Васючэнка П. В. ДРАМАТУРГ ЯК ДЭМІУРГ: ДА ПЫТАННЯ ПРА КРЭАТЫЎ МІСІЮ АЎТАРАЎ

Няд, 27 лістапада 2011

Агульнае і параўнальнае літаратуразнаўства

Цэтлікі: драматургія

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае літаратуразнаўства

НАРАДЖЭННЕ ДРАМАТУРГА
Сутнасць драматургіі, на маю думку, не ў дзеянні, не ў сцэнічнасці, не ў тэатральнасці. Драматургія – самы вербальны з усіх родаў літаратуры. Рухі, мізансцэны – таксама яе «Словы».
Паэт можа нарадзіцца ў пятнаццаць гадоў, празаік у трыццаць, драматург дзесьці ў сорак. Бо драматургія – гэта і паэтычны талент, і веданне прозы жыцця, і адчуванне законаў сцэны – калі аўтару ёсць што сказаць. Без гэтага тэатр – не тэатр, а дзіцячая пляцоўка.
Праказанае са сцэны Слова абарочваецца дзеяннем, скіраваным у жыццё. Слова драматурга не толькі адбівае, але і перастварае жыццё, па-новаму яго праграмуе. Таямнічым чынам драматург праектуе не тролькі чужыя лёсы, але і свой уласны. Драматург – дэміург, а тэатр – яго храм.

ТЭАТР ЯК ХРАМ
У тэатры, як і ў храме, няма дрэнных рэжысёраў, актораў. Усе добрыя, бо такімі іх робіць тэатральная прастора (аўра).
У царкве не бывае добрых або дрэнных святароў, бо прастора гэтая ад Бога, ён даверыў ім выконваць абавязкі, абрады, таемнасці, а ўсё астатняе на сумленні святароў, якія такія ж людзі, як і ўсе, але ім шмат што дадзена. Тэатральнае грамадства і грэшнае, і зямное, але й сакральнае, бо ў тэатральнае прасторы творацца дзівы.

ТРЫ ЛІНІІ ЛЁСУ
Яны праглядаюцца ў антычнай трагедыі.
Паводле Эсхіла, лёс – закон, Зеўсава праўда. Чалавек – трагічны герой – караецца за беззаконне, сваё або продкаў.
Паводле Сафокла, лёс – боская загадка. Лёс – усмешка Сфінкса. Пачвара рассыпаецца, усмешка Сфінкса застаецца. Нарэшце пачвара смяецца і з Эдыпа, свайго пераможцы.
Лёс чалавека – цярпець, сцяўшы зубы.
Лёс паводле Эўрыпіда – выпадак, гульня. Гульня або алімпійскіх багоў, або іншага чагось.
Лёс чалавека – прымаць не да канца зразумелыя правілы гульні. Не супрацьстаяць, а гуляць з лёсам.

ЭСХІЛ І ШЭКСПІР
У Эсхіла за ўчынкамі людзей пільна сочаць Зеўс і багі-алімпійцы.
Над светам Шэкспіра спакойна праплываюць аблокі, і неба абыякава глядзіць на пралітую кроў і ахвяры.

АРЫСТАФАН І ХІЧКОК
Ідэя птушынага валадарства ўзнікла яшчэ ў Арыстафана. У ягоных «Птушках» крылатыя ўладкавалі сваё валадарства лепш, чым дзвюхногія.
Хічкок зняў апакаліптычную стужку «Птушкі» – і прароцтва пагражае спраўдзіцца парадаксальным чынам.
На чалавецтва навальваецца птушыны грып. Сцэны змагання з птушкамі ў хічкокаўскім фільме амаль што дакументальныя.

ГАМЛЕТ І МАШЭКА
Шэкспіраўскі Гамлет і купалаўскі Машэка трапілі ў аднолькавую сітуацыю, пра якую можна сказаць словамі маркіза дэ Вільфора з рамана Аляксандра Дзюма «Граф Монтэ-Крыста»: «Нічога не можна зрабіць».
Унутраная сіла абвяргаецца ўласным жа бяссіллем.
Лягчэй прыкінуцца вар’ятам, як гэта робіць Гамлет, або крывавым людажэрам, як Машэка, чым адважыца на ўчынак ці зрабіць справу.

УЯЎНЫ ХВОРЫ
Герой «Уяўнага хворага» Мальера заганяе самога сябе ў магілу думкамі пра сваю хваробу. Яго падбіваюць, каб прыкінуўся нябожчыкам і такім чынам даведаўся б, хто з сямейнікаў больш яго любіць. А ён ставіць пытанне: «А гэта бяспечна?»
Небяспечна!
Такія гульні з хваробаю і смерцю сталіся фатальнымі і для самога Мальера, калі ён, граючы гэтую ролю ў спектаклі, удаваў з сябе ўяўна хворага і ўяўна памерлага і сканаў на сцэне.
Літаратурныя гульні з нямогласцю і смерцю напраўду тояць у сабе небяспеку.

