Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (1)
Цэтлікі: фразеалогія
Катэгорыі: Слоўнікі
(Мінск, Вышэйш. школа”, 1968.— 451 с. )
Памяці дарагіх родных Карпа, Савы, Вольгі, Інэсы Янкоўскіх, якія загінулі ад рук фашыстаў |
Замест уступу. Задума збіраць і ў пэўнай меры адлюстраваць у кніжках беларускую народную фразеалогію з’явілася ў аўтара гэтай працы ў дні апошняй сусветнай вайны. Вынішчэнне здабыткаў народа (а яно бязлітаснае, жорсткае вынішчэнне, прыходзіла за доўгую гісторыю на зямлю Беларусі многа разоў і з розных бакоў), вялікія страты краю (ад спальвання гарадоў, мястэчкаў, вёсак, пасёлкаў да людаедскага забойства гітлераўцамі ляснічых і настаўнікаў, пчаляроў і плытагонаў, бабулек і ўнукаў-неўмалятак <sic.—MR.>) клікалі да дзеяння і да настойлівага роздуму, непазбыўных клопатаў розуму, душы і сэрца: невымерна цяжкі быў лёс роднай Беларусі, а яна стварыла неацэнную культуру, вартую замілавання і захаплення, высокага гонару і найвышэйшай ацэнкі. Гэта перш за ўсё — няпісаная культура беларусаўх, толькі часцінка якой занатавана і надрукавана, захавана, такім чынам, ад беззваротнай страты.
Не раз здавалася, што перажыць вайну, дачакацца міру і спакою наўрад ці давядзецца. А ўцалею, выжыву, адно будзе — няспынная праца чорнарабочага на ніве роднай філалогіі.
Каля дарогі з Лагойска ў Плешчаніцы, недалёка ад Гарбатага маста на Дзвінасе, ідучы ў разведку ў час навальнай блакады ўвесну 1944 года, я закапа*ў на паляначцы між дзьвюх хвоек старонкі майго дзённіка і першы агульны сшытак народных выслоўяў, якія запісаў у вёсках Маладзечанскага, Мінскага і Лагойскага раёнаў.
У блакаду на абшары між Вілейкаю, Докшыцамі, Лепелем, Халопенічамі, Барысавам і Мінскам загінулі тысячы людзей, звалены і знявечаны незлічоныя дрэвы і дрэўцы, а паляны ўзаралі міны, снарады і шыны смертаносных машын. Мірным часам не раз ездзіў на Дзвінасу, як заўсёды — чыстую, крыштальную, толькі крыху абмялелую, шукаў свой скарб. І не знайшоў.
Аднавіць памяццю запісы ўдалося толькі часткова. Яны і з’явіліся пачаткам маёй картатэкі, у якой налічваюцца сёння тысячы разнастайных і разнамасных народных фразеалагізмаў, прыказак, прымавак, вітанняў, пажаданняў.
Гэтая друкаваная праца з’яўляецца працягам двух выданняў кніжкі “Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы”, а таксама публікацый у розных зборніках і ў любімым “Полымі”.
Вайна адышла, хоць і не забылася. Ніякі аптымізм не загоіць усіх цяжкіх ранаў, не ўсё страчанае вяртаецца і аднаўляецца. Але мая задума пакрысе ажыццяўляецца, і гэта прыносіць задавальненне. Ідуць гады імклівага жыцця. Наш час вымагае не бясследнага існавання, а жыцця, запоўненага клопатам і проацаю, жыцця для Радзімы-Бацькаўшчыны.
Змест кнігі. Фразеалагізмы (фраземы, фразеалагічныя адзінкі) — гэта спалучэнні,
якія складаюцца не менш як з двух слоў і ўтвараюць словазлучэнні (даць перуноў, хварэць на пана);
якія маюць адзіны, цэласны сэнс; сказаць інакш, фразеалагічную адзінку характарызуе семантычнае адзінства, цэласнае лексічнае значэнне; так, фразеалагізм у свіныя галасы складаецца з трох слоў, але значэнне яго не вынікае са значэння слоў у, свіныя, галасы, яго сэнс: позна, запознена; лі*са фарбаваць — выкручвацца, хітраваць;
якія маюць значэнне слова ці словазлучэня: а) ездзіць бачком — хітраваць, прыстасоўвацца, пірагі адпячы — адпомсціць, не дараваць, ра*дзіць ра*ды — раіцца, казу пасвіць — адставаць, спа*сці з цела — схуднець, чортам падшыты — хітры, вірутнік, негадзівец; б) як за сябе закінуць — хутка з’есці, хутка выпіць, як пані (бабе) сесці — вельмі мала зямлі, плошчы;
якія не ўтвараюцца ў працэсе маўлення (у гутарцы, размове), а ўзнаўляюцца як гатовыя моўныя адзінкі;
якія не падзяляюцца ў сінтаксічных адносінах (сінтаксічна непадзельныя) і выступаюць — незалежна ад колькасці слоў-кампанентаў — у ролі аднаго члена сказа;
якія ў большасці выпадкаў характарызуюцца экспрэсіўна-эмацыянальнаю ацэначнасцю: блынды правіць — з адценнем асуджэння, дакору, казу пасвіць — з адценнем іранічнасці, танок вадзіць — з адценнем паэтычнасці.
