С. Астанковіч, І. Будзько. ЯЗЭП ЦІХІНСКІ (1843 – 1922?) І АДРАДЖЭННЕ БЕЛАРУСІ

Пят, 31 жніўня 2012

Personalia

Цэтлікі: Язэп Ціхінскі

Катэгорыі: Personalia

(Гістарычны альманах. Т. 17. – Гародня, 2011, С. 124-141)

Імя Язэпа Ціхінскага непарыўна звязана са стварэннем найбольшага беларускага слоўніка ў другой палове XIX – сярэдзіне XX стст. Аднак, звестак пра гэтага выдатнага навукоўца захавалася да крыўднага мала. Інфармацыя, якая падаецца ў энцыклапедычных даведніках, вельмі фрагментарная і няпоўная . Часам яна проста не зусім карэктная .
Пра асобу Ціхінскага дагэтуль пісалі амаль толькі лінгвісты, якія не ставілі перад сабой мэту вывучыць яго жыццярыс. Зрэшты іх, збольшага цікавіла лексікаграфічная дзейнасць Ціхінскага, а не падрабязнасці яго лёсу.
Гісторыкі звярталі яшчэ менш ўвагі на яго постаць. У якасці выключэння можна назваць эмігранцкага навукоўца А. Калубовіча, які змясціў кароткую інфармацыю пра Я. Ціхінскага ў сваім артыкуле “Акт 25-га Сакавіка й адраджэньне нацыянальнай беларускай культуры”. Некаторыя звесткі пра яго маюцца ў кнізе С. Александровіча “Гісторыя і сучаснасць” . Такім чынам, цікавейшая постаць Язэпа Ціхінскага дагэтуль фактычна заставалася незаўважанай і неацэненай нашымі даследчыкамі.
Упершыню слоўнік Ціхінскага быў апісаны Міколай Байковым яшчэ ў 1922 г. Выдатны беларускі лексікограф вельмі высока ацэньваў працу свайго папярэдніка, прылічыўшы яе да галоўнай? каштоўнасці Інбелкульта.
У 30-я гады слоўнік пачалі рыхтаваць да друку. Але прыгатаваная копія разам з рукапісам загінула падчас вайны.
Аказалася, аднак, што існаваў яшчэ адзін варыянт каласальнай працы беларускага даследчыка. З крыніц становіцца зразумелым тое, што Ціхінскі стварыў два экземпляры слоўніка (аўтары артыкула прапануюць назваць іх “мінскім” і “віленскім” спісамі адпаведна).
У канцы 1957 г. у рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літвы частку “віленскага” рукапісу знайшоў беларускі навуковец Аляксандр Вяржбоўскі. Ён жа напісаў тры грунтоўныя артыкулы па тэме, імкнучыся прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы .
Пазней з’явіліся і іншыя работы – Эльжбеты Смулковай і Мікалая Гуліцкага , аднак дагэтуль 7 308 старонак “віленскага спіса” застаюцца маладаследванымі.
Аўтары гэтага артыкула імкнуліся не толькі высветліць невядомыя факты з біяграфіі Ціхінскага і разгледзець некаторыя бакі лексікаграфічнай працы выдатнага навукоўца, але і паспрабаваць даць ацэнку яго дзейнасці на карысць беларускага народа.
Gente Ruthenus, natione Polonus.
Нарадзіўся Язэп Ціхінскі ў 1843 г. у шляхецкай сям’і на Рагачоўшчыне (у той час – Магілёўская губерня). Яго бацькамі былі Фларыян і Антаніна (у дзявоцтве Ціхінская) Ціхінскія, парафіяне невялікага Антушаўскага касцёла . Маці будучага навукоўца была ўладальніцай спадчыннага маёнтка Мазалаў .
Гэты род, вядомы з XVI стагоддзя, з’яўляўся адгалінаваннем сям’і Зянкевічаў (Зянковічаў) гербу “Сякера (Siekierz)” . Ціхінскія мелі ўласны варыянт гэтага гербу, які так і называўся – “Ціхінскі (Cichi?ski)”; былі ўнесены ў другую частку родавых дваранскіх кніг Магілёўская губерні.

Герб Паўла Зяньковіча Ціхінскага (1622)

Шляхту з такімі прозвішчамі можна было сустрэць у самых розных месцах Вялікага княства Літоўскага. Той жа Павел Зяньковіч Ціхінскі ў крыніцы, датаванай 1622 годам, пазначаны як шляхціц Наварадскага павета.
Звесткі пра маладыя гады Язэпа Фларыянавіча, на жаль сціплыя. Вядома толькі, што ён скончыў нейкую навучальную ўстанову, атрымаўшы атэстат за № 11 670 . У 1862 – 1864 гг. служыў у магілёўскай палаце дзяржаўных маёмасцей памочнікам у гаспадарчым аддзеле, маючы чын калежскага рэгістратара . Згодна з тагачаснымі правіламі, каб атрымаць чарговы – губернскага сакратара, трэба было выслужыць тры гады, пры бездакорнай службе – паўтары. Ціхінскі яго атрымаў, але хутка трапіў у адстаўку, магчыма звязаную з яго “польскім” паходжаннем.
25 студзеня 1867 г. Магілёўская кантрольная палата пасылае прашэнне магілёўскаму губернатару “допустить к занятиям по найму” адстаўнога губернскага сакратара Ціхінскага. Згода магілёўскага губернатара, а потым і міністэрства ўнутраных спраў была атрыманая . Але ніякіх звестак пра яго далейшую чыноўніцкую кар’еру пакуль не выяўлена .
У наступным годзе, 25-гадовы Ціхінскі бярэ шлюб з нашмат маладзейшай за яго Людмілай Яноўскай з маёнтка Прусін, Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. Нарачоныя належаць да Магілёўскага фарнага касцёла, але шлюб бяруць у маленькім драўляным Вародзькаўскім храме Чавусска-Чэрыкаўскага каталіцкага дэканата, які абслугоўваў і згаданы маёнтак. Дзявочае прозвішча маці Людмілы – Шэміот, у пэўнай ступені дае адказ на пытанне чаму так адбылося.
Вікенці Лявонцевіч Шэміот (памёр ў 1841 г.) з 1820 г. быў кацярынаслаўскім губернатарам, яго сын віцэ-прэзідэнтам Польскага банка , а іх нашчадкі – памешчыкамі Адэскай і Магілёўскай губерняў . Усе крыніцы вызначаюць менавіта Шэміотаў як уладальнікаў маёнтка Прусін, Ціхінскі быў там, напэўна, толькі арандатарам ці ўпраўляючым . Згодна з матэрыяламі Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 г. ён з’яўляўся у згаданым маёнтку “домаўладальнікам” . Аднак больш дакладнай інфармацыі крыніцы, на жаль, не падаюць.
У 1869 г. у Ціхінскіх нарадзілася дачка Ядвіга, а ў 1871 г. – сын Казімір. Абодва атрымалі добрую адукацыю ў расійскіх сталіцах – Ядвіга скончыла Бястужаўскія курсы ў Пецярбургу, Казімір – Пецярбургскі Аляксандраўскі кадэцкі корпус і Імператарскае Маскоўскае тэхнічнае вучылішча .
На наш погляд, звесткі пра Ціхінскага ў пэўным сэнсе могуць быць дапоўненыя праз разгляд яго бліжэйшага атачэння. Так, на шлюбе ў Ціхінскага прысутнічаў Феліцыян Сурын (1842 ці 1843 – 1921) – літаратуразнавец, этнограф, ўдзельнік паўстання 1863 г. на Магілёўшчыне. У 70-я гг. напісаў шэраг твораў на беларускую тэматыку у выданнях кшталту “Tygodnika Ilustowanego” . На думку беларускага даследчыка А. Літвіновіча, менавіта ён з’яўляецца аўтарам змястоўнага артыкула “Беларусь” для “Геаграфічнага слоўніка Польскага каралеўства” .
Усе гэтыя творы паказваюць, што знаёмы Ціхінскага вельмі добра арыентаваўся у гісторыі Беларусі, асаблівасцях беларускай мовы, літаратуры па беларускай тэматыцы, чытаў і нарыс В. Турчыновіча, і творы Э. Ажэшкі.
На нашу думку, важнае яго стаўленне да тагачаснай беларушчыны:

“Гэта таксама мова славяна-крывічан, якая дагэтуль жыве ў вуснах люду, так доўга ўжываная ў судах, мова, на якой складзены першы Статут, і на якой напісаў свой палемічны твор Мялецій Сматрыцкі, яна не мае слядоў ніякай апрацоўкі і зусім невядома, каб яна была органам і адлюстраваннем думкі адукаваных людзей. Найбольш ёй не хапае абстрактных паняццяў, назваў для элегантных, вытанчаных рэчаў ,і як Сматрыцкі, так і ўкладальнікі статутаў усе гэтыя назвы і паняцці перадавалі польскімі выразамі і цэлымі фразамі.

