Табола М. М. ВЫВУЧЭННЕ РАМАНА УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА «КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ» З ВЫКАРЫСТАННЕМ ТЭХНАЛОГІІ ПЕДАГАГІЧНЫХ МАЙСТЭРНЯЎ

Чцв, 22 сакавіка 2012

Беларуская літаратура

Цэтлікі: Уладзімір Караткевіч

Катэгорыі: Беларуская літаратура

(Коммуникативная компетенция: принципы, методы, приёмы формирования. Сборник научных статей.— Вып. 9.— Минск, 2009)

З пачатку свайго існавання сістэма адукацыі, як спецыяльны сацыяльны інстытут грамадства, была вымушана пастаянна вырашаць два прынцыповыя пытанні: чаму вучыць і як вучыць. Сёння гэтыя пытанні трансфармаваліся ў дзве асноўныя праблемы педагогікі – змест адукацыі і адукацыйныя тэхналогіі. Змест адукацыі вызначаны ў дзяржаўным стандарце адукацыі, патрабаванні да ведаў і ўменняў таксама акрэслены дакументальна (у прыватнасці, апісаны ў Канцэпцыі моўнай і літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь). Па гэтай прычыне на першае месца сёння выходзіць праблема ўкаранення эфектыўных адукацыйных тэхналогій, галоўная задача якіх – не толькі вучыць школьнікаў, але і навучыць іх вучыцца; не толькі даваць веды, але і развіваць асобу. 

Яшчэ ў ХVII ст. Я. А. Каменскі ў «Вялікай дыдактыцы» адзначыў: «Правільна вучыць моладзь – гэта не значыць убіваць у галовы сабраную з аўтараў сумесь слоў, выразаў, думак, а гэта значыць –  раскрыць здольнасць разумець рэчы, каб менавіта з гэтай здольнасці, быццам з жывой крыніцы, пацяклі ручайкі (веды)». Сучасныя метадысты адзначаюць, што ўрок найперш павінен адпавядаць наступным патрабаванням:

  1. настаўнік – не транслятар гатовых ведаў, ён аднадумца вучня ў пошуку ісціны, адкрыты для любой інфармацыі, станоўча настроены на зваротную сувязь;
  2. вучань – не пасіўны слухач, ён кіруе сваёй навучальнай дзейнасцю;
  3. галоўнае ў працэсе навучання – ацэнка спосабаў дзейнасці школьнікаў, а вынік – не пэўная колькасць ведаў, а набытыя навыкі самастойнай працы, прага самаадукацыі, сфарміраваны вопыт творчай дзейнасці [4, с. 69].

Настаўнік павінен арыентавацца на патрэбы вучняў, выкліканыя запатрабаваннямі часу. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі – якраз той дзейсны сродак, які дапамагае, захоўваючы традыцыі ў адукацыі, зрабіць працэс навучання камфортным і даць нашым дзецям разам з акадэмічнымі ведамі цэлы комплекс сацыяльных.

У артыкуле зроблена спроба прапанаваць асноўныя шляхі вывучэння рамана У. С. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» з выкарыстаннем тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрняў. Яна распрацавана і ўжо даўно паспяхова прымяняецца ў Францыі. Асновы тэхналогіі педмайстэрняў заклалі псіхолагі і грамадскія дзеячы Анры Ванлон, Поль Ланжэвен, Жан Піажэ.

А. Дыстэрвег лічыў, што не той добры настаўнік, хто падносіць ісціну, а той, хто вучыць яе шукаць. Калі ў традыцыйным навучанні настаўнік прапануе веды ў гатовым выглядзе, то майстэрня пачынаецца з таго, што па кожным важным пытанні вучні прапануюць свае гіпотэзы, меркаванні, схемы, мадэлі.

Прынцыпы педмайстэрні і задачы, якія ставіць перад сабой настаўнік-майстар (а гэта, па-першае, стварэнне атмасферы супрацоўніцтва, псіхалагічнага камфорту, па-другое, павышэнне ўзроўню камунікатыўнай культуры вучняў, па-трэцяе, стварэнне ўмоў для свабоднага выбару віду дзейнасці і спосабу прад’яўлення вынікаў работы), павінны спрыяць адной з самых важных мэтаў педмайстэрні: не перамагчы, а зразумець.

