М. В. Галай. АФІКСАЛЬНАЯ ДЭРЫВАЦЫЯ ГЕРМАНІЗМАЎ У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

Няд, 11 верасня 2011

Беларуская мова

Цэтлікі: германізмы, запазычанні

Катэгорыі: Беларуская мова

Грані роднага слова. Зборнік мовазнаўчых навуковых артыкулаў (да 80-годдзя прафесара П. У. Сцяцко). – Гродна, 2010.— С. 102— 105)

Характэрнай функцыянальнай асаблівасцю запазычаных слоў з’яўляецца іх асваенне з дапамогай словавытворчасці ў лексічнай сістэме беларускай мовы.  Як адзначаюць даследчыкі, словаўтварэнне ад запазычаных слоў трэба лічыць адным з асноўных спосабаў іх адаптацыі. З пункту гледжання гістарычнай лексікалогіі ўтварэнне новых адзінак ад запазычаных слоў мае дваякую цікавасць. З аднаго боку, вытворныя з іншамоўнай асновай, выражаючы нешта новае, у той час лішні раз паўтараюць у мове корань, які ўзыходзіць да іншамоўнай асновы. З другога боку, словаўтварэнне ад запазычаных слоў дае магчымасць укаосна меркаваць аб асноўных словаўтваральных тыпах у беларускай мове.

            Германізмы прыймаюць актыўны ўдзел у словаўтваральных працэсах мовы-пазычальніцы. Як вядома, здольнасць да дэрывацыі – гэта адна з асноўных прыкмет трывалага засваення іншамоўнага слова, камунікацыйнай апраўданасці яго ў новай моўнай сістэме. На сучасным этапе функцыянуюць цэлыя словаўтваральныя гнёзды германізмаў і дэрыватаў, якія ўзніклі на беларускай глебе: вага, вагавітасць, вагавіты, вагавы, вагальны, ваганне, вагануцца, вагар, вагаўшчык, вагаўшчыцца, вагацца, вагаць, важанне, важаны, важкасць, важкі, важна, важкасць, важкі, важна, важнасць, важыцца, важыць, узважыць, адважыць, павага, перавага і інш.

            Ад слоў нямецкага паходжання ў беларускай мове навыя лексемы могуць утварацца марфалагічным, марфолага-сінтаксічным, лексіка-семантычным спосабамі. Найбольшае значэнне мае марфалагічны спосаб словаўтварэння, у прыватнасці, афіксацыя. У залежнасці ад таго, якія словаўтваральныя элементы ўдзельнічаюць на утварэнні слова і як яны далучаюцца да словаўтваральнай асновы, выдзяляюцца дзве разнавіднасці афіксальнага словаўтварэння: суфіксацыя і прэфіксацыя (канфіксацыя не назіраецца ў даследуемым матэрыяле).

            Значнай групай прадстаўлены ў  беларускай мове аддзеяслоўныя субстантыўныя ўтварэнні з суфіксам -нн(е): брукаванне, буксаванне, гафтаванне, дыляванне, рыфаванне, фарбаванне, футраванне, шмараванне, штампаванне, штрыхаванне, штэмпеляванне, шыхтаванне і нш. Вытворныя з такім суфіксам адносяцца да ліку найбольш старажытных, яны вядомы агульнаславянскай мове.

Пры ўтварэнні найменяў, якія абазначаюць асобу, у прыватнасці, паводле роду занятку, найбольшую актыўнасць мае суфікс –ар (агульнаславянскі суфікс –arjo змяніўся на беларускай глебе на –ар, дзе пад уплывам фанетычных прычын адбылося зацвярдзенне р): бляхар “майстар, які вырабляе рэчы з бляхі; той, хто крые бляхай дах”, гантар, гафтар, крамар, кухар, млынар, пушкар, гандляр (але: гарбар, грабар, рымар, друкар праніклі з нямецкай мовы ўжо з суфіксам -er). Са значэннем жаночага полу ўтвараюцца назоўнікі пры дапамозе суфікса –к: бухгалтарка, гандлярка, мулярка, малярка, штукарка і інш.

