Багдановіч І. ПАЭТЫЧНЫ “ФЕМІНІЗМ” АДАМА М-СКАГА

Пнд, 23 студзеня 2012

Беларуская літаратура

Цэтлікі: Адам М-скі

Катэгорыі: Беларуская літаратура

(Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. – Вып.2. – Мінск, 2002. – С. 79 -83)

Жанчына ў літаратуры мінулага была досыць рэдкаю з’вай. Толькі ХХ ст. стала фактычна адкрыццём жаночага дыскурсу ў літаратуры, звязанага ў тым ліку і з прабуджэннем шырокага еўрапейскага феміністычнага руху. Аднак і сам рух, і “жаночы погляд” на грамадскае жыццё і ролю ў ім жанчыны акрэсліваюцца значна раней, а канец ХІХ ст. высоўвае некалькі знакавых жаночых постацей у польскамоўнай літаратуры Беларусі: Элізу Ажэшку і Зосю Манькоўскую (Тшашчкоўскую), або Адама М-скага.

Фемінізм Э. Ажэшкі, паводле яе твораў, выявіўся ў асноўным у пераадольванні саслоўных абмежаваняў, калі прадстаўніца арыстакратычнага роду, напрыклад, ігнаруючы традыцыі свайго асяроддзя, злучае свой лёс з чалавекам ніжэйшага паходжання (“Над Нёмнам”). У яе творчасці з’явіліся вобразы разняволеных эмансіпаваных жанчын, якія пакладаюцца на сябе ў вырашэнні складаных жыццёвых пытанняў, прымаюць самастойныя рашэнні, імкнуцца сцвердзіць свой грамадскі статус[1]. У творчасці З. Манькоўскай (Тшашчкоўскай) фемінізм у першую чаргу звязваецца з выяўленнем і захаваннем уласнай жаночай сутнасці ў вершах, напісаных ад імя мужчыны. Адам М-скі быў яе трывалы псеўданім, і мала хто ведаў, што за ім хаваецца жаночае аблічча. Ёй як аўтарцы, якая пастаянна носіць не сваю полавую маску, даводзілася вельмі часта пераўвасабляцца, перажываць “жаночыя” пачуцці як бы збоку, быць адначасова каханай і тым, хто кахае, аб’ектам і суб’ектам захаплення. Яе лірычны герой, патрыёт і каханак, – постаць ужо знаная ў польскім рамантызме. Яго любоў да бацькаўшчыны і абавязак патрыёта ярка выявіліся ў цыклах вершаў “Дарагавіцкія песні”. Тэма кахання і закаханых разгортваецца ёю ў вершаваным цыкле “З дзённіка кабеты”, у якіх аўтарка часам павінна была легалізаваць сваё жаночае аблічча.

