Я. Лёсік. БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС (VIII)

Суб, 17 снежня 2011

Беларуская мова

Цэтлікі: арфаграфія, пунктуацыя

Катэгорыі: Беларуская мова

(Менск, 1929)

§ 35. Кругасказ.

ПРАВІЛА 14. 1) Кругасказ (пэрыод) звычайна складаецца з дзьвюх часьцін—з павышэньня і паніжэньня. Павышэньне ад паніжэньня найчасьцей аддзяляецца або двукроп’ем, або коскай з працяжнікам; напрыклад:
№ 1)
Ці коска зазвоніць ў лугох раніцою,
Ці песьню дзяўча запяе,
Ці конік ў дарозе праскочыць трусцою,
Ці вецер ў палёх зазлуе,
Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
Ці грукне над лесам пярун,—
Ўсё водгук знаходзіць ў бязьмежных абшарах,
Ўсё іх дакранаецца струн.
Я Колас.
2) Па ліку параўнальных думак кругасказы бываюць: а) двухсустаўныя, б) трохсустаўныя, в) чатырохсустаўныя і г. д. Суставы кругасказу аддзяляюцца адзін ад другога або коскай, або кропкай з коскай, у залежнасьці ад іх пашыранасьці; напрыклад, у кругасказе № 1 суставы аддзелены адзін ад другога коскамі, а ў наступным кругасказе больш пашыраныя суставы аддзелены кропкай з коскай, а рэшта—коскай:
№ 2)
Калі асеньнія навіны
Зьмянілі сад; калі з бяроз
Рваў лісьце вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой;
Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечару пажар
Палаў між бурасівых хмар;
Калі асеньні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш залезны дах,—
Тады да лета Вераніка
Ад нас зьнікала ў інстытут.
М. Багдановіч.
№ 3)
Калі-ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет праз небасхіл,
І улягаўся вулак пыл,—
Мы ўсе пяялі каля хаты,
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сьціхлы двор.
М. Багдановіч.
№ 4)
Ці куры ў хаце сваім дурам
Падымуць часам шурум-бурум;
Ці абярэцца з іх якая,
Зьнячэўку пеўнем засьпявае
Для большай важнасьці, вагі;
Ці дзесь крумкач разок, другі
У небе крумкне смутна, глуха;
Ці ў юшках песьню завіруха
Зацягне жаласна, нудліва;
Ці загугукае страхліва
Злы гэты дух—сава-начніца—
Ў кустох альховых над крыніцай,
Гугукне так, што сэрца ные,
Што аж сабака і той завые,—
Усё гэта—дрэннае злучэньне,
Праявы страшнай абвяшчэньне.
Я. Колас.

§ 36. Абагульненьне правіл аб ужываньні знакаў прыпынку.

1. Коска.

Коска ставіцца:
Для выдзяленьня прыдатка (§ 25), зваротка (§ 26), пабочных слоў і сказаў (§ 28 і § 33), пасьля выклічнікаў (§ 27), для выдзяленьня дапаўненьня з прыназоўнікамі “апроч” (апрача), “заместа” (Апроч ластавак, тут вадзіліся яшчэ шпакі. Заместа мяне, паслалі заграніцу майго брата), перад злучнікамі але, ды (=але), і, калі імі пачынаецца новы сказ (Жыта злажылі, ды не надоўга. Сонца прыгрэе, і сьнег растане), для выдзяленьня аднакіх членаў у зьлітым сказе (§ 29), залежных або даданых сказаў (§ 31), злучаных сказаў (§ 30), пры паўтарэньні якога-небудзь слова (Гэта быў стары, стары лес. Ідзеш, ідзеш ды спынішся супачыць), для аддзяленьня якой-небудзь даданай часьціны сказу, выражанай некалькімі словамі (Рабенькая круглая кароўка, увелькі з вераб’інае вочка, паўзла па гладзенькай былінцы), пасьля дапаможнікаў але, так, не, пастаўленых перад сказамі (§ 27, 5) для аддзяленьня членаў кругасказу (§ 35, 2).

Задачка 10-ая. У наступных прыкладах аб’ясьніць, чаму пастаўлены коскі.
Прыдзі пад вечар ты на поле ды палюбуйся ім, саколе! Усход жыве, гарыць, палае, слупы-праменьні падымае (Я. Кол.). Прывет табе, жыцьцё на волі! Там ня трэба ні шчасьця, ні ласкі; там няма ні нуды, ні клапот. Па-над белым пухам вішань, быццам сіні аганёк, б’ецца-ўецца шпаркі, лёгкі, сінякрылы матылёк. Гэй, варушэцеся, коні панурыя! Ад родных ніў, ад роднай хаты, у панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы. І тчэ, забыўшыся, рука, заміж пэрсыцкага узору, цьвяток радзімы васілька. І цягам доўгія часіны, дзявочыя забыўшы сны, свае шырокія тканіны на лад пэрсыдзкі ткуць яны. Мы сквапна цягнемся к старым поэтам, каб хоць душой у прошлым патануць (М. Багд.). Хоць усім братом ня соладка жылося, але меншаму брату выпала самая горшая доля (Т. Гушча). На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам (Я. Кол.). Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты,—за добрую справу, за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты! (Я. Куп.). Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы; глуха шэпчуць верхавіны, гнуць свае галовы (Я. Кол.). Не, не здаволіш чалавека, і будзе вечны ён калека (Я. Кол.).

2. Двукроп’е.

Двукроп’е ставіцца:
У зьлітым сказе перад пералічэньнем (§ 29, пр. 8, А) перад прыдаткам-пералічэньнем (§ 25), перад чужаслоўем (§ 34), у злучаных сказах, калі адзін сказ паясьняе другі (§ 30), у злучэньні супраціўным і вінавальным, калі прапушчаны злучнікі (§ 30), калі прапушчан параўнальны злучнік і, наогул, двукроп’е блізка тое самае, што слова значыць. (Прышла пара касавіцы: трэба прымацца за касьбу).

3. Працяжнік і злучок (24, I).

Працяжнік ставіцца:
Пасьля пералічэньня, дзе прапушчана некае слова (Вясна, лета, восень і зіма—поры году), калі хочуць затрымаць увагу (Гляньце—нехта едзе. Падсадзі—сарву я грушку), замест “ёсьць” у сустаўным выказьніку (Чужая сіла—асіна. Лішняя нітка— палатну завада), у сказе, які служыць адказам на пытаньне (А хіба-ж там ён?—Там), пасьля пералічэньня аднакіх членаў у зьлітым сказе (§ 29), пры выдзяленьні некаторых прыдаткаў (§ 25), для выдзяленьня пабочнага сказу (§ 33), пры хуткім пераходзе ад аднаго дзеяньня да другога (§ 30, 5), калі прапушчаны прычынны, супраціўны або ўмоўны злучнік (§ 31, 4), пры аддзяленьні мовы аднае асобы ад другой (§ 34, 5), у кругасказе (§ 35) і, наогул, калі прапускаецца якое-небудзь слова (Поле—жоўты пясок).
Злучок ставіцца (24, II):
Калі слова паўтараецца для памацненьня (Чуць-чуць ліпіць), пры складаных прыметах (сьнежна-белы, цёмна-сіні), у складаных прыназоўніках (па-над, з-за, з-пад), для злучэньня частак бы(б), жа(ж) з папярэднім словам (Рад-бы даць, каму-б гэта даць. А мой-жа ты саколік! Да куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?), у падвойных фаміліях (Дунін-Марцінкевіч, Лапко-Лабаноўскі).

4. Двукосьсе.

Двукосьсем аддзяляецца:
Чужаслоўе (§ 34), прыдатак (§ 25, 7), слова, на якое зварачаецца асаблівая ўвага або якое ўжываецца ў пераносным, няўласным значэньні (Прызнаюся, я не спадзяваўся такой “далікатнасьці” ад мужыка. З мёду даўней варылі моцнае пітво—“мёд”. Па ваду ідзе—“дзень добры” дае).

5. Дужкі.

Дужкі ставяцца:
Для выдзяленьня пабочных сказаў (§ 33), навуковых тэрмінаў, некаторых паясьняльных слоў, паветалізмаў. (Кажуць, што дрыгвічы называліся так дзеля таго, што жылі па нізкіх, балотных мясцох (дрыгвах). Пакланяліся нашыя продкі грому (Пяруну), сонцу (Дажбогу) і іншым зьявам прыроды. Ён цеміў (разумеў), што гэта ня так).

