчасць Францыска Скарыны здаецца глыбока вывучанай, але некаторыя пытанні даследаваны недастаткова, у прыватнасці, праблема біблейскіх цытат у прадмовах Францыска Скарыны да кніг Бібліі. У дадзеным артыкуле мы разглядаем прадмовы Францыска Скарыны да Пяцікніжжа Майсея, якое было выдадзена ў Празе ў 1519 годзе.

Е.Б.Рагачэўская выдзяляе наступныя моманты, якія неабходныя для характарыстыкі цытаты: 1) свядомае разуменне цытаты як «чужога» тэксту ў «сваім» аўтарам і рэцыпіентам; 2) дакладнасць/недакладнасць цытаты; 3) змяненне семантыкі тэксту, які цытуюць; 4) функцыі цытаты; 5) месца цытаты ў радзе семіятычных адзінак. Далей Е.Б. Рагачэўская прапануе: «паколькі агульнапрынятай дэфініцыі цытаты не існуе, карыстацца лаканічным рабочым азначэннем – «чужы тэкст у сваім» [1, с.16]. Зыходячы з такога азначэння і прымаючы неабходнасць свядомага разумення цытаты як «чужога» тэксту ў «сваім» аўтарам і рэцыпіентам, мы можам трактаваць паняцце цытаты шырэй, што і неабходна зрабіць у дачыненні да прадмоў Францыска Скарыны.

Ф.Н.Двіняцін у якасці асноўных структурных характарыстык біблейскай цытаты разглядае: 1) маркіраванасць; 2) крыніца; 3) аб’ём; 4) матываванасць у традыцыі; 5) выключнасць; 6) кампазіцыйныя асаблівасці ўключэння цытаты ў тэкст; 7) уласна стылістычныя асаблівасці ўзаемадзеяння цытаты і кантэксту. Далей Ф.Н.Двіняцін гаворыць аб вылучэнні трох функцыянальных тыпаў біблейскай цытаты (дакладней, аб трох функцыянальных тыпах выкарыстання біблейскага тэксту, бо «толькі адзін з іх можа быць прызнаны цытаваннем у поўным сэнсе»): 1) выключна цытата (двойчы цытата); 2) сюжэтастваральны пераказ; 3) немаркіраваная цытата. Ф.Н. Двіняцін заўважае, што некато-рыя цытаты не ўкладаюцца ў гэту класіфікацыю [2, с.83–85; 3, с.8–9].

Пры вывучэнні цытацыі ў прадмовах Францыска Скарыны да Пяцікніжжа Майсея для нас была важная класіфікацыя Ф.Н. Двіняціна. У дачыненні цытат ў прадмовах да Пяцікніжжа Майсея істотнае месца займаюць глосы, якія паказваюць месца цытаты, выконваюць ролю бібліяграфічнай спасылкі. Глосы пазначаюць і «рэдуцыраваныя» цытаты, г. зн. фрагменты біблейскага тэксту. Гэта яшчэ раз даказвае магчымасць шырокай трактоўкі паняцця цытата ў дачыненні да творчасці Францыска Скарыны. Размяшчэнне цытат у прадмовах Францыска Скарыны залежыць ад структуры прадмовы.

На аснове аналізу прадмоў да Пяцікніжжа Майсея можна вызначыць наступную структуру прадмовы: 1) пачатак, тлумачэнне назвы кнігі; 2) пераказ-змест асноўных сюжэтаў; 3) духоўнае тлумачэнне кнігі. Не ўсе часткі могуць прысутнічаць (могуць прысутнічаць не ў поўнай меры), можа змяняцца парадак іх размяшчэння. Напрыклад, у «Прадмове да кнігі «Лічбы» з духоўнага тлумачэння кнігі прысутнічае фактычна адзін радок, але ў канцы Ф.Скарына гаворыць: «Что пак тое духовне знаменуется для краткости на сеі час опущаем» [5, с.460].

Такім чынам, у першай частцы (пачатак, тлумачэнне назвы кнігі) Ф. Скарына транслітаруе пачатак кнігі на яўрэйскай мове, згодна з якім і называецца кніга па-яўрэйску: («еже от еврей называются Гелесмот» [5, с.194]) («Вот имена сынов…» [Зых.1:1]). Гэты тып цытат мы будзем называць цытата-«транслітэрацыя».

