А. Ю. Мусорын. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (А)

Чцв, 3 ліпня 2014

Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Цэтлікі: мовы света

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

— А—

Абазінская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у абхазска-адыгскую групу. Распаўсюджаная на Паўночным Каўказе, пераважна ў Карачаева-Чаркесіі. Колькасць носьбітаў – каля 27 тысяч. Мае два дыялекты: тапанцкі, на якім засноўваецца літаратурная мова, і ашхарскі. Складаная сістэма зычных і вельмі просты вакалізм: толькі два галосныя гукі – [а] і [ы]. Націск свабодны, эспіраторны. Спалучвюцца сінтэтычныя і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік не змяняецца па склонах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку, акрэсленасці / неакрэсленасці, прыналежнасці. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, утварае формы цяперашняга часу, аорыста, мінулага незакончанага, мінулага неакрэсленага, плюсквамперфекта, плюсквамперфекта незакончанага, будучага І, будучага ІІ. Парадак словаў у сказе фіксаваны. У лексіцы шмат запазычанняў з кабардзінска-чаркескай і рускай моваў. Пісмовасць створаная на базе лацінскай графікі ў 1932 – 1933 г., з 1938 г. пераведзена на кірыліцу. Значная частка носьбітаў абазінскай мовы валодае таксама рускай і кабардзінска-чаркескай.
Абаў – адна з папуаскіх моваў, уваходзіць у сям’ю сэпік, у межах якой складае асобную групу. Распаўсюджана ў правінцыі Сандаўн Папуа-Новай Гвінеі. Колькасць носьбітаў – каля 5 тысяч чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Абхазская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у абхазска-адыгскую групу, вельмі блізкая да адыгейскай. Распаўсюджаная пераважна ў Абхазіі, дзе мае статус дзяржаўнай. Колькасць носьбітаў каля 120 тысяч. Мае два дыялекты: абжуйскі, на якім засноўваецца літаратурная мова, і бзыбскі. Вельмі складаны кансанантызм пры адносна простым вакалізме. Націск мае фаналагічнае значэнне. Спалучаюцца аналітычныя і сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік не змяняецца па склонах, мае граматычныя катэгорыі ліку, прыналежнасці, акрэсленасці / неакрэсленасці. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку; у формах другой і трэцяй асобаў адзіночнага ліку адрознівае формы мужчынскага і жаночага роду. Пераходныя дзеясловы маюць поліпэрсанальнае спражэнне. Складаная сістэма часоў. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з грузінскай, турэцкай і рускай моваў. Апошнія належаць пераважна да ХХ стагоддзя. Фармаванне літаратурнай мовы пачынаецца ў 1862, калі быў створаны абхазскі алфавіт на базе кірыліцы. У 1928 г. абхазскае пісьмо пераводзіцца на лацінскую графіку, а ў 1938 – на грузінскую. З 1954 г. зноў выкарыстоўваецца алфавіт на кірылічнай графічнай аснове. Характэрнай рысай сучаснага абхазскага пісьма з’яўляецца найбольшая колькасць дякрытычных знакаў і дадаткавых літар з усіх алфавітаў, створаных на базе кірыліцы.
Аварская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў заходняй частцы Дагестана. Колькасць носьбітаў каля 600 тысяч чалавек. Дзве групы дыялектаў: паўночная і паўднёвая. У аснову літаратурнай мовы пакладзены адзін з паўночных дыялектаў – хунзахскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік мае граматычныя катэгорыі склона (назоўны, эргатыўны, родны, давальны, месны І, месны ІІ, месны ІІІ, месны IV, месны V), ліку (адзіночны і множны) і класа. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку і класе. Па склонах прыметнік змяняцца толькі ў тых выпадках, калі ён выконвае функцыю назоўніка, субстантывуецца. Утварае ступені параўнання. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, мае граматычныя катэгорыіі часу (цяперашняе, мінулае, будучае, агульнае) і ладу. Парадак словаў у сказе фіксаваны, вылучаецца чатыры варыянты парадка словаў, у залежнасці ад тыпа сказа. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай, цюркскіх і рускай моваў. Пісьмо, якое першапачаткава існавала на базе арабскай графікі, у 1928 г. пераводзіцца на лацінскую, а ў 1938 г. на кірылічную графічную аснову. Першы пісьмовы помнік, які дайшоў да нас, створаны ў 1485 г.
Авестыйская (зенд)— адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Захоўваецца ў помніках IV – VI стагоддзяў, галоўным з якіх з’яўляецца Авеста – свяшчэная кніга зараастрыйскай рэлігіі. У наш час ужываецца як мова набажэнства ў зараастрыйцаў Індыі і Ірана. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнікі і прыметнікі змяняюцца па васьмі склонах (назоўны, родны, давальны, вінавальны, адкладальны, творны, месны, клічны), утвараюць формы адзіночнага, парнага і множнага ліку. Прыметнік дапасуецца да назоўніка. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, у абвесным ладзе мае формы цяперашняга часу, імперфекта, аорыста, перфекта. Ва ўмоўным, пажадальным і загадным ладзе формаў часу няма. У катэгорыі стану супрацьпастаўляюцца незалежныя і залежна-зваротныя (медыяльныя) формы. Парадак словаў у сказе свабодны. Авестыйскія тэксты запісаныя арыгінальным авэстыйскім алфавітам з 48 літар. Накірунак пісьма справа налева.
Агванская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Захавалася ў пісьмовых помніках VI – VIII стагоддзяў. Была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснага паўднёвага Дагестана і паўночнага Азербайджана. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з іранскіх моваў таго часу. Помнікі, якія захаваліся да нашага часу, напісаныя арыгінальным агванскім алфавітам з 42 простых літар і двух дыграфаў. Накірунак пісьма злева направа.
Агульская— адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная у Агульскім і Курахскім раёнах Дагестана. Колькасць носьбітаў каля 12 тысяч. Генетычна найбольш блізкая да табасаранскай мовы. Мае пяць дыялектаў: тпігскі (уласна агульскі), керэнскі (рычынскі), кашанскі, буркіханскі (гекхунскі), фітынскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік мае 28 склонаў. Пісьмовасці няма. У якасці літаратурнай носьбіты агульскай мовы звычайна выкарыстоўваюць лезгінскую.