Фразеалагізмы маюць свае разнавіднасці. Не ўсім ім уласцівы адзначаныя асаблівасці.Ёсць, напрыклад, фразеалагізмы, што складаюцца з двух слоў, з якіх адно не самастойнае: пад носам, а*т сабе, на* табе. Выслоўі рэбры ды скура (вельмі худы), ціха і свята (таемна, таямніча) уласна словазлучэннямі не з’яўляюцца, але яны таксама належаць да фразеалагізмаў. А фразеалагізмы тыпу куды ногі нясуць, куды вочы глядзяць структурна маюць выгляд сказаў.
“Беларуская фразеалогія” — гэта фразеаграфічная праца, якая з’яўляецца кнігай фразеалагізмаў, тлумачальным слоўнікам фразеалогіі народнай беларускай мовы. Такую фразеалогію называюць народнай. Яна складае істотную часціну багаццяў беларускай нацыянальнай мовы. Народныя фразеалагізмы ствараюцца і жывуць у мове народных мас. Адны з гэтых фразеалагізмаў трапляюць у літаратурна-кніжную мову і замацоўваюцца ў ёй, другія застаюцца па-за кніжнаю моваю. Ні фразеалогія беларускай літаратурнай мовы, ні народная фразеалогія пакуль што яшчэ спецыяльна не збіралася, не сістэматызавалася, а значыць — і не размяжоўвалася. Таму могуць быць памылкі з аднясеннем некаторых фразеалагізмаў да народных (ці наадварот). Кніга “Беларуская фразеалогія”, зразумела, адлюстроўвае толькі частку народных фразеалагізмаў, пачэрпнутых з мовы носьбітаў традыцыйных беларускіх народных гаворак канца XIX — першай паловы XX ст.
Адбіраючы з сваёй картатэкі народныя фразеалагізмы на гэтую кнігу, аўтар не браў пад увагу: ужываецца або не ўжываецца той ці іншы фразеалагізм у беларускай літаратурнай мове, сустракаецца ці не сустракаецца ён у суседніх славянскіх мовах — рускай, украінскай, польскай. Хацелася паказаць не толькі багацце, а і разнамаснасць, разнастайнасць і самабытнасць народнай фразеалогіі беларусаў.
Крыніцы кнігі. Асноўных крыніц матэрыялу гэтай кнігі тры:
аўтарскія запісы;
надрукаваныя тэксты жывой народнай мовы і фальклорныя творы;
зборнікі беларускіх народных прыказак і прымавак.
Коратка пра кожную з крыніц.
У гэты, першы выпуск “Беларускай фразеалогіі” трапіла толькі частка матэрыялаў, што занатоўваліся аўтарам амаль усе пасляваенныя гады (больш інтэнсіўна — з 1950 года).
Збіранне фразеалагізмаў мае сваю спецыфіку, прыкметна адрозніваецца ад збірання лексікі. У першым выпадку “на ўзбраенні” збіральніка шматлікія варыянты пытанняў: “Як у вас называюць гэтую рэч?”, “Што абазначае слова гузяка?”, Ці кажуць у вас так?”, “У вёсцы Палужжа ёсць слова дамоўніца. А ў вас?” Такіх і падобных пытанняў, збіраючы фразеалагічныя матэрывялы не выкарыстаеш. Цярплівае і засяроджанае слуханне трэба спалучаць з уменнем весці і ажыўляць гутарку, размову. І толькі добра ўчуўшы фразеалагізм, зважаючы на тое, з кім гутарыш, як успрымае субяседнік пытанне і ці зможа на яго адказаць, можна спытацца, каб дакладней высветліць значэнне выслоўя. Дзве ілюстрацыі.
