А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Н)
Цэтлікі: мовы света
Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства
Наваха – адна з моваў на-дэнэ, уваходзіць у атапаскую групу. Распаўсюджаная ў ЗША, у рэзэрвацыі на тэрыторыі штатаў Арызона, Нью-Мексіка, Юта. Колькасць носьбітаў па розных дадзеных – ад 100 да 150 тысяч чалавек. Многія з іх валодаюць таксама ангельскай. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія, насавыя і ненасавыя галосныя. Мова тонавая; вылучаюцца чатыры тоны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, інкарпарацыя. Галоўны сродак словазмянення – прэфіксацыя. Найбольш распаўсюджаны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. У лексіцы амаль няма запазычанняў з іншых моваў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Мова выкладаецца ў коледжах і школах.
Навіаль – штучная мова, створаная ў 1928 г. дацкім лінгвістам Отта Еспэрсэнам. Шырокага распаўсюджання не атрымала. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Сістэма формаў дзеяслова створаная на ўзор ангельскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Нагайская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў шэрагу раёнаў Стаўрапольскага і Краснаярскага краёў, на поўначы Дагестана. Колькасць носьбітаў – каля 54 тысяч чалавек. Значная колькасць з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Тры дыялекты: акнагайскі (літ. “беланагайскі”), цэнтральнанагайскі, каранагайскі (літ. “чорнанагайскі”). Адрозненні паміж дыялектамі не перашкаджаюць узаемапаразуменню іх носьбітаў. Галосныя гукі: [а], [о], [ы], [у], [э], [аь] (гук падобны да нямецкага ?), [оь] (гук падобны да нямецкага ?), [и], [уь] (гук падобны да нямецкага ?). Зычныя гукі: [м], [б], [п], [в] (вымаўляецца і як v і як w), [н], [л], [д], [т], [з], [с], [р], [ж], [ш], [нъ] (як ангельскае ng), [г] (вымаўляецца як g і як ?), [к], [х]. Гукі [ф], [ц], [ч] спаткаюцца толькі ў словах, запазычаных з рускай мовы. Націск фіксаваны на апошнім складзе. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасьці склонах: назоўны – арба ‘арба’, родны – арбадынъ ‘арбы’, давальны – арбага ‘арбе’, вінавальны – арбады ‘арбу’, месны – арбада ‘у арбе’, зыходны – арбадан ‘з арбы’. Склонавыя значэнні ўдакладнюцца пры дапамозе паслялогаў: бул аьдем мен ‘з гэтым чалавекам’, кешке дейим ‘да вечара’. Катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці: уьй ‘дом’, уьйим ‘мой дом’. Прыметнікі не змяняюцца ані па склонах, ані па ліку; утвараюць формы ступеняў параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе дзевяць формаў часу, у умоўным ладзе – тры формы часу, у пажадальна-загадным ладзе – дзве формы часу. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай і рускай моваў. Пісьмовасць да 1928 г на арабскай графічнай аснове, потым – на лацінскай, а з 1938 г. – на базе кірыліцы.
Нагалі (нахалі) – генэтычна ізаляваная мова. Спробы шэрага навукоўцаў устанавіць яе родаснасць з аўстраазіяцкімі мовамі поспеху не мелі. Была распаўсюджаная ў Індыі на поўначы цяперашняга штата Махья-Прадэш. У 1870 г. большая частка носьбітаў мовы нагалі была знішчаная ангельскай карнай экспедыцыяй. Невядома, ці існуюць носьбіты нагалі цяпер. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў, створаных носьбітамі гэтай мовы, няма.
Намфаў – тое жа, што і анал.
Нанайская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная ў Хабараўскім і Прыморскім краях Расіі. Вылучаюцца дыялекты: сярэдняамурскі, сунгарыйскі, усурыйскі, курумійскі. Колькасць носьбітаў па розных дадзеных ад пяці да дзесяці тысяч чалавек, амаль усе людзі старэйшага ўзросту. Большая частка з іх у рознай ступені валодае рускай; нанайская мова выходзіць з ужытку. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюціныцыя. Назоўнік змяняецца па васьмі склонах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Граматычнага роду няма. Катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці і артыкляў таксама няма. Прыметнік марфалягічна не змяняецца. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае катэгорыі часу і ладу. Спосабы словаўтварэння: рэдуплікацыя, словаскладанне, суфіксацыя, чаргаванне галосных у корані слова. У лексыцы шмат запазычанняў з рускай, кітайскай, манчжурскай і мангольскай моваў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дапаўненне – дзейнік” Пісьмовасць з 1931 па 1937 г. на лацінскай графічнай аснове, далей – на кірылічнай. Выкарыстоўваецца абмежавана.
