Курчыч К. Ф. АДЛЮСТРАВАННЕ ЭТНАКУЛЬТУРНАЙ СВЯДОМАСЦІ Ў ТВОРЧАСЦІ Д. МАКСІМАВІЧ І Н. АРСЕННЕВАЙ

Суб, 20 жніўня 2011

Агульнае і параўнальнае літаратуразнаўства

Цэтлікі: Д. Максімавіч, Н. Арсеннева, сербская літаратура

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае літаратуразнаўства

(Сборник работ 66-й научной конфкренции  студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. -  С. 233 – 236)

Калі вусная народная творчасць засяроджвае ўвагу на чалавеку ў прыродзе, то літаратура – на прыродзе ў чалавеку. Нельга не пагадзіцца з М. Эпштэйнам у меркаванні, што прырода як катэгорыя універсальная, вечная, нязменная з’яўляецца ідэалам паэзіі, бо, спасцігаючы сутнасць прыроды, паэзія становіцца філасофскай, сапраўдная паэзія мае мову раслін і здольна асэнсавана ёю карыстацца [5, с.18–20].

А гэтая мова ўяўляе сабою сістэму вобразаў расліннага свету. І ў кожнага народа яна свая, складзеная з універсальнага і нацыянальнага, а таксама індывідуальнага – у творчасці канкрэтнага мастака слова. Паэт з’яўляецца носьбітам агульначалавечага і нацыянальнага вопыту.

У сістэме раслінных вобразаў Дэсанкі Максімавіч і Наталлі Арсенневай, якія, адпаведна, прадстаўляюць сербскую і беларускую літаратуру, можна вылучыць апазіцыю: кветка – колас (хлебная культура). Аналіз суадносін іх паміж сабой, а таксама з іншымі вобразамі і ідэямі твораў, на наш погляд, выяўляе дыферэнцыраванае ўжыванне вобразаў кветкі і коласа з пастаяннымі паняційнымі кантэкстамі вакол іх. Дадатковы ж агляд анталогій сербскай і беларускай паэзіі дае падставы сцвярджаць, што названая апазіцыя з’яўляецца адлюстраваннем нацыянальнай культурнай свядомасці, а не спецыфікай светаадлюстравання паэтак.

З’яўленне ў іх творах першага ці другога вобраза з апазіцыі абумоўлена мэтамі стварэння пэўнай мастацкай рэальнасці, якая арганізуе або кантэкст сацыяльнага зместу са зваротам да ідэі цяжкага лёсу працоўнага і паднявольнага чалавека, або кантэкст эстэтычнага зместу з выяўленнем універсальных праблем чалавечага існавання.

У іх творчасці кветкавыя вобразы прадстаўлены як індыкатары глыбінных душэўных працэсаў лірычнага героя.

Што ж да вобраза коласа, то ён атаясамліваецца не з асобай лірычнага героя, а з мастацкай рэальнасцю, якая ствараецца ў вершы; мае іншае напаўненне, характарызуе створаны вобраз-сітуацыю і аўтарскія адносіны да яе.

Неабходна адзначыць, што ў творчасці паэтак такія вобразы прадстаўлены далёка не аднолькава. Так, вершы Д. Максімавіч вобразамі кветак, квітнеючых траў і дрэў насычаны больш, чым вершы Н. Арсенневай. Яны прадстаўлены вялікай колькасцю відавых варыянтаў, а «хлебныя» вобразы сустракаюцца параўнальна радзей. Суаднесенасць гэтых вобразаў для беларускай паэткі з’яўляецца процілеглаю. Колас, звязка калосся (хлеб) вельмі значны і ў цэлым неад’емны вобраз беларускай літаратуры. Такім цэнтральным раслінным вобразам для сербскай літаратуры паўстае кветка.

Ці можа гэта сведчыць пра перавагу тых альбо іншых ідэй і каштоўнасцей у прадстаўленых літаратурах?

Каб адказаць на пытанне, трэба звярнуцца да асобных вобразаў сістэмы. Спачатку разгледзім тое, што з’яўляецца агульным. У паэзіі Д.Максімавіч і Н.Арсенневай можна прасачыць ідэю духоўнай знітаванасці і адзінства паміж чалавекам і раслінай. Гэта ідэя сканцэнтравана ў вершы Н.Арсенневай «Ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве» і з’яўляецца кіруючай для творчасці паэтак. З такога адзінства, адпаведна, вынікае здольнасць лірычных герояў разумець мову прыроды. Лірычны герой Н.Арсенневай чуе, пра што шасціць лес, і гэта мова падаецца яму адначасова і чужою, і роднаю, але ён усведамляе, што душа яго ўсё разумее:

…ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве.

Як паганін,

я пушчы пяю залатой,

разумею палёў васільковы размовы [3, с.99].

Герой Д. Максімавіч таксама мае блізкія адносіны з раслінным светам: гваздзікі прапануюць яму віно, і ён разумее, пра што шапоча трава, таму невыпадкова з’яўляюцца наступныя радкі:

Ведаеш, расліна родная чалавеку,

родныя людскім сэрцам кветкавых вяночкаў донцы [4, с.90].

Абедзьве паэткі актыўна выкарыстоўваюць прыём пераносу адметных якасцяў раслін на іншыя з’явы прыроды і пачуцці: цвітуць зоркі (Д. Максімавіч), расцвітаюць надзеі (Н.Арсенневай). Паэткі разам бачаць у начным небе рамонкавыя зоркі. Але ж іх паэзія мае і дастаткова адрознага. А менавіта праз адрозненні адлюстроўваюцца асаблівасці.

