Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (24)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія

Катэгорыі: Слоўнікі

Ш

ШАРВАРКУ АДРАБЛЯЦЬ. З адцен. іран. Абы адбываць абавязак, абыякава працаваць, не клапоцячыся, не рупячыся пра вынік працы, пра поспех.

Наша афіцыянтка ледзь ногі перастаўляе. Ну, ані не стараецца, — шарварку адрабляе. Малад. р., Радашк. Лесніку ў паноў не выпадала шарварку адрабляць. Там трэ' было рабіць і нагамі і рукамі, і мазгаваць трэба. Стаўб. р., Шкал. Прыйшлі — то рабіце, а то што — шарварку адрабляеце? Карэл. р., Крын. Няма чаго тут адрабляць шарварку. Тамсама.

Гл.: Лінг. зб., стар. 193—198.

ШАРКІ НА БАРКІ. Вельмі паспешліва, з вялікім паспе*хам, нядоўга збіраючыся (пабегчы, уцячы, кінуцца ўцякаць). Баркі, мабыць, з польскай мовы (плечы).

Я тут ша*ркі на ба*ркі і драла. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

Гл.: лахі пад пахі.

ШКЛО БАЧЫЦЬ. Гл. БАЧЫЦЦА З ШКЛЯНЫМ БОГАМ.

ШКЛЯНОГА БОГА БАЧЫЦЬ. Гл. БАЧЫЦЦА З ШКЛЯНЫМ БОГАМ.

ШКОДУ РАБІЦЬ каму. Шкодзіць, рабіць кепства, прычыняць страту (страты) каму.

Надумалі ката* павесіць: вельмі шкоду робіць, такі шкадлівы, што хай не жыве. Але ніхто не зробіць гэтага. Пух. р., Рус. Матыльчык такі пекны, ладны, шкоды не робіць, то грэх забіваць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, 1). З тых пор шкоды не рабілі. Тамсама. Там зямля трасецца і велькія [вялікія] шкоды робіць. Тамсама. Чаго, гусак, не жэнішся, чаго так і ходзіш? Кажуць дзеўкі, жалуюцца, што ты шкоду робіш. Гл. р., Кл.

ШЛЮБ БРАЦЬ (узяць). Гл. БРАЦЬ ШЛЮБ.

ШЛЮБ (у) ШЛЮБАВАЦЬ. Браць шлюб. (Словы шлюб, шлюбаваць ад кораня люб).

Паехала Кася шлюбу шлюбаваці. Беласт. п., Пясч. (Р. Шырма, БНП, І). Калі забылася на шлюб шлюбаваць, то як прыедзем, спытаешся хоць у каго дома. Ад курсанта-настаўніка з Беласточ.

Гл.: узяць шлюб.

ШТО ДУША ПРЫМАЕ. Што да душы, чаго толькі хочацца (пра вялікі выбар страў, пра вельмі багаты стол).

Казала ж мая ўнучка: была на курорце, дык не нахваліцца, не нагаворыцца. Есці — што душа прымае. Мін. р., Засл. У іх усяго што толькі душа прымае, але што, — старыя абодва, слабенькія сталі. Мін. р., Гат.

ШТО КАЖУХОМ ПА ПЕЧЫ. Гл. ЯК (што) КАЖУХОМ ПА ПЕЧЫ.

ШТО НА РОТ НАЛЕЗЕ. З адцен. зніжальн., пагардл. Абы-што (пра гаворку).

Ах, панок, панок, гамоніш, што на рот налезе. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Баўтануў, што на рот налезла. Бешанк.

ШТО НА ШТО, АЛЕ (а, то). 1. Ужываецца пры падкрэсліванні якойсьці з'явы, падзеі, здарэння, пры выдзяленні якогасьці прадмета, з'явы.

Што на што, але вяселле зрабілі гучнае. Ваўк. п. — А чаго, сынку, хочаш? — Прыйшоў, ка [кажа],... па быдла. — О, ужо што на што, але гэтага не будзе. Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Ты кажаш, што Ясь вінаваты. Што на што, а Ясь так не зробіць. Малад. р., Радашк. Што на што, але з такою б хэўраю не пайшоў бы. Гл.

2. На выпадак, пры выпадку. Чалавек давай бедаваць: “Палову гаспадаркі ма*ю, а каб прыйшлося што на што, то і гроша ніхто пры душы не знайшоў бы”. Лід. п., Хільч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).

ШТО ПУГАЮ ПА ВАДЗЕ. Гл. ЯК (што) ПУГАЮ ПА ВАДЗЕ.

ШТО РАЗ. Чым далей, з кожным разам, з часам.

Была ў яго дачка... ды палюбіла найміта, а ён яе. Што раз часцей сталі спатыкацца ці трэба, ці не трэба і прыстаўней (sic!) паглядаць адно на адно. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). На вясне неяк забалела нага, а што раз больш і больш балець стала. У бальніцы з месяц ляжаў. Гл. р., Сымон.

ШТО (тут) РОБЯЧЫ? ШТО (тут) РАБІЎШЫ? Як устаўное словазлучэнне, якое ўжываецца ў апавяданні, паведамленні перад тым, як паведаміць пра рашэнне, пра новы крок таго, пра каго апавядаецца, паведамляецца.

