Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (18)
Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія
Катэгорыі: Слоўнікі
С
САБАКАМІ ІРВАЦЬ. Моцна балець.
Не відзіла [не бачыла] крапівы, абстрыкалася, цяпер ногі сабакамі ірвуць. Уш. р., Арэх. (Лінг. зб.). Нахадзіўся за дзень па лесе, аж ногі сабакамі ірвуць. Тамсама.
САБРАЦЬ НА СТОЛ. Гл. ЗБІРАЦЬ НА СТОЛ.
САДЗІЦЬ НА ПАСАД. Гл. НА ПАСАД САДЗІЦЬ.
САДЗІЦЬ ПАСАД (у пасад). Гл. ПАСАД (у пасад) САДЗІЦЬ (слаць).
САЛА НАГУЛЬВАЦЬ. САЛА НАГУЛЯЦЬ. Тлусцець, таўсцець.
Во ім [паказваючы на чалавека] то трэба лячыцца, а табе, пытаюся ў цябе, нашто ехаць? Ну, чаго ты паедзеш у тую санаторыю? Хіба толькі сала нагульваць? Сл. Бачыш, як выходзіць у горадзе: паробіш [папрацуеш] — табе водпуск, нагуляй, нагульвай сала. Мін. р., Лекар. Авечкі пасвіць лягчэй, а свінні цяжка. Пасучы*, сала не нагуляеш. Гл. р., пас. Я. Куп.
САМА РАЗ. 1. Акурат; акурат падыходзіць, акурат адпавядае.
Каму ж на свята гнаць [пасвіць статак]? Са*ма раз табе, меншаму. Асіп. р., Яс. Табе мая шапка са*ма раз! Гл. р., Кл. Вы на рост меншы, то вам сама раз на канапе [спаць]. Бераз. Купіла я сабе гатовую сукенку. Малыя купляюць, а чаму мне не купіць?! І сама раз, як на мяне шытая. Кап. р., Аксам.
2. З адцен. іран., дакору. Не вельмі (хтосьці зробіць штосьці)!
Ён пойдзе? Са*ма раз ён пойдзе!.. Яму каб заплаціў, а так не ўпросішся. Бабр. р., Бр.
САМ НЕ СВОЙ. Гл. ЯК САМ НЕ СВОЙ.
САМ САБЕ ПАН (гаспадар). Незалежны ні ад кога.
Вы як хочаце. А я за пугу — і сам сабе пан [пра становішча пастуха]. Гл. р., Кл. Каб за ляснічага вывучыўся! Ляснічы, братка, сам сабе пан, Мін. р., Гуя. А ён адзін у школе, сам сабе пан (пра настаўніка ў аднакамплектнай школе]. Гл. р., Вайц. — Не, — кажа Асілак, — не затым я прыйшоў, каб светам панаваць, а затым, каб аслабаніць свет ад паноў, бо ўсякі чалавек сам сабе пан. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).
Параўн.: нікому ні ў шапку.
САМ САБОЮ. 1. Без догляду.
Каб дзецям даць лад [вывесці на жыццёвую дарогу, уладкаваць у жыцці], трэба і галавою і рукамі рабіць. Самі сабою толькі хвоі растуць. Гл. р., пас. Я. Куп.
2. Самастойна, сваімі сіламі.
А дзе-бок той Сцяпан з Баянава? Колісь у Савеце рабіў. Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся. Гл. р., Кл. Ужо навучыўся сам лячыць. Пайшоў ён ужо сам сабою [адзін, без апекуна, настаўніка] і ўслышаў [пачуў], што бо*льная [хворая] ёсць. Гарад. п. (Е. Рам., БНК, 1962).
3. У адзіноцтве, без падтрымкі.
І ў бацькі не была сірата, і гаспадара [мужа] мела. А ўсю жытку адна, сама сабою. Гл. р., В.
СА СВЕТУ ЗБАВІЦЦА (збыцца). Памерці, загінуць, рукі на сябе налажыць.
Думаеш жаніцца, а прыходзіцца са свету збыцца. Арш. п., Талач. (Е. Рам., БНК). Раскажы, што Ганнанька з свету збавілася. Мсц. р., Багацьк. (М. Гар., НП). А ўжо Аўдашка з свету збавіўся, з свету збавіўся, пераставіўся. Тамсама.
СА СВЕТУ ПЕРАВЕСЦІ каго. Гл. СА СВЕТУ ЗБАВІЦЬ (збыць) каго.
СА СВЕТУ ПРЫБРАЦЬ каго. Гл. СА СВЕТУ ЗБАВІЦЬ (збыць) каго.
СА СКУРЫ ВЫПІНАЦЦА. Гл. ВЫПІНАЦЦА СА СКУРЫ.
СА СКУРЫ ПРЭГЧЫСЯ. 1. Старацца як моц-сіла, як ёсць моцы-сілы.
Што так, што так стараўся перагнаць! Ён са скуры прогся і нічога. У дарозе з Люб. на Сл.
2. Выявіць незвычайную, павышаную цікаўнасць і жаданне.
Хочацца бабе паглядзець, што там такое ў гаршку. Ведама, вельмі цікава. Аж са скуры пражэцца баба... паглядзець... Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). А чаго так са скуры пражэшся? Стоўб.
СВАЕ ГАДОЎЛІ. 1. Не куплёная (жывёліна, птушка), а выгадаваная сваімі рукамі.
Шкода збываць і кароўку: як ні е [ёсць] — свае гадоўлі. Гл. р., Барб. У нас свінні свае гадоўлі. Саліг. р., Краснад.
2. Тутэйшы.
Схаўрусавалі ўсе тры нялюдскія, два наязджалыя, а той жа свае гадоўлі. Гл. р., Кл.
СВАЕ РАБОТЫ. Не куплёнае, а зробленае (згатаванае, падрыхтаванае) сваімі рукамі.
Я люблю свае работы сыр. Сл. р., Трухан. Свае работы [каўбаса] смачнейшая і спажытнейшая. Навагр. р., Скрыш. Мае ж [рукавіцы] свае работы, то і цяплейшыя за твае. Гл.
