Д. П. Сёмуха. БІБЛЕЙСКІЯ ЗАПАВЕДЗІ І НАРОДНАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ ЯК ФРАГМЕНТ МОЎНА-ЭТЫЧНАЙ КАРЦІНЫ СВЕТА БЕЛАРУСАЎ
Цэтлікі: моўная карціна свету, фразеалогія
Катэгорыі: Беларуская мова
(Сборник работ 66-й научной конфкренции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. - С. 263 – 266)
Чалавек, асобны індывідуум як своеасаблівы мікрасвет не існуе ў свеце сам-насам, а з’яўляецца часткай Космасу – макрасвету – і павінен гарманічна суіснаваць з усімі яго праявамі. Так і народная фразеалогія, беларуская моўная і культурная спадчына як своеасаблівы мікрасвет пэўным чынам суадносіцца са спадчынай, якую прынята лічыць агульначалавечай і перададзенай самім Богам-Творцам – маецца на ўвазе хрысціянская культура і яе пастулаты, вербальна замацаваныя ў Бібліі.
Адной з першаступенных задач хрысціянства, у тым ліку і Бібліі, побач з ідэяй адзінабожжа і верай ва ўваскрэсенне сына Божага, Ісуса Хрыста, з’яўлялася задача быць рэгулятарам маральна-этычных адносін у грамадстве, што перадаецца найперш праз дзесяць біблейскіх запаведзей. Таму для ўласных разваг намі быў узяты змест біблейскіх запаведзей і той фрагмент беларускай фразеалогіі, які пэўным чынам з імі суадносіцца, што якраз і пацвярджае думку пра тое, што беларуская моўная спадчына не існуе ізалявана, а з’яўляецца своеасаблівым адбіткам, інтэрпрэтацыяй і асэнсаваннем таго, што Бог перадаў.
Слова «запаведзь» у беларускай мове мае такія значэнні, як:
1. Выслоўе, якое ўтрымлівае рэлігійна-маральнае прадпісанне;
2. Правіла, палажэнне, якое служыць кіруючым указаннем для каго-небудзь, чаго-небудзь [ 3, c.220].
Асноўная ідэя, якая падаецца праз запаведзі, – не забараніць нейкае дзеянне, а папярэдзіць яго, або, калі рэлігійнае прадпісанне парушана, то не асуджаць чалавека, а прывесці яго да пакаяння.
Запаведзь «Не рабі сабе куміра і ніякой выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі» не мае прамых адпаведнікаў у беларускай народнай фразеалогіі, а апісальна перадаецца праз папярэджанне канкрэтнай асобы (што вербальна перадаецца праз уласнае асабовае імя) не шукаць сабе куміра сярод людзей: Пракоп – такі поп: на чыім возе едзе, таму і песенькі пяе. Варта зазначыць, што прамога адбітку запаведзі ў беларускай моўнай спадчыне няма, але разам з тым вялікі комплекс прыказак і прымавак паказвае, што беларусы адзначалі Боскае імя вялікай павагай і спадзяваліся на яго дапамогу: Хто ж нам дапаможа, калі не ты, божа; Спаць лажыся, богу маліся, уставай, бога не забывай; Без бога і хлеба не з’еш многа і інш. Маральна-этычнае прадпісанне «Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо не пакіне Гасподзь без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае марна» знайшло адлюстраванне ў моўнай спадчыне ў выглядзе наступных устойлівых моўных форм: І самыя нягоднікі ўмеюць божкацца; Хто часта божыцца, той мала праўды кажа. У асэнсаванні народа згадваць імя Бога (г.зн. божкацца) яшчэ не з’яўляецца паказальнікам таго, што чалавек сваімі ўчынкамі і жыццёвым вопытам адпавядае біблейскаму ідэалу. Самі дзеясловы божыцца, божкацца паказваюць на тое, што запаведзь не толькі парушалася ў народзе, але і знаходзіла сваё лексічнае ўвасабленне.
