Юнаш М. А. ПРЫЁМЫ СЕМАНТЫЧНЫХ ЗМЯНЕННЯЎ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ З КАМПАНЕНТАМІ– САМАТЫЗМАМІ (НА МАТЭРЫЯЛЕ МОВЫ БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ)

Няд, 8 ліпня 2012

Беларуская мова

Цэтлікі: стылістыка, фразеалогія

Катэгорыі: Беларуская мова

(Личность — Слово — Социум — 2008)

Фразеалагізмы на ўзроўні нарматыўнага ўжывання маюць агульнапрынятыя форму і змест. Мова мастацкай літаратуры, акрамя традыцыйнага іх выкарыстання, дазваляе раскрыць стылістычны патэнцыял зваротаў. У такім выпадку фразеалагізмы рэалізуюцца ў адмыслова створаным кантэксце. Пісьменнікі пры дапамозе розных прыемаў па–майстэрску абнаўляюць іх форму і абыгрываюць змест, дасягаючы гумарыстычных, іранічных, сатырычных эфектаў, а таксама для маўленчай характарыстыкі персанажаў. У выніку фразеалагізмы набываюць новыя мастацкія і эстэтычныя якасці, большую сілу выразнасці.

Спрыяльнай умовай для мадыфікацый, якія закранаюць змест устойлівых зваротаў, з’яўляецца «супярэчнасць паміж семантычнай непадзельнасцю фразеалагізма і яго расчляненай формай, кампанентным характарам яго структуры, з аднаго боку, структурная блізкасць фразеалагізма са словазлучэннем, а ў вельмі многіх выпадках і іх слоўна–кампанентнае супадзенне, з другога боку…» (1, с. 223—224). Праведзенае даследаванне дазваляе вылучыць шэраг прыемаў абыгрывання семантыкі фразеалагізмаў праз актуалізацыю іх кампанентаў–саматызмаў.

Супрацьпастаўленне фразеалагізма і лексічнага саматызма. Разгледзім прыклад, калі ў рэпліцы аднаго героя ўжываецца фразеалагізм трапіць у лапы, а ў рэпліцы другога — саматызм рукі: [Дзед Струкач (паказваючы крэмень):] То, можа, паночку, і на гэтым камені трэба пячатку ставіць? Баюся, каб вы і мяне не аштрафавалі часам. [Камендант:] Ты, стары пес, тэж кеды — кольвек трафіш мне ў лапы! [Дзед Струкач:] А я вас, пане камендант, баяўся назваць сабакам: думаў, што ў вас рукі (І. Козел. Папараць–кветка). Стылістычны эфект узнікае ў выніку таго, што саматычны кампанент лапы апрадмечваецца і ўспрымаецца двухсэнсоўна: як сінонім саматызма рукі і са значэннем ‘частка цела жывелы’. Гэта надае выказванню саркастычны характар, служыць трапнай характарыстыкай персанажа.

Канкрэтызацыя саматычнага кампанента. У рэпліцы аднаго персанажа ўжываецца фразеалагізм сэрца не на месцы, а ў рэпліцы другога саматычны кампанент гэтага звароту канкрэтызуецца пры дапамозе прыметніка чулае. У выніку разбураецца сэнсавая цэласнасць выразу, ствараецца саркастычны эфект: [Ганна:] Кінулася я ў хату… сэрца не на месцы… [Агата:] Бач, якое чулае… (М. Ільінскі. Лес цемны). Ганна расказвае міліцыянеру, што ў яе выкралі дачку. Агата не верыць у гэта, яна ўпэўнена, што Ганна зрабіла злачынства: сама загубіла дзіця.