СВАЁ БРАЦЬ (узяць). Гл. БРАЦЬ СВАЁ.
СВЕТАМ ЗАГАВЕЦЬ. Памерці, загінуць; душою загавець.
Як пайшоў — мо гадоў трыццаць — і светам загавеў. Слон. Ну, а каб не гэтак сталася, то яны ўсе светам загавелі б. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).
СВЕТАМ ЗАПАНАВАЦЬ. Быць над усімі, быць над светам.
— Будзь у нас старшы, і тады мы ўсім светам запануем. — Не, — кажа Асілак, — не затым я прыйшоў, каб светам панаваць, а затым, каб аслабаніць свет ад паноў, бо ўсякі чалавек сам сабе пан. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).
СВЕТ БЕЛЫ. Гл. БЕЛЫ СВЕТ1, БЕЛЫ СВЕТ2.
СВЕТ БРЫДЗІЦЬ. Гл. БРЫДЗІЦЬ СВЕТ.
СВЕТ ЗАВЯЗВАЦЬ (засланяць, зачыняць) каму. СВЕТ ЗАВЯЗАЦЬ (засланіць, зачыніць) каму. Рабіць чыёсьці жыццё без радасці і шчасця, губіць жыццё.
Мы ж ёй усе [кажам]: пагуляй, паспееш [замуж]. Паспееш, кажу, сабе свет завязаць. Гл. р., Слаўк. Семнаццаты гадок, а ён — стары халера! — звёў яе, завязаў бедненькай свет. Гл. р., Кл. Чужыя жаночкі як перапялочкі, а мая няўдала, свет мне завязала. Брасл. р., Перабр. (Р. Шырма, БНП, 1). Ой, ты дзевачка ды ты харошая, ой, малайцу свет завязала ды гуляці заказала. Гом. п. Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). Ён малады хлопец, ...грэх яму свет завязваць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Чаго так рана ісці замуж? Нашто сабе свет завязваць? Гл. р., Сымон. Мой татачка-свет завязаў мне свет, мая мамачка-зара мяне замуж аддала. Ельскі р., Махн. (Хрэстам.). Гневаешся, як я сядно [усе адно] табе свет зачыніла. Ці я табе свет засланіла? Гл. р., Слаўк. Ты майго не заараў, ты майго не закасіў, і я табе свету не зачыніў. Гл. р., Кл. А!.. зачыніў ты мне свет… Тамсама.
СВЕТ ЗАЙМАЦЬ. Быць непатрэбнікам, быць не карысным людзям, грамадзе; быць цяжарам камусьці.
Нашто ж я буду свет займаць, калі я нікому нінавошта непатрэбна? (А. Сержп., КАБСП). Навучы, мой саколе ясны, навучы, каб і я не дарам свет займала. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). Смерць? Чорт яе забяры! Не баюся смерці. Вельмі страх, каб доўга не займала свету маладым. Гл. р., Барб. Займае толькі свет. Тамсама.
СВЕТ ЗАСЛАНЯЦЬ каму. Гл. СВЕТ ЗАВЯЗВАЦЬ (засланяць) каму.
СВЕТ ЗАЧЫНІЎСЯ. Пра страту разумнага, рэалістычнага ўспрыняцця (рэчаў, фактаў, сітуацый).
Табе хіба свет зачыніўся? Кругом дзяўкі, эсталькі [гэтулькі многа] дзявок, і маладых і ўсякіх, а ён — падумайце самі! — на чужыя дзеці ідзе. Гл. р., Зубар. Бралі за брыгадзіра на трактарыстаў. А ён — “лепей сам буду на трактары”. Брыгадзіру, ведамна, вальней, і плата, мусіць, большая, куды і паехаць — машыну лягчэй знайсці; усе ж хлопцы хацелі, каб ён быў за брыгадзіра. Дык дзе ж! Свет яму зачыніўся. Гл. р., Хал.
СВЕТ ЗАЧЫНЯЦЬ каму. Гл. СВЕТ ЗАВЯЗВАЦЬ (засланяць) каму.
СВЕТ З ПРАСВЕТАМ. Вельмі многа (абысці, выхадзіць, прайсці).
Свет з прасветам абхадзілі за дзень. Уш. р., Арэх. (Лінг. зб.). Абышлі свет з прасветам і толькі паўвядра галабоняў [буякоў, дурніц набралі]. Тамсама.
СВЕТ НЕ БАЧЫЎ. Надзвычай, незвычайна (прыгожы, разумны, непрыгожы, ліхі, нягодны).
Але ось пайшла чутка, што прыве*злі такога гожага хлопца, якога свет не бачыў. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Хоць гожая, як макаў цвет, але лянівая ды сварлівая… і свет не бачыў. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Такога ліхога свет не бачыў. Гл. р., Кл. Ілгун — свет не бачыў. Малад. р., Радашк.
СВЕТ УБАЧЫЦЬ. Зажыць інакш, куды лепш.
З таго хутара як выбраліся, дык я свет убачыла. Гл. р., Стар. Робіш і робіш, сынок. Эс-тулькі [гэтулькі] вучыўся! А калі ты ўбачыш свет? Гл. р., Кл.
СВЕТУ (белага, божага) НЕ БАЧЫЦЬ. СВЕТУ (белага, божага) НЕ ЎБАЧЫЦЬ. 1. Быць вельмі занятаму, не мець спачыну, вольнай часіны.
Век гараваў, не бачыў свету белага. Гл. р., пас. Я. Куп. Як пойдуць адно за адным [дзеці], то і не ўбачыш свету божага. Дзяцей гадаваць не абы-што! Гл. р., В. Таму тое, таму тое, — свету не бачу праз вас. Мін. р., Засл. Жылі мы бывала — хай бог не дае. Пражыла я пяцьдзесят гадоў і свету не бачыла. Бабр. р., Пл. (Хрэстам.). Аддаюць апошняе, а самі ходзяць галодныя ды толькі за працаю свету божага не бачаць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП, 1911). За дзеўкамі свету не бачыць. Сак. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
2. Жыць у стра*дзе, у цяжкасцях, несупынна гараваць, жыць у палоне каго, чаго.
