Каліта І. У. ТРАСЯНКА ЯК МОЎНЫ І КУЛЬТУРНЫ НІГІЛІЗМ

Няд, 8 ліпня 2012

Беларуская мова

Цэтлікі: культура мовы, трасянка

Катэгорыі: Беларуская мова

(Личность — Слово — Социум — 2008)

Беларуская трасянка, як і ўкраінскі суржык, выклікае шмат пытанняў і супрацьлеглых эмоцый. Як навуковы тэрмін, яна хутка і стала ўвайшла у мовазнаўства, апошнім часам значна пашырае сваё семантычнае поле, пазычаецца суседзямі: у польскім друку сустрэнем эканамічную трасянку, беларусы не скупяцца на азначэнні з рознымі канататамі: духоўная трасянка (голас духа цемры), дзікая мяшанка, нацыянальны брэнд, крыніца натхнення, мова багемы, кіч.

Трасянка — сацыялінгвістычны феномен, які, на маю думку, знітоўвае цэлы комплекс грамадска–палітычных праблемаў постсавецкай Беларусі і праектуе іх на моўную прастору. Трасянку, як і іншыя сучасныя моўныя з’явы (напр. рускі слэнг), якія пачалі актыўна распаўсюджвацца ў постсавецкі час, мэтазгодна разглядаць комплексна, як кампанент агульнаграмадскіх, псіхалагічна абумоўленых змен, дзе мова з’яўляецца толькі адным са шматлікіх кампанентаў разбалансаванай (ці несфармаванай) сістэмы; успрымаць іх як позні ўраджай — гібрыд савецкай моўнай палітыкі. Трасянку можна параўноўваць з суржыкам, таму што іх карані, спосабы ўтварэння і формы існавання, нават паходжанне назваў вельмі падобныя. Абодва паняцці маюць сваю багатую гісторыю і абумоўленыя суседствам з роднаснай мовай — рускай, якая ў пэўны час заняла пазіцыю гегемона ў шматнацыянальным і шматмоўным палітычным саюзе, мела добрыя варункі для развіцця і ўдасканалення сваіх сродкаў. Мовы блізкага і аддаленага наваколля адчулі на сабе значны ўплыў рускай мовы, а на многіх узроўнях усціск ці поўнае знішчэнне асобных элементаў, пластоў. Тое, што моўныя аналагі трасянкі і суржыка не з’явіліся ў казахскай ці іншых мовах высвятляецца моўнай няроднаснасцю. Што да сучасных моўных варункаў у неславянскіх краінах былога СССР, да сфер ўжывання рускай мовы — сітуацыя беларуская падобная да сітуацый у Кыргызстане, Татарстане і іншых, амаль у кожнай дзяржаве можна знайсці паралелі.

Трасянка — псіхалагічная спроба творчага пошуку, пры імкненні захаваць сябе, — спроба быць зразумелым. У гэтым сэнсе няўстойлівасць пазіцыі краіны, а значыць і кожнага асобнага носьбіта нацыянальнай ідэнтычнасці, спрыяе анарматыўнасці названай моўнай з’явы, абумоўлівае стыхійнасць ўзнікнення моўных адзінак і стыхійнасць іх актывацыі (трасянку ўжываюць не ўсе; некаторыя, хто яе не ўжывае, выкарыстоўваюць яе свядома як сатырычны сродак і толькі ў пэўнай сітуацыі). Псіхалагічную прычыну ўзнікнення трасянкі можна патлумачыць неіснаваннем (пошукам, ці імкненнем да) сапраўдных ідэалаў. Праблема нацыянальных ідэалаў бадай што самая галоўная ў псіхалагічным аспекце, якую індывід часцей не ўспрымае свядома. Адваротны бок — свядомая праява нярэдка перарастае ў сляпое пакланенне ці нацыяналізм. Пры адсутнасці або неўспрыманні нацыянальных ідэалаў, нацыя (ці асобныя прадстаўнікі) замяняюць іх ідэаламі бліжэйшых суседзяў. Падмена паняццяў можа мець розныя мэты, формы, і таму розныя вынікі. Прыкладам можа служыць атаясамліванне паняццяў гістарычнай назвы (палітонім) ВКЛ з назвай сучаснай краіны Літва (этнонім), паняццяў савецкая культура (ці літаратура) і руская культура (літаратура), паняццяў Русь і Расія ці СССР і Расія.

