Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (21)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія

Катэгорыі: Слоўнікі

Х

ХАДЗІЦЬ ГАЛАВОЮ. Гл. НА ГАЛАВЕ (на галовах, галавою) ХАДЗІЦЬ.

ХАДЗІЦЬ НА ВАДУ. Ганяць плыты.

Хадзілі на ваду. Гл. р., Кл. Сходзіш на ваду — капейка ў кішэні. Тамсама. На ваду хадзіў. Гл. р., Зубар. Любіў на ваду хадзіць. Гл. р., Хал.

ХАДЗІЦЬ НА ГАЛАВЕ (на галовах). Гл. НА ГАЛАВЕ (на галовах, галавою) ХАДЗІЦЬ.

ХАДЗІЦЬ НА ПАРЫ. Перад блізкімі родамі.

Маладыя — хто як. Дзіва, што не ведаюць, а даўней, бывала, так і казалі: “Як хадзіла на пары*”. Яна ўжо ходзіць на пары*. Ган. р., Ліп. Яна, бачыце, была тоўстая [цяжарная] і хадзіла на пары. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП).

Параўн. (у руск.): на сносях.

ХАДЗІЦЬ У ТАНОК. Гл. У ТАНОК ІСЦІ (хадзіць).

ХАЙ САБЕ (і). Гл. НЯХАЙ (хай) САБЕ (і).

ХАТКУ САСТРОІЦЬ каму. Знішчыць, удаць ворагу кагосьці.

Паехаў у Мінск, а яны ўбачылі [паліцэйскія] і хатку састроілі. Ніхто і не бачыў, дзе яны яго звезлі. Чалавек быў добры. Смал. И вот соседка услышала однажды: “Трэба хатку састроіць ім”. Она и догадалась: значит, не свои они люди, могут вреда наделать. Надо менять место встреч. (З успамінаў пра падпольную дзейнасць). Мін.

ХВАРЭЦЬ НА КІШЭНЬ (на кішэню). ЗАХВАРЭЦЬ НА КІШЭНЬ (на кішэню). З адцен. іран. ці жартаўл. Не мець грошай, быць на безграшоўі.

Быў бы ашчаднейшы, то не хварэў бы на кішэнь. Свісл. Хварэе на кішэнь. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Захварэў, брат, на кішэню. Сл.

Гл.: сухоты кішаньковыя.

ХЛЕБ АДБІРАЦЬ АД (у) каго. ХЛЕБ АДАБРАЦЬ у (ад) каго. З адцен. асудж., дакору. Пазбавіць (выцясненнем кагосьці з пасады) магчымасці зарабляць на пражытак.

Мой жа сын у цябе хлеба не адбірае: вы сваё, а ён сваё рабіцьме. Гл. р., Зубар. У другую нядзелю прыйшоўшы, як толькі пацягнуў смыком [хлопец хоча навучыцца ад музыкі іграць на скрыпцы], дык музы*ка перш пабляднеў як смерць, а потым пачырванеў, як балячка, дый думае сабе: — Добра цяміць; як я буду яго вучыць, то ён скора ад мяне хлеб адбярэ. Трэба яго знеахвоціць да скрыпкі. Рэч. п. (Ч. Пятк..., КДПР).

ХЛЕБ АДДАНЫ каму. Помета, аддзяка, кепства за кепства, квітаны доўг. І. Насовіч: кажуць, пагражаючы помстаю, або тлумачаць, што прычыненая крыўда — адплата, помста, і прыводзіць адпаведнік — квітаны доўг. (І. Нас., СБП).

Нарабіў каму ліха, цяпер хай і яму тое будзе, хай яму будзе хлеб адда*ны. Грод. Хлеб адда*ны — знявага за знявагу, зло — на зло. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Ты нагаворыш на яго, то і табе гэты хлеб будзе адданы. Мін. р., Клад. Не дапамагла, а нашкодзіла яму, то і табе хлеб адданы. Мін. р., Засл.

Гл.: дзякаваны хлеб.

Гл.: квітаны доўг.

