Бязлепкіна А. П. ФАРМІРАВАННЕ НОВАЙ СТРУКТУРЫ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Ў СУЧАСНАЙ МЕДЫЯПРАСТОРЫ

Няд, 27 лістапада 2011

Беларуская літаратура

Катэгорыі: Беларуская літаратура

(Русская и белорусская литература на рубеже XX — XXI веков. — Ч. 1. — Минск, 2010)

Гаворка пра новую структуру беларускай літаратуры, вядома, датэрміновая, але ўжо цяпер пры непасрэдным удзеле СМІ і інтэрнэта ў ёй адбываюцца працэсы, якія нельга ігнараваць. Беларускія пісьменнікі пачалі ствараць тэксты ў жанрах, якія нізка ацэньваюцца традыцыйным літаратуразнаўствам альбо наогул не знаходзяцца ў ягонай юрысдыкцыі, мастацкі ўзровень некаторых твораў знаходзіцца на перыферыі аўтарскай увагі, і ад крытычнага лінчавання даследчыкі ўстрымліваюцца хіба што па пазалітаратурных прычынах. Дык што адбываецца ў літаратуры і чаму?
У апошнія дзесяцігоддзі на памежжы літаратуры і гарадскога фальклору ствараецца значная колькасць тэкстаў, актыўна засвойваецца жанр бытавога сказу. Гэта натуральны працэс, на які можна было б не звяртаць увагі, калі б да стварэння гэтых тэкстаў не мелі дачыненне вядомыя пісьменнікі. Тэксты «звяздоўскіх» рубрык [1], якія курыруе Валянціна Доўнар, не маюць прынцыповага адрознення ад падслуханага [2] і гарадскіх саг [3; 4] Сяргея Балахонава ці гісторый крытыка Ганны Кісліцынай, што друкуюцца ў той жа «Звяздзе» [гл., напрыклад, 5].
Асноўнае адрозненне палягае ў асобе аўтара. Папулярнае выданне «Я – мінчанін» набывае іншую вагу, калі яно напісана вядомай пісьменніцай і крытыкам Людмілай Рублеўскай, якая, дбаючы пра міфалогію Мінска, напаўпрыдумляла-актуалізавала тапанімічныя паданні ў кнізе [6]. Такім чынам аўтар стварае гарадскую няказкавую прозу, спадзеючыся на тое, што з цягам часу гісторыі пачнуць жыць самастойным жыццём.
Дэманалагічныя гісторыі стварае Адам Глобус («Дамавікамерон» [7], «Казкі» [7]): новыя дэманы цалкам дапасаваныя да гарадскога жыцця (напрыклад, Ліфтавік). Па-беларуску пра рускамоўнае войска распавядае Сяргей Балахонаў у «Дзёньніку ваеннаабавязанага», «Дзёньніку з нутраных войскаў» [9], эротыку з вуснай народнай творчасцю ва ўежнай для гараджаніна форме паяднаў Рыгор Барадулін у эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца» [10].
Прыблатнёны беларускамоўны фальклор таксама прысутнічае, хоць і ў тэрапеўтычных дозах (напрыклад, «Чувіха клёвая» ў выкананні З. Вайцюшкевіча). Адбываюцца і пераклады прэцэдэнтных рускамоўных тэкстаў, напрыклад, «Мурка» ў перакладзе Алеся Камоцкага [паводле: 11] і «Уладзімірскі цэнтрал» у перастварэнні Сяргея Балахонава [12].
Сяргей Балахонаў, як ужо згадвалася, распавядае пра гарадскія выпадкі ў «Сучасных сагах» [3; 4], а пэўным адпаведнікам гарадскіх плётак могуць лічыцца «сУчаснікі» [13] Адама Глобуса: тэксты, мэтазгоднасць якіх была надзвычай спрэчнай у традыцыйнай іерархіі беларускай літаратуры з прычыны банальнасці альбо дробязнасці, неверагодна ўзбуйняюцца, калі глядзець на іх скрозь прызму гарадскога фальклору.