Аджыбвэйская (анішынабэ) – адна з моваў карэннага насельніцтва Паўночнай Амерыкі, уваходзіць у ангалкінска-рытванскую сям’ю, ангалкінскую групу, цэнтральную падгрупу. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах ЗША і паўднёвых раёнах Канады. Колькасць носьбітаў – каля 50 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць таксама ангельскай. Галосныя гукі: [a], [o], [i], [e]. Тры першыя галосныя гукі могуць быць як кароткімі, так і доўгімі (даўжыня пазначаецца на пісьме падваеннем літары), як чыстымі, так насавымі (назалізацыя пазначаецца на пісьме дадаткам пасля галоснага спалучэння літар nh: aanh – доўгі насавы гук а). Зычныя: [b], [d], [g], [h], [j] (афрыката дж), [k], [m], [n], [p], [s], [t], [w], [y], [z], [’] (гартанная змычка), [ch] (афрыката ч), [sh] (як беларускае ш), [zh] (як беларускае ж). Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя з элементамі інкарпарацыі. Назоўнік мае катэгорыю адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці, утварае формы адзіночнага і множнага ліку (makwa ‘мядзьведзь’, makwag ‘мядзьведзі’), прыналежнасьці (nin-jiimaan ‘мая лодка’, gi-jiimaan ‘твая лодка’, o-jiimaan ‘яго/яе лодка’ і інш.), лакатыва (oodena ‘горад’, oodenaang ‘у горадзе’), дэмінутыва (niigwan ‘пчала’, niigwans ‘пчолка’), мізэратыва (jiimaan ‘лодка’, jiimaanish ‘кепская лодка’), вакатыва (ninga ‘маці, ning ‘маці!’), прэтэрыта (nimookomaaniban ‘мой былы нож’). Калі форма прэтэрыта ўжываецца ў адносінах да чалавека – справа ідзе пра нябожчыка: nimishoomisiban ‘мой нябожчык-дзед’. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае граматычныя катэгорыі пераходнасці / непераходнасці, адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці, утварае формы цяперашняга часу (izhaa ‘ідзе’), мінулага (gii-izhaa ‘ён ішоў’), будучага абавязковага (ga-izhaa ‘пайдзе’), будучага неабавязковага (wii-izhaa ‘хоча пайсці’). Тры формы загаднага ладу: ўласна імператыў (piikekkeen – ‘увайдзі’), адкаладзены імператыў (piikekkeeаn ‘увайдзі потым’) і прогібітыў – форма забароны (не ўхадзі!). Прыметніка як асобнай часціны мовы ў аджыбвэйскай няма, прыметнікам еўрапейскіх моваў у аджыбвэйскай апавядаюць дзеясловы. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Асноўныя спосабы словаўтварэньня – афіксацыя і словаскладаньне. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з ангельскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У мінулым выкарыстоўвалася піктаграфія.
Адыгейская— адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная на паўночным Каўказе, пераважна ў Рэспубліцы Адыгея, дзе мае афіцыяльны статус. Колькасць носьбітай каля 104 тысяч. Мае 4 дыялекты: тэміргоеўскі, на якім засноўваецца літаратурная мова, абадзехскі, бжэдугскі, шапсугскі. Вельмі складаны кансанантызм (у некаторых гаворках колькасць зычных дасягае 66) пры адносна простым вакалізме. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па чатырох склонах, дзеяслоў мае поліперсанальнае спражэнне. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з русскай. Пісьмовасць была створаная ў 1918 г. на базе арабскай графікі, у 1927 г. пераведзеная на лацінскую, а ў 1937 г. на кірылічную графічную аснову.
Адэрынья – тое жа, што харары.
Азербайджанская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў Азербайджане, дзе яна мае статус дзяржаўнай, і ў паўночна-заходнім Іране. Агульная колькасць носьбітаў каля 14 мільёнаў. Мае 4 групы дыялектаў: усходнюю, заходнюю, паўночную, паўдзённую. Літаратурная мова засноўваецца на ўсходніх (бакінска-шамахінскіх) дыялектах. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага лікаў, змяняеца па шасці склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, зыходны. Граматычнага роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці таксама няма. Ёсьць катэгорыя прыналежнасьці: ата ‘бацька’, атам ‘мой бацька’, атан ‘твой бацька, атасы ‘яго / яе бацька’, атамыз ‘наш бацька’, атаныз ‘ваш бацька’, аталары ‘іхні бацька’. Прыметнік не змяняецца ані па ліку, ані па склонах; не дапасуецца да назоўніка. Дзеяслоў зьмяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, цяперашняга падоўжанага, цяперашне-будучага, будучага катэгарычнага (дзея, якая абавязкова адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні), мінулага відавочнага (дзея ў мінулым, верагоднасьць якой не падлягае сумненьню), пэрфэкта; у пажадальным ладзе – формы цяперашняга і мінулага часу; ва ўмоўным і неабходнасным ладзе (абазначае катэгарычнае патрабаваньне)— таксама цяперашняга і мінулага; у загадным ладзе формаў часу няма. Нароўні са сцвярджальнымі формамі дзеяслова існуюць спецыяльныя адмоўныя: алмышам ‘я ўзяў’, алмамышам ‘я не ўзяў’. Станаў у азербайджанскай мове пяць: незалежны, залежны, зваротны, ўзаемны, прымушальны. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне— выказнік”. У лексыцы вялікая колькасць запазычанняў з арабскай, персіцкай і рускай моваў. Апошнія – пераважна плён савецкай эпохі. Пісьмовасць з часоў Сярэднявечча да 1929 г. існавала на падставе арабскай графікі, з 1929 г. на базе лацінскага алфавіта, а з 1939 г. на базе кірыліцы. Пасьля абвяшчэння незалежнасці Азербайджана ў 1991 г. пісьмовасць была зноў пераведзеная на лацінскую графічную аснову.
Аймара – адна з дзвюх моваў сям’і кечумара. Распаўсюджаная ў Балівіі, дзе мае статус афіцыяльнай мовы (нароўні з іcпанскай і кечуа), а таксама ў Перу. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за два мільёны чалавек. Некаторая колькасць носьбітаў двухмоўныя, валодаюць таксама іспанскай. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленьне, многія дыялекты, на думку шэрага навукоўцаў, могуць разгледжвацца як асобныя мовы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы маецца некаторая колькасць запазычанняў з іспанскай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з XVII стагоддзя.
