Бязлепкіна А. ДАРОСЛАЯ ДАПАМОГА ДЗІЦЯЧАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Цэтлікі: дзіцячая літаратура
Катэгорыі: Беларуская літаратура
(Маладосць.— 2011.— №9)
1. Памежная зона.
Дзіцячая літаратура знаходзіцца ва ўнікальнай памежнай сітуацыі, якую я паспрабавала адлюстраваць у назве артыкула. Відавочна, што дзіцячая літаратура пішацца, рэкламуецца і выкладаецца для розных аўдыторый: пісьменнікі працуюць для дзяцей, крытыкі і журналісты – для настаўнікаў і бацькоў, а выкладчыкі – для студэнтаў, якія ўжо даўно не дзеці, але яшчэ і не бацькі. Сітуацыя ўскладняецца і дадатковымі праблемамі. Крытык Ж. Запартыка у 2009 годзе, прааналізаваўшы ўсе дыскусіі пра дзіцячую літаратуру ў беларускіх СМІ, зрабіла несуцяшальныя высновы: праблемы літаратуры для дзяцей не вырашаюцца, бо няма дыялогу паміж тымі, хто мог іх вырашыць. То бок да дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і выкладчыкаў, пісьменнікаў і мастакоў-ілюстратараў дадаюцца выдаўцы і дзяржава. І ўсе гэтыя бакі мусілі б паяднацца ў адзіным парыве для вырашэння праблем дзіцячай літаратуры. Але гэта ў ідэале.
2. Знайсці лагапеда.
Ёсць банальны інтэрнэт-жарт: “Калі б дзеці маглі ствараць тэмы на форумах у Сеціве, то якія б пытанні яны ўзнімалі?” Адзін з варыянтаў адказаў быў такі: “Дзе знайсці лагапеда для бабулі?”. Лагапедаў для дзіцячых пісьменнікаў мы шукаць не будзем: пісаць для дзяцей трэба проста, але не прымітыўна. І арыгінальна (з дзяцінства памятаю барадулінскую кнігу “Ці пазяхае бегемот?”, а ўжо цяпер прыемна ўразілі аўтарскія калыханкі, забаўлянкі, лічылкі, хуткамоўкі, дражнілкі, загадкі, казкі, небыліцы-перакруткі, гумарыстычныя вершы Р. Барадуліна ў кнігах “Ішоў Коця па канапе”, “Грышка, Мішка і Шчыпай”, Выпаў грук у грома з рук”, “Як воўк калядаваў”, а таксама кніга Л. Пранчака “Мама, тата і Агата”).
Быць на адным узроўні з дзецьмі (“я з вамі адной крыві”) ці падцягваць іх да свайго ўзроўню? Прыгадалася мая інтэрнэт-дыскусія з дзіцячым пісьменнікам В. Гапеевым: я сцвярджала, што ў хрэстаматыі для факультатыва ў 8 класе “Незвычайнае літаратуразнаўства” яго аповесць (а насамрэч аб’ёмнае апавяданне) “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” шмат губляе на фоне аповесці А. Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”.
Спрачаліся наконт шматслойнасці сюжэта: В. Гапееў пацвярджаў прыкладамі, што простыя творы з выразнай мараллю цудоўна ўспрымаюцца чытачамі, я ж настойвала на тым, што твор мусіць быць цікавы і бацькам, і дзецям (але прачытвацца імі на розных узроўнях). Верагодна, мае права на існаванне кожны з твораў, проста ролі іх у жыццях чытачоў будуць адрознівацца.
Дзіцячы пісьменнік павінен памятаць: у літаратуры для дзяцей не палемізуюць і не спрачаюцца, дзецям нельга прапаноўваць выбар, спадзеючыся на грунтоўнасць аргументацыі. Так, ім на пэўным этапе неабходна дапамога: дарослы чалавек павінен сказаць, што правільна, а што – не. І толькі ад таленту пісьменніка будзе залежаць, наколькі прафесійна ён зможа рэалізавацца ў такіх умовах.
3. Навыперадкі з часам.