Чаму З. Манькоўская ўзяла сабе такі псеўданім? З аднаго боку, гэта было свядомай дэманстрацыяй таго, што ў літаратуры яна жадала мець прозвішча, якое б падкрэслівала сувязь яе з роднай зямлёй, з бацькоўскім домам, з тымі “пенатамі”, якія потым будуць апаэтызаваны ў санетных нізках “Засценак Зосін”, “Стары двор”, “Новы двор”, “Выня”, “Дуброва”, вершы “Вечарніца” і іншых з дарагавіцкага цыклу. Сама ж гэтая легендарная Дарагавіца – бацькоўскі маёнтак на Случчыне – і ўсе атрыбуты даўняга шляхецкага жыцця, ваяўнічага і рыцарскага, як бы само сабою падразумявалі лірычнае “я” героя-мужчыны, сацыяльная гендэрная роля якога як раз адпавядала ваярскаму, рыцарскаму статусу. Таму імя і скарочанае прозвішча бацькі Адам М-скі адначасова рэалізоўвала і сувязь з “малой” радзімай і старашляхецкую патрыятычную дамінанту. Узмацненне патрыятычнага струменя яе паэзіі аднак супадае ўжо з досыць познім перыядам яе творчасці, пазначаным пачаткам ХХ ст., бо дарагавіцкія песні з’яўляліся ў друку акурат у 1901–1907 гг., калі яна пасля доўгага перыяду жыцця ў Расіі з мужам-вайскоўцам, урэшце адна вярнулася ў родны край не зламанай жыццём самотнай кабетай, а загартаванай і здольнай да самастойнага жыцця патрыёткай і вядомым у польскім друку паэтам – Адамам М-скім. З другога боку, абраны псеўданім надаваў ёй зусім іншы гендэрны статус, пазбаўляў комплексу грамадскай непаўнацэннасці жанчыны, які быў заўсёднай адзнакай традыцыйных патрыярхатных супольнасцяў, што фактычна і спарадзіла ўрэшце фемінізм. Такім чынам, З. Манькоўскай не трэба было ў вершах змагацца за правы жанчыны і самасцвярджацца ў сваёй паэтычнай жаночай ролі, што між іншым досыць удала ў той жа час зрабіла Марыя Канапніцкая, толькі спачатку падпісаўшыся пад вершам – Марка, а праз увесь час захоўваючы свае ўласныя імя і прозвішча. Аднак для Зосі Манькоўскай больш зручнай падалася мужчынская літаратурная маска, і яна пачала паспяхова насіць яе, пазбавіўшы сябе многіх псіхалагічных праблем, але сутыкнуўшыся з некаторымі іншымі – напрыклад, з самарэалізацыяй жаночага тыпу светаўспрыняцця. Так пачалі нараджацца новыя лірычныя ролі – напрыклад жанчыны, старонкі дзённіка якой прачыталі ці думкі падслухалі.

У вершаваных цыклах “З дзённіка кабеты” Адам М-скі паўстае, такім чынам, у сваім сапраўдным гендэрным абліччы і дазваляе сабе рэфлексіі і споведзь ад жаночага імя. У гэтых вершах рэалізуецца паняцце ідэалу каханага і кахання, якія аўтар адносіць у найвышэйшую духоўную сферу, толькі часам сутыкаючы іх з праблемамі рэальнага зямнога жыцця. Адлюстраваліся ў вершах таксама дух і паэтыка мадэрнізму з тым размаітым абліччам нерэалістычных плыняў мастацкага пісьма, якія аказаліся даспадобы светаўспрыняццю Зосі Манькоўскай. На гэтай глебе, напэўна, натуральным было яе паразуменне і сяброўства з польскім пісьменнікам і рэдактарам вядомага авангарднага часопіса “Chimera” (1901–1907) Мірыямам – Зянонам Пшасмыцкім, у лістах да якога якраз найбольш яскрава праступаў і “краёвы акцэнт” аўтара[2]. З галоўных мадэрнісцкіх матываў, паслядоўна адбітых у паэтыцы Адама М-скага, варта адзначыць матыў кахання і смерці, а таксама перажыванне кантрастных адчуванняў вышыні і прорвы, або здольнасць “знаходзячыся ў пекле... трызніць аб беласнежнай вяршыні”, як сказаў калісьці А. Блок аб творчасці куміра і раданачальніка еўрапейскіх мадэрністаў Ш. Бадлера, вершы якога з захапленнем перакладала З.Манькоўская.

Аблічча жанчыны і тэма кахання ў вершах цыклу “З дзённіка жанчыны” афарбаваны нотамі вялікага смутку і тугі з-за гранічнага адчування празрыстасці мяжы паміж вечнасцю і хуткаплынным зямным існаваннем, дзе надзвычайная няземская моц кахання сутыкаецца з банальнай і шэрай штодзёншчынай. Такім чынам, матывы: каханне і вечнасць; каханне і смерць; каханне і штодзённы быт; які сцірае з яго пазалоту; каханне як парыў вызваленага духу; каханне як поўная сугучнасць душ, якая дасягаецца толькі ў палоне мар, і гаспадаранне пустэчы, холаду і тугі, як толькі пачынаецца палон рэчаіснасці, – менавіта гэтыя матывы становяцца найважнейшымі ў “фемінісцкіх” вершах Адама М-скага і вызначаюць іх мастацкую сутнасць. Часта верш пачынаецца з апеляцыі да ўспаміну, што робіць натуральным момант ідэалізацыі і выхаду з рэальнасці:

Ці ты помніш астраў белых

Тою восенню цвіценне,

Калі ў сэрца стукаў смелы

Шал вясновага натхнення?