Айнская – адна з моваў Далёкага Ўсходу, родасныя сувязі якой не выяўленыя. Была распаўсюджаная на Курыльскіх Выспах, у паўдзённай частцы Сахаліна, на японскіх выспах Хакайда і Хонсю. У ХХ стагоддзі выйшла з ужытку ў выніку асіміляцыі айнаў японскамоўнымі перасяленцамі. Айны, якія жывуць на поўначы Японіі, хаця і захоўваюць нацыянальную самасьвядомасьць, карыстаюцца пераважна японскай мовай. У колах нацыянальнай айнскай інтэлігенцыі існуе рух за адраджэнне мовы. У айнскай мове перыяду яе актыўнага функцыяніраваньня мелася звыш за 20 дыялектаў. Існавала таксама наддыялектная форма мовы, ўласцівая некаторым формам фальклёра. Уласна літаратурнай мовы ў сучасным значэнні гэтага тэрміну ня склалася. Граматыка – аглюцінаціўна-флектыўная, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У мінулым існавала піктаграфічная пісьмовасць, якая выкарыстоўвалася, зрэшты, вельмі абмежавана. У цяперашні час – пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, або японская катакана.
Айсорская – тое жа, што асірыйская.
Акан – адна зь нігера-кангалезскіх моваў, уваходзіць у групу ква. Распаўсюджаная ў цэнтральнай частцы Ганы. Колькасць носьбітаў звыш за 6 мільёнаў. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Ёсць сістэма музычных тонаў, якія выкарыстоўваюцца для адрознівання як лексічных, так і граматычных значэнняў словаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з ХІХ стагоддзя. З 1984 г. на мове акан выходзіць газета.
Акадская (асірыйска-вавілонская) – адна з афразійскіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Была распаўсюджаная з XXV ст. да н. э. па I ст. н. э. у Месапатаміі, на тэрыторыі сучаснага Ірака. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя, якіх усяго толькі чатыры: [a], [e], [i], [u]. Дыфтонгаў няма. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, вінавальны. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Характэрнай асаблівасцю акадскага дзеяслова з’яўляецца наяўнасць двух тыпаў прэфіксальнага спражэння: закончаннага і незакончаннага трывання. У лексіцы шмат запазычанняў з шумерскай, хурыцкай і арамейскай моваў. Пісьмовасць мае памешаны слоўна-складовы характар, клінапіс на гліне. Захаваліся тэксты мастацкага, рэлігійнага, юрыдычнага, гістарычнага і інш. зместу. Годам канчаткавай дэшыфроўкі акадскага клінапіса традыцыйна лічыцца 1857.
Аксітанская (правансальская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Распаўсюджаная на поўдні Францыі. Афіцыяльнага статуса ня мае. Колькасць носьбітаў – каля 10 мільёнаў чалавек. Амаль усе яны двухмоўныя, валодаюць таксама французскай. Вельмі моцныя адрозненьні паміж дыялектамі, што перашкодждвае распрацоўцы адзінай літаратурнай формы. Афіцыяльнага статуса мова не мае. Граматыка вельмі блізкая да каталанскай. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з французскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі – зь ХІ стагоддзя.
Акцыдэнталь – штучная мова, створаная Э. Валем у 1921 – 1922 гг. Шырокага распаўсюджання не атрымала. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Лексіка – на базе каранёў еўрапейскіх моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Алак – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у мон-кхмерскую групу. Распаўсюджаная ў паўднёвым Лаосе, пераважна ў правінцыі Сараван. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння.
Аламблак – адна з папуаскіх моваў, уваходзіць у сям’ю сэпік, групу аламблак. Распаўсюджана ў раёне Ангарам правінцыі Заходні Сэпік Папуа-Новай Гвінеі. Колькасць носьбітаў – каля 1500 чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Албанская – адна з індаеўрапейскіх моваў, якая займае ў гэтай сям’і ізаляванае становішча. Шмат навукоўцаў лічаць яе нашчадкам ілірыйскай мовы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Распаўсюджаная ў Албаніі, дзе мае статус дзяржаўнай, Косава, у некаторых раёнах Македоніі і Чарнагорыі. Колькасць носьбітаў каля 5 мільёнаў. Мае 4 дыялектныя групы: паўдзённую, тоскскую, паўночную і гегскую. Сучасная літаратурная мова засноўваецца на базе тоскскіх дыялектаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік мае тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі; змяняецца па шасці склонах, утварае формы адзіночнага і множнага лікаў. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Націск фіксаваны на перадапошнім складзе. У лексіцы шмат запазычанняў з грэцкай, лацінскай, турэцкай, італьянскай, французскай і славянскіх моваў. Першыя помнікі пісьмовасці належаць да XV стагоддзя. Алфавіт на лацінскай графічнай аснове з ужываннем дыякрытычных знакаў. У XVII стагоддзі былі дзве спробы стварэння албанскага алфавіта на арыгінальнай графічнай аснове, аднак поспеху яны не мелі.
Алеуцкая (унанганская)— адна з эскімоска-алеуцкіх моваў. Распаўсюджаная на Алеуцкіх Выспах (ЗША), і на высьпе Берынга (Расея). Колькасць носьбітаў у ЗША каля 700, у Расеі – каля 30, большай часткай людзі старэйшага ўзросту. Мае тры дыялекты: уналашкінскі, аткінскі, атаўскі (цалкам выйшаў з ужытку). Адрозненні паміж дыялектамі невялікія і не шкодзяць узаемаразуменьню паміж іх носьбітамі. Агульнай літаратурнай нормы няма. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя; даўжыня перадаецца на пісьме падваеннем літары. Граматыка аглюцінатыйная, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае адзіночны, парны і множны лік, два склоны: абсалютны и адносны. Артыкля і граматычнай катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці няма. Граматычнай катэгорыі роду таксама няма. Такіх часьцінаў мовы, як прыметнік і прыслоўе, няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліках, мае складаную сістэму ладоў і часоў. У лексіцы каля 600 запазычанняў з рускай мовы, якія праніклі ў алеуцкую ў ХІХ стагоддзі, калі Аляска належала Расійскай Імперыі. Запазычанні з іншых моваў вельмі нешматлікія. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне— выказнік”. Створаная ў пачатку ХІХ стагоддзя на базе кірыліцы пісьмовасць выйшла з ужытку ў 1867 г. пасьля пераходу Алеуцкіх Выспаў пад уладу ЗША. У сярэдзіне ХХ стагоддзя была створаная пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Выкарыстоўваецца абмежавана. Ад уласна алеуцкай мовы трэба адрозніваць мову алеутаў выспы Медная; аб ёй бач: Меднаўскіх алеутаў мова.