Існуе і падмена ідэалаў на ўзроўні трасянкамоўным. Моўная трасянка як адлюстраванне комплекса неўсталяванасці, што можа мець праявы свядомыя і несвядомыя, ці спалучаць свядомыя і несвядомыя праявы рознаўзроўневыя, напр., дзяржаўных інтарэсаў і індывідуальных, ці адрознага ўспрымання прыгожага — непрыгожага, прэстыжнага — непрэстыжнага.

«Некалькі дзён таму недалёка ад майго дому адкрыўся новы цэнтар мабільнай сувязі беларускай фірмы Velkom. Назывецца «Ермак». Якое дачыненне мае да мабільных тэлефонаў заваёўнік Сібіры, для мяне застаецца загадкай…. А кавярня «Бильярд по Чехову» на Ракаўскім прадмесці? А рэстаран «Разгуляй» на Траецкім?… Як і рэстаран «Арбат» на праспекце Скарыны. А ўніверсам «Дивный», а пельмені «Благо», а гарэлка «Стольградная»…» [1, с. 12]

Свядомае і падсвядомае ў абодвух названых варыянтах: дзяржаўным і асабістым бывае абумоўлена суб’ектыўным бачаннем і моднымі тэндэнцыямі, якія дыктуе час. Гэтыя тэндэнцыі суб’ектыўныя самі па сабе, таму што залежаць як ад узроўню развіцця эканомікі пэўнай краіны ў пэўны час, ці ад культурнага развіцця — погляд на якое можа скласціся дзякуючы адзінкам — вядомым асобам, якія выклікаюць захапленне і фармуюць прывабны імідж культуры ці нават краіны цалкам.

Комплекс неўсталяванасці залежыць ад фактараў палітычных і эканамічных, чым больш устойлівы характар яны набываюць, тым хутчэй марнее і мінімалізуецца названы комплекс. У беларускай гісторыі ён прайшоў некалькі этапаў: ВКЛ — моцнае палітычнае аб’яднанне — няма патрэбы сцвяджаць аўтарытэт і значнасць простай мовы; пасля аб’яднання ў Польскім каралеўстве страта дзяржаўнай моцы абумоўлівае развіццё комплекса моўнай непаўнавартасці; далейшае падначаленне Расійскай імперыі садзейнічае двухбаковаму ціску і параўнанню з дзвюма суседнімі мовамі, дзе кожная імкнецца дамінаваць. Беларускі, у той час несфармаваны, моўны каркас лопаецца, як шкарлупа грэцкага арэха, захоўваючы сарцавіну, губляе абалонку — свой ахоўны слой нацыянальных ідэалаў.

«Самаўсведамленне супольнасці можна разглядаць як адну з самых істотных дэтэрмінант нацыі, у той час як канчатковай сінтэтычнай стадыяй нацыянальнага самаўсведамлення з‘яўляецца ідэал. Пошук ідэалаў і іх замацаванне ў агульнай свядомасці — гэта тыя пытанні, якія найбольш востра паўстаюць у пераходныя перыяды грамадскіх трансфармацый, напрыклад, ад таталітарных рэжымаў — да праектавання незалежнага і свабоднага вобразу жыцця грамадства. <… >

Па сваёй сутнасці, грамадскі ідэал ёсць нішто іншае, як праекцыя на паспяховую і перспектыўную будучыню, здольную адрадзіць нацыянальны дух, кансалідаваць нацыю <… >». [2, пераклад]

Моўныя з’явы новай пары, якія выдзеліліся крупным планам ў пастсавецкім часе, а перадусім трасянку, можна дэфінаваць з улікам розных крытэрыяў:

1. Адлюстраванне цалкавай няпэўнай, няўстойлівай сітуацыі краіны і яе іміджу (у т. л. дзяржаўнай мовы) ў сучасным свеце (палітычным, эканамічным, культурным) — комплекс нацыянальнай неўсталяванасці.

