А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (П)

Аўт, 15 ліпня 2014

Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Цэтлікі: мовы света

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Пайшачы – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Належыць да ліку пракрытаў – літаратурных моваў старажытнай і сярэднявечнай Індыі. Сфармавалася і функцыяніравала на пачатку нашай эры ў вобласці Махараштр. Назіраецца нейкі неіндаеўрапейскі субстрат. Захаваўся ў нешматлікіх і невялікіх па аб’ёму пісьмовых помніках. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Пісьмовасць індыйская, складавая.
Палавецкая – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Была распаўсюджаная ў стэповых раёнах цяперашняй паўднёвай Украіны ў ХІ – XIV стагоддзях. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Галоўнай крыніцай для вывучэння палавецкай мовы ёсць так званы Codex Cumanicus, створаны 1294 г. нямецкімі і італьянскімі манахамі, які ўключае ў свой склад лацінска-персіцка-палавецкі слоўнік (2994 словы), пераклад урыўкаў з Новага Запавету, асобных малітваў, а таксама 50 загадак.
Палабская – адна з індаеўраейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнеславянскую падгрупу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі паміж Одэрам і Эльбай (Лабай). Выйшла з ужытку ў канцы XVIII стагоддзя ў выніку асіміляцыі палабскага насельніцтва носьбітамі нямецкай мовы.Тры групы дыялектаў: вялецкая, абадрыцкая, драўлянская. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма. Нешматлікія ўзоры палабскай мовы і фальклора былі запісаныя нямецкімі аматарамі народнай творчасці сродкамі нямецкай графікі.
Палайская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная на поўначы Малай Азіі ў перашай палове ІІ тысячагоддзя да н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. У лексіцы шэраг запазычанняў з хацкай. Выкарыстоўвалася клінапісная складавая пісьмовасць, родасная хецкай.
Палау (белау) – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная ў Рэспубліцы Палау, дзе мае статус дзяржаўнай (нароўні з ангельскай). Колькасць носьбітаў – каля 18 тысяч чалавек. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Палаунг – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у групу палаунг-ва. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах М’янмы (Бірмы). Колькасць носьбітаў – каля 257 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”.
Палі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Мова будыйскага канона. Сфармавалася на базе архаічных сярэдняіндыйскіх дыялектаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па васьмі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, адкладальны, месны, клічны. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга, прошлага і будучага часу. У пажадальным і загадным ладзе формаў часу няма. Парадак словаў у сказе свабодны. Пісьмовасьць складавая, індыйская.
Пампанганская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданэзійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінскіх выспах у правінцыі Пампанга. Мова вельмі блізкая да тагальскай. Адрозненьні паміж дыялектамі вельмі нязначныя. Колькасць носьбітаў – каля 2 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Пісьмоваьць на лацінскай графічнай аснове.
Панапэ (панпэйн) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзць у мікранезійскую групу. Распаўсюджаная на паўночным усходзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Колькасць носьбітаў – звыш за 26 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Граматычны лад аглюцінатыўны. Нароўні з аглюцінацыяй актыўна ўжываецца інфіксацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік –выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Панаянская (ілонга, хілігайнон) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінах, на ўсходзе выспы Панай, захадзе выспы Нэграс, поўдні выспы Міндао. Агульная колькасць носьбітаў – каля 8,8 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Панганасінская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінскіх выспах у правінцыі Панганасін. Адрозненняў паміж дыялектамі амаль няма. Колькасць носьбітаў – каля 1,3 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя пісьмовыя помнікі належаць XVIII стагоддзю.
Панджабі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Распаўсюджаная ў індыйскім штаце Пенджаб і ў аднайменнай правінцыі Пакістана. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 70 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова тонавая, што нехарактэрна для індыйскіх і, наогул, індаеўрапейскіх моваў. Для мовы панджабі ў Індыі выкарыстоўваецца арыгінальнае складавае пісьмо гурмукхі, а ў Пакістане – арабская графіка. Літаратурная творчасць на панджабі пачынаецца з ХІІ – ХІІІ стагоддзяў. Сучасная літаратурная норма ствараецца ў ХІХ стагоддзі.