Алтайская – адна з цюркскіх моваў, ўваходзіць у заходнюю групу. Вельмі блізкая да кіргізскай. Распаўсюджаная пераважна на тэрыторыі горнага Алтая (Рэспубліка Алтай у складзе Расіі), дзе мае афіцыяльны статус, і ў памежных з ім раёнах Расіі. Агульная колькасць носьбітаў каля 60 тысяч. Многія носьбіты алтайскай мовы валодаюць таксама рускай. Граматыка аглюцінатыўная, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах (назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, зыходны). Граматычнай катэгорыі роду няма. Артыкляў і граматычнай катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці таксама няма. Ёсць катэгорыя прынылежнасці (ада ‘бацька’, адам ‘мой бацька’, адазы ‘яго / яе бацька’, адабыс ‘наш бацька’ і інш.). Назоўнік у спалучэнні з лічэбнікаі ужываецца толькі ў форме адзіночнага ліку (айыл ‘дом’, бир айыл ‘адзін дом’, эки айыл ‘два домы’, ?ч айыл ‘тры домы’ і інш.). Прыметнік змяняецца толькі па ступенях параўнання; не мае формаў ліку і склону, не дапасуецца да назоўніка. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя, апошнія перадаюцца на пісьме падвойным напісаннем адпаведнай літары. Націск заўсёды падае на апошні склад. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай мовы. Запазычанні савецкай эпохі звычайна цалкам захоўваюць сваё расейскае гучанне і напісанне: завод, кабина, каблук і інш. Рускія запазычанні XVIII i XIX стагоддзяў змяніліся ў адпаведнасці з фанетычнымі і словаўтваральнымі асаблівасцямі алтайскай мовы: сенек ‘сенцы’ (руск.: “сени, сенки”), п?т?к ‘певень’ (руск.: “петух”), прастак ‘сыракваша’ (руск.: “простокваша”), салковой ‘рубель’ (ад рускага прастамоўнага “целковый”) і інш. Ёсць таксама запазычанні з мангольскай, як, напрыклад, ?б?г?н ‘мужчына, муж’. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне— выказнік”, азначэнне заўсёды знаходзіцца ў прэпазыцыі. Пісьмовасць была створаная на базе кірыліцы ў 1939 г. Маюцца звесткі аб абмежаваным выкарыстанні алтайцамі (пераважна ў пабытовых мэтах) ў XVII – XIX стагоддзях старамангольскай графікі, але помнікі гэтага пісьма не захаваліся. Літаратурная мова засноўваецца на паўднёвых дыялектах.
Алюторская – адна з чукоцка-камчацкіх моваў, вельмі блізкая да каракскай. Шэраг навукоўцаў разгледжвае яе як дыялект апошняй. Распаўсюджаная на поўначы каракскай аўтаномнай акругі. Колькасьць носьбітаў каля 2 тысяч; амаль усе яны валодаюць таксама расейскай і каракскай мовамі. Дыялектнага дзялення няма. Галосныя гукі:[і], [е], [о], [у], [у], [а] [?] (рэдукаваны). Зычныя гукі: [п], [т], [к], [?], [?], [с], [ч], [р], [м], [н], [н’], [?], [w], [в], [л], [л’], [j], [?]. Граматычны лад – інкарпаруючы (полісінтэтычны), пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па дзесяці склонах, мае катэгорыю асобы: тум?и??м ‘таварыш-я’, тум?и??т ‘таварыш-ты’, тум??тум ‘таварыш-ён’, тум??мури ‘таварышы-мы’ (парны лік), тум??тури ‘таварышы-вы’ (парны лік), тум??т ‘таварышы-яны’ (парны лік), тум??муруwwи – ‘таварышы-мы’ (множны лік), тум?утуруwwи ‘таварышы-вы’ (множны лік), тум?уwwи ‘таварышы-яны’ (множны лік). Дзеяслоў мае катэгорыі часу, ліку, асобы, накланення, пераходнасці/непераходнасці. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексцы запазычанні з каракскай і расейскай моваў; апошнія, трапляючы ў алюторскую мову, часта змяняюць сваё фанетычнае аблічча: стиклун – стекло (шкло), канвит – конфета (цукерка). Пісьмовасці няма. У пабытовых мэтах можа выкарыстоўвацца каракскі алфавіт.
Амарыцкая – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснай паўночнай Сырыі прыблізна з 2000 па 1500 г. да н. э. Помнікі, якія дайшлі да нас, уяўляюць сабой спісы ўласных імёнаў і кароткія напісы на цвёрдых прадметах.
Аміс – адна з моваў карэннага насельніцтва Тайваня. Уваходзіць у аўстранезійскую сям’ю, тайваньскую групу. Колькасць носьбітаў – каля 138 тысяч чалавек, значная частка з іх валодае таксама кітайскай. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне; некаторыя дыялекты разгледжваюцца шэрагам даследчыкаў як асобныя мовы. Афіцыяльнага статуса мова не мае, але ў раёнах кампактнага пражывання яе носьбітаў на аміс вядзецца радыёвяшчанне. Пісьмовасць на лацінскай графінай аснове.
Амокская – адна з моваў юкагірскай сям’і. Выйшла з ужытку ў ХІХ стагоддзі. Была распаўсюджаная ў нізоўі ракі Калыма. Захаваліся 134 словы, запісаныя Ф. Ф. Мацюшкіным і даследаваныя Тайёрам. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Амхарская (амарынья) – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная у Эфіёпіі, дзе мае статус дзяржаўнай мовы. Колькасць носьбітаў каля 15 мільёнаў. Мае тры дыялекты, якія слаба адрозьніваюцца адзін ад аднаго: шоанскі, гаджамскі, гондарскі. Літаратурная мова засноўваецца на базе шоанскага дыялекта. Націск свабодны. Граматычны лад флектыўны, але ў парадыгме дзеяслова маецца шмат аналітычных формаў. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку: bet ‘дом’, beto? ‘домы’. Два склоны: назоўны і клічны. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і паслялогаў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне— выказнік”; азначэнне заўсёды знаходзіцца ў прэпазыцыі, акалічнасьці часу і месца ў пачатку сказа. У лексіцы шмат запазычанняў з кушыцкіх моваў і геэз. Пісьмовасць нацыянальная, складавая. Першы помнік амхарскай мовы (вайсковыя песьні) належыць XV стагоддзю.
