Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (13)
Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія
Катэгорыі: Слоўнікі
Л
ЛАВІЦЬ РЫБУ Ў МУТУ. Гл. У МУТУ РЫБУ ЛАВІЦЬ.
ЛАД ЗРАБІЦЬ (рабіць). Гл. РАБІЦЬ ЛАД.
ЛАЖЫЦЦА ПЛАСТАМ. Гл. ПЛАСТАМ ЛАЖЫЦЦА.
ЛАЗНЮ ДАСТАЦЬ. Гл. ДАСТАЦЬ ЛАЗНЮ.
ЛАСКУ ЗРАБІЦЬ каму. Гл. РАБІЦЬ ЛАСКУ.
ЛАСКУ ПРЫМАЦЬ. ЛАСКУ ПРЫНЯЦЬ. Як ветлівыя запросіны на пачастунак, пагасцяваць.
Ну як жа ж? Трэба ж у хату зайсці, хоць ласку прыняць зайдзіце. Уш. р., Арэх. Хай сабе і елі дома, а ў нас, ну, хоць прыміце ласку, хоць прысядзьце з намі, хоць маленькую вазьміце. Уш. р., Лясн. Аз. Ну, то хоць ласку прыняць зайдзіце. Малад. р., Радашк. Сядайце, прыміце ласку. Віл. р., Раёўка.
ЛАСКУ РАБІЦЬ каму. Гл. РАБІЦЬ ЛАСКУ каму.
ЛАТА НА ЛАЦЕ (лапік на лапіку, лапінка на лапінцы). Вельмі зношаная і падраная, уся на латах (вопратка).
Адзежа тая абдзёртая, лата на лаце. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Лата на лаце, шва не знаці. (БППФ). Сярмяга — лата на лаце была, усё дабро пагарэла. Чашн. (П. Шэйн, БНП, 1962). Ведама пасля вайны: адзежа лапік на лапіку, на ногі, хоць плач, не было чаго набуць. Мсц. р., Зар. Зараз абдзіраных людзей няма. Бывала жабракі хадзілі, ды такія, што на іх лапінка на лапінцы. Навагр. р., Любча.
ЛАТАМІ (рыззем) ТРЭСЦІ. 1. Бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы.
Хто латамі трос, а каму ўсяго па горла. Гл. р., Кл. Бацькі рыззем трэслі, а вам цяпер няма чаго бе*дніцца. Гл. р., Хал. Латамі трасе, а апошняе на гарэлку нясе. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
2. Наўмысна паказваць беднасць.
Яна, як толькі хто свой зойдзе, дык і трасе латамі: Пашкадуйце яе… Гл. р., Хал.
Гл.: Ры*зы ды латы.
ЛАХІ ПАД ПАХІ. Вельмі паспешліва, з вялікім паспе*хам, нядоўга збіраючыся (пабегчы, уцячы, кінуцца ўцякаць).
Лахі пад пахі і пайшлі. Гл. р., Вольн. Як толькі да яго дайшлі, што трэба брацца і яму, дык лахі пад пахі ды дзёру даў. Мін. р., Засл. Лахі пад пахі ды даў драла. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
Гл.: ша*ркі на ба*ркі.
ЛЕДЗЬ (чуць) ДУХІ ПЕРАВОДЗІЦЬ. Ледзь здыхваючыся, не могучы дыхаць (пра шпаркі бег, цяжкую хаду).
Так цяжка было несці, што ледзь я духі пераводзіла. Малад. р., Радашк. Бягуць мужыкі, чуць духі пераводзяць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
ЛЕДЗЬ (чуць) НОГІ ЦЯГНУЦЬ. ЛЕДЗЬ (чуць) НОГІ ПРЫЦЯГНУЦЬ. Ледзь ісці, ледзь ногі перастаўляць (пра хаду стомленага чалавека).