Задачка 11-ая. Аб’ясьніць знакі прыпынку.
Даўней былі “путныя баяры”, каторыя павінны былі правіць дарогі. На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ, толькі птушка-арол дзе садзіцца,—там ўзбудую-ўзьвяду, нізі ўсёй на віду, мураваную вежу-званіцу (Я. Куп.). Ясна-сьвяточна ў красы ўбярыся, птушкаю вольнай сягні ў вышыню, з сонцам злучыся, зоркай іскрыся, славай акрыйся— выйдзі спаткаці вясну! (Я. Куп.). Неба, сонца, месяц, зоры, людзі, пушча, ўся зямля—усё да сэрца штось гаворыць, ўсюды бачу моц жыцьця (Я. Куп.). На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкай ўсе прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя сані, восі, колы і вульляў некалькі на пчолы, яшчэ няскончаных; судзінка, стары цабэрак, паўасьмінка, і розны хлам і лом валяўся, ад сонца, дожджыку хаваўся (Я. Кол.). Усё прачнулася прад вачыма беднае кабеты: маладыя дні дзяціны, дзявочыя леты, радасьць жыцьця і нягоды, сваркі, трасяніна—усё, чым жыцьцё спатыкае кепскую часіну, усё прыпомнілась старэнькай (Я. Кол.). Галоднаму і пушнінка—малінка. Шчырая праца—мазалёвая. “Што-то будзе, што-то будзе?” у межах шэпча жыта. Спаленай нівы жаданьне ня збыта—міма хмурынка прайшла. На дварэ—паленьне, трэскі, куча сьметніку ляжыць. Чорная Русь (цяперашняя Горадзеншчына) у свой час была асобным князёўствам. Гэта толькі гутарка адна—“прыехаў”: проста забралі сюды—і ўсё, бо дома ня было дзе дзецца. Бывала, заміж “благодарю”, скажа Міхась “дзякуй” ды аж пачырванее ад сораму. Еўка ніколі не хадзіла на сяло, бо дзеці дражнілі яе “рыжая”. Цяпер зямлю і фабрыкі адабралі ад багатыроў ды аддалі іх тым, хто на іх працуе—рабочым і сялянам. Час прыдзе—увесь сьвет засьвяткуе вялікі дзень Першага Мая (М. Кудз.). У дзяцінстве я ня мог вымавіць “р”, а казаў “рл”. Яшчэ некалькі часу—і вёска зусім засыпае. Болей навукі—меней страху. Але не-не, ды смутна стане. Сяк-так прымайстраваўся наш падарожны каля печы (Я. Кол.). “Я табе лялек нараблю і “катка” запяю”, казала Марылька брату. А жнейкі жнуць, іх твар палае, іх пражыць, сушыць смага тая, якую трудна ім здаволіць, якая толькі “піць! піць!” моліць (Я. Кол.).

6. Клічнік і пытальнік.

Пытальнік ставіцца:
Пасьля простага пытаньня ў пытальным сказе (§ 23), пасьля ўскоснага пытаньня ў тым выпадку, калі перад косным пытаньнем стаіць двукроп’е (Скажы мне, дубе: чаму ты ня гнешся перад бураю? Скажы мне, дубе: адкуль твая сіла? Скажы мне, браце: чаму я такая слабая?).

Увага. Некаторыя дапаўняльныя сказы прымаюць форму пытальных; гэтая форма называецца ўскосным пытаньнем, прычым пытальнік ставіцца толькі ў тым выпадку, калі перад ускосным пытаньнем стаіць двукроп’е, калі-ж будзе стаяць коска, то пытальнік ня ставіцца. (Я ня мог зразумець; чаму сухое лісьце не загарэлася).

Клічнік ставіцца:
Пасьля клічнага сказу (§ 23), пасьля зваротка (§ 26), пасьля выклічніка (§ 27).
Клічнік і пытальнік пры пэўнай пабудове сказу могуць мець значэньне пункта, пункта з коскай і коскі.

7. Трохкроп’е.

Трохкроп’е, або шматкроп’е ставіцца:
Пры недаказе або перарыве мовы (§ 30, § 34, 2) пры выражэньні моцнага пачуцьця (Тхор!.. тхор!.. дзяржы яго!.. дзяржы псяюху!.. Эх, ды і тхор-жа!.. Восьць, аж зьзяе!.. Я. Кол.).

8. Кропка з коскай.

Кропка з коскай, або пункт з коскай ставіцца:
Паміж сузалежнымі сказамі (§ 31), паміж аднароднымі членамі ў зьлітым сказе для больш выразнага чытаньня, асабліва тады, калі яго члены значна пашыраны (Падарожны расказаў людзям аб працы і вялікіх турботах, ім перанесеных; аб вышыні тых гор, якія ён бачыў; аб глебе ў тых краёх, надзвычайна ўрадлівай; пра зьвяроў і птушак, невядомых у нашым краі; пра людзей з непадобнай, інакшаю гаворкай), паміж злучанымі сказамі (§ 30), у кругасказах (§ 35).

9. Пункт (кропка).

Пунктам аддзяляюцца адзін ад другога такія простыя і сустаўныя (складаныя) сказы, што замыкаюць у сабе думку пэўную, зусім закончаную. (Гарачы дзень. На полі душна. Прыціх той ветрык непаслушны, як-бы сваім аддаўся марам. Зацішак поля дыша варам і гоніць з твару поту рагі, і сохнуць губы ад тэй смагі. А жнейкі жнуць. У моры збожжа мільгае постаць іх прыгожа. Як. Колас).

Задачка 12-ая. Аб’ясьніць знакі прыпынку.
Выйдзі на поле, на сенажаці, выйдзі спаткаці вясну! (Я. Куп.). За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой; у крыўду ня дайся, свайго дабівайся, адвага хай будзе з табой! Хай горкія сьлёзы, што ў сьпеку, у марозы ліюцца па беднай зямлі, дадуць табе, браце, сіл гора змагаці і ў сэрцы распаляць агні! (Я Куп.). Ранюткі час. Нідзе нікога. Між дрэў зьвіваецца дарога, а па дарозе ты з кашом у лес шыбуеш ціхачом (Я. Кол.). Весела пазірае ўвесну сонца на зямлю, як маці на сваё дзіця: загляне яно ўсюды—і ў бедную сялянскую хату, дзе так бедна і нявесела, і на пяшчаную горку, і ў лагчынку, дзе думаў сьнег знайсьці сабе прыпынак, і ў лес, і на луг—усюды льлецца яго сьвет і цяпло. Што мне багацьце? Бяз грошай, бяз золата быў-бы магнат я, кароль, багатыр там, дзе пад націскам роднага молата жыцьце куецца (А. Гар.). Будзіцца со сну наша зямліца; расьце на кусьце лісточак, зелянее тады травіца; аджыў жучок і матылёчак; шэра зязюля зранку і ўвечар яра кукуе ў садзе; павее ціхі і цёплы вецер; пойдзе скацінка ў стадзе (Ст. Ул.). Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі? Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле? (Я. Кол.). Лес! аб чым шумяць твае вяршыны? Лес! што шэпчаш, векавы? Браты! вялікая дарога чакае нас і родны край (Я. Кол.). Эх ты!.. Толькі хвалішся... Глянуў—і то самлеў!—Дзяціны час!.. Я памятаю зімы прыход у нашым краю: стаіць над лесам шум маркотны, па небе хмары, як палотны, паўночны вецер расьцілае, і бель над далямі зьвісае (Я. Кол.). Дзяўчынка абярнулася да бацькі, што нязграбна, па мужчынску, кошкаўся каля печы, ды сказала: “Тата, кіньце!.. Я зраблю... я ведаю”... Канец... Як проста гэта слова і многазначна, заўжды нова! Канец!.. Як многа разважаньня і засмучонага пытаньня ў гэтым простым, страшным слове! (Я. Кол.). Пастой! А там што?—Там? Гармата.—Чаму-ж няма пры ёй салдата?—Я. Кол.). Жнейкі на ніве рэжуць сквапліва, уюць перавяслы няслабкі; вяжуць снапамі, валяць радамі, ставяць у мэндлі і бабкі (Ст. Ул.). Праца ўвесь сьвет ускарміла, праца нам шчасьце дае; працаю сілы прыроды к людзям у слугі ідуць, з ёю-жа ў сьвеце народы лепшае долі прыждуць (Ц. Гарт.).
Станьце, хмурынкі, над рубяжамі родных палеткаў, палёў! Каршун, падняўшыся высока над лугам, круціцца ў небе, выглядаючы сабе пажытак, і нудны крык яго галосна расплываецца над супакоеным лугам.
Піліп стары ў грамадзе старшынёю быў з паўвеку; ці ў працы, ці ў радзе—няма, як ён, чалавека; шчыры, добры і разумны, гаспадар прытым на дзіва; вёў найлепей сход наш шумны, судзіў, радзіў справядліва (Я. Луч.).

§ 37. Кароткі паўторны пытальнік.

