Ф. Янкоўскі. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (23)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія

Катэгорыі: Слоўнікі

Ч

ЧАМУ НЕ! Як сцверджанне: можна! згода! а як жа!

— Падвязіце мяне трохі, бо і я ў гэтую сторану іду. — А мой саколік, чаму ж не! — можна, садавіцеся [сядайце]. Лід. п., Хільч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). — Навучы ты мяне гэтак граць. — Добра, — чаму не! — адно бяда, што ў це [у цябе] пальцы закароткія і затоўстыя. Ваўк. п., Вішн. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). — То і я пайду з вамі. — Чаму не! Хадзем. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). — Чуеш, калі ты парадзіш абмануць нашага папа, то я табе... маёнтак запішу. — Чаму не! Паспрабую, паночку. Ваўк. п., Руд. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).

ЧМУТ ПУСКАЦЬ. ЧМУТ ПУСЦІЦЬ, ЧМУТУ НАПУСЦІЦЬ. Задурваць галаву, ачмучваць.

Дык чорт гэта аддзёр... карча і паказвае, а чалавеку здалося, люлька ды цыбук залаты, а сама сярэбраная, бо чорт яму чмуту напусціў. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Як чорт на чалавека чмут пусціў. Ваўк. п., Кук. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). — Ну, то ціха, ціха, на табе яшчэ селядца! — і гэта, пусціўшы чмут, даў яму лыка. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Не слухай, унучка, гэтакага круцяля: ён толькі чмут пускае. Зэльва. Цыганы вялікія... чараўнікі. Яны могуць чмут у вочы пусціць. Сак. п., з-пад Сух. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).

ЧОРНЫ ВОЛ НАСТУПІЎ НА НАГУ. Цяжка стала, адчуў цяжкасць і адказнасць становішча.

А як наступіў чорны вол на нагу — прыбег і дзядзьку ўспомніў: “Прышліце грошай...” Гл. р., Кл. ...лічыў сябе вельмі разумным і не хацеў рабіць простага мужыцкага дзела. Перш бацька сварыўся, але бачыць, што нічога не памагае, дык плюнуў дый думае сабе, — ну, няхай толькі чорны вол наступіць на нагу, то ён кіне сваё вымышлянне ды будзе, як усе людзі. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

ЧОРТАВА КОДЛА. Нягоднікі, негадзіўцы, не*людзі (пра чыюсьці радню, сям'ю). Кодла (Гл. р.) — кроўная радня, з адцен. пагардл.

А з якое сям'і той Гітлер быў? Мусіць, з нейкага чортавага кодла. Бо так з людзьмі рабіць, так чыніць!.. Спамяне*ш войну [вайну] — не дай бог, што рабілі тут [пра нямецка-фашысцкіх акупантаў]. Гл. р., Кл. А хіба яна не з таго самага чортавага кодла? І яна не лепшая за іх. Пажывяце* — бачыцьмеце кодла чортавае. Гл. р., Барб.

Параўн. (у руск. кніжн. бібл.): адово отродье, исчадие ада.

ЧОРТАМ СВІСТАЦЬ. ЧОРТАМ ЗАСВІСТАЦЬ. З адцен. асудж., пагардл. Бурна і зусім нечакана рэагаваць, страшэнна абвінавачваючы каго і пагражаючы; вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго.

А чаго ж ты чортам свішчаш? Ці я вінаваты, што так выйшла? Гл. р., Кл. Ускочыў і засвістаў чортам. Ні яму расказаць, ні яго ўгаварыць. Тамсама. Ці хіба з ім слова скажаш? Чуць што — і засвішча чортам. Тамсама.

ЧОРТАМ ПАДШЫТЫ. З адцен. ганьбы. Несумленны, шкадлівы, нялюдскі (чалавек), негадзівец.