Пераходзячы да аналізу наступнай запаведзі, трэба адзначыць, што вялікую сацыяльную ролю ў жыцці беларусаў адыгрывалі бацькі і сувязь са сваім родам. Прызначэнне запаведзі «Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб падоўжыліся дні твае і каб добра было табе на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе» ў беларускай фразеалогіі перадаецца наступным чынам: Другой маткі не
знойдзеш; Дарагая не так татава
хата, як сам
тата; Бацькоў слухаць – гора не знаць. У парэміях Шануй бацьку з маткай: другіх не знойдзеш; Бацька і маці ад бога ў хаце, хто іх зневажае, дабра не знае падкрэсліваецца Боская наканаванасць бацькоў: другіх не знойдзеш, ад бога ў хаце – і непавага да бацькоў параўноўваецца з непавагай да Бога, таму такога чалавека чакае пакаранне: хто іх зневажае, той дабра не знае.
У адрозненне ад біблейскіх матываў усхвалення чалавечага жыцця на зямлі («Шануй бацьку твайго і маці тваю …, каб добра было табе на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе»), у традыцыйнай народнай культуры павялічана значэнне жыцця пасля адыходу, паказана імкненне да раю: Хто бацьку шануе, той сабе неба гатуе. Менавіта неба – сімвал райскага жыцця.
Аднак ў традыцыйнай народнай культуры прыказкі не абмяжоўваюцца толькі матывам павагі да бацькоў. Так, у беларускай фразеалогіі адбываецца пашырэнне гэтага матыву, і аб’ектам асаблівай павагі становяцца не толькі бацькі, але і ўвогуле старэйшыя: Бацькоў любі, старых паважай; Старшых і ў пекле шануюць і інш.
Варта адзначыць, што ў беларускай парэміялогіі намі не знойдзена адзінак, якія б ілюстравалі запаведзь «Не забівай». Гэта сведчыць пра існаванне сістэмы табу ў дадзенай сферы побытавага жыцця. Калі слова прыраўноўвалася да дзеяння, то, адпаведна, лексічнае ўвасабленне спрыяла фізічнай рэалізацыі.
Цікавым нам падаецца асэнсаванне біблейскай запаведзі «Памятай дзень святы святкаваць», бо нават ужо сама лексема «нядзеля» (у параўнанні, напрыклад, з рускім воскресение) адлюстроўвае гэтую запаведзь. Нядзеля – сёмы, апошні дзень тыдня, які лічыўся не для дзела. Цікава, што ў традыцыйнай культуры нядзеля ўяўлялася антрапамарфічнай істотай. У народным апавяданні яна абмалёўваецца прыбранаю ў белы строй паненкаю, якую селянін ратуе ад сабак, у выніку чаго людзі маюць вольны ад працы дзень. Абазначаныя ўяўленні былі добра вядомыя і пашыраныя ў народзе, сведчаннем чаго з’яўляецца вялікая колькасць парэмій: І дурань ведае, што ў нядзелю свята; І без папа ведаем, што ў нядзелю свята; Не заўсягды яды, як на дзяды, а працы, як у нядзелю
Хрысціянізацыя беларусаў паспрыяла пераасэнсаванню значэння гэтага слова. Нядзеля стала ўспрымацца як дзень Уваскрэсення Хрыста, што і знайшло сваё ўвасабленне ў беларускай фразеалогіі: У сераду (посны дзень) не смейся, у нядзелю не плач
У народнай свядомасці таксама існаваў культ цнатлівасці, таму актуальнай з’яўлялася і запаведзь
«Не чужалож» (па-руску «Не прелюбодействуй»). Сваю рэалізацыю яна знайшла ў прыказцы : Не за то біта, што хадзіла ў жыта, а за то, што дома не начавала. Найчасцей падобная сітуацыя падаецца іншасказальна, напрыклад, хадзіла ў жыта.