1) Калі ў канцы простага сказу ставіцца пункт? коска? кропка з коскай? двукроп’е? пытальнік? клічнік?
Адказ. У канцы простага сказу, які выражае сабою зусім закончаную думку і ня зьвязан цесна сэнсам з наступным сказам, ставіцца пункт.
Калі сказ выражае сабою пытаньне, то ў канцы яго ставіцца пытальнік.
Калі ў сказе выражаецца покліч, загад, просьба, перасьцярога, страх, радасьць, зьдзіўленьне ці што падобнае, то ў канцы ставіцца клічнік.
Сказ, цесна зьвязаны сэнсам з наступным сказам або злучаны з ім злучнікам і, ды (=і), а, мае на канцы коску.
Сказ разьвіты, цесна зьвязаны сэнсам з наступным сказам, можа мець на канцы і кропку з коскай.
2) Калі звычайна ставіцца ў сказе працяжнік? Калі ўжываецца злучок?
3) Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца зваротак?
4) Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца прыдатак?
5) Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца выклічнікі?
6) Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца пабочнае слова?
7) Чым аддзяляюцца ў зьлітым сказе падобныя часьціны?
8) У якіх выпадках падобныя часьціны ў зьлітым сказе, зьвязаныя злучнікамі і, ды (=і), або, ці, то, ні і інш., могуць аддзяляцца адзін ад другога коскамі?
9) Якія яшчэ знакі прыпынку бываюць у зьлітым сказе?
10) Якімі знакамі прыпынку аддзяляецца дадана-залежны сказ?
11) Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца дзеяпрыметныя і дзеяпрыслоўныя выражэньні? Калі яны не выдзяляюцца?
12) Калі паміж злучанымі сказамі ставіцца коска? кропка з коскай? двукроп’е?
13) Чым выдзяляюцца пабочныя словы ў сказе?
14) Чым выдзяляецца чужаслоўе?
15) Які знак прыпынку ставіцца перад чужаслоўем?
16) Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца словы аўтара, калі яны стаяць пасярэдзіне чужаслоўя?
17) Калі ставіцца трохкроп’е?
18) Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца суставы ў кругасказе?

§ 38. Матэрыялы для разбору, сьпісваньня і дыктовак.

1. Доля батрачкі.

I.

Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну
І украдкам выцірае
Рукавом сьлязіну.
“Будзь паслушна ты, дачушка!”
Навучае матка:
“Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою:
Твая доля—цямней ночкі,
Цяжка быць слугою!
Ня ўважыць чужаніца
Ручак тваіх белых;
Поту выльлецца крыніца
З шчочак загарэлых.
Леткам ўстанеш раней зоркі,
Перша пойдзеш ў поле.
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!”
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара;
Жаль ёй к сэрцу падступае,
Як-бы тая хмара.

II.

Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
“Ну, матулька, будзь здарова!”
І цалуе матку.
Вышла маці ўсьлед за ёю.
Стала пры парогу
I, падпёршы твар рукою,
Глядзіць на дарогу.
Доўга матка ўсё глядзела,
Доўга паглядала,
Покі Ганны хустка бела
З вачэй не прапала...
Я. Колас.

2. Беларускаму люду.

Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! рві свае путы!
Новую песьню сьпявай!

Дружна і згодна станьма сьцяною!
Доля ня прыдзе сама,
Воля ня зойдзе к нам стараною—
Збоку дарог ей няма.

Люд! праканайся: толькі мы самі
Долі свае кавалі.
Годзі-жа, досыць панукаці намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Нам прыганятых болей ня трэба—
Будзем мы жыць без паноў.
“Самі вы дбайце лепей пра неба”,
Скажам мы так да ксяндзоў.

Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! У ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.

Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!
Я. Колас.

3. На Палесьсі.

Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдка разрываўся невялічкімі палянкамі, на якіх часамі рунела жыта, а па краёх там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, пышна разросшыся на прасторы, або разьвіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя гаспадары; на гэтых дубох паляшукі-бортнікі рабілі цэлыя пчольнікі, зацягнуўшы туды каля дзесятка вульляў. Палянкі зноў зьмяняліся лесам—то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярэзіны мяшаліся з шэрымі хвоямі і прыдавалі характар маркоты і засмучэньня ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка-далёка паміж лесу ды замыкаліся лесам, што чуць-чуць чарнеўся роўнаю палоскаю на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды ня зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касою. Нязьлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмерлых дзеравяк расьлі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады—чыстыя, гладкія, як шліфованае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохлыя старыя спарахнелыя алешыны, як сьвечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад гэтых балот патыхала некім нявыразным смуткам; ціхім жалем веяла ад гэтых аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё-ж такі жыцьцё стварала свае асобныя формы і, ня гледзячы на ўсю ўбогасьць, мела сваю павабнасьць і хараство, свой твар, поўны пужлівага задуменьня. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і мімавольна стараешся знайсьці нешта такое, на чым можна было-б адпачыць і супакоіцца.
Тарас Гушча.

4. Нашыя гасьцінцы.

Ёсьць штось нязвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасьвецкіх гасьцінцах на Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, сьвежых матываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны вачом і сэрцу падарожнага! З якою надзвычайнаю сілаю парываюць яны да сябе, і як моцна дакранаюцца да струн твае душы! Якая-ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў, якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці ня гэтая, нікім нявыказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі ды запісвалася агнявымі літарамі людзкое крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых гасьцінцах і думалі свае думкі? Ці не яна, гэта летапісь часоў, так глыбока западае ў душу, каб адбіцца ў ёй, знайсьці свой пэўны вобраз і форму ды грознаю маланкаю жахнуць гэту цёмную ноч няволі, што зьвісла над краем? А можа гэта таемная і страшная бязьмежнасьць блуканьня па сьвеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сымболямі якіх зьяўляюцца гэтыя гасьцінцы, авявае душу тваю нявыразным хваляваньнем ды кліча яе зьліцца з бяскрайнасьцю зямлі? Ці то—няясны адбітак вечнага нездавальненьня людзкога, таемны покліч да шуканьня іншых форм жыцьця, несьвядомае імкненьне да лепшае долі? Ці то—парываньне душы разьбіць некія граніцы, каб вырвацца на бязьмежныя прасторы?..
Эх, гасьцінцы, родныя гасьцінцы! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назьбіраныя і напісаныя на гэтых камлёх вашых прысадаў?!
Тарас Гушча.

5. Скрыпач і ваўкі.

Жыў на сяле скрыпач. Яшчэ змалку навучыўся ён граць на скрыпцы. Вось прышла восень, пачаліся вясельлі. Клічуць скрыпача то туды, то сюды граць на вясельле. Раз прышлося скрыпачу варочацца позна ўночы дамоў. Ісьці трэба было лесам. Праз лес ішла ездавая дарога, але сьцежкаю было бліжэй, як тэю дарогаю. Скрыпач і думае: “Пайду проста сьцежкаю, усё-ж бліжэй будзе”. Дый пашоў.
Ноч была і так цёмная, а то яшчэ ў лесе. Ішоў ён, ішоў ды неяк заблудзіў і раптам, як шабаўтне кудысь пад зямлю! Упаў і ня так пабіўся, як налякаўся. Што яно такое?
Падумаўшы—дагадаўся: гэта была воўчая яма. Гэтак лавілі ваўкоў: выкапаюць глыбокую яму, прыкрыюць зьверху тонкім гальлём і прынаду паложаць. Воўк прынаду счуе, пабяжыць да яе ды ў яму і праваліцца.
Як дагадаўся скрыпач, дык трохі супакоіўся. Калі чуе— у яме штось як завые! Скрыпач так і пахаладзеў. Глянуў— ажно проці яго як-бы дзьве сьвечкі гараць. Скрыпач ведаў, што ў ваўка папоцемку вочы сьвецяцца, і што гэта ваўчок папаўся ў яму ды сядзіць.
— О, гэта добры таварыш!—думае скрыпач:—А ў мяне і паганага калка няма, адна скрыпка. Што тут рабіць? Вылезьці з ямы папоцемку нельга, а пачнеш вылазіць, дык воўк цябе ззаду!
— Пагана,—думае скрыпач:—гэта воўк цяпер спалохаўся ды не чапае, а як ачухаецца, то з костачкамі зьесьць.
І, сапраўды, крыху пачакаўшы, воўк пачаў варушыцца, ня іначай бліжэй падступацца.
— А ну, хіба на скрыпцы заграю!—сказаў сабе скрыпач ды давай іграць.
Скрыпка як загалосіць, а воўк як адскочыць!
— О,—думае скрыпач,—гэта добра!
Ды давай граць вясёлае да скокаў. Скрыпач грае, а воўк вые. Калі чуе скрыпач, ажна з лесу яшчэ воўчыя галасы аказаліся.
— Вось,—думае скрыпач,—папрыбягаюць!
Але граць не перастае. І такая ў іх музыка пайшла: скрыпач грае, воўк у яме вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Грае скрыпач, а сам на неба пазірае—ці ня сьвітае часам.
І хто яго там ведае, што-б было, але сапраўды стала на сьвет займацца. Здарылася так, што паляўнічы блізка праходзіў і пачуў, што скрыпка грае, а воўк вые. Ён пайшоў паглядзець, што яно за дзіва такое.
Падышоў паляўнічы бліжэй, глянуў—і праўда: у вадным кутку скрыпач, а ў другім—воўк.
Паляўнічы апусьціў скрыпачу дручка і выцягнуў яго, а тады ўжо ваўка забіў.
К. Каганец.