Ці ж іх не ведаеш, што за людзі? А ўсе — і бацькі, і сыны — чортам падшытыя. З імі ніколі ладу не дабярэш. Ты з дабром, а ён перавернецца і да цябе чортам. У дарозе з Ваўк. на Слон. Чортам падшыты — лотр, негадзівец, несумленны. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Яна чортам падшытая, ветраўная. У дзеўках была гуляшчая. Малад. р., Клім.

ЧОРТА НАРАДЖАЦЬ (раджаць). Гл. Д'ЯБЛА НАРАДЖАЦЬ.

ЧОРТА ШТО. Нічога, анічога.

Чорта што ён зрабіў, гультай такі. Акцябр. р., ст. Рацм. Так, зноў тыя хадзілі, але чорта яны што ўгледзелі: ось, напрацаваўшыся, дзе ім пільнаваць? Ваўк. п., з-пад Росі (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).

ЧОРТ (кадук) НЕ БЯРЭ каго. ЧОРТ (кадук) НЕ ВОЗЬМЕ каго. З адцен. нядобразычл. Нічога не здараецца з кім, не шкодзіць каму. Кадук — чорт, ліха.

Яшчэ гарэй [горш] стала людзям, і пачалі яны рабіць панам зэмсту [помсту]: то свіран спаляць ці гумно..., але… пана чорт не бярэ, — ён ў суседа дастане. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Зірнеш і дзівішся, чаму гэта багатага чорт не бярэ, чаму гэта град дойдзе да яго рэза дый закруціць назад ці зверне ў бок. Тамсама. А пасынка дык і чорт не бярэ, несалёную капусту жарэ. (П. Шэйн. БНП, 1962). Кадук яго не бярэ — жыве без бяды, без гора. (І. Нас., СБП). Кадук яго не бярэ! Жыве — і як! Гл. р., Кл. А кадук іх не возьме, тваіх курэй! Пасядзі з намі, пагамонім. Тамсама. Ён нядобры. У Аляксея ўсе былі хворыя, Аж ён нешта хадзіў [да Аляксея]. Выйшаў, дык і пытаюцца: “Як там яны!” А ён: “І чорт іх не бярэ”. Во чалавечынка!.. Тамсама.

ЧОРТУ ДУШУ АДДАЦЬ. З адцен. пагардл. Памерці.

Нямаль [амаль, амаль што] нядзель [тыдняў] сем пракачаўся пан, чуць чорту душы не аддаў. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). А той нямецкі, што ўсё каб граніцу змяніць, каб вайною пайсці, яшчэ не аддаў чорту душы? У дарозе з Мін. на Сл.

ЧОРТ ЯГО (яе, іх) МАЕ (меў)! З адцен. зніжальн., дакору. Як сцверджанне адсутнасці: няма, не мае (не меў) і не магло быць.

— Хіба каб у Максіма? — Чорт яго меў! Каб у Максіма быў гэблік? Дзе бачыў! Гл. р., Кл. Шукаў, каб дзе падмёткі. Дык чорт іх мае! Абышоў Глуск і не купіў. Гл. У людзей па пяць, па дзесяць машын, а ў нас чорт іх мае. Дзве і тыя няспраўныя, паламаныя. Гл. р., Дак. Каб чаго? Сакеры [сякеры] — і то чорт яе мае, ходзіць, пазыча*е. Тамсама. Чорт іх меў, тых пілак! Тамсама. Але праўду кажуць людзі, што пан і тады праў, як сведак чорт маў [меў; рыфмуюцца праў — маў]. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Прыйшла... пакрова, усе жыты заскарадзелі, што аж вока рве як глянеш, а на палянцы чорт мае — не ўзышло. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Чорт меў бы тых грошай, каб не сыны, — сыны даюць. Кап. р., Ванел.

Гл.: багі яго (яе, іх) мелі!

ЧУЖОЕ ХАТЫ ПІЛЬНАВАЦЬ. Бавіць, траціць час у суседа (суседзяў).

Свае работы чортвед колькі, а яна чужое хаты пільнуе! Гл. р., пас. Я. Куп. Толькі чужых хат пільнуе ды абгаворвае каго як. Люб. р., Трайч.