Даследчык адзначаў, што ўсе адукаваныя беларусы пераходзяць на дасканалыя рускую ці польскую мовы, і ў адрозненні ад Ціхінскага наўрад ці збіраўся нешта рабіць, каб змяніць гэткі стан рэчаў.

“Гэта была праца, якая патрабавала каласальных намаганняў”
У Прусіне Язэп Ціхінскі распачаў работу па стварэнні слоўніка беларускай мовы.
Гэты выдатны прадстаўнік шляхецкага саслоўя адносіўся да той яго часткі, якая ніколі не губляла сувязі з беларускасцю і адчувала блізкасць да мясцовых сялян, у якіх бачыла малодшых братоў, што чакаюць дапамогі. Важная роля пры гэтым адводзілася падтрымцы беларускай мовы. Некаторыя прадстаўнікі шляхецкага саслоўя (асабліва з дробнай шляхты) ўдзельнічалі ў нацыянальнай дзейнасці “плябейскіх” супольнасцей. Гэта актыўнасць праяўлялася перш за ўсё ў асвеце, збіральніцка-этнаграфічнай дзейнасці, часам ініцыявалася пісьмовая творчасць на мове люду” . Аднак, як адзначае ў сваіх успамінах абшарнік з суседняга Клімавіцкага павета К. Барысовіч, людзей, якія б свядома працавалі над усведамленнем беларускага люду, было вельмі нямнога . Улічваючы вялізны аб’ём працы лексікографа, можна гаварыць пра пэўную загадку дзейнасці Я. Ціхінскага.
Аналіз матэрыялаў слоўніка паказаў, што Ціхінскі не меў грунтоўнай філалагічнай адукацыі. Разам з тым цікавасць яго да няпростай лексікаграфічнай працы не згасала на працягу ўсяго жыцця. Фактычна, для аматара ён зрабіў непараўнальна многа. Недахоп ведаў у значнай ступені кампенсаваўся актыўнай працай з разнастайнай літаратурай, у тым ліку слоўнікамі і энцклапедыямі.
Трэба адзначыць, што ў гэты час некаторыя даследчыкі, усведамляючы важнасць укладання слоўнікаў, актыўна працуюць на гэтай ніве . Асобныя навукоўцы, спадзеючыся ўбачыць свае працы надрукаванымі, па ўласнай ініцыятыве дасылаюць свае даведнікі ў Акадэмію навук, хтосьці, убачыўшы працы, накшталт слоўніка Насовіча, прапаноўваў свае дадаткі. У асноўным гэта былі даведнікі невялікага маштабу, у якіх адлюстроўвалася гаворка пэўнага беларускага рэгіёна . Толькі чатыры лексікографы – Я. Ціхінскі, І. Насовіч, У. Дабравольскі і А. Ярушэвіч стварылі работы, у якіх было больш за 10 000 слоўнікавых артыкулаў. Два даведнікі – Насовіча і Дабравольскага былі надрукаваны, астатнія засталіся ў рукапісах.
Паколькі слоўнік Ціхінскага ствараўся ў цяжкі для развіцця беларускай мовы час, калі амаль не існавала шырока вядомых літаратурных твораў на беларускай мове, то лексікограф ставіў перад сабой, фактычна, невырашальную задачу: стварыць слоўнік літаратурнай мовы, якой няма, г.зн. адначасова і весці лексікаграфічную працу, і рабіць спробу ўнармавання, кадыфікацыі і ўзвышэння народнай мовы да стану літаратурнай. Гэта ж адзначыла і Э. Смулкова: “З трохмоўнага ўкладу артыкулаў вынікае, што гэта павінен быў быць слоўнік агульнабеларускай мовы, узвышанай да рангу літаратурнай” .
Колькі цягнулася праца над слоўнікам, зараз няпроста сказаць. Беларускія савецкія даследчыкі А. Вяржбоўскі і М. Гуліцкі ўслед за аўтарамі “Курса сучаснай літаратурнай мовы” (Мн.,1961) сцвярджалі, што гэта адбывалася на працягу прынамсі 40 гадоў .Такую ж дату падае і гісторык А. Калубовіч . Аўтар допіса ў СНК ССРБ (1921 г.) пісаў, што “Цехинский всю свою жизнь употребил на составление Белорусского словаря” . Работа ішла і падчас Першай сусветнай вайны, так і застаўшыся няскончанай, пры гэтым “антыцарскія прыклады з тому “А” указваюць на тое, што аўтар пачаў збіраць матэрыял перад паўстаннем 1863 г.” Такім чынам, стварэнне як мага больш поўнага слоўніка беларускай мовы стала справай усяго жыцця беларускага вучонага.
Беларуска-польска-рускі слоўнік Я. Ціхінскага ўяўляе сабой арыгінальную лексікаграфічную працу, якая яшчэ чакае і выдаўцаў і даследчыкаў. Слоўнік складаецца з трох частак, у якіх паралельным чынам прадстаўлены беларускія (на першым месцы) лексемы, іх польскія (другая калонка) і рускія (трэцяя калонка) адпаведнікі. Галоўнай для аўтара была беларуская частка, гэта відавочна не толькі з таго, што беларуская лексема займае першае месца. Усе беларускія намінацыі пазначаны знакам ?. У якасці графічнай сістэмы для беларускай часткі аўтар выбраў лацінку польскага ўзору, але пад польскім графічным запісам падаецца ў дужках кірылічны адпаведнік. Выбар польскага варыянта графікі абумоўлены тым, што аўтар, відавочна, быў білінгвам, які ўжываў аднолькава актыўна і польскую, і беларускую мовы.
Слоўнікавыя артыкулы складаюцца па наступным прынцыпе: намінацыя (у беларускай лексемы пазначаны націск), сінонімы і лексічныя варыянты (калі яны ёсць), тлумачэнне, тэкставая ілюстрацыя:

Ab?bak
(абабакъ) grzyb czarny Березовикъ
Hryb zwyczajny jadomy szto najbolej rascie? u biareznikach Grzyb pospolity, jedalny, rosn?cy przewa?nie w lasach brzozowych Обыкновенный грибъ, съедобный, ростущий преимущественно въ лесахъ березовыхъ
Pryniasli ababka? Przynie?li czarnych grzyb?w Принесли березовиковъ

Як відаць з прыведзеных прыкладаў, да кожнай лексемы даецца тлумачэнне на адпаведнай мове, чаго не назіраецца ў іншых беларускіх слоўніках таго часу (напрыклад слоўніку І.Насовіча, у якім беларускія лексемы растлумачаны па-руску).
Відавочна, каб захаваць падобны ўклад, спачатку аўтарам слоўніка была створана картатэка, якая пакуль яшчэ не знойдзена. Калі верыць М.Байкову, які працаваў з рукапісам слоўніка Ціхінскага і называе лічбу пададзеных лексем каля 200 тысяч, то картатэка павінна была б складацца мінімум з такой жа колькасці картак, а гэта прыкладна сто шчыльна ўпакаваных стандартных скрынак. Граматычных памет аўтар амаль не выкарыстоўвае, і шэраг даследчыкаў адзначае гэтую ўласцівасць слоўніка як яго недахоп. Аднак прыгадаем у гэтай сувязі вядомую лексікаграфічную працу І.І. Сразнеўскага “Материалы для словаря древне-русскаго языка”, якая стваралася амаль палову стагоддзя (тры тамы выйшлі ў Санкт-Пецярбургу ў 1893, 1902 і 1912 гг.), у якой ужыванне граматычных памет таксама не з’яўляецца аднастайным (правільней сказаць, яны фактычна адсутнічаюць). Сінонімы, фанетычныя і словаўтваральныя варыянты падаюцца па алфавіту пад загаловачным словам, у дужках побач змяшчаецца кірылічны запіс. Ні ў польскай, ні ў рускай частках слоўнікаў сінонімы і варыянты не ўзгадваюцца. Напрыклад:

Ababicca
(абабицца) ?eni? si? ожениться
ababliwacca (абабливацца)
a?anicca (ажаницца)
uzia? babu (узяць бабу)
?anicca (жаницца)
A?ani?szysia piarasta? dure? Przez o?enienie przesta? durzy? Оженившись перестать дурачить
Ababicca nie lanicca, dy treba z rozumam ?eni? si? nie leni? si?, ale trzeba z rozumam Жениться не лениться, но съ розумомъ

Адзначаныя варыянты змяшчаюцца далей па алфавіту з адсылкай да асноўнай лексемы.
У невялікай прадмове да слоўніка Ціхінскі пералічыў шэраг фанетычных асаблівасцей беларускай мовы: аканне, дысімілятыўнае аканне паўночна-ўсходняй часткі Беларусі, яканне, звужэнне е да і на паўднёва-заходніх беларускіх землях, дыфтонг о? на тэрыторыі вакол Ваўкавыска, вымаўленне ў зваротных дзеясловах –цца, прычым чым далей на захад, тым гэтае вымаўленне мадыфікуецца і выглядае як –цся, -цця, пакуль не даходзіць да –цса. Ніжэй падаецца пералік графіка-арфаграфічных прыёмаў, якія выкарыстоўваў аўтар слоўніка пры перадачы беларускага вымаўлення:
Аканне: paradkam, pa paradku, a?anicca, z rozumam, litar, wokam, razhlada?, jakoha, padaszwa, astaro?na, stalica.
Яканне: jadomy, biareznikach, pryniasli, lanicca, hladzie?, ziamli, niapra?da, apiakunstwa, piata, la?y?, ciakawa?ci, hladzie?, ahladna.
Дзеканне адлюстравана паслядоўна пры дапамозе спалучэнняў dz і дз адпаведна: zwadzi? (зваздиць), wadzi?, zdzie?acca, pachodzi?, ludziej, bazhluzdzi?.
Цеканне. Адлюстравана паслядоўна незалежна ад месца ў слове: abahre?, akara?, prymie?, ciomny, cia?kaha, iscinna.
У нескладовае. Гэтая фанетычная з’ява беларускай мовы адлюстроўваецца ў графіка-арфаграфічнай сістэме слоўніка пры дапамозе графемы ? у большасці выпадкаў у пазіцыі сярэдзіны ці канца слова пасля галоснага: ababka?, a?ani?szysia, pacza?, do?ha, nasi?szy, da?sia, kro?ju, Prusaka?, Palaka?, abazachoci?sia. У пазіцыі пачатку слова нават пасля папярэдняга галоснага аўтар ставіць звычайнае u: i udow, zapaczkany u krowi, mnie u znaki, na usiakam dzieli, nia uczyni?.
Гук і. Як ужо было відаць з вышэйпрыведзеных прыкладаў, Ціхінскі пры кірылічным запісе беларускіх лексем ужываў графему и: абабицца, абацадляникъ, абачиць, абачиваць, абдзирацца, злыдникъ, абакулиць. Гэтая ж графема ўжывалася і для абазначэння гука [ы]: адуриць (параўн. запіс лацінкай adury?).
Фрыкатфўны г. Перадаецца дастаткова паслядоўна пры дапамозе знака h: hety, abahrawa?, hre?, jaho, hetyja, darohi, uhniatania, (w) hrawstwi, zhnusnie?.
Палаталізацыя. У слоўніку не аднастайна вытрымліваецца адлюстраванне мяккасці зычных. Пераважна Ціхінскі прытрымліваецца правіла польскай арфаграфіі і для абазначэння мяккасці ўжывае спалучэнне і з галоснымі непярэдняй зоны ўтварэння: abiazh?uzdzi?, abiezh?uzdzi?, napiatak, zadniaja, stawia?, pamie?, prynia? і г.д. Аднак гэтае правіла вытрымліваецца непаслядоўна: abar?o?ycca – abiar?o?ycca, abiazachoczany – абазахочаны. Ціхінскі не сцісла прытрымліваецца адлюстравання асімілятыўнай мяккасці свісцячых (што дзіўна, паколькі польская арфаграфічная сістэма добра пасуе да гэтай з’явы беларускага вымаўлення): rascie?, biareznikach, pryniasli, razbira?, pawid?, bud?, scioba?, wolna?ciach.
Цяжка пакуль што рабіць нейкія грунтоўныя высновы наконт лексічнага складу слоўніка Я. Ціхінскага, наконт прынцыпу адбору слоў. Як адзначыў адзін з першых даследчыкаў гэтай дексікаграфічнай працы М.Ф. Гуліцкі: “Ціхінскі добра ведаў лексічныя запасы беларускай народнай мовы, бачыў перспектывы яе развіцця і ў слоўнік уключаў найбольш вартае і каштоўнае” .
Аснову слоўніка складае агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы. Разам з тым у ім адзначана шмат рэгіянальных слоў пераважна з тэрыторыі ўсходняй Беларусі: po?nia, pacha?, pia?ka, але не толькі: milta, paranasznik, pajedzie. Адначасова ў слоўніку адзначаецца шмат лексем, якія маглі існаваць толькі ва ўжытку адукаванай, інтэлігентнай часткі беларускамоўнага грамадства: abacad?a, lamantar, abacadlanik, abanament, abanawa?, abarania? і інш.
Слоўнік Ціхінскага змяшчае і шмат анамастычных намінацый: тапонімы (Albania, Abchazja, Hawana, Dancyh, назвы міфалагічных істот (Minerwa, Jason), прозвішчы вядомых гістарычных асоб, уласныя імёны (Albin, Aksiuta). Тлумачэнне такога роду намінацый набліжана да энцыклапедычных артыкулаў:

Abarg?jan
(Абардеянъ) Aberdejan Абердинъ
Stalica w hrawstwi Abarden w sredniaj Szkocyi. Port. Tut jo?? najbolszaja u swieci fabryka hrabianco? Stolica w hrawstwie Aberden w srodkowej Szkocyi. Port. Tu najwi?ksza w swiecie fabryka grzebieni Столица въ графств? Абердинъ въ средней Шотландии. Портъ. Тамъ самая большая въ св?т? фабрика гребенцевъ

Асаблівую каштоўнасць і матэрыял для вывучэння складаюць анамастыяныя назвы, якія маюць дачыненне да гісторыі, культуры і этнаграфіі Беларусі:

Pal?sia
(Паліеся) Polesie Пол?сье
Palesica (Пал?сица) kraj szto la?y? pad wialikimi lasami, lasisty. Biarahi, koncy laso?. Szmaty da?nych wajawodztw: Bresko-Lito?skoho, Wa?y?skaho i Kija?skoho, szto najbolaj usiaho maju? laso?. Kraj pod wielkomo lasami le??cy, lesisty. Brzegi, kra?ce las?w. Cze?? dawnych wojew?dztw: Bresko-Litewskiego, Wo?y?skiego i Kijowskiego najwi?cej obfituj?cych w lasy. Край около большихъ л?совъ лежащий, л?сной. Берега, концы л?совъ. Часть бывшихъ воеводствъ: Бреско-Литовского, Волынского и Киевского, бол?е всего изобильныхъ въ л?са