2. Камунікатыўная і культурная абмежаванасць межамі бліжэйшага суседства (перадусім дамінантным рускім). Па гэтай прычыне абмежаванне далягляду, у т. л. моўнага, садзейнічае няведанню погляду з іншых пазіцый;

3. Позірк праз чужыя акуляры як спадчына савецкіх часоў, у савецкі час — праз ідэалагічную прызму, у постсавецкі — праз меркі СНД, сфармаваныя расійскімі СМІ (з пазіцый няўласнага светаўспрымання, не інфільтраваныя праз сіта нацыянальных інтарэсаў і патрэб).

4. Як адбітак эканамічнай сітуацыі: вялікія прадпрыемствы падначалены дзяржаўнаму капіталу, бізнес сярэдняга маштабу не існуе, малы бізнес для свайго развіцця мае мала шанцаў, мусіць усімі высілкамі прыстасавацца да сістэмы. Моўная сістэма, што прызнана на дзяржаўным узроўні і вывучаецца ў школе, нацыянальная літаратура (як своеасаблівыя сімвалы дзяржаўнасці ці ўзаконеныя факты дзяржаўнай палітыкі) ўсведамляюцца насельніцтвам як пэўная нацыянальная каштоўнасць, як сродак, які рэпрэзентуе краіну. Літаратурная мова, губляючы сродкі (дыялекты) для сілкавання (вёска ці вымірае, ці зачыняюцца беларускія школы) — пачынае ўспрымацца як апазіцыя ўсюдыіснай трасянцы. Абедзве названыя сітуацыі сведчаць пра няўпэўненасць дзяржаўнага (і моўнага) капіталу ў самім сабе, таму тое, што мела б успрымацца як крыніца для сілкавання, разглядаецца як варожая з’ява, што пагражае развіццю магутнага агульнага комплекса.

Назіраецца інфільтрацыя шматлікіх рэшткаў савецкага спосабу мыслення ў планах псіхалагічным, культурным, гістарычным і моўным. Беларусы з пашанай адносяцца да традыцый, таму і сення савецкія каштоўнасці маюць вагу, сярод іх руская мова займае амаль не першае месца. Але ацэнка беларусамі яе ролі і стану індывідуальная, некаторыя не ўяўляюць сваё жыццё без прысутнасці рускай мовы, іншыя імкнуцца да асэнсаванай ацэнкі. Наступны погляд узяты з беларускай інтэрнэт–дыскусіі: Што дае мне Беларуская Мова?

«Трэба нам яшчэ прыйсці да разумення, што расейская мова ў Беларусі — гэта ўсё ж сурагат, «псеўда», падмена — тое, што ў нас замест мовы. Гэта збеднены, спрошчаны, выхалашчаны наш варыянт расейскай мовы, бо тут, у Беларусі, адсутнічаюць натуральныя крыніцы яе сілкавання і папаўнення». [3]

Параўнаем гэты погляд з поглядам рускім, які таксама не трэба ўспрымаць як думку, што падзяляюць усе рускія: «По большому счёту от возникновения многочисленных «нэшнл рашн» нас отделяет совсем немного. Достаточно собрать и систематизировать имеющиеся «ошибки» русскоговорящих жителей зарубежья, написать соответстующий учебник, издать словарь, и вот, пожалуйста, — новый язык нормированный и кодифицированный, шагает по планете. <… > Распад русского языка на 15 версий — это только один из возможных сценариев. Он может воплотиться в жизнь, если власти в бывших советских республиках возьмут на вооружение лозунг типа «Язык не собственность Кремля!», то есть займут позицию, враждебную к России, но дружественную по отношению к русскому языку». [4]