6. Мядзьведзь.

У нашым лесе мядзьведзь самы вялікі зьвер. Ходзіць ён па лесе, спусьціўшы галаву, і ступае так цяжка, што здалёку чуваць, як суччо трашчыць.
У лесе мядзьведзю ўсякай пажывы даволі. Раньняй вясною есьць ён маладую траву, пучкі на дрэвах, ловіць птушак; улетку хапае на яго долю дзікіх груш, яблыкаў, грыбоў. Спрыцен ён лавіць ракоў і рыбу ў рацэ. А то знойдзе мядзьведзь мурашнік, засуне туды лапу ды аблізвае мурашак, што насядуць на лапу. Але найбольш падабаюцца яму мядовыя соты. Хоць пчолы кусаюць яму морду, ён упорчыва ламае дуплё, дзе сядзіць пчаліная сям’я; разломіць і зьесьць з мёдам усё: соты, кускі дрэва, вашчыньне і самыя пчолы. Добра, калі яму гэткае пажывы хапае, а не—то з голаду мядзьведзь да скаціны лезе: няхай толькі пападзе, дык заесьць цяля, карову задушыць, нават спутанага каня здолее ў лес пацягнуць.
З людзьмі мядзьведзь ня любіць сустрачацца—здалёку чуе ды ўцякае. На зіму мядзьведзь ліняе, абрастае цёплаю поўсьцю ды кладзецца ў бярлогу. Засыпае бярлогу сьнегам, і толькі праз невялікую шчыліну ідзе пара ад мядзьвежага дыханьня, і гэтак сьпіць ён да вясны. Увясну схудзелы, галодны вылазіць ён з бярлогі.

7. Птушкі—памочнікі чалавека.

Цяжка працуе чалавек на полі, у гародзе, у садзе: сее хлеб, садзіць варыва, разводзіць садавіну. І ўсюды ў чалавека многа ворагаў: бульбу чарвяк падточвае, капусту вусень зьядае, хлеб на полі псуюць жучкі, а дрэвы ў садзе чарва глуміць. Пералавіць ці патруціць усіх гэтых ворагаў чалавеку немагчыма, і сам-бы чалавек ня змог убараніць усе расьліны ад чарвякоў і шкадлівых казюлек. Яго праца зышла-б на нішто, але ён мае сабе дарагіх памочнікаў—птушак.
Самы дарагі і блізкі чалавеку памочнік—гэта шпак. Куды-б ні пайшоў селянін увясну на работу, усюды за ім ляціць шпак. І ў полі, і ў дарозе, і ў садзе—усюды шпак памагае чалавеку змагацца і нішчыць чарвякоў і казюлек. Ён разграбае сьвежа-ўзораную зямлю і дастае нязьлічонае мноства чарвякоў, з якіх потым вышлі-б казюлькі. Кожнае дрэўца ў садзе шпак пільна абгледзіць і вышукае там усякага чарвяка.
Вельмі карысная для чалавека другая птушка—лазараўка. Калі прыглядзецца, як лазараўкі кормяць сваіх дзяцей, дык пабачыш, што кожная пара іх бацькоў прыносіць у гняздо да трыццаці штук вусеню ў гадзіну.
На вераб’я кажуць, што ён злодзей. Праўда, верабей крадзе многа канапель і іншага насеньня, але карысьці робіць чалавеку куды болей, як шкоды. Кажуць, што ў Амэрыцы, у штаце Мэн, загадалі перабіць усіх вераб’ёў за іх быццам-бы крадзеж. Бедныя вераб’і амаль ня ўсе зьвяліся. На другі год усе дрэвы апанаваў такі страшэнны вусень, што не асталося ніводнага лісточка. Усё зьеў вусень, і дрэвы пасохлі. З таго часу людзі закаяліся біць вераб’ёў.
А колькі мошак зьядае наша шчабятуха-ластаўка! Цалюткі дзень лётае яна і спраўна ловіць камароў, аваднёў і ўсялякіх мошак.
Шмат якія птушкі кормяцца зернятамі і ягадамі, але зьядаюць яны мала, а за гэта прыносяць многа карысьці, абараняючы нашыя сады, агароды, поле ад чарвы і машкары.

8. Мурашкі і іх будова.

I.

Скажэце, дзеці, хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Хто з вас не разграбаў гэтых куч, зусім ня думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлінак, што зрабілі сабе прыпынак, нанасілі гэтыя кучы? Хто з вас, гуляючы, не ўзьбягаў на гэтыя круглыя горкі, каб толькі пацешыць сябе? Гэтыя горкі насыпаў ніхто іншы, як маленькія, вечна занятыя працай мурашкі. Разварочваючы мурашнік, вы і не падумалі нават якую бяду прычыняеце вы мурашкам; ніколі ня прыходзіла вам у галаву бліжэй разглядзець мурашнік, пабачыць, як хітра і замыславата ён зроблен. І каб вы ўсё гэта разглядзелі, як мае быць, то вы падзівіліся-б здольнасьці мурашак рабіць хітрыя хаты.
Мурашнікі сустракаюцца найбольш па краёх лесу і насыпаюцца ў тым месцы, дзе сьвеціць сонца. Месцы для будовы мурашкі выбіраюць сухія і наносяць свае кучы каля хвой, ялін, бярэзін, часта каля пня. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад сьцюжы, і ад сьпякоты, і ад дажджу. Раскапайце на цікавасьць мурашнік пасьля самага вялікага дажджу, і вы ўбачыце, што ён прамок на паўпальца, ня болей, а ў сярэдзіне ён зусім сухі.

II.

Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што тысячы мурашак поўзаюць, бегаюць, круцяцца, кішаць на версе бяз усякага парадку: тая цягне сухую хваёвую калючку, другая—саломку сухога лістка; там дзьве або тры валакуць невялічкі сучок. Цярпліва цікуючы за работаю мурашак, можна замеціць, што ўходныя дзьверцы мурашніка мяняюцца з часу на час. Сярод дня мурашкі слабодна сустракаюцца ў гэтых дзьверцах і разьмінаюцца нават з сваёю ношаю. Пад вечар гэтыя дзьверцы памаленьку звужаюцца і ў канцы зачыняюцца зусім, і пасьля гэтага ўсе мурашкі хаваюцца ў сярэдзіну мурашніка. Пільна ўзіраючыся, лёгка ўбачыць, як зачыняюць мурашкі свае дзьверы. Наўперад яны ставяць слупкі наабапал уходу, і ня проста прыстаўляюць іх да сьцен, але ўтыкаюць у пустыя месцы між саломак і калюшак; потым замуроўваюць дзіркі між слупкамі і сьцяною мурашніка матэрыялам больш лёгкім. У канцы ўсё гэта закрываецца, усё гэта прыкрываецца кавалачкамі сухога лісьця.
Назаўтра рана, чуць толькі ўзыдзе сонца, пойдзем ізноў к мурашніку ды пацікуем, што там робіцца. Па версе ўжо поўзае некалькі мурашак. З-пад маленькіх шалашыкаў пад дзьверцамі выпаўзае яшчэ некалькі, і пачынаецца работа. Самая першая работа мурашак—адчыніць дзьверы. Слупкі, саломкі, кавалачкі лісьця дастаюцца ды складаюцца пад дзьверцамі, каб на выпадак патрэбы можна было ізноў зачыніць шырока адчынены ўход. І кожны летні дзень ідзе такая работа, апрача хіба дажджлівых дзён: у непагоду дзьверы мурашніка шчыльна зачыняюцца. Калі зранку неба хмарнае, то мурашкі робяць у дзьверцах маленькія дзірачкі, і як толькі пачне падаць дождж, яны жывенька зачыняюць іх наглуха.

9. Лясны пожар.