У другой частцы прадмовы ідзе пераказ-змест асноўных сюжэтаў дадзенай кнігі. Часам Ф. Скарына выкарыстоўвае папярэднія кнігі, каб прасачыць адзінства Пяцікніжжа і ўбачыць яго змест. Аўтар раскрывае не ўсе сюжэты, але неабходныя, на яго думку, для разумення кнігі. Пачынаецца другая частка такімі словамі: «Во первыхъ книгахъ своихъ пишеть пророк Господень Моисей» [5, с.17], «Пишеть же в сих книгахъ Моисей…» [5, с.194], «Въ сихъ четвертых книгахъ рекомыхъ Числа пи-шет Моисей Законодавець яко…» [5, с.454], у прадмове да Другога зако-ну пераказу-зместу як такога няма.

Названыя вышэй выразы можна лічыць маркерамі да ўсіх цытат другой часткі прадмовы, якія ў пераважнай большасці трэба адносіць да функцыянльнага тыпу сюжэтастваральны пераказ. Цытаты ў другой частцы складаюць цытатны блок, у якім выкладзены асноўны, на думку аўтара, змест кнігі. Пры стварэнні цытатнага блока аўтар рэдуцыруе біблейскія цытаты да кароткіх выразаў ці нават асобных слоў, камплікуе іх, але чытач заўсёды бачыць, адкуль узяты тэкст, бачыць яго дачыненне да Бібліі. Часам аўтар ужывае выключна цытаты (пералік дзесяці запаведзяў). Францыск Скарына можа звяртацца да папярэдніх кніг Пяцікніжжа Майсея і ўключаць іх у пераказ-змест асноўных сюжэтаў.

Такое ўключэнне цалкам апраўдана, бо дазваляе ўбачыць сувязь усіх кніг Пяцікніжжа і лепш зразумець сюжэт кнігі, да якой напісана прадмова. Ролю маркеру і бібліяграфічнай спасылкі выконваюць глосы. Для ілюстрацыі прапануем наступны фрагмент тэксту: «Яко Господь Богъ сотворилъ небо и землю, и вся еже суть в нихъ, Адама праотца нашего и Еву матерь по образу своему и подобию» [5, с.17]. Заканчваецца другая частка прадмовы словамі: «А тако во кратце положено о чемъ во первыхъ книгахъ своихъ Моисей пишеть» [5, с.19], «А тако имате во кратце пописаны Жертвы разноличныи еже приношаху сынове Ізраилевы во храме Божиемъ» [5, с.17], «А тако имате вократце пописаны вси станы сынов Ізраилевых от земли египетское даже до Іордана» [5, с.460]. Заканчэнне другой часткі можа быць не пазначана, тады пачатак трэцяй часткі гаворыць аб заканчэнні другой.

У трэцяй частцы аўтар тлумачыць духоўны змест кнігі, пэўныя сімвалы, паказвае як Новы Запавет прадвызначаецца ў Старым Запавеце, прыводзіць Біблейскія цытаты і каментарыі, дае цытаты з іншых аўтараў. Трэцяя частка можа пачынацца словамі: «Духовне пакъ сее разумеючи, премногия тайны веры Христовы в сих вторыхъ книгахъ Моисеевыхъ знайдемы» [5, с.197], «Сее пак духовне разумеючи…» [5, с.350]. Пачатак можа не пазначацца. Другая і трэцяя часткі могуць перакрыжоўвацца (прадмова да кнігі Левіт). Трэцяя частка можа апускацца (прадмова да кнігі Лічбы). Заканчэнне трэцяй часткі звычайна не пазначаецца.