Жанчына прадае каштэлі, салодкія яблыкі, і расказвае:
— У нас гэ*дакіх каштэ*ляў — мы стаўпе*цкія, недалёка ля Сто*ўпцаў, — мо’ тон тры будзя. Прые*дзяця — яшчэ й на стол зьбяру. А яблыкаў таньне*й прадамо*.
Сэнс спалучэння на стол сабраць [збіраць] быў зразумелы, але пачутая ілюстрацыя — не дастатковая.
— Як гэта “зьбераце на стол”?
— Ці сваяк які, ці чалавек харошы трапіцца, то трэба сабраць на стол: кап чыста заслаць, паставіць чаго ёсць.
2. — Я ж адрэзанаю лустаю жыла.
— Чаму адрэзаная скіба? (Я ведаў, што ў раёне бытуюць словы луста і скіба з адным значэннем.)
— І ў бацькоў не была сірата, й гаспадара [мужа] мала [мела], а ўсю жытку адна, — век сама сабою.
— А нашто так кажаце: “Адрэзаная луста”?
— А што з адрэ*занае лу*сты, ці, хай сабе, скібкі? Як ні ссо*хня, то зьяду*ць…
Так весці размову можна далёка не з кожным субяседнікам, ад якога робіш запісы.
Пашпартызацыя сабраных матэрыялаў у аўтарскіх запісах не заўсёды дакладная: пэўную колькасць фразеалагізмаў, ілюстрацыйных прыкладаў запіса*ў у аўтобусе, у вагоне (напрыклад, у дарозе з Мінска на Лагойск, з Гродна на Ваўкавыск, Слонім, Баранавічы, з Глуска на Любань), на базары (Глуск, Ра*дашкавічы, мінская Камароўка, Навагрудак, Ву*шач (Ушачы), Ракаў, Валожын), на беразе ракі, возера (Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Бяроза, Свіцязь, Нёман). Зразумела, што ў такіх абставінах не заўсёды можна было высветліць, адкуль аўтары фраз, дыялогаў. Таму да часткі ілюстрацыйных прыкладаў падаецца паметка тыпу “У дарозе з Любані на Глуск”; паметка “Глуск”, “Ра*дашкавічы”, “Ракаў” паказвае, дзе запісаў прыклад, але не абавязкова сведчыць, што запісаў ад чалавека з Глуска (Радашкавічаў, Ракава).
Запісванне фразеалагізмаў з жывой размовы мае яшчэ свае цяжкасці. Я не раз сустракаўся з такою сітуацыяй. Мая субяседніца захапілася апавяданнем, успамінамі адной гісторыі ці адказам на пытанне; яе мова нікім і нічым не звязваецца і не абмяжоўваецца; апавядальніца занятая толькі тым, каб як лепш і жвавей расказаць, паведаміць, адказаць на пытанне. Праходзіць нейкі час, звяртаешся, каб дакладней высветліць значэнне пачутага фразеалагізма. І тут мая “карміцелька і паіцелька” здзіўлена пазірае, спрабуе растлумачыць і ніяк не можа. А здаралася не раз і так, што з усёю шчырасцю і вінаватасцю гаворыць, што “не кажуць так”.
Аднойчы ў сяброўстве двух братоў, дзяцінства і юнацтва якіх прайшло ў адной хаце, ішла гутарка пра суседзяў і іх вяскоўцаў. Адзін з братоў прыгадвае “на зле” непрыемную гісторыю, за якую варта з вінаватага сырыцу выкруціць (фразеалагізм я чуў да гэтага). А калі прайшло з гадзіну пасля размовы, я паспрабаваў высветліць значэнне сырыцу выкруціць у таго брата, ад якога не чуў гэтага выслоўя. Апошні катэгарычна запярэчыў: “Я ніколі не казаў і не чуў “сырыцу выкручваць”.І толькі ўсёю сямейнаю радаю, прыгадваючы сітуацыі ўжывання гэтага фразеалагізма і тлумачачы, што ён абазначае, які мае сэнс, мае гаспадары паказалі жыццёвасць фразеалагізма, яго неаказіянальнасць.
У ліку маіх “карміцеляў” былі розныя людзі: гаваркія і маўчуны, адказчыкі (як на рэцэпт у аптэцы) на мае пытанні і схільныя перабіць сваімі пытаннямі маю спробу спытацца. Сустракаюцца на дзіва адрозныя гутаркі: у аднаго мова насычана фразеалагізмамі, у другога супрацьлегласць — амаль “дыстыляванасць” ад фразеалагізмаў, ад пераноснага ўжывання слоў.