ЧУЦЬ ДУХІ ПЕРАВОДЗІЦЬ. Гл. ЛЕДЗЬ (чуць) ДУХІ ПЕРАВОДЗІЦЬ.

ЧУЦЬ ДЗЕНЬ (дзянёк). Як толькі займае на дзень, хвіліны перад світаннем.

Чуць дзень выехалі, а к ночы ў Любані былі. Які зімою дзень?! Гл. р., Хал. Чуць дзянёк, а Міхаль папёрся некуды. Куды-бо ён так рана? Гл. р., Кл. У грыбы трэба [выходзіць] чуць дзянёк, а то збяруць добрыя людзі, а не* — пахаваюцца. Тамсама.

Гл.: чуць свет (святок).

ЧУЦЬ НОГІ ПРЫЦЯГНУЦЬ. Гл. ЛЕДЗЬ (чуць) НОГІ ПРЫЦЯГНУЦЬ.

ЧУЦЬ НОГІ ЦЯГНУЦЬ. Гл. ЛЕДЗЬ (чуць) НОГІ ЦЯГНУЦЬ.

ЧУЦЬ СВЕТ (святок). Як толькі пачынае світаць, на самым пачатку світання.

І чуць свет, дык, браце, застрачылі кругом, проста няма куды дзецца. Пух. р., Верк. (Хрэстам.). Як толькі чуць святок, мы вышлі з гумна. Мядз. р., Мац. (Хрэстам.). Тарэнта дык той чуць святок, ужо і на рацэ [вудзіць рыбу]. Гл. р., Кл.

Гл.: чуць дзень (дзянёк).

ЧУЦЬ ШТО (малечку). Як толькі штосьці здарыцца; пры ўсякім выпадку. Малечку — драбніца (драбнічка), дробязь, дробязнае, дробная праява.

Гэ' і ліхі пан. Ты яму годзіш, шчыра робіш, а ён табе..., чуць што — жыўцом скуру злупіць. Сл. п. (А. Сержп., СРБП). Хаця чуць што ма*лечку, дык ён ужо і крычыць. Гл. р., Кл. Чуць што ма*лечку спамылюся [памылюся], то хоць з хаты сыдзі. Тамсама.

ЧЫМ ДУХ. Як ёсць духу, як ёсць сілы, як моцы стае.

Дык ён чым дух прыбег дый кажа... Ваўк. п., з-пад Мсціб. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).

ЧЫН ЧЫНАМ (чынаром). Найлепш, найлепшым чынам, як не трэба лепш.

— Васілеўскі? Малады? Жыве чын чынаром, дырэктарам [школы] за ракою ў Пагарэлцы. Жалаванне велькае [вялікае], усе ёсць. Што яму? Малайчына ён. Карэл. р., Сін. Слаб. Сядзьма на грузавік і паехалі проста да канала, чын чынам даедзем. Кл.

ЧЫНЫ НАКЛАДАЦЬ. Павышаць (званне, на пасадзе).

Ён яго, бач, падвышуе, чыны накладае, штоб як-ніяк, а яго сапхпуць. Гом. п., Выл. (Е. Рам., БС, ІV).

ЧЫСТА ХАДЗІЦЬ КАЛЯ ПОСУДУ (пасудку, чаркі, міскі, талеркі). Добра піць, есці, з'ядаць ці выпіваць усё, што падаюць, наліваюць. І. Насовіч: насмешка з чалавека, які выпівае да дна гарэлку, колькі б разоў ні падносілі. (І. Нас., СБП). Дадамо: выраз ужываецца і жартоўна, без насмешкі.

У нас... каля посуду чыста ходзяць. Ашм. р., Гальш. Што як што, а ты, браце, чыста каля посуду ходзіш. Гл. р., В. Чыста каля міскі ходзіш. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, IV). У нас каля кілішка чыста ходзяць. Тамсама. Каб так у пракосе, а каля чаркі то чыста ходзіць. Малад. р., Бак.