Параўн. (у руск. кніжн. бібл.): око за око, зуб за зуб.

ХЛЕБА КАВАЛАК. Гл. КАВАЛАК (кусок) ХЛЕБА.

ХЛЕБ ГОРКІ. Гл. ГОРКІ ХЛЕБ.

ХЛЕБ ЕСЦІ. Мець пражытак, мець на пражыццё, мець сродкі на жыццё.

Ой, Улянка, дзякуй богу, што вывучыўся. Ці цяжка, ці лёгка са свае галавы хлеб есці, а за нас лепей жыве, хай сабе і багата робіць, кажаш, і ўночы піша і чытае. Гл. р., Кл. Класаў шэсць-сем, а там на трактарыстага ці на шофера пойдзе. Кажаце: “Вучыцца”. Не ё*н, бачу і сама, будзе з навукі хлеб есці. Яму хлеба не есці з вучэння. Малад. р., Крас. Мусіць, не адна маці не глядзіць, каб як на гатовае, каб хутчэй дзіцячы хлеб есці. У дарозе са Сл. у Люб. Гуляў бы, — а хлеб есці трэба?! Мсц. р., Зарэч.

ХЛЕБ ЦЯЖКІ. Гл. ЦЯЖКІ ХЛЕБ.

ХМАРА ХМАРАЮ. Незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа.

Каб бачыў! Назбіралася качак дзікіх на возеры — хмара хмараю, аж чорна іх. Гл. р., Кл. А па турынскай дарозе войска ішло хмара хмараю. Тамсама.

Параўн.: (у руск.): видимо-невидимо.

ХОДЗІЦЬ ПРА ТОЕ. Гаворыцца пра тое, справа ў тым, гутарка (клопат) пра тое.

А тут ходзіць пра тое, як прыстроіцца [прыладзіцца]. Гродна. Ходзіць не пра тое, як ехаць, а ці трэба гэтак рабіць? Ці трэба ехаць? Тамсама. І ў нас ходзіць пра тое, як будзе. Гродз. р., Аз.

Параўн. (у руск.): дело в том, речь о том.

ХОЦЬ ВАДЫ НАПІСЯ. З адцен. паэтычн. Вельмі прыгожы (з твару), прычым знешняя прыгажосць спалучаецца з чысцінёю маральнаю.

Была адна дзеўка, харошая — хоць вады напіся! А яна любіла надта аднаго хлопца, а яго на вайне забілі. Ваўк. п., Кус. (М. Фед., ЛБ, ІІ, І). Ах і дзяўчына — хоць вады напіся! Карэл. р., Пагар. А хлопец — адным словам і прыгожы, хоць вады напіся. Тамсама. Яна — дык хоць вады напіся, а ён (жаніх) — ат… Карэл. р., Лукі.

Гл.: хоць паглядзіся.

Параўн. (у руск.): с лица не воду пить, не с лица воду пить (зусім іншага плану і зместу).

ХОЦЬ ВАЎКОЎ ГАНЯЙ. Вельмі холадна (у хаце, у іншым будынку).

У такой хаце хоць ваўкоў ганяй. Бял. р., Кл. (Матэр. для сл.). Бывала сям'я была вялікая, напалім, ды надыхаюць… А цяпер жыву адна на такую ваўкаўню [вялікую хату], дык у ёй ці рана, ці вечар [ці ўранку, ці ўвечары] хоць ваўкі ганяй. Гл. р., пас. Я. Куп.

ХОЦЬ ВЫКРУЧВАЙ. ХОЦЬ ВЫКРУЦІ. Вельмі, да ніткі, аж цячэ (мокры, потны, спатнелы; змокнуць, прамокнуць).

Каб так выкачаўся [у снезе]! Прыцягла* [прыцягнула хлапчука] у хату — мокры, хоць выкруці. Усё на ім мокрае, хоць выкручвай. Гл. р., пас. Я. Куп. Покуль здагналі, аж пот пацёк. Я так сабе, а Мікалай, як ні е [ёсць], у гадах, спацеў, хоць выкручвай. Тамсама. Ляжа спаць, то змакрэе, што на ім усё хоць выкруці. Смарг.

