А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Х)
Цэтлікі: мовы света
Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства
Хаб’ёт (хобі) – адна з афразійскіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджана на амана-йеменскім памежжы. Колькасць носьбітаў – каля 100 чалавек. Мова беспісьмовая.
Хазарэйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная пераважна ў Хазараджаце (горны раён паміж Кабулам і Гератам у Аўганістане). Колькасць носбітаў – каля 1,8 мільёнаў чалавек. Мова флектыўна-аналітычная. Назоўнік утварае сінтэтычную форму множнага ліку: ba? ‘хлопчык’, ba?? ‘хлопчыкі’. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму часоў, трыванняў, ладоў. Сярод неасабовых формаў – дзеепрыметнікі і інфінітыў. У лексіцы шмат запазычанняў з мангольскай, арабскай і пушту. Пісьмовасці няма.
Хазда – ізаляваная мова, распаўсюджаная ў Танзаніі па паўднёвых берагах возера Эясі. Колькасць носьбітаў каля 800 тыс. чалавек. Характэрная рыса фанетыкі – наяўнасць пстрыкаючых гукаў, што збліжае хазда з кайсанскімі мовамі. Мова беспісьмовая.
Хакаская – адна з цюркских моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў Хакасіі (аўтаномія ў складзе Расіі) і памежных з ёй раёнах Каснаярскага краю і Рэспублікі Тува (Тыва). Колькасць носьбітаў – каля 57 тысяч чалавек. Большая частка з іх валодае таксама рускай. Галосныя гукі: [а], [э], [о], [?], [ы], [і] (паўвузкі гук), [и] (вузкі гук), [у], [?]. Усе яны могуць быць як доўгімі, так і кароткімі. Супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх мае фанематычнае значэнне. Зычныя гукі: [к], [г] (выбухны гук, як у рускай мове), [т], [д], [х], [?] (фрыкатыўны гук, як у беларускай мове), [й], [ш], [ж], [ф], [в], [с], [з], [ч], [ш], [дж], [ц], [л], [р], [?] (як ангельскае ng), [н], [м], [р], [л]. Націск звычайна падае на апошні склад слова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па васьмі склонах: назоўны, родны (прыналежны), давальны, вінавальны, месны, зыходны, накіравальны, творны. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Ёсць уласцівая і для іншых цюркскіх моваў катэгорыя прыналежнасці: паз ‘галава’, пазым ‘мая галава’, пазы? ‘твая галава’ і інш. Прыметнікі не змяняюцца ані па склонах, ані па ліку і не дапасуюцца да назоўнікаў. Значэнні ступеняў параўнання перадаюцца аналітычна. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку: пасчам ‘пішу’, пасчазы? ‘пішаш’, пасча ‘піша’, пасчабыс ‘пішам’, пасчазар ‘пішаце’, пасчалар ‘пішуць’. Апрача формаў цяперашняга часу, якія можна бачыць вышэй, хакаскі дзеяслоў утварае ў абвесным ладзе формы будучага часу, нядаўняга мінулага, мінулага неакрэсленага, мінулага акрэсленага, мінулага звычайнага, мінулага завочнага, мінулага неажыццяўлённага (тіккелектер ‘яны яшчэ ня шылі’). Чатыры станы: незалежны, залежны, зваротны, узаемны. Тры трыванні: закончанае, незакончанае і пачынальнае. Складаная сістэма дзеепрыметнікаў і дзепрыслоўяў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай і мангольскай моваў. Пісьмовасць з 1924 па 1929 г. на кірылічнай графічнай аснове, з 1929 па 1939 – на базе лацінскай графікі, а з 1939 – зной на кірылічнай графічнай аснове.
Халаджская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў цэнтральным Іране на паўднёвы захад ад Тэгерана. Колькасць носьбітаў – каля 20 тысяч чалавеку. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Дзеяслоў змяняецца па сямі склонах. Артыкляў няма. Катэгорыі роду таксама няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку. Парадак словаў у сказе фіксаваны: У лексіцы вельмі шмат запазычанняў з іранскіх моваў, для некаторых словаў прадпалагаецца азербайджанскае паходжанне. Мова беспісьмовая.