Ці ты помніш: рыпнуць дзверы,

Прысмерк прыйдзе вечаровы,

І ў сардэчнасці даверу

Нашы доўгія размовы?..[3]

Так пачынаўся верш “Астры”, дзе далей паэтычнае ўяўленне аўтара малявала самыя ідэальныя ўзаемадачыненні з той істотай, хто “відмам ясным” крочыць побач “у срабрыстым арэоле”:

І плылі, як чоўны – птахі,

Столькі думак – светлых чараў.

Будавалі шчасця гмахі

Мы з найлепшых нашых мараў...

Нам тады не бракавала

Анічога ў той хвіліне,

Сэрца дольнім ласкатала,

Крылы ўзносілі ў вышыні...

І каханне ў чыстай ласцы

Не муцілася сумненнем,

Мы жылі, нібыта ў казцы,

У краіне летуценняў...

Гэтае мадэрнісцкае адчуванне “чалавека на вяршыні” змяняецца ўрэшце адчуваннем таго, што ўсё прайшло, і ёсць толькі попел успамінаў і гнятлівая ява рэчаіснасці. Тыя ўсе фантазіі былі яшчэ да “спаткання з чорнай сілай здраднай зграі”, і менавіта яны вызначалі ўзнёсласць памкненняў і парыванняў, гатоўнасць аддаць усе сілы жыцця на служэнне высокаму і дабрадзейнаму ідэалу. Вось жа цяпер “прамінула ўсё”, застаўся толькі “смутак белых астраў”. У вершы “Скарб” Адам М-скі паэтызуе незвычайную прыгажосць прадмета сваіх мар і таемных думак, стварае ідэальны вобраз каханай, аблічча якой і ёсць яго найкаштоўнейшы скарб жыцця, але ізноў жа ў рэчаіснасці ён аддзелены ад яго непераадольнаю прорвай:

Так мне шчасліва ў памкненнях узнёслых

Зліцца з табой, хоць нас даль разлучыла,

Хоць на зямлі і няма такой сілы,

Каб паяднала навек нашы лёсы.

Нестасоўнасць мар і рэчаіснасць, узнёсласць адных і нізкая пачварнасць другой, нараджаюць адвечны дыскамфорт у душы лірычнага героя, выклікаюць стан бесперапыннай канфліктнасці ў дачыненні да рэальнасці, адчужанасць ад яе, бо яна зводзіць нанішто лепшыя памкненні і пачуцці, разбівае ідэалы. Разуменне гэтай неадпаведнасці нараджае часам сумную іронію, як у вершы “Шчаслівая”, дзе былых узнёсла закаханых аўтар называе “пры тачцы жыцця двума прыкутымі вязнямі”, якія “таньчаць танец тугі ў безвыходным палоне”:

Не, мы нічога з супольнай нашай дарогі

Не прыгадаем, каб дух заняло адразу.

Чыстыя мары сплюгавіў лёс – горкі блазан,

Кветкі пачуццяў ушчэнт заглушылі глогі.

Стэп вакол нас бясплодны, бязлюдны, бязмэтны,

Стэп і дакор, што снуецца, як цень сірочы,

Дух занямеў – ён нявольнік каменнай вежы.

Сілы няма, каб яе зруйнаваць, і ў вочы

Праўдзе зірнуць. Мы свае ланцугі кавалі

Самі сабе, мы нявольнікі вечнай драмы:

Свет апусцеў, бо пачуцці нашы сканалі,—

Без алтара так пустыя марнеюць храмы

Кожнаму з нас калісьці свяціла дзянніца,

Цяпер ад яе ў душы толькі леюць вуглі.

Дык на які ж нам чын варта было з’явіцца

Ў свеце, каб адчуваць, як жа муляюць цуглі...