У залежнасці ад тэмы ўрока, этапу яе вывучэння, узроўню выкладання і іншых фактараў алгарытм пабудовы майстэрні можа вар’іравацца. Але пры ўсёй разнастайнасці алгарытмаў многія з іх маюць аднолькавыя этапы. Праілюструем гэтыя этапы на прыкладзе рамана У. С. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Індукцыя (лац. Inductio – увядзенне, пабуджэнне) – пачатак майстэрні, «момент пробуждения, который раскачивает маятник чувств» (А. А. Окунеў). Што можа быць выкарастана ў якасці індуктара? Мелодыя, якая стварае патрэбны фон, рэпрадукцыі, кадры кінафільмаў, урыўкі з вершаў, сямейныя фотаздымкі і інш. Так, для таго, каб падрыхтаваць вучняў да работы над раманам «Каласы пад сярпом тваім», мы прапануем упрыгожыць партрэт Уладзіміра Караткевіча кветкамі, размясціць над ім плакат з надпісам «Рыцар сумлення і свабоды». Справа і злева павесіць фотаздымкі бацькоў паэта, яго родных і блізкіх. Можна размясціць таксама лозунгі: «Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць і вартым быць яго»; «Хто згубіў сваіх продкаў – сябе губляе, хто згубіў сваю мову – усё згубіў». У якасці музычнага суправаджэння можна выкарыстаць урыўкі з оперы «Сівая легенда» ці аўдыёзапіс маналога самаго пісьменніка. Закранаючы шматграннасць таленту Уладзіміра Сямёнавіча, нельга не згадаць пра яго мастацкія здольнасці. Для прыкладу можна паказаць малюнкі, аўтапартрэты, карыкатуры, шаржы, выкананыя самім мастаком слова [6]. Так, як у рамане паказаны дзеянні, звязаныя з вызваленчым рухам пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, мы прапануем стварыць атмасферу 50–60-ых гадоў, выкарыстоўваючы ў якасці індуктара лозунгі, урыўкі з вершаў, пісьмы і г. д.

Самаканструкцыя: самастойная фармуліроўка мэты ўрока, прапанова ўласных гіпотэз. У якасці заданняў для гэтага этапу ўрока мы прапануем скласці асацыятыўны рад да пэўнага паняцця, звязанага з тэмай урока. Напрыклад, вучні запісваюць рад асацыяцый да паняцця «вызваленчы рух»: патрэбны, безнадзейны, выратаванне, расчараванне, смерць, падпольная дзейнасць і г.д. Пасля робяць першы выбар – падкрэсліваюць самае важнае для іх паняцце. Можна задаць класу пытанне: якім яны ўяўляюць рамантычнага героя ў рамантычных абставінах? Ці з’яўляецца такім героем Алесь Загорскі? Вучням патрэбна даць рад характарыстак на аснове твора.

Сацыяканструкцыя – калектыўны этап работы. Гэта можа быць работа ў парах, групах. Сумесны пошук адказаў на пытанні, абмен ідэямі, стварэнне праектаў. Цудоўна адлюстраваў карысць такой працы Бернард Шоу ў такім выказванні: «Калі ў двух чалавек ёсць па адным яблыку і яны абмяняюцца імі, то ў іх зноў будзе па адным яблыку. Але калі ў двух чалавек ёсць па адной ідэі і яны абмяняюцца імі, у кожнага будзе ўжо па дзве ідэі».

Падчас работы над раманам «Каласы пад сярпом тваім» можна прапанаваць вучням працу ў трох групах, кожная з якіх атрымае сваё заданне.

Група 1

Праблематыка і гісторыя напісання рамана У. С. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Група 2

Народная і дваранская педагогіка ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Група 3

Вобраз Алеся Загорскага

Сацыялізацыя – наступны этап майстэрні. Гэта прадстаўленне работ вучняў і майстра, абмеркаванне розных гіпотэз і пунктаў гледжання. У выніку ўзнікае пытанне: а як павінна быць на самой справе? І адбываецца ўсведамленне няпэўнасці, паяўляецца праблемная сітуацыя. Напрыклад, адны вучні могуць прыйсці да высновы, што вобраз Алеся Загорскага – увасабленне пісьменніцкіх пошукаў ідэальнага героя, праз учынкі якога выяўляецца пісьменніцкая канцэпцыя, а ў іншых будзе свая думка.

Разрыў – эмацыянальны канфлікт, новае бачанне праблемы. Вучням прапануецца супаставіць свае гіпотэзы з меркаваннямі навукоўцаў, пісьменнікаў (важна, каб крыніца інфармацыі была дастаткова аўтарытэтнай). Інфармацыю можна прадставіць рознымі спосабамі: на відэа, у тэкстах, можна запрасіць спецыяліста і інш. Спачатку паяўляецца дыскамфорт, жаданне абараніць звыклае, але затым наступае задавальненне і ўсведамленне адкрыцця.