Хантыйская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фінна-вугорскую групу, вугорскую падгрупу. Распаўсюджаная пераважна на тэрыторыі Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Колькасць носьбітаў – каля 14 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама рускай. Вельмі значныя адрозненні паміж дыялектамі; некаторыя з іх могуць разгледжвацца нават як асобныя мовы. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. Націск падае на першы склад слова, хаця ў некаторых выпадках можа перахадзіць на другі склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя з элементамі флексіі. Назоўнік адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па адзінаццаці склонах. Ёсць паслялогі. Ёсць марфалагічная катэгорыя прыналежнасці. Апрача абвеснага ладу існуе загадны. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, множным і парным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, перфекта і імперфекта. Станы: незалежны і залежны. Безасабовыя формы дзеяслова: інфінітыў, дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Пісьмовасць створаная на базе лацінскай графікі ў 1930 г., у 1937 г пераведзеная на кірылічную графічную аснову. Адзінай літаратурнай мовы няма. Нешматлікія літаратурныя творы пішуцца на асобных дыялектах: казымскім, вахаўскім, шурышкарскім. Пры гэтым склад алфавітаў, якія выкарыстоўваюцца для запісі тэкстаў на гэтых дыялектах, не супадае.
Харары – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная ў эфіопскім горадзе Харэр, які знаходзіцца на ўсход ад Адыс-Абэбы – сталіцы Эфіопіі. Колькасць носьбітаў – каля 35 тысяч чалавек. У працэсе гістарычнага развіцця на харары значна паўплывалі самалійская і амхарская мовы. Ёсць невялікая колькасць тэкстаў, выкананых у арабскай графіцы, большая частка якіх належыць да XVIII стагоддзя. Інфармацыі пра існаваньне пісьмовых формаў мовы харары ў цяперашні час няма.
Харасана-цюркская мова – адна з цюрускіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах іранскай правінцыі Харасан. Тры дыялекты: заходні, паўночны, паўднёвы. Колькасць носьбітаў – 400 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па васьмі склонах у адзіночным і множным ліку. Артыкляў няма. Катэгорыі роду няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны. У лексіцы шмат запазычанняў з персіцкай. Інфармацыі пра пісьмовасць і пісьмовыя помнікі няма.
Харвацкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёваславянскую падгрупу. Мова вельмі блізкая да сербскай і баснійскай. Распаўсюджана пераважна ў Харваціі, дзе мае статус дзяржаўнай мовы. Колькасьць носьбітаў – звыш за шэсць мильёнаў чалавек. Тры дыялекты: чакаўскі, кайкаўскі і штокаўскі. Літаратурная мова засноўваецца на штокаўскім дыялекце. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны; утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Ёсць катэгорыя роду: мужчынскі, жаночы, ніякі. Чатыры тыпа скланення. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае формы ступеняў параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах, мае таксама катэгорыі ладу (абвесны, умоўны, загадны), часу, ліку, трывання (закончанае і незакончанае) і стану (незалежны і залежны). Неасабовыя формы: інфінітыў (фармант -ti), дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Парадак словаў у сказе свабодны. Лексіка харатарызуецца вялікай колькасцю штучных пурыстычных новатвораў: tvornica ‘фабрыка’, tvrtko ‘фірма’, sveu?ili?te ‘універсітэт’ і інш., што з’яўляецца галоўным адрозненнем харвацкай лексікі ад лексікі родасных сербскай і баснійскай моваў. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя (turist ‘турыст’ – turistkinja ‘’турыстка; knjiga ‘кніга’ – knji?nica ‘бібліятэка’), актыўна ўжываецца таксама словаскладанне (kolodvor ‘вакзал’, blagdan ‘фэст’, sladoled ‘марожанае’). Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з ужываннем дыякрытычных знакаў. Арфаграфія – паслядоўна фанетычная.