Ні я, ні бацька мой свету белага не бачыў, абодва парабкамі пражылі. Ён у адных, а я ў другіх [паноў]. Малад. р., Бак. За кулаччам свету не бачу. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). За Зосяй свету не бачыш. Малад. р., Заг.
3. З адцен. іран.
Ты за сном свету не відзіш. Сян. (Е. Рам., БС, ІV). Ён [рабін] такі пісьменны, такі навучны, такі разумны, што за розумам свету не бачыць. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП).
СВІСТАЦЬ ЧОРТАМ. Гл. ЧОРТАМ СВІСТАЦЬ.
СВОЙ БРАТ. Чалавек аднолькавага стану і становішча.
Толькі вось з'явіліся такія людзі, што захацелі збагацець, от і пачалі яны ашукоўваць ды крыўдзіць людзей, …часам і свой брат, які-небудзь круцель. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Найгорай, як такі занудлівы ды стане хоць малым начальнікам. Свой брат, а не вельмі паспагадае. Кап. р., Ванел.
СВОЙ ХЛЕБ. Сваё самастойнае месца ў жыцці, свая пасада, свой заработак.
Абы ў кожнага хлеб свой. Хай жывуць на здароўечка. З вайны ўсім хапіла гора. А цяпер пападымаліся на ногі, свайго хлеба дабіліся. Гл. р., Зубар.
Гл.: пайсці на свой хлеб.
Гл.: есці свой хлеб.
Гл.: быць на сваім хлебе.
СВЯРБІЦЬ СКУРА чыя, у каго. Гл. СКУРА СВЯРБІЦЬ.
СВЯРБІЦЬ ЯЗЫК чый, у каго. Гл. ЯЗЫК СВЯРБІЦЬ чый, у каго.
СВЯТЫМ ДУХАМ (жыць). Нічога не еўшы.
Святым духам, Іван, жыць не будзеш: ро*біць [рабіць, працаваць] і тамака [там] трэба. Чаго адказваешся? Ці святым духам збіраешся жыць. Уш. р., Арэх. (Лінг. зб.). А мы так і чакалі вас? Святым духам жылі? Падпільнавалі і пажывіліся. Мін. р., Стар. С.
СЕРАДА З-ПАД ПЯТНІЦЫ ВІДАЦЬ. 1. Няўмела затоена, прыхавана, схавана штосьці.
Пазвалі ў пракуратуру, а ён думаў выкруціцца. “Чаму ў вас ячмень?” “Адкуль тое ды другое?” Стаў ён і сюды і туды, але ж дзе? Серада з-пад пятніцы відаць. Убачылі, што грэў рукі. Гл. р., Кл. І нашто-бо няпраўду казаць? Кажаш так, а мы ж бачым: у цябе серада з-пад пятніцы відаць. Наманіў, а тут прагаварыўся! Тамсама.
Параўн. (у руск.); шито белыми нитками.
2. З адцен. жартаўл. Ніжняя вопратка відаць з-пад верхняй.
Ото прыбралася! У цябе ж, Тэкля, серада з-пад пятніцы відаць. Гл. р., Кл. Нябожчык Ціт як бывала ні надзенецца, дык усё серада з-пад пятніцы відаць. Кажух доўгі, а на кажух — світа кароткая. Тамсама.
СЕСЦІ НА чый ХЛЕБ. Гл. СЯДЗЕЦЬ НА чыім ХЛЕБЕ.
СКІНУЦЬ СОН. Паспаць крышку, калі вельмі хочацца спаць і чалавек не можа працаваць, ісці.
Ужо і паспаў? Так скора? Можа якіх дзесяць мінут. У нас дык кажуць скінуў сон. Навагр. р., Падкас. Прыляж трошкі, скінь сон. Гл. р., Кл. Нашто мне сон скінуць? Мне каб заснуць ды захрапці, каб вечар і ноч. О! тады б я “скінуў сон”! Тамсама.
СКІПЕЦЬ (ускіпець) НА НАЖЫ. Загінуць.
Ці адзін скіпеў на нажы? Панапіваюцца, бывала, да нажоў даходзіла. Мсц. р., Ход. Хай кіне піць. Выпіў і пайшоў задзірацца, чапляцца. Недзе скіпіць на нажы. Гл. р., Баян. Пастой жа, не кажы, а то скіпіш на нажы. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). Маўчы, шэльма, не кажы, а то скіпіш на нажы. Мсц. р., Багацьк. (М. Гар., НП). Не лезь да яго, а то ўскіпіш на нажы! Кап. р., Аксам.
СКЛАДАЦЬ (рабіць) СКЛАД. СКЛАСЦІ (зрабіць) СКЛАД. Рабіць, праходзіць першыя дзве баразны так, каб адна баразна адвальвалася насупраць другой; антанімічны гэтаму — раскінуць роскідку.
Пачакай, сыночак, бягай [бяжы], лепей папрасі, хай дзядзька складзе склад. А вы ж нігодзін [ніводзін] не складзяце складу, дык загон будзе крывы. Гл. р., Кл. Над Рэйтана ніхто харашэй не складзе складу. Што б, здэцца [здаецца], склад зрабіць? А паспрабуй, — не ўсякі. Тамсама.
СКОК ПЕРАСКОКАМ. З адцен. іран. Хапаючыся і з беспарадкам (рабіць што, расказваць пра што).
Ты такі не будзь, што ў цябе ўсё скок пераскокам. Дзе б рабіў адно за адным, а то ўсё робіш скок пераскокам. Мін. р., Салом. Змоўч! Ты ж не раскажаш. Стане казаць — і пайшоў скок пераскокам. Тамсама.
СКРОІЦЬ ПОРТКІ. З адцен. іран. Набіць, даць лупцоўкі.