У якасці хібаў слоўніка варта адзначыць нейкую долю калькавання лексем з польскай мовы, асабліва гэта тычыцца аддзеяслоўных назоўнікаў: abaczania (варыянты abaczenia, abaczanie, zabaczenia, spatkania). Уплывам польскай графіка-арфаграфічнай сістэмы тлумачыцца і адсутнасць у падобных лексемах падваення зычных – спецыфічнай рысы беларускай мовы. Усе аддзеяслоўныя назоўнікі вынесены ў асобныя слоўнікавыя артыкулы ў якасці самастойных лексем, маюць шэраг сінонімаў і варыянтаў, гэты прынцып падачы лексічнага матэрыялу адрознівае слоўнік Ціхінскага ад вядомай лексікаграфічнай працы – слоўніка Ліндэ, у якім аддзеяслоўныя формаўтварэнні пападзены ў адным артыкуле з дзеясловам.
Як асобныя слоўнікавыя артыкулы аформлены і дзеепрыметнікі тыпу adbity, ad?amany, listawany. Не вельмі выразна аўтар слоўніка размяжоўвае амонімы і мнагазначныя словы. Напрыклад, asio?ak у значэннях ‘малы асёл’ і ‘брусок’ падаюцца ў розных артыкулах як амонімы, а pali? ‘нішчыць агнём’, ‘абаграваць, атапліваць’, ‘страляць з агнястрэльнай зброі’ як мнагазначная лексема.
Вышэй ужо адзначалася, што шмат прыкладаў створана самім аўтарам, аднак Ціхінскі ў якасці ілюстрацый падае і фразеалагізмы і ўстойлівыя звароты, якія былі вельмі распаўсюджанымі ў вусным народным маўленні. Некаторыя фразеалагізмы вынесеныя ў якасці самастойных слоўнікавых артыкулаў: hady u rady, holma ho?y, duby smalanyja. Як асобныя артыкулы афармляюцца і прыметнікі вышэйшай ступені параўнання: prudszy, prychilszy, ma?niejszy. Асобна падаецца і дымінутыўная лексіка: acupaczak, lepsza?ki.
Прынцыпы тлумачэння лексем звыклыя для лексікаграфічных работ таго часу: сінанімічным радам (abacz ‘abacz, wokam ki?, pawid?, prymie?’), складаназалежным сказам (abaczny ‘toj szto dobra na usio hladzi?, razwa?ai?, szto aba?y na usiakam dzieli’), энцыклапедычным артыкулам (abcas ‘taja miesta na abuwi hdzie stawia? na piatu, wyszej nabitaja zadniaja, kusok padaszwy u czarawika albo bota’). Пры параўнанні тлумачэння некаторых лексем з адпаведнымі са слоўніка Ліндэ становіцца відавочна, што Я.Ціхінскі правёў абсалютна самастойную працу. Так, лексема abzas/abcas/obcas у Ліндэ тлумачыцца наступным чынам: ‘podk?adka, napi?tek, knaflak u trzewik?w, but?w’. Слоўнік Ціхінскага адрозніваецца ад слоўніка Ліндэ і спосабам падачы дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання: Ціхінскі афармляе іх у розныя слоўнікавыя артыкулы, Ліндэ – у адзін.
Некалькі слоў аб польскай частцы слоўніка напісала Э. Смулкова ва ўжо ўзгаданым артыкуле. Польская даследчыца адзначыла, што матэрыял слоўніка можа зацікавіць і польскіх лінгвістаў у плане адлюстравання рыс польскага дыялекту (так званай polszczyzny kresowej): адсутнасць асіміляцыйнай мяккасці свісцячых (аб чым ужо была гаворка вышэй) таксама адзначаецца і ў польскай частцы слоўніка, аканне, рашчапленне носавых галосных і адлюстраванне гэтай з’явы на пісьме, а таксама вялікая колькасць лексічных і сінтаксічных запазычанняў з беларускай мовы.
Цікавасць для даследаванне ўяўляе і руская частка слоўніка Ціхінскага. Як ужо вынікае з вышэйпрыведзеных прыкладаў, Ціхінскі дастаткова добра арыентаваўся ў рускай арфаграфіі таго часу (і гэта не дзіўна, калі прыняць пад увагу яго службу ў рознага роду адміністрацыйных установах). Ціхінскі паслядоўна ўжывае графему ?: вс?хъ, прим?ть, зам?чать, усмотр?ніе, встр?ча, д?лать і інш., графему і: смотреніе, употребленіе, мечтаніе, с оружіемъ; графему ъ: обонементъ, Прусаковъ, тамъ, л?съ, притупляетъ і г.д. Але што тычыцца лексічнага складу рускай часткі слоўніка, сінтаксічных адметнасцей ілюстрацыйнага матэрыялу і тлумачэнняў, то нават пры першым азнаямленні добра відаць, што руская мова не толькі не была роднай для Ціхінскага, але і ступень знаёмства з ёю аўтара слоўніка пакідае жадаць лепшага: накладываніе кому на спину тяжара, пригнятаніе, окружить себя берлогомъ, кормленный боровъ, отохоченный къ городской жизни і г.д.
Такім чынам, Ціхінскі мусіў правесці каласальную працу – не толькі максімальна поўна чэрпаць словы з “народнай мовы”, але і прыдумаць і запазычыць ладную частку тэрміналагічных адзінак – нават такіх, якія нам зараз падаюцца простымі, але беларускім сялянам таго часу невядомыя.
Сімвалічна тое, што разам з пачаткам каласальнай работы Ціхінскага ў 60-70-х гг. XIX ст. супадае пакутлівае нараджэнне мадэрнай беларускай ідэнтычнасці. Пэўную ролю ў гэтых працэсах адыграла і шляхта Магілёўскай губерні.
Расійскія чыноўнікі, напрыклад, ўказвалі на гатоўнасць магілёўскага дваранства садзейнічаць развіццю народнай адукацыі толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе адбывацца на беларускай гаворцы , а вылучаючы ў 1869 г. Магілёўшчыну з Віленскага-генерал-губернатарства, улады лічылі гэта карысным і таму, што існаванне такой вялікай ўскраіннай адміністрыцыйнай адзінкі падтрымлівае самаідэнтыфікацыю польскага насельніцтва, бо прыводзіць “в частые сношения полуполяков могилёвских с настоящими поляками виленскими и ковенскими” .

“…думаю, што наш народ … скора адродзіцца”

Мовазнавец Мікола Байкоў лічыў, што Язэп Фларыянавіч працягваў працу над слоўнікам яшчэ ў 1890—1900-х гг.
На жаль, уся спадчына Ціхінскага (слоўнік і пэўная частка перапіскі), якой карыстаўся Байкоў, загінула ў гады вайны, таму мы не можам даведацца, якія ж людзі перапісваліся з Язэпам Фларыянавічам у гэты час. Зараз вядомыя толькі больш познія дакументы пачатку ХХ ст.
3 чэрвеня 1905 г. Ядвіга Ціхінская, дачка навукоўца, дасылае з Прусіна вядомы ліст А. Ельскаму:
“Шаноўны пане! Пара было б сёння ўзяцца за складанне беларускага лемантара, калі б вы падумалі аб гэтым. З той пары, калі можна стала адчыняць прыватныя школы (мы ўжо таксама пачынаем будаваць і збіраць на гэта грошы), трэба даць падручнікі, лемантары і беларускія кніжкі. Ведаю, што вы пішаце па-беларуску. Мой бацька таксама складае беларуска-польска-рускі слоўнік і гэта даказвае, што ён беларускі патрыёт.
Я пішу па-польску , маю толькі некалькі беларускіх казак. Яшчэ маю просьбу да Вас. Прашу даслаць мне каталог альбо спіс беларускіх кніжак і падаць адрас, дзе можна замовіць для сялян сёння хоць некалькі экземпляраў. Бацька мае некалькі Вашых твораў, але рукапісных, не друкаваных.”
Ельскі адаслаў ёй некалькі кніжак і 7 жніўня 1905 г. атрымаў яшчэ адзін ліст такога зместу:
Я надзвычай удзячная Вам за прысланыя мне кніжкі, якія чытала з маімі хлапчукамі, каб яны маглі пазней прачытаць на вёсцы сваім старым. Я беларуска з нараджэння, бо з паходжання я полька і дзеля гэтага чую сябе абавязанай падтрымліваць іх родную мову, таму што ў іх мала сумленных апекуноў, асабліва – у нашай губерні. Узімку, дзякуючы маім намаганням, тут паўстае школа, бо лічу першым абавязкам грамадства пашырэнне асветы, якая ўказвае шлях да дабрабыту і чалавечай годнасці.
Беларусь у мінулым была нашай малодшай сястрой, можа, будзе роўная з намі ў інтэлекце і самаадчуванні – сёння, хоць і адарваная ад нас, яшчэ чакае нашай дапамогі .
У лісце дачкі Ціхінскага ёсць сведчанне аб тым, што праца над слоўнікам ідзе. Пачынаючы з 1904 г. даследчык пачаў перапісваць падрыхтаваны матэрыял у спецыяльныя сшыткі. Так, том А на кожным з 11 аркушоў па 16 старонак мае такія даты: 1, 7, 9 , 12, 16, 18, 20, 25 верасня, 8, 9, 19 кастрычніка 1906 г., 37 аркушаў тома К напісаны з 1 лістапада 1906 г. па 26 мая 1907 г.: 96 аркушаў тома К напісаны за год і г. д . Мікола Байкоў, які працаваў з іншым варыянтам слоўніка пазначае, што “Рукапіс мае такія надпісы: над літарай В (І арк.) і на апошнім аркушы (27) гэтай літары “3 grudnia 1905”, над літарай С “14 lipca 1905; іншых хронолёгічных дат у рукапісе няма…” .
Напэўна для работы патрабаваўся аўтарытэтны рэцэнзент . Таму ў гэты час Ціхінская дасылае ліст вядомаму польскаму даследчыку, аўтару “Люду беларускага” Міхалу Федароўскаму і частку слоўніка на разгляд. У 1906 г. яна атрымоўвае адказ. Пасля пералічэння шматлікіх праблем і прац славуты навуковец піша:
“Няхай жа шаноўная Пані будзе ласкава прабачыць мне скандальную валакіту, за якую, як мага мацней прашу прабачэння, паведамляю, што нарэшце рукапіс бацькі шаноўнай пані сумленна ад пачатку і да канца праглядеў, праца гэта зрабіла на мяне самае найлепшае ўражанне. Поўны пашаны і павагі М. Федароўскі” .
Дачка навукоўца вельмі занепакоена адсутнасцю ў беларусаў базавых дапаможнікаў, без якіх немагчыма распачаць адукацыю на роднай мове. Трэба адзначыць, што наяўнасць падобных праблем разумелі многія актывісты, спрабавалі пераадолець іх. Той жа Еўдакім Раманаў, яшчэ ў 70-я гг. ХІХ ст. распачаў стварэнне кароткай беларускай граматыкі. У 1875 г. стварыў рукапіс беларускай граматыкі праваслаўны святар з палескага мястэчка Лунін Платон Ціхановіч . Пытаннямі правапісу беларускай мовы займаўся ў пачатку ХХ ст. і Апанас Ярушэвіч. На жаль, гэтыя праекты так і не ўвасобіліся ў жыццё.