Удакладненне саматычнага кампанента ў фразеалагізме свой нос сунуць саматызмам вуха пераводзіць зварот у свабоднае словазлучэнне, служыць сродкам гумару: [Самавук:] Пры выпрабаванні апарат разнесла. Усе пайшло ў трэскі ды ў дровы. Агонь слупам, дым каромыслам… І машыну, і майстэрню, і два прыватныя домікі — як карова языком… А адной прыгажуні, яна паблізу ішла, вуха адхапіла. [Сідар:] Правільна! Няхай свой нос не суне… [Самавук:] Не нос, а вуха! Сустрэнеш бабу без левага вуха — гэта мая работа! Але ты яе не пазнаеш. Занадта хітрая ведзьма: падфарбуецца, завіўку шыньена ў каўтуны скруціць, і — хоць напаказ (А. Махнач. На паляванні).

Апрадмечванне саматызмаў у фразеалагізмах прапанаваць руку і сэрца, галаву згубіць разбурае сэнсавую цэласнасць гэтых выразаў, перадае іранічнае стаўленне адных персанажаў да другіх: [Алімпіяда (здагадалася):] А–а, дык вы і есць той адзіны кандыдат у жаніхі? [Матыль:] Так. Гэта я! Я не змог вам прапанаваць работы, але я магу прапанаваць сваю руку і сэрца. [Алімпіяда:] О, які вы ашчадны, адразу аддаеце дзве такія каштоўныя часткі… (В. Зуб. Тыдзень вечнага кахання); [Барыс:] З вамі можна галаву згубіць. (Кратае яе валасы. ) [Лена (адхіляецца):] Насіце яе ў авосьцы (А. Дзялендзік. Начное дзяжурства).

Канкрэтызацыя саматычнага кампанента звароту з усей душой пазбаўляе дадзены выраз сэнсавай цэласнасці, служыць сродкам характарыстыкі персанажаў: [Святлана:] Нехарошы вы чалавек, мы да вас з усей душой, а вы… [Бомба:] Я душу не мацаў рукою… не ведаю, што гэта такое. [Марта:] Гэта камп’ютэр добрых пачуццяў: спагады, ласкі, захаплення, дабрыні, чуласці (Г. Марчук. Каханне мае нешчаслівае).

Сутыкненне фразеалагізмаў, якія маюць агульны саматычны кампанент. Адна дзеючая асоба пачынае рэпліку, выкарыстоўваючы фразеалагізм на нагах ‘быць у клопаце’, а другая працягвае, ужываючы іншую ўстойлівую моўную адзінку, якая нарматыўна мае ў сваім складзе такі ж саматызм ногі (у кантэксце ен апушчаны), — ледзь трымацца на нагах ‘з цяжкасцю хадзіць або стаяць ад ап’янення’: [Сенька–Заіка:] Сонца яшчэ не ўзышло, а ен ужо на нагах… [Трэці калгаснік:]…ледзь трымаецца (А. Макаенак. Каб людзі не журыліся). Тым самым дасягаецца сатырычны эфект. Праз рэплікі двух персанажаў выкрываецца схільнасць Самасеева да п’янства.

Сутыкненне фразеалагізма і аманімічнага яго саматычнаму кампаненту слова. Знаходжанне ў блізкім суседстве фразеалагізма ўзяць за жабры і лексічнага саматызма жабры ажыўляе вобразную аснову звароту, узмацняе яго мастацка–выяўленчую выразнасць: [Левановіч:] Гэта дапатопная жывеліна аказалася вельмі жывучай, і некаторыя яе экзэмпляры дажылі аж да нашага часу. Жывеліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры есць у яе, — калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыезус можа шмат шкоды нарабіць (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім). Дадзенаму кантэксту ўласціва саркастычная афарбоўка. У вобразе «свінтуса грандыезуса» маецца на ўвазе лжэвучоны Гарлахвацкі — носьбіт невуцтва і шкодніцтва.

Слова, аманімічнае саматычнаму кампаненту фразеалагізма, можа быць уласным імем: [Заслонаў:] Чаго кульгаеш? [Кропля:] А вам што? Можа вы ўжо і доктарам сталі?.. Тады ў мяне пытанне… Як мы есць народ цемны, маласвядомы, дык растлумачце… Б’юць вашых, немцаў б’юць… Пад Масквой далі ў косці, дык на што ж некаторыя «Косці» разлічваюць, а?.. (А. Маўзон. Канстанцін Заслонаў). Наяўнасць у кантэксце «апелятыва і ўласнага імя парушае сэнсавую цэласнасць фразеалагізма» [2, с. 62], завастрае сатырычную накіраванасць выказвання. Кропля ўпэўнены, што Канстанцін Заслонаў працуе на немцаў. Таму імкнецца падкрэсліць, што ў здраднікаў няма ніякіх шансаў у жыцці.