За апошнія дзесяць год у розных выданнях аўтар надрукаваў частку фразеалагіяных матэрыялаў, што паступова рыхтаваліся, каб зрабіць спробу стварыць даведнік з беларускай фразеалогіі. Побач з народнымі прыказкамі, прымаўкамі змясціў у дадатку да першага выпуску “Дыялектнага слоўніка” (Мінск, 1959) фразеалагізмы з дакладнаю пашпартызацыяй. Большасць з іх запіса*ў спрошчанаю транскрыпцыяй, якая забяспечвае адлюстраванне фанетычных і марфалагічных асаблівасцей той гаворкі, з якой пачэрпнуў фразеалагізмы. Прыкладна столькі сама фразеалагізмаў і з такою самаю падачаю змясціў у дадатку да кожнага наступнага выпуску “Дыялектнага слоўніка” (II — Мінск, 1960; III — рукапіс, 1963; IV — рукапіс, 1966), а таксама ў калектыўным зборніку “Матэрыялы для слоўніка народнадыялектнай мовы” (Мінск, 1960). Не абышоў фразеалагізмаў і пры складанні зборніка прыказак і прымавак. У надрукаванай кнізе “Беларускія народныя прыказкі” (Мінск, 1957) народныя фразеалагізмы падаюцца асобна, як раздзел “Устойлівыя спалучэнні слоў — фразеалагізмы”. Зразумела, што ў такім зборніку не магло быць паслядоўнага тлумачэння фразем і пада*чы ілюстрацыйнага матэрыялу. Толькі да асобных з іх ёсць самыя сціслыя каментарыі. Каментарыі не аднастайныя сваім зместам. Да адных фразеалагізмаў падаецца сэнс, значэнне.
Да другіх, апрача раскрыцця сэнсу, змяшчаецца тлумачэнне асобных слоў. Гізунты выцягнуць — наздзекавацца, змучыць, выесці вантробы, душу выняць. Гізунты — ад нямецкага Gesundheit (здароўе), gesung — здаровы.
Да трэціх — самая сціслая даведка пра ўзнікненне фразеалагізма. Смаргонская палітыка — няўмелае абыходжанне, няўклюднасць. Узнікла ў сувязі з утаймаваннем мядзведзяў у Смаргоні.
Другое выданне гэтай працы атрымала змененую назву — “Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы” (Мінск, 1962). Аб’ём раздзела “Фразеалагізмы”, у параўнанні з адпаведным раздзелам у першым выданні, пашырыў. Адпаведна пашырыліся “Заўвагі і тлумачэнні”.
Публікацыі фразеалагічных матэрыялаў і разведцы ў галіне беларускай фразеалогіі і фразеаграфіі прысвячаюцца падборкі і артыкулы, тэзісы дакладаў і выступленняў, змешчаныя ў зборніках і часопісах, у кніжках аўтара:
<Бібліяграфія ў кніжцы падаецца ў падбор; дзеля зручнасьці агляду даю кожную публікацыю асобным абзацам. — МР>
Пра слоўнік-даведнік “Беларуская фразеалогія”. — Пытанні культуры мовы. Мінск, 1961, стар. 77—100;
Да паведамлення “Змест і будова даведніка “Беларуская фразеалогія”. — Тези доповідей IV міжвузівсько? республікансько? славістично? конференці? . Одеса, 1961, стар. 65—66;
Да вывучэння народнай фразеалогіі. — Навуковая канферэнцыя па пытаннях лексікалогіі і лексікаграфіі. Тэзісы дакладаў. Мінск, 1963, стар. 32;
З народнай фразеалогіі. — “Полымя”, 1966, № 2, стар. 183—187;
Народная фразеалогія. — “Полымя”, 1966, № 9, стар. 172—179;
З нататкаў пра афарызмы. — Материалы научно-теоретической конференции. Минск, 1966, стар. 40—41;
Народная фразеалогія. — “Полымя”, 1966, № 10, стар. 178—182;
Народная фразеалогія. — “Полымя”, 1966, № 11, стар. 175—179;
Народная фразеалогія. — “Полымя”, 1964, № 1, стар. 179—182;
З нарысаў беларускай фразеалогіі. — Лінгвістычны зборнік. Мінск, 1965, стар. 193—203;
З народнай фразеалогіі. — “Полымя”, 1965, № 6, стар. 166—176;
Беларускі фразеалагічны слоўнік (спробныя артыкулы). — Материалы научно-теоретической конференции. Минск, 1965, стар. 282—287;
З праблемы беларускай фразеалогіі. — Тыпалогія і гісторыя славянскіх моў і ўзаемасувязі славянскіх літаратур. Мінск, 1967, стар. 40—42;
Народная фразеалогія. — “Полымя”, 1967, № 5, стар. 244—248;
Беларуская фразеалогія. — Роднае слова. Мінск, 1967, стар. 7—23;
Пра фразеалагічныя даведнікі. — Материалы научно-теоретической конференции. Минск, 1967, стар. 4—5;
З народнай фразеалогіі. — “Полымя”, 1968, № 2, стар. 235—245; <Пасьля лічбы 1968 праўлю кропку з коскай на коску. — МР>
Из мира фразеологии. — “Неман”, 1968, № 1, стар. 173—175;
З народнай фразеалогіі. — “Полымя”, 1968, № 5, стар. 340—343;
О словаре белорусской народной фразеологии, 3 стар. (у друку);
Фразеалагізмы ў чацвёртым томе “Люду беларускага на Русі літоўскай” М. Федароўскага, 8 стар. (у друку);
Фразеалагізмы ў зборніку народных прыказак І. Насовіча (у друку).