Папьямэнта – крэольская мова, сфармаваўшаяся на базе іспанскай. Распаўсюджана на выспах Карыбскага Мора: Аруба, Кюрасао, Банайрэ. На Арубе мае статус дзяржаўнай (нароўні з нідерландскай). Колькасць носьбітаў – каля 200 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Галоўны словаўтваральны спосаб – словаскладанне. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Парачы – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная невялікімі анклавамі ў афганскіх далінах Пачаган, Гачулан і Шутул сярод тэрыторыі, занятай мовамі пушту і дары. Колькасць носьбітаў – каля 5 тысяч чалавек. Тры дыялекты: пачаганскі, гачуланскі, шутульскі. Адрозненні паміж дыялектамі не перашкаджаюць узаемапаразуменню. Наддыялектных формаў няма. Мова флектыўна-аналітычная, з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: прамы, прыналежны, адкладальны. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае таксама катэгорыі часу, ладу, стану, пераходнасці / непераходнасці. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з пушту, дары і пашаі. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Партугальская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Дзяржаўная мова Партугаліі, Бразіліі і некаторых краін Афрыкі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 150 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Ёсць азначальны і неазначальны артыклі. Дзеяслоў змяняецца па асобах, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, будучага простага, будучага складанага, імперфекта, простага перфекта, складанага перфекта, простага плюсквамперфекта, складанага плюсквамперфекта; ва ўмоўным ладзе – формы цяперашняга часу, будучага простага, будучага складанага, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта. Загадны лад і кандыцыянал формаў часу ня маюць. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Пры наяўнасці дапаўнення, на першым месце стаіць дзейнік, за ім ідзе выказнік, а за выказнікам дапаўненне: Jo?o avistou uma mo?a ‘Жуан забачыў дзяўчыну’. Калі жа дапаўнення няма, першае месца ў сказе займае выказнік-дзеяслоў: Entrou Jo?o ‘Увайшоў Жуан’. У фанетыцы – насавыя галосныя. Супрацпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. У лексіцы некаторая колькасьць запазычанняў з арабскай, французскай, італьянскай, аксітанскай і германскіх моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да ХІІ – ХІІІ стагоддзяў.
Парфянская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная на паўднёвы захад ад Каспійскага мора з ІІІ стагоддзя да н. э. па VI стагоддзе н. э. Афіцыяльная мова Парфянскага царства. У дакументах рэлігіных маніхейскіх абшчынаў захоўваўся да ХІІІ стагоддзя. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск на апошнім складзе слова. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку; формаў склонаў у адзіночным ліку няма, у множным – два склоны: прамы і ўкосны. Катэгорыі рода няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашне-будучага часу, прэтэрыта, перфекта і плюсквамперфекта. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з авестыйскай, санскрыта і семіцкіх моваў. Пісьмовасць алфавітная, паходзіць ад арамейскага пісьма.
Пар’я – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Распаўсюджаная ў Гісарскай даліне (Тадждыкістан). Колькасць носьбітаў – каля тысячы чалавек. Амаль усе яны двухмоўныя, валодаюць таксама таджыкскай. Мова безпісьмовая.
Пашаі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу, цэнтральнадардскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Афганістане на поўнач ад ракі Кабул. Колькасць носьбітаў – каля 108 тысяч чалавек. Значная частка з іх, пераважна мужчыны, валодаюць таксама пушту або дары. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырох склонах: назоўны, ўкосны, родны, давальны. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў і часоў. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы шмат запазычаньняў з пушту і дары. Мова безпісьмовая.
Пашто – тое жа, што пушту.