Анал (намфаў) – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджана ў некаторых раёнах Бірмы і ў індыйскім штаце Маніпур. Агульная колькасць носьбітаў – каля 14 тысяч чалавек. У Індыі носьбіты анал часта валодаюць таксама маніпурскай. Два дыялекты: лайзо і майшом. Спробы стварэння пісьмовасці на лацінскай графічнай аснове поспеху не мелі.
Ангеанская – тое жа, што тахарская Б.
Ангельская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнегерманскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Вялікай Брытаніі, Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Ямайцы, а таксама ў шэразе іншых краінаў Азіі, Афрыкі і Акіяніі. Адна з шасці працоўных моваў ААН. Агульная колькасць носьбітаў звыш за 400 мільёнаў. Мае вялікую колькасць дыялектаў, аднак адрозненні паміж імі звычайна не шкодзяць узаемаразуменню моўнікаў. Дзве асноўныя літаратурныя нормы: брытанская і амерыканская. Аўстралійскі, новазеландскі, ірландскі і шатландскі літаратурныя стандарты маюць толькі лакальнае значэнне. Пераважаюць аналітычныя формы выражэння граматычнага значэння, мова паступова эвалюцыяніруе ў накірунку да ізаляцыйнага тыпу, хаця гэты працэс яшчэ нельга лічыць завершаным. Назоўнік мае формы двух склонаў: агульнага і прыналежнага, утварае сінтэтычную форму множнага ліку, якая звычайна маркіруецца канчаткам –s: friend ‘сябар’, friends ‘сябры’, cat ‘котка’ cats ‘коткі’. Некаторыя назоўнікі захоўваюць непрадукцыйныя архаічныя фарманты множнага ліку: child ‘дзіцянё’, chidren ‘дзеці; foot ‘нага’, feet ‘ногі’. Граматычнага роду няма. Склонавыя значэнні ў сучаснай ангельскай перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадку словаў. У старажытнаангельскай (V – IX стст.), якая належала да флектыўнага тыпу, назоўні зьмяняўся па чатырох склонах: назоўны— fisc ‘рыба’, fiscas ‘рыбы’; родны— fisces ‘рыбы’, fisca ‘рыб’; давальны – fisce ‘рыбе’, fiscum ‘рыбам’; вінавальны – fisc ‘рыбу’, fiscas ‘рыб’. Артыклі: азначальны the і неазначальны а (перад галосным гукам— an). Прыметнік не змяняецца ані па склонах, ані па ліку, утварае ступені параўнання: strong ‘моцны’, stronger ‘мацнейшы’, the strongest ‘наймацнейшы’. У доўгіх (тры і болей склады) прыметнікаў ступені параўнання ўтвараюцца аналітычна: interesting ‘цікавы’, more interesting ‘цікавейшы’, the most interesting ‘найцікавейшы’. Некаторыя нешматлікія прыметнікі утвараюць суплетыўныя ступені параўнаньня: good ‘добры’, better ‘лепшы’, the best ‘найлепшы’. Вельмі складаная сістэма часоў дзеяслова. Сярод часоў ангельскага дзеяслова асобнае месца займаюць Present Indefinite i Past Indefinite – часы, формы якіх утвараюцца без дапамогі аналітычных сродкаў, уяўляюць сабой рэлікт старажытнаангельскай парадыгмы дзеяслова. Змяненьне дзеяслова па асобах, уласьцівае старажытнаангельскай мове, знікла ў працэсе эвалюцыі, яго адзіным рэліктам у сучаснай ангельскай можна лічыць канчатак –s, які маркіруе форму трэцяй асобы ў Present Indefinite: He smokes ‘Ён курыць’; She loves ‘Яна кахае’. Ёсць катэгорыя стана: залежны і незалежны (I love ‘Я кахаю’, I am loved ‘Мяне кахаюць, я ёсць каханы’). Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік— дапаўненне”, прыметнік у функцыі азначэння заўсёды знаходзіцца ў прэпазіцыі. Націск свабодны, але звычайна знаходзіцца бліжэй да пачатку слова. У лексіцы вельмі шмат запазычаньняў (каля 70 адсоткаў усяго слоўнікавага складу). У гісторыі ангельскай мовы вылучаюцца тры пэрыяды: старажытнаангельскі (V – XI ст.), сярэдняангельскі (XII – XVI ст.), новаангельскі (XVII – XXI ст.). Пісьмовасць на базе лацінскай графікі існуе з VII стагоддзя. У старажытнаангельскі пэрыяд ужывалася таксама германская рунічная пісьмовасць. У арфаграфіі значнае месца займаюць традыцыйныя напісанні, якія часта слаба карэлююць з сучаснным гучаннем словаў.
Андыйская— адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу; вельмі блізкая да аварскай. Распаўсюджаная ў Ботліхскім раёне Дагестана. Колькасць носьбітаў каля 12 тысяч. Два дыялекты: верхнеандыйскі, ніжнеандыйскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць да 1928 г. на арабскай графічнай аснове, з 1928 да 1938 – на лацінскай, а з 1938 – на кірылічнай.
Аніва – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распасюджаная на адной з выспаў дзяржавы Вануату. Колькасць носьбітаў каля 300 чалавек. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэньні зычных цалкам немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя формы выражэння граматычнага значэння. Асноўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік— дапаўненне”. Мова беспісьмовая.
Аніндыльяква – тое жа, што энінтыльяква.
Анішынабэ – тое жа, што аджыбвейская.
Анмат’ер – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі, уваходзіць у сям’ю пама-ньюнга. Распаўсюджаная ў Паўночных Тэрыторыях. Два дыялекты: усходні і заходні. Колькасць носьбітаў – каля 800 чалавек (дадзеныя 1983 г.). Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне— выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Антакарынья – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі, уваходзіць у сям’ю пама-ньюнга, паўднёва-ўсходнюю групу. Распаўсюджаная ў паўночна-ўсходніх раёнах Паўднёвай Аўстраліі. Колькасць носьбітаў – каля 50 чалавек (па дадзеных 1981 г.). Мова паступова выходзіць з ужытку. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Мова беспісьмовая.
Анута – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспе Анута, якая ўваходзіць у склад Саламонавых Выспаў. Колькасць носьбітаў – каля 200 чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Асноўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з танганскай. Мова беспісьмовая.