Адрозніваецца, напрыклад, «ачалавечанае» жыццё раслін: адносіны да галоўнейшых з’яў – смерці і кахання. Для паэзіі Н.Арсенневай характэрна тое, што расліны не гінуць. Яны засынаюць, сціхаюць, але абавязкова адраджаюцца. Іх існаванне – безупынны кругазварот, дзе няма месца смерці. Расліны Д.Максімавіч, наадварот, ведаюць, што такое смерць: гэта і надыход зімы, і гвалтоўнае знішчэнне чалавекам, калі пасля касьбы луг паўнюткі трупаў траў і кветак. Тым не менш, ведаючы смерць, яны ведаюць і каханне, у адрозненне ад раслін Н.Арсенневай, якія гэтага пачуцця не спазналі.

Раслінныя вобразы абедзвюх паэтак непарыўна звязаны з вобразам лірычнага героя. Расліны Н.Арсенневай ахвяруюць каханнем і не заўважаюць смерці, быццам самааддана існуюць дзеля здзяйснення пэўнай ідэі. Расліны ж Д.Максімавіч не адмаўляюцца ад вельмі значных у жыцці з’яваў. Памкненні расліннага свету, а разам з ім і лірычнага героя, у творчасці сербскай і беларускай паэтак арыентаваны на адрозныя культурныя каштоўнасці.

Пра адрозную накіраванасць літаратур сведчыць існаванне наступнай пары вобразаў. Гэтыя дзве расліны з’яўляюцца перыферыйнымі ў вершах Н.Арсенневай і Д.Максімавіч паводле ўзнаўлення, але выбітнымі па значнасці для свядомасці і культуры прадстаўляемых народаў.

Босиљак (базілік) і васілёк. Абедзьве назвы паходзяць з грэчаскай мовы ????????? [6, с.72]. Грэчаскае слова мае сувязь з ??????? ‘цар’. Гістарычная памяць, закладзеная ў назве, асабліва такой якасці, не можа не праявіцца ў свядомасці носьбітаў мовы. Самое азначэнне ‘цар’ дае падставу меркаваць, што роля вобраза і стаўленне да яго будуць асобныя. Справа ў тым, менавіта якая роля і якое стаўленне.

Босиљак у сербаў – царская расліна, сакральная, цэнтральны вобраз народных вераванняў і народнай літаратуры. Беларускі васілёк нельга адназначна назваць народным вобразам. Ён уведзены Багдановічам, але адразу прыжыўся і набыў сімвалічнае значэнне.

Нягледзячы на асаблівыя ролі гэтых раслінных вобразаў, агляд твораў паказаў, што іх значнасць бясспрэчная. Але ўзнаўляемасць абумоўлена спецыяльным кантэкстам.

У сербскай паэзіі базілік існуе як своеасаблівы сувязнік паміж сучасным светам і старажытным. Паэтыка новай літаратуры звязвае гэты вобраз з пэўнай ідэяй мастацкай рэальнасці, якая адлюстроўвае існаванне простага народа.

Для беларускай паэзіі характэрна прадстаўленне васілька выключна як вобраза прыгожага пісьменства, ён жа з’яўляецца адным з сімвалаў Беларусі. Праз яго аўтар закранае пачуцці прыгожага, любімага, пастаяннага.

Нягледзячы на перыферыйнасць гэтых вобразаў, без іх нельга ўявіць творчасці паэтак. Яны – абавязковыя элементы нацыянальнай сістэмы расліннных вобразаў. Дзе кветка-васілёк адказная за агульначалавечыя, універсальныя пачуцці, а трава-базілік (падобная па функцыях да беларускага вобраза-коласа) – адказвае за повязь з народам.

Калі нацыянальная сістэма вобразаў аднаго народа на перыферыі змяшчае універсальныя катэгорыі, а другі – агульныя, то гэта можа сведчыць пра рознанакіраванасць літаратур у сусветным кантэксце. Пра адрозныя нацыянальныя сістэмы каштоўнасцей у мастацкім працэсе. Крытыкі звяртаюць увагу на спавядальнасць Д.Максімавіч і адстароненасць Н.Арсеннневай. Калі разгледзець гэтыя асаблівасці ў дачыненні да аналізаваных вобразаў, можна адзначыць невыпадковасць такога азначэння і аднесці яго не толькі да творчасці паэтак, але і да літаратур, якія яны прадстаўляюць.

Так адстароненасць разумеецца як адстароненасць ад уласнага, індывідуальнага на карысць служэння народу, нацыянальным ідэям. А спавядальнасць – як зварот да сябе, а праз сябе – да ўсяго чалавецтва.

Беларускі паэт накіраваны на пошук існасці, якая ў яго звязана з паняццем агульнага і нацыянальнага, ён накіраваны да народа, да свайго чытача, беларуса, які зразумее тую гісторыю і ідэю, якія намагаецца выказаць творца. Паэт пастаянна адчувае адказнасць перад сваім народам за развіццё літаратурнага працэсу. Таму Багдановіч, спрабуючы ўвесці беларускую літаратуру ў сусветны кантэкст, аперыруючы універсальнымі паняццямі, трапна вынаходзіць кветкавы вобраз.

Сербскі паэт накіраваны на пошук існасці, якая ў яго звязана з паняццем агульначалавечага. Праз зварот да нацыянальнага ён выкіроўвае да сусветнага. Беларускі – дакрануўшыся да універсальнага, вяртаецца да свайго народа.

Сербскі паэт піша свету, беларускі – народу. І базілік звязвае творцу, накіраванага да агульначалавечага, з яго народам, а васілёк з’яўляецца праяўленнем імкнення далучэння мастака да сусветнага літаратурнага кантэксту.

Літаратура

1.  Антологија српског песништва (XIII – XX век) / Саставио М. Павловић. Београд, 1978. С. 297.

2.  Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т. / Рэдкал.: Р. Барадулін і інш.– Мн., 1993.