Нанды – адна з моваў ніла-сахарскай макрасям’і, уваходзіць у шары-нільскую сям’ю, нілоцкую групу, паўднёва-нілоцкую падгрупу, падпадгрупу нанды-кіпсігіс. Распаўсюджаная ў Кеніі, у некаторых раёнах Уганды і Танзаніі. Колькасць носьбітаў каля 1,5 мільёнаў чалавек. Мава тонавая. Націск звычайна падае на корань слова. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Нама (гатэнтотская) – адна з цэнтральнакайсанскіх моваў, уваходзіць у групу кхойкхой. Распаўсюджаная пераважна ў Намібіі, дзе мае статус нацыянальнай мовы. Асобныя групы моўнікаў ёсць у Батсване і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Агульная колькасць носьбітаў – каля 250 тысяч чалавек. Некаторая частка з іх двухмоўныя, валодаюць ангельскай, афрыкаанс, або тсвана. Шмат дыялектаў і паддыялектаў. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія, насавыя і ненасавыя галосныя. Адзінаццаць дыфтонгаў. Характэрнай рысай кансанантызма нама з’яўляецца наяўнасць пстрыкаючых гукаў (так званых кліксаў), дваццаць з трыццаці трох зычных. Мова тонавая. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Чатыры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, неакрэслены і агульны. Дзеяслоў мае катэгорыі часу і трывання. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з 1845 г. Мова выкладаецца ў школах Намібіі, вывучаецца ўва ўніверсітэце г. Віндхука (сталица Намібіі).
Нара (нэра, бар’я) – адна з моваў ніласахарскай макрасям’і, усходнесудаескай надсям’і. Распаўсюджана ў заходняй Эрытрэі. Афіцыяльнага статуса не мае. Колькасць носьбітаў – каля 800 тысяч чалавеку. Значная частка з іх валодае таксама тыгрэ і арабскай. Чатыры дыялекты: хігір, магарэб, койта, сантора. Агульнай літаратурнай мовы няма. Эпізадычна выкарыстоўваецца пісьмовасць на эфіопскай і на лацінскай графічнай аснове.
Нарвежская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, паўночнагерманскую (скандынаўскую) падрупу. Дзяржаўная мова Каралеўства Нарвегія. Колькасць носьбітаў – каля 5 мільёнаў чалавек. Літаратурная мова існуе ў двух варыянтах: рыксмол (букмол) і ландсмол (нюноршк). Буксмол бліжэй да дацкай мовы, а нюноршк – да ісландскай і фарэрскай. Першым карыстаецца каля 80% насельніцтва краіны, другім – каля 20%. Узаемапаразуменне паміж носьбітамі двух варыянтаў мовы практычна немагчымае. У граматыцы сумяшчаюцца элементы сінтэтызма і аналітызма. У назоўніка ёсць катэгорыя рода: мужчынскі, жаночы, ніякі. Назоўнік утварае сінтэтычныя формы адзіночнага і множнага ліку, назоўнага і роднага (прыналежнага) склону. Ёсць артыклі. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе і ліку, змяняецца па ступенях параўнаньня: sikker ‘надзейны’, sikrere ‘надзейнейшы’, sikrest ‘найнадзейнейшы’. Змянення па склонах у прыметніка няма. Дзеяслоў мае граматычныя катэгорыі часу стану, лада; па асобах не змяняецца. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. У лексіцы запазычаньні з ангельскай, ніжненямецкай і лацінскай моваў. Пры гэтым, у ландсмоле запазычанняў значна меньш, чым у рыксмоле. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У раннім Сярэднявеччы ўжываўся таксама германскі рунічны алфавіт.