“Прасіў бы паночкаў выслаць мне 10 календароў…”
У 1906 г. пачынаецца новы этап беларускага нацыянальнага руху – “нашаніўскі”. Беларускі навуковец становіцца “пранумаратарам” (падпісчыкам) газеты і карэспандэнтам – адзіным на ўвесь Чэрыкаўскі павет . Усяго ў 1909 – 1912 гг. “НН” былі надрукаваныя тры яго допісы .
Аўтара, “селяніна” Язэпа Бурачка , клапоцяць адвечныя для земляроба праблемы неспрыяльнага надвор’я (“У нас весна ў гэтым гаду была доўгая, мокрая і халодная”) і неўраджаю (хлеба па вёсках у гаспадароў ужо нема), беспрабуднага п’янства аднавяскоўцаў (ў нас такі звычай, што бацькі ды й дзядзькі зацягваюць дзяцей у шынкі).
Відавочна Бурачку ў жыцці давялося сустрэцца з несправядлівасцю, бо шмат ўвагі удзяляецца гэтай тэме (з магазыну даюць крыху і то багацейшым і спрытнейшым, хто ведае каму і як пакланіцца; па якімсь там інтрыгам, памелі ахвоту памсціцца і нагадзіць яму) і г. д.
Аднак часам селянін хутчэй саступае месца ліберальнаму абшарніку, які важную ролю ў жыцці краіны адводзіць развіццю асветы, парламенцкай дэмакратыі і земскаму самакіраванню, што прыносяць вялікую карысць для супольнага дабра, рэзка выступае супраць чарнасоценцаў і ўрадавага гвалту.
У сваёй рабоце “Гісторыя і сучаснасць” Сцяпан Хусейнавіч Александровіч цытуе частку ліста ў “НН” селяніна з Прусіна Паўлюка Жучка, які пісаў так:
“Прачытаўшы адзін № Вашай газеткі, мне вельмі захацелася, як беларусу, чытаць пісьмо гэтае ў сваёй роднай мове. Пасылаю мазалём дабытыя грошы і прашу высылаць з 1 ліпца 1909 г. гэту Вашу “Нашу Ніву”. Архіўныя пошукі дазволілі выявіць гэты ліст. Ён заканчваецца так: “друкаваную літарамі рускімі вэдлуг такога адресу: на станцію Крычаў, Магілёў. губ, у маёнтак Прусін Ціхінскаму для Паўлюка Жучка.” Адправіў жа ліст настаўнік Яўхім Варанцоў, герой нашаніўскай карэспандэнцыі 1910 г. з Прусіна Цалкам магчыма, што пад гэтым псеўданімам хаваецца як-раз Варанцоў, бо настаўнікам было забаронена выпісваць першую беларускую газету.
Ліст Ціхінскага ад 31 снежня 1909 г., утрымлівае зветкі аб каляндарах “рускімі буквамі і польскімі” літарамі, высланых рэдакцыяй даследчыку. Арыгінал допіса Ціхінскага у “НН” 1912 г. утрымлівае просьбу “выслаць …10 календароў, як будуць надрукаваны…” .
Такім чынам, згаданыя дакументы сведчаць аб тым, што Ціхінскі імкнуўся не толькі сабраць багацці беларускай гаворкі, але і распаўсюдзіць друкаванае народнае слова.

“Агітацыя паміж цёмнага народу гэта абуджэнне дзікіх інстынктаў”
Нашы ўяўленні аб светапоглядзе Язэпа Ціхінскага ў пэўнай ступені ўдакладняюцца звесткамі з яго слоўніка.
І адметнасцю слоўніка Я.Ціхінскага, і яго несумненнай вартасцю з’яўляецца ілюстрацыйны матэрыял. І.І. Насовіч, як вядома, у сваім слоўніку ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу прыводзіць або вытрымкі з некаторых помнікаў беларускага пісьменства, або цытуе народныя выразы. Я.Ціхінскі дзейнічаў некалькі інакш. Несумненна, ён меў нейкія запісы і нататкі жывога народнага маўлення, частка ілюстрацыйнага матэрыялу сведчыць пра тое, што гэтыя выразы запісаныя з вуснаў носьбітаў беларускіх дыялектаў (у асноўным, гаворка ідзе пра нейкія ўстойлівыя звароты, фразеалагізмы, прымаўкі і прыказкі): ababicca nie lanicca, dу treba z rozumam, da?sia u znaki і інш. Аднак большасць цытат аўтар ствараў сам. Многія ілюстрацыі сведчаць аб выразнай грамадзянскай пазіцыі Ціхінскага.
Асаблівую цікавасць для сучаснага даследчыка уяўляюць ілюстрацыі з палітычным падтэкстам:

тиранъ Okrutnik Akrutnik
(акрутникъ)
tyran (тыранъ)

Человекъ жестокий, тиранъ, мучитель, варваръ. Czlowiek okrutny, tyran, ten co m?czy, dr?czy. Cza?awiek akrutny, tyran, toj szto muczy?, drenczy?
Муравьев віленскій былъ мучитель Б?лой Руси и Литвы. Murawjow wile?ski okrutnik Bia?orusi i Litwy by?. Murauja szto ?y? u Wilni akrutnik Bia?arusi i Litwy by?.