Ідзе шляхам ды чуць ногі цягне, утаміўся дый у жываце бурчыць, быццам там бубняць трывогу. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Дачка нішто [някепска] жыве, а матка ўжо ледзь ногі цягае, састарэла і саслабела. Мін., Камар. Ледзь ногі цягнеш, а сварыцца і не еўшы кідаешся. Малад. р., Радашк. Згаладаўся ў блакадзе, абдзёрся, ледзь ногі цягне. Гляджу, хто ідзе так? Пазнаць не магла. Малад. р., Заг. Я іду, іду. На сонечка пагляджу. Думаю, каб як хоць ногі зацягнуць дадому. Гл. р., Дубр. А з лагеру [з часоў апошняй вайны] ледзь-ледзь ногі прыцягнуў. Малад. р., Клім. Ягад багата, але вельмі далёка, чуць ногі прыцёг. І ўсе патаміліся. Гл. р., Стар. Хоць як каб сам ногі зацёг [зацягнуў], а ‘шчэ несці? Гл. р., Кл. І так умардаваў каня, што той насілу ногі прыцёг. Гом. п., Бел. (Е. Рам., БС, ІV). Малады, здаецца, здаровы, а з касьбы толькі чуць ногі цягне. Асіп. р., Вяз. А ён наастатку ідзе сагнуўшыся, ледзьве ногі цягне. Ваўк. п., Астр. (М. Фед., ЛБ, ІV).
ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ каму. Назойліва прыставаць, дакучаць.
А чы [ці] ажаніўся б ты? — Хоць зара [зараз]. — А ўмееш пацеры? — Не лезь у вочы. Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ). Годзе яна з тых часоў [з таго часу] лезці гаспадару ў вочы. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). — Уставай, міла, прынёс табе мёду! — Не лезь ты мне ў вочы — галоўкі не зве*ду. Гродз. п., Лаша (Р. Шырма, БНП). А перастань ты лезці ў вочы, заладзіў: “Простая дарога, крывая дарога!” Якою хацеў, такою ішоў. А ты ідзі, якою ты хочаш. Гл. р., Стар. Ты ў вочы не лезь! Тамсама.
Гл.: сляпіцаю лезці ў вочы, гл.: асакою скакаць у вочы.
ЛЕЗЦІ СЛЯПІЦАЮ Ў ВОЧЫ. Гл. СЛЯПІЦАЮ (слепнем) ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ.
ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ СЛЯПІЦАЮ. Гл. СЛЯПІЦАЮ (слепнем) ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ.
ЛЕЗЦІ Ў ВЯРОЎКУ. Гл. У ВЯРОЎКУ ЛЕЗЦІ.
ЛЕЙЦЫ ПАПУСКАЦЬ (папусціць). Гл. ПАПУСКАЦЬ ЛЕЙЦЫ.
ЛЁГЕНЬКІ ПЕТРАЧОК 1. З адцен. іран. Лёгкі на язык, на абяцанні чалавек. (І. Нас., СБП; БППФ).
ЛЁГЕНЬКІ ПЕТРАЧОК 2. З адцен. пашаны. Паслухмяны і спрытны чалавек, які ахвотна дапамагае другім.
Ён тут як лёгенькі Петрачок, дык і яго любяць. Мсц. Хацелі, каб і нявестка была за лёгенькага Петрачка… Мсц. р., ст. Ход.
ЛЁГКАЯ (добрая) РУКА ў каго. Пра таго, хто прыносіць поспех, удачу, шчаслівы зыход (з былога веравання; напр., пасля стрыжкі добра, хутка расце воўна, хутка ўзыходзіць і расце збожжа, пасля аперацыі хутка загойваецца рана). Ч. Пяткевіч: Паляшук верыць, быццам бы кожны чалавек мае добрую ці кепскую руку (добрая рука, ліхая рука); купленае з добрай рукі шчасліва гадуецца, не хварэе, а з кепскай рукі — не ідзе рукою, іншы раз гіне або перапрадаецца. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР).
Тут у нас быў доктар. Дык у [доктара] Кухарэнкі ватэтага [вось гэтага] вельмі лёгкая рука: як ён зробіць аперацыю — усё добра, як другі хто — мучацца. Гл. Бывала хадзілі прасіць — у каго лёгкая рука, — каб лёну ці пшанічкі пасеяў. Гл. р., Кл. І ў цябе рука лёгкая. Тамсама. У Якуба не такая, як у Колі, лёгкая рука: Коля як кальне — і гатова, не страпянецца [кабан]. Малад. р., Радашк. Кіньце, мама! Якая гэта добрая рука? Я не веру, чаму так — у Дварэцкіх добрая рука, а ў іх нядобрая рука. Малад. р., Радашк. Даўней як купляюць, дык распытацца трэба, а ці добрая рука [у таго, хто прадае]. Гл. р., Слаўк.