Гарэў лес, толькі трудна было распазнаць, ці ў нашым абходзе быў пожар, ці ў чужым. Мы пабеглі проста на дым. Беглі мы доўга. Было страшна горача, пот так і каціўся з нас. Мы ўжо перабеглі і граніцу свайго лесу. Агню яшчэ ня было відаць, толькі дым, каторы разьвяваўся ветрам па лесе і туманіў яго, даваў знаць, што пожар блізка. Скора мы ўбачылі і самы агонь. У лесе нікога ня было, і агонь без запынку разгульваўся на волі. Цэлае возера агню абнімала лес да палавіны, разьлівалася кругом і займала ўсё большую і большую лапіну.
Страшны і разам цікавы від мае пожар лесу!
Шум агню чуцен за вярсту. Агонь абхоплівае малады хвойнік да самага верху, а пад маладымі хвоямі многа сухіх калючак і лому. Агонь узьбягае па камлі, пераходзіць на гальлё, а вецер далёка адносіць сухую кару разам з агнём, ад чаго пожар яшчэ скарэй разрастаецца. Цэлая сьцяна агню ў сажань увышкі разьлівалася па краёх і няслася ўсё далей і далей. Кусты ялоўца трашчаць, як толькі надходзіць к ім агонь, на момант даюць белы слуп дыму і разам абхопліваюцца агнём ды прападаюць у полымі, каторае яркімі стужкамі разьліваецца ў адну мінуту над хвойнікам. Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі, уверсе смаляныя, з выдзеўбленымі дзятламі дзіркамі, гараць, як сьвечкі. Іншыя зусім перагараюць на палавіне, і вяршына з глухім шумам апускаецца наніз у самы агонь ды прападае ў полымі.
Жар нястрывалы—трудна ўстоіць за тры сажні ад агню. Людзі з лапатамі і граблямі прыйшлі з суседніх вёсак тушыць пожар. Стаўшы здалёк ад агню, пачалі яны адграбаць мох і калючкі, каб ня даць матэрыялу агню. Капалі зямлю і кідалі пясок на агонь. На ахвяру яму пакідалі цэлыя маргі лесу, бо за гарачынёю трудна было рабіць блізка ад агню. У вадным месцы пожар падступаў к старому бору. Людзі кінуліся туды і дружнаю работаю адваявалі бор. Агонь рыхтавалі скіраваць туды, дзе ён меней мог знайсьці сабе корму. Пожар памалу ўсё меншаў і меншаў. Яго дарога ўсё вузілася. Белы дым спакайней слаўся па лесе і тонкімі языкамі ўздымаўся над лесам. Скора бура агню была зусім затушана. Толькі вялізарнае вогнішча дымілася тысячамі маленькіх дымкоў, ды дзе-ні-дзе вынікаў агоньчык сярод абгарэлае палянкі, разьдзьмуханы ветрам. Нудна пазіралі дрэвы з абсмаленымі камлюкамі!

10. Зямля, на каторай мы жывём.

Аб зямлі, на каторай мы жывём, можна расказаць шмат чаго цікавага. Перш-на-перш, зямля круглая, як яйцо. Яна нідзе ня мае краёў, або меж. Зямля—гэта вялікая гала, каторую можна аб’ехаць навокал. Яна нідзе ня мае канца, як ня мае ніякага канца скамечаная галка. Калі муха сядзе на яблык ды папаўзе ў адзін бок, то яна абойдзе навокал і прыдзе ізноў на тое месца, толькі з адваротнага боку. Гэтак і людзі аб’яжджалі навокал зямлі, варочаліся назад, а канца нідзе не знаходзілі, бо няма канца ў галы, якою ёсьць наша зямля.
На зямлі ёсьць суша, на каторай стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і інш. Пасьля, на зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе ўглыбленьні ў сушы. Напоўніць вада ўглубленьне ў сушы і выйдзе возера або мора, калі ўглыбленьне вельмі вялікае. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі, і тады гэта вада называецца рэчкаю. Ёсьць вада і пад зямлёю, і калі яна сама прабіваецца наверх, то называецца тады крыніцаю. Часам дастаюць людзі ваду з-пад зямлі, капаючы калодзежы.
Апроч сушы і вады, на зямлі ёсьць яшчэ паветра. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар, і тады мы яго чуем. Калі падае паперынка, паветра падтрымлівае яе і не дае хутка зваліцца на зямлю.
На зямлі жыве многа ўсякіх стварэньняў, і растуць розныя расьліны. Адны стварэньні кормяцца расьлінамі, другія—мясам слабейшых стварэньняў. Чалавек есьць і мяса, і расьліны, хоць бяз мяса мог-бы жыць.

11. Камень.

Такіх прыгожых месц, якім быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсьці. Прынамсі так думаў доўганосы бусел, каторы меў тут, на старадроўні, пышны палац. А бусел усё-ж такі трэцца па сьвеце, і на яго словы можна мець увагу.
Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасьвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям’ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасьліва, і гэтым самым як-бы падцьвярджалі, што тут і сапраўды ня кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі,—бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці. І хто ведае, быць можа, чым часьцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуваньне цаны жыцьця, тым ясьней яго сьветлыя мамэнты.
Але самым шчасьлівым жыхаром быў тут, ведама, камень—так злажылі і згадзіліся его суседзі: рэчка, лес і другія. І, праўда, як ні моцныя дубы, а ўсё-ж такі іх матлашылі і сушылі вятры, іх паліла сонца, на іх меціліся цяжарныя хмары з залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час навальніцы на іх каранёх тапталіся людзі. Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваіх берагох пад косамі гарачага сонца і агаляла сваё пяшчанае жоўтае дно. Яе чыстае лона ня раз заносілася сьмецьцем, гразёю і розным брудам няпрошаных гасьцей-ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі раз даводзіцца яму, старому, перадрыжэць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, як увойдзе сюды з бліскучаю сякерай на плячох бязьлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы і для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзьнешся досыць, стоячы на гнязьдзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш пажытак у такую сьцюжу?
А каменю што? Кажуць-жа: моцны, як камень, цьвёрды, як камень, трывалы, як камень, і маўклівы, як камень. Дык што яму дзеецца тут? Ляжыць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні жар для яго ня страшныя. Блісьне сонца, дзьмухане вецер—і сухі камень, і цёпла яму. І выбраў-жа, шэльма,—спалі яго сьнег!—і месца прыўдалае! Тут і рэчка табе відаць, і лёс, і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязьмежным прасторы сініх нябёсаў. А колькі жыцьця навокал яго! Чорнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх ды пачнуць такія гамонкі, што толькі і можна пачуць іх увясну. Лясная жаўранка прылятае сюды начаваць, і пэўна, гэта каменю пяе яна такія прыгожыя песьні, што душа млее. Што-ж, шанцуе яму і толькі! Кожнаму свая доля...
Так казалі суседзі шчасьлівага каменя, а ў сэрцы ўсё-ж не завідвалі яму. Аднаго толькі не маглі сьцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слаўцом ня выявіў свае радасьці, што ня мала ўсіх тут зьдзіўляла.
Т. Гушча.

12. Навальніца.

Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохшым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй да сонца, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.
Спужаўся і задрыжаў сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць бяз літасьці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў сьмела і адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.
Што значыць яму навальніца? Ці раз бывала, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі сьмяяўся над непагодай.
Дый так, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў сваё карэньне, даючы яму вольна расьці і ўшыркі, і ўдоўжкі, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.
Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад ня меў вока на яго за тое, што карэньне забірала ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такое бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зьніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.
Цярпліва пераносілі крыўды засохлыя дрэўцы і час-ад-часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыцьцё тоненькія лазінкі і алешынкі. І ніхто з іх ня ведаў, якая доля чакае таго дуба.
Тымчасам пад зямлёй, дзе крэпка сплялося яго карэньне, жыло шмат маленькіх злосьнікаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу. Хоць гэта і марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэньні.
І настаў дзень, калі на падмогу працы схаваных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як-бы зрабіўшы з імі хаўрус дзеля згубы таго, хто так горда глядзеў у неба і ня схінаў прад ёй свае галавы.
Хмары, як няпрытомныя, паўзьлі ўсё бліжэй к сонцу; халодны вецер гнаў з дарог пыл і, скруціўшы ў слуп, растрасаў з боку ў бок; брызнуў густы дождж, і стрэліў пярун. Глянуўшы на сілу навальніцы, страпянуўся дуб і, выпрастаўшы шырокія грудзі, прыгатаваўся сустрэць націск, як калісь бывала; тымчасам хмары ўжо папаўзьлі на сонца, загасілі яго і сунуліся ў цемнаце далей. Задрыжалі тоненькія дрэўцы, прыляглі к зямлі ды чакалі сьмерці. Задрыжаў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.
— Глядзі, суседка!—шаптаў арэшнік, прытуліўшыся к сасьне:—глядзі! Такі дуб хінецца, цяжка і яму прышлося...
Але не дакончыў арэшнік, не пачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся і зваліўся апалены дуб і бяз ліку пахаваў пад сабою маленькіх дрэўцаў.
Навальніца, як цёмная вялізная птушка, уцякала далей. Дождж сьціхаў, і дзе-ні-дзе з-за хмар паказвалася яснае неба. Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане. З прывычкі яшчэ пудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер ня гінуў ад вечнае засені, і ўсім стала прасторна.
Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.
Т. Гушча.

