А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (С)
Цэтлікі: мовы света
Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства
Саамская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, а таксама ў Расіі на Кольскай паўвыспе. Агульная колькасць носьбітаў – каля 48 тысяч чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць мовамі тых краін, у якіх пражываюць. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя і ўнутраная флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па васьмі склонах: назоўны – murr ‘дрэва’, mur ‘дрэвы’; родны – mur ‘дрэва’, murr? ‘дрэваў’; вінавальны – mur ‘дрэва’, murt’ ‘дрэвы’; творны – murrn’ ‘дрэвам’, murren’ ‘дрэвамі’; унутрымесны – mures’t’ ‘у дрэве’, muren’ ‘у дрэвах’; унутрынакіравальны – mur’r’e ‘у дрэва’, mur?t’ ‘у дрэвы’; адсутны – murxa ‘без дрэва’, mur?xa ‘без дрэваў’; сумесны – mur?n’ ‘з дрэвам’, mur?gumi ‘з дрэвамі’. Граматычнага рода няма. Артыкляў няма. Прыметнік не дапасуецца да назоўніка ані ў ліку, ані ў склоне; утварае ступені параўнаньня: ?u??? ‘кепскі’, ?u??a ‘горшы’, ?u??mus ‘найгоршы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта і плюсквамперфекта; у умоўным ладзе – формы перфекта і плюсквамперфекта; у загадным і магчымасным (патэнцыял) ладзе формаў часу няма. У саамскай, як і ў іншых фінскіх мовах, адрозьніваюцца сцвярджальныя і адмоўныя формы дзеяслова: sarnam ‘гавару’, ?m sarn ‘не гавару’. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з германскіх, прыбалтыйска-фінскіх, самадыйскіх і рускай моваў. Пісьмовасць у Расіі на кірылічнай графічнай аснове, у іншых краінах – на лацінскай. Першыя пісьмовыя помнікі створаныя ў Швецыі, належаць да XVII стагоддзя.
Саві – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу. На ёй гавораць у вёсцы Саў у правінцыі Кунар Аўганістана (ля мяжы с Пакістанам). Колькасць носьбітаў – каля 3 тысяч чалавек. Большая частка зьіх двухмоўныя, валодаюць пушту або дары. Мова вельмі блізкая да мовы пхалура. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных, ёсць насавыя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Дзеяслоў утварае формы цяперашняга і будучага часу, прэтэрыта, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта. Ёсць формы залежнага стану. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з мовы гавар. Мова беспісьмовая.
Сагдыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная ў паўднёвых раёнах Сярэдняй Азіі да VIII – IX стагоддзяў. Потым была выціскнутая таджыкскай і цюркскімі мовамі. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Карысталася арыгінальным сагдыйскім пісьмом. Першыя помнікі датуюцца ІІ стагоддзем.
Сакатрыйская – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная на выспе Сакотра, якая належыць Емену. Колькасць носьбітаў – каля 50 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае арабскай. Два дыялекты: берагавы і горны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У назоўніка ёсць катэгорыі рода (мужчынскі і жаночы) і ліку (адзіночны, парны, множны). Пісьмовасці няма. У якасці пісьмова-літаратурнай сакатрыйцы выкарыстоўваюць арабскую.
Саларская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў Кітаі, пераважна на тэрыторыі Сіньхуа-Саларскага аўтаномнага павета правінцыі Цінхай. Колькасць носьбітаў – каля 22 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама кітайскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы – некаторая колькасць запазычанняў з кітайскай, мангольскай і тыбецкай. У XV – XVII стагоддзях выкарыстоўвалася арабская графіка. У цяперашні час мова безпісьмовая.