Як ужо было адзначана раней, беларусы ў народнай фразеалогіі адлюстравалі побытавае жыццё, таму тэма такой запаведзі, як «Не крадзі » была актуальнай і пашыранай Гэтая запаведзь адлюстравана ў беларускіх устойлівых выразах наступным чынам: Ласы на чужыя каўбасы; Лакомы на чужыя комы; Хто парасё ўкраў, таму ўвушшу пішчыць; Ведае кошка, чыё сала з’ела. Тут варта адзначыць, што заганнасць перадаецца праз апісанне якасцей чалавека, але сам адрасат не ўказваецца нават займеннікам. Гэта гаворыць пра тое, што асоба сама па сабе не з’яўляецца прадметам увагі і што вельмі важна указаць на тое, чаго чалавеку трэба пазбегнуць.
Не менш актуальнай у штодзённым жыцці была і тэма пляткарства, падхалімства, балбатлівасці. У беларускай фразеалогіі маральна-этычнае прадпісанне “Не кажы фальшывага сведчання на блізкага свайго” прадстаўлена ў самабытных вобразах і дастаткова абагульнена, таму што тут выкрываецца сама няпраўда, увогуле балбатлівасць, пляткарства: Не давай волі языку; Не ляпай пустога, бо як з цэпа сарвецца, то і галаве дастанецца. У параўнанні з біблейскай запаведдзю, дзе адрасат лексічна выражаны (блізкі), у фразеалогіі народа – гэта абагульненая асоба, лексічна не акрэсленая
У беларусаў на дастаткова высокім узроўні былі развітыя сямейныя каштоўнасці. Адной з найважнейшых была вернасць. Гэтая тэма адлюстравана ў запаведзі «Не пажадай жонкі блізкага твайго». Пэўны адбітак яна знайшла і ў беларускай фразеалогіі. Парэмія Не паглядай на чужых жонак: ці скасееш, ці здурнееш змяшчае ў сабе прамую забарону, немагчымасць парушэння дадзенай запаведзі. Адметнай рысай народнай культуры з’яўляецца лексічна выражанае пакаранне: ці скасееш,
ці здурнееш. Такім чынам, шлях да сямейнай нявернасці катэгарычна забаронены. На аналагічным прынцыпе пабудавана і наступнае ўстойлівае выслоўе: Сам сябе загубіш, як чужую кабеціну прыгалубіш.
Шырока ў беларускай фразеалогіі пададзена тэма зайздрасці, хцівасці і сквапнасці, якая адлюстравана ў запаведзі «Не жадай нічога, што належыць блізкаму
твайму». Звычайна фразеалагічныя адзінкі пабудаваны па схеме складаназалежнага сказа з даданай азначэння: Няхай той есці не хоча, хто чужога дабра хоча; На пагібель таму, хто зайздросціць каму. Называецца пакаранне за ўчыненае парушэнне маральнага закона для таго, каб папярэдзіць дадзеныя дзеянні, прадухіліць невыкананне запаведзі. Перададзены і «лёс» чалавека, які валодае дадзенай заганай: Завідкі з сярэдзіны чалавека з’ядаюць.
Прааналізаваны намі змест біблейскіх запаведзей і суадносных з імі па семантыцы адзінак народнай фразеалогіі дае падставы меркаваць, што фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі з фонду нацыянальнай мовы не з’яўляюцца механічным адлюстраваннем біблейскай мудрасці, вербальна прэзентаванай у запаведзях, а выступаюць ў якасці інтэрпрэтацыі індывідуальнага ўсведамлення побытавага вопыту, які ўзбуйняецца да тыповага.
Літаратура
1. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Склаў Ф. Янкоўскі. – 3-е выд., дапрац., дап. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992.
2. Біблія / Пер. В.Сёмуха. – Duncanville (USA): World Wide Printing, 2002.
3. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65.000 слоў / Пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2002.
Суб, 20 жніўня 2011
Беларуская мова