У трэцяй частцы мы сустракаем выключныя цытаты, сюжэтастваральны пераказ і немаркіраваныя цытаты. Выключныя цытаты могуць быць у межах аднаго ці некалькіх біблейскіх вершаў. Выключныя цытаты маркіраваныя словамі аўтара («Апостолу Павлу пишущу», «Яко пишеть Евангелистъ глаголя», «пророку глаголющу» і інш.) і/ці глосамі. Прыклад маркіраванай цытаты: «Апостолу Павлу пишущу Нехощуж васъ неведети братия яко отци наши вси подъ облаком беша И вси сквозе море проидоша И вси у Моисея крестишеся Во облаце и въ мори» (На палях глоса: «1 Кар.10 зач 143») [5, с.199; 1Кор.10:1–2].

Цытаты, якія мы адносім да сюжэтастваральнага пераказу, у трэцяй частцы як маркіраваныя глосамі, так і не маркіраваныя. Мэта сюжэтастваральнага пераказу ў трэцяй частцы адрозніваецца ад сюжэтастваральнага пераказу ў другой. У другой частцы аўтар выкладае у першую чаргу змест, а ў трэцяй – сюжэтастваральны пераказ адсылае да пэўных месцаў біблейскага тэксту, якія тлумачацца ці якімі тлумачыцца духоўны змест кнігі (ствараюцца паралелі паміж Старым і Новым Запаветам, тлумачыцца пэўны сімвал, сюжэт). Прапануем ілюстрацыю сюжэтастваральнага пераказу ў трэцяй частцы: «Постъ Моисеевъ четыредесят дней и четыредесят нощей на горе Синай, Постъ Христовъ знаменовалъ» (На палях глоса: «Маф 4») [5, с.200; Зых.34:28; Мф.4:2, Мар.1:13, Лук.4:2].

Сустракаюцца прыклады немаркіраваных цытат: «Отца и Сына, и Святаго духа в серци всякаго доброго хрестиана знаменовала» [5, с.200; Мф. 28:19]. Ф. Скарына ў прадмовах да Пяцікніжжа Майсея цытуе: тую кнігу, да якой напісана прадмова, іншыя кнігі Пяцікніжжа Майсея, Евангелле, пасланні Апостала Паўла, кнігі прарокаў, Псалтыр, кнігу Тавіт, Парапаліменон, Кнігу Царстваў. Пры тлумачэнні духоўнага сэнсу Бібліі Францыск Скарына звяртаецца ў першую чаргу да Пяцікніжжа Майсея, Евангелля, пасланняў Апостала Паўла. Праз актыўнае цытаванне Бібліі і выкарыстанне розных яе частак Францыск Скарына паказвае змест і значэнне адной пэўнай кнігі, сувязь усіх кніг Бібліі і адзінства Бібліі, паказвае знаменні Новага Запавету ў Старым Запавеце, тлумачыць духоўны сэнс Бібліі. Можна вызначыць наступныя функцыі біблейскіх цытат у прадмовах да Пяцікніжжа Майсея: аўтарытарная, арнаментальная, субстытутыўная, стылеўтваральная, тэкстастваральная, ілюстратыўная і функцыя адсылкі да пэўнага месца. Глосы ў прадмовах Францыска Скарыны да Пяцікніжжа Майсея выступаюць як адзінка зместу, паказальнік сюжэтаў і бібліяграфічная спасылка.

Такім чынам, у прадмовах да Пяцікніжжа Майсея Францыск Скарына выкарыстоўвае розныя тыпы цытат; ужыванне якіх залежыць ад структуры прадмовы. Францыск Скарына у прадмовах да Пяцікніжжа Майсея цытуе як Стары, так і Новы Запавет; глосы ў прадмовах выступаюць як адзінка зместу, паказальнік сюжэтаў і бібліяграфічная спасылка.

Літаратура

1.  Рогачевская Е. Б. О некоторых особенностях средневековой цитации (на мате-риале ораторской прозы Кирилла Туровского) // Филологические науки. 1989. №3. С. 16-20.

2.  Двинятин Ф. Н. Традиционный текст в Торжественных словах св. Кирилла Ту-ровского. Библейская цитата // Герменевтика древнерусской литературы. Сб.8. М., 1995. С. 81-101.

3.  Двинятин. Ф. Н. Лингвопоэтический анализ торжественных слов св. Кирилла Ту-ровского: Автореф. дис.…канд. фил. наук. СПб., 1996.