Салонская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная асобнымі арэаламі ў паўночных і паўночна-ўсходніх правінцыях Кітая. Мова вельмі блізкая да эвенкійскай. Колькасць носьбітаў – каля 19 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дванаццаці склонах: назоўны, вінавальны, вінавальны неакрэслены, давальны, накіравальны, месны, падоўжны, адкладальны, зыходны, азначальны, творны, сумесны. Катэгорыі роду няма. Асабовы назоўнік першай асобы множнага ліку мае інклюзыўную і эксклюзыўную формы. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга закончанага часу, цяперашняга незакончанага, мінулага закончанага, будучага; у загадным – формы цяперашняга і будучага. Іншых ладоў у салонскай мове няма. Нароўні са сцвярджальнымі формамі дзеяслова ёсць асобныя адмоўныя: джавамі ‘хватаю’, эшімі джавара ‘не хватаю’. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Шмат дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных канструкцый. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Самаанская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Дзяржаўная мова Заходняга Самоа. Ужываецца ў якасці гутарковай на тэрыторыі Ўсходняга (амерыканскага) Самоа. Колькасць носьбітаў – каля 240 тысяч чалавек. Галосныя гукі: [a], [e], [i], [o], [u]. Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя (даўжыня перадаецца на пісьме пры дапамозе дзвюх кропак над літарай). Зычныя гукі: [f], [?] (на пісьме перадаецца літарай g), [l], [m], [n], [p], [s], [t], [v], [?] (гартанная змычка). Націск звычайна падае на перадапошні склад. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага знаэння. Склонавыя значэнні назоўніка перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў: прыназоўнік ‘o маркіруе назоўны склон – ‘o le tama ‘хлопчык’, значэнне роднага склона перадае прыназоўнік а – а le tama ‘хлопчыка’, а значэнне давальнага склона – прыназоўнік mo – mo le tama ‘хлопчыку’, прыназоўнік е мае значэнне творнага склона – e le tama ‘хлопчыкам’. Ёсць артыклі le і se. Множны лік назоўнікаў утвараецца пры дапамозе а) ужываньня слова без артыкля: ‘o le ulu ‘плён хлебнага дрэва’ – ‘o ulu ‘плёны хлебнага дрэва’; б) пры дапамозе часціцаў множнасці, такіх, як ‘au, vao, mou; в) падаўжэннем галоснай у корані слова – tuafafine ‘сястра’, tuaf?fine ‘сёстры’. Граматычнай катэгорыі рода няма. Дзеяслоў не змяняецца па асобах. Значэння часу, стану і ладу перадаюцца аналітычна, пры дапамозе прэпазітыўных часціц. У абвесным ладзе дзеяслоў мае формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта, неакрэсленага будучага, бліжэйшага будучага. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. У лексіцы шмат спецыяльных ганаратыўных словаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з 1834 г.
Самалійская – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у кушыцкую групу. Дзяржаўная мова Самалі. Распаўсюджаная таксама ў некаторых раёнах Эфіопіі, Джыбуці, Кеніі. Колькасць носьбітаў – каля 7 мільёнаў чалавек. Пяць асноўных дыялектаў: ісак, іса, дарод, хавія, дыгіль. У фанетыцы супрацьстаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Націск свабодны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова тонавая, мае чатыры музычныя тоны. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Самарская (самар-лейтэ,варай, самарнон) – адна з інданэзійскіх моваў. Распаўсюджаная на Філіпінах – на высьпе Самар і значнай частцы выспы Лейтэ. Два дыялекты: дыялект Самара і дыялект Лейтэ. Агульная колькасць носьбітаў – каля 2,6 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы гаматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Санга – адна з адамуа-ўсходніх моваў. Распаўсюджаная ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе мае статус нацыянальнай мовы, а таксама ў некаторых раёнах Конга, Камеруна, Заіра і Чада. Колькасць носьбітаў – каля 2,5 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з мовы лінгала і французскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Сандавэ – ізаляваная мова, распаўсюджаная на поўдні Танзаніі. Колькасць носьбітаў – каля 40 тысяч чалавек. Многія з іх дзвюхмоўныя, валодаюць таксама суахілі. Мова тонавая. Вельмі складаны кансанантызм, кліксы. Назоўнік мае граматычныя катэгорыі роду (мужчынскі, жаночы, ніякі) і ліку (адзіночны і множны). Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, выкарыстоўваецца абмежавана.
Санкорска-цюркская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў горадзе Санкор у Іране. Колькасць носьбітаў – 35 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па сямі склонах. Ёсць марфалагічная форма прыналежнасці. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў і часоў. У лексіцы шмат запазычанняў з персідскай. Мова беспісьмовая.
Сансарол-тобі – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Распаўсюджаная на выспах Сансарол, Мэрір, Тобі ў складзе Рэспублікі Палау. Дыялект выспы Тобі разгледжваецца шэрагам навукоўцаў як асобная мова. Агульная колькасць носбітаў – каля 600 чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Націск звычайна падае на перадапошні склад. У лексіцы шмат запазычанняў з ангельскай і палау.