Персідская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Дзяржаўная мова Ісламскай Рэспублікі Іран. Колькасць носьбітаў – каля 23 мільёнаў чалавек. Найбольш блізкая да мовы дары і таджыкскай. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, захоўваюцца элементы флексіі і аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку; склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліках, мае складаную сістэму часоў і ладоў, утварае формы залежнага і незалежнага стану. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, цюркскіх і еўрапейскіх моваў. Апошнія трапляюць у персідскую мову ў ХІХ – ХХ стагоддзях. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове. Помнікі старажытнага перыяду выкананыя клінапісам на гліняных таблічках.
Пікцкая – мёртвая мова, якая была распаўсюджана да Х стагоддзя на тэрыторыі сучаснай паўночнай Шатландыі. Захаваліся нешматлікія недэшыфраваныя помнікі, выкананыя кельцкім агамічным пісьмом. Некаторыя даследчыкі лічаць пікцкую мову ізаляванай, некаторыя разгледжваюць яе як адну з кельцкіх.
Піліпіна – тое жа, што тагальская.
Пірахан – адна з моваў сям’і мура. Колькасьць носьбітаў – каля 200 чалавек, пераважна маналінгвы. Распаўсюджаная ў Бразіліі, ў ніжнім цячэньні ракі Амазонка. Мова беспісьмовая.
Пісідыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная на невялікай тэрыторыі на поўнач ад затокі Анталья на поўдні сучаснай Турцыі. Захавалася ў тэкстах 15 кароткіх эпітафій, выкананых грэцкім пісьмом. У лексіцы шматлікія запазычанні з фрыгійскай мовы.
Польская – адна з індаеўраейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнеславянскую падгрупу. Дзяржаўная мова Польшчы. Колькасць носьбітаў – каля 42 мільёнаў чалавек. Асноўныя групы дыялектаў: вялікапольская, малапольская, мазавецкая, сілезская. Галосныя гукі: [e], [?] (насавы э), [i], [a], [o], [?] (насавы о), [u], [y]. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. Дыфтонгаў няма. Зычныя гукі [g], [k], [x] (на пісьме ch або h), [b], [b’], [p], [p’], [v] (на пісьме w), [v’], [f], [f’], [m], [m’], [n], [n’], [r], [?] (у мінулым гэтая фанэма вымаўлялася як цьвёрдае [л], цяпер – прыблізна як ангельскае [w]), [l] (мягкі гук), [s], [?] (мягкі шыпячы гук), [?] (на пісьме перадаецца як sz), [?] (на пісьме ?), [?] (мягкае ж), [?] (цвёрдая, як у беларускай мове, афрыката; на пісьме перадаецца як cz), [?] (мягкая [ч], як у рускай), [c] (цвёрдая глухая свісьцячая афрыката), [dz], [d?] (звонкая цвёрдая шыпячая афрыката, на пісьме перадаецца як d?), [d’?] (звонкая мягкая шыпячая афрыката). Націск эспіраторны, падае на перадапошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны – sklep ‘крама’, sklepy ‘крамы’; родны – sklepu ‘крамы’, sklep?w ‘крамаў’; давальны – sklepowi ‘краме’, sklepom ‘крамам’; вінавальны – sklep ‘краму’, sklepy ‘крамы’; творны – sklepem ‘крамай’, sklepami ‘крамамі’; месны – w sklepie ‘у краме’, w sklepach ‘у крамах’; клічны – sklepie! ‘крама!’, sklepy! ‘крамы!’. Ёсць граматычная катэгорыя роду: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкля няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае ступені параўнання; мае спецыяльныя мужчынска-асабовыя формы, якія ўжываюцца ў тых выпадках, калі прыметнік выступае ў якасці азначэння пры назоўніках, якія абазначаюць чалавека-мужыну: dobrzy studenci ‘добрыя студэнты’, але dobre studentki ‘добрыя студэнткі’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, мінулага часу, плюсквамперфекта, будучага простага, будучага складанага. Ёсць два трываньні – закончанае (popatrze? ‘забачыць’) і незакончанае (patrze? ‘бачыць’). У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. Безасабовыя формы дзеяслова: інфінітыў (pracowa? ‘працаваць’), дзеепрыметнікі, як пасіўныя, так і актыўныя, дзеепрыслоўе (pracuj?c ‘працуючы’). Парадак словаў у сказе свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэньня – афіксацыя, сустракаецца словаскладаньне і канвэрсія. У лексыцы шмат запазычанняў з лацінскай і нямецкай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы помнік – Свентакшыскія Казанні (Kazania Swi?tokrzyskie) – належыць да сярэдзіны XIV стагоддзя.