СЦЭНІЧНАЯ ПРАВАКАЦЫЯ
Два драматургі – Карла Гоцы і Каэтан Марашэўскі, не быўшы ў блізкім знаёмстве, выкарысталі адзін і той жа прыём і стварылі несмяротныя камедыі.
Прынц Калаф адгадаў усе загадкі раздуранай Турандоткі, а яна не адгадала, хто ён такі. Дык уночы яго апаноўвае ўсялякая нечысць – і Панталоне з ягонай прыдуркаватай кампаніяй у масках і «клятае баб’ё», а ён замкнуў сабе рот на замок ды маўчаў. Ды ўсё ж такі не вытрымаў і прагаварыўся. Гэта «Прынцэса Турандот» Гоцы.
Мужык сядзіць ды ўпарта маўчыць, як куляшоўскі камсамолец на допыце, нават губу сабе гатовы зашыць, каб слоўца не выпусціць, бо надта яму хочацца атрымаць чортавы грошы. Але паказваюцца правакатары – то дурнаватыя падшпаркі, то звар’яцелы дзед з дудою, і прымушаюць яго парушыць зарок маўчання.
Гэты прыём назавем сцэнічнай правакацыяй і ўхвалім аўтараў, бо яны, незалежна адзін ад аднаго, заваявалі несмяротнасць сваім п’есам.

ДРАМАТУРГІ, ПАЛЯЎНІЧЫЯ, ПТУШКІ
Падчас вандроўкі па Белавежскай пушчы я пачуў ад гіда пра чорную аўру паляўнічых. Страляючы, паляўнічы разбурае аўры жывёлаў, і яны плямамі кладуцца на ягоны лёс. І таксама на лёс ягоных нашчадкаў. Грэх забойства братоў меншых падае на праўнукаў невядома ў якім калене.
Рэпліка старога паляўнічага Экдала з «Дзікай качкі» Ібсена наконт смерці дзяўчынкі: «Лес помсціць».
Транёў з «Чайкі» Чэхава страляе ў сябе, каб расплаціцца за тое, што бяздумна знішчыў птушку.

ГЭТЫЯ ГАРАЧЫЯ СКАНДЫНАЎСКІЯ ДРАМАТУРГІ…
Яны са сваім палкім тэмпераментам прынеслі ў літаратуру аналітызм. Генрык Ібсен вынайшаў (а дакладней, аднавіў у правах) аналітычную кампазіцыю («Здані»). Скандынавы ўсё імкнуцца вытлумачыць, расклаўшы на элементы, і так трактуюць свае і чужыя цывілізацыйныя лёсы. Аўгуст Стрындберг усё тлумачыў існаваннем ворага, які яму мроіўся ў абліччы Ліліт (ліхой бабы). Інгмар Бергман у «Сцэнах з сямейнага жыцця» летапісаў адвечную гендэрную вайну.
У скандынаваў усё гэта атрмыліваецца грунтоўна але крыху зацягнута.

ЖЫЦЦЁ ЛЕАНІДА АНДРЭЕВА
Ён сваё жыццё спраектаваў у «Жыцці Чалавека», якім так захапляўся Янка Купала. Апісаў долю мастака, які зведаў цяжкае дзяцінства, поўнае спадзяванняў юнацтва, трыумф і славу, але – раннюю старасць і чаўрэнне. Ягоная слава была напраўду хуткай ды фенаменальнай, але гэткім жа хуткім стаўся і заняпад. Памёр Леанід Андрэеў у глухой вёсачцы ў Фінляндыі, забыты ўсімі, і пра ягоную смерць пашкадаваў хіба што лепшы сябра Максім Горкі.
Можа, у апошнюю хвілю перад смерцю вакол яго таксама зюзюкалі й перасмейваліся старыя кабеты, згадваючы пражытае ім жыццё. А пасля пагасла свечка, і Нехта ў шэрым прамовіў: «Цішэй! Леанід Андрэеў памёр!»

ЗАПАВЕТ ГАЎПТМАНА
Ён быў пахаваны, згодна з ягонымі запаветамі, ва Усходняй Нямеччыне, на марскім узбярэжжы, перад узыходам сонца.

ДАЎГАЛЕЦЦЕ ШОЎ
У драме «Назад да Мафусаіла» Шоў марыў пра даўгалецце будучых насельнікаў Зямлі. Ён усімі сіламі імкнуўся дасягнуць здзяйснення гэтага праекту і амаль дасягнуў... дажыўшы да 94 гадоў.

САМАГУБЦА ЭРДМАН
Эрдман напісаў у дужа неспрыяльны час п’есу «Самагубца» і гэтым як бы спраектаваў уласны лёс. Ён быў высланы, вярнуўся, пісаў кінасцэнары, але «Самагубца» быў астатнім яго драматургічным творам. Ён забіў сябе як драматурга.