Санскрыт – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Мова класічнай літаратуры і рэлігійнага культа Індыі. Адна з трох дзяржаўных моваў Індыі (нароўні з гіндзі і ангельскай). Сфармавалася на базе старажытна-індыйскіх дыялектаў і атрымала распаўсюджанне ў І тысячагоддзі да н. э. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя, ёсць дыфтонгі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Дзеяслоў утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па васьмі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, адкладальны, клічны. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Артыкляў няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, мае таксама граматычныя катэгорыі часу, ладу, стану. У словаўтварэнні значную ролю адыгрывае словаскладанне. Ёсць афіксацыя. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з дравідыйскіх і аўстраазіяцкіх моваў. У цяперашні час для санскрыта выкарыстоўваецца найбольш распаўсюджаны з індыйскіх складавых алфавітаў – дэванагары. Культурная, навуковая і рэлігійная тэрміналогія моваў сучаснай Індыі сфармавалася пад значным уплывам з боку санскрыта.
Сантальская (санталі) – адна з аўстраазіяцкіх моваў. Уваходзіць у групу мунда. Распаўсюджаная ў Iндыі, пераважна ў штаце Арыса. Колькасць носьбітаў каля 6 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Націск эспіраторны, свабодны. Пісьмовасць нацыянальная, алфавітная, штучна створаная ў ХХ стагоддзі.
Саргулямская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Ужывалася ў раёне ракі Зардэў (Саргулям) у Афганскім Бадахшане. Выйшла з ужытку прыблізна ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Інфармацыі аб гэтай мове вельмі няшмат. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Сармацкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная ў VI – IV стагоддзях да н. э. на тэрыторыі ад ракі Табол да Волгі. У ІІІ стагоддзі да н. э. сарматы перасяліліся ў Паўночнае Прычарнамор’е, у IV стагоддзі н. э. знішчаныя гунамі. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма. Нешматлікая інфармацыя па сармацкай мове захавалася ў тэкстах на іншых мовах. Мова вельмі блізкая да скіфскай. Некаторыя даследчыкі лічаць яе дыялектам апошняй.
Сарыг-югурская (мова жоўтых уйгураў) – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў Кітаі ў правінцыі Ганьсу, на тэрыторыі раёна Мінхуа. Колькасць носьбітаў – каля 4 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць таксама кітайскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з санскрыта, кітайскай, тыбецкай і мангольскай. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Сардынская (сардская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Распаўсюджаная на выспе Сардынія. Колькасць носьбітаў – каля 1,5 мільёнаў чалавек. Амаль усе яны таксама валодаюць італьянскай. Была дзяржаўнай мовай Сардыніі ў пэрыяд існаваньня незалежнай сардынскай дзяржавы (XI – XIV стагоддзі). У цяперашні час ужываецца ў пабытовай сферы, прэсе і паэзіі (мастацкая проза на гэтай мове ніколі не стваралася). Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з іспанскай, італьянскай і каталанскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да ХІ стагоддзя.
Сатавальская – адна з аўстранезійскіх моваў. Уваходзіць у мікранезійскую групу. Адна з моваў карэннага насельніцтва Федэратыўных Штатаў Мікранэзіі. Інфармацыі наконт пісьмовасьці няма.
Свазі – адна з моваў банту. Распаўсюджаная на поўдні Афрыкі, у Каралеўстве Свазіленд, дзе з’яўляецца дзяржаўнай мовай, а таксама ў памежных са Свазілендам раёнах. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 1,5 мільёнаў чалавек. Чатыры дыялекты: баца, хлубі, пуці і так званы стары мфенгу. Апошні вымірае. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, прыставачная аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Сванская – адна з картвельскіх моваў. Распаўсюджаная ў Местыйскім і Лентэхскім раёнах Грузіі. Колькасць носьбітаў – каля 35 тысяч чалавек. Чатыры дыялекты: верхнебальскі, ніжнебальскі, лашхскі, лентэхскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з грузінскай і мінгрэльскай. Уласнай пісьмовасці няма. У якасьці пісьмова-літаратурнай сваны традыцыйна выкарыстоўваюць грузінскую мову.