Харсусі – адна з афразійскіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджана ў Амане ў правінцыях Джыдат-аль-Харасіс і Дхатар. Колькасць носьбітаў ад 200 да 100 чалавек. Мова беспісьмовая.
Харэзмійская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная з ІІ стагоддзя да н. э. Па XV стагоддзе н. э. у нізоўях Амудар’і; потым была выціскнутая цюркскімі мовамі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і ножнага ліку, змяняецца па трох склонах: прамы (назоўна-вінавальны), родны, укосны (у розных сінтаксічных пазіцыях і ў спалучэнні з рознымі прыназоўнікамі і паслялогамі выконвае функцыі адкладальнага, меснага або творнага). Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Ёсць акрэслены артыкль. У парадыгме дзеяслова спалучаюцца флектыўныя формы і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з персіцай і арабскай моваў. Да Х стагоддзя выкарыстоўвалася гетэраграфічная пісьмовасьць на арамейкай графічнай аснове; з Х стагоддзя – пісьмовасць на базе арабскай графікі.
Хасанія – дыялект арабскай мовы, распаўсюджаны ў Маўрытаніі і Заходняй Сахары, а таксама сярод арабскай часткі насельніцтва Малі...
Хатанасакская – адна з індаерапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі Хатанскага ааза на поўдні сучаснага Уйгурскага аўтаномнага раёна ў Кітаі ў другой палове першага тысячагоддзя н. э Пераважаюць сітэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, вінавальны, родна-давальны, творна-адкладальны, месны, клічны. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Прыметнік змяняецца па роду, утварае формы ступеняў параўнаньня. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга і мінулага часу. Асобных формаў будучага часу няма. Апрача абвеснага ладу ёсць умоўны, пажадальны і загадны. Два станы: незалежны і сярэдні (медыяльны). Складаная сістэма дзеепрыметнікаў, геруный і герундыў. У лексіцы шмат будыйска-санскрыцкіх запазычанняў. Помнікі, якія дайшлі да нас, выкананыя індыйскім пісьмом брахмі.
Хаўса – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у чадскую групу. Распаўсюджаная ў паўночнай Нігерыі і памежных з ёй раёнах Нігера. Колькасць носьбітаў – каля 40 мільёнаў чалавек. Адрозненні паміж дыялектамі нязначныя, не перашкоджваюць узаемапаразуменню носьбітаў. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай і ангельскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Раней выкарыстоўвалася арабская графіка.
Хацкая (протахецкая) – мова найстаражытнейшага насельніцтва паўночна-ўсходняй часткі Малой Азіі – ўнутры лукавіны ракі Галіс (сучасны Кызыл-Ырмак, Турцыя). Была распаўсюджаная ў ІІІ – ІІ тысячагоддзях да н. Э. У хецкай імперыі ўжывалася і значна паздней у якасці літаратурна-культавай пісьмовай мовы. Генетычныя сувязі хацкай мовы невывучаныя. Некаторыя з навукоўцаў лічаць магчымай яе родаснасьць з паўночнакаўказскімі мовамі, некаторыя – з картвельскімі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычгага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, адкладальны. Лексіка вывучаная кепска: навуцы вядомыя значэнні прыблізна 150 словаў. Пісьмовасць клінапісная, складавая, з невялікай колькасьцю ідэаграмаў. Нешматлікія пісьмовыя помнікі, якія дайшлі да нас, выкананыя на гліняных таблічках.
Хваршынская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў некалькіх вёсках Цумадынскага раёну Дагестана. Агульная колькасць носьбітаў ненашмат больш за тысячу чалавек. Два дыялекты: ўласна хваршынскі і інхакарынскі. Адрозненні паміж гэтымі дыялектамі ў значнай ступені перашкаджаюць узаемапаразуменню моўнікаў, і шэраг навукоўцаў разгледжвае іх як асобныя блізкародасныя мовы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Мова беспісьмовая.