Нарфолкская (нарфук) – адна з крэольскіх моваў; сфармавалася на базе ангельскай пад уплывам з боку палінезійскіх моваў, пераважна таіцянскай. Распаўсюджаная на выспе Нарфолк, якая належыць Аўстраліі. Мае статус другой афіцыяльнай мовы выспы (нароўні з ангельскай). Колькасць носьбітаў – каля 1800 чалавек. Амаль усе яны добра валодаюць ангельскай. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Ангельскія па паходжаньню словы маюць фанэтычнае афармленне значна адрознае ад уласна ангельскага: morla – tomorrow, dem – them, daa – that, garet – angry. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Артаграфія мае паслядоўна фанетычны характар.
Насі (нахі, мосо) – адна з кітайска-тыбэцкіх моваў, уваходзіцьу тыбэта-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў Кітаі ў правінцыі Юньнань. Колькасць носьбітаў – каля 140 тысяч чалавек. Большасць насі двухмоўныя, валодаюць таксама кітайскай. Да нядаўняга часу выкарыстоўвалася піктаграфічная сістэма пісьма дунба. Цяпер ужываецца пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Науру – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Адна з дзвюх дзяржаўных моваў Рэспублікі Наўру (нароўні з ангельскай). Колькасць носьбітаў – каля 5 тысяч чалавек. Паступова выціскаецца ангельскай. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Наўатль – тое жа, што ацтэкская.
Нахалі – тое жа, што нагалі.
Нганасанская (таўгійская) – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у самадыйскую групу. Распаўсюджаная ў паўночнай частцы паўвыспы Таймыр, з’яўляецца самай паўночнай аўтахтоннай мовай Еўразіі. Колькасць носьбітаў – каля 800 чалавек. Два дыялекты: авамскі і вадзееўскі. Многія нганасаны апрача роднай мовы валодаюць рускай, радзей – далганскай і энецкай. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных, ёсць дыфтонгі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, вінавальны, давальна-накіравальны, месна-творны, адкладальны, падоўжна-накіравальны (уздоўж чаго-небудзь). Катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Дзеяслоў мае складаную сістэму ладоў і часоў, утварае формы пяці дзеепрыметнікаў, двух дзеепрыслоўяў, супіна, інфінітыва. Звычайны парадак словаў у сказе – “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя; роля словаскладання – нязначная. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай мовы, асобныя запазычанні з далганскай і эвенкійскай. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове, створаная ў 1990-е гг.
Нгатык – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Распаўсюджаная ў Федэратыўных Штатах Мікранезіі ўва ўсходняй частцы Каралінгскага архіпелага на атоле Нгатык. Колькасць носьбітаў – каля 1 тысячы чалавек. Большасьць носьбітаў нгатык валодаюць таксама мовай панапе. Мова беспісьмовая.
Неамеланезійская (ток-пісін) – крэольская мова, сфармаваўшаяся на базе ангельскай. Распаўсюджаная ў Папуа – Новай Гвінэі, дзе нароўні з ангельскай і хіры-моту з’яўляецца дзяржаўнай мовай. Мова блізкая да біслама. Колькасць носьбітаў – каля 3 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прадлогаў і парадка словаў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Арыгінальная мастацкая літаратура выходзіць з канца 1960-х гадоў.
Неасаламонік – крэольская мова, сфармаваўшаяся на базе ангельскай. Адна з дзяржаўных моваў Саламонавых Выспаў (нароўні з ангельскай). Мова вельмі блізкая да неамеланезійскай і біслама. Колькасьць носьбітаў – каля 24 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Неварская – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджана ў Непале, пераважна ў даліне Катманду, дзе неварцы складаюць большасць насельніцтва, а таксама ў некаторых раёнах Індыі і Бутана. У XIV – XVIII стагоддзях неварская была афіцыяльнай мовай Непала. Колькасць носьбітаў – каля 730 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пяць тыпаў спражэння дзеяслова. Ва ўсіх часах дзеяслова супрацьпастаўленне першай і няпершай асобы. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Прыблізна 75 % лексыкі спаконвечна неварскага паходжаньня; астатняе – запазычанні, пераважна з тыбецкай і санскрыта. Пісьмовасць індыйская, складавая.
