Грышан А. І. ЖЫЦЦЁВЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ ГЕРОЯ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЫ (НА АСНОВЕ АНАЛІЗУ РАМАНА Т. БОНДАР “ПАВУЦІННЕ”)

Суб, 20 жніўня 2011

Беларуская літаратура

Цэтлікі: сучасная проза, Т. Бондар

Катэгорыі: Беларуская літаратура

(Сборник работ 66-й научной конфкренции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. -С. 202 – 206)
Сучасная беларуская проза часам апісвае ўзыходжанне на шлях веры, сустрэчу з Богам – па той прычыне, што гэтага вяртання ўсё жыццё падсвядома прагне чалавечая душа. Прыкладам такой прозы з’яўляецца раман-містэрыя Таісы Бондар «Павуцінне». Дзеянне ў творы адбываецца ў наш час і ў час зямнога жыцця Хрыста: У абодвух вымярэннях людзі шукаюць Бога, выпраўляюць свае памылкі, змагаюцца з недахопамі.
Асноўная ўвага аўтара накіравана на сучасны свет, на жыццё галоўнай гераіні – пісьменніцы Анэлі. У сваёй кнізе, якая носіць назву «Блудніца», гераіня спрабуе раскрыць духоўны свет асуджанай усімі жанчыны. Сярод пытанняў, якія ставіць Т. Бондар, адным з важнейшых з’яўляецца наступнае: які шлях павінен абраць чалавек – шлях лягчэйшы, але не заўсёды сумленны, або цяжэйшы, але верны? Гераіня рамана сама адказвае на гэтае пытанне ў дыскусіі з чытачамі: «Скрозь жа выбіраем лягчэйшы шлях, а лягчэйшы – гэта ўніз, гэта падзенне, а не пад’ём, і як, якімі словамі пераканаць сябе ці каго іншага ў неабходнасці зрабіць намаганне, рабіць новыя і новыя намаганні, каб спыніцца, зірнуць угору, паспрабаваць перамагчы слабасць у нагах, слабасць у душы – задача не з простых» [1, с.50].
Адметнай з’яўляецца кампазіцыя рамана. Дзеянне разгортваецца ў трох вымярэннях: жыццё самой Анэлі, жыццё гераіні яе кнігі, жыццё былой грэшніцы Марыі Магдаліны – сучасніцы Хрыста.
Важна адзначыць інтэрпрэтацыю зямнога, цялеснага і, наогул, рэальнага ў творы: Яно часта выглядае як грахоўнае, нявартае, якое хутка прамінае; яму супрацьстаіць вобраз «сіняй бездані ўгары», куды і парываецца лепшая частка чалавечай натуры: «…два балючыя, нечалавечыя ў сваёй сіле памкненні: уверх – і ўніз, у сінюю бездань угары – і крывавачорную бездань унізе» [1, с.11]. Такое парыванне характэрнае для галоўных герояў твора – Анэлі, Марыі, мужа Анэлі Данілы. Увага надаецца і «ніжэйшай» частцы: для Марыі гэта блуд, для Данілы – алкаголь, прывязанасць да якіх спалучаецца ў герояў з высокімі памкненнямі. Кожны з герояў рамана прыходзіць да паступовага адрачэння ад зямных радасцей: «Нічога не ўтрымаць. Самому не ўтрымацца на нагах з-за вечнай, марнай пагоні за шчасцем, якога няма ў зямной рэальнасці…» [1, с.13].
Думка пра нязначнасць і прамінальнасць зямнога падкрэсліваеца і ў эпіграфе да рамана: «Быццё пачынаецца на мяжы небыцця». У рамане назіраецца размытасць часавых межаў (пераклікаюцца біблейскія падзеі і падзеі канца ХХ стагоддзя; людзі з розных эпох разважаюць над аднымі і тымі ж вечнымі пытаннямі), галоўныя героі трапляюць у містычныя абставіны (напрыклад, сустрэча Данілы з Князем Цемры), урэшце, смерць выступае ў рамане як спасціжэнне ісціны (смерць, а затым новае нараджэнне перажываюць Марыя і Даніла). У арэал паняцця «зямное» уваходзяць паняцці, над якімі разважаюць героі на працягу твора: чалавечая плоць, яе вартасць; грошы («шоргат брудных, замызганых ліпкімі рукамі паперчын» [1, с.14]); агульнапрынятыя нормы і законы («фігавымі лісцікамі», якія «нічога не прыкрываюць» [1, с.14], называюцца ў рамане нормы этыкету, пэўныя табу, усталяваныя ў грамадстве, а таксама няпісаны закон паслухмянасці «гаспадарам жыцця»). «Зямныя» і «нябесныя» рысы прысутнічаюць у кожнай асобе – у гэтым заключаецца дваістасць чалавечай натуры, а асабліва гэта падкрэсліваецца на прыкладзе Данілы: «Набраўся, як свіння, а праспіцца – і зноў будзе пнуцца таямніцу чалавека разгадаць» [1, с.128].
