Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (22)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія

Катэгорыі: Слоўнікі

Ц

ЦАНЫ НЯМА каму, чаму. Вельмі дарагое, неацэннае.

Свёкра прадала — шэлег узяла, ...татку купіла — сто рублёў дала, а за мамку-матачку цаны няма. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). А з яго рабоцька — цаны няма. Акцябр. р., Рацм. Надта ж люблю сваё [прыгатаваную сваімі рукамі каўбасу, вяндліну], і цаны на яго няма. Мін. р., Угл.

ЦАПУ-ЛАПУ. Хапаючыся; хапаючыся і абыякава (рабіць).

Спярша сядзіць рукі склаўшы, а пасля ўжо цапу*-лапу*. Цапу*-лапу* — і сабралася. Бял. р., Кл. (Матэр. для сл.). Ты ж усё [заўсёды] так — цапу-лапу робіш. Хіба так што зробіш добра? Збіраецца — цапу-лапу. Што забудзе, што згубіць. Гл. р., Кл.

ЦАЦКУ ЗРАБІЦЬ сабе, каму. Гл. ЗРАБІЦЬ ЦАЦКУ сабе, каму.

ЦЕНЬ НА ЦЕНЬ. Без прыдачы, без даплаты ці іншай кампенсацыі (мяняць, абменьваць рэч на рэч).

Давай мяняцца без прыдачы — цень на цень, — ні я табе, ні ты мне нічога. Рагач. А мы цень на цень і не гледзячы памяняліся. Гл. Давай памяняймася: твая [хата] меншая, мая большая. Цень на цень! Гл. р., Кл. Памяняліся цень на цень. Тамсама.

Параўн. (у руск.): ухо на ухо, баш на баш.

ЦЕРЦІ ДНІ (дзянькі). Гл. ЗВОДЗІЦЬ ДНІ (дзянькі).

ЦЕЦЯРУК ГЛУХІ. ЦЯЦЕРА ГЛУХАЯ. З адцен. груб., зняважл. Чалавек, які кепска чуе.

Нясі, кажу, цецярук глухі! Дваццаць разоў крычы табе! Гл. р., Кл. — Сам ты цецярук глухі! Тамсама. На тваю бабу яны кажуць цяцера глухая? А чаму так? Гл. р., пас. Я. Куп. А чаму кажуць на чалавека “цецярук глухі”, а на яе “цяцера глухая”? Не ведаеш? І не знаеш? Бо ён, як такуе, нічога не чуе, блізка падпусціць. Іх страляюць. Тамсама. А чаго там “цецярук глухі”? У глухога [глухому] не прападзе: недачуе, дык прыкладзе. Мін.

ЦЁГАМ ЦЯГАЦЬ што. Валакчы, цягнуць.

Жарэбчык у хлеў не ішоў, дык пакацілі, адале [а потым] звязалі і цёгам цяглі [цягнулі] у хлеў. Гл. р., Кл. А цяпер трактарам цёгам цягаюць [бярвенні]. Асіп. р., Раж. А што каб падрабіць [падставіць] такія сані пад хату і цёгам цягнуць? Гл. р., Кл.

ЦЁМНЫ ДЫ ЧОРНЫ хто. Беспрасветнае, бескультурнае жыццё чыё, каго.

Хадзіў цёмны ды чорны, бы комін, а дзела рабіў за ўсіх. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). У Максіма зямлі было і хлеба было, але цёмны ды чорны быў. Гл. р., Кл. Сялянская жытка век вяком была цёмная ды чорная. Гл. р., Слаўк.

ЦІ БЛІЗКА ЦІ ДАЛЁКА. Дзесьці; невядома, як далёка; невядома, на якой адлегласці.

Ці блізка ці далёка жылі колісь два родныя браты. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Ідуць ды ідуць, а ці блізка ці далёка, самі не скажуць. Стаўб. р., См.

ЦІ ВЕДАЕШ! Ужываецца ў рэпліцы-адказе пры абвостраным, падкрэсленым жаданні звярнуць увагу на адмоўнае, кепскае ў чыімсьці характары, у чыіхсьці адносінах да людзей, ва ўчынках.