13. Першае гора.

Першае гора сустрэла Цішку, як яму было толькі шэсьць гадкоў. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Любіў хлопчык сваю сястру, а цяпер вот пайшла яна ў чужую хату. Доўга Цішка маркоціўся па сястрыцы і часта хадзіў да яе. Урэшце яму так цяжка стала без сястры, што і жыцьцё ня міла. “Вазьмі мяне, Кася, за сынка!” кажа ён раз сястры. Кася засьмяялася ды пытае: “А мамы табе шкода ня будзе?” Бяда хлопчыку: маці шкода! Заплакаў Цішка, але такі паставіў на сваім: забраў свае цацкі, кашулькі, нават і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Марылька не дала, ды пайшоў.
Прыйшоў да Касі. Селі вячэраць. Зноў яму маркотна стала: захацелася паглядзець, як там, дома. І яны, мусіць, вячэраюць. Выйшаў Цішка з хаты, падбег пад акно да сваіх, а ўсе за сталом сядзяць: скраю—бацька, каля яго— матка, а пры мацеры—Марыля, і кот Рудзька на лаўцы сядзіць. А з Марылькаю заўсёды Цішка сядзеў. Раптам яму зрабілася так шкода ўсіх, што ён кінуўся пад акном ды моцна заплакаў. Выбегла маці ды ўнесла яго ў хату: “Чаго ты, чаго ты, дурненькі?” пыталася маці. “Калі-ж я ўжо ня ваш, а мне там маркотна”, плакаў Цішка, а маці сьмяялася і цалавала Цішку.

14. Наша дзяржава.

Дзяржава, у якой мы жывём, называецца Беларускаю Савецкаю Соцыялістычнаю Рэспублікаю. Называецца наша дзяржава рэспублікай дзеля таго, што ўлада ў ёй належыць да ўсяго народу, а ня так, як у іншых краёх, дзе ўлада знаходзіцца ў руках аднэй асобы—караля ці цара. Аднак, на сьвеце ёсьць многа і такіх рэспублік, дзе ўлада належыць не да ўсяго народу, а толькі кучцы паноў і багатыроў; такія рэспублікі называюцца буржуазнымі. У нашай-жа рэспубліцы ўся ўлада знаходзіцца ў руках працоўнага народу—пролетарыяту, дзеля таго наша рэспубліка і называецца соцыялістычнаю або пролетарскаю рэспублікаю. Наша рэспубліка называецца таксама і Савецкай рэспублікай. Гэта значыць, што ўся ўлада ў ёй знаходзіцца ў руках Саветаў Рабочых і Сялянскіх Дэпутатаў, над якімі няма і ня можа быць ніякай іншай улады.
Самай вышэйшай уладай у нас на Беларусі зьяўляецца Ўсебеларускі Зьезд Саветаў Рабочых і Сялянскіх Дэпутатаў, а яго выканаўчы орган—Цэнтральны Выканаўчы Камітэт. Толькі Ўсебеларускаму Зьезду Саветаў і Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту належыць права выданьня законаў, якія зьяўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян Беларусі. Нагляд за выпаўненьнем законаў і тлумачэньне іх робіцца паасобнымі камісарыятамі: Народным Камісарыятам Унутраных Спраў, Народным Камісарыятам Земляробства, Народным Камісарыятам Асьветы і іншымі. Кіраўнікі народных камісарыятаў—народныя камісары—злучаюцца ў Раду, альбо Савет Народных Камісараў, які наглядае за выпаўненьнем законаў усёй рэспублікі і разьвязвае ўсе больш важныя справы, якія перадаюцца яму Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам.
Беларуская Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка знаходзіцца ў братэрскіх зносінах з другімі такімі-ж Савецкімі рэспублікамі—Расіяй, Украінай і інш.—і разам з імі ўтварае Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік. Галоўным горадам Саюзу Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік зьяўляецца Масква, а Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі—Менск.

Скарачэньні.

(Я. Кол.)—Якуб Колас.
(Я. Куп.)—Янка Купала.
(М. Багд.)—Максім Багдановіч
(М. Кудз.)—М. Кудзелька.
(Ц. Гарт.)—Ц. Гартны.
(Ст. Ул.)—Стары Ўлас.
(Д. -Мар.)—Д. -Марцінкевіч.
(А. Гар.)—А. Гарун.
(Я. Луч.)—Я. Лучына.

Зьмест.