З пэўнаю агаворкай сюды аднясём кнігу “Крылатыя словы і афарызмы” (Мінск, 1960, стар. 135) і публікацыю “Крылатыя словы” (“Полымя”, 1959, № 12, стар. 181—184).
Гэтыя публікацыі з’явіліся своеасаблівай апрабацыяй матэрыялу, формы яго падачы і праверкай “на людскім воку” перад тым, як выдаваць асобнаю кнігай беларускую фразеалогію.
Другая крыніца — друкаваныя тэксты жывой народнай мовы і фальклорныя творы. Гэта галоўным чынам зборнікі Е. Раманава, З. Радчанкі, А. Сержпутоўскага, І. Сербава, М. Федароўскага, “Хрэстаматыя па дыялекталогіі”. Да тэкстаў, змешчаных у гэтых зборніках, быў дыферэнцыяваны падыход, пры якім перавага аддавалася тэкстам з жывой гутаркі, з бытавых апавяданняў, гістарычных успамінаў. З паэтычных твораў (напрыклад, з песень) звычайна бяруцца і скарыстоўваюцца такія фразеалагізмы, якія бытуюць і ў гутарковай мове; сказаць інакш, прыклады з паэтычных твораў, як правіла, прыводзяцца не як адзіныя сведчанні ўжывання фразеалагізма, а як дадатковае пацверджанне да цытаты (цытатаў) з гутарковай мовы.
Трэцяя крыніца — зборнікі беларускіх прыказак і прымавак. Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы належаць да самых яркіх сродкаў выразнасці беларускай мовы.Як і ў іншых мовах, гэтыя моўныя адзінкі даўно сталі на ўвазе філолагаў і ўвогуле дапытлівых людзей. З’яўляліся парэміяграфічныя зборнікі, пісаліся заўвагі і артыкулы пра іх змест, гучанне, будову. Праўда, найперш збіранню, сістэматызацыі (тэматычнай, ідэалагічнай класіфікацыі) падпалі прыказкі і прымаўкі. Зборнікі і называліся зборнікамі прыказак. У іх траплялі і фразеалагізмы, якія не толькі ў XIX ст., а і да зусім нядаўняга часу не ўсведамляліся як нейкія асобныя моўныя адзінкі. Змяшчэнне фразеалагізмаў (вадзіць дзяды*?, даць цягу, падтуліць хвост, запала клямка, разінькі прадаваць, чуй дух, у свіны голас) у зборніках прыказак сведчыць пра наяўнасць таго агульнага, што маюць прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы: устойлівасць, бытаванне (ужыванне) як “гатовых” спалучэнняў і сказаў з “гатовым” зместам і сэнсам, з іх стылістычным гучаннем.
Гэтую (трэцюю) крыніцу складаюць зборнікі Івана Насовіча і Міхала Федароўскага.
Фразеаграфічны артыкул. Фразеалогія вывучае фразеалагізмы. Іх апісаннем, сістэматызацыяй і тлумачэннем, падачай у выглядзе даведнікаў (умоўна — слоўнікаў) займаецца фразеаграфія. Слоўнікавым артыкулам у працах лексікаграфічных адпавядаюць <праўлю з: апавядаюць. — МР> фразеаграфічныя артыкулы ў працах фразеаграфічных.
