Алексяевіч В. Г. ФЕНАМЕН КАМІЧНАГА Ў ЧЭШСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРАХ 1-й ПАЛОВЫ ХХ СТАГОДДЗЯ

Суб, 20 жніўня 2011

Агульнае і параўнальнае літаратуразнаўства

Цэтлікі: камічнае, чэшская літаратура

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае літаратуразнаўства

(Сборник работ 66-й научной конфкренции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. -С. 170— 174)
Феномен камічнага нязменна прыцягвае ўвагу шматлікіх даследчыкаў. Дадзеная з’ява знайшла сваё асэнсаванне ў самых розных гуманітарных навуках. Побач з класічнымі літаратуразнаўчымі, эстэтычнымі і філасофскімі тэорыямі існуюць таксама псіхалагічныя, лінгвістычныя, сацыяльна – і культурна-антрапалагічныя падыходы вывучэння феномена камічнага. Асобную нішу ў гэтым пытанні займаюць медыцына і матэматыка.
Літаратуразнаўства паслядоўна звяртаецца да аналізу феномена камічнага: разглядаецца жанравая структура, віды, прыёмы і іх рэалізацыя ў творчасці асобных пісьменнікаў ці асобных творах. Паміж даследчыкамі няма аднадушнасці ў вызначэнні асноўных катэгорый камічнага, што стварае пэўныя цяжкасці ў тыпалагічным вывучэнні. Нават на ўзроўні тэарэтычных даследаванняў дадзенай праблемы назіраецца нацыянальная спецыфіка. Слушна заўважае Алег Малевіч: «Развіццё сатыры і гумару ў асобных нацыянальных літаратурах адлюстроўваецца таксама ў эстэтыцы і літаратурнай тэорыі. Большасць прац аб іроніі маюць французскае паходжанне.
Нямецкія тэарэтыкі кіруюцца пры вывучэнні камічнага рознымі філасофскімі канцэпцыямі, распрацоўваюць дэдуктыўны метад, і за асноўны літаратурны від лічаць гумар. Рускі падыход у дадзенай праблематыцы пераважна індуктыўны, аб чым гаворыць Уладзімір Проп, і тут на першым месцы знаходзіцца сатыра» [3, с.24]. Да гэтай цытаты, бадай, варта дадаць некалькі слоў наконт англасаксонскай літаратуразнаўчай школы, якая атаясамлівае развіццё феномена камічнага з развіццём гумару (напрыклад, творчасць Т.Свіфта і М.Твэйна разглядаецца як гумарыстычная).
Чэшская літаратурная крытыка скіраваная ў дадзеным пытанні на заходнееўрапейскія падыходы, хаця ёй не бракуе і даследаванняў у вобласці сатыры. Беларускае літаратуразнаўства з’яўляецца паслядоўніцай рускай школы, дзе спецыфіка апошняй, як зазначаюць А.В.Дзмітрыеў і А.А.Сычоў, заключаецца ў тым, «што асабіста-ацэначныя моманты і сацыяльна-палітычная арыентаванасць даследчыкаў смешнага заўсёды станавілася сэнсавым цэнтрам тэорый» [2, с.170]. Такім чынам, пры тыпалагічным параўнанні беларускай і чэшскай літаратур варта таксама ўлічваць нацыянальныя адметнасці на тэарэтычным узроўні.
Апазіцыя сатыра – гумар з’яўляецца даволі распаўсюджанай у літаратуразнаўчых працах. У аснове такой класіфікацыі ляжыць прынцыповая пазіцыя суб’екта (мастака) у адносінах да аб’екта камізму. Гумарыстычныя і сатырычныя традыцыі чэшскай і беларускай літаратур даволі багатыя. Не будзе перабольшваннем сцвярджаць, што менавіта першая палова XX стагоддзя, перыяд станаўлення нацыянальнай незалежнасці беларускіх і чэшскіх зямель, становіцца найбольш спрыяльным часам для развіцця гумару і сатыры ў літаратуры. З’яўляецца шэраг твораў, асобныя маюць сусветнае значэнне (Я.Гашак «Прыгоды ўдалога ваякі Швейка», Я.Колас «Новая зямля»), шмат пісьменнікаў (К.Крапіва, К.Полачэк, А.Мрый, І.Гаўсман і інш.), якія ў сваёй творчасці выключна звярталіся да феномена камічнага.
