А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА (Р)

Аўт, 15 ліпня 2014

Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Цэтлікі: мовы света

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Раванг – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў горных раёнах Бірмы (Мьянмы) і Індыі. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 120 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Раджастані – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Мова вельмі блізкая да гіндзі. Распаўсюджаная ў індыйскім штаце Раджастан і памежных з ім раёнах Пакістана. Два дыялекты: марвары і мевары. Колькасць носьбітаў – каля 25 мільёнаў чалавек. Мова тонавая, што цалкам нехарактэрна для індыйскіх і, наогул, індаеўрапейскіх моваў. Пісьмовасць складавая – дэванагары.
Ракаханга-маніхікі – тое жа, што маніхікі-ракаханга.
Рапануі – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, яздерна-палінэзійскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспе Пасхі. Колькасць носьбітаў – каля 1 тысячы чалавек. Амаль усе яны валодаюць іспанскай, а часам і ангельскай. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толькі галосным гукам, спалучэньні зычных немагчымыя. У лексіцы шмат запазычанняў з таіцянскай і іспанскай. У мінулым выкарыстоўвалася лагаграфічнае пісьмо кахау-ронга-ронга. Помнікі гэтай пісьмовасьці недэшыфрованыя. У цяперашні час – пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Раратанганская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінэзійскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспе Раратонга архіпелага Кука. Колькасць носьбітаў – каля 9 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Расейская – тое жа, што руская.
Ратокас – адна з папуаскіх моваў, уваходзіць ва ўсходнепапуаскую філу, паўночнабугенвільскую сям’ю. Распаўсюджана на выспе Бугенвіль (Папуа-Новая Гвінея). Калькасць носьбітаў – каля 4 тысяч чалавек. Тры дыялекты: цэнтральны, аіта, піпіпая. Вельмі бедная фаналагічная сістэма. Галосныя гукі: [а], [э], [і], [о], [у]. Усе галосныя могуць быць як доўгімі, так і кароткімі. Дыфтонгаў няма. Зычныя гукі: [б], [г], [к], [п], [р], [с], [т], [в]. Націск у славах не даўжэй за тры склады падае на першы склад, у даўжэйшых славах можа падаць і на іншыя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ратуманская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная на выспе Ратума (на поўнач ад Фіджы). Колькасць носьбітаў – каля 8 тысяч чалавек. У граматыцы спалучаюцца элементы аналітызма і сінтэтызма. Цікавай рысай ратуманскай граматыкі з’яўляецца наяўнасьць у назоўніка акрэсленай і неакрэсленай формаў. Неакрэсленая форма утвараецца ад акрэсленай пры дапамозе метатэзы, калі апошні галосны слова мяняецца месцам з апошнім зычным слова: hosa ‘кветка’ (канкрэтная), hoas ‘кветка’ (якая-небудзь). Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. У лексіцы шмат запазычанняў з танганскай і самоанскай моваў, якія складаюць каля 40% усяго слоўнікавага фонда. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Ратуманскае пісьмо існуе ў трох адрозных арфаграфіях: адну з іх распрацавалі ангельскія місіянеры-мэтадысты, другую – французы каталікі, а трэцяя створаная аўтарам першай ратуманскай граматыкі М. Чурчвардам. Часцей з усяго выкарыстоўваецца апошняя.
Ро – штучная апрыорная мова, створаная ў 1908 г. амерыканцам Э. Фостерам. Шырокага распаўсюджаньня не атрымала. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэньня. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ронг – тое жа, што лепча.
Ронга – адна з бэнуэ-кангалезскіх моваў, уваходзіць у групу банту. Распаўсюджаная на поўдні Мазамбіка. Колькасць носьбітаў – каля 1 мільёна чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, прэфіксальная аглюцінацыя. Націск эспіраторны, заўсёды на перадапошнім складзе. Пісьмовасць на лацінскай графічна аснове.
Рукюская – адна з япона-рукюскіх моваў. Распаўсюджаная на выспах Рукю (Акінава), якія ўваходзяць у склад Японіі. Колькасць носьбітаў – каля 900 тысяч чалавек. Моцнае дыялектнае дзяленне. У цяперашні час афіцыяльнага статуса не мае. У пэрыяд існаваньня незалежнага рукюскага каралеўства (да 1879 г.) выконвала ў ім функцыі дзяржаўнай. Граматыка блізкая да японскай. Вялікія адрозненні у лексіцы. Пісьмовасць японская: іерогліфы і кана.
Румэйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у грэцкую групу. Распаўсюджаная ў Крыму. Колькасць носьбітаў невядомая, хутчэй з усяго, некалькі тысячаў. Усе яны валодаюць рускай мовай. Граматычны лад вельмі блізкі да грэцкага. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, клічны. Ёсць артыкль, які таксама змяняецца па склонах. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе і склоне, утварае формы ступеняў параўнання. У лексіцы шмат запазычанняў з цюркскіх і іранскіх моваў. У фанетыцы спаткаецца гук [ш], якога няма ў грэцкай. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове створаная ў ХХ стагоддзі; выкарыстоўваецца абмежавана. Якога-небудзь афіцыяльнага статуса мова не мае.
Рунды – адна з бэнуэ-кангалезскіх моваў, уваходзіць у групу банту. Распаўсюджаная ў Буруды, дзе мае статус афіцыяльнай мовы (нароўні з французскай), а таксама ў памежных з Бурунды раёнах Танзаніі і Заіра. Колькасць носьбітаў – каля 4,5 мільёнаў чалавек. Вельмі багаты вакалізм. У граматыцы спалучаюцца аналітызм і элементы аглюцінацыі. Пісьмовасьць на лацінскай графічнай аснове.
Русінская (карпатаруская, лемкоўская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Карпатах, пераважна на тэрыторыі Ужгародскай вобласці Ўкраіны і ў памежных з ёй раёнах Славакіі і Польшчы. Агульная колькасьць носьбітаў – каля 100 тысяч чалавек. Ёсць таксама ізаляваная група русінаў у Сербіі ў раёне горада Нове Сад, дзе яны карыстаюцца культурна-моўнай аўтаноміяй. Асобныя элемэнты культурна-моўнай аўтаноміі русінаў ёсць ува ўсходняй Славакіі, дзе, напрыклад, ува ўніверсітэце г. Прашэва ёсць факультэт русінскай мовы і літаратуры. Ва Ўкраіне русінскую не прызнаюць за асобную мову, разгледжваючы яе як дыялект украінскай, а русінаў – як этнаргафічную групу ўкраінцаў. Амаль усе русіны двухмоўныя, добра валодаюць дзяржаўнымі мовамі тых краін, у якіх пражываюць. Адзінай літаратурнай мовы няма. Яе стварэнню перашкоджваюць адрозненні паміж русінскімі дыялектамі і адсутнасць агульнага культурна-палітычнага цэнтра. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы грамаіычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны. Ёсць тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў няма. Прымеінік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склону, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга, прошлага і будучага часу. У абвесным і загадным ладзе формаў часу няма. Ёсць два трыванні: незакончанае (писати ‘пісаць’) і закончанае (написати ‘напісаць’). Безасабовыя формы: дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе, інфінітыў. Характэрнай рысай русінскай мовы, якая адрознівае яе ад усіх іншых усходнеславянскіх моваў, з’яўляецца незалежнасць дзеяслоўнай зваротнай часціцы ся: “…перед котрыма ун мусить ся поклонити” – “...перад якімі ён мусіць пакланіцца”. Парадак словаў у сказе свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Сустракаецца таксама словаскладанне і канверсія. У лексіцы шмат запазычанняў з царкоўнаславянскай (враг ‘вораг’, страна ‘краіна’, юг ‘поўдзень’, властник ‘уладар’, злато ‘золата’ і інш.), славацкай (краль ‘кароль’, фунговати ‘функцыяніраваць’, нич ‘нішто’ і інш.), венгерскай (ґазда ‘гаспадар’, мачка ‘котка’, варош ‘горад’ і інш.) і нямецкай моваў. Амаль уся інтэрнацыянальная лексіка мае ў русінскай нямецкую фанетычную афарбоўку: штруктура ‘структура’, штіл ‘стыль’, інштінкт ‘інстынкт’ і інш. Ёсць значная колькасць словаў, агульных з украінскай мовай, але цяжка сказаць, ці з’яўляюцца яны запазычаннямі з украінскай, ці гэта спаконвечна агульная для абодзюх моваў лексыка. Націск свабодны, можа адрозніваць як лексічныя (дор?га – дорог?), так і граматычныя (р?кы – рукы) значэнні словаў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Галоўны прынцып арфаграфіі – фанетычны. Русіны Польшчы (лемкі) выкарыстоўваюць таксама пісьмовасць на базе лацінскай графікі.