Своеасаблівым антыподам Данілы з’яўляецца Анэля. З самага пачатку твора яна падаецца як здольная да перамогі над тым грахоўным, якое перашкаджае іншым героям. Вобраз Анэлі суадносіцца са словамі Ісуса аб тым, што «жніва багата, а работнікаў мала» [1, с.156], – усё развіццё дзеяння ў рамане вядзе Анэлю да ўваходжання ў шэраг гэтых «работнікаў», пра што сведчыць і яе намер напісаць глыбокі і таленавіты твор. Самі вобразы Анэлі і Ісуса маюць шмат агульнага: прыход аднаго звязаны з намерам уратаваць свет («…не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет уратаваны быў праз яго…» [1, с.154]) – гэтым жа намерам прадыктавана і жаданне другой напісаць кнігу. У той жа час, нягледзячы на вялікія магчымасці, сама гераіня гаворыць аб адсутнасці трывалай веры ў сваёй душы.
Яна чуе падказкі «ўнутранага голасу», да яе раптам прыходзяць успаміны або незразумелыя сны. Здараецца і такое, што словы, прамоўленыя Анэляй, з’яўляюцца не яе ўласнымі, а нібыта чужымі, – так, напрыклад, яна нечакана для самой сябе вымавіла на сустрэчы з чытачамі назву будучай кнігі – «Страсці па Марыі». Разуменне ў Анэлі яшчэ не пераходзіць у дзеянне, у адрозненне ад Марыі Магдаліны, якая разам з верай набывае і любоў – галоўную каштоўнасць. Важна, што менавіта ў момант малітвы Анэля прыходзіць да гатоўнасці быць паслухмянай Божым, а не чалавечым загадам.
Прыкметамі сучаснага героя ў рамане надзелена і Марыя Магдаліна. Марыя абараняе сябе перад раз’юшаным натоўпам, гатовым пабіць яе каменнямі, даказвае сваю правату перад Сімонам, абураным тым, што блудніца стала найбольш вернай Хрысту, Анэля – у храме перад д’яблам, які смяецца над яе імкненнямі перамяніць сваё жыццё. Вобраз Марыі шмат у чым эмансіпаваны, хоць для яе і характэрная пастава пакоры, на – ват самапрыніжанасці. Важным момантам у рамане з’яўляецца момант рашучай змены Марыяй сваіх каштоўнасцей: калі раней яна больш засяроджвалася на сабе, то пасля сустрэчы з Ісусам пераадольвае свой эгаізм. Важнай рысай вобразу Марыі выступае яе шчырая надзея, выказаная ў звернутых да Хрыста словах: «Ніхто ніколі не зможа зраўняцца з табою – ні цяпер, ні ў згаданыя табою і бачныя табе аднаму часы, калі ўсе, усе як ёсць, прызнаюць у табе Госпада нашага» [1, с.147]. Спадзяванні Марыі як бы намерваецца рэалізаваць Анэля, будучая кніга якой стане спробай абудзіць веру ў чалавечых сэрцах.
Цэнтральным вобразам у творы выступае вобраз павуціння. Ён мае шмат інтэрпрэтацый, сярод якіх – чалавечыя грахі, прывідныя зямныя каштоўнасці, якімі «аплецены» людзі, нарэшце, шчыльная сетка своеасаблівага ўздеяння, разгорнутага на зямлі звышнатуральнымі сіламі, варожымі да людзей. Залежнасць чалавека ад гэтых невядомых сілаў, якія імкнуцца канчаткова падпарадкаваць яго сабе, заўважае Даніла. У гэтае павуцінне «ўплятаюцца» і новыя, занесеныя здалёку каштоўнасці, якія хутка замянілі сабой каштоўнасці старыя, правераныя часам. Анэля ў дыскусіі з чытачамі гаворыць пра чалавечую недасканаласць, грэх і ўсеагульную нянавісць. Іх сінтэз таксама ўтварае павуцінне. Чалавечыя жаданні, якія не заўсёды бываюць чыстымі і сумленнымі, таксама заступаюць чалавеку шлях да ісціны, што і падкрэсліваецца ў словах Данілы: «Кожнай нітачкай, кожнай вытканаю са змроку павуцінкаю караніцца яно ў тваіх страсцях і жаданнях…» [1, с.208].
У адрозненне ад Анэлі, якая хоць і валодае з пачатку рамана большым духоўным патэнцыялам, але здагадваецца пра сапраўдны стан рэчаў хутчэй інтуітыўна, Даніла, герой-філосаф, гаворыць пра нябачнае зло ў адкрытую, падкрэслівае верагоднасць паглынання ўсяго чалавецтва варожай «безданню», калі людзі не прымуць рашэння перайначыць сябе. Дыялог Данілы з Князем Цемры паказвае на тое, што гэты герой з’яўляецца ўдзельнікам больш складанага і небяспечнага супрацьстаяння, чым Марыя: на Марыю д’ябал імкнецца ўздейнічаць найперш фізічным шляхам – рве, тузае яе цела, нарэшце, праяўляе сябе ў паводзінах раз’юшанага натоўпу, які пабівае Марыю каменнем; у выпадку ж з Данілам абірае інтэлектуальнае супрацьстаянне.