Фразеаграфічны артыкул у “Беларускай фразеалогіі” складаецца з наступных часцін:
загаловак, у якім падаюцца (у дужках) разнастайныя варыянты кампанентаў фразеалагізма, паказанні на сувязі фразеалагізма з кантэкстам пры дапамозе слоў (чый, каго, у каго; каму, чаму; з кім, з чым і падобн.);
стылістычная паметка — як эмацыянальна-экспрэсіўная ацэнка фразеалагізма (зразумела, не кожнага);
тлумачэнне сэнсу, значэння фразеалагізма,
ілюстрацыйныя прыклады (цытаты).
Спынімся на асобных часцінах артыкула.
У першым (рукапісным) варыянце “Беларускай фразеалогіі” да фразеалагізмаў прыводзіўся шырокі граматычны кваліфікатар, які паказваў: а) парадак кампанентаў у фразеалагізме, б) пранікальны ці непранікальны фразеалагізм, в) змяняюцца ці не змяняюцца кампаненты фразеалагізма, г) сінтаксічная роля фразеалагізма.
Аўтар пераканаўся, што пры амаль поўнай адсутнасці беларускай фразеаграфічнай практыкі і нераспрацаванасці граматычнай характарыстыкі фразеалагізмаў немагчыма на сучасным этапе забяспечыць даведнік грунтоўнай граматычнай кваліфікацыяй.
Дыялектная адменнікавасць (варыянтнасць) асобных фразеалагізмаў досыць разнастайная. Зразумела, усіх адменнікаў аўтар не мог сабраць. У адных раёнах Беларусі — веку прыкараціць, у другіх — веку ўкараціць, у трэціх — жыцця прыкараціць, у чацвёртых — жыцця ўкараціць. У аўтаравай картатэцы ёсць усе чатыры згаданыя адменнікі, але ілюстрацыйныя прыклады з пашпартызацыяй маюцца толькі да першых двух. У кнізе і прыводзяцца не ўсе, а два першыя. Толькі адзін, першы, прыводзіцца з чатырох наступных адменнікаў: выпінацца са скуры, лезці (вылазіць) са скуры, дзерціся са скуры, вылузвацца са скуры. Іншы раз фразеалагізм аднолькавага кампанентнага складу і аднолькавых лексіка-граматычных сувязей у розных гаворках мае рознае значэнне: першы лепшы — найлепшы, самы лепшы (у адных гаворках) і любы (у другіх гаворках). Вока мець і вока не мець у адных гаворках — два фразеалагізмы, у другіх гаворках узаемаадносіны паміж вока мець і вока не мець зусім іншыя. Так, у шмат якіх вёсках Валожынскага раёна фразеалагізм вока не мець мае дакладна тое самае значэнне, што і вока мець у гаворках Слонімшчыны: быць незадаволеным кімсьці, мець прыхаваную злосць і гатоўнасць папомсціцца, панасміхацца. Усю гэтую стракатасць народнай фразеалогіі пакуль што не ўдалося не толькі пада*ць, паказаць у кнізе, а нават сабраць, выкласці ў картатэцы.
У частцы артыкулаў маюцца кароткія этымалагічныя меркаванні, звернута ўвага на “ўнутраную форму” асобных фразеалагізмаў. Іншы раз даведка пра ўзнікнене фразеалагізма адначасова з’яўляецца і тлумачэннем яго сэнсу.
Да некаторых фразеалагізмаў змешчаны пад сігналам “параўнайце” фразеалагізмы рускай мовы. Адны з іх раўназначныя прыведзеным беларускім, другія зусім блізкія значэннем і афарбоўкай да беларускіх, трэція адрозніваюцца афарбоўкай, чацвёртыя — тымі вобразамі, якія пакладзены ў аснове беларускіх і рускіх фразеалагізмаў. Параўнанне беларускіх фразеалагізмаў з польскімі, украінскімі на гэты раз проста апушчана.
Пра падачу ілюстрацыйных прыкладаў. Пры вывучэнні фанетыкі, марфалогіі, гаворак, зразумела, патрэбна дакладная перадача дыялектнай мовы, яе асаблівасцей. А ці абавязкова перадаваць усе дыялектныя асаблівасці ў фразеалагічным слоўніку — у яго ілюстрацыйных прыкладах? Тут, мабыць, трэба ўлічваць перш за ўсё, каму адрасуецца фразеалагічны слоўнік, каму ён прызначаецца. Калі толькі лінгвістам-дыялектолагам, толькі на навуковыя патрэбы, тады вымагаецца найбольш поўнае адлюстраванне ўсіх дыялектных, фанетычных і граматычных, асаблівасцей. А калі слоўнік народнай фразеалогіі адрасаваць не толькі лінгвісту, а і журналісту, пісьменніку, настаўніку, шырокаму чытачу, тады перадача дыялектных асаблівасцей наўрад ці абавязковая. Ці не падаваць тэксты, запісаныя ад сялян, з арфаграфічнаю аформленасцю?