Ён — ці ведаеш! — усё з гонарам нейкім: “Вам не раўня!” Гл. р., Хал. Ого! Тая!.. Ці ведаеш!.. Шчытаецца [лічыцца] самая разумная, за ўсіх разумнейшая, за ўсіх вартаўнейшая. Гл. р., Кл.

Гл.: ці чуеш!

ЦІ ДОЎГА ЦІ КОРАТКА. Гл. ЦІ ДОЎГА ЦІ МАЛА (каротка).

ЦІ ДОЎГА І МАЛА (каротка), ЦІ МНОГА ЦІ МАЛА. Невядома, колькі часу; невядома, многа ці мала часу.

Млосць узяла бабу. Ці доўга ці мала яна ляжала, толькі ось ачухалася трохі і дзівіцца, што гэта было, Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Спадабаўся ён пану дый наняўся служыць намеснікам. Ці доўга ці мала ён праслужыў, толькі ось сустракае раз тую гожую дзяўчыну. Тамсама. Тым часам тыя людзі купілі сабе добрага каня ды колы, селі сабе, бы паны, на воз дый ездзяць ад вёскі да вёскі. Ці доўга ці мала яны ездзілі, а грошы ў іх растуць і растуць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). І мы пусціліся ў танцы, на іх гледзячы. Ну вот гулялі ці доўга ці мала... Сен. п., Шэмет. (Хрэстам.). Ішлі тыя слугі ці доўга ці мала, ці доўга ці каротка. Гарад. п., Вараўл. вол. (Е. Рам., БНК). Пражылі яны там з жонкай ці многа ці мала — не ведаю я гэтага. Сен. п., Расн. вол. (Е. Рам., БС, ІV).

ЦІ МНОГА ЦІ МАЛА. Гл. ЦІ ДОЎГА ЦІ МАЛА (каротка).

ЦІХА І СВЯТА. Таямніца; таемна; так, каб і слоў не было.

Прысвоілі чужое і хочуць, каб было ціха і свята? Навагр. р., Скрыш. Яна ж толькі падзенькава*ць хацела. За што можа быць абіда [крыўда]? Нашто гэтак? Няхай будзе ціха і свята. Тамсама.

Параўн. (у руск.): шито да крыто, шито-крыто.

ЦІ ЧУЕШ! Ужываецца ў рэпліцы-адказе пры падкрэсленым, абвостраным жаданні звярнуць увагу на адмоўнае ў чыімсьці характары, у чыіхсьці адносінах да людзей, ва ўчынках.

Ваша Ганна — ці чуеш! — лішняга разумная. Гл. р., Кл. А Сяргей — ці чуеш!.. — не захоча з сабою браць ні аднаго з вас. Тамсама. На таго кажа, што браў, а сам — ці чуеш!.. — прыкладзе каму? Не вельмі што! Гл. р., пас. Я. Куп.

ЦІ ШТО. 1. Як выказванне сумнення, меркавання, няпэўнасці, няўпэўненасці, пабуджэння.

— Дзядзьку, скінь ты свае нагавіцы і дай мне. — Ля [глянь], здурнеў, ці што? Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 2). Саснілася яму, ці што, — узялі ў атопак пеўня запрэглі. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Госць будзе, ці што, — вугаль выскачыў. Лёзн. р., Шэрк. (Хрэстам.).

2. Як выказванне згоды ў выніку ўступкі. — Кумка, галубка, падвязі яшчэ лапку адну. — Ну, то палажы ўжо, ці што, ажно [але] сам не валіся, бо... саначкі паломіш. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, ІІ, І).

Параўн. (у руск.): что ли.

ЦІ ЯКОЕ ЛІХА. Як выказванне сумнення, меркавання, няпэўнасці, няўпэўненасці, пабуджэння; ці што.

Мо' то і зусім не людзі, а малпы ці якое ліха. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Ці прытварыўся, ці якое ліха яму. Гл. р., пас. Я. Куп.

Гл.: ці што.

Параўн. (у руск.): что ли.

ЦЫГАНСКІМ ПОТАМ ПРАЙМАЕ каго. ЦЫГАНСКІМ ПОТАМ ПРАНЯЛО каго. Дрыжыкі, адчуванне холаду, прамярзання.