Іх аўтар, відавочна, выступаў супраць радыкальных палітычных пераўтварэнняў, бо лічыў што: “Ahitacja pamie? ciomnaha narodu heta abud?enia ciomnych instynkta?” (Ahitacja – agitacja – агитація), “Anarchija u roku 1905 by?a u nas” (Anarchija – anarchia – анархія). Вялікая ўвага надавалася падзеям парламенцкага жыцця. Напрыклад, пасля разгона ІІ Дзяржаўнай Думы з’явіўся такі запіс: “Amnestji nia by?a dana Carom daputatam druhoj Dumy za Wybarh” (Amnestja – amnestja – амнистія”).
Некаторыя нейтральныя агульнаўжывальныя словы маюць у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выказыванні, якія прымушаюць прынамсі задумацца аб матывах, што падштурхнулі стваральніка слоўніка да такіх нязвыклых рэмінісцэнцый:
Abcas – obcas – каблукъ: Abcas kulaju zbity (Obcas zbity kul?, каблукъ сбитый пулей);
Abakro?lany – okrwawiony – окровавленный: abakro?lany ?upan (Okrwawiony ?upan, Окровавленный зипунъ);
Abacz – zobacz – посмотри: abacz jakuju ranu maju (Zobacz jak? ran? mam, Посмотри какую маю рану). Відавочна, што яны навеяны нейкімі ваеннымі падзеямі, сведкам якіх і быў аўтар слоўніка, хутчэй за ўсё, паўстаннем 1863 г.
Частка цытат сведчыць аб гуманістычных ідэалах Я.Ціхінскага і аб тым, што слоўнік павінен быў выконваць і выхаваўчую ролю сярод моладзі: aba??enia bli?niaha heta pod?a (obe?ganie bli?niego jest podle, Оболганіе ближняго есть подлость); abarania? treba s?abych, sirot i udow (obrania? nale?y s?abych, sierot i wd?w, Сл?дуетъ оборонять слабыхъ, сиротъ и вдовъ).
Ціхінскі актыўна крытыкаваў хібы сучаснага яму грамадства – “Akupicca, sztob palicja jak sma?a nie wiaza?asia” (Akupicca – okupywa? si? – окупиться), “Adyli? widzi? szto nacza?y habary biaru? i niapra?daj ?ywu?” (Adyli? – rzeczywi?cie – д?йствительно), “Adwakacki zwyczaj bra? hroszy i niczaho nie rabi?” (adwakacki – adwokacki – адвокатский), “Akropna?? naszaha mu?yka, ich biedna?? i ciemnata”(akropna?? – okropno?? – ужасъ).
Каментары ўтрымліваюць і адносіны аўтара да прадстаўнікоў некаторых народаў: “?ydu, cho?by achszczonamu niamo?na wiery?” (Akszczony – ochrzczony – окрещённый), “Ajarmia? dobra Niemcy umieju?” (Ajarmia? – ojarzmia? – поработить), “Trudna Maskala ad hare?ki aduczy?” (Hare?ka – gorza?a – водка ) і г. д.
Крыніцы паказваюць, што Язэп Фларыянавіч марыў пра выданне плёну працы ўсяго свайго жыцця. У пачатку 1909 г. у “НН” з’явілася рэкламная абвестка выдавецкай суполкі “Наша хата”. Узрадаваны Ціхінскі становіцца членам таварыства, спадзеючыся на дапамогу ў друку. Гэта пытанне абяцалі разгледзець на паседжанні “паўнапраўных сябрукоў” выдавецтва . Але станоўчага адказу не магло быць – беларускія выдавецтвы пачатку ХХ ст. былі занадта слабыя, каб надрукаваць працу такога маштабу. Так, “Наша хата” за час свайго існавання (1908 – 1911) выдала ўсяго восем кніг, з іх тры – для дзяцей .

“Было бы преступлением оставить погибать от голода лучших сынов Белоруссии…”

У 1914— 1918 гг. Ціхінскі дапісваў і ўдакладняў справу свайго жыцця. Пасля пачатку вайны да бацькі пасля доўгай адсутнасці вярнулася Ядвіга, зноў узяўшыся за працу ў мясцовых школках. У сваіх успамінах яна прыгадвае і такую цікавую акалічнасць: “…я стварыла беларускую бібліятэчку, закупіўшы ўсе кніжкі, якія толькі магла купіць у Магілёве” .
Глабальныя сацыяльныя перамены сталі ў жыцці навукоўца рашаючымі. “…ён згубіў…свой зрок, а пасля рэвалюцыі 1917 г. застаўся беспрытульным і ў дадатак, сьляпым старым чалавекам” Апошнія старонкі каласальнага рукапісу ў 10 000 старонак (200 000 (!) слоўнікавых артыкулаў) былі забяспечаныя злабадзённымі палітычнымі прыкладамі. Аўтар папракаў бальшавікоў і асабіста Леніна за роспуск арміі і дазвол немцам акупаваць Беларусь. Як напісаў беларускі мовазнавец А. Вяржбоўскі: “З некаторых заўваг аўтара ясна, што ён не зразумеў рэвалюцыі, хоць і чакаў знішчэння царызма, засілля чыноўнікаў: гэта быў прадстаўнік ліберальна настроенай патрыятычнай часткі інтэлігенцыі, якая … не згаджалася таргаваць радзімай” .
Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя Ціхінскі спадзяваўся на дапамогу дзяцей у выданні справы свайго жыцця. Так, у яго лісце ў “Нашу ніву” ад 29. 01. 1909 г. знаходзім згадку пра яго сына, які хутка стане інжынерам у Маскве і зможа даць пэўную суму грошай на друк слоўніка . Магчыма, спадзеючыся на гэта, Язэп Фларыянавіч перадаў сыну (той атрымаў кваліфікацыю інжынера-механіка ў 1910 г.) чыставы варыянт рукапісу.
Падчас рэвалюцыйнай завірухі Язэп Ціхінскі пераехаў да сына ў Маскву. Аднак той трагічна загінуў падчас страшэннага голаду ў расійскай сталіцы. Ядвіга Ціхінская мусіла забраць бацьку назад .
У 1921 г. нехта з сваякоў Ціхінскага ў Маскве прадаў велізарны рукапіс прадстаўнікам Народнага камісарыята асветы ССРБ. Пры заснаванні Інбелкульта слоўнік перадалі ў бібліятэку Інстытута . Як ужо адзначалася, Ціхінскім былі створаны два экземпляры рукапіса. Другі, чарнавы варыянт, трапляе ў Вільню ў калекцыю Івана Луцкевіча .
Ядвіга Ціхінская, змучаная смерцю родных і рэвалюцыйнай неразбярыхай, выехала ў Польшчу. Бацька ж яе застаўся ў свайго брата на чыгуначнай станцыі Талька пад Мінскам (зараз – Пухавіцкі раён Мінскай вобласці – А. С.) .
7 снежня 1921 г. у СНК ССРБ быў накіраваны даклад Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы, у якім адзначаюцца заслугі перад беларускім народам двух навукоўцаў з Магілёўшчыны – Еўдакіма Раманава і Язэпа Ціхінскага, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё культурнаму адраджэнню свайго народа і напрыканцы жыцця апынуліся ў складанай сітуацыі:
“…выбитые из колеи жизни, эти маститые старцы обречены буквально на голодную смерть…
Пра Ціхінскага там змешчана такая інфармацыя:
“он в результате своей 30-летней работы … создал колоссальный … классический словарь в 50 тысяч слов (гэта лічба не пацвярджаецца пазнейшымі даследчыкамі слоўніка – А. С.), одна рукопись которого весит 1 пуд”.
Работая над ним, Цехинский лишился зрения и доживает остатки своих дней на станции Талька в крайней нужде и беспомощности.
Рукопись этого словаря передана его родственниками в Академический центр.
Напрыканцы аўтар даклада робіць вывад:
Было бы преступлением оставить погибать от голода лучших сынов Белоруссии. Помощь должна быть оказана немедленно … Цехинскому – 3 миллиона рублей” .
21 студзеня 1922 г. Саўнаркам ССРБ прымае рашэнне аказаць дапамогу Я. Ціхінскаму і Е. Раманаву. З пастановы бачна, што беларускі лексікограф апынуўся ў гэты час у Мінску, а памер дапамогі быў скарочаны ў тры разы .
Невядома аднак, ці атрымаў навуковец гэтыя грошы; як паведамляе яго дачка, памёр ён на Рагачоўшчыне – зямлі сваіх продкаў . На вялікі жаль, мы не ведаем, калі гэта адбылося.
Значэнне дзейнасці.
У другой палове XIX – пачатку ХХ ст. беларусы не мелі ўстаноў, у якіх бы вялася работа па вывучэнні іх мовы і культуры. Аднак знаходзіліся шчырыя працаўнікі, якія выконвалі абавязкі дзясяткаў супрацоўнікаў сучасных акадэмічных інстытутаў. Імя аднаго з іх аказалася незаслужана забытым.
Слоўнік Я.Ціхінскага – гэта прыклад грамадзянскага подзвіга беларускага патрыёта. Шмат у чым ён наватарскі, бо ўпершыню ў гісторыі айчыннай лексікаграфіі беларуская мова выступае ў якасці раўнапраўнай да двух вялікіх моў – рускай і польскай. Уражвае аб’ём зробленага – слоўнік Ціхінскага нашмат большы за ўсё тое, што зрабілі айчынныя лексікографы гэтага часу разам узятыя.
Напрацоўкі выдатнага навукоўца з Магілёўшчыны былі выкарыстаны пры стварэнні фундаментальных слоўнікаў падчас беларусізацыі . Паўплывалі яны і на стварэнне першай беларускай навуковай тэрміналогіі, прынамсі, тэрміналогіі логікі і псіхалогіі .
Трэба спадзявацца, што будучыя архіўныя росшукі дадуць магчымасць даведацца аб новых акалічнасцях з жыцця і дзейнасці Язэпа Ціхінскага.
Даследванне постацей беларускага лексікографа, а таксама людзей, якія мелі дачыненне да яго дзейнасці, дазволіць значна ўдакладніць нашы ўяўленні аб беларускім культурным накапленні другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., ролі ў ім прадстаўнікоў Усходняй Беларусі.
Сёння актуальнай навуковай задачай з’яўляецца друк яго слоўніка – найбольш поўнай крыніцы беларускай мовы таго часу.
Дадзеная публікацыя з’явілася дзякуючы
дапамозе шматлікіх дабрадзеяў і асабліва
Kasy im. J?zefa Mianowskiego