Параўн.: ліхая рука.
Параўн.: ісці рукою.
ЛЁГКІ НА НОГІ (на нагу). З лёгкаю паходкаю; хто можа хутка, многа і без стомы хадзіць.
О! Пастух трэба, каб лёгкі на ногі быў. Адхадзі дзень!.. Гл. р., Кл. Дарашовы ўсе нейкія лёгкія на ногі. Тамсама. Міхалю пад семдзесят, а ‘шчэ, бач, які лёгкі на ногі. Тамсама. А што такому лёгкаму на ногі схадзіць да Глуска?! Тамсама. Хто лёгкі на нагу? Трэба збегаць у Ра*фалаў. Бял. р., Кл.
ЛЁГКІ НА СЛОВА (на язык). З адцен. асудж. Пра таго, хто не ўзважвае свайго слова, хто схільны да балбатлівасці, да хуткіх абяцанняў.
Ён такі, што лёгкі на слова, а рабіць яму цяжка. Малад. р., Радашк. Каця ў іх вельмі лёгкая на слова. Гл. Не будзь такі лёгкі на язык, то лепей табе будзе. Мін. р., Шап. Вельмі ж лёгкая на язык тая баба, у іх [на кватэры] вам не ўбыць. Гл. р., Стар.
ЛЁГКІ ХЛЕБ. Жыццё на лёгкай працы, без клопатаў, турбот, без напружання сілы.
Не будзь разумнейшы за каго. Усё глядзіш, каб знайсці лёгкага хлеба. Асіп. р., Дубр. Нам з бацькам цяжка было, дзеці хай разумней за нас жывуць, няхай шукаюць лягчэйшага хлеба. А гультаю ніякага не будзе. Валож. Пахадзіў у кузню: “Цяжкі хлеб”. І шукае лягчэйшага хлеба. Усё яму каб лёгкага хлеба. А каму цяжэйшы хлеб? Лянуецца!.. Дзе такому толк? Гл. р., Вер.
ЛЁГКІ ЯЗЫК. Балбатлівасць, нястрыманасць.
У яго лёгкі язык. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). За адзін твой лёгкі язык любіць цябе не будуць: аднаму адно, другому другое, — як цяля хвастом. Гл. р., Вольн. А ўсё ватэтае [вось гэтае] нарабілася цераз яе лёгкі язык. Гл. р., Хал.
ЛЁСТАЧКАМІ СЛАЦЬ. Лісліва гаварыць, мякка слаць.
Усё лёстачкамі сцеле. Карэл. р., Лукі. Вельмі ж нешта Соні лёстачкамі сцелеш. З чаго б гэта? Карэл. р., Крын.
ЛЁТАМ ЛЁТАЦЬ. ЛЁТАМ ЗЛЁТАЦЬ. Вельмі хутка збегаць (з радасці, з жадання як мага хутчэй збегаць, дагадзіць).
Дасцё грошы, дык Юзя лётам злётае. Мін. р., ст. Радашк. Мае [дзеці] убачаць, што ідуць хоць адкуль, дык лётам лятуць. У дарозе з Мін. да ст. Уша. Люда? Тая лётам ляціць, а Светка не вельмі, убачыць і тэпае паволі. Навагр. р., Свіц.
ЛІКУ НЯМА. Вельмі багата, незлічонае мноства.
Колісь зірнеш увосень на возера, дык качак тых чорна, ліку іх няма. Гл. р., Кл. Тры гадкі вайны, — думала мая старая галава, — ужо і ваяваць няма каму. Аж бач: як пайшлі аднаею [адною] нашаю дарогаю машыны з войскам, дык тых машын няма ліку. А на ўсякай машыне мо’ па шэсцьдзесят салдатаў. Тамсама. От сонейка схавалася за зямлю, на небе заблішчэлі зоркі ды толькі [столькі] іх там, што і ліку няма. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
Гл.: лічбы не мець.
Параўн. (у руск.): несть (нет) числа.