Сейшэльская – адна з крэольскіх моваў, сфармавалася на базе французскай. Распаўсюджаная на Сейшэльскіх Выспах, дзе з’яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моваў (нароўні з французскай). Колькасць носьбітаў – каля 62 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Селькупская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у самадыйскую групу. Распаўсюджаная ў Заходняй Сібіры на тэрыторыі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, пераважна ў раёне Обскай Губы. Колькасць носьбітаў – каля 2 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць рускай. Чатыры дыялекты: паўночны, цэнтральны, усходні, паўднёвы. Характэрнай рысай селькупскай фанетыкі з’яўляецца значная колькасная перавага галосных (25 фанем) над зычнымі (16 фанем). Супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх. Націск свабодны, эспіраторна-тонавы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па трынаццаці склонах, утварае формы адзіночнага, множнага і парнага лікаў. Апрача ласна формаў ліку ёсць яшчэ асобная зборная форма. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці і, як вынік гэтага, асобнае пасэсіўнае скланенне назоўнікаў (кожны назоўнік можа скланяцца як па пасэсіўнай, так і па непасэсіўнай мадэлі). Здеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, множным і парным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга, будучага, мінулага, мінулага апавядальнага часоў. Апрача абвеснага мае формы яшчэ сямі ладоў. Асноўны парадак словаў у сказе – “выказнік – дапаўненне – дзейнік”; азначальнік заўсёды ў прэпазіцыі. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай. Пісьмовасьць створаная ў 30-я гады на лацінскай графічнай аснове, а ў 50-я пераведзеная на кірыліцу; практычна не выкарыстоўваецца
Сербская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёва-славянскую падгрупу. Дзяржаўная мова Сербіі і Чарнагорыі. Колькасць носьбітаў – каля 11 мільёнаў чалавек. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Ёсць складаўтвараючыя зычныя, як, напрыклад, [р] у слове трг ‘плошча’. Націск музычны, можа падаць на кожны склад, апрача апошняга. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік мае катэгорыю рода (мужчынскі, жаночы, ніякі), утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны – jелен ‘алень’, jелени ‘алені’; родны – jелена ‘аленя’, jелена ‘аленяў’; давальны – jелену ‘аленю’, jеленима ‘аленям’; вінавальны – jелена ‘аленя’, jелене ‘аленяў’; творны – jеленом ‘аленям’, jеленима ‘аленямі’; месны – (o) jелену ‘аб алене’, (о) jеленима ‘(аб) аленях’; клічны – jелене ‘аленю’, jелени ‘алені’. Апрача прыведзенага тут тыпа скланення існуюць яшчэ тры. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае ступені параўнання: лош ‘кепскі’, лошиjи ‘горшы’, наjлошиjи ‘найгоршы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу (ја знам ‘я ведаю’, ти знаш ‘ты ведаеш’, он/она зна ‘ён/яна ведае’, ми знамо ‘мы ведаем’, ви знате ‘вы ведаеце’, они знају ‘яны ведаюць’), будучага I часу, будучага ІІ часу, перфекта, імперфекта і аорыста. У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. З неасабовых формаў ёсць інфінітыў (фармант -ти), дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўе. У лексіцы некаторя колькасць запазычанняў з турэцкай, новагрэцкай і заходнеееўрапейскіх моваў. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. Парадак словаў у сказе свабодны. Пісмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Сучасны сербскі алфавіт распрацаваны ў XIX ст. вядомым асветнікам Вукам Караджычам.
Сефардская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Распаўсюджаная невялікімі анклавамі ў Румыніі, Сербіі, Босніі і Герцагавіне, Грэцыі, Турцыі, Ізраілі і некаторых краінах Паўночнай Афрыкі. Колькасць носьбітаў – каля 60 тысяч чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, добра валодаюць мовамі краін пражывання. Асноўныя дыялекты: турэцкі, румынскі і сербска-баснійскі. Носьбіты сефардскай мовы – нашчадкі выгнаных з Іспаніі ў 1492 г. габрэяў. Мова вельмі блізкая да Іспанскай. У лексіцы запазычанні з іўрыта, арабскай і цюркскіх моваў. Выкарыстоўваецца нацыянальны габрэйскі алфавіт. Першы вядомы навуцы пісьмовы помнік – выданае ў 1547 г. Канстанцінопале Пяцікніжжа.