МУЖЫК І ДУДА
Рэфлекс дуды.
Першая беларуская інтэрмедыя «Мужык у касцёле». Мужык трапляе ў касцёл, чуе там «дудачкі, свісцёлачкі і тарарычкі» (арган) і кідаецца ў скокі.
Тарас на Парнасе робіць тое ж пры гуках музыкі.
Мужык – істота прыродная, рэфлектыўная.
Адна з першых спробаў самарэфлексіі – у «Маёй дудцы» Багушэвіча.

ШЛЯХТА Ў КАШЫ ПАВЕТРАНАГА ШАРА
Па другім праглядзе «Ідыліі». Пасля таго, як адгучалі патэтычныя радкі пра любоў да роднага краю, беларуская шляхта сядае ў кош паветранага шара і гатовая адляцець куды далей ад гэтага блаславёнага краю. А сялянства панура накідвае на плечы зрэбныя світкі, якія памяняла было на святочныя строі падчас пастаральнай дзеі... Гучыць паланэз «Развітанне з Радзімай» на шкляным гармоніку – і я чую, як рыдае ў прыціхлай залі нейкая экзальтаваная паненка. Стрэл – ці то пярун з залевай, ці то нехта з панурых сялян падстрэліў паветраны шар у запале сацыяльнай помсты.

МУЖЫК З «АДВЕЧНАЙ ПЕСНІ»
Чаму чалавецства чапляецца за традыцыю, як тапелец за брытву?
Традыцыя – сістэма паўтораў. Яна адпавядае натуральным, прыродным рытмам, паваротам чалавечага кону, і ў нечым абнадзейвае чалавека: маўляў, жыццё будзе доўжыцца, яно бясконцае, а смерць як бы адкладваецца, бо яна эпізадычная.
У «Адвечнай песні» Янкі Купалы Мужык як бы памірае, а адвечнае кола існавання працягвае рухацца насуперак усяму.
Трагедыя Мужыка не ў самім існаванні замкнёнага кола, гэтай сістэмы паўтораў, а ў тым, што ён не можа паўтарыцца сам, а паўтараецца толькі ва ўласных нашчадках. А сам ён як бы ўжо і выпаў з кола.

МІКІТА ЗНОСАК І ЕЎРАЗВЯЗ
У Еўразвязе праблема – там ужо 27 краінаў, і кожная пхнецца туды са сваёй мовай. Патрэбныя перакладчыкі. Чамусьці ніхто не хоча пераходзіць на «вялікую» мову, ангельскую ці яшчэ якую. Наймаюць тлумачоў. Прадказваюць каля 500 моўных камбінацыяў.
Наш Мікіта Зносак ад такіх навінаў хапаецца за галаву і кажа: «...Напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят, і мне, меджду протчым, як ідуць немцы – вучыся па-нямецку, як ідуць палякі – вучыся па-польску, а як будуць ісці нейкія іншыя – вучыся па нейкаму па-іншаму... Эх, каб я быў, меджду протчым, царом!.. Ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну завёў бы адзін непадзельны рускі язык. І жыў бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкамі, як баран які над студняй».

ЗАГАДКА КРАПІВЫ
Дык хто ж смяецца апошнім? Можа, Туляга? Адказ: апошнім смяецца Крапіва, які ўнікнуў рэпрэсій, падчас расправы над «узвышэнцамі», перажыў усіх гарлахвацкіх і чарнавусаў, праведнікаў і зладзеяў, размяняў дзесяты дзесятак, як быццам бы ён, а не прафесар Дабрыян, прайшоў праз браму неўміручасці, і шкадаваў «маладых», што паміралі раней за яго.

ДРАМАТУРГІ І СТВАЛАВЫЯ КЛЕТКІ
Ствалавыя клеткі будуць вырошчваць проста з часцінак чалавечае скуры. Чалавецтва мае рэальны шанц амаладзіцца. Спраўджваецца мара народных казак («Маладзільныя яблыкі», перакоўванне чалавека), Бернарда Шоў («Назад, да Мафусаіла»), Карэла Чапека («Сродак Макропуласа»), Францішка Аляхновіча («Круці не круці, трэба памярці»), Кандрата Крапівы («Брама неўміручасці»).

НЕБЯСПЕЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ
Гадоў 15 таму я напісаў п’есу «Кацярынка і Кэт», дзе распавядалася пра дзяўчынку, якая атрымала ў падарунак ад крутога таты сваю дакладную копію, зробленую ў краіне, дзе растуць электронныя дрэвы, а ў іх галінах спяваюць электронныя салаўі.
Копія распраўляецца з арыгіналам і займае яго месца. Усе задаволеныя – тата і мама. Не задаволены толькі сябра дзяўчынкі, якога завуць Рыгорка, але каму да таго справа?
2005 год.
У свеце з’яўляецца мода дарыць маленькім дзяўчынкам іх электронныя копіі, Барбі, падобныя да маленькіх гаспадыняў адна ў адну – русявыя валасы, блакітныя вочы...
Прапаную рабіць шчаслівыя прагнозы.