ЛІСА (лісу, лісіцу) ЗЛАВІЎ (спаймаў). З адцен. жартаўл. Прыпаліў ці прапаліў вопратку праз неасцярожнасць пры агні; прыпаленыя лапікі маюць падобны да ліса колер.
Чаго толькі колісь на той конніцы [на начлезе] не вырабляюць! А як засне каторы пры агні, падымецца, аж качаюцца: “Што? ліса злавіў!” Гл. р., Барб. Лісу злавіў. Тамсама (Матэр. для сл.). Лісіцу спаймаў. (І. Нас., СБП).
ЛІСА ФАРБАВАЦЬ. Быць няшчырым, выкручвацца хітруючы.
Няма чаго тут ліса фарбаваць; ужо калі пасварылася з братам, то так бы і сказала. Карэл. р., Лукі. Пайшла да Міці мёду, а ён мне стаў ліса фарбаваць: “...Няма…” А я ж ведаю, што пераганяў учора. Тамсама.
ЛІСТАМ ПАДАЦЬ. Гл. ПАДАЦЬ (слаць) ЛІСТАМ.
ЛІСТАМ СЛАЦЦА. ЯК ЛІСТАМ СЛАЦЦА. Вельмі дагаджаць каму, вельмі мякка і пакорна гаварыць. І. Насовіч: кажуць на таго, хто стараецца як толькі можна дагадзіць. (І. Нас., СБП).
Ён як лістам сцелецца, — такому не давай веры. Мін. р., Лекар. А ты ўжо тут лістам не сцяліся!.. Няма чаго падлізвацца. Мін. р., Відаг.
ЛІСТАМ СЛАЦЬ. Гл. ПАДАЦЬ (слаць) ЛІСТАМ.
ЛІХА ЗРАБІЦЬ (рабіць) каму. Гл. РАБІЦЬЛІХА каму.
ЛІХА СКАЧА ў кім. З адцен. асудж. Ліха — “чорт”, “шаленец”. Ліха скача (вытанцоўвае) — гарэзлівасць, дураслівасць, раздуранасць, схільнасць да нядобрых учынкаў.
У табе, хлопец, ліха скача. І слова табе не памагае. Гл. р., Кл. Ён і сядзе, дык у ім ліха скача. Гл. р., пас. Я. Куп.
Параўн. (зусім іншы сэнс у руск.): лихо плясать (отплясывать, вытанцовывать).
ЛІХА ЯГО (яе, іх, вас) ВЕДАЕ. З адцен. непаш., абыяк., дакору. Невядома.
Ліха іх ведае, дзе вашыя паперкі! Гл. р., Сымон. Ліха яго ведае, што яму ўроілася, таму мужыку. Гом. п. (Е. Рам., БС, ІV). Ліха яго ведае, што ён рабіў. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
Параўн. (у руск.): черт знает.
ЛІХАЯ ГАДЗІНА. Цяжкі, змрочны час, цяжкае становішча. Параўн.: ліхі — кепскі, дрэнны, нягодны. Гл. р., Кл., Барб., Байл., Ад.
Не мінула мяне ліхая гадзіна. (М. Фед., ЛБ, ІV). Прыйдзе і на яго калісь ліхая гадзіна. Ваўк. п. (Тамсама). Каб на цябе, жаўнер, ліхая гадзіна: выраклася мяне ўся мая радзіна. Віл. п., Завід. (Р. Шырма, БНП, І). Чаго тут ходзіце? Чаму на вас ліхая гадзіна не нойдзе? Няма на вас ліхое гадзіны. Гл. р., Кл. Пракляне ў ліхую гадзіну. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Калі і пагаворыць, і пасмяецца, а калі — як на яго ліхая гадзіна нойдзе: слова не скажы, усе не так яму. Гл. р., Слаўк.
Параўн. (у руск.): черный день, трудные времена.
ЛІХАЯ (нядобрая) РУКА ў каго. Пра таго, хто не прыносіць поспеху, удачы, шчаслівага зыходу. З былога веравання.
Гл.: лёгкая (добрая) рука.
ЛІЧБЫ НЕ МЕЦЬ. Вельмі багата, незлічонае мноства.