Сібо – варыянт манчжурскай мовы, распаўсюджаны ў Сінцзянь-Уйгурскім аўтаномным раёне Кітая. Па паходжанню носьбіты сібо – нашчадкі ваяроў манчжурскіх гарнізонаў, якія былі ў XVIII – XIX стагоддзях расквартыраваныя на тэрыторыі Уйгурстана. Пісьмовасць манчжурская, выкарыстоўваецца вельмі абмежавана.
Сідэцкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Захавалася ў кароткіх напісах на цвёрдых прадметах ІІІ – V стагоддзяў да н. э. Была распаўсюджаная ў горадзе Сідзе на беразе Памфіліі да пачатка І ст. да н. э. Была выціскнутая грэцкай.
Сінгальская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Дзяржаўная мова Дэмакратычнай Рэспублікі Шры-Ланка. Колькасць носьбітаў – каля 11,8 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з санскрыта, тамільскай, персіцкай, арабскай, малайскай, а таксама з еўрапейскіх моваў – ангельскай і партугальскай. Выкарыстоўваецца індыйская складавая пісьмовасць – грантхі.
Сіндхі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Распаўсюджаная ў Пакістане у правінцыі Сінд, а таксама ў індыйскіх штатах Махараштра, Гуджрат, Раджастан. Агульная колькасць носьбітаў – каля 12 мільёнаў чалавек. У граматыцы спалучаюцца аналітычныя і сінтэтычныя элемэнты. У Пакістане, дзе пражывае большая частка носьбітаў сіндхі (каля 10 мільёнаў чалавек) выкарыстоўваецца пісьмовасць на арабскай графічнай аснове; у Індыі – складавы алфавіт дэванагары, радзей – гурмукхі. Літаратура на сіндхі разьвіваецца з XVII стагоддзя.
Сісіка (блэкфут) – адна з індзейскіх моваў Паўночнай Амерыкі, уваходзіць у алганкіна-рытванскую сям’ю, ангалкінскую групу. Распаўсюджаная ў ЗША у штаце Мантана і ў Канадзе – у правінцыі Альберта і на Паночна-Заходніх тэрыторыях. Агульная колькасць носьбітаў – ад пяці да васьмі тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У Канадзе выкарыстоўваецца складавае пісьмо, блізкае да пісьма індзейцаў кры і канадскіх эскімосаў. У ЗША – пісьмо на лацінскай графічнай аснове.
Скіфская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаны ў Паўночным Прычарнамор’і з з VIII ст. да н. э. па V ст. н. э. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма. Асобныя словы захаваліся ў грэцкіх тэкстах. Нашчадкам скіфскай мовы лічыцца асецінская.
Славацкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнеславянскую падгрупу. Дзяржаўная мова Славакіі. Мова вельмі блізкая да чэшскай. Колькасць носьбітаў – каля 5 мільёнаў чалавек. Тры групы дыялектаў: заходнеславацкая, сярэднеславацкая, усходнеславацкая. Галосныя гукі: [a], [?] (шырокі адкрыты э), [e], [i], [o], [?] (дыфтонг uo), [u], [y] (як беларускае ы). Апрача вышэйпамянёнага дыфтонга [?], для якога ў славацкім алфавіце ёсьць асобная літара, славацкая мова мае таксама дыфтонгі [ia], [ie], [iu]. Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя; даўжыня на пісьме абазначаецца дыякрытыкай, падобнай да нашага знаку націска: pas ‘пашпарт’, p?s ‘пояс’. Рэдукцыі галосных у ненаціскнутым складзе няма. Зычныя гукі: [b], [c], [?], [d], [d’] (мягкі гук), [dz], [d?], [f], [g], [h] (звонкі фрыкатыўны гук, як беларускі г), [ch] (як беларускае х), [j], [k], [l] (кароткі цьвёрды гук), [?] (доўгі цьвёрды гук), [?] (мягкі гук), [m], [n], [?] (мягкі гук), [p], [r], [?] (доўгі гук), [s], [?], [t], [t’] (мягки гук), [v], [z], [?]