Арабская – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная ў Саудаўскай Аравіі, Іраку, Сірыі, Ліване, Палесціне, Іарданіі, Кувейце, ААЭ, Йемене, Катары, Бахрэйне, Амане, Егіпце, Судане, Лівіі, Тунісе, Алжыры, Марока, Маўрытаніі, Заходняй Сахары, Самалі, Джыбуці. Адна з шасці працоўных моваў ААН. Свяшчэная мова ісламу. Агульная колькасць носьбітаў каля 165 мільёнаў чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Шэрагам навукоўцаў гэтыя дыялекты разгледжваюцца як асобныя родасныя мовы. Найбольш прэстыжнай формай з'яўляецца так званая класічная арабская – мова Карана. Гутарковыя жа дыялекты значна адрозніваюцца як ад класічнай мовы, так і адзін ад аднаго. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, вінавальны. Ёсць катэгорыя роду (мужчынскі і жаночы). Ёсць артыкль. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне. Дзеяслоў характаразуецца вельмі складанай і багатай сістэмай формаў. Пісьмовасць нацыянальная (кансанантны алфавіт, які ўключае 28 літараў), накірунак пісьма справа налева.
Арагонская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, заходнераманскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Іспаніі ў правінцыі Арагон (каля французскай мяжы). Колькасьць носьбітаў каля 12 тысяч. Практычна ўсе яны двухмоўныя, валодаюць таксама іспанскай. Афіцыяльнага статуса не мае, часта разгледжваецца як дыялект іспанскай. Літаратурны стандарт канчаткава не распрацаваны. Граматычны лад вельмі блізкі да іспанскага. У лексіцы шмат запазычанняў з французскай і аксітанскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Існуе мастацкая літаратура, перыёдыка.
Арамейская— адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Была распаўсюджаная першапачаткава ў раёне Дамаска і паўночнай Месапатаміі, потым на тэрыторыі Сірыі, Палесціны, Фінікіі, Ірана. Першыя пісьмовыя помнікі належаць да ІХ стагоддзя да н. э. На арамейскай напісаныя некаторыя кнігі Старога Запавета. З VI стагоддзя н. э. у выніку арабскіх заваёваў тэрыторыя распаўсюджання і колькасць носьбітаў арамейскай мовы імкліва памяньшаецца, цяпер арамейскай мовай карыстаюцца невялікія групы насельніцтва пераважна ў Сірыі, Іраке, Іране, Турцыі. На базе аднаго з усходніх арамэйскіх дыялектаў сфармавалася сучасная асірыйская мова. Адзінай літаратурнай нормы ў арамейскай мове няма і ніколі не было, у якасьці яе ў розныя пэрыяды выкарыстоўваліся асобныя дыялекты. Пісьмовасць нацыянальная, кансанантны алфавіт; яго варыянты, якія ўжываліся ў розныя эпохі, вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Накірунак пісьма справа налева.
Аранта – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі. Уваходзіць у сям’ю пама-ньюнга. Колькасць носьбітаў каля адной тысячы чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Мова беспісьмовая.
Араўканская – адна з анда-экватарыяльных моваў, уваходзіць у андскую групу. Распаўсюджаная ў Чылі (каля 800 тысяч носьбітаў) і ў заходняй Аргенціне (каля 70 тысяч носьбітаў). Мае дыялекты: молучэ, пікунчэ, вілічэ, ранкель. Фаналагічная сістэма ўключае 6 галосных 21 зычную фанему. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з мовы кечуа. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Арва – адзін з дыялектаў мовы булан.
Армянская – адна з індаеўрапейскіх моваў, займае ў гэтай сям’і ізаляванае становішча. Распаўсюджаная ў Арменіі, дзе мае статус дзяржаўнай мовы, Грузіі, Сірыі, Лібане, ЗША, Іране і некаторых іншых краінах, дзе ёсць армянская дыаспара. Колькасць носьбітаў звыш за 6 міліёнаў чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае сем склонаў, восем тыпаў скланення. Катэгорыі рода няма. Прыметнік не дапасуецца да назоўніка. Дзеяслоў мае формы трох часоў (цяперашняга, прошлага і будучага) і трох тыпаў дзеі (якая ствараецца, якая стварылася, якая мае стварацца). Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Выкарыстоўваецца арыгінальны армянскі алфавіт (38 літар), створаны каля 406 года Месропам Маштоцам.
Арнія – тое жа, што кховар.
Арома – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у кушыцкую групу. Распаўсюджаная ў цэнтральных і ўсходніх раёнах Эфіопіі і на поўначы Кеніі. Колькасць носьбітаў – каля 7,65 мільёнаў чалавек. Дзве групы дыялектаў: паўднёвая і паўночная. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць складавая, на эфіопскай графічнай аснове.
Арумунская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, усходнеоаманскую падгрупу. Вельмі блізкая да румынскай, дыялектам якой яе лічаць некаторыя даследчыкі. Распаўсюджаная ў Сербіі, Албаніі, Грэцыі. Колькасць носьбітаў звыш за 100 тысяч чалавек. Мова беспісьмовая.
Архона-енісейская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Найбольш блізкая да сучасных алтайскай і кіргізскай. Была распаўсюджаная ў VII – X стагоддзях на тэрыторыі паўночнай Манголіі (даліны рэк Архон і Селенга), а таксама ў басейне Енісея на тэрыторыі сучасных Тувы, Хакасіі і Мінусінскай катлавіны. Пераважаюць сінтэтычныя формы перадачы граматычнага значэньня, аглюцінацыя. – афіксацыя. Галоўны спосаб словаўтварэння Захаваліся шматлікія помнікі рознага зместу, выкананыя на цвёрдым матэрыяле (пераважна на камяні) старажытнацюркскім алфавітным рунічным пісьмом.
Арчынская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў вёсцы Арчы Чародзінскага раёна Дагестана. Колькасць носьбітаў каля 1 тысячы чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Усе арчынцы нароўні з роднай мовай валодаюць аварскай, а многія таксама і лакскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы шмат словаў, запазычаных з арабскай, персіцкай, азербайджанскай, кумыкскай, лакскай, рускай моваў. Мова беспісьмовая.
Арынская – адна з енісейскіх моваў. Выйшла з ужытку яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя ў выніку асыміляцыі арынцаў рускамоўнымі перасяленцамі. Захаваліся апісанні, зробленыя ў той час, калі мова была яшчэ жывая (Ф. Ю. Сталенберг, Г. Ф. Міллер, І. Э. Фішэр, С. П. Паллас). Граматычны лад – аглюцінатыўна-флектыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беспісьмовая.