Можна зразумець жаданне некаторых аўтараў быць надзвычай актуальнымі. Але і тут нас чакае парадокс: сучаснасць твора можа падкрэсліваць несучаснасць аўтара. Я нават не буду згадваць тыя эпізоды, калі кампутарная рэчаіснасць аб’ектыўна старэе і робіцца смешнай для новага пакалення. Мяне больш чапляе сітуацыя, калі аўтар бярэ кампутарны сюжэт і насычае яго станоўчымі і, натуральна, адмоўнымі персанажамі, носьбітамі кампутарных страхаў і комплексаў самога аўтара (Шчукіна В. “Падказкі ў казках доктара Компі”, Бутэвіч А. “Прыгоды Віруса Шкодзі”). Кнігі сёння пішуць людзі, якія заспелі лічбавы паварот. Мы памятаем “да” і “пасля”. Мы перамаглі сябе ранейшых і з рознай ступенню ахвотнасці ды зацікаўленасці агоралі кампутарную пісьменнасць. Але паціху вырастае пакаленне дзяцей, для якіх віртуальная рэчаіснасць – рэальная, якія засвойваюць тэхніку раней, чым пачынаюць рабіць усё тое, што педыятры чакаюць ад дзяцей пэўнага ўзросту. Як тлумачыць відавочнае? Як пісаць пра тое, што мае розны статус у жыцці аўтара і жыцці чытача? Магчыма, кнігі пра кампутары і віртуальнасць – для тых дзяцей, у якіх яшчэ няма кампутара?
Нельга ў наш час пісаць, напрыклад, пра кампутары, захапляючыся эфектам навізны, бо гэтая эмоцыя незразумелая тым дзецям, хто сучасную тэхніку бачыць ад нараджэння.
4. Быць Гары Потэрам.
У сяброўскай кампаніі з крытыкам і пісьменніцай Маргарытай Аляшкевіч і пісьменніцай Анкай Упалай мы неяк разважалі пра стварэнне ідэальнага тэксту. Размова была натхнёна апошнім фільмам пра Гары Потэра і заўвагай Анкі Упалы пра тое, што многія з герояў належаць да аднаго псіхалагічнага тыпу, які мы і абмеркавалі. Я заўважыла, што менавіта такія людзі больш схільны да чытання: лагічна, што кніга пра іх саміх хутчэй адгукнецца ў сэрцах мэтавай аўдыторыі.
Мы не змаглі вынайсці формулу ідэальнага твора, але, відавочна, сучасны фінансава паспяховы твор для дзяцей – частка цэлага, якое будзе складацца не толькі з уласна тэксту, але і са спадарожных тавараў (сшыткі, дзённікі, налепкі, заплечнікі) і медыяпрадукцыі (мульцікі, фільмы, кампутарныя гульні). Дарэчы, у такім кантэксце цікава выглядае праект А. Кудрыцкага пра пластылінавага героя капітана Танаку (у дадатак да кнігі створаны сайт з мультымедыйным змесцівам), праект А. Кавалеўскага “Мой сябра анёлак” (кніга + музычны альбом). Гэта прыватныя спробы, якія знікаюць, калі вычэрпваецца энтузіязм пачынальніка, альбо не маюць дастаткова розгаласу. Верагодна, варта, каб пра такія праекты клапацілася дзяржава.
Магчыма, паспяховы твор мае патрэбу ў сацыялагічным даследаванні чытачоў, псіхалагічным апісанні мэтавай аўдыторыі і прадуманым паўнавартасным мастацкім свеце (напрыклад, як у “Гары Потэры”), дзе ўсё апісана і вытлумачана. А магчыма, я занадта ўсё рацыяналізую. Хаця…
Зрэшты, трэба ўлічваць яшчэ адзін парадокс, звязаны з дзіцячай літаратурай: няма нічога кансерватыўней за той корпус тэкстаў, на якім гадуецца чарговае пакаленне (бацькі чытаюць дзецям правераныя творы – тое, што ім самім калісьці чыталі ў дзяцінстве), але ж няма нічога рухомей і хуткаплынней за супольнасць тых дзяцей, якім чытаюцца творы.
Псіхолагі даследавалі сучасных дзяцей і вызначылі тыя параметры, па якіх новае пакаленне абганяе сваіх папярэднікаў ці адстае ад іх. І высветлілася, што ў кампутарнай генерацыі праблемы з камунікаваннем: у інтэрнэце лёгка ігнараваць непрыемнага чалавека, а ў жыцці цяжка здабыць навыкі вырашэння канфліктаў ці адшукання кампрамісаў з раўналеткамі. Дык ці варта для новага пакалення пісаць сучасны тэкст пра кампутары, у якіх яны разбіраюцца лепей за аўтара твора, калі можна напісаць ім пра тое, што дзеці не агоралі, напрыклад, пра камунікацыю.