. Санорныя [l], [?], [r], [?] могуць утвараць склад: vlk ‘воўк’, krt ‘крот’. Націск эспіраторны, фіксаваны на першым складзе. Пераважаюць синтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны – ulica ‘вуліца’, ulice ‘вуліцы’; родны – ulice ‘вуліцы’, ul?c ‘вуліц’; давальны – ulici ‘вуліцы’, ulicam ‘вуліцам’; вінавальны – ulicu ‘вуліцу’, ulice ‘вуліцы’; творны – ulicou ‘вуліцай’, ulicami ‘вуліцамі’; месны – o ulici ‘аб вуліцы’, o uliciach ‘аб вуліцах’. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў няма. Клічнага склону, характэрнага для большасці славянскіх моваў, няма; у якасці зваротка ўжываецца назоўны. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае ступені параўнаньня: slab? ‘слабы’ – slab?? ‘слабейшы’ – najslab?? ‘найслабейшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, у абвесным ладзе ўтварае формы цяперашняга, прошлага, папярэдняга прошлага (плюсквамперфект) і будучага часу. Ва ўмоўным і загадным ладзе формаў часу няма. На катэгорыю часу накладваецца катэгорыя трывання: закончанага або незакончанага: prosit’ ‘прасіць’, poprosit’ ‘папрасіць’. Незалежны і залежны стан. Безасабовыя формы дзеяслова: інфінітыў, дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўе. Парадак словаў у сказе свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Ужываецца таксама словаскладанне. У лексіцы запазычанні з нямецкай, лацінскай, венгерскай, і славянскіх моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да XV стагоддзя.
Славенская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёваславянскую падгрупу. Дзяржаўная мова Славеніі. Колькасць носьбітаў – каля 2,1 мільёнаў чалавек. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 асноўных дыялектных групаў. Націск музычны, свабодны. Ненаціскныя галосныя рэдукуюцца. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга, будучага, прошлага, папярэдняга прошлага (плюсквамперфект) часу. Безасабовыя формы: инфинитыў, дзеепрыметнікі. Ёсць супін: Pridi me obiskat ‘Прыходзь наведаць мяне’. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя, ёсць выпадкі словаскладання. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы пісьмовы помнік – Фрэйзінгскія Ўрыўкі – належыць да канца Х – пачатку ХІ стагоддзя.
Славінская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнеславянскую падгрупу. Была распаўсюджаная на балцкім узбярэжжы Польшчы. Мова вельмі блізкая да кашубскай, некаторымі даследчыкамі разгледжваецца як дыялект апошняй. Выйшла з ужытку прыблізна ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Націск свабодны. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. У лексіцы шмат запазычанняў з нямецкай. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма. У лінгвістычнай літаратуры мова апісана вельмі кепска.
Сольрэсоль – штучная мова, створаная ў першай палове ХІХ стагоддзя французам Ж. Ф. Сюдрам. Шырокага распаўсюджання не атрымала. Замест гукаў для пабудовы мовы былі выкарыстаныя сем нотаў. Такім чынам, для запісі тэкстаў на сольрэсоль маглі быць выкарыстаны а) знакі нотнай граматы; б) першыя сем літар лацінскага алфавіта; в) лічбы ад 1 да 7. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння.
Сранан-тонга – крэольская мова, якая сфармавалася на базе ангельскай пад значным уплывам з боку партугальскай і нідэрландскай. Распаўсюджаная ў Сурынаме, дзе ёй карыстаецца большая частка насельніцтва як асноўным сродкам камунікацыі. Дадзеных наконт дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Хаця сранан-тонга не мае аніякога афіцыяльнага статуса, на ёй выходзіць мастацкая літаратура, друкуюцца часопісы і газеты, вядуцца тэле- і радыёперадачы.