Чаму ўзбуйняюцца? Справа ў тым, што вывучаючы беларускі гарадскі фальклор, яго класіфікацыю, жанры і ўмовы функцыянавання, даследчыца Т. Марозава неаднаразова адзначала, што па-беларуску не запісана ніводнай адзінкі ні студэнцкага [14], ні фанацкага [15], ні салдацкага [16], ні якога іншага гарадскога фальклору. Маўляў, горад як рускамоўная супольнасць стварае адпаведную культуру [17]. Верагодна, можна сцвярджаць, што з пункту гледжання фалькларыстыкі ўсё выглядае менавіта так. Але погляд на гарадскі фальклор (у прыватнасці на паасобныя яго жанры) праз прызму сучаснай беларускай літаратуры прапаноўвае калі не іншую карціну, дык іншы пакуль што пункцірны малюнак.
Такім чынам, атрымліваецца, што беларускія пісьменнікі дбаюць пра стварэнне грунту для беларускамоўнага гарадскога фальклору. Паколькі гэта адбываецца ў вялікай ступені свядома, то адразу ўзнікае пытанне пра мэты і мэтазгоднасць такіх крокаў. З аднаго боку існуе фармальная замова на стварэнне тэксту: У. Сцяпан піша для ўласнага блога і «СБ. Беларусь сегодня», Л. Рублеўская – для выдавецтва «Мастацкая літаратура», С. Балахонаў – для ўласнага блога і для «НН», Р. Барадулін – для «РС», А. Глобус – для ўласнага блога і «Звязды». Але гэтая замова абумоўлівала факт стварэння тэксту, а не яго змест. Псеўдафальклорнае напаўненне – самастойны выбар аўтараў.
Вельмі многія з тэкстаў, створаных у жанрах гарадскога фальклору, немагчыма надрукаваць у салідных літаратурна-мастацкіх выданнях без апірышча на аўтарытэт аўтара, а калі гэтая ўмова не выконваецца, то застаецца адзіны канал распаўсюджвання— газеты (у меншай ступені) і інтэрнэт (у большай ступені).
Хацелася б прапанаваць гіпотэзу пра сувязь цікавасці да жанраў гарадскога фальклору з іміджавымі стратэгіямі аўтараў [18; 19]. Для фарміравання іміджу спачатку трэба вызначыць патрабаванні аўдыторыі. Доўгі час беларуская літаратура пазіцыянавалася як элітарная, як літаратура, разлічаная на спажыўца з пэўным узроўнем не толькі самасвядомасці, але і адукацыі: «Беларуская нацыянальная культура не стваралася для таго, каб абслугоўваць ўвесь спектар культурных запатрабаванняў» [20]. Аўтаматычна маркіраваліся як нявартыя, напрыклад, усе жанры масавай літаратуры. Быў і іншы падыход: дэтэктывы – для масавага, непераборлівага чытача, беларускія дэтэктывы – па змоўчанні вышэй, зрэшты, яны і пісаліся адпаведна [гл. 21]. І вось у блогах з’яўляецца допіс падобнага зместу: «Жыццё часам бывае парадаксальным. Просты прыклад: калі чалавек слухае «Уладзімірскі цэнтрал», то ён быдла, гопнік і урка. А вось калі чалавек слухае «Уладзімірскі цэнтрал» у беларускамоўным выкананні Балахонава, то ён адназначна інтэлектуал. :) » [22].
З’яўленне тэкстаў на памежжы літаратуры і гарадскога фальклору і іх адносная папулярнасць сведчыць пра важныя з’явы ў беларускім грамадстве: каб для такіх тэкстаў з’явіўся чытач (успрымальнік), трэба было, каб беларуская мова з’яўлялася не толькі мовай сімвалічнай, элітарнай і разам з тым дэкаратыўнай, яна павінна была стаць мовай побыту. Магчыма, нават мовай камунікавання людзей, для якіх сутыкненне з ёй не абумоўлена прафесіяй. І гэтая аўдыторыя ў найбольш аформленым выглядзе найперш з’явілася ў інтэрнэце. А ў адказ на попыт – адпаведная прапанова. Нездарма «памежную» літаратуру ствараюць найперш у блогах (я нагадваю, што многія гэтыя творы адносяцца да мастацтва ўмоўна, на падставе аўтарства: усё, што піша літаратар,— літаратура), то бок там, дзе пісьменнікі бачылі сваю аўдыторыю, кантактавалі з ёй. У пэўным сэнсе аўдыторыя «выхавала» свайго пісьменніка, бо кожны разумеў: пісаць трэба тое, на што больш водгукаў-каментароў, тое, што часцей наведваецца (ёсць тэхнічная магчымасць адсочваць гэтыя параметры). Такім чынам, цяжкія для «папяровага» пісьменніка пытанні «Для каго пісаць?» і «Што пісаць, каб спадабацца?» тут вырашаліся ў рабочым парадку.