Ціхінскі Язэп // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 Т.Т. 11. Мн.: БелСЭ, 1974. С. 120; Суднік М. Р. Ціхінскі Язэп // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 17. Мн.: БелЭН, 2003. С. 130.
Гуліцкі М.Ф. Ціхінскі Язэп // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭН, 1994. С. 604. У гэтым артыкуле сцвярджаецца, што Ціхінскі жыў у маёнтку Прусін, які знаходзіцца ў сучасным Касцюковіцкім раёне. Насамрэч, у гэтым рэгіёне зараз ёсць 2 вёскі з назвай Прусін – у Касцюковіцкім раёне (колішні Клімавіцкі павет Магілёўскай губерні) і ў Крычаўскім раёне (адпаведна – былы Чэрыкаўскі павет). Навуковец пражываў ў Чэрыкаўскім павеце.
Калубовіч А. Акт 25-га Сакавіка й адраджэньне нацыянальнай беларускай культуры // Спадчына, 1992, № 1. С. 70. Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн.: Беларусь, 1968. С. 197, 238.
На літоўскай мове – Ver?bovskis A. Gyvosios baltarusi? kalbos ai?kinamasis ?odynas // Tiesa, 1958, № 58.; па-польску – Wierzbowski A. S?ownik j?zyk?w s?owia?skich // Czerwony sztandar, 1959, 26 maj, па-беларуску – Вяржбоўскі А. Пошукі трэба працягваць // Літаратура і мастацтва (ЛіМ), 1961, 18 жніўня.
Smu?kowa E. Informacja o bia?orusko-polsko-rosyjskim thesaurusie z prze?omu XIX i XX wieku // Slavia Orientalis. Rocznik XI. Nr. 1. W-wa, 1962. S. 109 – 114; Гуліцкі М.Ф. З лексікаграфічных здабыткаў // Беларуская мова. Ч. 8. Мн.: Выд. БДУ, 1980. С. 111 – 119.
Нацыянальны Гістарычны Архіў Рэспублікі Беларусь (НГАБ). Ф. 2379, Воп. 2, Спр. 9. Арк. 10 адв; Музей дзярж. гіст. -культ. уст. “Гомельскі палацава-паркавы ансамль”. Адз. зах. 20 967 / 52.
НГАБ, Ф. 2001, Воп. 1, Спр. 955, Арк. 46 адв.
Cichi?ski // Polska Encyklopedia szlachecka. XII T. T. V. W-wa, 1936. S. 8.; Zienkowicz // Ciechanowicz J. Rody rycerskie WKL. W 5 T. T. 5 (S – ?). Rzesz?w: Fosze, 2001. S. 460 – 461.
Алфавитный список дворянских родов, внесённых в родословные дворянские книги Могилёвской губернии. Составлен в 1909 г. Могилёв-на-Днепре, 1909, С. 8.
Выява ўзята з: Шаланда А. Да пытання класіфікацыі клейнавых гербаў шляхты ВКЛ // Герольд. Litherland, 2001, № 1, С. 36
НГАБ, Ф. 2001, Воп. 1, Спр. 1048. Арк. 6.
Памятная книжка Могилёвской губернии на 1863 год / Сост. Могил. губ. статист. комитетом. Могилёв, 1862. С. 88; Памятная книжка Могилёвской губернии на 1864 год / Сост. с разреш. начальства Могил. губ. статист. комитетом. Могилёв:, 1864. С. 44, 367. Гэта быў ніжэйшы, XIV чын, згодна з “Табеллю аб рангах”.
НГАБ, Ф. 2001, Воп. 1, Спр. 1048. С. 6 – 7 адв.
Памятная книжка Могилёвской губернии на 1867 год / Сост. Могил. губ. статист. комитетом. Могилёв, 1867.
Матэрыялы сайта: http://www.vgd.ru/SH/shemetov.htm; Дата доступа – 25. 10. 2010 г. Трнка А. Шемиот, Станислав Викентьевич // Русский биографический словарь. В 25 Т. Т. 23. СПб, Изд. Имп. рус. истор. обществом. 1911. С. 84.
Матэрыялы сайта: http://www.rusarchives.ru/guide/lf_ussr/shaa_shep.shtml. Дата доступа – 25. 10. 2010 г.
НГАБ. Ф. 2001. Воп. 1. Спр. 955. Арк. 26 адв. – уладальнік Аляксандр Шэміот (1864 – 1867); Опыт описания Могилёвской губернии / Сост. по программе и под редакцией А. С. Дембовецкого В 3 кн. Кн. 3. Могилёв. 1884. С. 256 – 257. – уладальнік Вінцэнт Шэміот, а справы маёнтка вядзе арандатар; Список населённых мест Могилёвской губернии. Издание Могил. губ. статист. комитета / под ред. Г. П. Полякова. Могилёв, 1910 – гаспадар – В. С. Шэміот.
НГАБ. Ф. 2084. Воп. 1. Спр. 843. Арк. 4.
Cichi?ska-Lewicka Jadwiga // S?ownik biograficzny dzia?aczy Polskiego Ruchu Robotniczego. W 3 T. T. 1. W-wa: Ksi??ka i Wedza, 1978. S. 327.; Список лиц, окончивших курс в Московском техническом училище и бывшем Ремесленном учебном заведении. (1845—1912). Изд. 10-е. М., 1912, С. 146. Алфавитный список студентов Московского технического училища на 1903/1904 академический год. М., 1903. С. 157.
Kuku? D. Suryn Felicjan // Polski s?ownik Biograficzny. T. XLVI/1. Zeszyt 188. W-wa-Krak?w, 2009. S. 25 –26. Літвіновіч А. Феліцыян Сурын як даследчык традыцыйнай культуры і быту беларусаў // Кніга, бібліятэчная справа і бібліяграфія Беларусі: Зб. навук. арт. / Рэдкал.: Н. Ю. Бярозкіна і інш. Мн., 1993. С. 119 – 127.
F. S. [Suryn Felicjan?]. Bialoru? // S?ownik geograficzny kr?lewstwa polskiego i innych kraj?w s?owia?skich. W 15 T. T. I. Warszawa, 1880. S. 193 – 194. Аляксандр Ельскі, адзін з аўтараў гэтай энцыклапедыі, пісаў, што артыкул створаны Філіпам Сулімерскім. Гл.: Ельскі А. Выбранае. / Уклад. Н. Мазоўка, У. Казьберука. Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. С. 350.
Suryn F. Listy z podr??y po kraju. List II.Bia?oru? nadd?wi?ska. – Inflanty // Tygodnik ilustrowany, 1874. T. 13, Seria 2, № 329, S. 243.
Wierzbowski A. S?ownik … // Czerwony sztandar, 1959, 26 maj.
Radzik R. Mi?dzy zbiorowo?ci? etniczn? a wsp?lnot? narodow?. Bia?orusini na tle przemian narodowych w Europie Srodkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin: Wyd. Un-tu Marii Curie-Sk?odowskiej, 2000. S. 264.
Biblioteka zak?adu narodowego im. Ossoli?skich we Wroc?awiu. Dzia? r?kopis?w. Rkps. 15 413. Borysowicz K. Pami?tniki. Cz??? I. Bia?oru? jak? pami?tam. S. 41.
Хрох М. От национальных движений к полностью сформировавшейся нации: процесс строительства наций в Европе. // Нации и национализм. М.: Праксис, 2002. С. 129. Міраслаў Грох падкрэслівае выключную важнасць такой дзейнасці ў рамках фазы “А” нацыянальных рухаў.
Гуліцкі М. Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (ХІХ – пачатак ХХ ст.). Мн.: Вышэйшая школа, 1978; Ён жа. “Смаленскі абласны слоўнік” У. Дабравольскага // Народнае слова / Пад рэд. А. Я. Баханькова. Мн : Навука і тэхніка, 1976, С. 277. Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. / Склад. Вітаўт Кіпель і Зьміцер Саўка. Нью-Ёрк – Менск.: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 2002. С. 443 – 466. Камінскі М. Цікавы рукапіс // ЛіМ, 1961, 22 снежня.