Асамская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Распаўсюджаная ў паўночна-ўсходняй Індыі у штаце Асам, дзе мае афіцыяльны статус. Колькасць носьбітаў звыш за 10 мільёнаў. Граматычны лад аглюцінанатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назіраецца ўплыў з боку тыбета-бірманскіх і аўстраазіяцкіх моваў. Выкарыстоўваецца складавая пісьмовасць, агульная з бенгальскай мовай. Першыя пісьмовыя помнікі належаць да ХІV стагоддзя.
Асанская – адна з енісейскіх моваў. Выйшла з ужытку ў ХІХ стагоддзі. Вельмі блізкая да коцкай. Інфармацыі аб гэтай мове вельмі няшмат. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюціныцыя. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Асецінская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная Рэспубліцы Паўднёвая Асеція, дзе мае статус дзяржаўнай, і ў аўтаномнай Паўночнай Асеціі (Расея), дзе мае статус афіцыяльнай, нароўні з рускай. Агульная колькасьць носьбітаў – каля 600 тысяч чалавек. Многія з іх двухмоўныя, валодаюць рускай, або грузінскай. Два дыялекты: іронскі і дыгорскі. Апошні часта разгледжваецца як асобная іранская мова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах: назоўны, родны, давальны, накіравальны, адкладальны, месны ўнутраны, месны вонкавы, прыпадабняльны, сумесны. Склонавыя значэнні ўдасканальваюцца пры дапамозе паслялогаў: чырыны с?р ‘на куфры’. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў у ліку і склоне, утвараюць ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, у абвесным і ўмоўным ладзе утварае формы цяперашняга, прошлага і будучага часу, у загадным – толькі цяперашняга і будучага. Формаў стану няма. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэньня – афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з цюркскіх, паўночнакаўказскіх, грузінскай і рускай моваў, калькі. З 1844 па 1923 пісьмовасьць на базе кірыліцы, з 1923 па 1938 – на лацінскай, а з 1938 – зноў на кірылічнай графічнай аснове. На тэрыторыі Грузіі асеціны з 1938 па 1954 карысталіся пісьмовасцю на грузінскай графіцы.
Асірыйская (айсорская)— адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Паходзіць ад аднаго з дыялектаў арамейскай мовы. Распаўсюджаная асобнымі невялікімі рэгіёнамі ў Іране, Іраку, Сірыі, Турцыі, Грузіі, Арменіі, Азербайджане, ЗША. Асобныя нешматлікія групы асірыйцаў пражываюць на тэрыторыі Расеі. Агульная колькасць носьбітаў каля 330 тысяч. Большая частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама асноўнай мовай краіны пражывання. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Спалучаюцца аналітычныя і сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае катэгорыі роду (мужчынскі і жаночы) і ліку (адзіночны і множны). У адзіночным ліку назоўнік уяўляе сабой чыстую аснову; фарманты множнага ліку вельмі неаднолькавыя: ґуда ‘мур’, ґудані ‘муры’; мата ‘вёска’, матаваті ‘вёскі’; наша ‘чалавек’, наші ‘людзі’; саса ‘шчака’, сасанані ‘шчокі’. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе і ліку. Формы ступеняў параўнання прыметніка ўтвараюцца аналітычна. Дзеяслоў мае складаную сістэму часоў і ладоў. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. У лексіцы пераважаюць спаконвечныя словы семіцкага паходжаньня. Ёсць некаторая колькасць запазычанняў з персіцкай, турэцкай, курдскай, ангельскай і рускай. Нешматлікія запазычанні з грэцкай належаць амаль выключна да царкоўнай тэрміналогіі. Націск заўсёды падае на перадапошні склад. Выкарыстоўваецца нацыянальная сістэма пісьма – кансанантны алфавіт. Накірунак пісьма справа налева.
Асмат – адна з папуаскіх моваў. Распаўсюджаная ў Заходнім Ірыяне (тэрыторыя Інданэзіі). Колькасць носьбітаў каля 40 тысяч чалавек. Галосныя фанемы: [a], [E], [i], [o], [u], [e]. Зычныя фанемы: [p], [f], [m], [w], [t], [s], [n], [r], [c], [j], [k]. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнікі распрадзяляюцца па пяці класах: 1) высокія і вузкія прадметы, якія стаяць (напрыклад, дрэвы); 2) высокія шырокія прадметы (напрыклад, дом); 3) шырокія і нізкія прадметы; 4) прадметы, якія плаваюць (рыбы, лодкі, а таксама рэкі); 5) прадметы, якія лятаюць (напрыклад, птушкі). У лексіцы шмат запазычаньняў з інданезійскай мовы, значна меньш запазычанняў з галандскай (нідэрландскай).
Астурыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, заходнераманскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Іспаніі ў аўтаномнай правінцыі Астурыя. Колькасьць носьбітаў каля 600 тысяч. Практычна ўсе яны двухмоўныя, валодаюць таксама іспанскай. Вывучаецца ў школах, а таксама на факультэце астурыйскай філалогіі ў горадзе Аўеда (сталіца Астурыі). У 1981 г. была заснаваная Акадэмія астурыйскай мовы. Існуюць тры асноўныя групы дыялектаў: цэнтральная, заходняя, усходняя. Сучасная літаратурная норма сфармавалася ў 70-е і 80-е годы ХХ стагоддзя. Увогуле пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, хаця ў парадыгме дзеяслова дамінуюць сінтэтычныя формы. У лексіцы шмат запазычанняў з іспанскай мовы, ёсць таксама некаторая колькасць германізмаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы пісьмовы помнік належыць да 1155 г. Літаратурная творчасьць на астурыйскай мове пачынаецца з XVII стагоддзя.