Сутыкненне фразеалагізма і аднакараневага з яго саматычным кампанентам слова. Гэты прыем звычайна рэалізуецца ў суседніх рэпліках, калі выкарыстоўваюцца, напрыклад, зварот не з тваімі зубамі і лексема бяззубы: [Каравай:] Да–а! А ведаеш, дзед, ты залез не ў свой агарод. Да, да! Ты бальшую палітыку зачапіў. Не з тваімі зубамі туды… [Дзед Цыбулька:] А чаму ета! А? Я яшчэ не бяззубы (А. Макаенак. Таблетку пад язык). З устойлівай моўнай адзінкі не з тваімі зубамі знарок здымаецца метафарычнасць, персанаж успрымае яе нібы ў прамым сэнсе. Актуалізатарам літаральнага значэння фразеалагізма з’яўляецца слова бяззубы. У выніку дасягаецца іранічны эфект.

Выкарыстанне фразеалагізма трымаць вуха востра і слова лапавухія мае месца ў адной рэпліцы: [Андрэй:] А помнікаў сапраўды засталося вельмі нямнога. Нават энцыклапедыя вымушана прыдумляць ганебныя фармуліроўкі. Пра помнікі, знішчаныя ўласнымі рукамі, пішам: не збярогся. А варта было б пісаць: знішчаны па недагляду, глупству, па дурноце, па раўнадушшу, па злой волі. Так было б больш сумленна, а можа, і насцярожыла б таго, каму варта трымаць вуха востра і не трапляць у лапавухія (А. Петрашкевіч. Мост упоперак ракі). Вобразная аснова фразеалагізма трымаць вуха востра ажыўляецца пад уплывам прамога значэння слова лапавухі. Дадзенае слова рэалізуе і пераноснае значэнне ‘някемлівы, малаздольны, абмежаваны чалавек’. Устойлівая моўная адзінка трымаць вуха востра ‘быць вельмі пільным’ сутыкаецца з лексемай лапавухія, каб пераканаць персанажаў, якія не шануюць родную культуру, змяніць свае адносіны да яе.

Сутыкненне фразеалагізма і асацыятыўна звязанага з яго саматычным кампанентам слова. Фразеалагізм насы ўцерці рэалізуецца ў адным кантэксце са словам смаркаты: [Антось:] Малецеся вы, а мяне бог не чуе. Грэшны я, сакалы мае: і турэцкі бог не захоча з Антосем кампаняваць. (Махае рукамі. ) Адчапецеся ад мяне, хлопцы: я ўсім хацеў насы ўцерці, і сам смаркатым застаўся (Я. Колас. Антось Лата). З аднаго боку, прамое значэнне слова смаркаты ажыўляе вобразную аснову фразеалагізма насы ўцерці, з другога — яго пераносна–кантэкстуальнае значэнне ‘той, хто нічога не дасягнуў’ падкрэслівае бязвыхаднасць становішча Антося. Складаныя жыццевыя абставіны падштурхнулі героя да таго, што ен пачаў знаходзіць суцяшэнне ў гарэлцы. Толькі напрыканцы жыцця Антось усведамляе, што гарэлка — гэта атрута, пагібель.

Выраз з носам спачатку выяўляе фразеалагічнае значэнне ‘без таго, на што разлічваў, спадзяваўся хто–н., чаго дабіваўся’, а потым пад уплывам слова насмарк — прамое: [Дзяніс:] Добра, што яны нам сустрэліся… [Сяргей:] Што добрага? Сябра страцілі. Я… Ты таксама з носам… Хоць і без насмарку… (А. Дзялендзік. Амазонкі).