5. Трасянка — як заканамернае запаўненне лакуны — у беларускай традыцыі паняцці родная мова і матчына мова нятоесныя, таксама як паняцці родная мова і першая мова, многія беларусы не лічаць беларускую мову роднай (што будзе зразумела, відаць, толькі лужыцкім сербам), а таксама многія беларусы, якія называюць яе роднай, не карыстаюцца ёй. Малыя народы вымушана патрапляюць у сітуацыі залежныя, часта бываюць няздольныя ацаніць дар, якім з’яўляецца малая па колькасці носьбітаў мова.

«Трагічнай іроніяй «вялікадзяржаўных моў», прызначаных стаць сродкам паразумення, камунікацыі цэлага чалавецтва, ёсць сама гэта прызначанасць: іх прыцягальнасць, іх «некамунікатыўная» чароўнасць набліжаецца хуткімі тэмпамі да нуля. Камунікацыя, дакладней кажучы, «гіперкамунікацыя» гэтых гіпермоў прыглушаецца, бо нішчыцца прагажосць бацькаўшчыны якімісьці «прахаднымі дварамі», «чалавекапаглынальнікамі» і шматпавярховымі хмарачосамі, абывацелі якіх не ведаюць адзін аднаго і не маюць нічога агульнага. Гэта мегамовы, пазбаўленыя самі сябе — пазбаўленыя сваёй «хатняй утульнасці», непаўторнай чароўнасці, чалавечага цяпла і нечаканага прыліву спакою і здзіўлення, дадзенага кожнай з «малых» моў; калі яна азавецца недзе ў вялізнай прасторы свету — чалавек яе адчуе душой, успрыме трымценнем усіх пачуццёвых органаў, гэтую мелодыю і амаль няўлоўную вібрацыю ўласнага маўлення і ўласнага я» [5, с. 242].

6. Існаванне некалькіх моўных норм, іх выкарыстанне ў рознанакіраваных СМІ.

7. Стракатая нацыянальная сімволіка — працяг савецкай традыцыі.

Названыя ўмовы — добрае ўгнаенне для развіцця і функцыянальнага пашырэння трасянкі: літаратурнай, гарадской, вясковай (дыялектнай), і наколькі гучыць парадаксальна, але ў апошні час — культурнай. «Ляпіс Трубяцкі» і Верка Сярдзючка — адметныя культавыя паставы беларускай і ўкраінскай эстрады, вядомыя ў свеце, а неад’емнай часткай іх творчасці ёсць ні што іншае, як «пачварныя моўныя праявы» — трасянка і суржык.

Трасянка — сацыялінгвістычны феномен, і яе азначэнне як сацыялекту, на мой погляд, з’яўляецца няправільным. Таксама як нельга залічваць да сацыялектаў сучасны рускі сленг. Неабходна выдзяляць перыяды ў развіцці гэтых з’яў, пачатковы, сапраўды, меў бы атрымаць назву сацыялектнага. Трасянка — своеасаблівы нігілізм, творчы падыход, асэнсаванне, а менавіта таму нельга ўспрымаць яе як з’яву чыста негатыўную, але неардынарную, эпатажную. Гэта пераходны галодны перыяд, вынікам якога можа стаць як моўная рэгенерацыя, так і моўная дэградацыя — вынік залежыць ад (магчымасці) выбару нацыі (дзяржаўнай палітыкі). М. Куноўская звязвае трасянку з праблемай нацыянальнага адраджэння, а само адраджэнне бачыць як праблему бацькоў і дзяцей, якая ў Беларусі, паводле яе, атрымала чыста філалагічны характар.