Важным элементам рамана выступае і розніца паміж тым чалавекам, якім на самой справе з’яўляецца Даніла, і тым, якім яго бачаць іншыя людзі: пасля смерці Данілы яны імкнуцца падкрэсліць яго слабасць перад рэаліямі жыцця, залішнюю летуценнасць: «Дан усё імкнуўся разабрацца з чалавецтвам, а выйшла, што не разабраўся, не здолеў разабрацца нават з сабою, са сваімі пакутнымі сумненнямі» [1, с.151]. Тут праходзіць відавочная паралель паміж Данілам і Ісусам, у словах якога, як выяўляецца ў рамане, людзі таксама не бачаць праўды.
Жыццё героя сучаснай беларускай літаратуры непарыўна звязанае з жыццём соцыума; ён сам здольны ўплываць на соцыум і адчувае на сабе яго ўплыў. Гэты ўзаемаўплыў нярэдка носіць характар супрацьпастаўлення агульнапрынятага і індывідуальнага, асабістага. У рамане «Павуцінне» антаганістычныя адносіны паміж асобай і масай прасочваюцца на прыкладзе трох галоўных герояў. Анэля прыходзіць да разумення розніцы паміж паслухмянасцю Богу і паслухмянасцю важаку, гаспадару становішча. «Лідэры жыцця» ў рамане супрацьпастаўляюцца Богу – сапраўднаму Творцу жыцця, а антонімам да паняцця «людзі» з’яўляецца паняцце «статак». Паказальна, што пасля сустрэчы з Назаранінам сэрца Марыі напаўняецца любоўю менавіта да людзей, г.зн. да кожнай асобы, каштоўнай у сваёй індывідуальнасці, а не да статку. Чалавечы статак, натоўп выступае ў рамане небяспечнай сілай, якая не жадае прыслухацца да голасу ісціны, носьбітам якой выступае ў творы Хрыстос, а таму заслугоўвае пакарання. «Не падумалі, якімі наваламі, якімі мукамі некалі народ заплаціць за слепату іхнюю…» [1, с.198] – гэтыя словы ўтрымліваюць і асуджэнне цёмных намераў натоўпу, і шкадаванне яго.
Героі рамана ў рэшце рэшт прыходзяць да аднаго і таго ж фіналу. Для Анэлі сутнасць праблемы заключаецца ў выбары паміж стварэннем другасортных кніжак, якія дагаджалі б густам масы, і жыццём у адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі, – і ў канцы твора гераіня цвёрда абірае апошняе. На думку Данілы, Анэля павінна ў нейкі момант «ператварыцца» ў сваю гераіню, прыняць на сябе яе лёс: «Разам з ёю ты пройдзеш яе пакутным шляхам, праз боль, праз радасць дачынення да тых вялікіх падзей спасцігаючы, што дух, каб расці, павінен змагацца, увесь час супрацьстаяць галасам, нашэптванням-спакусам, якія, як іржа, раз’ядаюць яго» [1, с.128].
Зрабіць выбар героям дапамагаюць і развагі над будучыняй чалавецтва, прызначанага да высокай мэты – быць разам з Богам, быць падобнымі да Бога, – але з-за ўласнай недасканаласці асуджанага на знішчэнне: «Дзесяткі, сотні жывёл, людзей і багоў <…> прайшлі яны перад Анэляю, і ў кожным – памкненне да смерці ўвасаблялася ў памкненні да вечнасці, да несмяротнасці, у кожным – пакутнае прызнанне, самапрызнанне тленнасці жыцця нараджала спадзяванне на верагодны цуд, на ўваскрэсенне» [1, с.220]. Гэтае «спадзяванне на верагодны цуд» – у адносінах і да сябе, і да ўсіх людзей наогул – становіцца рашаючым фактарам для канчатковага выбару.
На аснове аналізу жыццёвых прыярытэтаў герояў рамана можна зрабіць вынік: у сучаснай беларускай прозе назіраецца перагляд асноў быцця, той базы, на якой грунтуецца існаванне асобы, народа, чалавецтва ўвогуле. Таксама назіраецца перагляд адносінаў да такіх паняццяў, як дабро, праўда, Бог, смерць і г.д. Герой пераасэнсоўвае гэтыя паняцці, выбудоўвае сваю аксіялагічную сістэму, якая часта кардынальным чынам разыходзіцца з агульнапрынятай або замацаванай у яго свядомасці раней.
Літаратура
1. Бондар Т. Павуцінне: Раман-містэрыя. Мн., 2004. С. 223.