Негідальская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная на тэрыторыі Хабараўскага края Расеі ў нізоўі Амура і па яго леваму прытоку Амгунь. Па дадзеных 1997 г., колькасць носьбітаў – 224 чалавека. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах: назоўны, вінавальны акрэслены, вінавальны неакрэслены, давальны, накіравальны, месны, падоўжна-накіравальны, зыходны, творны. Катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Прыметнік змяняецца па ліку і склонах толькі ў тым выпадку, калі ўжываецца без назоўніка, або знаходзіцца пасля назоўніка. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў і часоў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Ненецкая – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у самадыйскую групу. Распаўсюджаная ў тундры ад Кольскай паўвыспы да правабярэжжа Енісея. Два дыялекты: тундравы, на якім гаворыць большая частка ненцаў, і лясны. Колькасць носьбітаў каля 26 тысяч чалавек. Многія ненцы валодаюць таксама рускай мовай, некаторыя – мовай комі і хантыйскай. Галосныя гукі: [і], [э] (пярэднеязычны гук), [э] (сярэднеязычны гук), [ы], [а], [о], [у]. Усе галосныя супрацьпастаўляюцца па чатырох ступенях даўжыні: доўгія, сярэднядоўгія, кароткія, звышкароткія; гэтае супрацьпастаўленне мае фанематычны характар. Зычныя гукі: [п], [б], [в], [м], [пь], [бь], [мь], [т], [д], [ц], [с], [н], [р], [л], [ть], [дь], [ць], [сь], [нь], [рь], [ль], [к], [г] (гук выбухны, як у расейскай), [х], [?] (як ангельскае ng), [’] (насавая гартанная змычка), [”] (ненасавая гартанная змычка). Націск свабодны, можа выкарыстоўвацца для адрознення словаў: т?дась ‘званітаваць’, тод?сь ‘грэцца ля вагня’. Склад заўсёды пачынаецца толькі з зычнага гука. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, вінавальны, давальна-накіравальны, месна-творны, адкладальны (ад каго, ад чаго, адкуль), падоўжна-накіравальны (уздоўж чаго). Граматычнай катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, мае сем формаў ладоў і тры формы часу. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Лексіка пераважна спаконвечная, самадыйская, некаторая колькасць запазычанняў зь цюркскіх моваў, з хантыйскай, комі, рускай. Пісьмовасць з 1932 г. на лацінскай, а з 1937 г. на кірылічнай графічнай аснове.
Непальская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Дзяржаўная мова Каралеўства Непал. Распаўсюджаная таксама ў памежных з Непалам раёнах Індыі. Колькасць носьбітаў – каля 9,1 мільёнаў чалавек. Чатыры дыялекты: цэнтральны, заходні, ўсходні, перадгорны. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Выкарыстоўваецца пісьмо дэванагары (найбольш распаўсюджаны зь індыйскіх алфавітаў).
Ніаская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на інданезійскай выспе Ніас (на захад ад Суматры) і на выспах Бату. Агульная колькасць носьбітаў – каля 480 тысяч чалавек, значная частка з іх валодае таксама дзяржаўнай аўстранезійскай мовай. Тры дыялекты: паўночны, цэнтральны і паўднёвы. Характэрнай асаблівасцю ніаскай фанетыкі з’яўляецца вялікая колькасць дыфтонгаў. У граматыцы спалучаюцца сінтэтычныя і аналітычныя сродкі. Вылучаюцца дзве асноўныя часціны мовы: імя і прэдыкат (аб’ядноўвае дзеясловы і прыметнікі). Назоўнік мае формы двух склонаў: абсалютыўнага і эргатыўнага. Для ўтварэння формаў прэдыката актыўна выкарыстоўваюцца прэфіксы. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Нідэрландская (галандская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнегерманскую падгрупу. Дзяржаўная мова Нідэрландаў і Бельгіі (нароўні з французскай). Колькасць носьбітаў – каля 20 мільёнаў чалавек.У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Націск звычайна падае на корань. У граматыцы спалучаюцца аналітычныя і сінтэтычныя рысы. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: назоўны і прыналежны. Іншыя склонавыя значэньні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў сказе. Два граматычныя роды: агульны (сумяшчае ў сябе мужчынскі і жаночы) і ніякі. Ёсць артыкль. Дзеяслоў мае два простых і шэсць складаных формаў часу, два станы (залежны і незалежны), тры лады (абвесны, загадны, умоўны). Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Галоўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове без дыякрытык. Першыя помнікі належаць да ХІІІ стагоддзя.
Ніжнелужыцкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнюю падгрупу. Распаўсюджаная ў Нямеччыне ў раёне горада Котбус, (побач з польскай граніцай). Колькасць носьбітаў – каля 8 тысяч чалавек, але рэгулярна мовай карыстаюцца не больш за 3 тысячы. Практычна ўсе яны двухмоўныя, валодаюць таксама нямецкай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, фексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, зьмяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны. Творны склон пад уплывам нямецкай мовы ўжываеца толькі з прыназоўнікам: napolni?o kru?ki z w?du ‘напоўніце конаўкі вадой’. Тры роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта, будучага. Апрача асабавых формаў, ніжнелужыцкі дзеяслоў мае формы дзеепрыметнікаў, інфінітыва (wjace?a? ‘вячэраць’), супіна (wjace?at ‘каб вячэраць’). Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы шмат запазычаньняў і калек з нямецкай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове зь XVI стагоддзя.
Нікабарская – адна з аўстраазіяцкіх моваў, займае ў гэтай сям’і ізаляванае становішча. Распаўсюджаная на Нікабарскіх выспах у Індыйскім Акіяне. Колькасць носьбітаў каля 30 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных, дыфтонгі і трыфтонгі. Тыпалагічна нікабарская мова знаходзіцца паміж аглюцінатыўнымі і ізаляцыйнымі мовамі. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя, словаскладанне, рэдуплікацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны, пры наяўнасці аб’екта – “дзейнік – выказнік – дапаўненне”, а пры адсутнасці аб’екта – “выказнік – дзейнік”. Пісьмовасць з пачатку ХХ стагоддзя на лацінскай графічнай аснове. Выкарыстоўваецца абмежавана.
Нінгаламі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу. Была распаўсюджаная ў вёсцы Нінгалам, у вусці ракі Вайгал, левага прытока ракі Печ (Піч) у правінцыі Кунар у Афганістане. Вельмі блізкая да мовы глангалі. Выйшла з ужытку ў першай палове ХХ стагоддзя, ў выніку асіміляцыі яе носьбітаў пуштумоўным насельніцтвам. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасьці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Ніуэ – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінэзійскую групу, танганскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспе Ніуэ, якая належыць Новай Зеландыі. Колькасць носьбітаў – каля 4 тысяч чалавек. Два дыялекты: моту і тафіты. Адрозненні паміж імі не перашкаджаюць узаемапаразуменню. Галосныя гукі: [i], [e], [a], [u], [o]. Усе галосные могуць быць доўгімі і кароткімі; супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх мае фаналягічнае значэньне: ahi ‘сандалавае дрэва’, ?hi ‘наведваць’. Дыфтонгаў няма, кожны галосны ўтварае асобны склад. Зычныя гукі: [p], [m], [f], [v], [t], [n], [s], [l], [r], [k], [?] (на пісьме перадаецца літарай g), [h]. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пазыцыйных і камбінаторных зменаў гукаў няма. Націск падае на апошні склад слова, калі галосны апошняга склада доўгі. Калі галосны апошняга склада кароткі, націск падае на перадапошні склад. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Даволі шырока ўжываецца рэдуплікацыя, спаткаюцца асобныя выпадкі аглюцінацыі і суплетывізма. Так, нарпыклад, суплетыўна-аналітычную форму мае клічны склон назоўніка tagata ‘чалавек’ – teme n? ? ‘чалавеча’. Множны лік назоўніка можа ўтварацца а) аналітычна: pusi ‘котка’, tau pusi ‘коткі’; б) пры дапамозе поўнай рэдуплікацыі: l? ‘галіна’, l?l? ‘галіны’; в) пры дапамозе рэдуплікацыі першага склада слова: motua ‘старац’, momtua ‘старцы’; г) пры дапамозе рэдуплікацыі апошняга склада слова: maihi ‘расколіна’, maihihi ‘расколіны’; д) пры дапамозе суплетыўнай замены адной з частак складанага слова: tama-tote ‘дзіцянё’, tama-ikiiki ‘дзеці’. Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і пасьлялогаў. Ёсць артыкль ha. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, утварае аналітычныя формы цяперашняга, будучага і прошлага часу пры дапамозе прэпазыцыйных часціц. Галоўныя спосабы словаўтварэння – словаскладаньне, канвэрсія, рэдуплікацыя. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з самоа і ангельскай. Запазычанні з ангельскай ператвараюцца ў ніуэ адпаведна нормам палінезійскай фанэтыкі: taone ‘горад’ (ад анг. Town), siisi ‘сыр’ (ад анг. Cheese), naifi ‘нож’ (ад анг. Knife). Ёсць асобая ганаратыўная лексіка. Пісьмовасьць на лацінскай графічнай аснове. Галоўны прынцып арфаграфіі – “адзін гук – адна літара”.