ХОЦЬ (ты) ГАЦЬ ГАЦІ. Многа, вельмі многа. Параўн.: гаць — грэбля з бёрнаў праз балота, забалочаную мясціну; гаціць — (1) рабіць грэблю праз балота, забалочаную мясціну; (2) завальваць балаціну, яму; (3) бясследна выдаткоўвацца.

Тут панентак (sic!) хоць гаць гаці, самі яны чапляюцца на карак. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). А тут адусюль наз'язджалася паноў, паняў, паненак, хаць [хоць] ты гаць гаці. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Тым часам сабралася паноў, што хаць [хоць] гаць гаці ды па галовах хадзі. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).

Параўн. (у руск.): хоть пруд пруди.

ХОЦЬ ЖЫВОТ РАСПЕРАЖЫ. Гл. ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ.

ХОЦЬ (граблямі) ЗАГРАБАЙ. Вельмі многа, густа-часта (грыбоў).

А грыбоў многа было ў нашым лесе, хоць заграбай. Малад. р., Хаж. (Хрэстам.). Хадзілі за Кліманты, там іх [грыбоў] хоць граблямі заграбай. Малад. р., Удр.

ХОЦЬ (касою) КАСІ. Вельмі многа, густа-многа (грыбоў).

Грыбоў хоць касі. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Зайшлі пад Канюшнішчы, дык там рыжкоў [рыжыкаў] хоць касою касі. Гл. р., Байл. Ягады — хоць шуплюй, а грыбоў у лесе... хоць касі. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП).

Гл.: хоць (шупелем) шуплюй.

ХОЦЬКІ НЯХОЦЬКІ. Гл. ХОЧУЧЫ НЕ ХОЧУЧЫ.

ХОЦЬ КУЛАЧОК ПАД БАЧОК. Хоць памірай. Можна думаць, гэта эліпсіс з “Хоць лажыся, падклаўшы кулачок пад бачок, дый памірай”.

Усё пагарэла. І трэба ж удаве так, — хоць ты зацячыся, ніякае дапамогі, хоць кулачок пад бачок. Люб. р., Чыж. (Лінг. зб.).

ХОЦЬ МАХАЛАМ МАХАЙ. Не адбіцца, не адкараскацца (пра кагосьці вельмі дакучлівага), няма рады. Махала — галінка, якою адганяюць мух, іншых насякомых.

Пана*трылі куры ў пшаніцу хадзіць, хоць махалам махай. Докш. р., Шкл. (Матэр. для сл.). Хоць ма*халам маха*й, то не аджанешся [адгонішся]. Грод. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

ХОЦЬ (ты) НА ВАДУ БРАШЫ. Гл. НА ВАДУ БРАХАЦЬ.

ХОЦЬ НА ВОЎКА ЗЛЕЗЬ (уссядзь). Цемрадзь, беспрасветная цемра.

Ноч была цёмная — хоць на воўка злезь. Шчуч. р., Вял. Б. (Хрэстам.). А на дварэ, братка ты мой, хоць на воўка ўссядзь. Карэл. р., Заг.

ХОЦЬ ПАГЛЯДЗІСЯ. З адцен. паэтычн. Вельмі гожы, прыгожы.

Такая ж яна харошая — хоць паглядзіся. Кап. р., Аксам.

Гл.: хоць вады напіся.

ХОЦЬ ПАДАЙ ЛІСТАМ. Вельмі дагаджаць, быць пакораю.

А ці трэба было так ужо па*даць лістам перад імі? Хойн. р., Алекс. Прыйшла матка, дык дачка расказала, што такі ён наравісты, што хоць па*дай перад ім лістам. Хойн. р., Вал. (Хрэстам.).

ХОЦЬ ПАЛКАМІ БАРАБАНЬ. Пуста (у хаце, свірне, складзе, краме); пуста — толькі рэха.