Выкарыстанне фразеалагізма і рэмаркі, у складзе якіх есць агульны саматызм. Яскравым прыкладам рэалізацыі такога прыему ў мове беларускай драматургіі з’яўляецца наступны: [Вікця:] Вам раней трэба на ногі стаць. [Кузьмін:] Гэта я магу. (Становіцца на ногі. ) Вось ужо стаю (К. Крапіва. Людзі і д’яблы). Непаразуменне паміж субяседнікамі выклікае пераасэнсаванне фразеалагізма на ногі стаць. У мове Вікці дадзенаму звароту ўласціва ідыяматычнае значэнне ‘папраўляцца пасля хваробы, ачуньваць, выздараўліваць’. Кузьмін успрымае фразеалагізм літаральна, што і пацвярджае рэмарка становіцца на ногі.

Канкрэтызацыя саматычнага кампанента і выкарыстанне параўнання. У кантэксце саматычны кампанент вусы фразеалагізма самі з вусамі наўмысна пераводзіцца ў слова свабоднага ўжывання, канкрэтызуецца з дапамогай параўнання: [Маша:] Ало! Ну, я! Ды Маша, Маша! Не зайшла і ўсе… А як жа мне з вамі размаўляць? Ведаеце што… А гэта вас не турбуе. Самі з вусамі. Што? З вусамі, кажу. З якімі вусамі? Звычайнымі. Як у Будзеннага. Што? Які вы мне бацька? Вы — самы сапраўдны айчым… (П. Васілеўскі. Чалавек вярнуўся). Выяўляюцца зняважлівыя адносіны аднаго персанажа да другога, парушаецца сэнсавая цэласнасць устойлівай моўнай адзінкі самі з вусамі.

Своеасабліва актуалізуецца саматычны кампанент фразеалагізма прыкусіць язык у наступным прыкладзе: [Пракоп:] Скажы Верцы, хай прыкусіць свой язык, таму што ў ім — смяротная атрута, як у гадзюкі (Я. Шабан. Востраў Алены). Значэнне саматызма язык канкрэтызуецца пры дапамозе словазлучэння смяротная атрута, якое набывае метафарычны сэнс, і кампаратыўнай канструкцыі як у гадзюкі. Значна ўзмацняецца экспрэсіўнасць фразеалагізма, адмоўна характарызуюцца паводзіны гераіні, якая не разумее і не прымае «законаў жыцця» свайго свекра, папракае за тое, што ен дапамог грашыма дзяўчыне, якая засталася сіратой.

Такім чынам, абыгрыванне семантыкі саматычных фразеалагізмаў у мове беларускай драматургіі матываванае, падпарадкаванае аўтарскай задуме, ідэйна–мастацкім мэтам. У пэўных кантэкстуальных умовах назіраецца парушэнне сэнсавай цэласнасці ўстойлівых зваротаў, агаленне ўнутранай формы, узмацненне экспрэсіўнасці, актуалізацыя значэння. Выкарыстоўваюцца такія стылістычныя прыемы, як супрацьпастаўленне фразеалагізма і лексічнага саматызма, канкрэтызацыя саматычнага кампанента, сутыкненне фразеалагізмаў, якія маюць агульны саматычны кампанент, выкарыстанне фразеалагізма і рэмаркі, у складзе якіх есць агульны саматызм, сутыкненне фразеалагізма і аманімічнага яго саматычнаму кампаненту слова, сутыкненне фразеалагізма і аднакараневага з яго саматычным кампанентам слова, сутыкненне фразеалагізма і асацыятыўна звязанага з яго саматычным кампанентам слова, канкрэтызацыя саматычнага кампанента і выкарыстанне параўнання.

Літаратура

1. Лепешаў, І. Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы / І. Я. Лепешаў. — Мінск: Выш. школа, 1998. — 271 с.

2. Шубадзерава, А. М. Каламбур у мове беларускай драматургіі: дыс…. канд. філалаг. навук: 10.02.01 / А. М. Шубадзерава. — Магілеў, 1998. — 110 с.