Ніўхская (гіляцкая) – генэтычна ізаляваная мова карэннага насельніцтва паўночнай часткі Сахаліна і нізоўя ракі Амур. Колькасць носьбітаў – каля 1300 чалавек. Усе яны двухмоўныя, добра валодаюць рускай. Тры дыялекты: паўночнасахалінскі, усходнесяхалінскі, амурскі. Наддыялектных формаў мовы няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах: назоўны, давальна-вінавальны, параўнальны, месны, месна-зыходны, давальна-накіравальны, гранічны, творны, клічны. Да назоўнікаў могуць далучацца паслялогі, якія канкрэтызуюць прасторавыя значэнні склонаў. Катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Дзеяслоў мае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па асобах у загадным ладзе. У абвесным ладзе змяненне па асобах магчымае толькі ў тых выпадках, калі дзеяслоў мае ў сваім складзе суфікс аднароднай дзеі. Формаў часу дзве: небудучага і будучага часу: Иф рад’ ‘Ён п’е / піў’, Иф раныд’ ‘Ён будзе піць’. Катэгорыі стану няма. Дзеепрыметнікі не змяняюцца па склонах. У лексіцы – некаторая колькасць запазычанняў з рускай мовы, у амурскім дыялекце – таксама з тунгуса-манчжурскіх моваў. З 1935 г. пісьмовасьць на лацінскай графічнай аснове, з 1953 – на кірылічнай; выкарыстоўваецца абмежавана.
Норн – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу паўночнагерманскую падгрупу. Мова вельмі блізкая да нарвежскай; шэрагам навукоўцаў разгледжваецца як дыялект апошней. Была распаўсюджаная на выспе Кейпнэс, а таксама на Арнкейскіх і Шэтляндскіх выспах. Выйшла з ужытку ў выніку перахода норнамоўнага насельніцтва на ангельскую мову. Апошні чалавек, які гаварыў на норн, памёр у 1850 г. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. У апошні перыяд існаваньня мовы норн у ёй актыўна разьвіваліся аналітычныя канструкцыі. Пісьмовыя понікі, якія дашлі да нас, выкананыя пісьмом на лацінскай графічнай аснове.
Нубійская – адна з шары-нільскіх моваў, уваходзіць ува ўсходнесуданскую групу, нубійскую падгрупу. Распаўсюджаная ў даліне ракі Ніл на тэрыторыі Егіпта і Судана. Колькасць – носьбітаў каля 2,14 мільёнаў чалавек. З VI па XIV стагоддзе была афіцыяльнай мовай незалежнай нубійскай дзяржавы, якая знікла ў выніку яе заваёвы арабамі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У Сярэднявеччы выкарыстоўваўся нубійскі алфавіт, створаны на базе копцкага. Большая частка помнікай нубійскай сярэднявечнай літаратуры знішчаная арабамі. Цяпер мова беспісьмовая.
Нукуора – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на аднайменным атоле, які належыць Фэдэратыўным Штатам Мікранезіі. Колькасьць носбітаў – каля 500 чалавек. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беcпісьмовая.
Нумэа – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць ў меланезійскую групу. Распаўсюджаная на поўдні Новай Каледоніі. Колькасьць носьбітаў – каля 1800 чалавек. Многія з іх валодаюць таксама французскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Нумідыйская – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у бербера-лівійскую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснай Лівіі ў І тысячагоддзі да н. э., карысталася кансанантным нумідыйскім алфавітам, на базе якога сфармавалася сучаснае берберскае пісьмо тыфінаг.
Нунгубую – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі, уваходзіць у сям’ю гувінгуан. Распаўсюджаная ў Паўночных Тэрыторыях, ва ўсходнім Арнхэме. Колькасць носьбітаў – каля 300 чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У перыяд з 1946 па 1995 на мове нунгубую быў выданы асобнымі выпускамі поўны тэкст Бібліі.