Напрыклад, на абмеркаванне вучняў можна вынесці выказванне Г. Кісялёва наконт таго, што вобраз Алеся Загорскага вызначаецца пэўнай статычнасцю. «Пісьменнік,— заўважае крытык,— з самага пачатку надзяляе свайго героя рысамі, якія незаўсёды вяжуцца з дзіцячай псіхалогіяй, і таму маленькі Алесь выглядае часам ненатуральным» [ 1. с. 25].

Гэта меркаванне павінна выклікаць шмат водзываў з боку навучэнцаў.

Пасля эмацыянальнага разрыву можна прапанаваць творчую працу (за гэты від работы па жаданні настаўніка і вучня можна паставіць адзнаку). У якасці задання прапануецца напісаць сачыненне-мініяцюру, стварыць сцэнарны эпізод і г. д.

Па раману У. С. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» мы прапануем наступныя тэмы сачыненняў:

  1. Канцэпцыя чалавека і свету ў рамане.
  2. Аўтарскі ідэал чалавека і яго мастацкае ўвасабленне ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
  3. Канкрэтна-гістарычнае і агульначалавечае ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
  4. Тэма адказнасці чалавека за сваё жыццё і яе выражэнне ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
  5. Праблема сям’і, сяброўства, кахання ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Заключны этап майстэрні – рэфлексія: падводзім вынікі працы. Можна падрыхтаваць для вучняў некалькі пытанняў агульнага плану, а можна правесці рэфлексію, састаўляючы вершаваныя формы – сінквейны і дыяманты.

Сінквейн – вершаваная форма (пяцірадкоўе), састаўленае па пэўнай схеме:

  1. назва тэмы ўрока;
  2. два азначэнні, якія характарызуюць тэму;
  3. тры дзеясловы, якія паясняюць тэму;
  4. фраза з чатырох слоў;
  5. слова – сінонім тэмы;

Напрыклад: а) пасля ўводнага ўрока па творы «Каласы пад сярпом тваім» У. С. Караткевіча можа атрымацца такі верш:

Раман «Каласы пад сярпом тваім»

Цікавы і пазнавальны

Захапляе, павучае, выхоўвае

Самы цікавы гістарычны раман

Гісторыя.

б) пасля ўрока «Вобраз Алеся Загорскага» можа атрымацца такі верш:

Алесь Загорскі

Дзядзькаваны, разумны

Змагаецца, сябруе, дапамагае

Я хачу быць такім (ой)

Рамантык.

Дыяманта – сямірадковы верш, пабудаваны на антаніміі паняццяў

  1. тэма (назоўнік)
  2. два азначэнні (прыметнікі)
  3. дзеянне (тры дзеясловы)
  4. асацыяцыі (чатыры назоўнікі) 1, 2 (антонімы) 3, 4
  5. дзеянне (тры дзеясовы)
  6. два азначэнні (прыметнікі)
  7. тэма

На тэму «Бунт у Півошчах» паводле рамана «Каласы пад сярпом тваім» можа атрымацца наступны верш:

Бунт

Доўгачаканы, патрэбны

Абараняе, дапамагае, вызваляе

Барацьба, надзея, супрацьдзеянне, неапраўданасць

Забівае, раз’ядноўвае, пазбаўляе

Непрадуманы, безвыніковы

Бунт у Півошчах.

Падрыхтоўка педмайстэрні, безумоўна, патрабуе эмацыянальных і фізічных намаганняў, але Л. М. Талстой меў рацыю, калі сцвярджаў, што чым прасцей настаўнік вучыць, тым складаней вучыцца вучням. Такі ўрок – сапраўднае свята і прыносіць задавальненне і вучням, і настаўніку.

Літаратура

  1. Ішчанка, Г. М. У. Караткевіч у школе: дапам. для настаўнікаў агульнаадукац. устаноў / Г. М. Ішчанка. – 2-е выданне. – Мн.: Аверсев, 2005.
  2. Караткевіч, У. С. Збор твораў: у 8 т. / У. С. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 1989. – Т.4: Каласы пад сярпом тваім: раман. – Кн. 1. – 399 с.
  3. Караткевіч, У. С. Збор твораў: у 8 т. / У. С. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 1989. – Т.5: Каласы пад сярпом тваім: раман. – Кн. 2; Зброя: аповесць. – 527 с.
  4. Кныш, М. Свята жаданай сустрэчы: патрабаванні да сучаснага ўрока ? Роднае слова. 2005. № 1.
  5. Бухавец, В. У. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры / В. У. Бухавец; пад агул. рэд. С. І. Цыбульскай. – Мінск.: Сэр-Віт, 2006. – 208 с.
  6. Свет вачыма Караткевіча (малюнкі, аўтапартрэты, карыкатуры, шаржы): Навукова-папулярнае выданне / уклад. В. Сіднякова, У. Кузубаў, І. Воранава, В. Пашковіч. – Орша, 2006. 116 с.