А табе за такі глум трэба было, каб хто скроіў порткі. Зэльва. От скроілі яму порткі. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
СКРУЦІЦЬ ГАЛАВУ. Гл. ГАЛАВУ СКРУЦІЦЬ.
СКУЛЬ НІ ВОЗЬМЕЦЦА. Гл. АДКУЛЬ (скуль) НІ ВОЗЬМЕЦЦА.
СКУРА ГАРЫЦЬ чыя, у каго. З адцен. дакору, асудж. Няўрымслівы, залішне рухавы і з гэтага шкадлівы (хлапчук, падлетак, юнак), быццам скура просіць супакаення — пакарання.
На ім скура гарыць, — так і глядзі: нашкодзіць. Дзе павернецца — і наробіць ліха. Малад. р., Клім. На майго Юрку бывала: “Што Юрка? Гарыць скурка”? Мін. р., Салом. Якое там з яго вучэнне будзе, калі на ім скура гарыць? Малад. р., Бак.
СКУРА (рэбры) ДЫ (і) КОСЦІ. РЭБРЫ ДЫ СКУРА. Вельмі схуднелы, спятрэлы (чалавек, жывёліна).
Ехаў чалавек дарогаю да места [горада, мястэчка], наганіў [здагнаў] бабу старую, абдзертую, толькі скура і косці. Сак. п., Дрыга (М. Фед., ЛБ. І). Гэта баба старая, худая, адно скура ды косці, а такая... дужая, што чалавека як муху задушыць. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, 1). На вясну выгналі [статак] — адно скура ды косці. Малад. р., Бак. Адно [толькі] косці ды скура. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Нагналі [пра фашысцкі лагер смерці], дык — родненькая мая! — няможна глядзець: косці ды скура. Мін. р., Лекар. Конь!.. Рэбры ды скура на ім… Малад. р., Бак. Конік той рэбры ды скура. Стаўб. р., Мікал. Хіба на ім араць? Толькі рэбры ды скура. Малад. р., Радашк.
Параўн. (у руск.): кожа да кости.
СКУРА СВЯРБІЦЬ. З адцен. жартаўл. ці іран. Няўрымслівы, гарэзлівы, залішне рухавы, быццам просіцца на пакаранне.
На маім вагэтым [вось гэтым] Колі надта скура свярбіць. Круціцца, шкодзіць. Дзіва, што з імі ў школе цяжка! Мін. р., Угл. Няма табе ўпыну. Шкура на табе свярбіць. Рэ*меня просіць. Гл. р., Байл. Такая натура, што без дубца свярбіць шкура. Сл. п., Гаўрыльч. (А. Сержп., СРБП). Свярбіць, бачу, твая, хлопча, скура, заробіш дубца. Мін. р., Сен.
Гл.: скура гарыць.
СКУРУ ЗЖАРЫЦЬ каму. Гл. ЖАРЫЦЬ У СКУРУ каму.
СЛАЦЬ ЛІСТАМ. Гл. ПАДАЦЬ (слаць) ЛІСТАМ.
СЛАЦЬ ПАСАД (у пасад). Гл. ПАСАД (у пасад) САДЗІЦЬ (слаць).
СЛЕДАМ ЗА ДЗЕДАМ. Жыць, рабіць, паводзіцца з захаваннем традыцый, прытрымлівацца традыцый, як жылі, рабілі, паводзіліся дзяды, продкі. М. Федароўскі прыводзіць польскую паралель i?? torem przodk?w (ісці шляхам продкаў) (М. Фед., ЛБ, ІV).
Рабіць хату, то не такую. Ты прывык следам за дзедам. На якое ліха гэткую нізкую рабіць? Навагр. р., Свіц. Тлумачэнне І. Насовіча выразна звужанае: “Кажуць, калі жонка прыходзіць туды, дзе яе гаспадар”. (СБП). З падобным значэннем ужываецца выраз і сёння, але зусім не абавязкова пры такой сітуацыі, калі следам за гаспадаром прыходзіць гаспадыня (за мужам — жонка).
Я прыйшла, сяджу..., а тут і ты следам за дзедам. Гл. р., пас. Я. Куп. Не дасцё бабе і хвілінкі пасядзець. Баба да нас — і вы [унукі] следам за дзедам. Бяроз. р., Воc.
СЛЕД ЗАМЯЛО чый, каго. Знік бясследна хто.
Толькі на трэці дзень трохі ачухаўся пан і вялеў злавіць Рымшу — так звалі таго дзецюка. Ды куды там, — яго і след замяло. Сл. п., Чудз. (А. Сержп... СРБП). Папераразалі драты [тэлефонную лінію]. А пакуль немцы прыехалі, дык партызанаў тых след замяло. Пух. р., Шацк.
СЛЕПНЕМ ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ. Гл. СЛЯПІЦАЮ (слепнем) ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ.
СЛЁЗКАМІ АБЛІВАЦЦА (залівацца, умывацца). Гл. СЛЯЗЬМІ (слёзкамі, слёзачкамі) ЗАЛІВАЦЦА (аблівацца, умывацца).
СЛІНКУ КАЎТАЦЬ. Прагна, хціва глядзець на штосьці прыманлівае, але недасягальнае, недаступнае.
Тым часам ужо даўно пара абедаць, а пані ды паны ходзяць каля тых патравак ды толькі слінку каўтаюць ды аблізваюцца. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Пазіраеце на яе, падступіцца саромеецеся, а ўсе слінку каўтаеце. Кл. р., Мер.
СЛОВА ДАТРЫМАЦЬ. Гл. ДАТРЫМАЦЬ СЛОВА.
СЛОВА ПА СЛОВЕ. Паступова, мала-памалу (пра развіццё размовы; пра пераход гутаркі ў спрэчку, у сварку).
— Нашто ты мне ваду спаскудзіў?! — Як-та я спаскудзіў?.. Так гэта слова па слове сцяліся біцца. Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ). І слова па слове давай сварыцца. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ). Мы ж з Бабруйску разам дыбалі — пяцьдзесят дзве вярсты. Слова па слове разгаварыліся і паладзілі так. Гл. р., Пяц.
