Бандарэнка Т. П. Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання ў паэтычнай мове Якуба Коласа (стылістычны аналіз)
Цэтлікі: сінтаксіс, стылістыка, Якуб Колас
Катэгорыі: Беларуская мова
(Личность — Слово — Социум — 2008)
У развіцці беларускай літаратуры i літаратурнай мовы велізарная заслуга Я. Коласа несумненная. Яго творы — яркі прыклад вернага служэння народу, узор увасаблення глыбокага зместу i высокай iдэйнасці ў дасканалую мастацкую форму, дзе няма ні аднаго лішняга слова, ні аднаго шаблоннага звароту. У паэтычнай мове Я. Коласа — здзіўляючая яснасць i дакладнасць, рэальная i строгая суадноснасць слоў i паняццяў, рэдкая празрыстасць сінтаксічнай структуры сказаў, стройная манера выкладу i спакойная мелодыка — рытмічная танальнасць: На цемных ростанях крыжы, Бяроза боязна к бярозе // Тулілася ў нямой трывозе, // Лес у затоенай пагрозе, I зданню куст быў на мяжы [11, c. 307]. (Cпасылкі ў тэксце /тамы i старонкі/ даюцца паводле выдання: Колас, Я. Зб. тв. У 12т. — Мінск., 1961—1964.)
У аснове паэтычных твораў Я. Коласа, дзе канцэнтрацыя моўнага матэрыялу ў вершаваных радках вельмі высокая, — гутарковы сінтаксіс, спецыфіка якога ў тым, што тут шырока распаўсюджаны няпоўныя сказы, шмат аднасастаўных сказаў i разнастайных паўтораў, часта ўжываюцца ўстаўныя i пабочныя канструкцыі, нярэдкія адасабленні, злучэнне пераважае над падпарадкаваннем, бяззлучнікавае аб’яднанне прэдыкатаўных частак складанага сказа — над злучнікавым.
Выключная ўвага Я. Коласа да гутаркова–народных сінтаксічных форм i канструкцый тлумачыцца перш за ўсе яго жаданнем надаць мове эмацыянальнасць, iмкненнем зрабіць сваю высокую паэзію даступнай шырокаму чытачу.
Адным з моўных сродкаў, якія дазволілі класіку беларускай літаратуры стварыць скульптурна выпуклыя вобразы (успомнім вобразы Міхала i Антося з паэмы «Новая зямля», Сымона–музыкі з аднайменнага твора i iншыя), з’яўляецца бяззлучнікавасць — бяззлучнікавае спалучэнне членаў простага і частак складанага сказа, бяззлучнікавыя сувязі ў складаным сінтаксічным адзінстве. Стылістычная прырода i, адпаведна, функцыяніраванне бяззлучнікавых складаных сказаў вызначаюцца наступным.
Эліпсіс злучніка (які нярэдка вядзе і да эліпсісу структуры частак) надае канструкцыям размоўнасць, гутарковасць. Эліптычнасць, непаўната канструкцый у сваю чаргу стварае падкрэсленую рытмамелодыку i дае экспрэсіўны эфект. Бяззлучнікавыя складаныя сказы як параджэнне гутарковага стылю вызначаюцца натуральнасцю, непасрэднасцю, легкасцю, жывасцю i дынамізмам.
Высока ацаніўшы вартасці бяззлучнікавых складаных сказаў розных тыпаў у гутарковай мове, Я. Колас стаў мэтанакіравана ўжываць iх i ў сваей аўтарскай мове, i ў мове сваіх персанажаў. Адзін з самых прадуктыўных i стылістычна выразных тыпаў складаных сказаў у паэтычных творах Я. Коласа — бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання. Спецыфіка такіх сказаў — у своеасаблівай узаемасувязі лексічнага элемента першай часткі з усей другой часткай. Паясняльная функцыя другой часткі заключаецца ў разгортванні зместу выказніка першай часткі, што выражаецца такім словам, лексічная прырода якога нацэлена на раскрыцце думкі, пачуцця, на называнне таго, што ўспрымаецца.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх постпазіцыйны кампанент выступае ў функцыі аб’екта да выказніка, — сказы са значэннем семантычнага разгортвання — адна з вядучых канструкцый, якая з’яўляецца эфектыўнай формай рэалізацыі некаторых граней манеры Я. Коласа. Арыентуючыся на шырокую гутарковасць сваіх твораў, класік беларускай літаратуры ў вялікай колькасці ўключыў сказы такога тыпу не толькі ў мову персанажаў, але i ў аўтарскае паведамленне. У аўтарскай мове бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання, як правіла, выкарыстоўваюцца тады, калі трэба ахарактарызаваць адно з сітуацыйных дзеянняў прэпазіцыйнай часткі: Пацісну я руку герою, // Скажу яму, як друг, як брат: // Як многа сілы ў сабе тоіш, // Зямлі вялікай сын, салдат [II, c. 276]. Стаіць падарожны ды жмецца цясней да хваіны // I чуе: вакол аддаецца // Плач жудкі жанчыны [VIII, c. 285].