Трасянка як тэрмін, перш за ўсё метафара ці перанос значэння. Таму мэтазгодна разглядаць мэты і прычыны слова ў першасным значэнні. Прычына ўзнікнення сумесі (трасянкі) — недахоп ежы (эканамічная); сродкі: 1) сена (якасны корм) і 2) салома (няякасны баласт); мэта — 1) дапамагчы жывёле перажыць галодны перыяд (часовая і вымушаная), 2) псіхалагічны падыход чалавека да псіхалогіі жывёлы — імкненне паразумецца, у выніку — дапамагчы не толькі жывёле, але і сабе.

Да плюсаў (якаснага элементу) трасянкі можам аднесці:

1. Фанетычная ўстойлівасць (ашчаджае каркас літаратурнай мовы (нормы).

2. Трасянка — стылістычны сродак (дарэчы, не новы — напрнапрыклад, камедыя Янки Купалы «Тутэйшыя»), — які можна параўнаць з існаваннем канцэлярызмаў і лексікі з адценнем афіцыйна–дзелавога стыля ў рускай мове, — дзе размова ідзе пра адны і тыя ж лексічныя адзінкі, ўжытыя ў розных стылях. Фармуючы спецыфічны фон афіцыйнага–дзелавога, з’яўляюцца ў ім неад’емным і арганічным матэрыялам, але ўжытыя ў літаратурным ці іншым, нясуць адценне афіцыёзу.

3. Трасянка — шматпланавая метафара, сродак сатыры і гумару, дзе сатырычны эфект часта дасягаецца дзякуючы фанетычнаму рознагалоссю.

4. Творчы элемент. Плённы сродак натхнення сучаснай беларускай эстрады.

Трасянка можа стаць фактарам нацыянальнай рэгенерацыі пры ўмове існавання беларускай школы ў прамым значэнні гэтага слова, калі школа будзе вучыць беларускай мове на беларускай мове. Інфільтрацыя беларускага менталітэта ў трасянцы — не толькі славутае ўменне прыцярпецца, — стварыць моўныя сродкі больш прыдатныя да паразумення з суседам, але і ўменне ў гэтых умовах выжыць і захаваць сваю адметнасць — пра што, на мой погляд, сведчыць беларускі фанетычны базіс трасянкі (ёсць невялікія адступленні). Трасянка не ідзе на фанетычны кампраміс. Для цікавасці пазначу, што чэшская мова, якая даўно мае ўнармаваны характар, (мяжуе з нямецкай, але не з’яўляецца роднаснай) ідзе на графічны, а такім чынам і фанетычны кампраміс — не маючы ў сваім алфавіце ц i ь, выкарыстоўвае дадзеныя літары нямецкага алфавіта ў прозвішчах нямецкага паходжання — можам іх сустрэць у навінах, на шыльдах у афіцыйных установах, афіцыйных дакументах як абсалютна нармальную моўную з’яву — паказчык нямецкага паходжання.

Э. Сепір адзначае, што мацнейшая тэндэнцыя, якой трымаюцца ўсе мовы — захаваць непарушанай фанетычную сістэму — аднолькавыя гукі выстройваюцца па розных радах, ім належаць іншая знакавасць і розная частотная вага.

Можна казаць аб страце асімілятыўнай мяккасці, якая вымывалася цягам ХХ ст., але ўсе астатнія фанетычныя рысы захоўвае як літаратурная мова, так і трасянка. Таму трэба аддаць належнае агульнаму падыходу да вывучэння беларускай мовы і літаратуры ў школе ў савецкі час, калі пры агульнай тэндэнцыі і арыентацыі на збліжэнне, выкладчыкі беларускай мовы засяроджвалі ўвагу і на вымаўленні. Калі параўнаем сітуацыю з чукоцкай, дзе вусная маўленчая норма адсутнічала (алфавіт не перапрацоўваўся, а ствараўся на аснове лацінскай графікі ў 1930 г. на базе адзінага «Северного» алфавіта, — пісьмовых помнікаў не было), то ўплыў рускай мовы яшчэ больш значны. З 1938 г. пісьмовасць была пераведзеная на рускую графіку. Пазней, аж да 80–х гадоў ХХ ст. паступова дадаваліся розныя дыякрытычныя значкі для абазначэння спецыфічных гукаў; што само па сабе сведчыць пра несфамаванасць моўнай нормы.