Атакапа – ізаляваная індзейская мова. Была распаўсюджана на тэрыторыі ЗША ў паўднёва-заходняй Луізіане і ўсходнім Тэхасе. Цалкам выйшла з ужытку. Выучана вельмі слаба. Два дыялекіы: ўсходні і заходні. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Атаяльская – адна з моваў карэннага насельніцтва Тайваня, распаўсюджаная на поўначы гэтай выспы. Уваходзіць у аўстранезійскую сям’ю тайваньскую групу. Колькасць носьбітаў калі 84 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае кітайскай. Два дыялекты. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Афрыкаанс— адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнегерманскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе з’яўляецца адной з дзяржаўных моваў. Колькасць носьбітаў каля 6 мільёнаў чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Узнікла ў XVII стагоддзі на базе мовы нідэрландскіх каланізатараў поўдня Афрыкі. Галосныя гукі: [i], [y] (лабіялізаваны пярэдняга раду, верхняга пад’ёму, кшталту нямецкага ?), [u], [e], [?], [?] (лабіялізаваны верхняга пад’ёму, сярэдняга раду), [E], [?], [?] (лабіялізаваны сярэдняга раду, сярэдняга пад’ёму), [?], [a], [a] (задняга раду). Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Ёсць дыфтонгі: [Ei], [ou], [?y] Зычныя гукі: [p], [b], [t], [d], [k], [g] (толькі ў запазычанах словах), [f], [v], [sh], [j], [x], [h], [m], [n], [?], [l], [r]. Пераважаюць кароткія аднаскладавыя словы, як, напрыклад, val ‘падаць’, wit ‘белы’, gee ‘даваць’, gaan ‘ісці’, daar ‘там’. Мае невялікую колькасць запазычаньняў з моваў карэннага насельніцтва рэгіёна (гатэнтоцкія, банту і інш.), а таксама з малайскай і партугальскай. Запазычанні з ангельскай вельмі нешматлікія з прычыны жорсткай пурыстычнай устаноўкі носьбітаў афрыкаанс. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца толькі па ліку. Пры гэтым, форма адзіночнага ліку супадае з асновай слова, а форма множнага ліку ўтвараецца пры дапамозе канчатка –е, або –s: bal ‘мяч’, balle ‘мячы’; man ‘мужчына’, mans ‘мужчыны’. У некаторых выпадках пры ўтварэньні формы множнага ліку мае месца чаргаванне гукаў кораня, як галосных, так і зычных: skip ‘карабель’, skepe ‘караблі’; dag ‘дзень’, dae ‘дні’. Склонавыя значэнні ў афрыкаанс перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Граматычнага роду няма. Ёсць артыклі: азначальны die і неазначальны ‘n. Прыметнік змяняецца толькі па ступенях параўнання: kort ‘кароткі’, korter ‘карацейшы’, kortst ‘найкарацейшы’. Дзеяслоў не зьмяняецца па асобах: ek lees ‘я чытаю’, jy lees ‘ты чытаеш’, hy/sy lees ‘ён/яна чытае’, ons lees ‘мы чытаем’, julle lees ‘вы чытаеце’, hulle lees ‘яны чытаюць’. Апрача цяперашняга часу, дзеяслоў у абвесным ладзе незалежнага стану ўтварае формы перфекта (ek heet gelees), будучага І (ek sal lees), будучага ІІ (ek sal gelees), будучага ў мінулым І (ek sou lees), будучага ў мінулым ІІ (ek sou gelees het). У залежным стане дзеяслова ў мове афрыкаанс узнікае яшчэ адзін час: плюсквамперфект (папярэдні мінулы). Вось як выглядае дзеяслоў bou – “будаваць” у залежным стане: Die huis word gebou ‘Дом будуецца’ (цяперашні час); Die huis is gebou ‘Дом пабудаваны’ (перфект); Die huis was gebou ‘Дом быў пабудавўся’ (плюсквамперфект); Die huis sal gebou word ‘Дом будзе пабудаваны’ (будучае І); Die huis sal gebou wees ‘Дом будзе пабудаваны’ (будучае ІІ); Die huis sou gebou word (будучае ў мінулым І); Die huis sou gebou wees (будучае ў мінулым ІІ). Парадак словаў у сказе фіксаваны. Пісьмовасць на аснове лацінскага алфавіта.
Афтары – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Выкарыстоўваецца жыхарамі вёскі Афтар у Іране, на паўночны захад ад горада Семнан. Колькасьць носьбітаў на 1960 г. – 1130 чалавек. Граматычны лад флектыўна-аналітычны.Флектыўныя формы ёсць у парадыгме дзеяслова. Назоўнікі і прыметнікі не маюць склонавых формаў. Мова беспісьмовая.
Ахвахская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Дагестане ў вёсках Ахвахскага і Шамільскага раёнаў. Агульная колькасьць носьбітаў каля 6 тысяч чалавек. Два дыялекты: паўночны (тэрыторыя Ахвахскага раёна) і паўднёвы (тэрыторыя Шамільскага раёна). Узаемаразуменне паміж носьбітамі розных дыялектаў цяжкае. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беспісьмовая. Амаль усе ахвахцы двухмоўныя, валодаюць таксама аварскай.
Ацтэкская (наўатль) – адна з індзейскіх моваў, уваходзіць у тана-ацтэкскую сям’ю. Распаўсюджаная ў паўднёвых раёнах Мексікі. Колькасць носьбітаў каля 1 мільёна чалавек. Значная частка з іх валодае таксама іспанскай. Ёсць тры групы дыялектаў. Граматычная структура аглюцінатыўная з элементамі інкарпарацыі. У граматыцы ёсць асобыя формы пашаны. Формы словазьмянення ўтвараюцца пры дапамозе афіксацыі або рэдуплікацыі кораня: icxatl ‘авечка’, icxacame ‘авечкі’ teotl ‘бог’, teteotl ‘богі’. Формы множнага ліку ўтвараюць толькі адушаўлёныя назоўнікі. Для перадачы часовых і прасторавых адносінаў выкарыстоўваюцца паслялогі. Дзеяслоў мае дзевяць формаў часу і ладу. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. У лексіцы шмат іспанскіх запазычанняў. Націск заўсёды на перадапошнім складзе. Да іспанскай заваёвы выкарыстоўвалася арыгінальнае ацтэкскае пісьмо, якое мела часткова піктаграфічны, часткова – логаграфічны характар. З XVI стагоддзя пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ачан – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбецка-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў Кітаі, у правінцыі Юньнань. Колькасць носьбітаў каля 27 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэньня. Мова беспісьмовая.
Ачолі (аколі) – адна з нілоцкіх моваў. Распаўсюджаная на поўначы Уганды і на поўдні Судана. Колькасць носьбітаў каля 500 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне напружаных і ненапружаных галосных. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове створаная ў ХХ стагоддзі.
Ачынская (ачэ) – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у малайскую групу. Распаўсюджаная на поўначы выспы Суматра (Інданэзія). Колькасць носьбітаў каля 3 мільёнаў чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ашкун – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу, нурыстанскую (заходнедардскую) падгрупу. Распаўсюджаная ў правінцыі Нурыстан Аўганістана. Колькасць носьбітаў каля 5 тысяч чалавек. Мае два дыялекты: заходні (уласна ашкун) і ўсходні (вамаі). Граматычны лад флектыўны, з элементамі аглюцінацыі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы невялікая колькасць запазычанняў з дардскіх моваў, а таксама з пушту і дары. Мова беспісьмовая.