Smu?kowa E. Informacja o bia?orusko-polsko-rosyjskim thesaurusie ... // Slavia Orientalis. Rocznik XI. Nr. 1. W-wa, 1962. S. 112.
Вяржбоўскі А. Пошукі … // ЛіМ, 1961, 18 жніўня.; Гуліцкі М.Ф. З лексікаграфічных здабыткаў // Беларуская мова. Ч. 8. Мн., 1980. С. 112.
Калубовіч А. Акт 25-га Сакавіка … // Спадчына, 1992, № 1. С. 70.
Карлюкевіч А. М. Сцежкамі Ігуменшчыны. Мн.: Беларусь, 2008. С. 136
Wierzbowski A. S?ownik … // Czerwony sztandar, 1959, 26 maj.
Гуліцкі М. Ф. З лексікаграфічных здабыткаў // Беларуская мова. Ч. 8. Мн. 1980. С. 113.
Сталюнас Д. Границы в пограничье: белорусы и этнолингвистическая политика Российской империи на Западных окраинах в период Великих Реформ // Ab Imperio, 2003, № 1. Матэрыялы сайта: http://abimperio.net/cgi-bin/aishow.pl?state=showa&idart=675&idlang=2&Code=. Дата доступа – 26. 10. 2010 г.
Западные окраины Российской империи / Науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. М.: Новое литературное обозрение, 2006. С. 267 – 268.
БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 40. Арк. 48.
Байкоў М. Слоўнікавая праца … // Адраджэнне. Сш. 1. Мн., 1922. С. 245.
Хутчэй за ўсё, гаворка тут ідзе пра напісаныя кнігі. Паводле бібліяграфіі Эстрайхера ў 1899 г. у Лодзі выйшла 278-старонкавая “Ksi?ga dla wszystkich” Ядвігі Ціхінскай. Estreicher K. Bibliografia polska XIX stulecia. Lata 1881 – 1900. T. 1. (A – F). Krak?w, 1906. S. 251 – 252.
Archiwum G??wne Akt Dawnych. zesp. Prozor?w i Jelskich, 1401, k. 152.
Ibidem. k. 147.
Вяржбоўскі А. Пошукі … // ЛіМ, 1961, 18 жніўня
Байкоў М. Слоўнікавая праца… // Адраджэнне. Сш. 1. Мн., 1922. С. 245.
Федароўскі, акрамя этнаграфічнай працы, займаўся і лексікаграфічнымі даследваннямі, збіраў матэрылы да беларуска-польскага слоўніка, своеасаблівага дадатка да вядомай работы Насовіча 1870 г. Czurak M. Nieopublikowane materia?y j?zykowe z archiwum Micha?a Federowskiego // J?zyk i kultura bia?oruska w kontakcie z s?siadami. Studia po?wi?cone Antoninie Obr?skiej-Jab?o?skiej w stulecie urodzin. urodzin / Red.: E.Smulkowa, A.Engelking. W – wa: Wydz. Polonistyki Uniw. Warszawskiego, 2001. S. 58 – 61.
Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай Рэспублікі (АР БАНЛР). Ф. 21, Спр. 929. (мікрафільм тома, якім карысталіся аўтары пры падрыхтоўцы артыкула, захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі).
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Гісторыка-літаратурныя нарысы. Мн.: Мастацкая літаратура, 1984. С. 51 – 54.
БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 91. Арк. 5 адв.
Унучак А. “Наша ніва” і беларускі нацыянальны рух (1906 – 1915). Мн.: Беларуская навука, 2008. С. 35.
Бурачок. З в. Прусін, Чэрыкаўскага павета, Магілёўскай губерніі // Наша Ніва. – 1909, № 28-29 (Факс. выд. Вып. 2. – Мн.: Тэхналогія, 1996. С. 425; Язэп Бурачок. З в. Прусін, Чэрыкаўскага павета, Магілёўскай губерні // Наша Ніва. – 1910, № 10 (Факс. выд. Вып. 3. – Мн.: Тэхналогія, 1998. С. 164 – 165; Бурачок. З Чэрыкоўскага павета Магілёўскай губерні // Наша Ніва. – 1912, № 42, 18 (31) кастрычніка.
Расшыфравана паводле: Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI – XX стст.). Мн.: Мастацкая літаратура, 1983. С. 29, 140. Больш падобных супадзенняў з псеўданімам Ф. Багушэвіча ў слоўніку не выяўлена.
БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 73. Арк. 8 – 8 адв.
Там жа. Спр. 91. Арк. 5 адв.
АР БАНЛР. Ф. 21. Спр. 929 (мікрафільм).
Там жа. Спр. 930 (мікрафільм).
БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 41. Арк. 4.
Ліс А. “Наша хата” // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 Т. Т. 5. Мн.: БелЭН, 1999. С. 316 – 317; Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку друой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Мн.: Выд. БДУ, 1971. С. 164.
Archiwum Akt Nowych (AAN). Zesp. tecz. osob. Sygn. 959. Teczka osobowa Jadwigi Cichi?skiej. S. 8.
Байкоў М. Слоўнікавая праца … // Адраджэнне. Сш. 1. Мн., 1922. С. 241.
БДАМЛіМ. Ф. 12. Воп. 1. Спр. 622. Арк. 26 (аўтарскі машынапіс артыкула А. Вяржбоўскага “Пошукі трэба працягваць”. Прыведзеныя радкі поўнасцю закрэслены, у канчатковы газетны варыянт не ўвайшлі).
БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 40. Арк. 48.
Список лиц, окончивших курс в Московском техническом училище и бывшем Ремесленном учебном заведении. (1845—1912). Изд. 10-е. М., 1912, С. 146.
AAN. Zesp. tecz. osob. Sygn. 959. Teczka osobowa Jadwigi Cichi?skiej. S. 16.
Байкоў М. Слоўнікавая праца … // Адраджэнне. Сш. 1. Мн., 1922. С. 241
Wierzbowski A. S?ownik … // Czerwony sztandar, 1959, 26 maj.
AAN. Zesp. tecz. osob. Sygn. 959. Teczka osobowa Jadwigi Cichi?skiej. S. 18.
Карлюкевіч А. М. Сцежкамі Ігуменшчыны. Мн., 2008. С. 136 – 137. Аўтар кнігі памылкова датаваў дакумент 1927 годам. Справа ў тым, што Акадэмічны цэнтр Наркамата асветы як структура існаваў толькі ў 1921 – 1923 гг. Акрамя таго сума грашовай дапамогі, прапанаваная як дапамога Ціхінскаму – 3 млн. рублеў – указвае на пачатак 20-х гг., калі ў краіне Саветаў бушавала інфляцыя, утаймаваная з дапамогай дзвюх дэнамінацый 1922 – 1923 гг., у выніку якіх 1 000 000 старымі грашовымі знакамі стаў роўным 1 новаму рублю.
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 512. Арк. 39.
AAN. Zesp. tecz. osob. Sygn. 959. Teczka osobowa Jadwigi Cichi?skiej. S. 18.
Прадмова да выдання: Байкоў М., Некрашэвіч С. Беларуска-расійскі слоўнік. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. С. 4.
Беларуская навуковая тэрмінолёгія. Вып. 4. Тэрмінолёгія лёгікі і псіхолёгіі / Навукова-тэрмінолёгічная камісія пры НКА, Ін-т беларускай культуры. Мн.: Выдавецтва Ін-та Беларускай культуры, 1923, С. 4.