СЛОДЫЧ УЖЫВАЦЬ (ужыць). Гл. УЖЫВАЦЬ СЛОДЫЧ.
СЛУЖЫЦЬ ПРЫГОН (прыгоны). Гл. ПРЫГОН (прыгоны) СЛУЖЫЦЬ.
СЛЯЗЬМІ (слёзкамі, слёзачкамі) ЗАЛІВАЦЦА (аблівацца, умывацца).
СЛЯЗЬМІ (слёзкамі, слёзачкамі) ЗАЛІЦЦА (абліцца, умыцца). З адцен. спагадл. Слёзна, горка плакать.
Больш навіноў ніякіх табе не пасылаю [у лісце да салдата рускай царскай арміі], бо ты і сам ведаеш, як у нас е [ёсць] і пры чым мяне, бяздольніцу, пакінуў — адно дзень пры дні мушу слязьмі залівацца дый тым згарняцца. Сак. п., з-пад Сух. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Спляце з ружы вянок, узложыць яго на галоў (галаву), зірне ў люстэрка дый зальецца горкімі слёзкамі. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Толькі скажуць што, і слязьмі зальецца. Гарад. — Як табе, дзеванька, з матухнай расстаціся, з свякровай спазнаціся? — А я так расстануся, …спазнаюся: коскамі апушчуся, слёзкамі абаллюся. Віцеб. п. (П. Шэйн. БНП, 1962). Багатая сястра мёд, віно п'е, бедная сястра слёзачкамі лье. Мін. (П. Шэйн, БНП, 1962). Сядзела Агатка, коскамі спусціўшыся, слёзкамі абліўшыся. Барыс. п., (П. Шэйн, БНП, 1962). Села яна пад лазою, аблівалася слязою. Мсц. р., Багацьк. (М. Гар., НП). Чужая радзіма мёд-віно п'е, а свая радня слёзкі лье. Тамсама.
СЛЯПІЦАЮ (слепнем, асою, асвою) ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ. Назойліва прыставаць, невыносна дакучаць.
Жонка і слухаць не хоча, сляпіцаю лезе ў вочы ды кажа, што ён яе не любіць, што кахае другую, ...калі не хоча ей сказаць нават аднаго слоўца. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Бывае горача і заедзь [мухі, авадні, слепні] сляпіцаю ў вочы лезе. Рэч. п. (Ч. Пятк. КДПР). Гэта ж такі чалавек, што сляпіцай у вочы лезе. Ашм. р., Гальш. Перастань ты ў вочы лезці. Каб за што, а то за няма нішто лезе сляпіцаю ў вочы. Гл. р., Барб. А хай не лезе сляпіцаю ў вочы. Гл. р., Байл. Дзе ты валочышся...? — пытае яна ды сляпіцаю лезе ў вочы. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Нельга адкасацца ад яго, слепнем у вочы лезе. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Асою лезе ў вочы. Ашм. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Чуць хто пакажацца, дык ось — адкуль ні возьмецца — той сабачка коціцца, бы куля, брэша, аж ахрыпне ды сляпіцаю лезе, пакуль тая жанчына не абароніцца сама ды не скажа: “Пайшоў вон!”. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
СМАК ПАЗНАЦЬ. Гл. ПАЗНАЦЬ СМАК.
СМАКТАЦЬ КРОЎ. Гл. ПІЦЬ (смактаць) КРОЎ.
СМАКТАЦЬ (цягнуць), ЯК ВУЖ. З адцен. асудж. 1. Сушыць каго, паціху і непрыкметна адымаць жыццё чыё.
Каб ведалі ды каб зналі!.. На людзях адзін, а дома не той. Аленку да магілы давёў. Ці за слова, ці за што — смактаў, як вуж, пакуль душою загавела. Гл. р., Кл.
2. Часта і доўга выпіваць.
Была ж дзеўка як дзеўка. А, бач, пасля вайны прападае і гіне. Які ўжо год толькі і смокча, як вуж. Гл. р., Н. Жыц. Каб мужчына, а гэта жонка!.. І так цягне, як вуж. І не п'яная. От, даў бог памочніцу!.. Маст. р., Граб. (П. Ст., Пол.).
СМАК ЧУЦЬ. Мець, адчуваць задавальненне, прыемнасць.
Прыйшоў Кандрат і пытаецца: “Мо' навучыце, паночку, як жыць багата, — каб мала рабіць і багата жыць. А то я век гарую і смаку не чую”. Разгневаўся пан. Гл. р., Кл. Дзе смак чуюць, там днююць і начуюць. Тамсама. Цяпер, нябось, хто гаруе [шмат, багата працуе], той і смак чуе. Мін., Камар. Як я цябе пацалую, то мо' тыдзень смак той чую. Малад. р., Радашк.
СМАЛЕНЫ ДУБ. Гл. СМАЛОВЫ (смольны) ДУБ.
СМАЛІЦАЮ ЛЕЗЦІ. Настойліва прыставаць, невыносна дакучаць.
— А ты, кажуць, куды гэта тут, шастапала, прэшся! А ён на гэта не зважае дый лезе смаліцаю. Ваўк. п., Вільч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, І). Ніяк няможна ад іх адагнацца, усюды смаліцаю лезуць. Тамсама.
Гл.: сляпіцаю (слепнем, асвою, асою) лезці ў вочы.
Гл.: лезці ў вочы.
Гл.: асакою скакаць у вочы.
СМАЛІЦЬ МАЛАНКАЮ. Гл. МАЛАНКАЮ СМАЛІЦЬ.
СМАЛОВЫ (смалены, смольны) ДУБ. Недарэчнасць, несусвеціца, небывалае. Бытуе ў Навагр., Карэл., Лід., Слон., Нясвіж. і іншых раёнах.
Гл.: плесці смаловага (смаленага, смольнага) дуба.
Параўн.: грушкі (грушы) на вярбе.
Параўн.: смаленая кабыла.