Ці не падобныя ж жыццёвыя ланцугі імкнуліся разарваць і гераіні Э. Ажэшкі, не жадаючы зносіць цяжар паўсядзёншчыны, што для падпарадкаванай ва ўсіх сферах жыцця жанчыны аказваўся невыноснай і непатрэбнай лямкай, якая душыла сам сэнс дараванага Богам жыцця?! У перадкалядным вершы “Елачка” Зося Манькоўская, або Адам М-скі, так і называла долю жанчыны – самай занядбанай. Яна малюе найперш радасць і ўрачыстасць чакаемай падзеі – свята Божага нараджэння: “Ціхі, светлы, дзень прыгожы на ўсім белым свеце. То ляціць анёлак Божы – радуйцеся дзеці!” Анёлак нясе ўсім падарункі, вястуе “провід Божы” кожнаму на шчасце – і маладым, і старым. Толькі ёсць “свету пілігрымы”, доля якіх – “беспрытульнасць” і “зоркі” якіх далёка. Такая ж, калі не горшая, і доля жанчын. Тут у З. Манькоўскай наогул няма ніякіх ілюзій: “Твае ж зоркі ў хмарах неба спяць яшчэ, кабета”, – піша яна. І далей канстатуе:

Твой вянок пачуццяў звяне

У змаганні з лёсам,

Покуль будучыня гляне

Зоркамі ў нябёсах.

Гэты матыў бяздольнасці і беспрасветнасці лёсу жанчыны быў альтэрнатыўным таму ўзнёсламу абагаўленню, якое бесперастанна культываваў Адам М-скі, ствараючы ідэальны вобраз жанчыны, каля ног якой ён хацеў бы вечна ляжаць:

Ля стоп тваіх ляжаць хацеў бы ў сне я,

Далёкі тым, хто пыхаю хварэе,

Адданы толькі ўзнёслым парыванням.

Тапельцам чуўся бы ў вірах кахання

Шчаслівы, як у небе херувімы.

Маўклівасці чароўная раскоша

Узняць заняпалы дух на подзьвіг можа

І гмах кахання сатварыць з руіны.

Так пісалася ў вершы “Вячорнай часінай”, і зразумела, што надаючы правы паэту Адаму М-скаму гаварыць ад яе імя, Зося Манькоўская тым самым увасабляла свой фемінісцкі ідэал, недасягальны ў рэчаіснасці, але прывабны для творчага будаўніцтва душы. Высокі жаночы ідэал, апеты Адамам М-скім, стасаваўся з мадэрнісцкім вобразам “прекрасной дамы”, якой варта пакланяцца і слугаваць ёй, як гэта заўжды было прынята ў старашляхецкіх рыцарскіх часінах. Сам жа Адам М-скі, як лірычны рыцар, захоплены створанай яго ж уяўленнем жаночай дасканаласцю, ні ў чым не хацеў абніжаць вяршыняў свайго духу, пастаянна бачачы прад сабой жыццёвае прадонне. Ён называў Богам і Катам свайго творчага лёсу “агонь грудзей уласных і гарачых”, і сапраўды гэтым незвычайным агнём пазначаны ўсе яго вершы.


[1] Гл.: Словік С. Вобразы жанчын-эмансіпатак у творчасці Э. Ажэшкі і іх уплыў на грамадскасць другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя // Роля жанчыны ў беларускім грамадстве: Матэрыялы канферэнцый “Роля жанчыны ў беларускім грамадстве” (Гродна, лістапад, 2000 г.) і “Роля жанчыны ў вырашэнні праблем грамадства” (Гродна, сакавік, 2001 г.). Гродна, 2001. С. 61–65.

[2] Гарбінскі Ю. Эпісталярыі Адама М-скага (З гісторыі беларуска-польскага культурнага ўзаемадзеяння ХІХ ст.) // Скарыназнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый”. Мн., 2001. Беларусіка=Albaruthenika. Кн. 20. С. 212.

[3] Тут і далей вершы Адама М-скага цытуюцца ў нашым перакладзе з польскай мовы – І. Б.