Своеасаблівасць бяззлучнікавых сказаў у гэтых выпадках у тым, што сувязь iх з кантэкстам устанаўліваецца праз прэпазіцыйны кампанент. Пры гэтым змест бяззлучнікавага складанага сказа арганічна ўваходзіць у змест усяго абзаца.
Стылістычнае функцыяніраванне падобных бяззлучнікавых сказаў звязана з перадачай эмацыянальна–псіхалагічнага падтэксту, з актывізацыяй сінтаксічнай структуры, якая гарманіруе са зместам.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання ў аўтарскім нейтральным паведамленні выкарыстоўваюцца для надання тэксту легкасці, гутарковай свабоды, непасрэднасці. Акрамя функцыянальна–стылістычнай прыкметы — гутарковасці, для такіх сказаў характэрна i экспрэсіўнасць. Гэта перш за ўсе дынамізм, звязаны як з асобай рытмамелодыкай, так i з эліптычнасцю. У рытмаўтваральнай дынамічнай структуры такіх бяззлучнікавых складаных сказаў «востры» кульмінацыйны націск у канцы пералічальных сінтагм, глыбокая паўза перад заключнай часткай, якая сведчыць аб напружаным чаканні другой часткі, робяць такія сказы выразным варыянтам iх злучнікавых эквівалентаў: Запішы, запомні гэта, майстар ад фашызма. // Не даруе край Саветаў таго бандытызма [II, c. 326]. Прамылі раны, сінякі, спавілі марляй, як малога, // Ды наказалі яму строга — // Ачуньвай, Шкунда, пусцякі [Х, c. 384].
У сказах са значэннем семантычнага разгортвання злучнік лішні, ен толькі абцяжарыў бы канструкцыю, пазбавіўшы яе легкасці i прастаты.
Асноўнымі структурнымі элементамі бяззлучнікавых складаных сказаў са значэннем семантычнага разгортвання выступаюць дзеясловы пэўнага семантычнага класа (дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця), якія з’яўляюцца пераходнымі ў шырокім сэнсе гэтага тэрміна, абавязковая прэпазіцыя часткі, якая характарызуецца сэнсавай i граматычнай непаўнатой: Запамятай цверда, // Разбойнік з Берліна, // Сусветны грабежнік, бандыт: // Ты сам, твае орды // У Савецкай краіне // Жалезны свой зломяць капыт [II, c.169]. Чуюць пчолы — пахне медам, // I на мед яны ляцяць (III, 133). Пры гэтым выказнікам першай часткі можа быць деяслоў, які не выражае непасрэдна пачуццевага ўспрыняцця, а толькі ўказвае на яго магчымасць: Глядзіць афіцэр — дзяўчына варта ўвагі [Х, c. 347]; Зірнуў, паслухаў (Дзяжа) — страляюць дзесь… [X, c. 274].
Выказнік першай часткі сказаў такога тыпу, выконваючы функцыю падрыхтоўкі, падвядзення да акту ўспрыняцця, з’яўляецца арганізуючым структурна–семантычным ядром першай часткі ды і ўсяго бяззлучнікавага складанага сказа. Гэта знаходзіць адлюстраванне ў парадку слоў — у пазіцыі выказніка: наглядаецца тэндэнцыя змяшчаць яго ў непасрэднай блізкасці з наступнай часткай і выдзяляць інтанацыйна — з дапамогай павышэння тону і націску. Такі парадак слоў адпавядае і камунікатыўнаму чляненню сказа ў першай частцы. Прэпазіцыйны дзейнік, як правіла, з’яўляецца дадзеным, зыходным момантам выказвання, выказнік жа — «новым», а таму камунікатыўна больш значымым, што выражаецца ў факце логіка–семантычнага яго выдзялення: Ен (Даніла) азірнуўся — пуста, цемна [VIII, c. 450]. На твар потым зрок людзі пераводзяць — // Дык вось яна, гнюсная здрада [VII, c. 384].