СМАЛЯНУЦЬ МАЛАНКАЮ. Гл. МАЛАНКАЮ СМАЛІЦЬ.
СМАРГОНСКАЯ ПАЛІТЫКА. Няўмелае, медзведзяватае абыходжанне. І. Насовіч: кажуць таму, хто парушае правіла ветлівасці.
Гл.: студэнт смаргонскай акадэміі.
СМЕХІ (смешкі, смешачкі) СТРОІЦЬ з каго. Гл. КЕПІКІ СТРОІЦЬ з каго.
СМЕХУ ВАРТА. З адцен. зніжальн. Смешна! Смех!
Толькі пасмяяцца! Далібог, смеху варта: стары, а зрабіў, як малы. Мін., Камар. Маўчы лепей: смеху варт ехаць у горад напітку накупляць!.. Мін. р., Бараўл. Смеху варта: дваццаць год на машыне; і трэба, зажыгання не выключыў, і сеў акумулятар. Мін. Робіць так, што смеху варт. Малад.
СМОЛЬНЫ ДУБ. Гл. СМАЛОВЫ (смалены) ДУБ.
СОН СКІНУЦЬ. Гл. СКІНУЦЬ СОН.
СПАСЦІ З ЦЕЛА. Схуднець.
Кашляе і з цела спала. Казалі, вельмі прастудзілася. Гл. р., Кл. Як да дзела — абы не спасці з цела. Светл. р., Казл. (Матэр. для сл.).
СПАЦЬ І КУРЭЙ БАЧЫЦЬ. Пра вельмі пільнага, хітрага і непрыкметнага (чалавека). Можна меркаваць, аснова ўзнікнення фразеалагізма — уяўленне пра лісіныя прытворствы, хітрасць.
Вам, здэцца [здаецца], што не вельмі такая. А, браце, спіць і курэй бачыць. Лішняга не скажа, яна табе не прагаворыцца. Гл. Ваша баба спіць і курэй бачыць: нічога не прапусціць. Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): спать и видеть.
СПІНУ ЎГНУЎШЫ. Гл. УГНУЎШЫ СПІНУ.
СПЛЯСКАЦЬ У ЛАДКІ. Гл. У ЛАДКІ ПЛЯСКАЦЬ.
СПРАКОН ВЯКОЎ. СПРАКУ ВЕКУ. Спрадвечна, ад веку.
Тут яна [веска Дулебы] спракон вякоў. Бярэз. р., Дул. Старыя кажуць, што такой сухаты* спракон вякоў не было, Смал. р., Пятр. Як цяпер, мо' спраку веку тут жылі якіясь людзі. Секлі лес, рабілі поле, лавілі рыбу ў рэчцы, звера білі ў лесе. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
Параўн. (у руск.): испокон веков.
СПРАКУ ВЕКУ. Гл. СПРАКОН ВЯКОЎ.
СПУСКАЦЬ З ВОКА каго. СПУСЦІЦЬ З ВОКА каго. Страчваць пільнасць, пераставаць сачыць за кім.
Мо' на хвілінку спусціла з вока [дзяўчынку], і чаго натварыла! У таз вады і ўсе цацкі ў ваду паўкідала. Падумаць! Няможна з вока спусціць. Малад. р., Радашк.
СПЯВАЦЬ НА ХЛЕБ. Гл. НА ХЛЕБ СПЯВАЦЬ.
СТАНАВІЦЦА НА ХВАСЦЕ. Гл. НА ХВАСЦЕ СТАНАВІЦЦА.
СТАНОВІЦЦА (станавілася) У РОЦЕ. Гл. У РОЦЕ СТАНОВІЦЦА (станавілася).
СТАЦЬ НА СВАІМ. Гл. ПАСТАВІЦЬ НА СВАІМ.
СТАЦЬ У (вялікай) АДГОДЗЕ. Адгадзіць, аддзячыць за дапамогу, за добрую справу.
Зажані [загані] нас на лепшую травіцу, то і я табе стану ў вялікай прыгодзе, стану ў вялікай адгодзе. Ваўк. п., з-пад Свісл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).
Гл.: стаць у (вялікай) прыгодзе.
СТАЦЬ У (вялікай) ПРЫГОДЗЕ. Спатрэбіцца пры выпадку; спатрэбіцца ў цяжкім ці безвыходным для кагосьці становішчы, пры незвычайным здарэнні.
Не бі нас, то мы табе станем у велькай [вялікай] прыгодзе. Ваўк. п., з-пад Росі (М. Фед., ЛБ, 1). Адно ж [толькі ж] той шчупак кажа да яго: “Пусці мяне, то я табе стану ў вялікай прыгодзе”. Ваўк. п., Кукл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 7).Хлопчык у плач: “Ой, ой, не хачу! Як я цябе буду рубаць, калі ты нам у гэтакай вялікай прыгодзе стаў”. Ваўк. п., з-пад Росі (М. Фед., ЛБ, ІІ, І). Дзеўка-дзявіца, русая касіца, дай мне лыжачку кашы, я табе стану ў прыгодзе. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед... ЛБ, ІІ, 1).
СТАЯЦЬ НА ПЕРАШКОДЗЕ. Гл. НА ПЕРАШКОДЗЕ СТАЯЦЬ.
СТАЯЦЬ НА ПРАЎДЗЕ. Гл. НА ПРАЎДЗЕ СТАЯЦЬ.
СТАЯЦЬ НА СВАІМ. Рашуча, цвёрда трымацца сваёй думкі, свайго намеру, свайго патрабавання.
Матка давай адгаворваць ды не пушчаць. Куды там! Дзеўка стаіць на сваім. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Хоць стрэль — на сваім стаіць. Акцябр. р., Забал. Просіць, каб поп пахаваў дзіця [без платы]. Як ні прасіў бедны, поп стаіць на сваім ды і толькі. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП).
Гл.: наважваць на сваё.
СТАЯЦЬ У ВАЧАХ (уваччу*). Пра моцнае зрокавае ўражанне; убачанае (зрокавы вобраз) уразіла і не сціраецца з памяці.