Здэцца [здаецца] і холаду з вечара не было. Пайшоў на старажоўства ў свіце, дык пад раніцу што так цыганскім потам праняло, што ногі перасталі гнуцца. Гл. р., Хал. У плашчыку добра цыганскім потам праймае? Ведацьмеш кавалерства!.. У дарозе з Гл. на Акцябр. Як пройме цыганскім потам, прыбяжыць. Гл. р., Кл.

ЦЫРКАЦЬ ПАКРЫСЕ (па крошцы, па кроплі, па кропельцы). Памалу, пакрысе, няспорна.

На гной [вазіць гной] трэба кінуць два “Беларусы” [так называюць шмат у якіх раёнах Беларусі трактары маркі “Беларусь”], а то на кані хіба работа? Цыркацьмеш па крошцы, што і знаку не будзе. Гл. р., Кл. Гною ў нас не пабольшала. А ўдабрэння [угнаення] таго цыркалі па кроплі. Летась тон [тоны] тры, сёлета з чатыры. Гл. р., Сял. Сястра трохі памагае, але што — цыркае па кропельцы, калі больш трохі, а калі менш, а раз, праўда, і 15 [рублёў] прыслала. Гл. р., Балаш.

Параўн. (у руск.): через час по (чайной) ложке.

ЦЭЛАЯ ВАЙНА. Багата людзей.

Ад Захар'і выйшла цэлая вайна людзей. І чаго тыя мужчыны збіраліся ў яго? Гл. р., Кл. Каб бачыла! Матухны мае! Як высыплюцца з усіх вагонаў, — цэлая вайна! Акцябр. р., ст. Рацм.

ЦЯГНУЦЬ ЖЫЛЫ. Вельмі старацца працаваць, напружваючы ўсю сілу; працаваць, рабіць на ўсю сілу.

А нашы людзі... цягнуць жылы ды з усяе сілы пнуцца, дзела спраўляюць, а ліха маюць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП, 1911).

Гл.: выпінацца са скуры.

Гл.: пяць жылы.

ЦЯГНУЦЬ, ЯК ВУЖ. Гл. СМАКТАЦЬ (цягнуць), ЯК ВУЖ.

ЦЯГНУЦЬ ЯРМО (яром. ярэмчык). Бесперапынна і цяжка працаваць.

Яму каб такі, штоб [каб] цягнуў ярмо і не азываўся. Гл. р., Кл. Век свой цягнуў ярэмчык. Тамсама. Ведама, маркотна кожын дзень ад самых пяўнёў ды аж да змроку цягнуць яром, бы вол, што табе аж вочы выпірае. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).

ЦЯГУ (цягі) ДАЦЬ. Гл. ДАЦЬ ЦЯГУ (цягі).

ЦЯЖКАЯ РУКА чыя, у каго. 1. Пра таго, хто моцна і балюча б'е [б'ецца].

Здаецца, сухарлявы такі, а дасць — не ўтрываць, такая цяжкая рука ў яго. Малад. р., Радашк.

2. Пра таго, хто прыносіць няўдачу ў справе.

Ты не бярыся дзерава [стрэмку] выймаць, бо ў цябе рука цяжкая, толькі змучыш дзіцятка. Гл. р., Кл.

ЦЯЖКІ ХЛЕБ. Жыццё з цяжкаю працаю.

Што ка-а-жаш! У лесе [на распрацоўцы лесу] хлеб вельмі цяжкі. Дзень пры дні на сіле і на сіле. Лес [праца ў лесе, на лесараспрацоўцы] здароўе адбірае. Вам — не тое: машыны пайшлі, брыгадамі робіце. А то з пілкаю тае*ю ўдваіх… Гл. р., Слаўк. На зямлі [праца земляроба, праца селяніна] цяжкі, кажаш, хлеб, але як толк, то галаве спакой і здароўю здорава. Гл. р., Хал. Пахадзіў у кузню: “Цяжкі хлеб”. І шукае лягчэйшага хлеба. Усё яму каб лёгкага хлеба. А каму цяжэйшы хлеб? Лянуецца. Дзе такому толк? Гл. р., Вер.

ЦЯЦЕРА ГЛУХАЯ. Гл. ЦЕЦЯРУК ГЛУХІ. ЦЯЦЕРА ГЛУХАЯ.