Наступны крок – вызначэнне моцных і слабых рысаў пісьменніка – таксама вырашаўся досыць лёгка: быць самім сабой, пісаць пра тое, у чым дасведчаны. Барадулін апеляваў да вуснай народнай творчасці, Рублеўская і Балахонаў – да гарадской гісторыі, Сцяпан звяртаўся да аўтабіяграфічных момантаў, Балахонаў як школьны настаўнік вызначаў прэцэдэнтныя для гэтай аўдыторыі тэксты (напрыклад, так паўсталі беларускія перастварэнні песень нямецкага гурта «Rammstein»), Квяткоўскі збіраў у сваім асяродку каляпісьменніцкія гісторыі [23], Глобус эксплуатаваў эратычную тэму, якой былі прысвечаны ягоныя ранейшыя мастацкія творы.
На падставе гэтых тэкстаў вельмі выразна і хутка канструюецца імідж, які нельга ацэньваць абсалютна станоўча. Лепей, калі трывалы імідж створаны раней, каб тэксты ў жанрах гарадскога фальклора не маглі яму зашкодзіць. Так, Адам Глобус знайшоў тэму, з якой змог, па-першае, заняць сваю нішу, па-другое, прыцягнуць у чарговы раз максімальна магчымую колькасць увагі: ён стаў заснавальнікам эратычнай плыні, а гэтая тэма была досыць нечаканай для традыцыйна цнатлівай беларускай літаратуры. Сёння мы можам адзначыць, што Глобус з кнігамі «Дамавікамерон» (1994) і «Толькі не гавары маёй маме» (1995) пайшоў экстэнсіўным шляхам развіцця літаратуры, але прыём аказаўся дзейсным. Творчасць і грамадская дзейнасць пісьменніка дазволілі яму пісаць пра сябе на супервокладцы наступнай кнігі «культавая фігура сучаснай беларускай культуры».
Але ў гэты момант апынулася пазбаўленай увагі пісьменніка салідная чытацкая публіка, для якой сюжэты, што грунтуюцца на палавым акце, і новая лексіка для наймення частак цела, наогул пэўная рэпутацыя пісьменніка не былі пераканаўчым доказам яго літаратурнага таленту. І з’явіўся раман «Дом» (вядома, гэта аўтарскае жанравае вызначэнне, бо твор складаецца з цыклаў мініяцюр, прысвечаных членам сям’і пісьменніка) – тэкст, традыцыйнасцю і кранальнасцю якога аўтар дагадзіў пакаленню сваіх бацькоў і пасталеламу пакаленню сваіх равеснікаў, стомленаму літаратурнымі гульнямі. Зрэшты, далейшая творчасць Глобуса зноў ішла экстэнсіўным шляхам: «сУчаснікі» можна разглядаць як развіццё тэмы «Дома», а «Казкі» шукаюць свае вытокі ў «Дамавікамероне». І «Дом», і «сУчаснікі» складаюцца з фрагментаў, якія могуць пераказвацца чытачамі як гарадскія плёткі ці гарадскія выпадкі.
У беларускай інтэрнэт-прасторы звычайна паспяховымі і ўплывовымі блогерамі становяцца аўтары, вядомыя па папяровых выданнях, імідж якіх сфарміраваны і падтрымліваецца ў тых выданнях. Першае напаўвыключэнне – Сяргей Балахонаў, ён жа блогер balachon (з геаграфічнай прычыны): ён друкаваўся з журналісцкімі матэрыяламі, публікаваў апавяданні, але найбольш поўна і часта змог нагадваць пра сябе праз блог. У іншых умовах гомельскі пісьменнік не змог бы набыць такую вядомасць. Балахонаўскі імідж гісторыка-пісьменніка-постмадэрніста ўдакладняецца адмысловым складнікам: ён аўтар саг, чымсікаў, кірмашыкаў, ён запісвае падслуханае і свядома працуе на ўзнаўленне дыяхранічнай пераемнасці, калі, напрыклад, стварае жарты, якія паходзяць з часоў да Вялікага княства Літоўскага, стылізуючы адпаведную гаворку і гумар [24; 25]. Другое выключэнне – блогерка Таццяна Рабушка (lionellia), якая працуе пераважна ў інтэрнэт-жанры лытдыбру, і менавіта тэма яе блога [26] – адносіны з хлопцамі, вучоба ва універсітэце, працаўладкаванне, службовыя праблемы, жыццё яе сям’і – абумовілі надзвычайную цікавасць да яе блога, а потым і прапановы надрукавацца [27].