Хай іх няхай — баравікі тыя! І заснеш, а яны ўваччу стаяць. Гл. р., Кл. Я і цяпер, здэцца, бачу нябожчыка Мацея. Успомніш — і стаіць уваччу. Тамсама. Нашто было? Дваццаць гадоў, а пажар у Максімаўцы стаіць у вачах. Малад. р., Заг. Хто як хто, а той ваш Алік — дзе ён цяпер? — стаіць у вачах: мо і пятнаццаць не было, а ў разведку хадзіў. Мін. р., Даўб.
СТАЯЦЬ У ВУШАХ (увушшу*). Пра захаванне моцнага слыхавога ўражання; пачутае ўразіла і не сціраецца з памяці.
Мне — што думаеце! — і цяпер стаіць у вушах, як у Лясінах крычалі людзі. Усё — і хаты, і двары — і людзей усіх спалілі ў вайну. Мін. р., Масл. Паездзілі на цецярукі, дык увушшу стаяла бур-лу, бур-лу мо пяць дзён. Гл. р., Вайц. Мы каля Маста ўжо былі, аж нехта як зараве пад мастом, страшна-страшна. І цяпер у вушах стаіць. Мы драла адтуль! Уш. р., Арэх.
СТОЛЬКІ І СТОЛЬКІ (толькі і толькі). Ужываецца ў паведамленні, у апавяданні замест паўтарэння колькасці, разавасці, цаны.
Я так і сказала: столькі і столькі скрыначак. Мін., Камар. Я і кажу: у мяне было толькі і толькі [грошай] на кніжцы [ашчаднасці]. Гл. р., Кл. — А колькі ты хочаш за яго (за сена)? — Толькі і толькі. Слон. п., Радзівіл. (М. Фед., ЛБ, І).
СТОРЧ (стоць) ГАЛАВОЮ. Гл. СТРОМ (сторч) ГАЛАВОЮ.
СТРОІЦЬ КЕПІКІ (кепікі, кпінкі) з каго, Гл. КЕПІКІСТРОІЦЬ з каго.
СТРОІЦЬ СМЕХІ (смешкі, смешачкі) з каго. Гл. КЕПІКІ СТРОІЦЬ з каго.
СТРОМ (сторч, стоць) ГАЛАВОЮ. 1. Стрымгалоў (гнаць, паганяць).
Ой, доню, доню, бі кацюбою, дварака з хаты стром галавою. Пруж. п., Шак. (Р. Шырма, БНП, ІІ). Такога жаніха — малако на губах — папруць сторч галавою. Гл.
2. Ніц, галавою ўніз (упасці, паляцець). Звалілася свякроў з тыну стоць галавой у крапіву. Карэл. р., Дзяляц. (Р. Шырма, БНП, І). Што вы ўсчапіліся? Парэнча чуць ліпіць. Не было ‘шчэ, — паляціць каторы сторч галавою. Гл. р., Кл.
СТУДЭНТ СМАРГОНСКАЙ АКАДЭМІІ. Няўмелы, няўклюдны, медзведзяваты ў абыходжанні. Выраз узнік у сувязі з тым, што некалі ў Смаргоні ўтаймоўвалі мядзведзяў.
Адкуль такі ўзяўся во гэты студэнт смаргонскай акадэміі? Прайшоў, то ўсім ногі паабіваў. Малад. І ў нас так скажуць: “Ах ты студэнт смаргонскай акадэміі, ах ты мядзведзь!” Літва, Свянцяны — Швенчаняляй. Не давялося сустрэць у гутарковай мове выраз “смаргонская акадэмія”. Ён пранік і занатаваны ў рускай літаратурнай мове. Всякие зверинцы, фокусники, сморгонская академия отбивали публику от театра. В. Давыдов, Рассказ о прошлом. Ну, господа, — начинает он, — предварительно потоптавшись на одном месте, как это приличествует всякому оратору, получившему первоначальное образование в городе Сергоче и потом с честью окончившему курс наук в сморгонской академии. С. -Щедрин, Сатира в прозе. Цытата прыводзіцца з кнігі А. М. Бабкіна “Лексикографическая разработка русской фразеологии” (М., 1964).
Гл.: смаргонская палітыка.
СТУПІЦЬ НЕ ДАВАЦЬ каму. Як толькі можна звязваць, скоўваць кагосьці, дзейнасць чыюсьці; не даваць праходу, не даваць быту.
Такая ліхая свякруха, такая ліхая свякруха, што ступіць [нявестцы] не дасць. Гл. р., Кл. “Добра” ў іх… Кажуць, што не даюць ступіць, не тое што. Тамсама. Ён ступіць мне не даваў. Толькі і правяраў, дзе я, што я. Нашто тое брыгадзірства мне? Мядз. р., Нар.
СУХОТЫ КІШАНЬКОВЫЯ ў каго. З адцен. жартаўл. Безграшоўе, няма грошай у кагосьці.
Браце ты мой, сухоты кішаньковыя ў мяне. Каб капейка!.. І тае няма. Мін., Камар. — А што такое сухоты кішаньковыя? — Не панімаеце [разумееце] кішаньковых сухотаў? Мусіць, заўсёды з грашыма жывяце*. Як пуста ў кішэні! Наш тата любіў казаць: хварэеш, братка, на кішаньковыя сухоты. Тамсама.
Гл.: хварэць на кішэнь.
Гл.: хварэць на кішаньковыя сухоты.
СУШЫЦЬ ГАЛАВУ. Гл. ГАЛАВУ СУШЫЦЬ.
СХАВАЙ (свае, твае) ТРЫ ГРОШЫ (грошыкі)! Замаўчы! Не твая справа! Не вытыркайся!
Схавай свае тры грошыкі. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Каб я на тваім месцы, то памаўчала б. Схавай твае тры грошы, лепей будзе. Карэл. р., Ярэм.
СХАПІЦЦА Ў РОЖКІ. Гл. БРАЦЦА Ў РОЖКІ.