Нуэрская – адна з нілоцкіх моваў. Распаўсюджаная на поўдні Судана і часткова ў Эфіопіі. Колькасць носьбітаў – каля 1,13 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, такія, як унутраная флексія, музычны тон, прэфіксы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Нымыланская – тое жа, што каракская.
Ньялаю – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць ў меланезійскую групу. Распаўсюджаная на поўначы Новай Каледоніі. Два дыялекты: ялая і бэлеп. Колькасць носьбітаў – каля 1500 чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове
Ньямвэзі – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў цэнтральных і паўночных раёнах Танзаніі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з канца ХІХ стагоддзя.
Ньянджа (чыньянджа) – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў Малаві, дзе мае статус дзяржаўнай мовы (нароўні з ангельскай), у некаторых раёнах Мазамбіка, Зімбабвэ і Замбіі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 7 мільёнаў чалавек. Дыялекты: маганджа, пэта, чэва, ньяса, амбо. Літаратурная мова – на базе чэва і пэта. Сістэма музычных тонаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з XIX стагоддзя.
Нэку – адна з моваў карэннага насельніцтва Новай Каледоніі, уваходзіць у аўстранезійскую сям’ю, меланезійскую групу. Колькасць носьбітаў – каля 200 чалавек. Мова беспісьмовая.
Нэмі – адна з моваў карэннага насельніцтва Новай Каледоніі, уваходзіць у аўстранезійскую сям’ю, меланезійскую групу. Распаўсюджаная на ўсходнім узбярэжжы выспы. Колькасць носьбітаў – каля 320 чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Нэнгонэ – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная на выспе Марэ архіпелага Луаётэ (ля берагоў Новай Каледоніі). Колькасць носьбітаў – звыш за 6 тысяч чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, створаная ў другой палове ХІХ стагоддзя місіянэрамі. У 1903 г. выйшаў поўны пераклад Бібліі на мову нэнгонэ.
Нэпа – штучная мова, створаная ў 1919 г. ў Расеі В. Е. Чэшыхіным. Была распрацаваная ў чатырох варыянтах: нэпа ідэаграфічнае, нэпа міжнароднае, нэпа нацыянальнае, нэпа-пасілалія. На практыцы не ўжывалася.
Нэра – тое жа, што нара.
Нэсіцкая – тое жа, што хецкая.
Нюноршк – тое жа, што ландсмол.
Нямецкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнягерманскую падгрупу. Дзяржаўная мова Нямеччыны, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Люксембурга (нароўні з люксембургскай і французскай), Швейцарыі (нароўні з французскай, італьянскай і рэтараманскай). Асобая групы нямецкамоўнага насельніцтва пражываюць на тэрыторыі Францыі ў Эльзасе і Латарынгіі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 100 мільёнаў чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Адрозненні паміж дыялектамі перашкаджаюць узаемапаразуменню іх носьбітаў. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных: Staat ‘дзяржава’, Stadt ‘горад’. Ёсць дыфтонгі. Націск эспіраторны, у спаконвечна-нямецкіх невытворных словах заўсёды падае на першы склад. У граматыцы спалучаюцца элементы сінтэтызма і аналітызма. Назоўнік мае катэгорыю граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырох склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны. Ёсць артыклі: неазначальныя – ein (мужчынскі род), eine (жаночы род), ein (ніякі род); азначальныя: der (мужчынскі род), die (жаночы род), das (ніякі род). У множным ліку азначальны артыкль мае агульную для ўсіх трох родаў форму die. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне, ліку, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным і умоўным ладзе формы цяперашняга часу, прэтэрыта, перфекта, плюсквамперфекта, будучага І, будучага ІІ; мае формы залежнага і незалежнага стану. У загадным ладзе формаў часу няма. Супрацьпастаўляюцца формы залежнага і незалежнага стану. Ёсць дзеепрыметнікі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Азначэнне заўсёды знаходзіцца ў прэпазіцыі. Галоўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. У лексіцы, пераважна ўласна нямецкай, некаторая колькасць запазычанняў з лацінскай, французскай і ангельскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Аўт, 15 ліпня 2014
Агульнае і параўнальнае мовазнаўства