Калі ж больш важным для выказвання з’яўляецца дапаўненне ці акалічнасць часу, яны стаяць у канцы першай часткі і разам з выказнікам уваходзяць у састаў «новага»: Салдат глядзіць навокал строга — // Шмат натварылі чужакі [II, c. 275]. Звярнулі з дарогі ў барoк, // Агледзелі першы грудок — Пуста, адны мухаморы [III, c. 235].
Калі у першай частцы некалькі аднародных дзеяслоўных выказнікаў, то выказнік са значэнем дзеяння, якое непасрэдна падводзіць да ўспрыняцця, абавязкова постпазіцыйны ў адносінах да выказнікаў, лексічна не звязаных з актам успрыняцця: Прыляцеў (бусел), зірнуў — дзе ж падзеўся друг? [II, c. 206]; Бацька ўстаў і абуваўся, // Зірк — Алесь у хаце [III, c. 44].
Перастаноўка аднародных выказнікаў немагчымая, паколькі гэта прывяло б да парушэння лагічнай і часавай паслядоўнасці абазначаных імі дзеянняў.
Асноўная стылістычная функцыя прамога парадку слоў у першай частцы такіх сказаў (як двухсастаўных, так і аднасастаўных), на наш погляд, абумоўлена тым, што постпазіцыя дзеяслова, які падрыхтоўвае ўспрыняцце, спыняе на сабе ўвагу чытача, каб потым поўнасцю засяродзіцца на змесце другой прэдыкатыўнай часткі: Парог яна пераступіла — // О, божа добры, як няміла! [VI, c. 49]. Ён азірнуўся міма волі // На выраз цьмянага акна — Яна ў вакне ці не яна? [Х, c. 403].
Для сказаў са значэннем семантычнага разгортвання перарывістай структуры з прамым парадкам галоўных членаў у першай прэдыкатыўнай частцы характэрны лагічная стройнасць і дынамізм паведамлення.
Калі ж лагічная стройнасць і дынамізм паведамлення ўступаюць месца выражэнню эмацыянальнай усхваляванасці і экспрэсіўнай афарбаванасці паведамлення, парадак слоў першай прэдыкатыўнай часткі можа быць і адваротным, інверсійным — выказнік са значэннем дзеяння, які вядзе да акту ўспрыняцця, прэпазіцыйны ў адносінах да дзейніка і часцей за ўсе — абсалютна прэпазіцыйны. Выдзяленне выказніка ў абсалютную прэпазіцыю нярэдка суправаджаецца эмфазай — эмацыянальнай выразнасцю, напружанасцю маўлення: Глянуў Анцік — вось дзівота [III, c. 171]. Глядзіць Сымон — вачам сваім не верыць: пан Богут [VIII, c. 121].
У абсалютнай прэпазіцыі першай часткі (у паэтычнай мове Я. Коласа такія прыклады адзінкавыя) могуць быць і даданыя члены сказы — дапаўненне ці акалічнасць. Яны эмфатычна выдзяляюцца і з’яўляюцца ўласна «новым», г. зн. сэнсавым цэнтрам паведамлення: На хвоі кіньце вокам вы — // Тут што ні хвоя, то красуня [VIII, c. 158].
Iнверсійны парадак галоўных членаў пры эмфатычным выдзяленні ў пачатковую пазіцыю «новага» (выказніка ці цесна звязаных з ім даданых членаў) абумоўлены ў асноўным стылістычнымі задачамі мастацкага паведамлення. Такая з’ява ў бяззлучнікавых складаных сказах з перарывістай сувяззю частак характарызуе апошнія як яркую стылістычную катэгорыю сучаснай беларускай мовы.
Iнверсія галоўных членаў нярэдка абумоўлена кампазіцыйнай функцыяй першай часткі ў агульнай тканіне мастацкага паведамлення. Сказы з прэпазіцыйным выказнікам часта сустракаюцца ў пачатку паведамлення ці якой–небудзь яго больш ці менш самастойнай часткі, калі яны адлюстроўваюць агульны фон, на якім разгортваюцца далейшыя падзеі і як бы ўводзяць чытача ў паведамленне: Глядзіць ен — акопчык лядачы… [VIII, c. 344]. Зірнуў стары — ідуць салдаты [Х, c. 210].
Прамы і адваротны парадак слоў характэрны і для другой часткі бяззлучнікавых складаных сказаў перарывістай структуры. Прамы парадак тут звычайна тады, калі паведамляецца пра якія–небудзь факты рэчаіснасці. Пры гэтым абодва галоўныя члены могуць быць камунікатыўна значымыя: Глянуў Костусь — дзядзька ззаду з цэпам прэ без духу [III, c. 75]. Глядзіць Марына, аж Богут у бравэрцы выходзіць з дому ў свой абход [VIII, c. 103].