СХІЛІЦЬ ХВОСТ. Гл. ПАДТУЛІЦЬ ХВОСТ.
СЦЯЎШЫ ЗУБЫ. Гл. ЗУБЫ СЦЯЎШЫ.
СЫПАЦЬ МАКАМ. НАСЫПАЦЬ МАКАМ. 1. Пісаць дробнымі літарамі, дробненька.
Ну, як ты пішаш?! Сыпле макам, а ты прачытай… Уш. р., Лясн. Аз. Ну і насы*паў ты макам! Хіба мікраскопам (sic!) чытаць… Тамсама.
2. Гаварыць вельмі хутка, дробненька.
Ты за вучыцельку не будзеш. Хто ж цябе разбярэ, як ты сыплеш макам? Кл. р., Сін. Сыпле макам, як з аўтамата якога. Тамсама.
СЫПАЦЬ НЕ ПАДСЯВАЮЧЫ. Гл. МАЛОЦЬ (сыпаць) НЕ ПАДСЯВАЮЧЫ.
СЫРЫЦУ ВЫКРУЦІЦЬ (выкручваць) з каго. Гл. ВЫКРУЧВАЦЬ СЫРЫЦУ з каго.
СЫСЦІ НА ПУСТЫ (ліхі) КАНЕЦ. Поўнае маральнае падзенне.
Колісь тут Ціт жыў, і сыны ў яго былі, тры сыны. І ўсе, усе тры сышлі на пусты канец. Так што нікога з іх няма нідзе [ніводнага нашчадка]. Конан за нейкае зладзейства, а Мікалай — як дурань гатовы — усунуўся ў паліцыю і сцёрся недзе. Гл. р., Кл. А так нядобра: то спяць да паўдня, то гуляць ідуць; удзень гуляюць, вечар прыйдзе — гуляюць. Так ні на што не навучацца [пра дзяцей], дойдуць да ліхога канца. Тамсама. Хадзіцьмеце, покуль на ліхі канец сы*дзеце. Гл. р., Бярэж.
СЭРЦА АД'ЯДА. Гл. АД'ЯДА (пераяда) ДУШЫ (сэрца).
СЭРЦА (сэрцайка) ГНАІЦЬ. СЭРЦА (сэрцайка) ЗГНАІЦЬ. СЭРЦА ГНОЯЧЫ. Атручваць жыццё камусьці, знявечваць кагосьці непашанаю, знявагамі, кепскім абыходжаннем.
Яны ўсё маёй дачушцы сэрца гнаілі, маёй Рэнечцы сэрцайка згнаілі. З прычытання. Дзярж. А я выкачала кашулечку, па двары ходзячы, а-а-а, сэрца гноячы. Мсц. р., Багацьк. (М. Гар., НП).
СЭРЦА КРОІЦЬ (без нажа). Катаваць, мучыць, тэрарызаваць. Параўн.: кроіць (звычайнае значэнне) — рэзаць, разразаць.
За што ты, скажы, маё сэрца кроіш? Не вывучылася? Я вінаватая? Чаму ж не вывучылася? Тады — гуляць, і зноў — гуляць… Гл. р., Кл. Ты без нажа маё сэрца кроіш. Навагр. р., Навас. На вадзіцу ідзе і коніка вядзе, коніка поіць, маё сэрца кроіць. Леп. п. (П. Шэйн, БНП, 1962). Каб я знала, зачыніла б вароты, каб не кроіў маё сэрца. Сл. п. (П. Шэйн, БНП, 1874). Не стой, не стой блізка… і не крой майго сэрца. Бо ты стаіш блізка мяне і з другою гаворыш. Сэрца маё маладое без нажа кроіш. Ваўк. п., Вял. Гр. (Р. Шырма, БНП, І). Па ваду ідзе, дзяньдобры дае, мае сэрданька як нажом крае. Пруж. п., Шак. (Р. Шырма, БНП, І).
Параўн. (у руск.): истязать, мучить.
СЭРЦА ПЕРАЯДА. Гл. АД'ЯДА (пераяда) ДУШЫ (сэрца).
СЯБЕ ГЛЯДЗЕЦЬ. Гл. ГЛЯДЗЕЦЬ СЯБЕ.
СЯДЗЕЦЬ НА чыім КАРКУ. З адцен. папроку, дакору. Быць у каго на ўтрыманні і быць для каго клопатам, абцяжарваючы яго.
Падраслі ўдалыя дзяўчаты, дык іх наперабой пачалі сватаць дый пабралі замуж. А тая ўпартая дачка асталася сядзець у бацькоў на карку. Сл. п., Чудз. (А. Сержп... КАБСП). От з тае пары мо' і да тых час [часоў] паны і... сядзяць у тых палешукоў і палевікоў на карку, мучаць іх. Тамсама. А ты чаго? Ці ён на тваім карку сядзіць? Мядз. р., Нар.
Параўн. (у руск.): сидеть на шее.
СЯДЗЕЦЬ НА чыім ХЛЕБЕ. СЕСЦІ НА чый ХЛЕБ. Быць на чыім утрыманні.
Мусіць, ні адна маці не глядзіць, каб як на гатовае, каб хутчэй на дзіцячы хлеб сесці. У дарозе са Сл. у Люб. Ці вучыцца далей, ці дзе рабіць [працаваць], а не будзе сядзець на бацькавым хлебе. Лаг. р., Лаг. Да самых салдатаў [службы ў салдатах] на бацькавым ды на матчыным хлебе сядзецьмеш? Гл. р., Цясн.
СЯДЗЕЦЬ У ДЗЕЎКАХ. Гл. У ДЗЕЎКАХ СЯДЗЕЦЬ.
СЯДЗЕЦЬ У СЕДНЯХ. Быць без руху, без здольнасці (сілы) хадзіць.
Ілля калісь столькі-та лет [гадоў] сядзеў у седнях, а потым... устаў ён і пайшоў на сваіх нагах. Гом. п. (Е. Рам., БС, ІV).
Суб, 15 кастрычніка 2011
Слоўнікі