Вызначыўшыся з патрабаваннямі аўдыторыі і складнікамі ўласнага іміджу, пісьменніку застаецца толькі падтрымліваць імідж, падмацоўваючы яго візуальнымі і падзейнымі элементамі. Адам Глобус у блогу чаргуе тэкставую і візуальную (малюнкі і фота) інфармацыя, робіць пазнавальныма-кананічнымі ўласныя выявы, змяшчае фота, дзе ён на фоне экзатычных краявідаў, што падымае ягоны статус. Такое ўздзеянне стварае і ідылічная атмасфера ў блогу (каментары непажаданых карыстальнікаў выдаляюцца). Імітацыя прыязнасці адпавядае іміджу культавага пісьменніка і працуе на рэпутацыю: маўляў, калі гэтага чалавека ўсе хваляць, то і мне можна (=нястрашна) хваліць, калі ж мне не падабаецца, значыць, у мяне дрэнны густ. У беларускай літаратурнай прасторы Адам Глобус стаў адным з першых пісьменнікаў, якія працуюць на свой імідж, падрабязней пра стварэнне Глобусам іміджу я пісала ў ранейшых публікацыях: [18; 28; 29].
Што прынеслі ў беларускую літаратуру тэксты ў жанрах гарадскога фальклору? Найперш зніжэнне эстэтычнай вартасці, бо такім тэкстам уласціва панаванне стэрэатыпаў у паэтыцы, другаснасць сюжэтаў (эксплуатацыя паспяховых мадэляў, паўтарэнне чужога поспеху), вытлумачэнне жыццёвых з’яў і нацыянальных рэалій у простай форме (што тоесна своеасаблівай праверцы на свой/чужы), магчымасць да дакладнага ўзнаўлення (капіявання), экспрэсіўнасць (адпаведная лексіка, гумар, афарыстычнасць і г.д.) [30].
Але зніжэнне эстэтычнай вартасці твора ў гэтым выпадку вядзе да павелічэння колькасці мэтавай аўдыторыі амаль без страты ранейшых прыхільнікаў: побыт з’яўляецца часткай жыцця любога чалавека, а тэксты ў жанрах гарадскога фальклору задавальняюць новыя патрэбы, што кажа пра своеасаблівы «прарыў» беларускай культуры ў штодзённасць. Пытанне пра мэтазгоднасць гэтага падыходу застанецца дыскусійным: задавальняць побытавыя інтарэсы лягчэй інтэлектуальна і тэхнічна (з дапамогай блогаў). Час пакажа, ці стануць гэтыя тэксты для новарэкрутаванай аўдыторыі «эскалатарам» да вялікай літаратуры.

Літаратура:
1. Алё, народ на провадзе! [Вядучая рубрыкі В. Доўнар] // Звязда [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=24&p=6&archiv=09082003.— Дата доступу: 13.04.2010.
2. На тутэйшых прасторах пачутае [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://community.livejournal.com/overheard_be/.— Дата доступу: 13.04.2010.
3. Балахонаў, С. Сучасныя сагі / С. Балахонаў //Тэзэй беларускага постмадэрнізму: Проза: апавяданні, сагі, эсэ, артыкулы [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/proza.html.— Дата доступу: 24.04.2010.
4. Балахонаў, С. Die modernen Sagen-6 / С. Балахонаў // Наша Ніва. – 1999. – 29 лістапада.
5. Кісліцына, Г. Дзённік бландзінкі / Г. Кісліцына // Звязда [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=24&p=33.— Дата доступу: 24.04.2010.
6. Рублеўская, Л. Я – мінчанін / Л. Рублеўская. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 111 с.
7. Глобус, А. Дамавікамерон / А. Глобус // Тэксты / А. Глобус. – М.: АСТ, 2000. – 1088 с.
8. Глобус, А. Казкі / А. Глобус. – Мінск: Логвінаў, 2007. – 200 с.