Правансальская – тое жа, што аксітанская.
Протатыгрыдская – ізаляваная мова насельніцтва Месапатаміі, якое папярэднічала шумерам на гэтай тэрыторыі. Асобныя элементы гэтай мовы рэканструююцца на падставе субстратных з’яваў у шумерскай. Гэтая мова вядомая навуцы таксама пад назвай “бананавай”, паколькі шэраг тапонімаў, якія маюць на думку дасьледчыкаў протатыгрыдскае паходжанне, маюць фанетычную структуру, якая нагадвае ангельскае слова banana ‘банан’: Бунене, Кубаба, Забаба, Білулу і інш.
Пруская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у балцкую групу. Была распаўсюджаная ў паўднёва-ўсходняй Прыбалтыцы на ўсход ад Віслы. Выйшла з ужытку ў пачатку XVIII стагоддзя ў выніку асіміляцыі прусаў нямецкамоўным насельніцтвам. Два дыялекты: памезанскі і самладскі. Націск свабодны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырох склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае граматычныя катэгорыі часу і ладу. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з нямецкай, асабліва сярод культурнай і рэлігійнай лексыкі. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Захаваліся некалькі тэкстаў на прускай мове, створаных нямецкімі місіянерамі: слоўнічак, які ўключае ненашмат больш за 800 словаў і тры катэхізісы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, арфаграфія неўнармаваная.
Пукапука – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на аднаймённый выспе з архіпелага Кука. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толькі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. У лексіцы – некаторая колькасць запазычанняў з раратанганскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Пума – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджана ў раёнах Хотанг і Удаяпур Непала. Колькасць носьбітаў – каля 4 тысяч чалавек. Пісьмовасць на базе дэванагары.
Пумпакольская – адна з енісейскіх моваў. Выйшла з ужытку ў другой палове XVIII стагоддзя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасці і пісмовых помнікаў няма. Нешматлікія звесткі аб гэтай мове захаваліся ў нататках рускіх вандроўнікаў.
Пурэпеча – ізаляваная індзейская мова. Распаўсюджаная ў Мексіцы ў штаце Мічыокан. Колькасць носьбітаў – каля 120 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па склонах. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Путунхуа – сучасная літаратурная форма кітайскай мовы. Засноўваецца на паўночных дыялектах.
Пушту(пашто) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Адна з дзвюх (нароўні з дары) дзяржаўных моваў Афганістана. Распаўсюджаная таксама ў некаторых раёнах Пакістана. Агульная колькасць носьбітаў – каля 25 мільёнаў чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных: b?d ‘вецер’, bad ‘кепскі’; k?m ‘народ’, kam ‘мала’. Націск свабодны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Некаторыя групы назоўнікаў маюць асобную форму клічнага склона. Ёсць катэгорыя ліку: мужчынскі і жаночы. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў ў родзе, склоне і ліку, утвараюць ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, у абвесным ладзе ўтварае формы цяперашняга і будучага часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта. Два трыванні – закончанае і незакончанае. Складаная сістэма ладоў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы запазычанні з арабскай, індыйскіх, мангольскіх і цюркскіх моваў. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове. Першыя помнікі з XVI стагоддзя.
Пхалура – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардкую групу, усходнедардзкую падгрупу. Распаўсюджаная ў Паўднёва-Заходняй памежнай правінцыі Пакістана. Колькасць носьбітаў – каля 1 тысячы чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных, ёсць насавыя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Ёсць элементы аналітызма. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, давальны. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Надзейнай інфармацыі па формах дзеяслова няма. Мова беспісьмовая.