Руская (расейская) – адна з індееўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу. Дзяржаўная мова Расейскай Федэрацыі; шырока распаўсюджаная ў іншых краінах СНД. Адна з шасці працоўных моваў ААН. Агульная колькасць носьбітаў – каля 250 мільёнаў чалавек. Дзве асноўныя групы дыялектаў: паўднёвая і паўночная. Адрозненні паміж дыялектамі нязначныя і не перашкоджваюць ўзаемапаразуменню паміж іх носьбітамі. У працэсе свайго гістарычнага развіцця падпала пад моцны ўплыў з боку царкоўнаславянскай, запазычыла з апошняй вялікую колькасць словаў, словатворчых мадэляй. Націск свабодны, адрознівае словы і асобныя формы словаў: замок – замок, места – места. Ненаціскныя галосныя рэдукуюцца. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Ёсць асобныя элементы аглюцінацыі (работа-л-а), сустракаецца суплетывізм: хороший – лучше, иду – шёл і інш. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, адпаведна традыцыйным граматыкам, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. Пры гэтым у значнай колькасці словаў мужчынскага роду з асновай на зычны адрозніваюць ўласна месны, які адказвае на пытаньне “дзе” – в снегу ‘у снезе’ і прыназоўнікавы – о снеге ‘аб снезе’; у прастамоўі назоўнікі на –а (-я) утвараюць асобную форму клічнага склона: мама – мам!, папа – пап!, дядя – дядь!, Лена – Лен! І інш. Ёсць тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае ступені параўнаньня: новый, новее (более новый), новейшый (самый новый). Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга, будучага і прошлага часу. У мінулым часе, як і ў беларускай мове, змянення па асобах няма. Ва ўмоўным і загадным ладзе формаў часу няма. Ёсць катэгорыя трываньня: закончанае (написать) і незакончанае (писать). Супрацьпастаўляюцца незалежны і залежны стан, аднак формы станаў утвараюцца нерэгулярна і не ад усіх пераходных дзеясловаў. Безасабовыя формы: інфінітыў, дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўе. Парадак словаў у сказе свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэньня – афіксацыя. Ужываецца таксама словаскладанне, канверсія, абрэвіацыя (значна актывізаваўся пасля 1917 г.), лексіка-сінтаксічны спосаб. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Пешыя помнікі належаць да ХІ стагоддзя. Сучасная літаратурная норма мае свае карані ў творчасці А. С. Пушкіна. Асноўны прынцып арфаграфіі – марфалагічны, хаця пробач з ім сустракаюцца таксама фанетычныя і гістарычныя напісанні.
Рутульская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Мова вельмі блізкая да цахурскай. Распаўсюджаная пераважна ў Рутульскім раёне Дагестана. Колькасць носьбітаў – каля 15 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове з 1992 г. Літаратурная мова ў стадыі ўсталявання.
Рушанская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў мясцовасці Рушан, якая знаходзіцца па абодвух берагах ракі Пянж; правы бераг належыць Таджыкістану, а левы – Афганістану. Колькасьць носьбітаў у Таджыкістане – каля 18 тысяч чалавек. Колькасць носьбітаў у Аўганістане – невядомая. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Ёсць катэгорыя рода: мужынскі і жаночы. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, у абвесным ладзе утварае формы цяперашне-будучага часу, пефета і плюсквамперфекта. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з таджыкскай, арабскай і рускай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове, выкарыстоўваецца крайне абмежавана. Мовай школы, адміністрацыі і сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі таджыкскага Рушана з’яўляецца таджыкская.
Рыксмол – бач нарвежская.
Рэтараманская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Распаўсюджаная, пераважна, ў швейцарскім кантоне Граўбюндэн, а таксама невялікімі анклавамі ў памежных з ім кантонах. Адна з чатырох дзяржаўных моваў Швейцарыі (нароўні з нямецкай, французскай і італьянскай). Колькасць носьбітаў – каля 51 тысячы чалавек. Усе рэтараманцы двухмоўныя, валодаюць апрача роднай мовы нямецкай або італьянскай. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. У лексіцы шмат запазычанняў з нямецкай і італьянскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы пісьмовы помнік належыць да Х стагоддзя. Першы літаратурны тэкст датуецца 1527 г.
Рэцкая – адна з тырэнскіх моваў. Была распаўсюджаная V – I стст. да н. э. ва Ўсходніх Альпах. Захавалася ў шматлікіх пісьмовых помніках на цвёрдых прадметах. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць алфавітная; па адной з гіпотэз менавіта на базе рэцкага алфавіта сфармавалася пазней германскае рунічнае пісьмо.