5. Паўцарства за карцінку.
Тэкст напісаны. Што з ім рабіць далей? Ілюстраваць! Кнігі для дзяцей мусяць быць шыкоўнай паліграфічнай якасці, з вялікай колькасцю малюнкаў. І ў нас паціху гэта зразумелі. Я магу тут прывесці прыклад з уласнага жыцця: у зале новых паступленняў Нацыянальнай бібліятэкі я праходзіла міма стэнда з мастацкай літаратурай. Міма! Але ўвагу прыцягнула вокладка кнігі фэнтэзі для сярэдняга школьнага ўзросту Раісы Баравіковай “Казачныя аповесці пра міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў”, я спынілася, пагартала, прыйшла ў захапленне ад малюнкаў Марыі Міцкевіч, пашкадавала, што я не дзіця, і паставіла кнігу на палічку. Ужо вечарам я зразумела, што гэта кніга проста абавязана быць у маёй хатняй бібліятэцы. Цяпер буду чакаць, калі пляменнік падрасце да яе чытання. Гэткай жа добра ілюстраванай можна назваць кнігу А. Грачанікава “Пра Івана-ганчара і пачвару-цара”, якая была нядаўна перавыдадзена.
І, вядома ж, малюнкі з’яўляюцца “кнігаўтваральным” элементам у коміксах і кніжках-маляванках ( “Дзікае паляванне” (паводле У. Караткевіча, 1991), пластылінавы комікс А. Кудрыцкага “Прыгоды Капітана Танакі” (2009), кніга С. Мінскевіча “Прыгоды Какоса Маракоса” (2007)).
5. Толькі для дарослых.
Уявім сабе, што кніга напісана, праілюстравана і выдадзена. А што далей? І чаму дзіцячую літаратуру называюць “літаратурай без чытача”? Таму што ў кнігарні можна пачуць ад бацькоў: “Не трогай, это на белорусском языке”. І дзіцячая літаратура сутыкаецца з дарослай праблемай білінгвізму. Тут на сцэну выходзіць крытыка і журналістыка. Няхай даруюць мне спецыялісты ў адпаведных галінах, але лічу, што крытыка дзіцячай літаратуры мусіць займацца рэкламаваннем новых твораў і аўтараў у неспецыялізаваных выданнях.
Як я вышэй пісала, бацькі схільныя выхоўваць дзяцей на тых кнігах і аўтарах, на якіх выхоўваліся яны самі. А нават пакаленне сучасных маладых бацькоў гадавалася пераважна на рускамоўных творах. Многія з бацькоў проста не ведаюць, што ёсць кнігі для дзяцей на беларускай мове. Тут добрую справу магла б зрабіць ненавязлівая рэклама, бо няма сэнсу некага перавыхоўваць. Але бацькі, якія хочуць гадаваць білінгвальнае дзіця, былі б рады даведацца пра навінкі дзіцячай літаратуры. Так атрымалася, што бацькі, якія хочуць, каб іх дзіця ведала беларускую мову, сутыкаюцца з вялікай колькасцю перашкод, але і загартаванасць у гэтых людзей шакавальная.
Памятаю, як у пошуках водгукаў на дзіцячыя творы я трапіла на форум беларускамоўных бацькоў. Недахоп кніг на беларускай мове яны кампенсавалі па-свойму: набывалася класічная рускамоўная кніга з добрымі малюнкамі на якаснай паперы, з сайта спампоўваўся пераклад твора на беларускую мову, тэкст раздрукоўваўся такім чынам, каб яго можна было наклеіць паверх рускага тэксту, кожны фрагмент выразаўся з закругленымі куткамі (каб дзіцёнку было цяжэй адклеіць). Кніга прыкметна павялічвалася ў таўшчыні, але рабілася прыдатнай для гадавання беларускамоўнага дзіцёнка. Тут, відаць, вельмі важна ўявіць сабе моц характару і зацятасць бацькоў, якія ішлі на такія ахвяры. Гэта было даўно, і цяпер сітуацыя значна змянілася: дастаткова 2-3 пільных рэйдаў па кнігарнях Мінска, каб сабраць невялічкую бібліятэку.
