А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (З)
Цэтлікі: мовы света
Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства
Заза – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. У пачатку ХХ стагоддзя была распаўсюджаная ў горным раёне Дэрсім ля вытокаў Еўфрата на паўднёвым усходзе Турцыі. Інфармацыі пра сучаснае становішча мовы і яе носьбітаў – няма. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Націск не фіксаваны, але часцей з усяго на канцы слова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элемнтамі аглюціныцыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Ёсць катэгорыя рода: мужчынскі і жаночы. Неакрэсьлены постпазыцыйны аглютынаваны артыкль –en. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку; у першай і другой асобе цяперашняга часу адрознівае формы мужчынскага і жаночага роду. Мова беспісьмовая. Захаваліся запісы, зробленыя еўрапейскімі дасьледчыкамі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
Зандэ – адна з адамуа-ўсходніх моваў. Распаўсюджаная на поўдні Судана, у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і ў Заіры. Колькасць носьбітаў звыш за 2,8 мільёнаў чалавек. Адрозненні паміж дыялектамі вельмі нязначныя, не перашкаджаюць ўзаемапаразуменню паміж іх носьбітамі. Мова тонавая. Вельмі багаты вакалізм. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, выкарыстоўваецца абмежавана.
Заходнепалеская – усходнеславянская літаратурная мова, створаная ў 1988 г. на базе палескіх гаворак паэтам і філолагам Міколам Шэляговічам. У тым жа годзе было створанае культурна-моўнае згуртаванне “Полісься”, а ў 1990 г. адбылася ўстаноўчая канфярэнцыя, на якой абмяркоўваліся праблемы палескай моўнай нормы. Колькасць носьбітаў заходнепалесскай мовы невядомая, але можна сцьвяржджаць, што ўсе яны валодаюць расейскай і беларускай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Парадак словаў у сказе свабодны. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове.
Зеленамыская – адна з крэольскіх моваў. Узнікла на базе партугальскай. Распаўсюджаная на Выспах Зялёнага Мыса (Кабо-Вэрдэ). Колькасць носьбітаў звыш за 200 тыс. чалавек. Пераважаюць граматычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Земгальская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у балтыйскую групу. Была распаўсюджаная да XV стагоддзя на тэрыторыі вакол Ліелупэ (Літва). Знікла ў выніку агрэсіі з боку Лівонскага ордэну, якая прывяла да масавай міграцыі носьбітаў земгальскай мовы ў іншыя рэгіёны. Інфармацыі пра мову вельмі няшмат, пераважна тапанімічныя дадзеныя. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Земіакі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардзкую групу, нурыстанскую падгрупу. Колькасць носьбітаў – каля 400 чалавек, якія пражываюць у вёсцы Земіакі ў афганскай правінцыі Кунар. Дыялектнага дзялення няма. Мова вельмі блізкая да вайгалі, і некаторыя даследчыкі разгледжваюць яе як дыялект апошняй.У фанетыцы супрацьпастаўленне чыстых і насавых галосных. Назоўнікі і займеннікі маюць тры склоны: прамы, укосны і родны. Займеннікі маюць таксама формы ліку (адзіночнага і множнага), у назоўнікаў формаў ліка няма. Катэгорыі роду няма. Дзеяслоў у абвесным ладзе змяняецца па ліку, часу (цяперашні-будучы, прэтэрыт, плюсквамперфект) і асобе. Апрача абвеснага ёсць таксама загадны і ўмоўны лад. Прыметнік у земіакі нязменная часьціна мовы, слаба адрозьніваецца ад прыслоў’я. У лексіцы шмат запазычанняў з пушту і дары, дзяржаўных моваў Афганістана, крыху з глангалі. Пісьмовасці няма.
Зенага— адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у бербера-лівійскую групу. Распаўсюджаная на паўднёвым захадзе Маўрытаніі. Колькасць носьбітаў – каля 20 тысяч чалавек. Дадзеных наконт дыялектнага дзяленьня няма. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай мовы. Мова беспісьмовая.
Зенд – тое жа, што авестыйская.
Зірэ – адна моваў карэннага насельніцтва Новай Каледоніі, уваходзіць у аўстранэзійскую сям’ю, меланезійскую групу. У 1996 г. гэтай мовай карысталіся 4 чалавекі; цяпер, хутчэй з усяго, мова ўжо выйшла з ужытку. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Зулу – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Зімбабвэ. Агульная колькасць носьбітаў каля 7 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з другой паловы ХІХ стагоддзя.
Зун’і – ізаляваная індзейская мова, распаўсюджаная ў ЗША, у штаце Нью-Мэксіка. Колькасць носьбітаў звыш за 6000 чалавек. Значная частка з іх валодае таксама ангельскай. Назоўнік не змяняецца па склонах. Вельмі складаная сістэма дзеяслова, мае тэндэнцыю да інкарпарацыі. Парадак словаў адносна свабодны, але пераважае варыянт “дзейнік – дапаўненне— выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Мова выкладаецца ў пачатковай школе.
Пят, 11 ліпня 2014
Агульнае і параўнальнае мовазнаўства