Каб чытач ішоў разам са мною ў гэтым разважанні, прапаную параўнаць тыя самыя тэксты, але аформленыя розна: у левым слупку запісы тэкстаў, што ўключаюць фразеалагізмы, досыць поўна адлюстроўваюць фанетычныя і граматычныя асаблівасці дыялектнай мовы; у правым слупку тыя самыя тэксты падаюцца арфаграфічна.
1. Му*ся, як сьвет сьветам, чалавека цягня туды, дзе на сьвет пашоў. Малад. р., ст. Дубр. | 1. Мусіць [мабыць], як свет светам, чалавека цягне туды, дзе на свет пайшоў. |
2. Малы*, а карузьлівы такі! Лe сьцімя, лe сьцімя, по*куль хто ю*шку спу*сьціць. Гл. р., пас. Я. Куп. | 2. Малы, а карузлівы такі! Лезціме, лезціме, пакуль хто юшку спусціць. |
3. Яны ўсё маёй дачу*сцы сэ*рца гнайі*лі, маё*й Рэ*няццы сэ*рцайка згнайі*лі. З прычытання. Дзярж. | 3. Яны ўсё маёй дачушцы сэрца гнаілі, маёй Рэнечцы сэрцайка згнаілі. |
4. Прышo ў Кандрат і пута*яцца: “Мо наву*чыце, пано*чку, як жыць бага*то — каб ма*ло рабі*ць і бага*то жыць. А то я вe к гару*ю і смаку* не чу*ю”. Гл. р., Кл. | 4. Прыйшоў Кандрат і пытаецца: “Мо’ навучыце, паночку, як жыць багата — каб мала рабіць і багата жыць. А то я век гарую і смаку не чую”. |
Далей. Для беларускага слоўніка народнай фразеалогіі абавязкова трэба выкарыстаць матэрыялы і факты з друкаваных тэкстаў, асабліва з тых зборнікаў, якія выдаваліся ў XIX — пачатку XX ст. Нават без паглыбленага аналізу даўніх запісаў (Е. Раманава, З. Радчанкі, А. Сержпутоўскага і іншых збіральнікаў фальклорных, моўных і этнаграфічных матэрыялаў) лёгка ўбачыць, што:
першае, зборнікі XIX — пачатку XX ст. не маюць якое-небудзь адзінае сістэмы запісаў; так, у тэкстах, запісаных на Мсціслаўшчыне, сустракаем абазначэнне ненаціскнога этымалагічнага о то літараю о (дорогая), то літараю а (дарагая), то літараю ы ці ъ (дырыгая, дыръгая); ненаціскное е абазначаецца то літараю е (не слухаешь), то інакш (не слуха*іш, ня слу*хаіш, ня слу*хайіш);
другое, ёсць на Беларусі гаворкі, у якіх многа выразных, рэзкіх адрозненняў ад літаратурнае мовы; запісаныя без адзінай сістэмы, такія тэксты цяжка ўспрымаюцца, а прыведзеныя ў слоўнікавых артыкулах, яны могуць стварыць у лінгвістычна не дасведчанага чытача ўражанне бязладдзя, хаатычнасці; такому чытачу цяжка будзе ўлавіць выразнасць гучання і яркасць зместу, уласцівых беларускім народным фразеалагізмам.
Некалькі прыкладаў.
Давъ закуску нема знаць одкуль и съ чого и досъ усимъ. Е. Рам., Сен. п.Идзець дорогою, стречаець Миколу. Микола гавориць: “Добрый дзень!” — Доброе здоровъя”. Е. Рам., Гор. п.Ёнъ яго, бачъ, подвышуя, чины накладая, штобъ ни якъ, а яго спихнуть. Е. Рам., Гом. п.Ну и што ш вы саб’е думайиц’и, йаны сам’и чуц’ ног’и ц’игал’и, а дз’ец’и пам’ирал’и каждый гот. Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі, Пол. р.Собака сяйчасъ, довго ня думаючи, ёнъ знаа ўсихъ, в€ домо, побывъ уже, да ёнъ чалов€ къ, дак ёнъ знаа ўсихъ, — привъёвъ ихъ къ имъ у комлаты. Е. Рам., Гом. п.Живъ саб€ б€ дный чалов€ къ. И на яго м€ въ злосць панъ, што каждый дзень наказувавъ. Черезъ ето той чалов€ къ: “Пойду дожду рябиновыя ночи, як будзець дожджъ, молодня и громъ, и спалю пана!” Е. Рам., Гор. п.Въ город€ пшеница колосом стояла. З. Радч.Взв€ й в€ церъ. Вочей не поставишъ. Якъ за языкъ пов€ шенный. Подл€ зъ съ солодкою грыззю. І. Нас.