Ёсць яшчэ адна супольнасць дарослых людзей, ад якіх залежыць кола чытання дзяцей,— гэта настаўнікі і школьныя бібліятэкары. Памятаю, як адна са студэнтак захоплена расказвала, што ў школе ім вельмі рэкамендавалі аповесць Я. Хвалея “Прынцэса тусоўкі”. І ўвесь клас прачытаў, і ўсім спадабалася. Мяне здзівіла і ўхвала дарослых, і рэакцыя чытачоў, бо мне самой дачытаць твор перашкодзіла яго мова. Але менавіта тады я сфармулявала іранічную гіпотэзу: магчыма, у творах для дзяцей (удакладню, для рускамоўных дзяцей) не трэба гуляцца са словам, бо менавіта твор на “трасянцы” можа стаць “эскалатарам” у беларускую літаратуру і беларускую мову.
6. Бязлітасныя лічбы.
Студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ Юлія Ваўчок ажыццявіла даследаванне: прасачыла, як за апошнія 10 гадоў мянялася дынаміка выдання дзіцячых казак (народных, аўтарскіх, беларускамоўных, рускамоўных, перакладных, а таксама зборнікаў казак і іх перавыданняў). Я спадзяюся, што ў бліжэйшы час Юлія надрукуе вынікі сваёй працы. А пакуль што лічу неабходным пракаментаваць некаторыя факты, што выявіліся пад час даследавання. Адным з вынікаў работы Юліі Ваўчок, якую яна прэзентавала на студэнцкай канферэнцыі ў 2011 годзе, сталі 15 слайдаў з падрабязнымі дыяграмамі. Пры агульным неаптымістычным стане беларускай дзіцячай літаратуры раптам выявілася, што з 2007 года пачаўся ўздым па ўсіх франтах (аўтарскія казкі, перавыданні, пераклады).
Дадам і свае назіранні. У 1990-х гадах актыўней развівалася драматургія для дзяцей: п’еса-фэнтэзі З. Дудзюк “Канікулы на астэроідзе”, рыцарскія п’есы-казкі з сюжэтам падарожжа: у С. Кавалёва— “Падарожжа з драўляным рыцарам” (1992), з П. Васючэнкам – “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага да Заблоцкага” (1993), у Л. Рублеўскай— “Янук, рыцар мятлушкі” (1995), у П. Васючэнкі— “Маленькі збраяносец” (1998).
А ў 2000-х гадах з’яўляюцца і паасобныя выданні, і серыі кніг: напрыклад, пра прыроду: Р. Баравікова “Казкі з гербарыя” (2008), “Чырвоная кніга ў казках і вершах” (2007), “Лясная кніга ў творчасці беларускіх пісьменнікаў “ (2008), Р. Баравікова “Казкі астранаўта” (2006), Л. Рублеўская “Карона на дне віра, альбо казкі з хутара Юстыны”, “Прыгоды мышкі Пік-Пік” (2008), А. Масла “Таямніца закінутай хаты” (2005), “Вандроўка з божымі кароўкамі” (2007), Я. Сцяпанава “Купалінка” (2010), Л. Улашчанка “Хто галоўны” (2008), Бутэвіч А. “Прыгоды памаўзлівай Рыскі” (1999), зб. “Крынічка Буль-Буль” (А. Жук, В. Богдан, У. Васькоў, 2010), зб. “Вежа міру” (2007). Заснавана серыя “Казкі ХХІ стагоддзя”, дзе выходзілі кнігі на сучасныя тэмы: Г. Аўласенка “Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак” (2009), Н. Бучынская “Прыгоды маленькай машынкі” (2008), прыгодніцкія творы: А. Федарэнка “Шчарбаты талер” (1999), “Афганская шкатулка” (2002), К. Камейша “Крыгагром” (2001), Я. Хвалей “Дзіва-сны дзяўчынкі Вікі” (2002), У. Карызна “Чароўнае вочка” (2003), У. Марук “Чыж вярнуўся з-за мяжы” (2003), В. Лукша “Адзіны ў свеце край” (2004), В. Гапееў “Пастка на рыцара” (2002), “Урокі першага кахання” (2010).