«У фанетыцы становіцца адчувальным уплыў рускай мовы (памылкі ў вымаўленні спецыфічных чукоцкіх гукаў), у чытанні па–чукоцку прасочваецца залежнасць вымаўлення ад напісання — ў выніку актывізацыі навыкаў чытання на рускай мове. Умоўнасці адпаведнасці кірылічных знакаў, што перадаюць гукі чукоцкай мовы, прыводзяць да з’яўлення рускага акцэнта пры чытанні, асабліва ў школьным выкладанні». [6]

Узровень фанетычны — кардынальны паказчык мовы ці яе «каркасу».

У чукоцкай мове шматгадовыя пошукі графічнага азначэння фанетычных асаблівасцей сталі асновай для фанетычных змен. Гэтаму яшчэ ў большай ступені садзейнічала сістэма адукацыі. Псіхалагічным падтэкстам зменаў фанетычнага плану можа служыць не толькі школьнае вымаўленне, што прывіваецца на ўроках, але і пазіцыя: мова мажарытарнай нацыі / мова мінорытнай нацыі, пры якой заканамерным з’яўляецца переважны ўплыў мажарытарнай культуры на ўсе сферы.

Говорачы пра стыль, Сепір акцэнтуе ўвагу на наступным аспекце: «Многія людзі згаджаюцца з ілюзіяй, што стыль — гэта нешта, што належыць літаратуры. Насамрэч, стыль — гэта моўная будзёнасць, якая характарызуе як сацыяльную групу, так і індывіда». [7, с. 295]

Улічыўшы інтанацыю, рытм, тэмп, плаўнасць голаса пры вымаўленні, можам перш за ўсе канстатаваць розніцу цячэння моўнай плыні ў рускай і блізкіх ей беларускай і ўкраінскай, ці мовах няроднасных — на аснове спрадвечнай фанетычнай самавітасці. Гэтыя і іншыя паказчыкі ўтвараюць шматузроўневы моўны арганізм, для падтрымання жыццядзейнасці якога неабходны новыя рэчывы, якія не заўсёды вонкава выглядаюць прыдатнымі; але ў пэўныя моманты — перанасычанасці ці аслаблення — арганізм бярэ неабходнае ці вылучае непатрэбнае.

Літаратура

1. Бартосік, З. Фальшывая любоў /З. Бартосік// Свабода. — 2004. — №1 — сакавік — с. 12.

2. Ногойбаева, Э. О проблемах национальной идентификации современного кыргызского общества, Інтэрнет–партал РФ [Электронны рэсурс] / Рэжым доступу: http//www.analytika.org/artikle. — Дата доступу: 14.11.2007.

3. Інтэрнет–дыскусія: «Што дае мне Беларуская Мова?», урывак з выказвання С. Багданкевіч, Інтэрнет–партал Беларусі [Электронны рэсурс] / Рэжым доступу: http://www.mova.by.ru/artykuly/Biel_Mova.doc. — Дата доступу: 21.04.2008.

4. Андреева, О. Мелкорубленный русский / О. Андреева// Русский репортёр. — 2007. — №2/31 / Інтэрнет–партал РФ [Электронны рэсурс] / Рэжым доступу: www.expert.ru/printissues/russian_reporter/2007/02/russky_yazyk/print. — Дата доступу: 31.05.2007.

5. Marvan, Ji. Brбna jazykem otvнranб aneb o иeљtinм svмtovй — Praha: Academia, 2004. — 242 с.

6. Інтэрнет–партал РФ [Электронны рэсурс] / Рэжым доступу: http://socioling.narod.ru/database/lang/chuk. — Дата доступу: 21.04.2008.

7. Сепир, Э. Избранные труды по языкознанию и культурологии / Э. Сепир. — М.: Прогресс, 1931/2001.