Ва ўсіх родах літаратуры (застаецца пытаннем аднесенасць сатыры да асобнага роду) камічнае рэалізавалася ў самых розных сваіх праявах, назіраецца спалучэнне традыцыйнасці і наватарства. Беларуская гумарыстычная літаратура арганічна ўспрыняла здабыткі сваіх папярэднікаў (ананімныя творы «Тарас на Парнасе», «Энеіда навыварат», байкі А.Абуховіча, п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча) і здабыткі народнай смехавой культуры, у прыватнасці, традыцыі гумарыстычнай бытавой казкі, жартоўнай песні, анекдоту, батлейкі, народнай драмы.
Сувязь беларускай літаратуры, асабліва першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, з народнай смехавой культурай прасочваецца на ўсіх узроўнях: у жанравых адносінах, у выбары сюжэтаў, абмалёўцы персанажаў, у прынцыпах пабудовы камічных сітуацый, выкарыстанні мастацкіх прыёмаў. Найбольш яскрава гэта назірацца ў апавяданнях Я.Коласа і Ядвігіна Ш., п’есе Я.Купалы «Паўлінка», вершах М.Багдановіча. Беларуская даследчыца Л.Г.Кісялёва рашуча заяўляе, што «народная смехавая культура складае ўсю сутнасць гэтага жыццесцвярджальнага гумару, гэта яго плоць і кроў» [1, с.20]. Больш таго, яна лічыць, што такая цесная сувязь літаратуры з фальклорнай смехавой традыцыяй «складае нацыянальную адметнасць і самабытнасць беларускай паэзіі, прозы і драматургіі ў кантэксце тагачаснай сусветнай літаратуры» [1, с.21].
Чэшская літаратура арыентавалася не столькі на народныя ўзоры гумарыстыкі, колькі на здабыткі XIX стагоддзя (І.Герман, Фр.Жупан, Я.Нэруда, Св.Чэх), калі асаблівым поспехам карыстаўся жанр гумарэскі. Менавіта гэты жанр, які існаваў у цыклах, у XX стагоддзі пераўтварыўся ў гумарыстычны раман. Гумар таго часу ў Чэхіі быў настолькі запатрабаваным, што побач з высокамастацкай літаратурай існавала адгалінаванне т.зв. папулярнай літаратуры (П.Біліанава, Ф.Жупан, Ф.Гай), якая скіроўвалася ў большасці на забаўляльнасць і выкарыстанне простага камізму (сітуацыйная коміка). Такім чынам, паняцце «народнасці» ўласцівае і для чэшскай гумарыстыкі, але яно, хутчэй, набліжаецца да паняцця «масавасці». Чэшскі авангард (К.Конрад, Ул.Ванчура, Я.Джон) таксама праявіў цікавасць да гумару, але ўскладніў яго гратэскам, элементамі абсурду, пародыяй, карыкатурай.
Сатырычныя тэндэнцыі ў беларускай і чэшскай літаратурах першай паловы XX стагоддзя маюць шмат агульнага, нягледзячы на адрозныя ўмовы развіцця саміх літаратур. Па-першае, тэматычна сатыра цесна звязаная з палітычнай сферай. У беларускай літаратуры сатырычнае выяўленне скіраванае на адстойванне ці высмейванне ідэалаў і рэалій камуністычнага ладу. Найбольшае распаўсюджанне сатырычныя творы набываюць у 20-30-ыя гг. і прадстаўленыя творчасцю К.Крапівы, А.Мрыя, Я.Купалы, Я.Коласа. У чэшскім грамадстве на той час панаваў палітычны плюралізм, і якраз гэта паспрыяла развіццю шматвектарнай актуальнай палітычнай сатыры (Фр.Гелнер, Я.Гашак, І.Гаўсман, К.Чапек).
Па-другое, ільвіная доля ў вытворчасці сатыры належыла часопісам, якія пеставалі жанр фельетона, эпіграмы, памфлета, сатырычнага вершу. Сярод беларускіх часопісаў гэта «Авадзень», «Маланка», «Асва», таксама сатырычныя выданні ваеннага часу «Раздавім фашысцкую гадзіну»і «Партызанская дубінка». Сярод чэшскіх часопісаў вылучаюцца «Трн», «Небойса», дзе друкаваліся найбольш значныя сатырычныя творы таго часу. Па-трэцяе, унутры самой сатыры, як віда камічнага, адбываюцца пэўныя змены: канцэнтрацыя камічных элементаў змяншаецца (калі ўвогуле не адсутнічае), узрастае крытычнасць, бескампраміснасць, набліжанасць да сарказму як з’едлівай формы насмешкі. У гэтым прыкметныя чэшскія паэты Ё.Св.Махар, В.Дык, І.Гаўсман, беларускія пісьменнікі К.Крапіва, Я.Купала.