Прадмова
I. Прынцыпы беларускага правапісу
II. Як ставіць навучаньне правапісу
III. Увага да гэтага падручніка
IV. Да другога выданьня
V. Да выданьня чацьвертага, нанава пераробленага і дапоўненага
VI. Да выданьня шостага, папраўленага і дапоўненага
VII. Да выданьня восьмага
ЧАСЬЦЬ ПЕРШАЯ.
Правапіс літар і гукаў.
§ 1. Правіла 1. Вялікія літары
§ 2. Правіла 2. Перанос слоў
§ 3. Правіла 3. Мяккі знак і апостроф. Нескладовае у (ў) у слове перад галоснымі
§ 4. Літары “ў”, “й” і прыдыханьне
Правіла 4. Літары й і ў спачатку і ў сярэдзіне слова
Правіла 5. А. Гукі у ці ў?
Б. Гукі і ці й?
Правіла 6. Прыдыханьне в, г, і, а
§ 5. Правапіс зычных гукаў
Правіла 7. Плаўныя, звонкія і глухія гукі
Правіла 8. Гукі: д, т, дз, дж
§ 6. Галосныя пасьля зацьвярдзелых зычных
Правіла 9. Гукі ы, а, о, у, э, пасьля ж, ч, ш, ц, р (дж)
Правіла 10. Гукі: з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі і “гартаннымі”
§ 7. Правапіс галосных
Правіла 11. Гукі: о, э, і ё, е
Правіла 12. Гукі: е, я не пад націскам
Правіла 13. Правапіс слоў: 1) не (ня), без (бяз); 2) цераз, перад і пера; 3) дзеля і каля
Правіла 14. Гук е ў аснове пасьля націску
Правіла 15. Склады ро, ло, ле
§ 8. Падвойныя літары
Правіла 16. Зычныя мяккія: 1) льл, 2) ньн, 3) сьс, 4) цьц, 5) зьз, 6) дзьдз
Зычныя цьвёрдыя: 1) жж, 2) шш, 3) чч
Правіла 17. Падвойныя зычныя: 1) нн, 2) цц, 3) падвойныя пры злучэньні слоў
§ 9. Правапіс некаторых злучэньняў зычных
Правіла 18. Злучэньні: 1) тц, чц, тч, дч; 2) дс; 3) тс; 4) жс, зс; 5) шц; 6) сч
Правіла 19. Злучэньні: 1) стн, стл, здн і рдн; 2) дц і цься
§ 10. Правапіс прыназоўнікаў і прыставак
Правіла 20. А. Калі прыназоўнікі пішуцца асобна ці зьлітна
Б. 1) Гукі ы, 2) й пры злучэньні прыназоўнікаў з другімі словамі
3) Беспасярэднае злучэньне прыназоўнікаў
4) Складаныя прыназоўнікі
Прыназоўнікі: уз, раз, вы, пера, су, пра
Правіла 21. 1) Літары д на канцы прыназоўнікаў: ад, над, пад, прад; літара б у прыназоўніку аб;
2) Літары з ці с у прыназэўніках: з, бвз (бяз), уз, раз, цераз
§ 11 Правапіс адмоўных дапаможнікаў не, ні
Правіла 22. А. Калі не пішацца зьлітна?
Б. Калі не пішацца асобна?
Правіла 23. А. Калі ні пішацца асобна?
Б. Калі ні пішацца зьлітна?
§ 12. Правапіс іменьнікаў
1. а) Назоўны склон адзіночнага ліку.
Правіла 24. 1) Канчаткі жаноч. роду: а, я
2) Канчаткі ніякага роду: о-ё, е, а-я
б) Назоўны склон множнага ліку
Правіла 25 (агульнае). Канчаткі 1) ы-і; а) ы-е; б) ы-а; 2) ы-і;
2. а) Родны склон адзіночнага ліку
Правіла 26. Канчаткі а-я ці у-ю?
б) Родны склон множнага ліку
Правіла 27. I. Мужчынскі род
1) Канчаткі: оў-ёў, аў-яў
2) Родны склон з чыстай асновай (без канчатку)
3) Канчаткі: ей, ай-яй
II. Ніякі і жаночы род
1) А. Родны склон ніякага роду
2) Канчаткі аў-яў
Б. Іменьнікі жаночага роду.
3. Месны склон адзіночнага ліку
Правіла 28. Канчаткі: 1) е-э, 2) і-ы, 3) у
Зьмякчэньне гартаннай асновы: г-з, к-ц, х-с.
Правіла 28. Іменьнікі з прыназоўнікам па
4. Аканьне ў склонавых канчатках іменьнікаў
Правіла 29. Канчаткі склонаў множнага ліку: 1) роднага склону аў-яў, ай-яй; 2) давальнага ам-ям; 3) творнага амі-ямі; 4) меснага ах-ях; 5) творнага адзіночнага ліку мужч. і ніяк. роду ам; выключэньне з правіла канчатак ем; канчаткі жаночага роду яю-яй
5. Клічны склон.
Правіла 30. Канчаткі мужчынскага роду: А) адзіночнага ліку: 1) у-ю, 2) е-а. Б) множнага ліку ове
6. Канчаткі памяншальна-ласкальных іменьнікаў.
Правіла 31. Канчатак ак ці ык?
§ 13. Правапіс прыметнікаў
I. Канчаткі склонаў: 1. Назоўны склон
Правіла 32. Канчаткі радоў: а) адзіночнага ліку, 1) мужч. роду ы. -і, 2) жаноч. роду ая-яя, 3) ніякага ае-яе, ое
б) множнага ліку ыя
2. Родны склон адзіночнага ліку
Правіла 33. 1) Мужчынскага і ніякага роду не пад націскам ага-яга, пад націскам ога; 2) жаночага роду не пад націскам ае (ай)—яе (яй), пад націскам ое (ой)
3. Вінавальны склон адзіночн. ліку жан. роду
Правіла 34. Канчаткі ую-юю
4. Творны і месны склон
Правіла 35. 1) Канчаткі мужч. і ніяк. роду ым-ім; жаноч. роду: а) у творным склоне не пад націскам аю (ай)—яю (яй), а пад націскам ою (ой).
б) у месным склоне не пад націскам ай-яй, а пад націскам ой
5. Аканьне ў канчатках прыметнікаў
Правіла 36. Канчаткі: 1) роднага і давальнага склонаў мужч. і ніяк. роду ага-яга, аму-яму
2) Родн., давальн., творнага і месн. склонаў жаноч. роду ае (ай)—яе (яй), ай-яй, аю (ай)—яю (яй)
II. Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя.
Правіла 37. Канчаткі. 1) енькі, 2) анькі
III. Ступені прыраўнаньня.
Правіла. 38. Канчаткі ступені: 1) 1-ай: ы—і, ая-яя; ое, ае-яе.
2) 2-ой: ейшы, ая-ае (эйшы, ая-ае)
3) 3-яй: з прыстаўкай най ці з словамі: за ўсіх, ад усіх, самы
Няправільныя ступені прыраўнаньня
IV. Скарочаныя прыметнікі.
Правіла 39. Устаўныя гукі не пад націскам: а-е, а пад націскам о.
§ 14. Правапіс лічэбнікаў:
Правіла 40. 1) складаных, 2) парадкавых, 3) аканьне ў зборных лічэбніках, 4) падвойнае цц у лічэбніках, 5) склонавыя канчаткі парадкавых лічэбнікаў.
§ 15. Правапіс займеньнікаў
Правіла 41. Канчаткі займеньнікаў аднакія з канчаткамі прыметнікаў. Канчаткі: 1) назоўнага скл.
2) роднага, творнага і меснага склонаў мужч. і ніяк. роду
3) жаночага роду
4) Прыстаўкі не, ні ў неазначальных і адмоўных займеньніках. Калі не, ні пішуцца асобна?
16. Правапіс дзеяслоў
Правіла 42. А) Галосныя ў канчатку дзеясловаў I-га і II-га спражэньня абвеснага ладу
1) Калі націск прыходзіцца на канчатак, то 2-я асоба множнага ліку ў I-м спражэньні канчаецца на аце-яце, у II-м—ыце-іце
2) Калі націск не на канчатку, то ў I-м спражэньні еце-аце, а ў II-ім—іце-ыце
3) Як адрозьніць II-е спражэньне ад I-га? Канчаткі неазначальнай формы: 1) іць-ыць, 2) ець-эць, 3) яць-аць
Б) Дзеяслоўныя прыметы і прыслоўі
1) Зьмены дзеяпрыметнікаў паводле роду, ліку і склону
Канчаткі дзеяпрыметнікаў:
а) Даўнейшыя (учы-ючы, ачы-ячы, мы). б) Сучасныя (ны, ты, лы). в) Склонавыя канчаткі дзеяпрыметнікаў
2) Канчаткі дзеяпрыслоўяў: учы-ючы, ачы-ячы
Канчаткі дзеясловаў
Правіла 43. 3-яй асобы множн. ліку I-га спражэньня уць-юць, II-га—аць-яць.
Правіла 44. Адзіночнага ліку цяперашняга і будучага часу 1) 2-й асобы I-га спражэньня еш-аш, II-га—іш—ыш
2) 3-яй асобы I-га спраж. е-а, II-га—іць-ыць
Правіла 45. Множ. л. цяперашняга і будучага часу
1) I-й асобы I-га спражэньня ем-ам, II-га—ім-ым
2) 2-ой асобы а) не пад націскам у I-м спражэньні еце-аце, у II-ім—іце-ыце; б) пад націскам: II-га спражэньня—іце-ыце, I-га—яце-аце
Правіла 46. Дзеясловы з зваротным займеньнікам ся
1) Спражэньне такіх дзеясловаў
2) Канчаткі цца, ца
Правіла 47. Формы загаднага ладу
1) ь (мяккі знак) у 2-й асобе адзіночнага і множнага ліку
2) зьмена канчаткаў 2-й асобы адзін. ліку і-ы на е-э, 1-ай і 2-ой асобы множн. ліку
§ 17. Правапіс прыслоўяў
Правіла 48. А) Прыслоўі пішуцца зьлітна:
1) Калі словы без прыназоўніка ня ўжываюцца, 2) з прыназоўнікамі, 3) калі бывае націск на прыназоўніку, 4) з адмоўнымі дапаможнікамі не (ня), ні
5) Як адрозьніць прыслоўе ад іменьнікаў з прыназоўнікамі? увесну, увосень, удзень, дадому... ці у весну, у восень, у дзень, да дому?
6) Формы прыслоўяў: па-беларуску, па-расійску, па-дзявочы
7) Злучэньне прыслоўяў рыскамі: раз-по-раз, перш-на-перш, чуць-чуць. Прыслоўе “таксама”
Б) Канцовыя гукі ў прыслоўях: а) я (наўмысьля, ледзьвя...) б) у (зранку, змалку, зьнячэўку...) в) на (не) пэўна-пэўне, слушна-слушне (годзе-годзі, балазе); г) ці (дзесьці, калісьці, некалісьці)
§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў
Правіла 49. 1) Складаныя злучнікі
2) Як адрозьніць складаныя злучнікі: нашто, зашто, затым, затое, штоб ад займеньнікаў з прыназоўнікамі ці дапаможнікамі?
3) Ужываньне дапаможнікаў: б-бы, ж-жа, то, небудзь з папярэднімі словамі з злучком (было-б, рад-бы, мой-жа...)
4) Як пісаць, калі сходзяцца два дапаможнікі ра-зам? Калі пісаць б, ж—бы, жа?
5) Дапаможнік “няўжо”
§ 19. Правапіс складаных слоў.
Правіла 50. 1) Злучальныя гукі: пад націскам о-е, не пад націскам а-я
2) Як пісаць кожную часьць складанага слова, калі націск прыходзіцца на другую часьць?
Словы з “поў” ці “палу”
3) Аканьне ў другой часьці складанага слова, калі націск падае на першую часьць, або на злучальны гук
4) Аканьне ў складаным слове, калі ў тэй ці другой часьці адбыліся гукавыя зьмены
5) Ужываньне злучка паміж часьцей складанага слова, калі яно зложана з цэлых слоў (Дунай-рака)
6) З злучком пішуцца: а) падвойныя фаміліі, б) складаныя прыметнікі, в) два дзеясловы (пацяклі-паплылі), г) складаныя прыназоўнікі (бач. прав. 20, Б, 4) і д) складаныя дапаможнікі (ха-ха-ха!)
§ 20. Правапіс чужаземных слоў.
Правіла 51. 1) Чужаземныя словы, вядомыя шырокім народным масам
2) Інтэрнацыянальныя словы, што ўжываюцца ў кніжнай мове
Як перадаюцца чужаземныя гукі ў беларускай мове:
а) простыя зычныя заместа падвойных; б) чужаземнае l—беларускае ль; в) чужаземнае l пасьля зубных, зацьвярдзелых зычных і іншых; г) чужаземны гук ф; д) чужаземны гук th (?); е) чужаземныя гукі l і г (лацін. g); ж) ia, ie, io (лацінск. літары); з) дыфтонг au (лацінск. літары); і) мяккі знак (ь) і апостроф у чужаземных словах; к) чужаземныя і беларускія ўласныя іменьні; л) вульгарызованыя формы чужаземных слоў; м) злучэньні: бю, ню, гю ў чужаземных словах
§ 21. Кароткі паўторны пытальнік
§ 22. Матэрыялы для сьпісваньня і дыктовак.
1. На прадвесьне. Янка Купала
2. Воўчае жыцьцё
3. Летні дзень
4. Як выдумляюцца страхі
5. Жыта. Якуб Колас
6. Ластаўкі
7. Лета
8. Вучыся. Я. Купала
9. Горы
10. Ідуць крыгі
11. Прышла вясна. Стары Ўлас
12. Прырода гатуецца да сну
13. Аратаю. А. Галіна
14. Верны прыяцель
15. Восень. А. Гарун
16. Мурашкі
17. Жніво. Я. Колас
18. Восень
19. Прылёт птушак
20. Навальніца
21. Вожык
22. Маладыя ліскі
23. Рысь
24. Сьвята Першага Мая