Цяжка меркаваць, 20-30 кніг казак у 2010 годзе на ўсю Беларусь – гэта мала ці шмат? Але адназначна больш за 0-5 кніг з казкамі ў 2002—2003 гадах.
7. Гульні для дарослых.
Прысутнасць дзяржавы ў дзіцячым кнігавыданні неабходная, інакш дзіцячая літаратура можа пераўтварыцца ў своеасаблівае поле для гульняў. Тут я маю на ўвазе сітуацыю з перакладной дзіцячай літаратурай. За апошнія гады на белрускую мову пераклалі прыкметную колькасць твораў: класіка дзіцячай літаратуры – Ліндгрэн А. “Браты Львінае сэрца” (1997), “Усе дзеці з Булербю” (2002), “Малы і Карлсан-з-даху” (2007), “Піпі Доўгаяпанчоха” (2008); Мілн А. “Віня-Пых” (2007); Янсан Т. “Маленькія тролі і вялікая паводка” (2010), Пэро Ш. “Чарадзейныя казкі” (1993), Чапек К. “Казкі і вясёлыя гісторыі” (1997), паліткарэктная кніга для самых маленькіх – Фэльтаўйс М. “Жабка і чужынец” (2005), а таксама – Кірога Г. “Казкі трапічнага лесу” (1993), Мацоўрак М., Борн А. “Мах і Шэбестава вандруюць па сьвеце” (2004)., з’явілася анталогія польскай дзіцячай паэзіі “Каляровая карова” (2007), зб. “Качка-дзівачка: польская паэзія дзецям” (2006) ; “Лагодны цмок: англійскія літаратурныя казкі” (1993).
Пераклады мастацкіх твораў для дзяцей зроблены на беларускую мову, але многія (пераважна тыя, што выходзілі ў 2000-х гадах) – надрукаваны тарашкевіцай. Такія кнігі нельга даваць чытаць дзецям самастойна, бо дзіця вывучыць не тую беларускую мову, на якой трэба пісаць сачыненні ў школе. Чым кіраваліся перакладчыкі, свядома ідучы на такі крок (а праца была зроблена з прыватнай ініцыятывы ці ў межах замежных праектаў)? Верагодна, пераклады разлічаны на дарослых, якім цікава зірнуць іншымі вачыма на Карлсана-з-даху ці даведацца, што “Я – тучка, тучка, тучка, я вовсе не медведь” па-беларуску можа перакладацца як “Я – хмарка, хмарка, хмарка, лятаю я няшпарка”. То бок гэта своеасаблівыя гульні для дарослых, а не для дзяцей.
Змяншэнне ролі дзяржавы ў перакладной дзіцячай літаратуры можна вытлумачыць, верагодна, і тым, што няма попыту з боку маленькіх чытачоў, маўляў, навошта выдаваць па-беларуску тое, што ўжо ёсць па-руску. Але стыхійнасць (а часта і некананічнасць) перакладаў сведчыць пра неабходнасць паслядоўнага дзяржаўнага падыходу ў гэтай сферы.
8. Немэтавая аўдыторыя.
Аднойчы я трапіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе ў раскладзе заўважыла прадмет, які на філфаку мы не вывучалі: “дзіцячая літаратура”. Памятаю, як здзівілася. Гэта прагучала для мяне гэтак жа сама, як прадмет “гульня ў кубікі” ці “зборка канструктара”: здавалася, што дзіцячая літаратура – для чытання ў дзяцінстве, а не для вывучэння ва ўніверсітэце. Зрэшты, сваю памылку я ўсвядоміла значна пазней. Разам з ёй прыйшло адчуванне недададзенасці: а чаму нам не выкладалі? Праўда, наколькі ведаю, цяпер студэнты філфака БДУ гаворку пра дзіцячую літаратуру могуць весці на семінары выкладчыка і крытыка Лады Алейнік.
Зрэшты, потым я перагледзела хрэстаматыі, падручнікі і дапаможнікі па гэтым прадмеце і заўважыла ўсё тую ж мегакансерватыўнасць, бо сярод аўтараў звычайна: Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, Я. Маўр, М. Танк, А. Якімовіч, В. Вітка, А. Васілевіч, У. Дубоўка, У. Караткевіч, С. Шушкевіч, У. Ягоўдзік, Р. Барадулін, А. Вольскі, Э. Агняцвет, Н. Гілевіч, А. Дзеружынскі, Е. Лось, Н. Галіноўская, У. Паўлаў, М. Чарняўскі. Харошыя аўтары добрых твораў, класікі, але хацелася б і нечага ультрасучаснага, нядаўна выдадзенага, бо, як адзначалася вышэй, за апошнія 5 гадоў у беларускай дзіцячай літаратуры адбылося шмат станоўчых змен.