Старажынаегіпецкая – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у егіпецкую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі Егіпта да V стагоддзя н. э. Першыя помнікі належаць да канца чацвёртага тысячагоддзя да н. э. Даволі складаны кансанантызм. Вакалізм вывучаны даволі кепска, паколькі ў большасці выпадкаў галосныя гукі на пісьме не пазначаліся. У граматыцы спалучаюцца сінтэтычныя і аналітычныя элементы. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку: пэр ‘дом’, пэрэвэй ‘два дамы’, пэрэў ‘дамы’. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Фармантам жаночага рода зяўляецца суфікс –т: нэб ‘спадар’, нэбэт ‘спадарыня’; сэн ‘брат’, сэнэт ‘сястра’. Мужчынскі род мае нулявы фармант. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку. Пры гэтым, для другой і трэцяй асобы як адзіночнага, так і множнага ліку кожнага граматычнага часу ёсьць формы як мужчынскага, так і жаночага роду: ірэк ‘ты (мужчына) рабіш’, ірэт ‘ты (жанчына) рабіш’, ірэф ‘ён рабіць’, ірэс ‘яна рабіць’. Артыкляў няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Лексіка аўтахтонная. Пра наяўнасць запазычаньняў цяжка штосці сказаць з прычыны недастаткавай інфармацыі пра пра мовы, з якімі магла кантактаваць старажытнаегіпецкая. Націск падае на апошні або перадапошні склад. Пісьмовасць уласная, арыгінальная, ўключала ў свой склад знакі трох тыпаў: іерогліфы (знакі, якія абазначаюць словы), кансанантны алфавіт, дэтэрмінатывы (дапаможныя знакі, якія ўказвалі, да якой групы паняткаў належыць слова, запісанае кансанантным алфавітам).
Стараславянская – найстаражытнейшы этап развіцця царкоўнаславянскай мовы. Для гэтага этапа характэрныя: 1) наяўнасць насавых галосных (насавы [э] пазначаўся на пісьме як `#, а насавы [o] – як @); 2) наяўнасць рэдукаваных галосных (пазначаліся на пісьме як ъ і ь); наяўнасьць супіна (фармант –тъ); шэсць тыпаў скланення назоўніка (у сучаснай царкоўнаславянскай – чатыры).
Суахілі – адна з бэнуэ-кангалезскіх моваў, уваходзіць у групу банту. Распаўсюджаная ў Танзаніі, Кеніі, Угандзе, дзе нароўні з ангельскай мае статус дзяржаўнай мовы. Колькасць носьбітаў – каля 50 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з арабскай. Пісьмовасць з XVIII стагоддзя на аснове арабскай графікі; у ХХ стагоддзі параведзеная на лацінскую графічную аснову.
Сунданская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная ў Інданезіі ў заходніх раёнах Явы. Колькасць носьбітаў – каля 21 мільёна чалавек. У аснове літаратурнай мовы ляжыць дыялект горада Бандунг. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы вялікая колькасць анаматапаэтычных словаў. Шмат запазычанняў з санскрыта, яванскай, арабскай, нідэрландскай. Найстаражытнейшыя помнікі сунданскай мовы выкананыя складавым пісьмом каві, у XVI стагоддзі распаўсюджваецца арабскае пісьмо, у XVII – яванскае складавае пісьмо чакаран, а з канца ХІХ стагоддзя – пісьмо на лацінскай графічнай аснове. На сунданскай мове існуе багатая літаратура, вядзецца выкладанне ў пачатковай школе, выдаюцца газеты.
Сымская – тое жа, што югская.
Сэбуана – тое жа, што цэбуана.
Сэманская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў паўночна-ўсходняй частцы Ірана на поўдзень ад Каспійскага мора. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ёсць элементы флексіі і аглюцінацыі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Сэпэды – адна з моваў банту. Распаўсюджана ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. У перыяд існавання фармальна незалежнага бантустана Лебова мела на яго тэрыторыі статус дзяржаўнай. Колькасць носьбітай – звыш за чатыры мільёны. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове створана ў пачатку ХХ стагоддзя.
Сэсота (сэсута) – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў Каралеўстве Лесота (поўдзень Афрыкі), дзе мае статус дзяржаўнай (нароўні з ангельскай), а таксама ў памежных з Лесота раёнах Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Пры гэтым у Лесота пражывае толькі каля трэцяй часткі носьбітаў мовы сэсота. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 3 мільёны чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Мова тонавая. Два музычныя тоны: высокі і нізкі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове створаная ў першай палове ХІХ стагоддзя французскім місіянэрам Эжэнам Казалі (Eugene Casalis).
Сянбійская – адна з мангольскіх моваў. Была распаўсюджаная ў II – IV стагоддзях на тэрыторыі паўднёвай Манголіі (сучасная тэрыторыя Аўтаномнага Раёна Ўнутраная Манголія ў складзе Кітая). Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Выкарыстоўвалася цюркскае па паходжанню архона-енісейскае пісьмо (так званыя цюркскія руны).
Сер, 16 ліпня 2014
Агульнае і параўнальнае мовазнаўства