ЧАСЬЦЬ ДРУГАЯ. Знакі прыпынку.

§ 23. Пункт, клічнік і пытальнік.
Правіла 1. Калі ставіцца: 1) пытальнік, 2) клічнік і 3) пункт? Калі ставяцца знакі !? і ?!
§ 24. Працяжнік на месцы прапушчаных слоў і злучок.
Правіла 2. I. Працяжнік ставіцца:
1) пасьля пералічэньня, 2) на месцы прапушчанага дзеяслова-сувязі і 3) у сказе, што служыць адказам на пытаньне
II. Злучок ставіцца:
1) калі два словы складаюць адзін назоў; 2) у падвойных фаміліях, 3) у складаных прыметніках, 4) пры паўтарэньні слоў і 5) пры злучэньні дапаможнікаў
§ 25. Знакі прыпынку пры прыдатках
Правіла 3. Пры прыдатках ставяцца: 1) коска, 2) працяжнік, 3) злучок і працяжнік, 4) ніякі знак, 5) двукроп’е, 6) коска перад словамі: або, ці, нават, аж-но... і 7) двукосьсе
§ 26. Знакі прыпынку пры зваротках
Правіла 4. 1) Зваротак у сярэдзіне сказу, 2) у пачатку сказу, 3) у канцы сказу і 4) зваротак з даданымі словамі
§ 27. Знакі прыпынку пры незалежных словах у сказе
Правіла 5. Пры выклічніках ставяцца: 1) клічнік і коска, 2), 3) калі пры выклічніку знак ня ставіцца, 4) злучок у складаных выклічніках і 5) знакі прыпынку пасьля дапаможнікаў: не, так, але
§ 28. Знакі прыпынку пры пабочных словах
Правіла 6. Пабочнае слова 1) у пачатку сказу, 2) у сярэдзіне і 3) у канцы сказу
§ 29. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе
I. Коска.
Правіла 1. 1) Падобныя члены ня зьвязаны злучнікамі;
2) два падобныя члены зьвязаны злучнікамі: і, ды, да, або, ці;
3) коска перад злучнікамі: але, ды, да;
4) коска пры паўтарэньні злучнікаў;
5) коска перад адным злучнікам (і, ды)
Памацняльны дапаможнік і
II. Двукроп’е, працяжнік і кропка з коскай у зьлітым сказе
Правіла 8. Калі ставяцца: А) двукроп’е, Б) працяжнік
і В) кропка з коскай?
§ 30. Знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе
Правіла 9. Злучаныя сказы аддзяляюцца: 1), 2) коскай, 3) кропкай з коскай, 4) двукроп’ем, 5) працяжнікам і 6) трохкроп’ем
§ 31. Знакі прыпынку ў складана-залежных сказах
Правіла 10. 1) Залежны сказ спачатку і ў канцы асноўнага; 2) у сярэдзіне асноўнага; 3) сузалежныя сказы; 4) двукроп’е і працяжнік у складана-залежных сказах
§ 32. Знакі прыпынку пры адасобленых часьцінах сказу
Правіла 11. 1) Дзеяпрыметныя і дзеяслоўныя выражэньні пасьля і перад тым словам, да якога яны адносяцца; 2) коска посьля дзеяпрыметнікаў ці прыметнікаў, калі перад імі можна паставіць дзеяпрыслоўі “будучы” ці “быўшы”; 3) выдзяленьне коскамі дзеяпрыслоўя з даданымі к яму словамі; 4) адно дзеяпрыслоўе, без даданых слоў
§ 33. Знакі прыпынку пры пабочным сказе
Правіла 12. Выдзяленьне пабочных сказаў: 1) коскамі і 2) працяжнікамі або дужкамі
§ 34. Знакі прыпынку пры чужаслоўі
Правіла 13. Двукосьсе або чужаслоўе: 1) чужаслоўе перад словамі аўтара; 2) чужаслоўе посьля слоў аўтара; 3) выдзяленьне слоў аўтара: а) коскамі, б) працяжнікамі, в) двукроп’е посьля слоў аўтара; 4) працяжнік паміж двух розных чужаслоўяў; 5) працяжнік заместа двукосься
§ 35. Кругасказ ‘
Правіла 14. 1) Двукроп’е або кропка з коскай посьля павышэньня ў кругасказе; 2) аддзяленьне суставаў кругасказа, аднаго ад другога, коскай або кропкай з коскай
§ 36. Абагульненьне правіл аб ужываньні знакаў прыпынку
1. Коска. 2. Двукроп’е. 3. Працяжнік і злучок. 4. Двукосьсе. 5. Дужкі. 6. Клічнік і пытальнік. 7. Трохкроп’е. 8. Кропка з коскай. 9. Пункт (кропка)
§ 37. Кароткі паўторны пытальнік
§ 38. Матэрыялы для разбору, сьпісваньня і дыктовак
1. Доля батрачкі. Я. Колас
2. Беларускаму люду. Я. Колас
3. На Палесьсі. Тарас Гушча
4. Нашыя гасьцінцы. Тарас Гушча
5. Скрыпач і ваўкі. К. Каганец
6. Мядзьведзь
7. Птушкі—памочнікі чалавека
8. Мурашкі і іх будова
9. Лясны пожар
10. Зямля, на каторой мы жывём
11. Камень. Т. Гушча
12. Навальніца. Т. Гушча
13. Першае гора
14. Наша дзяржава
Скарачэньні

БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК

БІБЛІОТЭКА ШКОЛЬНІКА.

Андрэеў Л.—Пятруська на дачы. Апавяданьне з жыцьця рабочых—падлеткаў да кастрычнікавай рэволюцыі. Менск, 1928 г. Стар. 38. Цана 13 кап.
Асанг А.—Чорная хваля. Стар. 104. Цана 35 кап.
Баханоўская Е.—Хрыстофор Колюмб. Пераклад з расій-скае мовы. Менск, 1928 г. Стар. 40. Цана 15 кап.
Біанкі Віталі.—Лясныя хаткі. Прыгоды маладое ластаўкі. Менск, 1928 г. Стар. 20. Цана 15 кап.
Біянкі В.—Мышанё Пік. Менск, 1929 г. Стар. 48. Цана 20 к.
Баршава М.—“Лявонка на вёсцы”. Для дзяцей сярэдняга ўзросту. Пераклад з расійскай мовы. Менск, 1928 г. Стар. 27. Цана 20 кап.
Вір Язэп.—“Маленькі балагол”. Апавяданьні для дзяцей. Менск, 1928 г. Стар. 48. Цана 25 кап.
Даніэль М.—Лейба “Бэрлінчык”. Менск, 1920 г. Стар. 32. Цана 12 кап.
Драздоў А.—Унук комунара. Аповесьць. Менск, 1929 г. Стар. 200. Цана 75 кап.
Дарафееў Н. і Палікарпаў М.—“Пагаспадарску”. Апавяданьні. Менск, 1928 г. Стар. 32. Цана 15 кап.
Жыткоў Б.—Пра малпачку. Апавяданьне пра жыцьцё прыручанай малпачкі. Менск, 1928 г. Стар. 28. Цана 15 к.
“Зусім чужая ў дзікіх”. Менск, 1928 г. Старонак. 16. Цана 10 кап.
Замойскі П.—“Ліст Ільлічу”. З малюнкамі. Менск, 1927 г. Стар. 21. Цана 20 кап.