Для ўтварэння назоўнікаў, якія абазначаюць асобы паводле дзеяння, занятку, служыў таксама агульнаславянскі суфікс –нік: буднік дыялектн. ‘рабочы лясгаза’, ліннік ад дыялектн. ліна ‘вяроўка’, папернік ‘рабочы папяровай прамысловасці’, цагельнік ‘рабочы, які працуе на цагельні’, стадольнік ‘гаспадар канюшні’, шындэльнік дыялектн. гантаўшчык і інш.  

Пэўная колькасць слоў узнікла ад асноваў германізмаў (так званых агентыўных назоўнікаў) з дапамогай агульнаславянскага суфікса –ств(а): гандлярства, мулярства, млынарства, штрэйкбрэхерства “дзеянні штрэйкбрэхераў, накіраваныя на зрыў стачкі, забастоўкі” і інш.

Для абазначэння месца вытворчасці ці захавання чаго-небудзь служаць назоўнікі з суфіксам –н(я): броварня дыялектн. ‘спіртзавод’, друкарня, зэгарня ‘майстэрня гадзіннікаў’, спіжарня дыялектн. ‘кладоўка’, паперня ‘папяровая фабрыка’, цагельня.     

У беларускай мове сустракаецца вялікая колькасць слоў з эмацыянальна-ацэначнымі суфіксамі: -к, -ік (-ык), -ок, -ец, -чык, -ачк (-ечк): бартка ад дыялектн. барта ‘сякера’, бляшка, гачок, крамка, латка, стопка (ад штоф— штофка) ‘невялікая шклянка для віна, гарэлкі; колькасць віна, гарэлкі, якая ўмяшчаецца ў такую шклянку’, талерка, шафка, шалька, шопка, штабка, шуфлядка, цыбулька, фаска, шнурок, камінок, кубелчык, ланцужок, рымарчык, млынец, кубелец, конавачка, фортачка і інш.

Варта адзначыць, што эмацыянальнасць узмацняецца, калі суфіксы далучаюцца да асновы, у складзе якой ужо ёсць ацэначны суфікс: рантух – рантушок – рантушочак ‘жаночы галаўны ўбор’, крук – кручок – кручочак, фляшка – фляшачка. Найбольш прадуктыўны ў беларускай граматыцы эмацыянальна-ацэначны суфікс –к- .

Ужыванне суфіксаў эмацыянальнай ацэнкі з’яўляецца сведчаннем трывалай словаўтваральнай актыўнасці слоў нямецкага паходжання. Аднак трэба адзначыць, што некаторыя назоўнікі, утвораныя пры дапамозе такіх суфіксаў, змянілі сваё значэнне: брама ‘аблямоўка’ – брамка ‘галаўны ўбор’, дах ‘дах’ – дахаўка ‘чарапіца’, кнэбель ‘кляп; болт’ – кнэблік ‘запанка, гаплік’, гафт ‘вышыўка, рубец’ – гафтка, наптка, гатка ‘гаплік, засцёжка’; шляя ‘шляя’ – шлейка ‘вузкая палоска матэрыі’.  

Найбольшую прадукцыйнасць пры ўтварэнні ад’ектываў ад іменных нямецкіх асноваў маюць суфіксы –н- (броварны, крамны, ратушны, спіжны, цагельны, турэмны, шпітальны, фарны), -ск- (гарбарскі, гафтарскі, грабарскі, кушнярскі, малярскі, пушкарскі, фурманскі, шніцарскі), -ов- (ёв): гандлёвы, друшляковы, рахунковы, крышталёвы, папяровы, рыдвановы, -ав- (бляхавы, дышлавы, броваравы, ванчосавы, ратушавы, дротавы).

Што жа тычыцца прэфіксацыі, то такім спосабам утвараліся ў асноўным дзеясловы. Найбольш пашыраныя прыстаўкі: вы- , да- за- , з- , на- аб- , па- , пад- , раз- , у- (абмураваць, вышынкаваць, даважыць, дамаляваць, парахаваць, разважаць, уважыць, зафрахтаваць, замураваць, пафарбаваць, нафасаваць, наспіжаваць і інш.).

На аснове разгледжанага матэрыялу можна зрабіць наступныя вывады: на базе запазычанняў з нямецкай мовы ўзнікаюць шматлікія афіксальныя дэрываты; асноўны спосаб дэрывацыі запазычанняў – суфіксальны.