А калі ўлічыць, што вялікая частка запісаў, у якіх адлюстроўвалася беларуская фразеалогія, зроблена лацінкаю (працы Я. Чачота, В. Дыбоўскага, М. Федароўскага, Ч. Пяткевіча), то лёгка ўявіць, якія стракатыя і “неарганізаваныя” будуць фразеалагічныя артыкулы.
Прыходжу да вываду, што цытаты-ілюстрацыі ў фразеалагічным слоўніку трэба падаваць з захаваннем іх лексікі, сінтаксісу, націску ў словах, нярэдка захоўваць дыялектныя граматычныя формы; так, у звароце розум прыходзе па шкодзе нельга “паправіць” канчатак дзеяслова (у вымаўленні “прыходзя — пашкодзя”), бо разбурыцца рыфма, разбурыцца і фразеалагізм.
Дзве заўвагі пра адбор ілюстрацыйных цытат-прыкладаў. 1. Аўтар не ўключаў у кнігу знявечаных пераробкаю (“пад гарадскога”) тэкстаў тыпу “Я на Вра*ля відзял на свае со*псцянныя гла*зы” (Асіповічы). 2. Уключаны ў кнігу ўрыўкі з жывой мовы, якія на першы погляд здаюцца няправільнымі, асабліва, калі разглядаць іх з пазіцыі ведання сінтаксісу на ўзроўні школьнага падручніка. Напрыклад: Паны ў навуку ішлі, за грошы слодыч ужывалі: паненкі, віно, катацца. Цёплых водаў (курортаў) шукалі (Малад. р., Бак.); Яму трэба што — ён табе скажа, што хочаш, дакляруе: “Асыплю золатам”. А потым: “Што ад мяне хочаш?” Во як “золатам асыплю” (Малад. р., Радашк.); Рабы толькі страшыць, а брацца ў рожкі баіцца. Той бы даў так, што зараве (Гл. р., Кл.); Летам — са*ма поле, дыхнуць табе не дае (Мін. р., Нялід.). Некаторыя прыклады паўтараюцца.
*
Працу “Беларуская фразеалогія” аўтар, вядома, не лічыць дасканалаю і бездакорнаю. З часам высветляцца пэўныя хібы і недакладнасці.
Аўтар будзе вельмі ўдзячны, калі чытач напіша любыя заўвагі: і пра аснову будовы даведніка, і пра тлумачэнне сэнсу выслоўяў, і пра іх адбор, і пра спробы выказаць меркаванне наконт узнікненя таго ці іншага выслоўя, і пра падачу нават асобных выслоўяў. Просьба дасылаць заўвагі, а таксама пажаданні ўключыць тыя ці іншыя фразеалагізмы ў чарговы выпуск “Беларускай фразеалогіі” на адрас: Мінск, 5, вул. Чырвоная, д. 16, к. 24.
*
Дапісваючы апошнія радкі прадмовы, лічу прыемным абавязкам шчыра падзякаваць акадэміку Кандрату Крапіве за заўвагі і пажаданні, накіраваныя на палепшанне гэтай кнігі. З прыемнасцю дзякую членам кафедры беларускай мовы, членам кафедры рускай мовы Мінскага педінстытута, навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР А. Баханькову і І. Яшкіну за ўдзел у абмеркаванні маёй працы. Выказваю шчырую падзяку і ўдзячнасць Я. Адамовічу, В. Астроўскай, В. Бекішу, Э. Блінавай, Я. Брылю, Н. Бурака, М. Васілеўскаму, М. Вашчанцы, М. Ваўчок (Паўлоўскай), Н. Гаўрош (Калошы), Н. Давідоўскай, Л. Духовіч, М. Кавалёвай (Ралавец), М. Каваленку, Ул. Калесніку, Н. Мацяш, А. Міхану, Л. Падгайскаму, К. Панюціч (Клопавай), В. Рабкевічу, А. Рагойшу, М. Салаўю, М. Янкоўскаму, М. Яўневічу і іншым маім сябрам, маім калегам, маім вучням, якія дапамагаюць папаўняць маю картатэку беларускай народнай фразеалогіі.
Пят, 14 кастрычніка 2011
Слоўнікі