Хецкая (несіцкая) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснай Турцыі ў XVIII – XIII стагоддзях да н. э. Была дзяржаўнай мовай магутнай імперыі хетаў. Захавалася ў шматлікіх пісьмовых помніках, сярод якіх і мастацкія творы, і рэлігійныя тэксты, і хронікі, і тэксты законаў, і прыватныя дакументы. З’яўляецца найстаражытнейшай пісьмова зафіксаванай індаеўрапейскай мовай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік у найстаражытнейшы перыяд існавання хецкай мовы змяняецца па васьмі склонах, потым іх колькасць памяншаецца да пяці. Дзве формы ліку: адзіночны і множны. Цікава, што аніякіх слядоў парнага ліку, характэрнага для большасці старажытных індаеўрапейскіх моваў, няма. Два граматычныя роды: адушаўлёны і неадушаўлёны. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае дзве формы часу – цяперашні і прэтэрыт, два лады – абвесны і загадны, два станы – незалежны і залежны. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. У лексіцы, пераважна агульнаіндаеўрапейскага паходжання, некаторая колькасць запазычанняў з хацкай, хурыцкай і шумерскай моваў. Пісьмовасць клінапісная, складавая, з невялікай колькасцю ідэаграмаў пераважна шумерскага паходжання.
Хілігайнон – тое жа, што панаянская.
Хіналугская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў ауле Хіналуг на тэрыторыі Кубінскага раёна Азербайджана. Колькасць носьбітаў – каля 1 тысячы чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае форму адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па 28 склонах. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Дзеяслоў не змяняецца па асобах. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай, цюркскскіх і рускай моваў. Мова беспісьмовая.
Хіндзі – тое жа, што гіндзі.
Хіры-моту – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная ў Папуа-Новай Гвінеі, дзе з’яўляецца адной з трох дзяржаўных моваў (нароўні з ангельскай і неамеланезійскай). Колькасць носьбітаў – каля 120 тысяч чалавек. Сфармавалася як крэольская мова на базе мовы моту. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Хмонг – адна з моваў сям’і мяо-яо. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах Лаоса і памежных з імі паўднёвых раёнах Кітая. Агульная колькасць носьбітаў звыш за 2 мільёны чалавек. Вялікія адрозненні паміж дыялектамі. Адзінай літаратурнай мовы няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Ёсць восем музычных тонаў, якія адрозніваюць лексічныя значэнні словаў. У ХХ стагоддзі лідарам руха за нацыянальную незалежнасць народа хмонг – Шонг Луэ Янгам была створаная арыгінальная складавая пісьмовасць. Паралельна з ёй існуе пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Хо – адна з моваў мунда. Распаўсюджаная ў цэнтральнай Iндыі. Мова вельмі блізкая да сантальскай. Колькасць носбітаў каля 1,5 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Націск эспіраторны, свабодны. Пісьмовасць нацыянальная, алфавітная, штучна створаная ў ХХ стагоддзі.
Хобі – тое жа, што і хаб’ёт.
Хурыцкая – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у хурыцка-урарцкую групу. Была паспаўсюджаная ў паўднёвых раёнах Армянскага нагор’я, у паўночнай Сірыі і Месапатаміі, на паўднёвым усходзе Малой Азіі з канца ІІІ па сярэдзіну І тысячагоддзя да н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Ёсць асобныя выпадкі рэдуплікацыі каранёў. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па адзінаццаці склонах. Ёсць катэгорыя акрэсленасці / неакрэсленасці. Дзеяслоў мае тры формы часу: мінулы час закончанага трывання, будучы незакончанага і цяперашняга (для гэтай формы катэгорыі трывання няма). Пісьмовасць складавая, клінапіс на гліне.
Хуфская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў даліне Хуф, у Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласці Рэспублікі Таджыкістан. Колькасць носьбітаў – звыш за 2000 чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя з элементамі ўнутранай флексіі і аналітызма. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Ёсць артыклі. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашне-будучага часу, перфекта, плюсквамперфекта. Галоўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з таджыкскай і арабскай моваў. Пісьмовасці няма.
Хуэйская – тое жа, што дунганская.
Суб, 2 жніўня 2014
Агульнае і параўнальнае мовазнаўства