Здаецца і жалаванне добрае, а ў хаце хоць палкамі барабань. Веры не даць: каб гэтак нічогачка не было. Вял. р., Кл. Па хлеб не паслалі, а ўчарашняе разабралі ўсе чысценька. Зайшлі, каб на дарогу булак узяць, а там хоць палкамі барабань. У дарозе з Папл. на Бераз.

ХОЦЬ ПУЗА РАСПЕРАЖЫ. Гл. ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ.

ХОЦЬ РАСПАРЫСЯ. Гл. ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ.

ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ, ХОЦЬ ЖЫВОТ (пуза) РАСПЕРАЖЫ, ХОЦЬ РАСПАРЫСЯ. Уволю, колькі хочаш (есці, наесціся).

Рабіць — рабілі, але і есці ўсім — хоць расперажыся. Кап. р., Ванел. Еж хоць расперажыся, толькі рабіць не лянуйся. Сл. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). На Яна — нажа*ла, на Пятра — напякла, на Барыса — еж хоць распарыся. Ашм. і Пруж. пп. (М. Фед., ЛБ, ІV). Цесць і выпіў і з'еў..., хоць жывот расперажы. Хойн. р., Вал. (Хрэстам.). Есці — хоць пуза расперажы. Бял. р., Кл. (Матэр. для сл.).

ХОЦЬ РУКОЙ ДАСТАЦЬ. Гл. РУКОЙ ДАСТАЦЬ.

ХОЦЬ РЭПУ СЕЙ. З адцен. іран. 1. Вельмі брудны (пра чалавека).

Бараноўскі, бывала, што панядзелак глядзеў, ці чыстыя дзеці. Як толькі шыя нямытая, пальцам: “У цябе шыя хаць [хоць] рэпу сей”. Гл. р., Кл. Закасала рукаў, ажно там хоць рэпу сей. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).

2. Роўна, як і не было нічога. Увесь [згарэў маёнтак], пане: чыста, гладка, хаць [хоць] рэпу сей. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).

ХОЦЬ ТЫ ШТО. Ніяк, ніякім чынам (не прыдумаць выйсця; не дадумацца, як зрабіць штосьці; не выходзіць, не атрымліваецца).

Але колькі ён ні думаў, як ні круціў галавою — от хоць ты што, нічога не прыдумае. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Завязаць завязалі, а развязаць — хоць ты што не развязваецца. Гл. р., Сымон.

ХОЦЬ (шу*пелем, шу*плем) ШУПЛЮЙ. Вельмі многа, густа-многа (пра ягады, жалуды, арэхі, лесавыя яблыкі, грушы).

Ягады — хоць шуплюй, а грыбоў у лесе... хоць касі. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Прыйшлі ў Слаўкаўскі лес, дык арахоў пад арэшынамі хоць шупелем шуплюй. Гл. р., Кл.

ХОЧУЧЫ НЕ ХОЧУЧЫ, ХОЦЬКІ НЯХОЦЬКІ. Вымушана, інакш нельга.

Бачу, што непярэліўкі, і пайшоў хочучы не хочучы. Гл. Хоцькі няхоцькі, а ідзе што дзень: сам узяўся, сам падрадзіўся. Мсц. Хоцькі няхоцькі, ды з'ездзіў. Тамсама. Хочучы не хочучы, а ідзеш: каманда.

ХТО ЯГО (яе, вас, іх) ВЕДАЕ (знае). 1. Як выказванне няпэўнасці, няўпэўненасці, сумнення.

Хто іх ведае, мо' і праўда. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Хто яго знае, паночак, здаецца, і раблю з рання да вечара. Касцюк. р., Ял. (Хрэстам.).

2. Невядома.

Хто яго ведае, чаго ён такі ўпарты. Хто яго ведае, куды ён паехаў; мацыклет [матацыкл] загуркаў у той бок, паехаў тудою некуды. Гл. р., Сымон. Хто яго ведае, як тут рабіць, што тут чыніць. Люб. р., Палаж.

Параўн. (у руск.): почем (как) знать, кто его знает.