У цёмным лесе заступае (sic!) яго ноч, ён — што робячы? — сышоў з дарогі, разлажыў агонь дый пячэ сабе рыбу. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). А ў. яго стрэльба была не набіта, дык ён — што робячы? — як парне* мядзведзя ножыкам. Тамсама. Прыехалі да двара, а ў таго пана былі вельмі ліхія сабакі, дык яны — што робячы? — улезлі ў маказы*н [фанетычнае напісанне слова М. Федароўскага], а там стаяла куфа спірытусу, дык гэта спірытус з мукою змяшалі дый далі сабакам. Тады яны хвасты з хвастамі пазвязвалі дый павешалі. Тамсама. Дык яны — што рабіўшы? — пайшлі да аднаго гаспадара прасіцца нанач. Тамсама.

ШТО Ў БОГА ДЗЕНЬ. Штодзень, кожны дзень (з экспрэсіўнаю падкрэсленасцю).

Што ў бога дзень ідзе і ідзе [на працу]. Робіць і робіць. То і дзеткі так. Гл.р., Кл. Ля чаго [дзеля чаго, чаму] так ты? Удзень вучыш [студэнтаў], што ў бога дзень ідзеш, а ноч у ноч сядзіш? Ці так усе? Удзень вучыў бы, а вечар пагуляў бы. Тамсама. У нашай хаце што ў бога дзень навіна, бо нас шмат. Малад. р., Бак. А што ў бога дзень, ды прасцень. Мсц. р., Багацьк. (М. Гар., НП).

ШТУКА ВЯЛІКАЯ! Несумненна, бясспрэчна, канечне і не выклікае здзіўлення. 1. Штука вялікая, што ў малатарню [змалаціць ячмень] лягчэй! Гл. р., Слаўк. Штука вялікая, што наловіць [рыбы] сеццю! Гл. р., Хал. Вялікая штука, што вывучыўся! Вам не нам, — толькі вучыся! Мае равеснікі мо' да салдатаў [да прызыву ў салдаты] тавар ганілі [статак пасвілі]. Гл. р., Кл.

ШТУКІ (штучкі) ВЫТВАРАЦЬ. Гл. ВЫТВАРАЦЬ ШТУКІ (штучкі).

ШТУКУ ЎРЭЗАЦЬ (адпаліць, удзерці, укроіць). Зрабіць штосьці незвычайнае, недарэчнае, такое, што здзівіць людзей.

Во нас вучыў вучыцель [настаўнік]. Якую штуку ўрэжа хто, дык, брат, дасць так, што і заўтра пама*цаеш. Гл. р., Вольн. Сава вечна ўрэжа якую штуку. Гл. р., Кл. Чулі, якую штуку адпаліў? Адвёз ад Глуска жанок, тады пассаджваў, кінуў і паехаў. Гл. р., Кл. Я яму лепшую штуку ўдзяру: абярнуся пасцеллю. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Я яму лепшую штуку ўдзяру, як будзе ён ехаць, я абярнуся яблынкаю. Тамсама. Ці панскім коням хвасты паадрэзвае, ці ваду з става выпусціць або ўдзярэ яшчэ якую-небудзь штуку, што і смех людзям сказаць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Я яму лепшую штуку ўкрою: я яблынкаю абярнуся — залатое яблыка, сярэбранае. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Тады адна гаворыць: “Я яму штуку ўкрою! Як будзе ён назаўтра ехаць, захочацца яму піць. Дык я абярнуся крыніцаю; ён нап'ецца, я яго з'ем”. Тамсама. За што ж, кажу, цябе дырэктар прагнаў? Муся, нейкую ўкроіў штуку? Малад. р., Міг.

ШУКАЦЬ ГУЗА (гузя*кі) (на галаву, на лоб). ЗНАЙСЦІ ГУЗА (гузя*ку). Нарывацца на непрыемнасці; паводзіць так, што вынікі — непрыемнасці.

Хай другія ідуць, сварацца з ім, а нашто табе шукаць гуза на галаву? Маст. р., Граб. А цяпер, як знайшоў гуза на галаву, то ўсё ходзіць і круціць мажджамі, як сухім з вады выйсці. Маст. р., Граб. (П. Ст., Пол.). Шукалі яны, хлопча, гуза на свой лоб і знайшлі. Гл. р., пас. Я. Куп. Ну, ты сёння шукаеш гуза на галаву! Гл. р., Кл. Усюды ўлезе, чэпіцца смала смалою. Але так усё яму не сходзіцьме. Шукае гуза на галаву — і будзе! Тамсама. Не шукай гузякі на свой лоб. Светл. р., Асташк. Сядзеў бы ціха, а то насіўся, шукаў сабе гузякі. Тамсама.

ШЧЫЛІНКІ ПРЫНЯЎШЫ (сядзець). Прытаіўшыся, быццам не дыхаючы; як мыш пад венікам; як прусак у шчылінцы.

Залез гэты недавя*рак пад печ і сядзіць шчы*лінкі прыня*ўшы, баіцца вылезці. Карэл. р., Лукі. А як пачалі страляць, то мы ўсе пахаваліся і сядзелі шчылінкі прыняўшы. Тамсама. А ты сядзі шчылінкі прыняўшы і не сунься не ў свае проса. Тамсама.

ШЫЮ (шыйку) СТАНЧЫЦЬ. З адцен. жартаўл. ці іран. Схудзець, пахудзець. Танчы*ць — ад тонкі.

Гаспадарка маўчыць, але шыйку [шыю] танчы*ць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Каб, як некалісь бацька, лецейка пакасіў, то станчы*ў бы шыю. Грод. Ды якая гэта хвароба? Якаясь панская хвароба. Хварэў, што і шыі не патанчыў. Тамсама.