Выказнікі сказаў з адваротным парадкам слоў у другой частцы выражаюць стан ці працяглае дзеянне без указанняў на перамены; нярэдка яны абазначаюць толькі наяўнасць. Сказы з постпазіцыйным дзейнікам — «новым» у саставе такіх сказаў — асабліва ўжывальныя пры разгорнутых апісаннях карцін прыроды, абстаноўкі, сітуацыі і пад: Глядзі — агнявыя там круцяць віры… [II, c. 236]. Зірнуў дзед налева, направа — стаяць адны толькі камлі [VIII, c. 323].
Такім чынам, парадак слоў у састаўных частках бяззлучнікавых складаных сказаў з перарывістай сувяззю звязаны з лексіка–сінтаксічнымі асаблівасцямі і стылістычнай функцыяй кожнай часткі ў саставе складанага цэлага. Першая частка, паведамляючы аб дзеянні асобы, вядомай раней, служыць для развіцця паведамлення, указвае на змену падзей, фактаў. З другога боку, як кампанент складанага цэлага, яна ўводзіць ў паведамленне другую частку складанага сказа. Гэтыя асаблівасці першай часткі надаюць паведамленню лаканічнасць.
Функцыя другой часткі, якая раскрывае змест успрыняцця і нясе асноўную сэнсавую і эмацыянальна–экспрэсіўную нагрузку, абумоўлівае яе апісальны характар: Дружа! Кінь на неба вока — // Колькі зорак, колькі зор! [I, c. 171]. Глядзяць (жанчыны) —чалавек да вар’ята // Сапраўды падобен з аблічча [VIII, c. 377].
Хоць другая частка такіх сказаў і нагадвае сабой граматычна аформленыя сказы, яны, па сутнасці, залежаць ад першай часткі поўнасцю, паколькі іх значэнне падпарадкаванае — канкрэтызаваць выказнік–дзеяслоў першай часткі, быць аб’ектам гэтага выказніка. Сувязь частак настолькі моцная, што асобна (са значэннем дапаўнення) яны існаваць не могуць. Пераходнасць дзеясловаў–выказнікаў першай часткі, выражаецца ў лагічным націску на ім, акрамя таго, зніжанай інтанацыяй на гэтым дзеяслове, які вымаўляецца больш хуткім тэмпам. Другая частка пачынаецца ў больш павольным тэмпе, чым вымаўляецца дзеяслоў–выказнік першай часткі з інтанацыяй, значна больш высокай у параўнанні з тонам перад паўзай.
Першая частка бяззлучнікавых складаных сказаў са значэннем семантычнага разгортвання, як ужо адзначалася, уключае ў свой састаў толькі такія лексічныя элементы (у функцыі выказніка), якія абазначаюць спосаб успрыняцця ці дзеянне, што яго суправаджае. Такім чынам, ланцуг канструктыўных сувязей састаўных частак такіх бяззлучнікавых сказаў аказваецца як бы перарваным — у ім не хапае аднаго звяна (яно магло б быць узноўлена, напрыклад, у наступным выглядзе: увайшоў і ўбачыў, прыслухаўся і пачуў і пад. ), аднак, гэта адсутнасць кампенсуецца за кошт папераджальна–паясняльнай інтанацыі.
Паколькі часткі складаных бяззлучнікавых сказаў перарывістай структуры абЧядноўваюцца ў адзінае цэлае дзякуючы магчымасці устаноўкі прамежкавага звяна, яны выконваюць пэўныя семантыка–сінтаксічныя функцыі ў адносінах да гэтага звяна.
Функцыя першай часткі — указанне на дзеянне, якое падводзіць суб’екта да пэўнага акту ўспрыняцця. Гэта абмяжоўвае змест першай часткі, робіць яго аднастайным. Прызначэнне другой часткі — раскрыць змест успрыняцця. Паколькі ўспрымацца могуць самыя разнастайныя з’явы рэчаіснасці, то і, натуральна, змест другой часткі больш разнастайны, чым першай. З дапамогай бяззлучнікавых складаных сказаў перарывістай структуры Я. Колас па–майстэрску апісвае карціны прыроды, мясцовасці, пэўную абстаноўку, характарызуе рэчаіснасць у часавых ці прасторавых адносінах і пад. Прычым такія канструкцыі вельмі выразныя таму, што пропуск дзеяслова ў прэпазіцыйнай частцы стварае асаблівую напружанасць, а змест постпазіцыйнай часткі часта ўспрымаецца як нечаканая з’ява: Сымон прысеў, прылег, цікуе — // Iдзе павольна чалавек яму наперасек [VIII, c. 121]. Дзяжа ўсхвалеваны без меры, // Глядзіць, вачам сваім не верыць — // Выходзіць Насця ў той жа час [Х, c. 280].