Адны багаццю лічбы не маюць, другія з голаду падыхаюць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП, 1911).
Параўн. (у руск.): несть (нет) числа.
Гл.: ліку няма.
ЛОБ У ЛОБ 1. Пра рух насустрач (дзвюх машын, двух чалавек, дзвюх сіл), пра стычку (дзвюх машын, двух чалавек, дзвюх сіл, якія рухаюцца насустрач).
Дарога вузенькая, а яны едуць лоб у лоб. І сталі. Чуць не стукнуліся. Адзін шофер [шафёр] не хоча задам ад’ехаць і другі не хоча... Бабр. р., Гарб. Я ж з ім у Асіповічах лоб у лоб сышліся, дык і слова не сказаў! Асіп. р., Карыт.
ЛОБ У ЛОБ 2. З адцен. непаш. Аднолькавыя (пра дужых рослых людзей).
Немцы ў дэсантнікі падбіралі гадаў, каб лоб у лоб — здаровыя, лёгкія. Асіп. р., Дубр. Дзе нам з імі сварыцца! Падышлі ўтраіх — высокія ды здаравякі, адзін у адзін, лоб у лоб. Ст. Бераз.
ЛЫНДЫ БІЦЬ. Гл. БІЦЬ ЛЫНДЫ.
ЛЫТКА (лыткі) ЗАКАЛАЦІЛАСЯ (закалоціцца; задрыжэла, задрыжыць; затрэслася, затрасецца). З адцен. жартаўл. ці іран. 1. Збаяцца, спалохацца, са страху закалаціцца.
На слове хваліўся, фарсеў, а як толькі — дык і лытка закалацілася. Малад. р., Бак. У паноў аж лыткі затрасуцца, а мароз бяжыць па спіне. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). У нашага [дырэктара] аж лыткі задрыжалі, як пачуў, што едзе праверка. Кап. р., Аксам.
2. Не хапіла змогі, сілы; не па сіле.
Мо’ і ўзяўся б, мо’ і стаў бы за старшыню, але ж ведае сам: лытка задрыжыць. Гл. Паспрабаваў у акадэмію, палез, ажно лытка задрыжэла, на тым і сеў. Тамсама.
Параўн.: Не ступай надта шырока: лытка задрыжыць. (БППФ).
ЛЮДСКІ ЛЮД. Дружная, з’яднаная грамада [вёска, група людзей], калектыў, што ўмее адстойваць і адстойвае справядлівасць, агульныя інтарэсы [вёскі, групы людзей, калектыву].
Каб на людскі люд, дык яго б з гэтай вёскі вытурылі. Прынялі жыць са свету ў чорную часіну — жыві! Дык не, яшчэ красці стаў. Мін. р., Салом. Была я ў сваякоў, ажно за Ра*дашкавічамі, у Сы*чавічах і на Ву*шы. Дык у гэтай вёсцы, у Ву*шы, да чаго людскі люд! Пры панах не далі ні з кога воласа вырваць, А цяпер і немцу [фашысцкім акупантам] — трасцы з хваробай. Тамсама.
ЛЯПНУЦЬ ЯК З ПАСТАЛА. З адцен. асудж. Недарэчы, не да месца сказаць. Пасталы — лапці (поўдзень Беларусі); у некаторых гаворках пасталы — лапці са скуры.
Ляпне як з пастала. Сак. п., Жух. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Калі б змоўчаў, лепш было б. А то ляпнуў як з пастала, што больш і слухаць не слухалі. Гл. р., Слаўк. Ты заўсяды [заўсёды] такі: ляпнеш як з пастала, што слухаць сорам. Акцябр. р:, Ляск.
ЛЯЦЕЦЬ НОСАМ (у зямлю). ПАЛЯЦЕЦЬ НОСАМ (у зямлю). Упасці, бразнуцца; заараць носам.
Выпіў — і лезе борацца. Той грабане — дык ляціць носам у зямлю. Устане — і зноў: “Давай борацца!” Ізноў ляціць носам. Гл. р., Кл. Нездалетны вельмі. І чаго ён такі нездалетнік? Мяшочак той мо’ два пуды, а ўзяў — і паляцеў носам у зямлю. Тамсама.
Суб, 15 кастрычніка 2011
Слоўнікі