9. Балахонаў, С. Не хвалюйся, маці, за сына («Дзёньнік ваеннаабавязанага») / С. Балахонаў [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://gw.lingvo.minsk.by/nn/2000/06/24.htm.— Дата доступу: 24.04.2010.
10. Барадулін, Р. Як беларусы сэксам займаюцца / Р. Барадулін // Дуліна ад Барадуліна (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) / Р. Барадулін. — Радыё Свабодная Эўропа, Радыё Свабода, 2004. – С. 178-189.
11. Мурка [у перакладзе А. Камоцкага] // Мурка – жаданне палкае! [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://euga.livejournal.com/91786.html.— Дата доступу: 13.04.2010.
12. Круг, М. Уладзімірскі цэнтрал [у перакладзе С. Балахонава] [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/krug.html.— Дата доступу: 13.04.2010.
13. Глобус, А. сУчаснікі / А. Глобус. – Мінск: Логвінаў, 2006. – 141 с.
14. Марозава, Т. Сучасны студэнцкі фальклор беларусі: класіфікацыя, жанравая разнастайнасць // Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі. – Вып 5. – Мінск, 2007. – С. 77-82.
15. Марозава, Т. Сучасны фанацкі фальклор беларусаў: умовы функцыянавання, жанравы склад / Т. Марозава // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янки Купалы і Якуба Коласа, 1-3 лістапада 2007, Мінск, БДУ. – Мінск, 2008. – С. 100-104.
16. Марозава, Т.А. Сучасны салдацкі (армейскі) фальклор Беларусі: умовы функцыянавання, формы бытавання / Т. Марозава // Фальклор і сучасная культура. – Минск,2008. – С. 51-54.
17. Марозава, Т. Сацыякультурныя асновы сучаснага гарадскога фальклору / Т. Марозава // Язык и социум: материалы 8-й Междунар. науч. конф. – Минск, 2008. – С. 40-42.
18. Бязлепкіна, А. Нацыянальная традыцыя і канструяванне іміджу пісьменніка / А. Бязлепкіна // Слова ў кантэксце часу : да 80-годдзя доктара філалагічных навук, прафесара А.І. Наркевіча: зб. навук. прац, пад агуль. рэд. В.І. Іўчанкава. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. – С.81-88.
19. Калюжный, А.А. Социально-психологический основы имиджа учителя : автореф. … докт. психол. наук. – Ярославль, 2007. – 50 с.
20. Беларуская маскультура. Фрагмэнты калёквіюму ў рэдакцыі «НН» // Наша Ніва. ? 1994. ? №4. – С. 6-7.
21. Бязлепкіна, А. Як напісаць дэтэктыў, альбо Спецыфіка жанру / А. Бязлепкіна // Разам і паасобку: Таварыства “Тутэйшыя”: гісторыя, асобы, жанры / А. Бязлепкіна. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. – С. 101-142.
22. Васькоў, У. Быдла і інтэлектуалы [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://palivac.livejournal.com/349748.html.— Дата доступу: 13.04.2010.
23. Квяткоўскі, С. Фрашкі да пляшкі / С. Квяткоўскі. – Мінск: Логвінаў, 2007. — 156 с.
24. Балахонаў, С. Старадаўнія беларускія жарты [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachon.livejournal.com/350915.html.— Дата доступу: 13.04.2010.
25. Балахонаў, С. Усмешкі далітоўскае пары [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/usmieszki-dalitouskija.html. Дата доступу: 13.04.2010.
26. Рабушка, Т. Гранатово-черничный микс и сигарета [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://lionellia.livejournal.com. – Дата доступу: 13.04.2010.
27. Рабушка, Т. Як я прабавіла лета / Т. Рабушка // Тэксты. – 2009.— № 12. – С. 249-255.
28. Бязлепкіна, А.П. Ідэйна-мастацкая пераемнасць у беларускім літаратурным працэсе канца ХХ ст. : аўтарэф. … канд. філал. навук.— Мінск: БДУ, 2006. – 19 с.
29. Бязлепкіна, А. Сучасны чалавек Адама Глобуса / А. Бязлепкіна // Маладосць. – 2007. – №1. – С.121–126.
30. Неклюдов, С. Устные традиции современного города: смена фольклорной парадигмы / С. Неклюдов [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://www.ruthenia.ru/folklore/neckludov7.htm.— Дата доступу: 13.04.2010.

Нашы сябры:
Казкі беларускія!