Калі адысці ад традыцыйнай класіфікацыі сатыра – гумар, то варта таксама згадаць такую праяву камічнага як іронія. Беларускае літаратуразнаўства ў большасці прытрымліваецца думкі, што іронія – гэта не асобны від камічнага, а мастацкі прыём, паэтычны троп (П.Ткачова, Л.Г.Кісялёва). Тым не менш, іронія (не заўсёды толькі як прыём) характэрная для творчасці Я.Купалы (вершы «Песня жней», «Я не паэта», «Янка і свабода»), М.Гарэцкага (раман «Віленскія камунары»), К.Крапівы (паэма «Хвядос – Чырвоны нос»). Чэшскія крытыкі не настолькі катэгарычныя, таму разглядаюць іронію як самастойны від камічнага, хаця не заўсёды гэта паняцце акрэсленае і хутчэй набліжанае да разумення іроніі як своеасаблівага мастацкага светапогляду.
Чэшскі даследчык Р.Пытлік уводзіць паняцце «пражскай іроніі» [4, с.7] і спрабуе асэнсаваць яе як спецыфічную з’яву, уласцівую чэшскай культуры і чэшскай літаратуры ў прыватнасці. Само паняцце «іронія» разумеецца ў класічнай інтэрпрытацыі, як прыхаваная насмешка і адмаўленне пад маскай пахвалы ці сцвярджэння. Але прыметнік «пражская» дадае іншай напоўненасці. Р.Пытлік лакалізуе іронію і лічыць, што менавіта Прага як цэнтр перакрыжавання шматлікіх культур спарадзіла своеасаблівы тып іроніі. Сутнасць яе ў тым, што чэшская субкультура супрацьпастаўляецца афіцыйнай культуры (аўстра-венгерскай, нямецкай, савецкай), пры гэтым усё будзёнае ўспрымаецца як сур’ёзнае, а ўсё сур’ёзнае, афіцыйнае як фарс і зводзіцца да банальнага. Такім чынам, «пражская іронія» асэнсоўваецца як з’ява, абумоўленая гістарычнымі абставінамі, да таго ж з прытэнзіяй на філасофскі падтэкст. У рэчышчы вышэй акрэсленага паняцця разглядаецца творчасць Я.Гашака, Фр.Кафкі і пазнейшага пісьменніка Б.Грабала. Па сутнасці Р.Пытлік паспрабаваў абазначыць спецыфіку нацыянальнага чэшскага гумару праз паняцце «пражскай іроніі».
Што тычыцца іншых разнавіднасцяў камічнага, то трэба згадаць зараджэнне «чорнага гумару», прадстаўнікамі якога з’яўляюцца чэшскія сюррэлісты Нэзвал, Штырскі, Броўк. З узнікненнем абсурдысцкага гумару звязваюць творчасць Я.Гашака, Л.Клімы, І.Вахала, асаблівае месца займаюць таксама раннія п’есы Воскаўца і Вэрыха, літаратурная спадчына руху «рэцэсэ», апошнія маюць шмат агульнага з паэтыкай дадаізму.
Феномен камічнага ў чэшскай і беларускай літаратурах першай паловы XX стагоддзя рэалізаваўся разнастайна. Чэшская літаратура вылучаецца большай разнастайнасцю праяў камічнага (зараджаецца абсурдысцкі гумар, «чорны гумар», шырока прадстаўлена іронія) і ўнутранай дыферынцыяцыяй асноўных яго відаў (гумар расшчапляецца, мадэфікуе, абслугоўвае розныя пласты літаратуры (высокамастацкую і папулярную)). Беларуская гумарыстыка больш цэласная, аднародная, звязаная з народнай смехавой традыцыяй на змястоўным і фармальным узроўнях. Такая нацыянальная спецыфіка гумару так ці інакш абумоўленая агульным літаратурным працэсам, які адбываўся ўнутры кожнай літаратуры, але таксама адметнасцю ўласна самога гумару як віда камічнага, якому ўласцівая сузіральна-філасофская пазіцыя і схільнасць да абагульненняў і універсалізацыі. Сатырычныя тэндэнцыі абедзвюх літаратур шмат у чым тоесныя. Сатыра набывае агітацыйны характар, востра рэагуе на з’явы тагачаснага палітычнага і сацыяльнага жыцця.
Такім чынам, было зроблена тыпалагічнае параўнанне парадыгмаў камічнага ў беларускай і чэшскай літаратурах першай паловы XX стагоддзя.
Літаратура
1. Кісялёва Л.Г. Гумарыстычныя традыцыі ў новай беларускай літаратуры: Дыс. на саіск. вуч. ступ. канд. філал. навук. Мн., 2003.
2. Дмитриев А.В., Сычёв А.А. Смех: социофилософский анализ. М., 2005.
. Karel Pol??ek a podoby humoru v ?esk? literatu?e 19. a 20. stolet?: sborn?k p??sp?vk? ze sympozia, 20. -22.kv?tna 2004, Rychov nad Kn??nou.Boskovice, 2004.
Pytl?k R. Bohumil Hrabal. Pr.,1990.