У аўтарскай мове Я. Коласа часткі бяззлучнікавых складаных сказаў, якія перадаюць змест успрыняцця, структурна вельмі разнастайныя: яны могуць быць двухкампанентныя і больш, з бяззлучнікавай і злучнікавай сувяззю паміж сабой, дзякуючы чаму перад вачыма чытача выразна паўстаюць цэлыя карціны з жыцця персанажаў, сцэны пэўнай сітуацыі, абстаноўкі і пад.: Глядзіць (Дзяжа) — палеглі аўстрыякі; // Iх трое там, паўзуць, як ракі; // А кулі свішчуць наўздагон [Х, c. 373].
Пры ўжыванні у мове персанажаў такія сказы маюць некалькі іншы характар. Мэта ўжывання іх тут — стварэнне дынамізму, экспрэсіі, вуснага паведамлення, асабліва пры жаданні перадаць хуткую змену падзей, рада паслядоўных дзеянняў персанажаў. Спецыфіку такіх сказаў у мове персанажаў складае лаканізм іх частак і структурная непаўната, што робіць мову персанажаў натуральнай, гутарковай, выразнай: (Сын:) — Тата, глянь, зірні сюды: // Ці не воўчыя сляды? [II, c. 233]. (Дзяжа:) — Эй, слухай, брат: Ты хто, салдат? [Х, c. 331].
Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання, для якіх характэрны асобы інтанацыйны малюнак, напружаная паўза паміж часткамі, даюць, як мы бачым, вялікі стылістычны эфект: вызначаюцца ярка выражанай дынамічнасцю. Iншы раз аўтар у нейкай ступені здымае напружанасць інтанацыі, абазначаючы на пісьме паўзу не двухкроп’ем, а пратяжнікам. Зірк– яна [II, c. 305]. Праверылі плыт на вадзе — Заганы ніякай нідзе [VIII, c. 348].
Такое ўжыванне працяжніка можна растлумачыць большай графічнай раздзяляльнасцю працяжніка ў параўнанні з двухкроп’ем, прынятым правіламі пунктуацыі знакам паміж састаўнымі часткамі сказаў са значэннем семантычнага разгортвання. Значэнне двухкроп’я, як вядома, — значэнне папераджальнасці; значэнне ж працяжніка — значэнне прычыннасці і паясняльнага аб’яднання розных сказаў
Ужыванне працяжніка, замест агульнапрынятага двухкроп’я, — сведчанне таго, што Я. Колас імкнуўся ўмела выкарыстаць не толькі лексічныя, граматычныя але і пунктуацыйныя сродкі, каб зрабіць мову больш выразнай, даступнай, зразумелай. Працяжнік дапамагае перадаць гутарковыя інтанацыі.
Ужыванне працяжніка з мэтай надаць мове большую выразнасць і яснасць у тых выпадках, калі паводле правіл пунктуацыі патрабуецца пастаноўка іншых знакаў прыпынку, можна лічыць стылістычнай функцыяй працяжніка, якую ен і выконвае ў паэтычнай мове Я. Коласа.
Iншы раз паўза здымаецца тым, што на пісьме перадаецца коскай, а гэта ставіць слова, значэнне якога тлумачыцца, у аднолькавае становішча з пабочнымі: Выйшаў поп, счакаўшы, ў сені, // Жаль да іх пачуў стары, Бачыць, сталі на калені // Прад царквой на цвінтары [III, c. 63—64].
Такім чынам, у сінтаксісе канструкцый Я. Коласа ўвогуле і ў складаных бяззлучнікавых сказах са значэннем семантычнага разгортвання ў прыватнасці — сінтэз яго моўнага майстэрства. Iменна на сінтаксічным фоне сканцэнтраваліся ў гарманічным адзінстве лексіка–марфалагічныя і іншыя спосабы і стварылі рэвалюцыйна–дэмакратычную сілу натхненай, чаруючай музы вялікага майстра паэтычнага слова.
Няд, 8 ліпня 2012
Беларуская мова