Звычайна лекцыі па сучаснай літаратуры я завяршаю слайд-прэзентацыяй з выявамі вокладак сучасных кніг. Я не спадзяюся, што студэнты запомняць усе прозвішчы і назвы. Мэта зусім іншая: даць уяўленне пра тое, як шмат кніг (фантастыка, дэтэктывы, жаночая проза, альтэрнатыўная гісторыя, пераклады культавых твораў і г.д.) выдаецца ў Беларусі. Гэтага адчування цалкам дастаткова, каб студэнты (з дзённага, завочнага і факультэта перападрыхтоўкі) потым не казалі “класіку жанру”: па-беларуску нічога не пішуць. Хай яны не прачытаюць усё напісанае, але будуць ведаць, што па-беларуску і пішацца, і выдаецца шмат. І гэтае адчуванне вялікага абсягу часам важней за начытанасць (“чытаў – не спадабалася”).
Мне здаецца, што студэнты (на першы погляд, немэтавая аўдыторыя дзіцячай літаратуры) – якраз і ёсць адным з важных складнікаў на шляху твораў для дзяцей да дзяцей. Моладзь знаходзіцца ў тым амбівалентным узросце, калі ўжо ёсць уласныя перакананні і яшчэ можна паўплываць (хоць тут усё будзе залежаць ад таленту і аўтарытэту выкладчыка). Магчыма, студэнты, даведаўшыся пра існаванне беларускай літаратуры для дзяцей, паспяхова забудуць пра яе, каб успомніць, калі з’явяцца ўласныя дзеці. Каб не было патрэбы падымаць тэму з нуля, калі няма сіл на тытанічныя вышукі, каб не было ў галаве стопару “не трогай, это на белорусском”.
9. The End.
Дык як пісаць для дзяцей?
Пішучы для дзяцей, аўтар мусіць граць па пэўных правілах: сцвярджаць дабро, вучыць правільным учынкам. Але гэта не значыць, што трэба быць Капітанам Відавочнасцю: талент і густ павінны засцерагчы пісьменніка ад рызыкі банальнага маралізатарства.
Добра, калі пісьменнік піша пра тое, у чым разбіраецца, не навязваючы дзецям не ўласцівыя ім эмоцыі і перажыванні. Асабліва асцярожным трэба быць з новымі тэхналогіямі, якія вельмі хутка становяцца часткай нашага жыцця і ўспрымаюцца ўжо як нешта само сабой зразумелае.
Аўтар мусіць памятаць, што кніга для дзяцей – вынік працы пісьменніка і мастака. І немагчыма вызначыць, чыя роля тут важней.
Сучаснаму аўтару могуць дапамагчы сацыялагічныя і псіхалагічныя даследаванні, якія выяўляюць тыя сферы, дзе літаратура магла б дапамагчы дзецям больш плённа сацыялізавацца.
Як рэкламаваць дзіцячую літаратуру?
Было б вельмі добра, калі б інфармацыя пра новыя кнігі для дзяцей паведамлялася праз неспецыялізаваныя выданні, якія маюць большую аўдыторыю. І надзвычайнай у справе папулярызацыі сучаснай дзіцячай літаратуры з’яўляецца роля бібліятэкара.
Верагодна, добра было б працягнуць традыцыі савецкага дзіцячага кнігавыдання: калі дзяржава замаўляла творы і пераклады, выдавала і прапагандавала іх.
Як выкладаць дзіцячую літаратуру?
У выкладанні сучаснай дзіцячай літаратуры галоўнае нават не класіфікацыя вобразаў, тэм і сюжэтаў ці іншых тэарэтычных праблем. Галоўнае, каб студэнты ведалі, што сучасная дзіцячая літаратура існуе, а выкладчыку важна памятаць, што сярод студэнтаў можа сядзець будучы дзіцячы пісьменнік.
Суб, 19 лістапада 2011
Беларуская літаратура